Ягор конеў Забойца з роду Дастаеўскіх




старонка5/5
Дата канвертавання19.03.2016
Памер0.72 Mb.
1   2   3   4   5

Казімір. А вы мяне праверце, ваша міласць. Я згодны паслужыць і без аплаты. Прыбыткаў з маёнтка мне на жыццё хапае.

Станкевіч. Дармавы сакратар, без аплаты? Тут ёсць пра што падумаць!

Казімір. У кляштары хацеў уратавацца я ад жахаў свету. Але далі вы мне ўрок пераканаўчы: не варта ад ліха хавацца. А трэба з ліхам змагацца. І тады бывае, што праўда крыўду перамагае. У такія моманты адчуваеш, як анёлы спяваюць у душы, і як Гасподзь нам зычліва ўсміхаецца... Прашу, не пазбаўляйце мяне такой асалоды!

Станкевіч. Пакуль прызначу вам выпрабавальны тэрмін.

Казімір. Удзячны я сардэчна! (Цалуе руку Станкевіча.)

Віславух (бурчыць). А я ўсё роўна ў Дурыніцы не еду.

Станкевіч. Чаму ж, мой мужны і адданы сябра?

Віславух. Саромлюся.

Казімір. Чаго?

Віславух. Сваёй нястачы, безграшоўя, нэндзы. Пра старасць я раней не думаў і талеры ў кішэні не затрымліваў. Калі ўпершыню панну Раіну шчыкаў за талію, яна жыла нахлебніцай у маёнтку. Цяпер жа, мабыць, мае гадавы прыбытак у трыццаць коп грошай.

Казімір. Дакладней, сорак дзве капы. Аднак пры дбайным гаспадаранні прыбытак можна павялічыць утрая.

Віславух. Я побач з ёй сябе адчую дармаедам.

Станкевіч. Насамрэч, пане Фелікс, жаніх вы дужа выгодны.

Віславух (пакрыўджана). Годзе жартаваць так, ваша міласць.

Станкевіч (адчыняе шафу, вымае мяхі). Ці памятаеце прэзенты, якімі нас адорвалі пан Дастаеўскі ды пані Карловіч? Як вы мяркуеце, куды я іх падзеў? Захоўваў тут да лепшае часіны.

Казімір (зазірае ў мяхі). Каштоўны кунтуш, жупан з фалендышу, шаравары, літы слуцкі пояс, посуд з саксонскага фарфору…

Станкевіч (указваючы на мяхі, Віславуху). Тое, пане Фелікс, мой шлюбны падарунак. Прыміце яго з падзякаю за верную службу. Зычу вам шчасця, лёгкай дарогі і Боскай ласкі. Бывайце. (Абдымае Віславуха. Казіміру) Паспяшаемся і мы, пане Карловіч. Апоўдні нас чакаюць у канцылярыі ягамосці пана ваяводы. (Выходзіць.)
Казімір разгублена лыпае вачамі.
Віславух. Чаго аслупянелі? Служба пачалася. (Аддаючы Казіміру скураны мех і скруткі.) Тут усё неабходнае для пратаколаў: папера, пер’е і чарніліца. (Штурхаючы да парога) Любімая страва яго міласці — смажаны гусак з тушанай капустаю. Напоі — квас і мёд. Не церпіць ён бруднага посуду і просьбітаў на падпітку. Вось самыя істотныя для вас веды. Астатнія прыдбаеце з цягам часу.

Казімір. Удзячны вам я за навуку. Няхай ахоўвае вас Пан Бог. (Выходзіць, прыціскаючы скураны мех і скруткі да грудзей.)

Віславух (узвальваючы мяхі на плечы). А ўсё ж у свеце справядлівасць існуе! Быў ранкам гаратлівым бабылём, цяпер жа — кавалер. З багаццем шчасце ўраз мне прываліла. Раіна, дачакалася! Іду я! (Выходзіць.)

Дзея 11
Памяшканне суда ў Менску.

Уваходзяць Марына з Псарскім пад руку.

Уваходзіць Ян Тур са звязанымі рукамі. Яго канваіруе Казімір.
Марына (Туру). Пан Тур! Як маецеся, мілы пане Янка?

Тур. Як пагляджу, мая доля горшая за вашу.

Казімір (строга). Нагадваю прысутным пра захаванне павагі да судовых пастаноў і суддзі. Парушальнікаў парадку чакае строгае спагнанне. Няхай жа спраўджваецца правасуддзе!
Уваходзіць Станкевіч у мантыі і са скруткам у руках.
Станкевіч. Іменем закона! З Боскай ласкі і дазволу караля і вялікага князя! Зноў слухаецца справа пра забойства ўладальніка маёнтка Дурыніцы пана Станіслава Карловіча аканомам Янам Турам паводле падбухторвання Марыны Карловіч, у другім шлюбе — Псарскай, у дзявоцтве — Дастаеўскай. Галоўны трыбунал Вялікага Княства Літоўскага разгледзеў апеляцыю пані Марыны, усебакова вывучыў доказы віны і пастанавіў... (Разгортвае скрутак.)

Марына (Псарскаму). Памілуюць. Мне дзядзечка дакляраваў.

Псарскі (Марыне). О, мой анёл! О, лепатна ўсім ты ў мяне.

Станкевіч (чытае). «Смяротны прысуд — зацвердзіць».

Марына (ашаломлена). Як такое магчыма?

Псарскі (збянтэжана, Марыне). О, мой анёл!

Казімір (Марыне). З вашым дзядзечкам надоечы пагаварыў я. Пётр Сасінавіч Дастаеўскі меў намер уратаваць вас ад справядлівага пакарання. Але я пераканаў яго ў адваротным.

Марына (Казіміру). Якім жа гэта чынам?

Казімір. Раскрыў яму я памылковасць яго ранейшых уяўленняў. Распавёў, як сам ледзьве не стаўся вашаю ахвярай. Нагадаў, што ўсіх нас чакае суд нябесны, які карае суддзяў несумленных.

Марына. Ах, ты, сабачая гнюсата! А выглядаў раней такім ягняці!

Казімір. Дзядзька ваш паверыў мне ўрэшце. І болей не замінаў правасуддзю. Не марудзіў з разглядам справы. Не схіляў анікога на вашу карысць угаворамі і дарункамі.

СТАНКЕВІЧ. «Улічваючы статус прыгавораных, Галоўны трыбунал замяняе меру пакарання. Забойцаў Станіслава Карловіча належыць не тапіць у Свіслачы, але павесіць на гарадскім рынку ў павучэнне люду паспалітаму. І няхай злітуецца Гасподзь з іх грэшных душаў!»



Казімір (Туру). Шыбеніцу ўжо змайстравалі. Месцічаў сабралася процьма. Жадаюць пабачыць, як вы затузаеце нагамі ў паветры.

Тур (Станкевічу). Я — шляхціц! Пратэстую!

Псарскі (Станкевічу). І мы засведчым пра сваю нязгоду.

Станкевіч (Туру). Цяпер што вас змушае, пане Тур, пярэчыць?

Тур. Я заклапочаны блуканнямі душы сваёй.

Станкевіч. Зноў вогнішча папросіце сабе? Ці кола? Або палю?

Тур (апантана). Мне лепш туды, чым горлам у пятлю.

Станкевіч. Адкуль такая ўпэўненасць?

Тур. Мяркуйце самі, ваша міласць. Калі вяроўка сцісне маё горла, і я сканаю, куды памкнецца мая душа? (Дэманструючы) У апраметную цераз азадак! А я хачу — у нябёсы.

Станкевіч. Вы думаеце, вас чакаюць у райскіх шатах?

Тур. Мажліва, бо іду туды я з пекла. Амаль два гады пакутваў я ў вязніцы. Там час спыняецца, і месяц роўны году. (Указваючы на Марыну) І як жа крыўдна і балюча бачыць, як песцяць і лашчаць тую, якая выракла мяне на грэх смяротны! Няўжо цяпер нябёсы не спагадаюць мне за ўсё, што з-за яе перацярпеў?

Станкевіч. Неўзабаве даведаецеся. Што да мяне, то я не маю юрыдычных паўнамоцтваў, каб скасаваць вырак Трыбунала.

Тур. Ты не суддзя, а ілжывы патварца!

Казімір (уцягваючы Тура). Лепш памаліцеся перад кананнем. Чакае вас апошняя дарога. (Выходзіць з Турам.)

Дзея 12
Псарскі (Станкевічу). Велцы дарэчы ваша міласць прыгадалі юрыдычныя межы, якія вам акрэслены законам.

Станкевіч. Зноў хітрасць нейкую папрыдумлялі?

Псарскі. Хачу вам нагадаць пяты артыкул трынаццатага раздзела Статута Вялікага Княства Літоўскага...

Станкевіч. Не турбуйцеся. Я памятаю. «Калі вырачаная на смерць — цяжарная, то да народзінаў дзіцяці не караць яе, а трымаць пад наглядам. А як народзіць, тады караць горлам».

Псарскі (пагладжваючы Марыну па жываце). Парадуйцеся з намі, ваша міласць. Чакаем мы дзіця.

Станкевіч. Пэўна, паклапаціліся наконт павітухі, якая пад прысягаю пацвердзіць усё вамі сказанае?

Псарскі. Вядома, ваша міласць.

Станкевіч. Я віншую. Дзіця — то ласка і спрыянне вам нябёсаў. Убачымся пасля народзінаў. У вас будзе час падумаць пра адвечнае.

Псарскі. У нас будзе час, каб звярнуцца да таго, хто вышэй за вас і за Галоўны трубунал. Да караля, памазанніка Боскага! Ён можа дараваць памілаванне. Ён злітуецца з маёй шматпакутнай жонкі!

Станкевіч. Вы страціце маёмасць і патонеце ў пазыках. Дарога ў каралеўскі палац выбрукавана не камянямі, а хабарам. Толькі лянівы не запатрабуе з вас дарункаў шчодрых.

Псарскі. Аспрэчыць каралеўскі загад вы не пасмееце! Маё вам шанаванне. (Марыне). Пара дадому, пані майго сэрца. Дарэмнаю трывогаю не варта сябе вярэдзіць. Клянуся, покі будзем жывы, не дам вас анікому і ні ў чым пакрыўдзіць.
Псарскі і Марына выходзяць.
Станкевіч. Дурны вы, пане Псарскі, як варона! Кіруюць вамі добрыя намеры. Але куды яны вас прывядуць урэшце? (Выходзіць.)

Дзея 13
Дом Псарскіх у Менску.

У пакоі — шафа і стол. У кутку — калыска.



Уваходзіць Салямон Псарскі ў плашчы і з шабляю на поясе.
Псарскі (азіраючыся). Ластаўка мая, сустракайце мужа! Здалёк вярнуўся я і пыл дарожны з ботаў шчэ не стрэсены.
Уваходзіць бедна апранутая Марына.
Марына. Цішэй крычыце, пане і спадар мой. Інакш абудзіцца і зноўку заплача сынок ваш. Сама ад стомы ледзьве не валюся.

Псарскі. Чаму ж служанка вам не дапаможа?

Марына. Сышла яна ўпрочкі. Мовіла, псяюха, што абяднелым спадарам служыць не хоча... Як прыніжае нэндза і галеча!.. Вы, можа, пане, грошы нам здабылі?

Псарскі (разводзячы рукамі). Адкуль узяць іх, мілая саколка? Апошнія ў Кракаве патраціў, каб дамагчыся з каралём сустрэчы.

Марына. Якую ж вестку мне прывезлі?

Псарскі. Такую, што трэба нам збірацца тэрмінова ў далёкую дарогу. (Расчыняе дзверцы шафы, выцягвае мяхі з рэчамі.)

Марына. Куды? Навошта, мой спадар міленькі?

Псарскі. З тае прычыны, ясачка, што Рэччу Паспалітай кіруе жаба. Пабожная, пыхлівая, без добрасці ў сэрцы! Сем тыдняў я выпрошваў у караля для вас уратавання. І вось вынік маіх намаганняў! (Вымае з плашча і працягвае скрутак з пячаткамі.)

Марына (бярэ і разгортвае скрутак). Каралеўскі ўказ. (Чытае.) «Мы, Жыгімонт Трэці, з Боскай ласкі кароль польскі, вялікі князь літоўскі, загадваем...» (У жаху) Ён пацвярджае мой смяротны вырак. Дае адтэрміноўку на дванаццаць тыдняў са дня апублікавання загада!

Псарскі. Той тэрмін завяршаецца сёння. Вось яна, каралеўская літасць! Дзеля яе ўвесь нажытак страціў. Завошта, Божа, так караеш?

Марына. Сёння 14 кастрычніка. Бязрадаснае супадзенне! Тры гады таму ў гэты вечар палёг касцьмі мой першы муж Станіслаў.

Псарскі. І два гады, як мы пабраліся шлюбам.

Марына. Пэўна, копію загада караля атрымаў і суддзя Станкевіч.

Псарскі. Што нам за справа да таго абэлтуха! Пакуль спахопіцца ён і прыедзе па нашы душы, мы будзем ужо далёка. Асядланыя коні нас чакаюць. Бяры дзіця, а я — рэчы. Сёння ж прэч з Менска! А потым і з Літвы. Памкнёмся на Украіну або ў Ліфлянты. Я веру, знойдзем мы куток утульны, дзе зажывём ціхмяна і шчасліва...

Марына. І вы парушыце дадзеную пад прысягай клятву? Навек зняславіце імя Псарскіх? Ахвяруеце збавеннем душы сваёй адвечнай?

Псарскі. Пакуль я побач з вамі, усе гэтыя метафізічныя матэрыі фальшывымі мне падаюцца. Адзінае, што насамрэч істотна — мы назаўсёды разам. Усё астатняе — лухта і драбяза.

Марына (роспачна). Фартуна жорстка кпіць з нас і карае.

Псарскі (разгублена). Што, мая дарачка, вы маеце на ўвазе?

Марына. Жаданняў у нас процьма. Няма грошай.

Псарскі. А што грошы! Вы залацей мне за ўсё золата ў свеце!

Марына. З цягам часу нашы коні акалеюць. Адзенне пазношваецца, а рэчы мы прададзім. А што далей? Як мы сябе пракормім? Законнікі шукаць нас стануць. Будзем жыць з аглядкай?

Псарскі. Развагі вашы, красачка мая, гучаць паныла і няўцешна.

Марына. Убоства розуму, мой пане, замінае вам прадбачыць нават блізкія падзеі. А я са скрухаю гляджу значна далей. І выразна бачу, якая будучыня нас чакае. Галеча, гора, голад!

Псарскі (ускідваючы мяхі на плячо). Годзе енчынь! Мы ведаем, што адбылося. А што адбудзецца — тое ведае адзіны Бог.

Марына. Я ведаю, што вы — прычына маёй нядолі, ліха і нягоды.

Псарскі (апускаючы мяхі). Ці ў сваім вы розуме, галубка?

Марына. Вы падманулі мяне прывіднаю марай! Дакляравалі, што ўратуеце ад смерці. А самі толькі крыху затрымалі яе надыход! І гэткае чаканне — пакута горшая за пакаранне!

Псарскі. Хіба я сам не пацярпеў бязвінна? Пазбаўлены маёмасці, багацця... Неўзабаве страчу гонар і сваё добрае імя. І ўсё дзеля вас, пані майго сэрца, гатовы адцурацца нават раю!

Марына. У Царства Нябеснае даўно зачынена нам дарога.

Псарскі. Аднак мы не пазбавім такой надзеі нашае дзіця. Каб меў наш хлопчык шанец стаць шчаслівым, мы мусім ратавацца.

Марына (павагаўшыся). Няхай усё будзе, як жадаеце, мой пане. Рассыпала расу ўжо Вечарніца і сонцу ложак рассцяліла ў нябёсах. У недалёкім часе прыйдзе цемра. Трэба спяшацца... (Вымаючы з шафы збан з віном і наліваючы ў келіхі.) Паводле звычаю мы вып’ем на дарогу. Віно нямецкае кроў разагрэе і надасць нам моцы.

Псарскі (бярэ келіх). Ахвотна. Нас цяжкая чакае пуцявіна.
Марына і Псарскі сутыкаюцца келіхамі, выпіваюць.
Псарскі (хіснуўшыся.) Мне блага... З чаго такая млявасць? Святло цьмянее... Пячэ ў грудзях!.. Што за віно мы выпілі, галубка?

Марына. Атруту, міласцівы пане дабрадзей мой. (Вымае са складак спадніцы флакон.) А гэта проціяддзе. Даруйце, але вам яго не засталося. (Выпівае вадкасць з флакона.)

Псарскі. Ты — д’яблава дачка! Якім жа быў я дурнем! Дзеля чаго згубіў жыццё і гонар?

Марына. Дзеля мяне. А значыць, не дарэмна. Вас першым выпраўляю ў змрок, каб вы спазналі: ці ёсць насамрэч пекла? Ці яго няма? Сама ж я затрымаюся, паколькі маю адну няскончаную справу.

Псарскі. Што ты яшчэ прыдумала, стварэнне пекла?

Марына. Не суджана мне жыць, як я жадала. Не даў мне лёс багацця і рабоў. Дык забяру з сабою ў цемру я і мужа, і дзіцяці.

Псарскі. Не дакранайся да дзіцёнка, ведзьма! Далібог вырасце ён шчасным чалавекам. Разумнейшым за бацьку. Дабрэйшым за маці.

Марына (пакрыўджана). Не мае права ён пражыць памысна, паколькі я пазбаўлена шчасця!

Псарскі. Цябе законы не сунялі. Аднак стрымае мой клінок!
Псарскі вымае шаблю з похваў, набліжаецца да Марыны.

Марына ратуецца ад яго, круцячыся вакол стала.

Псарскі ўпускае зброю, падае, калоціцца ў канвульсіях, памірае.

Чутны плач дзіця.



Марына схіляецца над Псарскім, цалуе яго.
Марына. Бывайце, мілы пане дабрадзей мой. (Ідзе да калыскі, прыўзнімае падушачку.) Пара памерці, хлопчык даражэнькі. Каб мог, то ты б падзякаваў матулі. Праз мой клопат не зведаеш ты аніколі брыдоты і агіды свету...

Дзея 14
Уваходзяць Станкевіч і Казімір.
Станкевіч (гледзячы на Псарскага). Баюся, мы спазніліся.

Марына (Станкевічу). Уваліліся вы да пары, заўчасна.
Марына апускае падушку на калыску. Дзіцячы плач суціхае. Казімір кідаецца да Марыны, адштурхоўвае яе ад калыскі. Марына падае. Зноў загучаў дзіцячы плач.
Марына (Казіміру). Як вы сябе паводзіце, нахабнік, з кабетаю!

Станкевіч (схіляецца над Псарскім). Здаецца, загавеў душою.

Марына (Казіміру і Станкевічу). Мусіць, задыхаліся, пакуль сюды дамчалі? Мо пажадаеце з дарогі пакаштаваць нямецкага віна?

Казімір. Я ўстрымаюся. На гэты конт я маю благі досвед.

Станкевіч (Марыне, прынюхваючыся да келіхаў). Такім напоем, пані, атруцілі мужа?

Марына. Так, прызнаюся, што свядома яго душу я з целам разлучыла. Наконт забойства пана Салямона належыць вам правесці следства і дазнанне. Праз колькі месяцаў адбудзецца земскі суд. Падам я апеляцыю ў Галоўны трыбунал. Потым звярнуся і да караля. Можа, гэтым разам манарх памілуе матулю з немаўляткам! Калі ж не спраўдзяцца мае надзеі, то ўсё роўна парачку гадоў я затрымаюся на гэтым свеце. Бо раптам пекла існуе насамрэч? Туды я іншых смела адпраўляла. Самой у апраметную патрапіць дужа страшна.

Станкевіч (скрушна). Вы крываблудная, як вораг чалавечы.

Казімір (схіляецца над Псарскім). Ваша міласць ашукаліся. Пан Псарскі не мярцвяк, але п’яны да непрытомнасці.

Марына. Брахня! Узяў ён шлюб з зямлёю! Уласнаручна згатавала я атруту, ад якой спруцянее дзясятак, а мо і сотня такіх псарскіх.

Казімір (Станкевічу). Не бачу я ані ахвяры, ані падстаў для судовай цяганіны. Няхай пан Псарскі ўволю адаспіцца. А калі заўтра ён не падымецца, тады і распачнём следства.

Станкевіч (самазадаволена). Удала выбраў я сабе сакратара!

Марына. Высновы вашы беспадстаўны! Учынкі неабгрунтаваны!

Казімір (Марыне). Вас кат і эшафот на торжышчы чакаюць.

Марына. Вы не шануеце закон! Нягоднікі! Адлюдкі! Ліхадзеі!

Казімір. Там ваша хітрая галава развітаецца з грэшным целам.

Марына. Злітуйцеся! І пашкадуйце. Як мне страшна!

Казімір. Пара ў апошні шлях. Калі шчэ можаце, то памаліцеся.

Марына. Хачу ды не магу. Сціскаюць сэрца жах, жуда і сполах.
Казімір дапамагае Марыне падняцца, выводзіць яе.

Станкевіч бярэ з калыскі загорнутае ў пялюшкі немаўлятка.


Станкевіч. Завершана злачынства пакараннем. Матуля пра сынка і не ўзгадала. Але ты не бядуй, малеча. Я даклярую — для цябе ўсё скончыцца ўдала. (Выходзіць, гайдаючы дзіця на руках.)

Дзея 15
Маёнтак Дурыніцы.

Гасцявы пакой. Інтэр’ер той жа, што і на пачатку, але пышна ўпрыгожаны кветкамі.

Уваходзіць Фелікс Віславух у новым кунтушы, вымае са стала люльку, капшук і крэсіва. Сядае ў крэсла, напіхвае люльку тытунём.

Уваходзіць прыгожа апранутая Раіна Дастаеўская.


Раіна (кланяючыся). Ці не заўгодна, пане мой, падсілкавацца? Я загадала, каб падалі грыбной поліўкі і тушаных зайцоў з шафранам.

Віславух. Ахвотна, мой анёл. Але спярша хачу я выпіць квасу.

Раіна. Як пажадае мой спадар і абаронца. (Ідзе да дзвярэй.)

Віславух. Чакай, зязюлька! Нагадай мне, калі ласка, калі пан Казімір дакляраваў прыехаць?

Раіна. Ён у лісце зазначыў, што прыедзе з панам Станкевічам сёння бліжэй да вечара. Але ж калі б не завіталі госці, мой муж і гаспадар іх не сустрэне з пустым страўнікам.
Уваходзіць Казімір, які трымае ў руцэ скрутак з пячаткамі.
Казімір (кланяючыся). Спяшаюся засведчыць шанаванне. Як кажуць, госць у дом — і Бог ідзе ў дом.

Раіна (абдымаючы Казіміра). Годзе, пане Казімір! Які вы госць! Вы — гаспадар у Дурыніцах, як і мы з мужам. А дзе пан Станкевіч?

Казімір. На ганку.

Віславух (падымаючыся). Няўжо ён зноў патрапіў у каравяк і венікам бруд з ботаў ачышчае? Гэтак ён да цемры праважкаецца.

Казімір (затрымліваючы Віславуха). У яго міласці занятак больш адказны. Люляе-калыхае немаўлятка, спявае песні ціхія яму. Дзіця стамілася ў дарозе і змарнела. Вось пан Андрэй і супакойвае, як умее, сірату гаратлівую.

Раіна. Пра якое дзіцянё ідзе гаворка?

Казімір. Пра сына нябожчыкаў Марыны і Салямона Псарскага.

Раіна. Нягожа, каб хлопчык, родная нам кроў, без бацькоў мікіціўся! Яго мы прымем, узгадуем і захаваем за ім прозвішча Дастаеўскі. Бо ён цяпер адзіны нашчадак роду Дастаеўскіх. Мой бацюхна пайшоў у магілу, не пакінуўшы пасля сябе сыноў. Не меў дзяцей і дзядзечка наш Пётр Сасінавіч. Мы з панам Феліксам ужо немаладыя. Але ад гэтае пары прадоўжыцца наш род у стагоддзях!

Казімір. Зраблю і я пачэсны свой унёсак у карысную справу. (Працягваючы скрутак з пячаткамі Віславуху.) Граматай гэтай перадаю вам правы на сваю палову маёнтка Дурыніцы. З умоваю, што будзеце вы дбайна даглядаць малога Дастаеўскага. А як дасягне паўналецця, яго вы забяспечыце грашыма, каб мог пабрацца шлюбам ён суладна з пачуццём сваім сардэчным.

Віславух (прымаючы грамату). А самі за які кошт пражывяце?

Казімір. Мне жалавання сакратарскага хапае з лішкам.
Уваходзіць Станкевіч з сонным немаўляткам на руках.
Станкевіч (шэптам). Вітаю ўсіх. Яго я заспакоіў.
Раіна баязліва бярэ дзіця з рук Станкевіча.
Віславух (Станкевічу). Спяваць я навучуся калыханкі. Мой голас, пэўна, мілагучнейшы за ваш.

Раіна (разглядваючы дзіця). О, ненаглядны мой, панадны, мілы! Бы роднага, любіць цябе мы будзем. Толькі ў любові спасцігаеш Бога. А хто кахання і любові не шукае, той аніколі і не знойдзе Бога.

Казімір. Хай Бог спрыяе нашым добрым справам!
Заслона.

1   2   3   4   5


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка