Зробім Беларусь сапраўднай Еўропай!




Дата канвертавання01.05.2016
Памер94.94 Kb.
Тэзісы да праграмы А. Мілінкевіча. “Зробім Беларусь сапраўднай Еўропай!” (Праект)
Беларусы заслужылі права жыць лепей, больш заможна і вольна. Што гэтаму перашкаджае? Тое, што кіраўніцтва, абвяшчаючы дзяржаву для народа, на самай справе пабудавала дзяржаву для сябе.

Гэта ненармальна. І мы, каманда Аляксандра Мілінкевіча, ведаем, як змяніць сітуацыю без хаосу, рэвалюцыяў і шокавай тэрапіі. Мы маем план пераўтварэнняў, каб за пяць гадоў беларусы наблізіліся да еўрапейскага ўзроўню жыцця. Нацыя, што так многа пакутавала, заслужыла права людзьмі звацца.

Сённяшняе месца і роля Беларусі ў свеце не адпавядае яе магчымасцям, патэнцыялу і нацыянальным інтарэсам. Галоўныя прычыны таму – непаслядоўная і бессістэмная палітыка цяперашняга кіраўніцтва краіны па пошуку надзейных партнёраў, самаізаляцыя ад аб’яднанай Еўропы, упартае нежаданне будаваць наша жыццё па стандартах цывілізаванага свету.

Досвед нашых суседзяў паказвае, што нягледзячы на ўсе складанасці і праблемы, еўрапейская інтэграцыя і для беларусаў ёсць адзіным перспектыўным шляхам. Таму мы выступаем за збліжэнне з аб’яднанай Еўропай, якое паспрыяе росквіту нашай краіны і рэалізацыі яе багатага чалавечага патэнцыялу, гарантуе дзяржаўную незалежнасць і захаванне нацыянальнай самабытнасці.


І. Адказная ўлада – справядлівае грамадства
Дзяржава мусіць служыць кожнаму з нас, а не чыноўнікам. Трэба сапраўды зрабіць іх слугамі народа. Дзеля гэтага — вярнуць дэмакратыю, і найперш нармальныя выбары і сапраўднае мясцовае самакіраванне ў адпаведнасці з Еўрапейскай хартыяй.
Мы адновім дэмакратычныя прынцыпы падзелу ўлады, замацаваныя ў Канстытуцыі 1994 г., і правядзем выбары ва ўсе органы ўлады па міжнародных дэмакратычных стандартах.
Эфектыўная абарона правоў грамадзян немагчыма без справядлівых, незалежных і непрадузятых судоў. Суды не павінны быць залежнымі ад выканаўчай улады і будуць выведзены з-пад яе палітычнага, фінансавага, адміністрацыйнага ўплыву. Грамадзяне атрымаюць права непасрэдна абіраць і адклікаць суддзяў. Мы забяспечым роўную магчымасць для ўсіх жыхароў краіны звяртацца ў судовыя інстанцыі і зробім даступнымі адвакацкія паслугі.
Справядлівае грамадства таксама немагчыма без свабоды слова. Людзі маюць права на аб’ектыўную і праўдзівую інфармацыю. Для ўсіх сродкаў масавай інфармацыі будуць створаны належныя умовы працы і ўведзены заяўны прынцып рэгістрацыі.
Будзе ліквідавана дзяржаўная манаполія на СМІ і дыскрымінацыйны парадак акрэдытацыі журналістаў. Мы абавяжам чыноўнікаў даваць поўную інфармацыю медыям. Забяспечым роўныя правы СМІ розных формаў уласнасці, гарантуем усім друкаваным медыям доступ да нацыянальнай сістэмы распаўсюду.
Будуць адмененымі ўсе дыскрымінацыйныя законы і іншыя нарматыўныя акты, якія перашкаджаюць дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў і прафсаюзаў, парушаюць правы нацыянальных і рэлігійных меншасцяў. Праваахоўныя органы і спецслужбы будуць займацца сваімі прамымі абавязкамі, а не палітычным пераследам іншадумцаў.
ІІ. Эканоміка
Эканамічны рост для ўсіх. Беларусь здольная падтрымліваць штогадовыя тэмпы эканамічнага росту на ўзроўні 7-10% нават пры поўным пераходзе на рынкавыя кошты на нафту і газ пры ўмове, калі ў яе эканоміку будзе прыцягвацца да 10 мільярдаў прамых замежных інвестыцый у год. Нягледзячы на размовы і прапаганду, урад Лукашэнкі не змог дасягнуць інвестыцыйнага прарыву. Сённяшняя ўлада імкнецца “зарабіць” на інвестары перад тым, як ён сюды ўклаў грошы.
Наша палітыка – інвестыцыі не для ўлады, а для людзей. Мы створым максімальна спрыяльныя ўмовы і гарантыі на ўзроўні самых вядучых і паспяховых эканомік свету для ўсіх інвестараў, што ствараюць новыя высокааплочваемыя працоўныя месцы. Пры разумнай інвестыцыйнай палітыцы, мы здолеем за 5-7 год поўнасцю тэхнічна пераабсталяваць беларускую вытворчасць, замяніць працоўныя месцы на састарэлых савецкіх вытворчасцях новымі, у высокатэхналагічнай перадавой эканоміцы будучага. Наша задача – да мільёну такіх працоўных месцаў за пяць год.
Пры гэтым мы будзем асцярожна ставіцца да прыватызацыі стратэгічна важных прадпрыемстваў, транзітнай інфраструктуры і іншых сістэмаў жыццезабеспячэння. Мы захаваем гэтыя аб’екты ў руках дзяржавы да таго часу, пакуль не будуць створаны ўмовы для іх прыватызацыі без шкоды нацыянальным інтарэсам і дабрабыту грамадзян.
Права прыватнай ўласнасці на зямлю павінна быць заканадаўча замацавана і непахісна абараняцца дзяржавай
Гарантуем празрысты бюджэт. Мы не будзем перакладаць адказнасць за непрафесійнасць чыноўнікаў на нашых дзяцей і ўнукаў. Таму заканадаўча будуць замацаваныя нормы, якія патрабуюць збалансавання ўсіх бюджэтаў у краіне. Мы замацуем за адукацыяй і аховай здароўя статус прыярытэтных накірункаў бюджэтнай палітыкі. Забяспечым стабільнасць дзяржаўных фінансаў праз спыненне непатрэбных дзяржаўных выдаткаў і інвестыцыяў у аб’екты, якімі амаль не карыстаюцца простыя людзі. Мы правядзем падатковую рэформу, якая абмяжуе як колькасць існуючых падаткаў, гэтак і памеры падаткаў. Мы прымем закон пра бюджэтную адкрытасць і забяспечым, каб кожны грамадзянін Беларусі мог ведаць куды ідуць грошы падаткаплацельшчыка.
Падтрымаем прыватны бізнес. Развіццё прыватнага бізнесу – аснова эканамічнага дабрабыту любой сучаснай дзяржавы. Мы здзейснім лібералізацыю не для дзесяці працэнтаў беларускай эканомікі, якую зараз стварае прыватны бізнес, а для ўсёй народнай гаспадаркі, забяспечыўшы роўнасць умоваў гаспадарання для прыватных і дзяржаўных прадпрыемстваў (у такіх галінах, як наём працоўнай сілы, доступ да крэдытаў і г.д.).
Галоўнае для бізнесу – стабільнасць правілаў гульні. Будуць забароненыя частыя і беспадстаўныя змены заканадаўства і нарматыўна-прававых актаў, што рэгулююць дзейнасць бізнесу, абмежаванай колькасць і памер падаткаў, колькасць праверак, адмененыя непатрэбныя ліцэнзіі і іншыя абмежаванні.
Мы створым максімальна спрыяльныя ўмовы для крэдытавання прыватнага бізнесу праз развіццё мікрафінансавання, стварэнне канкурэнцыі на рынку банкаўскіх паслугаў у тым ліку праз прыцягванне замежнага банкаўскага капіталу.
Выкарыстаем транзітны патэнцыял. Выгоднае геаграфічнае становішча Беларусі сёння слаба працуе на эканоміку краіны. Цяперашняе кіраўніцтва стварыла такія ўмовы для транзітных таварных плыняў, што замежныя грузаперавозчыкі аб’язджаюць нашу краіну вакольнымі шляхамі. Амаль штогод адбываюцца энергетычныя войны з Расіяй, што пагражаюць транзіту энерганосьбітаў у краіны ЕС. Наша задача – палепшыць імідж Беларусі як надзейнага і адказнага транзіцёра, заахвоціць буйнейшыя лагістычныя кампаніі працаваць з нашай краінай праз стварэнне спрыяльных умоваў вядзення бізнесу, сучаснай інфраструктуры і гарантаванне правоў уласнасці.
Замест АЭС — энергазберажэнне. Мы адмовімся ад планаў будаўніцтва Беларускай АЭС і інвестуем ашчаджаныя грошы ў мадэрнізацыю існуючых магутнасцяў па генерацыі цеплавой і электрычнай энергіі. Пры павелічэнні эфектыўнасці існуючых магутнасцяў у 1,5-2 разы, мы зэканомім колькасць энергіі, на выпрацоўку якіх спатрэбяцца магутнасці двух ядзерных рэактараў.
Мы зробім падвышэнне энергаэфектыўнасці жытла беларускіх грамадзянаў прыярытэтам інвестыцыйнай палітыкі і супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі (ЕС, Сусветны Банк). Буйныя інвестыцыі ў энергазберажэнне на аснове сучасных тэхналогіяў дазволяць скараціць спажыванне энерганосьбітаў на 1 кв.м жылой плошчы ў 2-3 разы, што аўтаматычна абернецца меншымі выдаткамі для грамадзянаў.
Мы будзем максімальна заахвочваць інвеставанне ў правераныя практыкай альтэрнатыўныя крыніцы энергіі (біягаз, біямаса, энергія ветру), і энергазберагальныя тэхналогіі. Мы мабілізуем прыцягненне ў краіну еўрапейскага досведу развіцця альтэрнатыўнай энергетыкі. У выніку спалучэння захадаў па энергаэфектыўнасці і развіцці альтэрнатыўных крыніцаў энергіі Беларусь ужо ў бліжэйшы час зможа істотна знізіць сваю залежнасць ад нафты і газу.
Эфектыўная сельская гаспадарка. У падтрымцы аграрнага сектару трэба перайсці ад кампанейшчыны і бессістэмнага фінансавання стратных дзяржаўных прадпрыемстваў да доўгатэрміновага крэдытавання ўсіх вытворцаў сельгаспрадукцыі, незалежна ад формы ўласнасці, пад поўны тэхналагічны цыкл. Будуць створаны спрыяльныя ўмовы для шырокага выхаду беларускіх сельгасвытворцаў на еўрапейскія рынкі. Такім чынам мы зэканомім велізарныя грошы, якія зараз пераліваюцца ў неэфектыўны аграрны сектар і створым умовы для ўмацавання прыбытковых прадпрыемстваў і стварэнне фермерскіх гаспадарак.
ІІІ. Сацыяльная палітыка
Дзяржава павінна гарантаваць годны ўзровень жыцця людзям, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, ветэранам, удзельнікам ваенных канфліктаў і іншым катэгорыям грамадзянаў, які маюць заслугі перад краінай. Мы вернемся да пытання пра сацыяльныя ільготы для школьнікаў, студэнтаў, пенсіянераў і іншых сацыяльна неабароненых груп грамадзянаў. Мы зменшым выдаткі на дзяржаўны апарат, заканадаўча абмежаваўшы колькасць дзяржслужбоўцаў, якім бюджэт можа плаціць заробкі.
Дамо беларускай моладзі еўрапейскую адукацыю! Сучасная канкурэнтаздольная эканоміка вымагае бізнес-асяродку, спрыяльнага для інавацыяў, сучаснай сістэмы адукацыі і навукі, кваліфікаванай працоўнай сілы. Мы скароцім або цалкам скасуем падаткі на прыбыткі, што будуць інвеставацца ў мадэрнізацыю вытворчасці і прыцягванне сучасных тэхналогій.
Створым у Беларусі сучасную еўрапейскую сістэму бізнес-адукацыі і перападрыхтоўкі кадраў. Мы скасуем усе абмежаванні на міжнародныя кантакты беларускіх ВНУ, выкладчыкаў і студэнтаў і будзем заахвочваць стажыроўкі, абмены, і сумесныя праекты для прыцягвання ў Беларусь сучасных ведаў і тэхналогіяў. Прымусовае размеркаванне студэнтаў будзе заменена на права выбару першага працоўнага месца. Спынім камерцыялізацыю адукацыі.
Мы інвестуем у матэрыяльную і тэхнічную базу беларускіх ВНУ і даследчых установаў для стварэння ўмоваў для даследаванняў і інавацыяў, забяспечым больш высокі ўзровень выкладання замежных моваў.
Далучым Беларусь да Балонскага працэсу – агульнаеўрапейскай праграмы уніфікацыі адукацыйных стандартаў, да якой ужо далучыліся ўсе суседзі Беларусі ўключна з Расіяй. Гэта падвысіць узровень універсітэцкай адукацыі, дазволіць беларускім студэнтам вучыцца ў любых еўрапейскіх ВНУ, а выкладчыкам – праходзіць стажыроўкі ў еўрапейскіх навуковых цэнтрах. Мы забяспечым міжнароднае прызнанне беларускіх дыпломаў у ЕС, а еўрапейскіх – у Беларусі, каб тыя беларусы, хто выехаў за мяжу для атрымання адукацыі, здолелі вярнуцца дамоў і знайсці сябе на Радзіме, а не шукаць працы за мяжой.
Якасная вышэйшая адукацыя немагчымая без якаснай сярэдняй школы. Будзе падвышаны прэстыж прафесіі настаўніка і выкладчыка праз падвышэнне заробкаў і паляпшэнне матэрыяльнай базы навучальных установаў. Будзе спынена ганебная практыка зарабляння грошай школамі, пабораў з бацькоў навучэнцаў і эксплуатацыі дзіцячай працы.
Рэформа жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Будзе праведзена паслядоўнае рэфармаванне сістэмы ЖКГ на аснове лепшага еўрапейскага досведу. Мы здзейснім пераход ад дзяржаўнай манаполіі на абслугоўванне жыллёвага фонду да стварэння канкурэнтаздольных прыватных абслугоўваючых кампаніяў, таварыстваў уласнікаў і іншых прадпрыемстваў з мэтай паляпшэння якасці паслуг і зніжэння выдаткаў на ўтрыманне жылога фонду.
Даступная медыцына. Сістэма аховы здароўя будзе ўпарадкавана такім чынам, каб яна была даступная для ўсіх катэгорыяў грамадзян. Ня варта рабіць перашкодаў для развіцця прыватнай медыцыны, але ў ёй павінна існаваць канкурэнцыя; людзі будуць мець магчымасць абіраць, дзе і ў каго ім атрымліваць медыцынскія паслугі. Аднак дзяржава будзе кантраляваць кошты і якасць паслуг у гэтай сферы.
Мы будзем развіваць таксама страхавую медыцыну, карыстаючыся найлепшым замежным досведам.
Паклапоцімся пра пенсіі сёння. Будзем паступова ажыццяўляць пераход да назапашвальнай сістэмы пенсійнага забеспячэння, бо зараз пенсіянераў утрымлівае працуючае насельніцтва, але яно з кожным годам скарачаецца. Таму, каб нашы дзеці і ўнукі мелі пенсійнае забеспячэнне, нам трэба своечасова паклапаціцца аб правядзенні пенсійнай рэформы.
IV. Знешняя палітыка
Фундаментам і першачарговым прыярытэтам замежнай палітыкі з’яўляюцца нацыянальныя інтарэсы і іх паслядоўнае адстойванне. Пастаяннае лавіраванне паміж Захадам і Ўсходам і кан’юнктурны гандаль знешнепалітычнай арыентацыяй павінны адыйсці ў мінулае.
За еўрапейскую інтэграцыю. Стратэгічная мэта – поўная інтэграцыя Беларусі ў Еўрапейскі Саюз. Беларусы – гэта еўрапейская нацыя, якая павінна развівацца ў еўрапейскім кантэксце. Пасля змены ўлады ў Беларусі Еўрапейскі Саюз можа стаць найважнейшым чыннікам палітычнай і эканамічнай стабільнасці нашай краіны, буйнейшай крыніцай інвестыцыяў і фінансавай дапамогі. У кароткатэрміновай перспектыве Аляксандр Мілінкевіч будзе працаваць дзеля стварэння бязвізавай прасторы з ЕС, зоны вольнага гандлю, а таксама магчымасці для працы і навучання беларусаў у краінах ЕС. Беларусь таксама будзе паўнавартасна ўдзельнічаць у Еўрапейскай палітыцы суседства, падпіша з ЕС дамову пра асацыяцыю і стане краінай-сябрам Рады Еўропы.
Аляксандр Мілінкевіч, як прызнаны ў аб’яднанай Еўропе беларускі палітык, які мае добрыя стасункі з лідэрамі Еўрасаюзу, здольны прывесці нашу краіну да гэтай мэты.
За добрасуседскія адносіны з Расіяй. Беларусь і Расія, як дзве незалежныя дзяржавы, павінны мець добрасуседскія і ўзаемавыгадныя адносіны. Яны будуць засноўвацца на здаровым прагматызме і ўзаемнай павазе нацыянальных інтарэсаў нашых краін. У адносінах з Расіяй нам патрэбныя не папяровыя братэрскія саюзы, энергетычныя, малочныя, цукровыя ды іншыя войны, а стабільныя празрыстыя двухбаковыя адносіны паміж незалежнымі краінамі.
Беларусь – нейтральная дзяржава. Мы бачым Беларусь нейтральнай дзяржавай і выступаем за выхад краіны з ваенных блокаў і недалучэнне да іх у будучым.
Для захавання незалежнасці і палітычнай стабільнасці нашай краіне патрэбна сучаснае баяздольнае і прафесійнае войска. Мы выступаем за паступовы пераход да прафесійнай арміі і паступовую адмену абавязковага вайсковага прызыву. Але ўжо сёння кожны грамадзянін павінен мець гарантаванае права на альтэрнатыўную службу.
Гэты дакумент з’яўляецца працоўным варыянтам праграмных тэзісаў, якія будуць дапаўняцца шляхам атрымання зваротнай сувязі ад грамадзянаў, экспертаў, спецыялістаў-практыкаў і актывістаў кампаніі.





База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка