“Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінская вобласць, кніга 1”




Дата канвертавання01.05.2016
Памер35.02 Kb.

1 – 4 ст.

Некалі на ўзвышшы каля балота ўзнікла тут першае старажытнае паселішча. Калі гэта адбылося, дакладна ніхто не ведае. З кнігі “Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінская вобласць, кніга 1” можна даведацца, што за 0,5 км на паўночны захад ад вёскі (Бязводнае) на паўднёва-усходнім краі ўзвышша ёсць гарадзішча на пляцоўцы памерам 67х50 м. Пляцоўка зарасла кустамі і ялінамі. Адкрыў гэта гарадзішча і даследаваў яго ў 1967 годзе А.Р.Мітрафанаў. Устаноўлена: паселішча адносіцца да 1-4 стагоддзяў.

У.С. Кажамяка. Рэгіянальная газета 2006 год.

6-11 ст.

У IX ст. славяне, якія жылі ва Усходняй Еўропе, падзяліліся на 13 асобных аб'яднанняў — саюзаў плямёнаў. Яны пералічаны ў «Аповесці мінулых гадоў», складзенай кіеўскім манахам Нестарам.

На тэрыторыі сучаснай Беларусі існавалі тры саюзы плямёнаў: крывічы-палачане, дрыгавічы і радзімічы.

Крывічы — вялікае аб'яднанне плямёнаў, якія займалі Смаленскае Падняпроўе, верхняе цячэнне Заходняй Дзвіны, вярхоўе Волгі і Пскоўшчыну. На думку адных вучоных, назва паходзіць ад слова «крэўныя» (блізкія па крыві), на думку іншых — ад імя легендарнага родапачынальніка Крыва, ад язычніцкага першасвяшчэнніка Крыва-Крывейтэ, ад узгоркавай мясцовасці (крывізна), дзе яны жылі.

Працэс фарміравання крывічоў адбываўся ў VI —XI ст. у выніку асіміляцыі славянамі мясцовых балцкіх і заходне-фінскіх плямёнаў. У канцы X ст. племянное аб'яднанне крывічоў распалася на 3 групы — полацкую, смаленскую, пскоўскую (паводле назваў іх галоўных гарадоў).

3 тэрыторыяй сучаснай Вілейшчыны звязана гісторыя так званых полацкіх крывічоў, ці палачан, як яны названы ў летапісе. Вывучэнне курганных могільнікаў Сосенка і Кастыкі сведчыць менавіта аб гэтым. У канцы Х ст. - на тэрыторыі рассялення полацкіх крывічоў склалася Полацкае княства — гэта былі «крывіцкія землі», і племянное княжанне крывічоў (палачан) з'явілася гістарычным ядром новага дзяржаўнага ўтварэння ўсходніх славян. У летапісах княства называлася таксама Полацкай зямлёй.

Княства размяшчалася на тэрыторыі сучаснай Віцебскай, паўночнай часткі Мінскай і Магілёўскай абласцей. Адной з парубежных крэпасцей на заходнім напрамку з'яўляўся замак на востраве возера Мядзел. Вельмі старажытным паселішчам крывічоў быў Браслаў.

Вілейшчына таксама была часткай гэтых зямель.

У палачан пасля распаду першабытна-абшчыннага ладу мясцовая родаплемянная знаць захоплівала землі сельскіх абшчын і замацоўвала іх за сабой на правах вотчын. Прадстаўнікі вышэйшай знаці раздавалі землі і сёлы сваім дружыннікам. Князі і іх паплечнікі станавіліся буйнымі феадаламі. Знатныя землеўладальнікі тады называліся баярамі.

Сяляне - іх называлі смердамі — усё часцей траплялі ў залежнасць да землеўладальнікаў. Поўнасцю залежнымі людзьмі з'яўляліся халопы і чэлядзь.

Стольным горадам княства стаў заснаваны крывічамі Полацк, які на працягу X ст. ператварыўся ў буйнейшы цэнтр усходняга славянства — горад адважных воінаў, умелых рамеснікаў, прадпрымальнікаў-купцоў.



Сосенка. С е л і ш ч а. За 1,5 км на паўднёвы захад ад вёскі, на левым беразе р. Вілія (зараз востраў Вілейскага вадасховішча). Плошча каля 1,3 га.

К у р г а н н ы м о г і л ь н і к. На месцы селішча. У 1972 г. Я.Г.Звяруга раскапаў 23 насыпы: 17 круглых дыяметрам 6— 11,4 м, вышынёй 0,6— 1,9 м і 6 прадаўгаватых памерамі 6 — 8x8—11,4 м і вышынёй 0,95—1,4 м.

Пахавальны абрад — трупаспаленне за межамі могільніка. У адным кургане крэмацыя, відаць, адбылася на месцы. У кожным кургане мелася ад аднаго да трох пахаванняў. У 5 выпадках пахаванні знаходзіліся адразу пад дзёрнам, у адным — у насыпе, у астатніх — на ўзроўні старажытнага гарызонта глебы. У 6 пахаваннях рэшткі спаленняў былі накрыты перавернутымі гаршкамі. У запаўненні гаршкоў — чорная зямля з вуголлем, попелам і невялікімі абломкамі моцна перапаленых касцей.

Пахавальны інвентар: бронзавыя трапецападобныя прывескі, спіралькі, пласціністы бранзалет з загнутым у трубку канцом, жалезныя спражкі з увагнутымі бакамі, петлепадобныя трымальнікі для прывесак. У адным кургане адразу пад дзёрнам ляжаў касцяк дзіцяці, а сярод касцей — пласціністы пярсцёнак з разамкнутымі канцамі і тры трапецападобныя прывескі. Многа разнастайных рэчаў знаходзілася ў курганных насыпах. Сярод іх — жалезныя нажы, рыбалоўныя кручкі, крэсіва, шпількі, бронзавыя пярсцёнкі, фібула, абломкі шыйных грыўняў, трапецападобныя прывескі, шкляныя пацеркі, гліняныя прасліцы, грузілы для сетак, льячкі, тачыльныя камяні. Вельмі рэдкай для сінхронных помнікаў знаходкай з'яўляецца жалезная матыка — прылада для ручной апрацоўкі глебы на агародах і ўзгорках, дзе прымяненне вупражных прылад было немагчымым. У сосенскай матыкі авальная адтуліна для драўлянай ручкі, злёгку выгнутая рабочая частка і адносна шырокае лязо. Аналіз усяго рэчавага матэрыялу дазваляе Сосенскае паселішча датаваць VI —VII ст., а могільнік — VIII —IX ст.



Штыхаў Г. Ажываюць сівыя стагоддзі. Мн., 1982. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 3, 4, 5. Мн., 1996-1999.

Н.А.Яфімава.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка