Яе ўклад у Перамогу




Дата канвертавання30.04.2016
Памер44.48 Kb.
Яе ўклад у Перамогу

Надзея Герасімаўна Шынкарова жыве на паселку Усходні. Тут, у маленькім доміку, праходзяць яе будні і святы. Святы бываюць і тады, калі наведваюцца ў госці дзеці і ўнукі. Дачка Таццяна жыве ў Кручы, Тамара -- у Леніно Горацкага раёна, сыны – Пётр у Дрыбіне, а Аляксандр у Круглым. Заўсёды побач унучка Жана. Яна даглядае бабулю на старасці гадоў.

Надзея Герасімаўна аб адным моліць Бога, прачынаючыся раніцай і ўпускаючы праз акенца мірны спакой ў хату: няхай на долю нашчадкаў не выпа-дзе тое, што давялося перажыць ёй, пакаленню дзяцей вайны.

У яе жыцці была вайна, якая абарвала ўсе мары і спадзяванні 14-гадовай дзяўчынкі. На пачатку вайны яна зведала горкае слова: эвакуацыя, якое несла невядомасць і страх. А потым працавала на ваенным заводзе ў г.Лысьва Пермскай вобласці. Прыбліжала жаданую Перамогу, стоячы за такарным станком па 17 гадзін у суткі. Сорак пяць аперацый патрэбна было ажыццявіць, каб выйшаў гатовы снарад для “Кацюшы”. Пяць з іх выконвала 14-гадовая Надзея. Снарады ішлі на фронт, на перадавую. І, ведаючы гэта, дзяўчына не шкадавала сябе.

Успаміны, успаміны. Горкая памяць мінулага...

--Мне шмат давялося вытрымаць, -- прагаварыла, прысаджваючыся за столік, -- такая доля напаткала маё пакаленне. Пакаленне дзяцей вайны. Жыла я з маці і старэйшай сястрой у Магілёве. Бацька памёр яшчэ да вайны. Горад майго маленства тады не быў такім шумным як цяпер. А наша ўскраінная вуліца і зусім ціхая. Абсаджаная акацыямі і таполямі. Недалёка каціў хвалі Днепр, а за Дняпром размяшчалася ваенная часць. Вечарамі адтуль даносіліся песні, часта міма дома строем праходзілі салдаты.

І ў той чэрвеньскі дзень зноў вайскоўцы прайшлі па вуліцы. Толькі ўжо не на заняткі па страявой падрыхтоўцы ішлі маладзенькія салдаты. Яны ішлі на вайну. Надзея пазірала на іх і здалося дзяўчынцы, што цяпер яны строгія і суровыя. Толькі на адным, зусім хлапечым твары, заўважыла ўсмешку, і чамусьці яна ўрэзалася ёй у памяць на ўсё жыццё. Надзея пабывала на наступны дзень на бліжэйшай чыгуначнай станцыі. Вагоны-цяплушкі везлі байцоў на перадавую. Адзін вайсковец, каб не адстаць ад сваіх, бег напрамкі праз рэйкі. На-дзея глядзела на састаў, які вось-вось скранецца з месца, і з вачэй міжволі цяклі слёзы. Салдат прыпыніўся на хвіліну, абняў Надзею, зазірнуў у вочы: “Чакайце нас, сястрычкі! Мы разаб’ём ворага”. А На-дзея, не па гадах рослая і самастойная дзяўчынка, раптам адчула сэрцам вялікую бяду, імя якой -- вайна. Вайна не скончыцца так адразу -- зразумела яна, шлях да перамогі будзе цяжкім і доўгім. А яе слёзы цяпер -- толькі кропля ў моры людскіх слёз і бяды.

25 чэрвеня над Магілёвам праляцелі варожыя самалёты. Надзея хавалася ў бомбасховішчы, якое знаходзі-лася зусім побач з роднай школай.

Зверху шэра-жоўтым струменьчыкам сцякаў пад ногі пясок, гул і гукі выбухаў толькі крыху заглушаў земляны насып. Потым усё сціхла і тады паступіў загад вывезці ўсіх дзяцей і сем’і ваеннаслужачых за горад. Надзея са слязамі на вачах упрошвала вайсковага вадзіцеля, каб той дазволіў забегчы да дому, сказаць маці, што іх вывозяць за Магілёў.

-- Ну добра, даю табе пяць хвілін, -- прагаварыў той сурова.

Надзя кінулася бегчы, а маці дома не аказалася. Вярнулася назад і, глытаючы слёзы, села ў машыну.

Палутарка вывезла людзей у лес. Сядзелі на ціхай паляне. І здалося на хвілінку дзяўчынцы, што ўсё гэта цяжкі сон. Што не было пачатку вайны, не падалі бомбы на родны горад. Бо так мірна лётаюць шмялі над цёплым верасам, пахне іван-чаем і нішто не парушае спакой.

Але раптам нехта крыкнуў: “Зноў кіруе на горад!”. Пачуўся моцны гул і над лесам нізка прайшоў бамбардыроўшчык. Чорныя крыжы блішчэлі на фюзеляжы. Хутка стала вядома, што вяртання назад не будзе.

Людзей павезлі на станцыю Рослава. А адтуль чакала іх доўгая дарога на Урал. Да месца прызначэння эшалон ішоў больш месяца. Былі на шляху доўгія стаянкі ў тупіках і ўцёкі ад бамбёжак.

Пераехалі Волгу, праехалі Саратаў.

Тое, што адбылося ў тую ноч, жудаснай чорнай плямай адбілася ў памяці Надзеі Герасімаўны.

Пачуўся гул бамбардыроўшчыкаў, і састаў рэзка спыніўся. Жанчына, якая знаходзілася побач з Надзяй, схапіла дзяўчынку за руку і саскочыла пад адхон, у цемру. Яны беглі ў поле, высокая мокрая трава біла па твары, а ззаду нарастаў і нарастаў гул. Пачуўся трэск і ў начное неба паляцелі аскабалкі ад вагонаў. Надзя з жанчынай ляжалі, прыціснуўшыся да настылай зямлі. Вушы заклала ад разрываў.

А потым тыя, хто застаўся жывы, чакалі на станцыі, калі падгоняць новы састаў.

-- Давезлі нас да горада Лысьва Пермскай вобласці, -- зноў успамінае ветэран працы. -- Там падлеткаў залічылі ў рамеснае вучылішча. І мне выдалі абмундзіраванне, пачала я вучыцца такарнай справе. Чатыры га-дзіны вучыліся, дзесяць працавалі ў заводскім цэху. А цэх – вялікі, аббіты дошкамі, барак. Пасярэдзіне -- пуці для падгону вагонаў. Гатовыя снарады тут жа адпраўлялі на фронт.

Стоячы за станкамі, не шкадавалі сябе, думалі толькі пра адно: «Не прарвецца вораг на Урал, будзе пералом у вайне». Так яно і сталася, павярнулі фашыстаў назад на Захад. Весялей загудзелі станкі ў заводскім цэху.

Дадому, у родны Магілёў, Надзея вярнулася ў 1947 годзе. Хата згарэла ў вайну.

Колькі радасці і слёз прынесла сустрэча з роднымі. Адпачыўшы некалькі тыдняў дома, Надзя паехала ў Брэст, уладкавалася на цягнік, які перавозіў вайскоўцаў з Германіі на Радзіму. А потым зноў вярнулася ў Магілёў, пайшла працаваць на птушкафабрыку. Аднойчы сяброўка запрасіла Надзею ў госці ў сваю родную вёску. Ехалі ноччу цягніком да станцыі Верамейкі. Побач з дзяўчатамі, прымасціўшыся на дарожным чамадане, драмаў салдат.

-- Мікалай, – падняў ён галаву і працягнуў дзяўчыне руку. – Я на службу ў Старыя Дарогі еду.

-- Надзея! – шчокі дзяўчыны запунсавелі.

Сустрэча тая стала лёсам. Ад-служыўшы, Мікалай прыехаў у Магілёў, згулялі вяселле. Мікалая Андрэевіча накіравалі настаўнічаць у Круглае. Разам з мужам прыехала і Надзея Герасімаўна, уладкавалася працаваць лабарантам у школе.

І тут яе чакаў яшчэ адзін удар лёсу. У 1970 годзе муж раптоўна памёр ад сардэчнага прыступу. На руках маладой жанчыны засталося чацвёра дзяцей.

-- Каб падняць дзетак на ногі, -- зноў выцірае слёзы Надзея Герасімаўна, -- мне давялося пакінуць школу, дзе заробак быў зусім маленькі, і перайсці на працу ў саўгас “Усход”. Рабіла касірам, у час жніва абеды на поле механізатарам вазіла.

Зноў працавала, не пакладаючы рук і не думаючы пра сябе.

Непрыкметна прамільгнулі гады.

Цяпер Надзея Герасімаўна можа парадавацца на дзевяць унукаў і дзесяць праўнукаў. Гэта яе працяг, і яна добра ведае: дзеля таго, каб нашчадкі нарадзіліся і жылі, не шкадуючы сіл і здароўя набліжала жаданую Перамогу. І, як памяць аб тых днях, захоўвае ў сямейным архіве медаль “За доблесную працу ў Вялі-кай Айчыннай вайне 1941-1945 г.г.”.



С.ВАРАПАЕВА.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка