Ягор конеў Забойца з роду Дастаеўскіх




старонка4/5
Дата канвертавання19.03.2016
Памер0.72 Mb.
1   2   3   4   5

Казімір (хапаючыся за жывот). Божухна, як баліць! Ратуйце!

Марына (Казіміру). Калі насамрэч існуе Царства Боскае, то вы заслужылі яго сваімі пакутамі. Убачыце бацьку — кланяйцеся ад мяне.
Казімір здаўлена крычыць, сутаргава торгаецца, сціхае.
Марына (грэбліва). Сканаў. І анічога не сказаў на развітанне...

Казімір (падымаючыся). Цяпер скажу. Рыбная лоўля!

Дзея 5
Уваходзяць Станкевіч і Віславух.
Станкевіч (Віславуху). О, як люблю сваю пасаду я ў такія моманты! Як ганаруся нашымі выдумкамі!

Марына (Станкевічу, ашаломлена). Вы тут? Якім жа чынам?

Станкевіч. Ці памятаеце, што казаў раней вам пра інстынкт забойцы? Тады ён праяўляецца яскрава, калі Зламыснік верыць у беспакаранасць. Іншая рыба тады толькі ўхопіць чарвяка, калі не ўбачыць зблізку рыбака.

Марына. О, ашуканец! Недаверак! Брыда!

Казімір (Марыне). Ад усяго, што тут нагаварылі, вам, мачаха, ужо не адрачыся.

Станкевіч (Марыне). Мы з панам Віславухам адканваіравалі Тура ў турму і адразу ж вярнуліся. Пан Казімір гасцінна прытуліў нас у сваім пакоі. Панна Раіна цішком карміла нас. Хавацца нам было нязручна! Але ж вынік апраўдаў нашу цярплівасць.



Марына (Раіне). Атруты не было ў вашых кубках?

Раіна (Марыне). Вішнёвая настойка там была. Я пану Казіміру ў дэталях апісала сімптомы атручвання. І загадзя мы з ім дамовіліся, якія рэплікі агучым, калі стаішся ты ў калідоры.

Марына. Падманшчыца! Цябе Бог пакарае!

Раіна. У мяне будзе час, каб замаліць свой грэх — падробку тэстамента.

Марына (Станкевічу). Калі мяне вы западозрылі, чорт хітры?

Станкевіч. Як супаставіў я абодва завяшчанні. Рукою вашага мужа было пазначана: «Праўдзіва запісана з маіх слоў». Я часта сутыкаўся з падробнымі тэстаментамі. Зверыўшы почырк, зразумеў: другое завяшчанне — падробка. Так праясніўся мне матыў забойства. Затым даследаваў тэкст вашага паслання да дзядзечкі ў Менск. Пераканаўся, што новы тэстамент падрабілі не вы. Тады хто? І тут дарэчы пан Віславух мне паказаў цэдулу, напісаную сястрою вашаю Раінай. У ім я ўгледзеў характэрны націск на пяро і адпаведныя памеры літар. І так адкрылася, хто ваша саўдзельніца.

Раіна. Вымушаная саўдзельніца. З юнацтва мела схільнасць да чыстапісання. Усялякі почырк я скапіраваць магла. Аднак сваё ўмельства таіла ў сакрэце, паколькі не да твару паненцы хваліцца такімі талентамі. Толькі Марына пра ўсё ведала. І сёлета загадала мне скапіраваць почырк нябожчыка і напісаць новы тэстамент. Інакш, пагражала, выкіне мяне з маёнтка. Якую радасць я адчула, калі вашая міласць прад’явілі неаспрэчныя доказы маёй віны! Як шчасіва была ва ўсім пакаяцца і вам дапамагаць!

Марына (Раіне). Ты — боўдзіла! Дурное бервяно!

Станкевіч (Віславуху). Злачынцу — пад замок. І загадайце кучару, каб рыхтаваў карэту. У ёй адканваіруем зламысніцу ў Менск.


Віславух цягне Марыну за руку да дзвярэй.
Марына (Віславуху). Прэч рукі ад мяне, нікчэмнік!

Віславух (Марыне). Годзе джаліць, змяя! Ты пазбаўлена джала!
Віславух перакідвае Марыну цераз плячо і выносіць, не зважаючы на тое, як злосна яна барабаніць яго па спіне кулакамі.
Станкевіч (Раіне). Я ўдзячны вам за дапамогу правасуддзю. Яшчэ належыць далучыць да справы пратакол вашых паказанняў. Яго складзе мой сакратар. Будзьце з ім шчыраю. (Казіміру) А вашыя сведчанні, пане Казімір, я запішу асабіста.

Казімір. Прашу ў маю святліцу, ваша міласць.
Пакланіўшыся Раіне, Станкевіч і Казімір выходзяць.

Дзея 6
Уваходзіць Віславух, зніякавела кашляе, сядае за стол, падсоўвае стос паперы, торкае пяром ў чарніліцу, піша.
Віславух. Не я, а вы цяпер жыццём рызыкавалі. І мушу вам, вялебная панна, выказаць пачцівае захапленне.

Раіна. Калі б мяне паклікалі вы замуж, то я ахвотна пагадзілася б.

Віславух. Злітуйцеся, які з мяне жаніх! Я бедны, як...

Раіна. І я амаль жабрачка. А ўсё ж, мяркую, вартыя жалю тыя, хто вымярае сямейнае шчасце талерамі, дукатамі ды злотымі.

Віславух. Але не вымаўлю я слоў, якіх мы прагнем...

Раіна. Чаму ж?

Віславух (указваючы услед Станкевічу). Маё наканаванне — клапаціцца пра яго. Яму жыццём я абавязаны. Дзевяць гадоў, сем месяцаў і ўжо тры тыдні... Яго не толькі я ад кулі і ад шаблі бараню. Я даглядаю, каб ён сытна харчаваўся, каб чыста і ахайна апранаўся, каб быў у канцылярыі парадак. Без мяне пану Андрэю блага будзе... Ці думалі вы пра тое, чаму наша Рэч Паспалітая, дзе спрэс бязладдзе і тумульта, аніяк не разваліцца? А таму, што трымаецца Рэспубліка на такіх дбайных рупліўцах закону, як пан земскі суддзя Станкевіч...

Раіна. Беражыце сябе на службе, мілы пане Фелікс. Дала зарок я Боскай Маці — калі мне суджана ўзяць шлюб, дык толькі з вамі.

Віславух (гнеўна). Такой ахвяры я прымаць не смею!

Раіна (дзёрзка). А гэта мне дазвольце вырашаць!

Віславух (цягне каўнер). Мне цяжка дыхаць, неяк непамысна! Выбачайце, але я не ў стане пратакаліраваць вашыя паказанні. Вы напішыце знізу: «Пацвярджаю». Астатняе я дапішу ў Менску.
Раіна бярэ пяро, падпісвае паперу, кланяецца, выходзіць.

Віславух уздыхае, складвае пісьмовы набор, выходзіць.



Дзея 7
Менск. Памяшканне суда.

Уваходзіць Віславух, уводзіць Марыну і Тура, у якіх звязаны рукі.


Віславух. Нагадваю прысутным пра захаванне павагі да судовых пастаноў. Парушальнікаў парадку чакае строгае спагнанне. Няхай здзейсніцца правасуддзе! Яго міласць пан суддзя Андрэй Станкевіч.
Уваходзіць Станкевіч у судзейскай мантыі, капелюшы і з папяровым скруткам у руцэ.
Станкевіч. Іменем закону! З Боскай волі і дазволу караля і вялікага князя! Слухаецца справа пра забойства ўладальніка маёнтка Дурыніцы Станіслава Карловіча яго аканомам Янам Турам па наўмысніцтву Марыны Карловіч, у дзявоцтве — Дастаеўскай. Судом разгледжаны доказы віны і паказанні сведак. (Марыне і Туру) Ці прызнаеце вы сваю віну ў ажыццяўленні гнюснага злачынства? Я нагадаю, што ў працэсе дазнання выкарыстоўваюць бізун і прэнг...

Тур. Я прызнаюся. Мне шкада і горка.

Марына. А я абвінавачана бязвінна! Я мужа любага не забівала! (Ківае ўбок Тура.) Вось каго д’ябал спакусіў на злы ўчынак!

Тур (Марыне, абурана). Не д’ябал. Вы мяне падгаварылі! Шмат месяцаў прасілі ды малілі. Шмат тыдняў папракалі, пагражалі. Душою саслабеўшы, я стаўся зброяй вашых злых намераў. Але ж я каюся ў сваіх грахах! А вы ані пра што не шкадуеце. Дык вы і ёсць сапраўдная забойца! А я — ахвяра, як і пан Станіслаў...

Станкевіч. Той, хто забіў, і той, хто натхняў на злачынства, панясуць роўную долю адказнасці за пралітую кроў хрысціянскую.

Марына (Станкевічу). Я прызнаю віну. Прашу пазбавіць прэнгу. Малю вас праявіць спагаду да майго полу і шляхетнага паходжання. Не забівайце маю веру ў міласэрнасць!

Станкевіч. Паколькі абвінавачаныя не адпрэчваюць сваю віну, то я пастанаўляю, што катаванне ўжываць не мае сэнсу.

Віславух (сабе). Шкада! Маглі б і скарыстаць дзеля парадку...

Станкевіч (разгортвае скрутак). «Закон Вялікага княства Літоўскага разглядае забойства ў шэрагу найцяжэйшых злачынстваў перад Богам. Належыць строга караць душагубаў, не зважаючы на іх пол і статус. Інакш пад цяжарам іх учынкаў дзяржава разбурыцца, а люд паспаліты ўгразне ў граху і адчаі. Таму суд спасылаецца на артыкул трэці раздзела дванаццатага Статута 1588 года, паводле якога калі муж жонку або жонка мужа загубіць, то такога людабойцу трэба без усялякай літасці караці горлам адпаведным звычаем...»

Тур (спалохана). Што за звычай такі?

Віславух (Туру, зласліва). Паверце, вам ён будзе не па сэрцы.

Станкевіч. «І тых зламыснікаў па торжышчы возячы, ірваць ім цела абцугамі, затым пасадзіць у скураны мех, а з імі — сабаку, пеўня, вужаку і ката. Мех зашыць і ў глыбіню водную пусціць».

Марына (разгублена). А пеўня і сабаку навошта?

Віславух. Судовая сімволіка, якая перайшла да нас у спадчыну ад рымскага права. Змяя, кот, певень і сабака — жывёлы, якія здавён увасабляюць крывадушнасць і няўдзячнасць да сваіх суродзічаў. За вашае злачынства пакаранне мусіць быць павучальным.

Станкевіч. «Прыгавораныя маюць месяц і два тыдні на апеляцыю, пасля чаго наш прысуд абскарджанню не падлягае. Няхай Бог злітуецца з іхніх грэшных душаў!»

Тур. Я ўжо змірыўся з думкаю, што за правіну буду пакараны. Але нашто тапіць мяне ў Свіслачы? Лепей ламайце мяне жалезным колам! Садзіце на кол! У вогнішчы паліце!

Станкевіч. Мне дзіўнавата чуць такія просьбы.

Тур. Калі сканаю я на дне рачным, то мая душа там назаўжды і застанецца! Навекі ў кампаніі ката, сабакі, пеўня і змяюкі. О, жах! Калі ж памру я ў пакутах у полымі або на вострай палі, то душа мая памкнецца напрасцяк у неба, нацянькі да райскіх шатаў.

Віславух (Туру). Хто вас у рай пусціць, гіцаль вы гэткі?

Тур. Бог літасцівы. Можа, Ён даруе.

Станкевіч (Туру). У вашай мосці будзе процьма часу паразважаць наконт вышэйшай волі. Мінаюць дні марудна ў вязніцы. (Віславуху, указваючы на Марыну і Тура.) Падсудных — у турму!

Дзея 8
Уваходзіць Салямон Псарскі з папяровым скруткам у руцэ.
Псарскі (кланяючыся Станкевічу). Пры ўсёй маёй павазе да земскага суда адважуся аспрэчыць я намер ваш трымаць за кратамі шаноўную пані Марыну Карловіч.

Віславух. Што за нахабнік да нас уварваўся?

Псарскі (працягваючы Станкевічу скрутак). Як вядома, вышэй за вашу юрысдыкцыю пастановы Галоўнага трыбунала Вялікага Княства Літоўскага. Суддзя Трыбунала пан Пётр Сасінавіч Дастаеўскі прадпісаў, што калі яго пляменніца аспрэчыць вырак менскага земскага суда і падасць апеляцыю...

Марына. Вядома, я аспрэчу і падам! (Туру, з пагардаю) Няхай бязвольныя на долю наракаюць. Мая барацьба толькі распачалася!

Псарскі (Станкевічу). …то на час, пакуль Галоўны трыбунал будзе разглядаць вышэйзгаданую апеляцыю, абвінавачаная можа быць узята на парукі асобамі, вартымі павагі.

Станкевіч (хмурна). Мабыць, вы і ёсць тая асоба?

Псарскі. Зямянін Салямон Псарскі да вашых паслуг.

Станкевіч. Свае паслугі лепш прапанавалі б вы ў іншым месцы.

Псарскі. Быў доўгі час суседам я Карловічаў і скрушныя ў сэрцы таіў жарсці да прывялебнай жонкі пана Станіслава. Калі Гасподзь забраў пана Станіслава ў Свае шаты, я не паверыў у вінаватасць пані Марыны. А як пачуў наконт яе арышту, то дзейнічаў рашуча. Прадаў стары маёнтак і старую прыслугу ды набыў дом тут, у Менску, дзе буду даглядаць гэтае райскае стварэнне, пакуль Галоўны трыбунал не прыме справядлівага вердыкту.

Станкевіч (прыкра). Дарэмныя ўсе вашы намаганні!

Псарскі. Усе ведаюць умовы прабывання ў нашых турмах. Мала хто з вязняў там пражыве даўжэй як год.

Марына (радасна). Сам Бог мне дасылае пана Псарскага!

Віславух (змрочна). Хутчэй за ўсё нячысцік.

Псарскі (прыкладваючы руку да сэрца). І ўсведамляючы ўсю меру адказнасці, я прысягаю гонарам, маёмасцю і ўратаваннем душы, што не дазволю пані Марыне Карловіч пакінуць горад, пакуль яе не апраўдае Галоўны трыбунал. Калі ж пані Марына ўцячэ за межы Рэчы Паспалітай, то я гатовы цярпець кару за яе.

Тур (Марыне). Вам даспадобы, калі іншыя пакутуюць за вас!

Станкевіч (Псарскаму). Ці разумееце вы, што ступілі на шлях, які незваротна прывядзе вас у пекла?

Псарскі. Жыць без кахання — вось што такое пекла.

Станкевіч. Зноў ашукаліся вы, пане Салямон. Пекла — з’ява куды больш страшнейшая за катлы з кіпенем і распаленыя патэльні. У пазачаснасці ваша душа будзе сузіраць жахлівыя наступствы ўчынкаў вашых і памылак. І вы не зможаце заплюшчыць вочы...

Псарскі. Пры ўсёй маёй павазе мяркую, што развагі наконт сутнасці інфернальнага выходзяць за межы вашых паўнамоцтваў.

Станкевіч. Вы прыграваеце гадзюку каля сэрца!

Псарскі (указваючы на Марыну). А вы дакараеце чароўную ружу за тое, што прыгажосць сваю яна бароніць вострымі шыпамі. Аднак ружа ўсё роўна застанецца ружай у імені сваім.

Станкевіч (з горыччу). Эх, вы, батанік! Дурань! Доўбня!

Псарскі. Ваша міласць не мае права аспрэчыць прадпісанне пана суддзі Галоўнага трыбунала.

Станкевіч. Маеце рацыю. Зычу вам здароўя. (Выходзіць.)

Тур (Псарскаму). Прыміце і мяне вы пад апеку. (Ківаючы ў бок Марыны). Быў ёй адданым я сабакам. Надзейна стану вам служыць.

Псарскі (Туру, грэбліва). Пан Станіслаў Карловіч вам паверыў. Як вы аддзячылі яму за дабрадзейства?

Віславух (штурхаючы Тура). Насамрэч у нашай турме не ўсё так блага, як брэшуць злыя языкі. Там значна горш.


Віславух і Тур выходзяць.

Дзея 9
Псарскі развязвае Марыне рукі.
Псарскі. Як шчаслівы я гаварыць з вамі сам-насам. З багіняю, што да мяне сышла з нябёсаў!

Марына. Вы памыляецеся, мілы пане. Вы — мой уладар. А я, калі захочаце, буду служкаю вашай давеку.

Псарскі. Як доўга марыў я пра надыход такога дзівоснага імгнення! Мяркую, што ад гэтае пары вам статус удавы больш не пасуе.

Марына. Я поўнасцю ў вашай волі.

Псарскі. Хачу бачыць вас сваёю жонкай! (Апускаецца на калена, вымае з кішэні кунтуша і працягвае пярсцёнак.) Прашу прыняць пярсцёнак у знак рашучасці маіх намераў.

Марына (разглядваючы пярсцёнак на сваім пальцы). Якія мудрагелістыя гулі вядзе з намі падчас Фартуна! Прачнулася ўдавой Карловіч, а засынаць я буду пані Псарскай.

Псарскі. Я ўжо дамовіўся са святаром. Нас хутка павянчаюць у касцёле. Але найперш вы мусіце адкрыцца мне, як на споведзі: ці маеце дачыненне да зламыснага забойства мужа вашага?

Марына. Калі й дапусціць такую думку, то што далей? Ці вернеце ў вязніцу мяне? Ці зможаце глядзець, як буду горлам пакарана?

Псарскі (падымаючыся). Адказвайце мне праўду!

Марына. А што ёсць праўда!.. А калі вам прызнаюся, што пасля шаснаццаці гадоў апрыклага шлюбу і непрабуднага п’янства мужа я пакрысе зняверылася? Аднойчы з горыччу я зразумела: няма ані Боскай міласэрнасці, ані Боскага гневу. Верагодна, Бог стварыў усё існае, а потым памёр ад старасці. Мала хто здагадваецца, што мы даўно пакінуты без нагляду Вышэйшай волі. Значыць, кожны мусіць дзейнічаць, як пажадае.

Псарскі. Вы хочаце сказаць, калі няма Бога, то ўсё дазволена?

Марына. Хачу сказаць, што моцная натура не абавязана прымаць абмежаванні, якія нехта некалі назваў мараллю.

Псарскі. А калі Бог усё ж існуе?

Марына. То ў дзень Страшнага Суда пан Станіслаў Карловіч даруе ўсё сваім забойцам. Бо Гасподзь — гэта дабрыня і міласэрнасць.

Псарскі. Хіба зусім вы не такая, якой я ўяўляў вас столькі часу?

Марына. (памаўчаўшы). Не вінавата я ў смерці мужа. Ян Тур, жарсцю апантаны, злачынства тое здзейсніў. Паколькі ён не хоча, каб я некаму яшчэ належала, то абгаварыў мяне. І суддзя яму паверыў.

Псарскі. О, ён пачвара! А суддзя Станкевіч пазбаўлены розуму!

Марына. Я шчыры вам дала адказ. Той, што пачуць вы пажадалі.

Псарскі. І ўсё ж я разумею тых, хто дзеля вас адважыцца на ліха!.. Нарэшце адшукаў я сваю долю і ў яе прымаю наша шчасце.

Марына. (працягваючы руку). О, улюбёнец мой найслаўнейшы! Як галубка побач з сокалам, я з вамі палячу насустрач усім нягодам.
Псарскі і Марына выходзяць.

Дзея 10
Кабінет суддзі Станкевіча: шафа, крэслы і стол.

Уваходзіць Казімір Карловіч са скруткамі ў руках, ніякавата туліцца ў кутку.

Уваходзяць Віславух з даўгімі скруткамі пад пахай і Станкевіч у судзейскай мантыі. Яны не заўважаюць візіцёра.
Станкевіч. Спрачацца з суддзямі Галоўнага трыбунала — усядно, што цяляці з дубам боўкацца. Яны не чуюць маіх довадаў!

Віславух. Такое часта з вамі ўжо здаралася!

Станкевіч. Звон талераў ім толькі лашчыць слых.

Віславух (разводзіць рукамі). І здарыцца яшчэ не раз!
Судзейскія скруткі падаюць на падлогу. Віславух падымае іх, складвае на стол. Казімір памкнуўся яму дапамагчы.

Віславух і Казімір сутыкаюцца ілбамі.


Віславух (радасна). Ах, што за госць да нас прыехаў! Які шчаслівы вецер прыгнаў вас, пане Казімір?

Казімір. Сёння атрымаў я ў канцылярыі судовае паведамленне. Маёмасць бацюхны зацверджана за мною. Хачу засведчыць вам сваю пашану. (Станкевічу) Сардэчна ўдзячны вашай міласці за ўсё.

Станкевіч (раздражнёна). А я, прызнаюся, зусім не схільны да прыязненькай размовы. Падзякавалі мне — ступайце з Богам.

Віславух (Казіміру). Але перад адыходам адкажыце, як маецца панна Раіна Дастаеўская? Ці здаровая? Ці ўсё ў яе ладам?

Казімір. Здаровая. Але настрой мае няшчасны.

Віславух. Трынаццаць месяцаў, тры тыдні і пяць дзён мінула з тае пары, як развіталіся мы. А ці згадвае яна пра мяне?

Казімір. Штодня. І часта піша вам.

Віславух (здзіўлена). Мне? Я анічога не атрымліваў з Дурыніц.

Казімір. Бо вам яна іх і не адпраўляла. Звычайна, як напіша, то суне за ікону ды памоліцца за вас. Праз пэўны час збірае ўсе лісты і кідае іх у печку. А потым зноў складае вам пасланні. Некаторыя з іх я скраў. (Працягваючы Віславуху скруткі.) Можаце азнаёміцца.

Віславух. Хіба тактоўна мне чытаць лісты чужыя?

Казімір. Прыстойна, бо вінаваты вы ў яе пакутах.

Станкевіч (іранічна, Казіміру). Паквапіліся вы на рухомую маёмасць панны Раіны. Сцеражыцеся, каб скаргу не падала на вас.

Казімір. Найлепшым чынам я ўрэгуляваў маёмасныя пытанні. Панне Раіне надаў статус саўладальніцы маёнтка. Адпаведным пагадненнем я зазначыў, што калі панна Раіна пойдзе замуж па ўласнай згодзе, то палова Дурыніц з прыналежнымі землямі стануць яе пасагам. Прапановы рукі ды сэрца ёй паступалі ўжо. (Выразна пазірае на Віславуха.) Ды ўсім яна рашуча адмаўляла.
Віславух бярэ скруткі, паглыбляецца ў чытанне.
Станкевіч (Казіміру). Мяркую, пане Казімір, вы заявіліся не толькі за тым, каб папсаваць настрой майму сакратару?

Казімір. З Менска ў Дурыніцы ідуць навіны доўга. А мне карціць пачуць, як рухаецца справа пра пакаранне забойцаў майго бацькі!

Станкевіч. Мушу засмуціць вас. Каторы месяц пан суддзя Галоўнага трыбунала Пётр Сасінавіч Дастаеўскі зацягвае разгляд справы. А сам тым часам задобрывае калег каштоўнымі дарункамі, каб дамагчыся для пляменніцы апраўдальнага прысуду.

Казімір. Як горка чуць такое!

Станкевіч. Як пэўна і тое, што ваша мачаха, не марудзячы, выйшла замуж за пана Салямона Псарскага. Яны павянчаліся ў касцёле недалёка ад Кальварыйскіх могілак.

Казімір. Там бацюхна мой пахаваны.

Станкевіч. Сціплая ўрачыстасць адбылася 14 кастрычніка.

Казімір. У гадавіну яго смерці! О, д’яблава стварэнне! О, халера!

Віславух (цалуе лісты). Мая саколка! Сонейка! Галубка!

Станкевіч (Віславуху). Што з вамі, пане Фелікс?

Віславух (патрасаючы скруткамі). О, пачыталі б вы, як піша абаяльна! Бясспрэчна, сярод Дастаеўскіх ёсць схільнасць да прыгожага пісьменства. Як пранікаюць яе словы проста ў душу!

Станкевіч (працягваючы руку). Што ж, дайце, пачытаю.

Віславух (прыціскаючы лісты да грудзей). Саромлюся. Не дам.

Станкевіч. Ваша сэрца даўно ўжо ёй належыць, пане Фелікс.

Віславух (змрочна). Я буду побач з вамі, а не з ёю.

Казімір (Станкевічу). Мяркую, ваша міласць, што за дзесяць гадоў беззаганнай службы пан Віславух заслужыў адпачынак. Прашу вас — адпусціце яго пагасцяваць у Дурыніцы. Мажліва, свежае паветра, смачная ежа і прыемная суседства пойдуць яму на карысць.

Віславух. А я мяркую, вашым языком лепей падлогу падмятаць!

Казімір (Станкевічу). А калі пан Фелікс раптам ажэніцца з нейкай вартай павагі паненкай, то няхай у Дурыніцах і застаецца. У нашай гаспадарцы патрэбна дбайная рука і пільнае вока.

Віславух (цягне Казіміра да парога). Не крыўдуйце, пане Казімір, але маё калена ўчыніць псоту вашаму азадку!

Станкевіч. Пан Віславух, я адпраўляю вас у адпачынак на год.

Віславух (адпускаючы Казіміра, Станкевічу). Глупства вы верзяце! Як можна вам без сакратара?

Станкевіч. Іншага найму.

Віславух. Дазвольце пацікавіцца — каго?

Казімір (Станкевічу). Можа, мяне?

Віславух (Казіміру, здзіўлена). Вас?

Станкевіч (Казіміру). А як жа мара пра манаскі пострыг?

Казімір. Пажыў я ў кляштары тры тыдні. І добра ўсвядоміў, што для такога служэння не маю ані наканавання, ані моцы.

Станкевіч (усміхаючыся). І вы рашылі: калі не чарнарызнікам, то неадменна стаць сакратаром у судзе?

Казімір. У абіцелі часта я думаў пра тое, як шмат людзей у свеце штодня памірае ад старасці ў адзіноце і пакутах. І мабыць, хацелі б яны здзейсніць штосьці важнае, патрэбнае іншым, але не маюць ужо ані моцы, ані магчымасці такой. І мысліў я тады, што пакуль маю сілы, мушу паслужыць закону і справядлівасці. А паколькі вы адзіны сумленны суддзя, якога ведаю, то вам гатовы слугаваць аддана. Вы не зважайце, што мне досведу бракуе. Той недахоп запоўню я дбайным й цягавітым стаўленнем да справы.

Станкевіч. Даруйце, пане Казімір, за шчырасць, аднак не здатны вы з такой чулліваю душой да нашай справы.
1   2   3   4   5


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка