Зборнік заданняў для падрыхтоўкі да выпускнога экзамену




старонка1/5
Дата канвертавання17.03.2016
Памер0.75 Mb.
  1   2   3   4   5


Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь

Нацыянальны інстытут адукацыі

Паноў С.В., Ганушчанка Н.М., Ярашэвіч Л.А.
ЗБОРНІК ЗАДАННЯЎ

ДЛЯ ПАДРЫХТОЎКІ ДА ВЫПУСКНОГА ЭКЗАМЕНУ

ПА ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ

Ў ХІ КЛАСЕ
Вучэбна-метадычны дапаможнік для настаўнікаў

агульнаадукацыйных устаноў

з беларускай і рускай мовамі навучання

Вучэбна-метадычны дапаможнік прызначаны для рэалізацыі дыдактычнай дапамогі настаўнікам пры распрацоўцы заданняў, выкананне якіх прадугледжана працэдурай выніковай атэстацыі па гісторыі Беларусі ў ХІ класе, а таксама для арганізацыі падрыхтоўкі старшакласнікаў да здачы абавязковага экзамену. Прапануецца комплекс рознаўзроўневых заданняў, распрацаваных у адпаведнасці з метадычнымі рэкамендацыямі па арганізацыі і правядзенні абавязковага выпускнога экзамену па вучэбнаму прадмету «Гісторыя Беларусі» па завяршэнні навучання і выхавання на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі, зацверджанымі Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Мінск 2015

УВОДЗІНЫ
Пачынаючы з 2014/2015 вучэбнага года згодна з Пастановай Міністэрства адукацыі № 95 от 7 ліпеня 2014 года выпускнікі сярэдняй школы трымаюць абавязковы экзамен па гісторыі Беларусі па завяршэнні навучання і выхавання на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Пры яго правядзенні прадугледжваецца як ацэнка ўзроўню засваення вучнямі зместу вучэбнага матэрыялу, так і выяўленне сфарміраванасці спосабаў вучэбна-пазнавальнай дзейнасці ў адпаведнасці з патрабаваннямі 10-бальнай сістэмы ацэнкі і з улікам узроставых асаблівасцей старшакласнікаў. Па першаму і другому пытанням экзаменацыйнага білета даецца вусны разгорнуты адказ, а па трэцяму пытанню выконваецца практычнае заданне.

Асноўнымі паказчыкамі паспяховасці вуснага разгорнутага адказу рэкамендуецца лічыць правільнасць па зместу (улічваецца колькасць і характар памылак); аб’ём (улічваецца колькасць засвоенных фактаў, паняццяў); свядомасць (улічваецца разуменне вучэбнага матэрыялу); лагічнасць (улічваецца паслядоўнасць адказу з выкарыстаннем адпаведнай тэрміналогіі).

Асноўнымі паказчыкамі паспяховасці выканання практычнага задання рэкамендуецца лічыць эфектыўнасць выкарастаных спосабаў выканання задання (улічваецца ўменне выкарыстоўваць інфармацыю розных крыніц); рацыянальнасць (улічваецца затраты часу на выкананне задання з улікам індывідуальных асаблівасцей вучняў).

Для выканання практычнага задання яно выдаецца вучню аформленым у выглядзе раздатачнага матэрыялу, які падрыхтаваны як варыятыўны і зацверджаны кіраўніком установы адукацыі. Прадугледжваецца пісьмовае афармленне вучнем адказу на практычнае заданне ў час самастойнай падрыхтоўкі на экзамене. Непасрэдна пры адказе ў ходзе праверкі членамі экзаменацыйнай камісі практычнага задання магчыма патрэбнае вуснае ўдакладненне (тлумачэнне, дапаўненне) вучнем свайго адказу, калі гэта будзе неабходна для дакладнага вызначэння ўзроўню засваення вучнем гістарычнага матэрыялу.

Пры падрыхтоўцы да правядзення практычнай часткі экзамену рэкамендуецца падбіраць крыніцы інфармацыі, якія не змяшчаюць разгорнутай характарыстыкі вывучаемых падзей. Такімі крыніцамі інфармацыі могуць быць наглядныя і дакументальныя матэрыялы, вытрымкі з хрэстаматый, статыстычныя дадзеныя, насценныя гістарычныя карты (акрамя атласаў), якія змешчаны ў вучэбно-метадычнай літаратуры.

На выпускном экзамене старшакласнікі могуць карыстаццы насценнымі картамі і рэпрадукцыямі твораў мастацтва ў адпаведнасці з п.78 Правіл правядзення атэстацыі вучняў пры засваенні зместу адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі (Пастанова Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 20.06.2011 № 38). Пры выкарыстанні школьнікамі названых крыніц інфармацыі правяраюцца іх уменні рабіць мэтанакіраваны запыт да крыніцы інфармацыі, абумоўлены зместам задання.

У дадзеным сборніку прадстаўлены алгарытмы выканання рознаўзроўневых заданняў у адпаведнасці з іх тыпалогіяй і па нарастанні ўроўню складанасці з яго абазначэннем, два прыклады афамлення адказаў на рознаўзроўневыя заданні па перыядам 1917 – 1945 гг. і другой паловы 1940-х гг. – пачатку ХХІ ст., а таксама прыклады канструявання рознаўзроўневых заданняў. Мэтазгоднасць ужывання такога парадку арганізацыі вучэбнай работы абумоўліваецца неабходнасцю дакладна вызначыць узровень засваення вучнем змястоўнага і дзейнаснага кампанентаў гістарычных ведаў.

Структура зборніка пабудавана ў адпаведнасці з тыпалогіяй рознаўзроўневых заданняў, якія накіраваны на:

- суаднясенне фактаў (працэсаў) гісторыі Беларусі і сусветнай гісторыі ў білетах №№ 3, 15;

- суаднясенне гістарычнай падзеі ў Беларусі з грамадска-гістарычным працэсам у білетах №№ 6, 19;

- параўнанне гістарычных падзей (працэсаў) па прапанаваным ці самастойна вызначаным прыкметам у білетах №№ 5, 10;

- тлумачэнне прычынна-следчых сувязей паміж гістарычнымі фактамі (працэсамі) у білетах №№ 8, 24;

- раскрыцце зместу гістарычных паняццяў (тэрмінаў) у білетах №№ 7, 14, 23;

- аналіз зместу гістарычнага дакумента ў білетах №№ 2, 12, 17;

- аналіз гістарычнай з’явы на падставе статыстычных дадзеных у білетах №№ 13, 22;

- характарыстыка дзейнасці гістарычнай асобы ў білеце № 9;

- характарыстыка творчасці дзеяча культуры ў білетах №№ 1, 21;

- характарыстыка дасягенняў дзеяча навукі ў білетах №№ 18, 25;

- характарыстыка сацыяльна-эканамічнага (знешнепалітычнага) становішча Беларусі з апорай на гістарычную карту ў білетах №№ 4, 16;

- характарыстыка гістарычнай тэматыкі ў творы беларускай літаратуры ў білеце № 11;

- характарыстыка гістарычнай тэматыкі ў творы беларускага мастацтва ў білеце № 20.

Варта ўлічваць узровень засваення выпускнікамі разнастайных гістарычных ведаў. Першы ўзровень засваення ведаў і спосабаў дзейнасці, арыентаваны толькі на распазнаванне школьнікамі зместу вучэбнага матэрыялу, не можа служыць паказчыкам якасці навучання. Улік гэтага ўзроўню мэтазгодны пры першапачатковым вывучэнні матэрыялу, але не на завяршаючым этапе. Аднак нельга цалкам выключыць асобныя выпадкі, калі спатрэбіцца ўлічваць дадзены ўзровень. У сувязі з тым, што ў масавай практыцы ажыццяўлення кантрольна-ацэначнай дзейнасці магчымасці ўліку першага ўзроўню засваення ведаў і спосабаў дзейнасці абмежаваны, ён не абазначаны ў прыкладах канструявання рознаўзроўневых заданняў.

Факталагічныя веды, звязаныя з лакалізацыяй падзей у гістарычных часе і прасторы, г. зн. храналагічныя і картаграфічныя, рэкамендуецца правяраць пераважна на другім узроўні, арыентаваным на аднаўленне зместу вучэбнага матэрыялу па памяці. Але дадзеная рэкамендацыя не тычыцца заданняў на суаднясенне фактаў (працэсаў) гісторыі Беларусі і сусветнай гісторыі, а таксама заданняў на характарыстыку сацыяльна-эканамічнага (знешнепалітычнага) становішча Беларусі з апорай на гістарычную карту.

Тэарэтычныя веды, звязаныя з сістэматызацыяй і абагульненнем факталагічнага матэрыялу, уменнямі рэканструкцыі гістарычных падзей, іх параўнання, тлумачэння прычынна-выніковых сувязей, характарыстыкі дзейнасці гістарычных асоб і творчасці дзеячаў навукі і адукацыі, культуры і мастацтва мэтазгодна правяраць пераважна на трэцім-пятым узроўнях аднаўлення зместу матэрыялу з улікам яго разумення і практычнага ўжывання паводле ўзору або ў творчай сітуацыі.

Варта ўлічыць, што прыклады канструявання заданняў прадстаўлены ў метадычных рэкамендацыях па арганізацыі і правядзенні выпускнога экзамену па вучэбнаму прадмету «Гісторыя Беларусі» па завяршэнні навучання і выхавання на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі (гл. Настаўніцкая газета, 6 лістапада 2014 г.).

Пры падрыхтоўцы старшакласнікаў да абавязковага экзамену рэкамендуецца выкарыстаць праграмы факультатыўных заняткаў у ХІ класе «Ад БССР да Рэспублікі Беларусь», «Гісторыя Беларусі ў імёнах і падзеях», абагульняючы факультатыўны курс па гісторыі Беларусі для ІХ–ХІ (Х–ХІ) класаў, рэкамендаваныя навукова-метадычнай установай «Нацыянальным інстытутам адукацыі» Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.



СУАДНЯСЕННЕ ФАКТАЎ (ПРАЦЭСАЎ) ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ

І СУСВЕТНАЙ ГІСТОРЫІ
Алгарытм выканання рознаўроўневых заданняў на суаднясенне фактаў (працэсаў) гісторыі Беларусі і сусветнай гісторыі

1. Сінхранізацыя (абазначэнне на стужцы часу) даты з гісторыі Беларусі, калі адбылася падзея, ці храналагічнага перыяду, якія параўноўваюцца з сусветнай гісторыяй (другі ўзровень засваення ведаў і спосабаў дзейнасці).

2. Вызначэнне прыкмет, па якіх будзеце праводзіцца суаднясенне фактаў (працэсаў) гісторыі Беларусі і сусветнай гісторыі (трэці ўзровень засваення ведаў і спосабаў дзейнасці).

3. Сістэматызацыя факталагічнага матэрыялу ў падзеях (працэсах) гісторыі Беларусі і сусветнай гісторыі, якія параўноўваюцца (чацверты ўзровень засваення ведаў і спосабаў дзейнасці).

4. Вызначэнне агульнага і асаблівага ў падзеях (працэсах) гісторыі Беларусі і сусветнай гісторыі, якія параўноўваюцца (пяты ўзровень засваення ведаў і спосабаў дзейнасці).
Прыклады афамлення адказаў

пры суаднясенні фактаў (працэсаў) гісторыі Беларусі

і сусветнай гісторыі

Суаднясенне падзей «рэйкавай вайны» на тэрыторыі Беларусі з заключным этапам Вялікай Айчыннай вайны.

1. «Рэйкавая вайна» на тэрыторыі Беларусі праводзілася у тры этапы. Першы этап пачаўся ў жніўні 1943 г., калі войскі Чырвонай Арміі распачалі контрнаступление пад Курскам. Другі этап праводзіўся ў другой палове верасня і працягваўся да пачатку лістапада 1943 г., калі Чырвоная Армія пачала вызваленне тэрыторыі Беларусі. Трэці этап пачаўся 20 чэрвеня 1944 г. напярэдадні Беларускай наступальнай аперацыі «Баграціён» і працягваўся да поўнага вызвалення Беларусі (другі ўзровень засваення ведаў і спосабаў дзейнасці).

2. «Рэйкавая вайна» — аперацыя партызан па масавым разбурэнні чыгунак з мэтай дэзарганізацыі нямецкіх ваенных перавозак (трэці ўзровень засваення ведаў і спосабаў дзейнасці).

3. У ходзе першага этапу «рэйкавай вайны» партызаны ўзрывалі рэйкі, пускалі пад адхон ваенныя эшалоны. У выніку на 40 % скараціліся перавозкі для фашысцкіх армій. Гітлераўскае камандаванне вымушана было аддаць загад разбіраць чыгунку ў шэрагу краін Еўропы, а рэйкі і шпалы перапраўляць на Усход. У ходзе другога этапу «рэйкавай вайны» праціўнік вымушаны быў падвоіць колькасць дывізій для аховы сваіх камунікацый. У ходзе правядзення трэцяга этапу «рэйкавай вайны» узаемадзеянне партызанскіх злучэняў і рэгулярных фарміраванняў Чырвонай Арміі садзейнічала вызваленню тэрыторыі Беларусі (чацверты ўзровень засваення ведаў і спосабаў дзейнасці).

4. Агульным з’яўляецца каардынацыя сінхронных дзеянняў партызан па зрыву ваенных перавозак і войск Чырвонай Арміі пры іх наступленні. Асаблівым можна лічыць тое, што пад кантролем беларускіх партызан знаходзілася да 60% акупіраванай тэрыторыі, што дазволіла ім праводзіць «рэйкавую вайну» у масавым маштабе пры аказанні непасрэднай дапамогі рэгялярным падрадзяленням Чырвонай Арміі (пяты ўзровень засваення ведаў і спосабаў дзейнасці).
Суаднясенне працэса пасляваеннага аднаўлення ў БССР і СССР.

1. Пасляваеннае аднаўленне гаспадаркі БССР адбывалася згодна рэспубліканскаму пяцігадоваму плану на 1946–1950 гг., які з’яўляўся састаўной част­кай агульнасаюзнага плана чацвёртай пяцігодкі (другі ўзровень засваення ведаў і спосабаў дзейнасці).

2. Пасляваеннае аднаўленне БССР – перыяд развіцця, звязаны з пераадоленнем наступстваў ваенных разбурэнняў, нанесеных рэспубліцы ў час Вялікай Айчыннай вайны, і аднаўленнем розных галін народнай гаспадаркі БССР у гады чацвёртай пяцігодкі (1946–1950) (трэці ўзровень засваення ведаў і спосабаў дзейнасці).

3. Уся тэрыторыя БССР у час Вялікай Айчыннай вайны была акупіравана, а яе гаспадарка разрабавана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. БССР, як адна з саюзных рэспублік, атрымала дапамогу ад Урада СССР і іншых савецкіх рэспублік, што пазбеглі гітлераўскай акупацыі. Акрамя таго, згодна з пасляваеннымі міжнароднымі дамоўленасцямі рэспубліка атрымала пэўную частку германскіх рэпарацый — выплат, якія часткова кампенсавалі страты ад вайны (чацверты ўзровень засваення ведаў і спосабаў дзейнасці).

4. Агульным з’яўляецца тое, што пасляваеннае аднаўленне ў БССР праходзіла як састаўная частка плана чацвёртай пяцігодкі ў СССР пры захаванні цэнтралізаванай планавай адміністрацыйна-каманднай мадэлі эканамічнага развіцця. Асаблівасцю аднаўлення ў БССР стало тое, што яно пачалося з цяжкай прамысловасці, а ў галіне сельскай гаспадаркі адбывалася калектывізацыя ў заходніх абласцях, уз’яднаных з БССР у 1939 г. (пяты ўзровень засваення ведаў і спосабаў дзейнасці).
Прыклады канструявання рознаўроўневых заданняў на суаднясенне фактаў (працэсаў) гісторыі Беларусі і сусветнай гісторыі

Суаднясіце падзеі польска-савецкай вайна і замежнай ваеннай інтэрвенцыі супраць Савецкай Расіі.

Суаднясіце працэс фарміравання тэрыторыі Беларусі з умовамі падпісання Рыжскага мірнага дагавору.

Суаднясіце працэс ажыццяўлення індустрыялізацыі ў БССР з правядзеннем палітыкі індустрыялізацыі ў СССР.

Суаднясіце працэс уз’яднання Заходняй Беларусі з БССР і фарміраванне знешнепалітычнай сітуацыі ў Еўропе.

Суаднясіце працэс ажыццяўлення пасляваеннай калектывізацыі ў заходніх абласцях БССР з правядзеннем палітыкі індустрыялізацыі ў СССР.



СУАДНЯСЕННЕ ГІСТАРЫЧНАЙ ПАДЗЕІ Ў БЕЛАРУСІ

З ГРАМАДСКА-ГІСТАРЫЧНЫМ ПРАЦЭСАМ
Алгарытм выканання рознаўроўневых заданняў на суаднясенне гістарычнай падзеі з грамадска-гістарычным працэсам

1. Сінхранізацыя гістарычнай падзеі з грамадска-гістарычным працэсам (другі ўзровень засваення ведаў і спосабаў дзейнасці).

2. Вызначэнне агульнай прыкметы (паняцця, тэрміна), згодна з якой праводзіцца суаднясенне гістарычнай падзеі з грамадска-гістарычным працэсам (трэці ўзровень засваення ведаў і спосабаў дзейнасці).

3. Сістэматызацыя факталагічнага матэрыялу ў адпаведнасці з тэарэтычнымі ведамі, якія ўвасабляюць сабой грамадска-гістарычны працэс (чацверты ўзровень засваення ведаў і спосабаў дзейнасці).

4. Вызначэнне асаблівага (характэрнага) для гістарычнай падзеі ў Беларусі пры суаднясенні яе з грамадска-гістарычным працэсам (пяты ўзровень засваення ведаў і спосабаў дзейнасці).
Прыклады афамлення адказаў

пры суаднясенні гістарычнай падзеі

з грамадска-гістарычным працэсам

Вызначэнне грамадска-гістарычнага працэса, аб якім сведчыла скліканне Усебеларускага з’езда ў снежні 1917 г.

1. Скліканне Усебеларускага з’езда адбылося ў снежні 1917 г., калі прадстаўнікамі беларускага нацыянальнага руху прадпрымаліся спробы афармлення беларускай дзяржаўнасці. Скліканне Усебеларускага з’езда адбылося пасля Кастрычніцкіх падзей 1917 г. пры ўмове прызнання прадстаўнікамі беларускага нацыянальнага руху Савецай улады (другі ўзровень засваення ведаў і спосабаў дзейнасці).

2. Усебеларускі з’езд упершыню ў навейшай гісторыі Беларусі стаў сведчаннем пачатку ўсведамлення беларускім грамадствам яго дзяржаўна-палітычных інтарэсаў, звязаных з неабходнасцю стварэння беларускай дзяржаўнасці і арганізацыі краёвай улады. У сучаснай беларускай гістарычнай навуцы паняцце «беларуская дзяржаўнасць» разглядаецца як права этнанацыянальнай супольнасці, патэнцыяльная здольнасць і магчымасць яе нацыянальнай эліты да працяглага самостойнага гістарычнага існавання і развіцця (трэці ўзровень засваення ведаў і спосабаў дзейнасці).

3. Дэлегаты з’езда прадстаўлялі як усе пласты беларускага насельніцтва, так і розныя палітычныя арганізацыі, якія дзейнічалі ў Беларусі. На з’ездзе разгарнулася вострая дыскусія наконт вызначэння формы беларускай дзяржаўнасці. Так, прыхільнікі Вялікай беларускай рады дабіваліся абвяшчэння Беларусі раўнапраўнай рэспублікай у складзе агульнарасійскай федэрацыі народаў і краеў, гэта значыць падтрымалі ідэю абвяшчэння Беларусі народнай рэспублікай. Дэлегаты ад Беларускага абласнога камітэта прапанавалі абласную аўтаномію Беларусі ў складзе Савецкай Расіі, гэта значыць падзялялі ідэю ўтварэння беларускай дзяржавы на савецкай аснове (чацверты ўзровень засваення ведаў і спосабаў дзейнасці).

4. Удзельнікі з’езда прызналі ўсерасійскую Савецкую ўладу. Аднак з’езд ігнараваў існаванне Абласнога выканаўчага камітэта Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзаха), бо лічылі што ён прадстаўляе не беларускі народ, а салдат Заходняга фронту. Аблвыкамзах у сваю чаргу кіраваўся ідэяй ажыццяўлення сусветнай пралетарскай рэвалюцыі і не ўспрымаў патрабаванне аб самавызначэнні беларусаў. Пасля таго як дэлегаты з’езда прыступілі да разгляду пытання аб стварэнні Усебеларускага Савета як часовага органа краёвай улады Савт Народных Камісараў Заходняй вобласці і фронту з дапамогай вайсковай сілы разагнаў з'езд. Такім чынам, скліканне Усебеларускага з’езда і яго рашэнне аб утварэнні Усебеларускага Савета сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў як часовага органа краёвай улады сведчылі аб працэсе афармлення нацыянальнай формы беларускай дзяржаўнасці, носьбітам якой з’яўляўся беларускі народ, які быў палітычна падрыхтаваны да практычнай рэалізацыі ідэі стварэння ўласнай дзяржаўнасці (пяты ўзровень засваення ведаў і спосабаў дзейнасці).
Вызначэнне грамадска-гістарычнага працэса, аб якім сведчыла правядзенне выбараў народных дэпутатаў БССР на альтэрнатыўнай аснове.

1. Упершыню выбары ў Вярхоўны і мясцовыя Саветы народных дэпутатаў БССР на альтэрнатыўнай аснове адбыліся ў 1990 г. згодна з новым выбарчым законам у час ажыццяўлення палітыкі перабудовы (другі ўзровень засваення ведаў і спосабаў дзейнасці).

2. Выбары народных дэпутатаў БССР на альтэрнатыўнай аснове азначалі што, на кожнае месца ў органе ўлады прэтэндавалі некалькі кандыдатаў, кожны з якіх удзельнічаў у выбарчай уампаніі з сваей праграмай, а канчатковае рашэнне прымалася па выніках галасавання выбаршчыкаў (другі ўзровень засваення ведаў і спосабаў дзейнасці).

3. Упершыню ў гісторыі Вярхоўнага Савета БССР у выніку правядзення альтэрнатыўных выбараў узнікла парламенцкая апазіцыягрупа (фракцыя) дэпутатаў, чые погляды не супадалі альбо супярэчылі думкам дэпутацкай большасці. У гэтых умовах замест фармальнага аднагалоснага зацвярджэння законаў у Вярхоўным Савеце БССР праходзіла іх абмеркаванне (чацверты ўзровень засваення ведаў і спосабаў дзейнасці).

4. Правядзенне выбараў на альтэрнатыўнай аснове сведчыла аб выніках правядзення палітыкі перабудовы і распаўсюджванні працэса дэмакратызацыі грамадска-палітычнага жыцця, заснаванай на прынцыпе народаўладдзя (пяты ўзровень засваення ведаў і спосабаў дзейнасці).
Прыклады канструявання рознаўроўневых заданняў на суаднясенне гістарычнай падзеі з грамадска-гістарычным працэсам

Вызначце, аб якім грамадска-гістарычным працэсе сведчыла наступная гістарычная падзея: абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі і яе незалежнасці (ці, напрыклад, стварэнне Савецкай Сацыялiстычнай Республiкi Беларусi; стварэнне Сацыялiстычнай Савецкай Республiкi Літвы і Беларусi; другое абвяшчэнне ССРБ).

Вызначце, аб якім грамадска-гістарычным працэсе сведчыла увядзенне харчпадатку замест харчразверсткі.

Вызначце, аб якім грамадска-гістарычным працэсе сведчыла прызнанне на тэрыторыі БССР раўнапраўнымі беларускай, рускай, яўрэйскай, польскай моў.

Вызначце, аб якім грамадска-гістарычным працэсе сведчыла справа «Саюза вызвалення Беларусі».

Вызначце, аб якім грамадска-гістарычным працэсе сведчыло правядзенне Народнага сходу Заходняй Беларусі.

Вызначце, аб якім грамадска-гістарычным працэсе сведчыў удзел БССР у заснаванніі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Вызначце, аб якім грамадска-гістарычным працэсе сведчыло прыняцце Канстытуцыі БССР у час кіравання П.М. Машэрава.


ПАРАЎНАННЕ ГІСТАРЫЧНЫХ ПАДЗЕЙ (ПРАЦЭСАЎ)

ПА ПРАПАНАВАНЫМ ЦІ САМАСТОЙНА ВЫЗНАЧАНЫМ ПРЫКМЕТАМ
Алгарытм выканання рознаўроўневых заданняў

на параўнанне гістарычных падзей (працэсаў)

па прапанаваным ці самастойна вызначаным прыкметам

1. Сінхранізацыя па часе ці лакалізацыя ў прасторы гістарычных падзей (працэсаў), якія параўноўваюцца адно з другім (другі ўзровень засваення ведаў і спосабаў дзейнасці).

2. Супастаўленне прапанаваных прыкмет з тэарэтычнымі ведамі, якія ўвасабляюць сабой грамадска-гістарычны працэс, ці самастойнае вызначэнне прыкмет, неабходных для правядзення параўнання гістарычных падзей у табліцы (трэці ўзровень засваення ведаў і спосабаў дзейнасці).

3. Запаўненне табліцы, неабходнай для правядзення параўнання па прапанаваным прыкметам па дадзеным узоре, ці сістэматызацыя (адбор) факталагічнага матэрыялу ў адпаведнасці з самастойна вызначанымі прыкметамі і афармленне параўнання ў табліцы (чацверты ўзровень засваення ведаў і спосабаў дзейнасці).

Прыкметы, па якіх параўноўваюцца падзеі (працэсы)

Гістарычныя падзеі (працэсы)

Назва падзеі (працэса)

Назва падзеі (працэса)

Прапанаваная прыкмета ці яе самастойнае вызначэнне







Прапанаваная прыкмета ці яе самастойнае вызначэнне







Прапанаваная прыкмета ці яе самастойнае вызначэнне







4. Выснова аб агульных рысах і адрозненнях (станоўчых і негатыўных рысах, эфектыўнасці і аптымальнасці) гістарычных падзей (працэсаў), якія параўноўваюцца (пяты ўзровень засваення ведаў і спосабаў дзейнасці).
Прыклады афамлення адказаў

пры параўнанні гістарычных падзей (працэсаў)

па прапанаваным ці самастойна вызначаным прыкметам

Параўнанне сацыяльна-эканамічнага развіцця Савецкай Беларусі і анексіраванай Польшчай Заходняй Беларусі па самастойна вызначэаным прыкметам.

1. Сінхранізацыя сацыяльна-эканамічнага развіцця БССР і Заходняй Беларусі, якая з 1921 г., згодна з умовамі Рыжскага міру знаходзілася ў складзе Польшчы, звязана з перыядам 1920—1930-х гг., калі ў 1939 г. Заходняя Беларусь была ўз’яднана з БССР. (другі ўзровень засваення ведаў і спосабаў дзейнасці).

2. Самастойнае вызначэнне прыкмет, неабходных для параўнання сацыяльна-эканамічнага развіцця БССР і Заходняй Беларусі, звязана з характарыстыкай індустрыяльнага развіцця савецкай Беларусі і пераўтварэннем Заходняй Беларусі ў аграрна-сыравіны прыдатак прамысловых раёнаў Польшчы (трэці ўзровень засваення ведаў і спосабаў дзейнасці).

3. Запаўненне параўнальнай табліцы па самастойна вызначанымі прыкметам (чацверты ўзровень засваення ведаў і спосабаў дзейнасці).

Прыкметы, па якіх параўноўваюцца падзеі (працэсы)

Гістарычныя падзеі (працэсы)

сацыяльна-эканамічнае развіццё БССР

сацыяльна-эканамічнае

развіццё Заходняй Беларусі



Індустрыяльнае развіцце

Ажыццяўлялася паскораная індустрыялізацыя, накіраваная на стварэнне буйной машыннай вытворчасці ў перапрацоўчых галінах прамысловасці з шырокім выкарыстаннем прыродных запасаў лесу і торфу, а таксама рэзерваў рабочай сілы ў сельскай мясцовасці.

З’яўлялася аграрным прыдаткам прамысловых раёнаў Польшчы, рынкам збыту прадукцыі, крыніцай таннай сыравіны і рабочай сілы.

Стан сельскай гаспадаркі

Ажыццяўлялася палітыка суцэльнай калектывізацыі, звязаная з масавым аб’яднаннем дробных індывідуальных сялянскіх гаспадарак у буйныя калектыўныя гаспадаркі (калгасы) пры парушэнні прынцыпаў добраахвотнасці і паступовасці ў іх стварэнні.

Больш за 80 % насельніцтва займалася сельскай гаспадаркай ва ўмовах калі амаль палова зямельнага фонду належала буйным памешчыкам, што складалі менш за 1 % жыхароў сельскай мясцовасці. Польскімі ўладамі праводзілася палітыка насаджэння асаднікаў (польскіх каланістаў) і эксплуатацыі сялян-беднякоў, якія складалі каля 70 % сельскага насельніцтва.
  1   2   3   4   5


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка