Звязда чырвоная змена №5 (15740) 13 сакавіка 2014 г




Дата канвертавання17.03.2016
Памер59.4 Kb.

ЗВЯЗДА


ЧЫРВОНАЯ ЗМЕНА

№5 (15740)

13 сакавіка 2014 г.

Размеркаванне: ведай «правілы гульні»


Ці можна пазбегнуць размеркавання пасля заканчэння ВНУ? У якім парадку ўлічваюцца пры размеркаванні запыты працадаўцаў? Якая верагоднасць таго, што персанальная заяўка на выпускніка будзе задаволена? Ці магчымае размеркаванне ў прыватную кампанію? Ці абавязаны наймальнік забяспечваць маладога спецыяліста жыллём? Усе гэтыя пытанні ў бліжэйшыя месяцы будуць як ніколі актуальныя для студэнтаў выпускных курсаў — паколькі ў сакавіку ў ВНУ распачынаецца размеркаванне будучых маладых спецыялістаў. Пра ўсе нюансы працэдуры размеркавання чытачам «Чырвонкі» расказвае намеснік старшыні ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Раман ДАПІРА.

Якім чынам вызначаецца чарговасць размеркавання студэнтаў?

Рашэнне аб размеркаванні выпускніка прымаецца з улікам вынікаў яго паспяховасці, удзелу ў навукова-даследчай дзейнасці, грамадскай рабоце, месца праходжання вытворчай і пераддыпломнай практыкі, стану здароўя, сямейнага становішча і месца жыхарства сям’і, рэкамендацыі ўстановы адукацыі аб найбольш мэтазгодным накіраванні выпускніка на працу і яго асабістых пажаданняў.

Выпускнік, які размяркоўваецца ў ліку першых, тэарэтычна мае перавагу ў выбары будучага месца працы, паколькі колькасць заявак, з якіх ён можа выбіраць, у яго нашмат большая. Але існуе і паняццечарговасці заявак.

Пераважнае права на задавальненне сваёй патрэбы ў спецыялістах мае базавая арганізацыя. Гэта структура, якая заключае дагавор з установай адукацыі аб узаемадзеянні і, адпаведна, бярэ на сябе абавязацельствы па забеспячэнні студэнтаў працоўнымі месцамі для практыкі і працаўладкавання маладых спецыялістаў. Згодна з дагаворам, базавая арганізацыя можа аказваць дапамогу і ў арганізацыі вучэбнага працэсу — напрыклад, стварэнні на прадпрыемстве кафедраў.

Раней камісія па размеркаванні павінна была ў першую чаргу задавальняць заяўкі ад дзяржаўных арганізацый і арганізацый з дзяржаўнай доляй уласнасці ў статутных фондах. А «базавая арганізацыя» — паняцце больш шырокае: гэта могуць быць і акцыянерныя таварыствы, і рэзідэнты Парка высокіх тэхналогій, і тыя ж бюджэтныя арганізацыі.

Пры наяўнасці некалькіх базавых арганізацый задавальненне іх патрэбы ў спецыялістах павінна весціся ў парадку чарговасці, якая будзе вызначацца зыходзячы з даты заключэння адпаведных дагавораў аб узаемадзеянні.

Пасля задавальнення патрэб у спецыялістах непасрэдных заказчыкаў кадраў размеркаванне выпускнікоў можа праводзіцца ў адпаведнасці з атрыманай спецыяльнасцю і прысвоенай кваліфікацыяй у іншыя арганізацыі — на падставе іх пісьмовых запытаў. Персанальныя заяўкі будуць задавальняцца або ў выпадку адсутнасці заявак ад непасрэдных заказчыкаў кадраў, або ў выпадку наяўнасці такога важнага аргумента, як праходжанне выпускніком практыкі на пэўным прадпрыемстве ці ў арганізацыі. Аднак гарантыі, што персанальная заяўка будзе задаволена, усё ж няма.

Да таго ж у персанальнай заяўцы павінна быць дакладна прапісана, на якую пасаду бяруць выпускніка, і калі прапанаваная пасада не адпавядае профілю атрыманай спецыяльнасці, то такую заяўку могуць праігнараваць.

Выпускнікам не пашкодзіць таксама нагадаць, што размеркаванне — гэта працаўладкаванне па спецыяльнасці. Аднак калі заявак менш, чым выпускнікоў, то выпускніку могуць прапанаваць працаўладкаванне не зусім па яго спецыяльнасці. У прафсаюзе папярэджваюць, што размеркавацца не зусім па спецыяльнасці прасцей, чым затым пераразмеркавацца. І гэта таксама трэба мець на ўвазе. Калі камісія не можа прадаставіць выпускніку працу па спецыяльнасці, то павінна выдаць яму даведку абсвабодным працаўладкаванні.

Хто падлягае абавязковаму размеркаванню?

Усе, хто правучыўся на дзённай бюджэтнай форме навучання не менш за палову ад агульнага тэрміну навучання. Гэта значыць, што студэнт, які навучаўся за кошт бюджэтных сродкаў і быў адлічаны, напрыклад, на трэцім-чацвёртым курсе, а затым аднавіўся і давучваўся ўжо за кошт уласных сродкаў, таксама можа быць размеркаваны. Пры гэтым тэрмін працы па размеркаванні не змяншаецца прапарцыянальна часу навучання за кошт уласных сродкаў. Гэта значыць, што выпускнік будзе абавязаны адпрацаваць па размеркаванні два гады, як і яго аднакурснікі-«бюджэтнікі». А вось пры разліку сумы, якую выпускнік абавязаны будзе вярнуць дзяржаве ў якасці кампенсацыі за сваё нежаданне працаваць па размеркаванні, гады яго платнага навучання ўключацца не будуць.

Калі студэнт больш за палову тэрміну вучыўся за кошт бюджэтных сродкаў, а затым перавёўся на платнае завочнае аддзяленне, то ён таксама трапляе пад размеркаванне. За выключэннем выпадку, калі ён ужо працуе па сваёй спецыяльнасці

Ці можна «адкупіцца» ад размеркавання?

Выпускнік мае права адмовіцца ад работы па размеркаванні (пераразмеркаванні) ці накіраванні і добраахвотна вярнуць дзяржаве сродкі, выдаткаваныя на яго падрыхтоўку. Зрабіць гэта можна яшчэ на этапе размеркавання. Выпускнік павінен звярнуцца па разлік сумы сродкаў, выдаткаваных на яго навучанне. Пасля ўнясення сродкаў ён можа атрымаць даведку аб свабодным працаўладкаванні. У тым выпадку, калі малады спецыяліст не прыступіў да працы ці звольніўся да заканчэння тэрміну абавязковай адпрацоўкі і не жадае вяртаць у бюджэт сродкі добраахвотна, грошы будуць спаганяцца з яго ў судовым парадку.



Што рабіць, калі выпускнік плануе паступаць у магістратуру?

Увага! Паступленне на платную форму навучання ў магістратуру пасля бюджэтнага навучання ў ВНУ зараз магчымае толькі пасля адпрацоўкі размеркавання па выніках навучання на першай ступені ці пасля вяртання сродкаў адпаведна неадпрацаванаму тэрміну.

Пры паступленні ў магістратуру павінны захоўвацца тры асноўныя ўмовы, каб размеркаванаму выпускніку не давялося вяртаць у бюджэт сродкі за сваё навучанне на першай ступені. Па-першае, паступіць у магістратуру неабходна ў год заканчэння навучання на першай ступені вышэйшай адукацыі; па-другое, навучанне ў магістратуры павінна праходзіць за кошт бюджэтных сродкаў і, па-трэцяе, дапускаецца толькі дзённая форма атрымання адукацыі. Фактычна гэта азначае, што паступаць трэба ў магістратуру дзяржаўнай установы вышэйшай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь на бюджэтнае месца. Пры адпаведнасці гэтым крытэрыям выпускнік зможа здаць сваё накіраванне ва ўстанову адукацыі, якая яму яго выдала, а пытанні размеркавання вырашаць пасля паспяховага заканчэння магістратуры.

Выпускнік магістратуры можа быць размеркаваны нанова альбо накіроўваецца на адпрацоўку па месцы першага свайго размеркавання. Калі пасля заканчэння навучання на першай ступені ён адпрацаваў адзін год і толькі затым паступіў на дзённую форму навучання магістратуры, то, адпаведна, яму неабходна будзе выбіраць: ці сумяшчаць працу з навучаннем, што магчыма толькі пры ўмове геаграфічнай блізкасці месца працы і ўстановы адукацыі, ці вяртаць дзяржаве сродкі за адзін неадпрацаваны год. На жаль, працоўным заканадаўствам не прадугледжаны прэферэнцыі для работнікаў, якія сумяшчаюць працу з навучаннем у завочнай форме атрымання адукацыі. Для тых, хто навучаецца на дзённай форме атрымання адукацыі, па месцы працы могуць па дамоўленасці з наймальнікам прадаставіць водпуск без утрымання. Гэта актуальна ў час здачы сесіі, абароны магістарскай дысертацыі і г.д. Магчыма, у калектыўным дагаворы арганізацыі-наймальніка ўстаноўлены пэўныя дадатковыя гарантыі для такой катэгорыі работнікаў.



Прывілеі маладога спецыяліста

Самая галоўная прывілея — абарона ад звальнення на працягу двух гадоў. Маладым спецыялістам не ўстанаўліваецца выпрабавальны тэрмін. Наймальнік не можа звольніць маладога спецыяліста на аснове такой фармулёўкі, як «неадпаведнасць работніка займаемай пасадзе ці выконваемай рабоце па прычыне недастатковай кваліфікацыі».

Выпускнікі, якія працуюць не па месцы жыхарства бацькоў у бюджэтных арганізацыях, маюць права на атрыманне льготнага крэдыту для набыцця рэчаў першай неабходнасці. Медыкам і педагогам, работнікам аграпрамысловага комплексу на працягу першых двух гадоў работы належаць дадатковыя выплаты, устаноўленыя адпаведнымі нарматыўнымі прававымі актамі.

А вось прадастаўленне жылля па месцы размеркавання, на жаль, заканадаўства маладым спецыялістам не гарантуе. Мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, а таксама арганізацыі пры недастатковасці ўласнага жыллёвага фонду могуць выдзяляць сродкі з мэтай кампенсацыі выдаткаў на найм жылля. Але гэта іх права, а не абавязак. Адзіная гарантыя ў гэтай сферы, замацаваная на дзяржаўным узроўні, — права маладога спецыяліста, які прыбыў па месцы размеркавання, прымацца на ўлік асоб, што маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, без дадатковых патрабаванняў па неабходным тэрміне пражывання ў адпаведным населеным пункце. У тым ліку ў Мінску і Мінскім раёне.



Надзея НІКАЛАЕВА.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка