Ягор конеў Забойца з роду Дастаеўскіх




старонка3/5
Дата канвертавання19.03.2016
Памер0.72 Mb.
1   2   3   4   5

Станкевіч. Цяпер кажу вам праўду. Не заўсёды я быў суддзёю. Не заўсёды марыў ім стаць. У маладыя гады я пакахаў адну паненку з Маладзечна. Марыў злучыцца з ёй законным шлюбам. Здабыў на тое згоду бацькі. Ды на бяду яе бацюхна ўлез у змову супраць каралеўскай улады. Як належыць у такіх выпадках, узялі на катаванне ўсю сям’ю. Дзяўчына, што была душы маёй уцеха, не ведала пра бацькавы сакрэты, аднак суровасці дазнання не вытрымала. Памерла на дзвесце першым удары. А я застаўся адналюбам. (Уздыхае.)

Казімір. Хацеў бы я суцешыць вашу міласць. Ды разумею, што аніякія словы не змякчаць пякучага адчаю ў вашым сэрцы.

Станкевіч. З чаго пускаць мне ў сэрца роспач? Я мяркую, што яна добразычліва пазірае на мяне з нябёсаў. Мы неадменна з ёй злучымся. Пасля маёй смерці. А да тае пары я мушу шмат чаго яшчэ здзейсніць. Дзеля яе павінен я старацца, каб не пацярпелі бязвінныя, і каб аніякае злачынства не засталося без пакарання.

Казімір. І пасля ўсяго, што расказалі, адашлеце мяне на прэнг?

Станкевіч (моршчыцца). Назад у клець, а не на прэнг. Вы, пане Казімір, бы той шчанюк, які не вырас у ваўкарэза. Рыбная лоўля!

Казімір. Што?
Уваходзіць Віславух.
Віславух (Казіміру). «Рыбная лоўля» ў нас выраз адмысловы. Як ён прагучыць, я мушу з’явіцца.

Казімір. Вы ўвесь час падслухоўвалі ў калідоры?

Віславух. І краем вока пазіраў у шчыліну. Як заўсёды, калі мне загадае яго міласць. (Указвае.) Вы мелі пад рукою качаргу. А пан суддзя, калі палохаў, знарок да вас спінаю павярнуўся. Калі б насамрэч мелі вы злачынныя намеры, то, пэўна, паспрабавалі б праламіць яму галаву і ўцячы.

Казімір. Вы, бачу я, майстры на вытанчаныя хітрыкі.

Станкевіч. Мы хітрасць гэтую празвалі «рыбнай лоўляй». Тут я — прынада на кручку, а сакратар мой — вуда. А вы, пане Казімір, зусім не шчупак. Вы — карась. Вас ледзьве не падалі з падліўкаю на стол. (Віславуху, указваючы на Казіміра.) Пане Фелікс, назад яго ў клеці. Ды пастаўце вартаўнікамі двух чалавек з прыслугі. Забойца бацькі не ўтаймуецца, пакуль не пахавае і сына.

Казімір. Ці можна мне ў лазню, ваша міласць?

Станкевіч (Казіміру). Ваш бацюхна схадзіў у лазню — і цяпер на могілках. Рана вам туды. Дарэчы, чуў я, быццам французы вынайшлі новую тэорыю душы. Маўляў, душа знаходзіцца не ў крыві, а ў водары чалавека. На гэты конт паразважайце вольным часам.

Казімір. Прашу, хаця б ручнік мне чысты. І вядро вады.

Станкевіч (Віславуху). Распарадзіцеся. І запрасіце да мяне пані Марыну. Адну. Без аканома.

Казімір (Станкевічу). Хай Бог спрыяе вашым добрым справам!
Віславух штурхае Казіміра да дзвярэй. Выходзяць.

Дзея 11
Станкевіч расхаджвае па пакоі, прымяраецца.
Станкевіч (сабе). Спыніцца тут?.. Пайсці туды... (Выхоплівае з рукава корд, хавае назад.) Што ж, я гатовы да прыязнай размовы.
Уваходзіць Марына Карловіч.
Марына (прысядае ў паклоне). Вашу міласць прыгнятае сумны роздум? Ці не заўгодна адпачыць і павячэраць?

Станкевіч (гулліва). Пакуль нам рана абцяжарваць страўнік. Як ваша мосць мае пачуе словы, то, мабыць, закружыцца над зямлёй.

Марына. Што ж мне прамовяць вашы вусны?

Станкевіч. Злачынца выяўлены. У смерці пана Карловіча вінаваты Казімір. Заўтра дастаўлю яго ў Менск. Там зламысніка чакаюць дазнанне, суд і пакаранне.

Марына. Ваш праніклівы розум усялякую таямніцу ўведае, усялякую складанасць разблытае, усялякую загадку распазнае.

Станкевіч. Аднак жа канчатковы вердыкт па вашай справе будзе вынесены не раней, як праз колькі тыдняў. Мо праз колькі месяцаў. У горшым выпадку, праз колькі год. А да тае пары юрыдычна...

Марына (засмучана). Я не маю правоў на маёмасць мужа.
Уваходзіць Ян Тур.
Станкевіч. Як мне агоркла пра такое мовіць! Але чаму чароўнае аблічча ваша агорнулася роспаччу? Нібы сонца закацілася за хмару, прыемная ўсмешка знікла з вашых вуснаў. Працэс разгляду вашай справы можна і паскорыць. Ад вас толькі ўсё залежыць...

Марына (Туру, рэзка). Пан Тур, яго міласць жадае гаварыць са мной сам-насам. Чужыя вушы нам недаспадобы.

Тур (бярэ качаргу, адчыняе засланку печы). Я правяраю печку.

Станкевіч (Туру). Дзякуй вам за клопат. Вы лепей загадайце, каб мне напалілі лазню. І самі прынясіце збан віна.

Тур (старанна варушыць вуголле). Усё зраблю для вашай міласці.

Станкевіч (Марыне). Ах, мілая пані, я бачу, як вам цяжка! Між тым, жыццё вашае павінна ясным быць. О, як удзячны я Пану Богу, Які адорыў нас, грэшных, пачуццём кахання! Гляджу на вас, паваньку прыгожую, і гатовы мілаваць вас збытачнай любоўю.
Тур сутаргава выпускае качаргу, але Станкевіч, павярнуўшыся да яго спінаю, быццам анічога не чуе.
Марына. Красамоўнасць вашай міласці лёстачкамі душу маю вымае, салодка лашчыць і да граху схіляе.

Станкевіч. Ах, наймілейшая любачка, цяпер, калі справа амаль што вырашана мною на вашу карысць, пара задаволіць нам патрабаванне прыроды і па сардэчнай частцы.

Марына. Ад слоў такіх губляю розум.

Станкевіч. Пані ясная, усцешце маё смутнае сэрца сваёй ласкай. А я даклярую, што земскі суд у кароткі тэрмін прызнае вашае права законна валодаць маёнткам, вёскаю Дурыніцы і ўсімі яе жыхарамі.

Марына. Я згодна на ўсё, што вашай міласці заўгодна.

Станкевіч. На гэты конт пазней мы пагаворым падрабязней. Я адпачну, памыюся ў лазні, у прыцемках прыйду ў вашу святліцу. Сам-насам нетаропка мы абмяркуем усе акалічнасці вашай справы.

Марына. Вялікую з таго я радасць маю.

Станкевіч. О, дарачка, ясачка, як вы ўмееце распаліць мужчыну! Непараўнальная лагоднасць ваша зняволілі мой розум і намеры!
Тур з бразгатам зачыняе засланку печы, выходзіць.
Станкевіч (азірнуўшыся, МАРЫНЕ). Пан Тур пачуў нас?

Марына. Ваша міласць гаварылі ціха.

Станкевіч (суправаджаючы МАРЫНУ да дзвярэй). Лёс кожнаму аддзячыць па заслугах. Мы з вамі заслужылі ноч кахання.

Марына (кланяючыся). Дзякую вашай міласці за тое, што з ласкі сваёй абралі мяне за верную служэбніцу. (Выходзіць.)

Дзея 12
Уваходзіць Віславух.
Віславух (занепакоена). Я не пачуў слоў «рыбная лоўля».

Станкевіч. Між тым яна распачалася. Чарвяк маны насаджаны і вуда закінута ў страшныя віры. Напэўна не ведаю, якую рыбіну зловім.

Віславух. Або якая рыбіна нас з сабой на дно зацягне.
Станкевіч здымае пояс, кунтуш і жупан.

Віславух складвае яго адзенне ў шафу.


Станкевіч. Будзьце непрыкметным, але напагатове, пане Фелікс. Сваё жыццё зноў давяраю вам.

Віславух (гнеўна). Жыццём сваім вы рызыкуеце занадта часта!

Станкевіч. Арабы кажуць: страх душу з’ядае. Ці шмат мы з вамі злодзеяў схапілі б, калі б дрыжалі перад небяспекай?.. Сёння паўтару я шлях, якім ішоў Карловіч у ноч свайго забойства.

Віславух. Мяркуеце, Зламыснік вас падсцеражэ?

Станкевіч. Мажліва, ён будзе не адзін.

Віславух. Вы таксама не адзін. Я з вамі.

Станкевіч. Вам лепш стаіцца ў хмызах пры дарозе.

Віславух. Як вам заўгодна. (Выцягвае з шафы мех, працягвае.) Тут чыстая бялізна і рушнік. Лёгкай вам пары.
Станкевіч закідвае мех за плячо, жагнаецца, выходзіць.

Дзея 13
Віславух (парадкуе судзейскія рэчы, гаворыць сабе). Што вы за чалавек, пане Андрей!.. Жыццё шануеце, нібы шчарбаты талер... Забыліся, у якой дзяржаве жывяце? Хто ў нас трымаецца законаў?.. А вам важна, каб зважалі на закон хаця б у Менскім павеце... Дзеля чаго ўсе высілкі ды намаганні?.. Забудуць вашы слаўныя ўчынкі раней, чым самога знясуць на могілкі!
Уваходзіць Раіна Дастаеўская, прысядае ў паклоне.
Раіна. Маё вам шанаванне, пане Фелікс. Не першы дзень я пазіраю за вамі праз акно. І адчуваю, што бяда выспявае.

Віславух. Пан суддзя падазрае, што вы, панна Раіна, пра ўсё, што адбылося тут, ведаеце куды больш, чым казалі дагэтуль.

Раіна. Грэшніца я вялікая. І расплата мне будзе страшная. Ды суцяшэннем мне ў пекле стане думка, што адзіную хрысціянскую душу я ўратавала. Вашу, пане Фелікс.

Віславух. Вельмі ўдзячны вашай мосці за такі клопат.

Раіна. Уцякайце з маёнтка. Хутчэй. Можа, паспееце. (Здымае з шыі медальён, раскрывае яго.) І вось яшчэ надзейны сродак, які вас уратуе ад навалы. У гэтым медальёне захоўваецца паперка, на якой я напісала малітву ўсім святым. (Вешае медальён на шыю Віславуха.) Анёлы мяне пачуюць і вас схаваюць ад забойцы.

Віславух. Ці ведаеце, хто ён? Гаварыце!

Раіна. Досыць роспытаў. Бывайце, пане судзейскі сакратар.

Віславух. Куды ж вы?

Раіна. Барані вас Бог. (Кланяецца, выходзіць.)

Віславух (сабе). Дужа прынадная белагалоўка!.. Пошаптам мне мовіла пра малітвы, а ў самой быццам заквець распусцілася на шчочках... Ах, цалаваў бы яе губкі малінавыя, гладзіў бы валасы руністыя! Былі б мы слаўная парачка, баран і ярачка! (Уздыхае.) Глупства верзяце, пан сакратар. Рыхтуйцеся лепш да спаткання з забойцам. (Вешае на бок шаблю, суе за пояс пісталет. Выходзіць.)

АКТ 2
Дзея 1
Прыцемкі.

Ап’янела хістаючыся, уваходзіць Станкевіч у доўгай кашулі, ботах, з пустым збанам у руцэ. Ставіць збан на стол.


Станкевіч (напявае).
У паганцаў жонкі

Паміралі ўслед за мужам...


(Ікае.) Навошта я пакінуў сакратара ў лесе? Ніхто не сустрэў мяне... А цяпер Віславух дапамог мне бы апрануцца...

(Спявае.)


А цяпер мужа хаваюць,

Скочуць і не тужаць…


(Ікае.) Ну, пара да пекнай Удавы...
Станкевіч адчыняе шафу.

З шафы выходзіць Ян Тур з шабляй у руцэ, замахваецца.

Станкевіч ухіляецца ад яго ўдара, бяжыць да дзвярэй.

Тур заступае яму шлях. Адступаючы, Станкевіч падае.


Станкевіч. Я думаў, падпільнуеце мяне вы па дарозе з лазні.

Тур. І я падумаў, што вы так падумаеце. Я бачыў, як ваш памагач сноўдаў па ўзлессі. Таму стаіўся тут.

Станкевіч (устае на калені). Дамовіцца мы можам.

Тур. Я не стану.

Станкевіч (малітоўна складвае рукі). Я няўзброены. Вы ўсемагутны. Ці дасцё мне крыху часу, каб памаліцца перад сконам?

Тур. Карловічу не даў. І вам не дам. Ён верашчаў, як дзік пад кордам. А вы сканаеце, як збродлівы сабака.

Станкевіч. Цікаўнасць не дае спакою. Адкажыце на апошняе ў маім жыцці пытанне: завошта вы яго забілі? Яна вас папрасіла?

Тур. Анічога яна не ведала, ні пра што не падазравала. Яна прыйшла ў гэты свет, каб стаць маёй. Восем гадоў я назіраў, як гэткая нікчэмнасць валодае ёю! Ды вычарпалася мая цярплівасць. Смяротны грэх узяў я на душу, каб непарыўна злучыць нашыя жыццёвыя дарогі. І нікому не дазволю дакрануцца да яе!

Станкевіч (б’е сябе па руках). Клянуся, я не меў такіх намераў.

Тур. Твая душа і душа сакратара адправяцца на неба. А вашыя грэшныя целы пасяку на кавалкі ды свінням скармлю...

Станкевіч. Прыспеў час і для рыбнай лоўлі!
Уваходзіць Віславух з пісталетам у адной руцэ і шабляй у другой.
Віславух (Туру). Кінь шаблю, злыдзень!
Тур раптоўна выбівае пісталет з рукі Віславуха.

Віславух і Тур б’юцца на шаблях.

Станкевіч вымае з рукава кароткі корд, падкрадваецца да Тура, злаўчышыўся, прыстаўляе корд да горла Тура.
Станкевіч (Туру). А ну, кінь шаблю, чорт кашлаты!
Тур кідае зброю. Віславух б’е Тура пад дых. Тур падае. Віславух выцягвае з-за пояса вяроўку, вяжа Туру рукі.

Дзея 2
Уваходзяць Марына і Раіна.
Марына. Што адбылося тут? І што за крыкі?

Станкевіч. На чарвяка хітрасці злоўлены шчупак праўды.

Раіна (Віславуху). Вы не параніліся?

Віславух (Раіне). Мяне ваш медальён бароніць.

Марына (Станкевічу). Ці можаце ясней мне патлумачыць?

Станкевіч (Марыне). Я прыкінуўся ахвяраю. І абудзіў у злачынцы інстынкт драпежніка. Хто забіў чалавека, той крыважэрнасці сваёй ужо не ўтаймуе. Разважаючы такім чынам, я справакаваў аканома на ліхі ўчынак. І так пацвердзіў сваё падазрэнне.

Раіна (Віславуху). О, як вы неразважліва адважны!

Віславух (Раіне, усаджваючы звязанага Тура ў крэсла). Знайшлася, урэшце, у мяне рыса характару, якая вам даспадобы.

Марына (Станкевічу). Значыць, ваша міласць ад самага пачатку падазравалі не пасынка, а майго аканома?

Станкевіч. З тае прычыны надоечы я размаўляў з вамі недалікатным чынам. Прашу мне дараваць.
Станкевіч сцягвае кашулю, пад якой хаваў шаравары і панцыр. Віславух дапамагае яму зняць панцыр, вымае з шафы кунтуш, жупан и пояс, дапамагае Станкевічу апрануцца.

Марына падымае кінутую Турам шаблю, набліжаецца да Тура, скіроўвае вастрыё яму ў грудзі.


Марына (Туру). Згубіцель! Ірад! Людажэрац! Пара табе ў пекла!

Раіна (адбіраючы ў Марыны шаблю). Сцеражыся смяротнага граху, сястра!
Раіна перадае зброю Віславуху. Той хавае шаблю ў шафе.
Тур (Марыне). З табою пекла раем мне падасца.

Станкевіч (Туру). Вам апраметная сваю адчыніць браму ў сутарэннях земскага суда.

Тур. Я шляхціц. Мой статус мяне засцеражэ ад катаванняў.

Станкевіч. Зламыснік вы. Віну вам не аспрэчыць. Аднак сваю долю аблегчыце, калі прызнаецеся: хто нацкаваў вас на злачынства?

Тур. Д’ябал. Толькі ён адзін.

Станкевіч. Няхай ён вас і пашкадуе. (Віславуху) Пане Фелікс, забойцу пад замок у клець! Пана Казіміра вызваліць. Загадайце кучару, каб накарміў і асядлаў нашых коней. І пачынайце збіраць рэчы. На досвітку адканваіруем душагуба ў Менск.
Віславух выводзіць Тура. Раіна выходзіць за імі следам.
Марына (разгублена). Ваша міласць так хутка пакідае нас?

Станкевіч. Следства завершана. Згубіцель вашага мужа знойдзены. Яго належыць тэрмінова асудзіць.

Марына. А як жа маё права на маёнтак?

Станкевіч. Калі б забойцам аказаўся ваш пасынак, вы сталі б уладальніцай Дурыніц. Аднак паколькі пан Казімір невінаваты...

Марына. А як жа тэстамент майго мужа?

Станкевіч. Юрыдычна пан Казімір як колішні нашчадак першай чаргі можа яго аспрэчыць. Судовыя разборы такога кшталту цягнуцца багата часу. Здараецца, і пяць, і дзесяць, нават дваццаць пяць гадоў. І ўвесь той час законным спадкаемцам будзе лічыцца пан Казімір. Бо ён — мужчына, а вы — кабета. Таму зычу вам неадкладна мірыцца з пасынкам, шукаць з ім пагаднення.

Марына. Няўжо нельга павярнуць вам справу на маю карысць?

Станкевіч. Аніякім чынам, на вялікі жаль для вашай мосці.

Марына (злосна). Тады я зычу вашай міласці салодкіх сноў і гладкай дарогі! (Прысядае ў паклоне, выходзіць.)
Уваходзіць Віславух, пакуе ў мяхі адзенне і паперы.
Віславух (уздыхаючы). А мне тут падабаецца ўсё болей.

Станкевіч. А мне ўсё меней. Шчымам цісне сэрца.

Віславух. Дужа ж прынадная гэтая панна Раіна Дастаеўская!

Станкевіч. Мой роздум больш займае яе сястра Марына.

Віславух. Бач ты, убіла ў галаву, быццам медальён з малітвай, яе ўласнаю рукою напісанай, абароніць мяне ад усялякай злыбяды!

Станкевіч (працягвае руку). Ці магу пабачыць?

Віславух. Аніякім чынам, пане Андрэй. Яна, пэўна, ужо ў ложку спачывае. У шоўкавай кашулі, у адзінокай сваёй святліцы...

Станкевіч. Не панну Раіну хачу я бачыць, але яе медальён.

Віславух (здымаючы медальён з шыі). Навошта вам ён?

Станкевіч. У нашай справе важнай можа аказацца ўсялякая дробязь. (Расчыняе медальён, чытае ліст з малітваю.) Як раз такой драбязы мне і не хапала. Карціна злачынства набыла завершанасць.

Віславух. Што ваша міласць мае на ўвазе?

Станкевіч (вяртаючы медальён Віславуху). Пайду праверу: ці даў кучар аўса коням? А вы заканчвайце зборы ў дарогу. (Выходзіць.)

Віславух (звяртаючыся да медальёна). Бывайце, мілая панна Раіна Дастаеўская. Асабіста развітацца з вамі не адважуся. Жывіце шчасліва. Няхай ад ліха Бог вас абароніць. (Уздыхае, вешае медальён на шыю, пакуе мяхі, ускідвае на плечы, выходзіць.)

Дзея 3
Уваходзіць Казімір Карловіч, сядае за стол, вымае з шуфляды паперу, чарніліцу, пяро, піша.

Уваходзіць Раіна Дастаеўская з падарункамі: у адной руцэ трымае кашулю і рушнік, у другой — збан з пітвом.


Казімір (падымаючыся). Сардэчна рады бачыць вас, панна Раіна. Я меў намер з вамі пагаварыць.

Раіна (ставіць збан на стол). Адчула я. І вось сама прыйшла.

Казімір. На досвітку з’язджаю я ў кляштар Святога Духа. Пажыву там паслушнікам, а потым і пострыг прыму. (Працягвае ёй паперу.) Сваю спадчыну, маёнтак і вёску Дурыніцы, я адпісваю кляштару. Мачаха, вядома, стане судзіцца, але, упэўнены, прайграе. Вам жа будзе сплочана буйная сума адступных у дукатах. (Расплаўляе сургуч полымем свечкі і прыкладвае да паперы пячатку сыгнета.)

Раіна. Узнагародзіць вас Гасподзь за дабрыню. Але чаму вы ўцякаеце з роднага дому?

Казімір. Скажу вам шчыра — баюся. Учора мачаха клялася, што стаўчэ мяне ў ступе. Яна не палохала — папярэджвала. Хачу схавацца я ад змроку за святымі сценамі, уратаваць сваю душу, пакуль магу.

Раіна. Бог кожнаму пакажа верны шлях. Трэба толькі зразумець Яго падказку. Я веру, што кіруе вамі воля нябёсаў.

Казімір. Вы адзіная, хто разумеў мяне заўсёды. Сваёй матулі я не памятаю. А бацюхна, праўду кажучы, часцяком сябе паводзіў, бы жывёла. То злосная, то баязлівая жывёла.

Раіна. Не асуджайце бацьку. Ён кахаў Марыну.

Казімір. Нягледзячы на тое, што яна яго збівала.

Раіна. Пан Станіслаў Карловіч пачаў першы. Я памятаю, як казаў ён: «Выпраўляючыся да жанчыны, прыхапі з сабой нагайку».

Казімір. А яна ў мужа нагайку адняла ды ёй жа яго адлупцавала. І спыніцца ўжо не магла. Потым парадкам пападала і мне, і слугам.

Раіна. Марына не заўсёды мела жорсткі нораў. Спярша між ёю і панам Станіславам царыла ўзаемная спагада. Шаснаццаць гадоў таму пан Карловіч і наш бацька пазнаёміліся на кірмашы. Бацюхна прайграўся ў карты ўшчэнт. Пан Карловіч уратаваў яго ад ганьбы і турмы. У знак падзякі бацюхна аддаў яму Марыну. Мая сястра сумленна ахвяравала пану Станіславу руку і сэрца, душу і цела. Ды спахапіцца ўсе мы не паспелі, як шлюбны рай ператварыўся ў пекла. І, пазіраючы на іх, я думала: «Дзякуй Богу, што не зычыў мне такую прыгоду! Якое шчасце, што мяне ніхто ніколі замуж не возьме!»

Казімір (усміхаючыся). Вы і цяпер так думаеце?

Раіна (працягваючы). Цяпер хачу я даць вам у дарогу гэтыя сціплыя дарункі. Сама пашыла іх. Вось нацельная кашуля, рушнік.

Казімір (прымаючы з яе рук падарункі). Сардэчна вам удзячны.

Раіна. Пара мне адвітацца. Не да твару незамужняй паненцы доўга бавіць час сам-насам з нежанатым панам.

Казімір. Далібог яшчэ пабачымся.

Раіна. Я ранкам праводзіць вас не пайду. Сястра маю прысутнасць не ўхваліць. Мо лепей цяпер вып’ем адыходную?

Казімір (вымаючы з шафы келіхі). Што заўгодна? Вянгерскага віна? Гарэлкі анышовай? Аквавіты?

Раіна (разліваючы па кубках вадкасць са збана). Я згатавала нам настоечку на вішні. Хмельная і саладжавая на смак. (Падымае келіх.) Няхай дарога ў ваша новая жыццё будзе лёгкай і хуткай!
Раіна і Казімір сутыкаюцца келіхамі, выпіваюць.
Раіна. Увагі вартае пытанне спакою не дае мне, пане Казімір.

Казімір. Што ж вас так турбуе, панна Раіна?

Раіна. А раптам прыйдуць з набегам крымчакі, схопяць мяне і гвалтам змусяць праклінаць імя Боскае. Ці адвернецца ад мяне Бог у хвіліну маёй слабасці?

Казімір. Боская міласэрнасць неспасцігальная для нашага розуму. Калі будзе шчырым пакаянне, то Ён даруе...

Раіна. А ў час, калі я пад прынукаю не буду хрысціянкай, ці пакарае Бог здзейсненае мною злачынства?

Казімір. Пра якое злачынства ідзе гаворка?

Раіна (указваючы на яго келіх). Вось пра гэтае.
Казімір хістаецца, падае.

Раіна вымае са складак спадніцы флакон, выпівае з яго вадкасць.


Казімір (прыўзнімае свой келіх). Гэта…

Раіна. Атрута. Сама яе прыгатавала. Пакутаваць будзеце вы моцна ды нядоўга. Спярша ваш розум праяснее. Потым боль спапяліць вантробы. Нарэшце нечым стане дыхаць. (Памахаўшы пустым флаконам.) А гэта проціяддзе. На жаль, яго вам не хапіла.

Казімір. За што? Хіба я вас пакрыўдзіў?

Раіна. Ад нараджэння вы ахвярнае ягнё. І бацька ваш такім быў.

Казімір. Дык значыць, усе злачынствы — плён вашых намераў?

Раіна. Не маіх. (Указваючы на дзверы.) Яе.

Дзея 4
Уваходзіць Марына.

Раіна апускаецца перад ёю на калені, цалуе руку.


Раіна (Марыне). Усё, як я дакляравала, мілая сястрыца. Атрута ўжо расцяклася па яго жылах і спаралізавала цела. (Казіміру, падымаючыся.) Родная кроў вымагае беззаганнай вернасці.

Марына (Раіне). Але ці бездакорная твая адданасць?

Раіна (хапае са стала паперу, працягвае Марыне). Вось лепшы доказ, мілая сястрыца. Ты пачытай, як узбагаціць хацеў мяне твой пасынак нікчэмны. А я скарылася перад тваёю воляю.

Марына (чытае паперу, вяртае Раіне). Парві яе, родная.
Раіна старанна рве ды топча жмуты.
Марына (Казіміру). Цяпер усё належаць будзе мне. Прыслуга ў адзін голас прысягне, нібыта вы папярхнуліся за вячэрай і заўчасна памерлі. Нават суддзя Станкевіч ужо не дакапаецца да праўды.
1   2   3   4   5


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка