Закон рэспублікі беларусь 9 студзеня 2006 г. №98-з аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь Прыняты Палатай прадстаўнікоў 12 снежня 2005 года Адобраны Саветам Рэспублікі 21 снежня 2005 года




старонка2/4
Дата канвертавання15.03.2016
Памер0.6 Mb.
1   2   3   4
ГЛАВА 5
НАДАННЕ МАТЭРЫЯЛЬНЫМ АБ’ЕКТАМ І НЕМАТЭРЫЯЛЬНЫМ ПРАЯЎЛЕННЯМ ТВОРЧАСЦІ ЧАЛАВЕКА СТАТУСУ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ КАШТОЎНАСЦІ. УЛІК ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНЫХ КАШТОЎНАСЦЕЙ


Артыкул 20. Крытэрыі адбору матэрыяльных аб’ектаў і нематэрыяльных праяўленняў творчасці чалавека для надання ім статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці

1. Навукова-метадычная рада пры разглядзе прапаноў аб наданні матэрыяльным аб’ектам або нематэрыяльным праяўленням творчасці чалавека статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці зыходзіць з наяўнасці ў прапанаваных для разгляду матэрыяльных аб’ектаў або нематэрыяльных праяўленняў творчасці чалавека адметных духоўных, мастацкіх і (або) дакументальных вартасцей, што пацвярджаецца адпаведнасцю аднаму з крытэрыяў:

1.1. яны з’яўляюцца:

адным з фактараў фарміравання нацыянальнага менталітэту;

рэдкім ці каштоўным сведчаннем існавання зніклай цывілізацыі;

эпічным творам, створаным або істотна пераасэнсаваным і відазмененым народам Беларусі;

аўтарскім творам мастацтва, створаным на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь або пад уплывам беларускай гісторыі, рэчаіснасці, менталітэту, асяроддзя ці іншых фактараў;

выдатным мастацкім творам, шэдэўрам, створанымі і (або) прызнанымі за межамі Рэспублікі Беларусь;

матэрыяльным аб’ектам або нематэрыяльным праяўленнем творчасці чалавека, асаблівасцямі ладу жыцця, характэрнымі толькі для культуры народа Беларусі;

дакументальнай фіксацыяй, сімвалам або іншым праяўленнем ці абазначэннем з’яў, падзей або працэсаў, якія звязаны з гісторыяй Рэспублікі Беларусь, яе асобных рэгіёнаў, радаводаў ці этнічных груп або маюць міжнароднае значэнне;

выдатным ці арыгінальным вынікам творчага або навукова-тэхнічнага эксперыменту;

рэдкім на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь або выдатным дасягненнем іншага народа;

вынікам або сведчаннем недаследаваных працэсаў;

пахаваннем славутага чалавека, брацкай магілай воінаў, змагароў, якія загінулі за якую-небудзь адзіную высакародную справу, і (або) ахвяр ваенных падзей, узброеных канфліктаў, масавых рэпрэсій;

традыцыйнай тапанімічнай назвай;

1.2. яны з’яўляюцца рэдкім або выдатным узорам:

створанага чалавекам асяроддзя;

выкарыстання ў дзейнасці чалавека прыродных фактараў і асаблівасцей;

збудавання ці іншага твора, якія маюць тыповыя ўласцівасці, характэрныя толькі для культуры народа Беларусі;

збудавання ці іншага твора, прадметаў быту або прадметаў іншага прызначэння пэўнага гістарычнага перыяду, рэгіёна ці этнічнай групы;

твора народнага мастацтва пэўнага гістарычнага перыяду, рэгіёна ці этнічнай групы;

вырашэння гаспадарчых, вытворчых, фартыфікацыйных, арганізацыйных і іншых пытанняў;

стылістычнага напрамку або рэгіянальнай ці этнічнай асаблівасці, выяўленых у любым відзе мастацтва;

1.3. яны непасрэдна звязаны з:

падзеямі або ідэямі і перакананнямі, якія аказалі значны ўплыў на ход гістарычнага, культурнага і (або) духоўнага развіцця чалавецтва і народа Беларусі;

жыццём і дзейнасцю выдатных асоб свету і Рэспублікі Беларусь;

1.4. яны лічацца:

звязанымі з народнымі паданнямі, легендамі, іншымі эпічнымі творамі, народнымі абрадамі;

матэрыяльнымі аб’ектамі, якія маюць выдатныя ўласцівасці;

1.5. яны аказалі (аказваюць) значны ўплыў на развіццё мастацтва, духоўнасць грамадства, светапогляд людзей у пэўны гістарычны перыяд або на тэрыторыі асобнага рэгіёна ці этнічнай групы;

1.6. яны змяшчаюць у сабе недаследаваны (не поўнасцю даследаваны) культурны пласт. 

2. Рашэнне аб неабходнасці надання матэрыяльным аб’ектам статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці можа быць прынята толькі ў адносінах да аўтэнтычнага ці рэстаўрыраванага ў адпаведнасці з навукова-праектнай дакументацыяй матэрыяльнага аб’екта. Пры гэтым з часу першапачатковага стварэння нерухомага матэрыяльнага аб’екта павінна прайсці не менш чым 40 гадоў і ён павінен быць поўнасцю або не менш чым на 90 працэнтаў адноўлены ў адпаведнасці з гістарычнымі данымі на ранейшым месцы.



Артыкул 21. Вылучэнне матэрыяльных аб’ектаў і нематэрыяльных праяўленняў творчасці чалавека для надання ім статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці

1. Матэрыяльны аб’ект або нематэрыяльнае праяўленне творчасці чалавека, якія могуць уяўляць гісторыка-культурную каштоўнасць, вылучаюцца для надання ім статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці з:

1.1. матэрыяльных аб’ектаў або нематэрыяльных праяўленняў творчасці чалавека, якія рэальна існуюць, выкарыстоўваюцца ў дзейнасці чалавека незалежна ад месца іх знаходжання;

1.2. матэрыяльных аб’ектаў або нематэрыяльных праяўленняў творчасці чалавека, звесткі аб існаванні якіх да моманту іх выяўлення адсутнічалі і ўласнік якіх невядомы, адмовіўся ад права ўласнасці на іх або страціў права ўласнасці на іх па іншых падставах, прадугледжаных заканадаўствам Рэспублікі Беларусь;

1.3. матэрыяльных аб’ектаў або нематэрыяльных праяўленняў творчасці чалавека, наяўнасць якіх дакументальна засведчана, пры ўмове адсутнасці бясспрэчных дакументальных звестак аб знішчэнні, страце ці знікненні гэтых матэрыяльных аб’ектаў або нематэрыяльных праяўленняў творчасці чалавека.

2. Юрыдычная або фізічная асоба, што выявіла матэрыяльны аб’ект або нематэрыяльнае праяўленне творчасці чалавека, прадугледжаныя пунктам 1 гэтага артыкула, уносіць у Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у пісьмовай форме прапанову аб наданні выяўленым матэрыяльнаму аб’екту або нематэрыяльнаму праяўленню творчасці чалавека статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці з абавязковым яе абгрунтаваннем, за выключэннем выпадку, прадугледжанага пунктам 3 артыкула 19 гэтага Закона.



Артыкул 22. Разгляд прапаноў аб наданні матэрыяльным аб’ектам і нематэрыяльным праяўленням творчасці чалавека статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці

1. Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь пасля атрымання прапановы аб наданні матэрыяльнаму аб’екту або нематэрыяльнаму праяўленню творчасці чалавека статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці паведамляе аб гэтым уласніку (уладальніку) матэрыяльнага аб’екта або носьбіту нематэрыяльнага праяўлення творчасці чалавека, а таксама ў мясцовы выканаўчы і распарадчы орган і арганізуе кваліфікаваны разгляд гэтай прапановы Навукова-метадычнай радай, уключаючы разгляд фіксацыі, навуковай апрацоўкі і мастацкай ацэнкі матэрыяльнага аб’екта або нематэрыяльнага праяўлення творчасці чалавека, для прыняцця рашэння аб неабходнасці надання матэрыяльнаму аб’екту або нематэрыяльнаму праяўленню творчасці чалавека статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці або аб адсутнасці неабходнасці надання ім такога статусу.

2. Мясцовы выканаўчы і распарадчы орган, а таксама ўласнік (уладальнік) матэрыяльнага аб’екта або носьбіт нематэрыяльнага праяўлення творчасці чалавека з моманту атрымання паведамлення, прадугледжанага пунктам 1 гэтага артыкула, і да моманту прыняцця рашэння аб неабходнасці надання матэрыяльнаму аб’екту або нематэрыяльнаму праяўленню творчасці чалавека статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці або аб адсутнасці неабходнасці надання ім такога статусу прымае меры па прыпыненню работ або іншай дзейнасці, якія могуць прывесці да знішчэння або пагрозы знішчэння, страты або пагрозы страты, знікнення або пагрозы знікнення, прычынення шкоды або пагрозы яе прычынення, пагаршэння тэхнічнага стану або пагрозы яго пагаршэння, а таксама да навукова не абгрунтаванага змянення ці пагаршэння ўмоў успрымання названых матэрыяльнага аб’екта або нематэрыяльнага праяўлення творчасці чалавека.

3. Матэрыяльныя аб’екты, вылучаныя для надання ім статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, падлягаюць ахове, як і матэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці без катэгорыі.

4. Навукова-метадычная рада на падставе кваліфікаванага разгляду пры ўмове адсутнасці бясспрэчных дакументальных звестак аб знішчэнні, страце ці знікненні матэрыяльнага аб’екта або нематэрыяльнага праяўлення творчасці чалавека прымае рашэнне аб неабходнасці надання матэрыяльнаму аб’екту або нематэрыяльнаму праяўленню творчасці чалавека статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці або аб адсутнасці неабходнасці надання ім такога статусу. Пры гэтым у рашэнні аб неабходнасці надання матэрыяльнаму аб’екту або нематэрыяльнаму праяўленню творчасці чалавека статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці ўказваецца катэгорыя гісторыка-культурнай каштоўнасці, да якой іх неабходна аднесці.

5. Статус гісторыка-культурнай каштоўнасці можа быць нададзены матэрыяльнаму аб’екту або нематэрыяльнаму праяўленню творчасці чалавека, якія афіцыйна лічацца гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі ў іншых краінах, пры ўмове адсутнасці бясспрэчных дакументальных звестак аб знішчэнні, страце ці знікненні гэтых матэрыяльнага аб’екта або нематэрыяльнага праяўлення творчасці чалавека.



Артыкул 23. Наданне матэрыяльным аб’ектам і нематэрыяльным праяўленням творчасці чалавека статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, пазбаўленне іх такога статусу

1. Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь прымае рашэнне аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці матэрыяльнаму аб’екту або нематэрыяльнаму праяўленню творчасці чалавека, па якіх Навукова-метадычнай радай прынята адпаведнае рашэнне аб неабходнасці надання ім такога статусу.

2. Матэрыяльныя аб’екты і нематэрыяльныя праяўленні творчасці чалавека, па якіх Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь прыняты рашэнні аб наданні ім статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, уключаюцца ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

3. Матэрыяльныя аб’екты і нематэрыяльныя праяўленні творчасці чалавека Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь могуць быць пазбаўлены статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці ў выпадку страты імі іх адметных духоўных, мастацкіх і (або) дакументальных вартасцей, якія абумовілі наданне ім статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, а таксама ў выпадку іх знішчэння, страты ці знікнення ў выніку ўздзеяння прыродных фактараў або іншых сітуацый пры немагчымасці іх аднаўлення. Заключэнне аб немагчымасці навукова абгрунтаванага аднаўлення гэтых гісторыка-культурных каштоўнасцей даецца Навукова-метадычнай радай.

4. Пры неабходнасці вырашэння выключных дзяржаўных задач помнікі археалогіі пасля іх поўнага вывучэння могуць быць пазбаўлены статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь. Заключэнне аб поўным вывучэнні помнікаў археалогіі даецца Навукова-метадычнай радай.

5. Матэрыяльныя аб’екты і нематэрыяльныя праяўленні творчасці чалавека, пазбаўленыя статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, выключаюцца з Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.



Артыкул 24. Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь

1. Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь змяшчае наступныя раздзелы:

1.1. гісторыка-культурныя каштоўнасці, якія знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. У гэты раздзел уносяцца звесткі аб матэрыяльных і нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях, якія знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь (незалежна ад іх паходжання);

1.2. гісторыка-культурныя каштоўнасці, якія згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь. У гэты раздзел уносяцца звесткі аб матэрыяльных і нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях, якія пры дакументальна пацверджаным беларускім паходжанні апынуліся за межамі Рэспублікі Беларусь у парадку, што адпавядае нормам міжнароднага права, а таксама звесткі аб нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях, носьбіты якіх пры бясспрэчным (у тым ліку прызнаным імі самімі) беларускім паходжанні (нацыянальнасці) не маюць грамадзянства Рэспублікі Беларусь;

1.3. гісторыка-культурныя каштоўнасці, якія незаконна знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь. У гэты раздзел уносяцца звесткі аб матэрыяльных і нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях, якія ў парушэнне норм міжнароднага права пры дакументальна пацверджаным беларускім паходжанні апынуліся за межамі Рэспублікі Беларусь;

1.4. гісторыка-культурныя каштоўнасці, якія зніклі ці страчаны пры нявысветленых абставінах. У гэты раздзел уносяцца звесткі аб матэрыяльных і нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях, наяўнасць якіх дакументальна засведчана, пры ўмове адсутнасці бясспрэчных дакументальных звестак аб знішчэнні гэтых гісторыка-культурных каштоўнасцей;

1.5. гісторыка-культурныя каштоўнасці, якія знаходзяцца пад пагрозай знішчэння, страты ці знікнення. У гэты раздзел уносяцца звесткі аб матэрыяльных і нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях, якія знаходзяцца пад пагрозай знішчэння, страты ці знікнення, з указаннем прычын, што выклікаюць пагрозу, і мер, неабходных для захавання гэтых гісторыка-культурных каштоўнасцей.

2. Пры ўключэнні комплекснай гісторыка-культурнай каштоўнасці ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь у гэты спіс уключаецца таксама кожны з яе матэрыяльных аб’ектаў або нематэрыяльных праяўленняў творчасці чалавека, якія ўваходзяць у склад комплекснай гісторыка-культурнай каштоўнасці і па сваіх адметных духоўных, мастацкіх і (або) дакументальных вартасцях могуць лічыцца асобнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

3. Вядзенне Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь у парадку, устаноўленым Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 25. Пашпарт гiсторыка-культурнай каштоўнасцi

1. На гiсторыка-культурную каштоўнасць складаецца пашпарт гiсторыка-культурнай каштоўнасцi адзiнага ўзору.

2. У пашпарце гiсторыка-культурнай каштоўнасцi ўказваюцца поўныя навуковыя i фактычныя звесткi аб гэтай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi (апiсваюцца яе гiсторыя, сучасны тэхнiчны стан, указваецца яе месцазнаходжанне, змяшчаюцца ўлiковыя даныя, ацэнка яе гiстарычнага, навуковага, мастацкага, культурнага або iншага значэння, указваюцца элементы, якiя маюць свае адметныя духоўныя, мастацкiя i (або) дакументальныя вартасцi, звесткi аб уласнiку (уладальнiку) матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi або носьбіце нематэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi, дата i нумар ахоўнага абавязацельства, звесткi аб зонах аховы нерухомай матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасці, навукова-праектнай дакументацыi, яе выканаўцах, а таксама дадатковыя звесткi аб падзеях i асобах, звязаных з гэтай гiсторыка-культурнай каштоўнасцю, архiўныя i бiблiяграфiчныя крынiцы, графiчны матэрыял).

3. Пры атрыманнi новых звестак аб гiсторыка-культурнай каштоўнасцi ў пашпарт гэтай гісторыка-культурнай каштоўнасці ўносяцца адпаведныя дапаўненнi i (або) змяненнi.

4. У пашпарце гісторыка-культурнай каштоўнасці ўказваецца катэгорыя гэтай гісторыка-культурнай каштоўнасці са спасылкай на адпаведную пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.

5. Форма пашпарта гісторыка-культурнай каштоўнасці i парадак яго запаўнення ўстанаўлiваюцца Мiнiстэрствам культуры Рэспублiкi Беларусь.

6. Складанне пашпарта гісторыка-культурнай каштоўнасці ажыццяўляецца за кошт сродкаў яе ўласнiка (уладальніка) або ўладальніка зямельнага ўчастка, на якім размешчаны помнік археалогіі, а таксама iншых крынiц фiнансавання, не забароненых заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 26. Банк звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне Рэспублікі Беларусь

1. У мэтах захавання і сістэматызацыі звестак аб адметных выніках і сведчаннях гістарычнага, культурнага і духоўнага развіцця народа Беларусі, аб страчаных матэрыяльных аб’ектах і нематэрыяльных праяўленнях творчасці чалавека, наяўнасць якіх дакументальна засведчана і якія маглі б атрымаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, а таксама ў мэтах выканання работ па збору, сістэматызацыі і захаванню навукова-даследчых, выдавецкіх і іншых матэрыялаў, што датычацца гісторыка-культурных каштоўнасцей, фарміруецца Банк звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне Рэспублікі Беларусь.

2. Фарміраванне Банка звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь або ўпаўнаважанай ім арганізацыяй за кошт сродкаў, прадугледжаных у рэспубліканскім бюджэце на спецыяльныя сацыяльныя праграмы і мерапрыемствы ў галіне культуры, іншых крыніц фінансавання, не забароненых заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

3. Выключаны.

4. Парадак фарміравання Банка звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне Рэспублікі Беларусь і парадак азнаямлення з інфармацыяй, якая змяшчаецца ў ім, устанаўліваюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

ГЛАВА 6
ЗАХАВАННЕ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНЫХ КАШТОЎНАСЦЕЙ


Артыкул 27. Меры па захаванню гісторыка-культурных каштоўнасцей

1. Захаванне гісторыка-культурных каштоўнасцей уключае ў сябе сістэму арганізацыйных, прававых, эканамічных, матэрыяльна-тэхнічных, навуковых, інфармацыйных і іншых мер, накіраваных на недапушчэнне знішчэння або пагрозы знішчэння, страты або пагрозы страты, знікнення або пагрозы знікнення, прычынення шкоды або пагрозы яе прычынення, пагаршэння тэхнічнага стану або пагрозы яго пагаршэння, а таксама навукова не абгрунтаванага змянення, пагаршэння ўмоў успрымання гісторыка-культурных каштоўнасцей (навакольнага асяроддзя і зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей).

2. Дзейнасць, якая можа аказваць уздзеянне на гісторыка-культурныя каштоўнасці, павінна ажыццяўляцца з улікам неабходнасці безумоўнага захавання адметных духоўных, мастацкіх і (або) дакументальных вартасцей гэтых каштоўнасцей.

Артыкул 28. Забеспячэнне захавання нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей

1. Для забеспячэння захавання нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей (іх навакольнага асяроддзя і зон аховы) перамяшчэнне гэтых нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, знішчэнне або стварэнне пагрозы знішчэння нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей (іх навакольнага асяроддзя і зон аховы), прычыненне ім шкоды або стварэнне пагрозы яе прычынення, пагаршэнне тэхнічнага стану або стварэнне пагрозы яго пагаршэння, а таксама навукова не абгрунтаванае змяненне і пагаршэнне ўмоў успрымання гэтых нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей (іх навакольнага асяроддзя і зон аховы) забараняюцца, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных пунктамі 2 і 3 гэтага артыкула.

2. Перамяшчэнне нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці дапускаецца ў выключных выпадках толькі з дазволу Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь пры немагчымасці яе захавання на месцы і наяўнасці навукова-праектнай дакументацыі на выкананне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на гэтай каштоўнасці з мэтай яе аднаўлення ва ўмовах, прыдатных для забеспячэння захавання нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. Немагчымасць захавання нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці на месцы ўстанаўліваецца Навукова-метадычнай радай.

3. Стварэнне пагрозы знішчэння нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці (яе навакольнага асяроддзя і зон аховы) і прычынення ёй шкоды, пагаршэнне тэхнічнага стану або стварэнне пагрозы яго пагаршэння, а таксама навукова не абгрунтаванае змяненне і пагаршэнне ўмоў успрымання нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці (яе навакольнага асяроддзя і зон аховы) дапускаюцца толькі па рашэнню Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, калі іх неабходнасць выклікана правядзеннем мерапрыемстваў па ліквідацыі вынікаў стыхійных бедстваў, катастроф, ваенных дзеянняў.

4. Пры выкананні патрабаванняў пажарнай бяспекі, аховы навакольнага асяроддзя, санітарных і іншых патрабаванняў, а таксама пры выкананні навукова-даследчых, праектных i рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на нерухомай матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi і (або) у зонах яе аховы не дапускаюцца змяненне гэтай гісторыка-культурнай каштоўнасці, пагаршэнне яе адметных духоўных, мастацкіх і (або) дакументальных вартасцей.

5. На нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці ўстанаўліваецца ахоўная дошка, на якой змяшчаецца інфармацыя аб прыналежнасці гэтай нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці да гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.

Ахоўныя дошкі адзінай формы, якая зацвярджаецца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, устанаўліваюцца і захоўваюцца за кошт сродкаў уласнiка (уладальніка) гісторыка-культурнай каштоўнасці або ўладальніка зямельнага ўчастка, на якім размешчаны помнік археалогіі, а таксама iншых крынiц фiнансавання, не забароненых заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

6. На нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці ў адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь можа ўстанаўлівацца распазнавальны знак.



Артыкул 29. Зоны аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей

1. Для забеспячэння захавання нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей і іх навакольнага асяроддзя ўстанаўліваюцца межы тэрыторый нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей і наступныя зоны аховы гэтых гісторыка-культурных каштоўнасцей:

1.1. ахоўная зона;

1.2. зона рэгулявання забудовы;

1.3. зона аховы ландшафту;

1.4. зона аховы культурнага пласта.

11. Для нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, якія размешчаны побач або ўваходзяць у склад комплексных гісторыка-культурных каштоўнасцей, устанаўліваюцца агульныя зоны аховы.

2. Зоны аховы нерухомай матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасці і іх рэжымы ўтрымання i выкарыстання вызначаюцца праектам зон аховы нерухомай матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасці, які распрацоўваецца для гэтай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi і зацвярджаецца Мiнiстэрствам культуры Рэспублiкi Беларусь.

Рэжымамi ўтрымання i выкарыстання зон аховы нерухомай матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасці прадугледжваюцца абмежаванне або поўная забарона дзейнасцi, якая стварае пагрозу захаванню гэтай гiсторыка-культурнай каштоўнасці (яе навакольнаму асяроддзю) i ўмовам яе ўтрымання i выкарыстання.

Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi распрацоўваецца за кошт сродкаў уласнiка (уладальніка) гэтай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi або ўладальніка зямельнага ўчастка, на якім размешчаны помнік археалогіі, а таксама iншых крынiц фiнансавання, не забароненых заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Парадак распрацоўкі праектаў зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей устанаўліваецца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.

3. Распрацоўка горадабудаўнічай і землеўпарадкавальнай дакументацыі, а таксама іншай праектнай дакументацыі, рэалізацыя якіх можа аказаць уздзеянне на гісторыка-культурныя каштоўнасці, без нанясення ўстаноўленых зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей або без іх устанаўлення забараняецца.

4. Усе віды работ у зонах аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей выконваюцца толькі ў межах патрабаванняў рэжымаў утрымання і выкарыстання гэтых зон аховы.

Артыкул 30. Забеспячэнне захавання рухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей

1. Для забеспячэння захавання рухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей забараняюцца:

1.1. знішчэнне або стварэнне пагрозы знішчэння, страта або стварэнне пагрозы страты, знікненне або стварэнне пагрозы знікнення, прычыненне шкоды або стварэнне пагрозы яе прычынення, пагаршэнне тэхнічнага стану або стварэнне пагрозы яго пагаршэння, а таксама навукова не абгрунтаванае змяненне рухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей;

1.2. разукамплектаванне комплексных рухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей.

2. У выпадку, калі адна і тая ж рухомая матэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць належыць і да камплекта, і да калекцыі, перавага аддаецца калекцыі. Пры неабходнасці ў прызначаны (сабраны) для канкрэтных мэт камплект уключаецца копія рухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, створаная за кошт уласніка калекцыі.

Артыкул 31. Забеспячэнне захавання нематэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей

1. Для забеспячэння захавання нематэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і мясцовыя выканаўчыя i распарадчыя органы прымаюць меры для захавання i аднаўлення ўмоў iснавання, развiцця i перадачы нашчадкам традыцый або народных промыслаў (рамёстваў), асаблiвасцей ладу жыцця, характэрных толькi для культуры народа Беларусi, фактараў фармiравання нацыянальнага менталiтэту, а таксама заахвочваюць (у тым лiку матэрыяльна) iх носьбiтаў у захаваннi, развiццi i перадачы нашчадкам зместу гэтых каштоўнасцей.

2. Стварэнне перашкод iснаванню, развiццю i перадачы нашчадкам нематэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей, а таксама iстотнае змяненне ўмоў iх iснавання, развiцця i перадачы нашчадкам забараняюцца.

Артыкул 32. Прадухіленне пагрозы захаванню матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей

1. У нерухомых матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях (іх навакольным асяроддзі і зонах аховы), а таксама ў памяшканнях, дзе знаходзяцца рухомыя матэрыяльныя гiсторыка-культурныя каштоўнасцi, вытворчасць, размяшчэнне, захоўванне, утрыманне машын, механiзмаў, рэчываў, ажыццяўленне iншай дзейнасцi, якая стварае дынамiчныя i вiбрацыйныя ўздзеяннi, неспрыяльны тэмпературна-вiльготнасны рэжым, хiмiчнае, радыяцыйнае, механiчнае забруджанне, выбуховую i пажаранебяспечную пагрозу, iншыя пагрозы захаванню гэтых гiсторыка-культурных каштоўнасцей, забараняюцца.

2. Пры выяўленні дзейнасці юрыдычных і (або) фізічных асоб, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, якая стварае пагрозу захаванню нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей (іх навакольнаму асяроддзю і зонам аховы), Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь абавязана ў трохдзённы тэрмін з моманту выяўлення такой пагрозы выдаць юрыдычным і (або) фізічным асобам, у тым ліку індывідуальным прадпрымальнікам, абавязковыя для выканання пісьмовыя прадпісанні аб неабходнасці змяненняў у іх дзейнасці або аб поўнай яе забароне.

3. Калі рух транспартных сродкаў, самаходных сельскагаспадарчых, меліярацыйных і дарожна-будаўнічых машын на дарогах, прылеглых да нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей або зон іх аховы, або дзейнасць камунікацыйных ліній ствараюць пагрозу захаванню гэтых гісторыка-культурных каштоўнасцей або зонам іх аховы, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, іншыя юрыдычныя і (або) фізічныя асобы, у тым ліку індывідуальныя прадпрымальнікі, у валоданні якіх знаходзяцца дарогі, камунікацыйныя лініі, абавязаны па прадпісанню Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь абмежаваць або поўнасцю спыніць рух транспартных сродкаў, самаходных сельскагаспадарчых, меліярацыйных і дарожна-будаўнічых машын на гэтых дарогах, абмежаваць або спыніць дзейнасць камунікацыйных ліній.

4. Калі юрыдычныя і (або) фізічныя асобы, у тым ліку індывідуальныя прадпрымальнікі, не маюць магчымасці абмежаваць або спыніць дзейнасць, прадугледжаную пунктам 3 гэтага артыкула, яны павінны ў парадку, устаноўленым артыкулам 48 гэтага Закона, выплачваць кампенсацыю за шкоду, што прычыняецца нерухомым матэрыяльным гісторыка-культурным каштоўнасцям або зонам іх аховы.

5. Пры выяўленні гаспадарчай або іншай дзейнасці юрыдычных і (або) фізічных асоб, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, якая прыводзіць да забруджання паветранага ці воднага басейна і стварае пагрозу захаванню нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей або зонам іх аховы, вінаватыя юрыдычныя і (або) фізічныя асобы, у тым ліку індывідуальныя прадпрымальнікі, абавязаны па прадпісанню Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь абмежаваць гэту дзейнасць, а пры немагчымасці яе абмежавання павінны ў парадку, прадугледжаным артыкулам 48 гэтага Закона, выплачваць кампенсацыю за шкоду, што прычыняецца нерухомым матэрыяльным гісторыка-культурным каштоўнасцям або зонам іх аховы.

6. Патрабаванні прадпісанняў аб неабходнасці абмежавання дзейнасці або аб поўнай яе забароне пры адсутнасці пагрозы захаванню нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей або зонам іх аховы могуць быць адменены Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь або судом.

7. Пры праектаванні і выкананні земляных, будаўнічых, меліярацыйных і іншых відаў работ, якія могуць стварыць пагрозу захаванню нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей або зонам іх аховы, ажыццяўляюцца наступныя мерапрыемствы: папярэдняе даследаванне гэтых гісторыка-культурных каштоўнасцей, іх фіксацыя, археалагічныя даследаванні, пры неабходнасці – іх перамяшчэнне, а таксама мерапрыемствы па забеспячэнню ўмоў, неабходных для захавання гэтых нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей і зон іх аховы.

Навукова-праектная дакументацыя на выкананне работ, прадугледжаных часткай першай гэтага пункта, павінна змяшчаць асобны раздзел аб мерапрыемствах па даследаванню і захаванню гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Артыкул 33. Змяненне матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей

1. Пры ажыццяўленні дзейнасці, якая можа аказваць уздзеянне на матэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці, змяненне гісторыка-культурных каштоўнасцей дапускаецца толькі з дазволу Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь пры ўмове навуковай абгрунтаванасці гэтага змянення і з улікам катэгорыі гісторыка-культурных каштоўнасцей.

2. Рашэнне аб прызнанні змянення матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей навукова абгрунтаваным або навукова не абгрунтаваным прымаецца Навукова-метадычнай радай на падставе навукова-даследчых матэрыялаў.

Артыкул 34. Выключаны.

Артыкул 35. Вываз за межы Рэспублікі Беларусь рухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей

1. Вываз за межы Рэспублікі Беларусь на пастаяннае захоўванне рухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей забараняецца.

2. Часовы вываз за межы Рэспублікі Беларусь рухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей дапускаецца толькі ў межах міжнароднага культурнага абмену і ў выпадку ўзброеных канфліктаў.

3. Часовы вываз за межы Рэспублiкi Беларусь рухомых матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей ажыццяўляецца ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.



1   2   3   4


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка