Я й сучасны сьвет




Дата канвертавання07.05.2016
Памер65.95 Kb.
Сэмінар для падлеткаў “Я й сучасны сьвет”
Мэта: Разьвіцьце грамадзкіх і сацыяльных кампэтэнцыяў школьнікаў.
Сэмінар разьлічаны на адзін дзень (чатыры сэсіі). Прыкладна шэсьць гадзінаў зь перапынкамі на каву-гарбату й абед. Сэмінар падыходзіць як для зьяднаных групаў (асобных клясаў), так і для часова створаных групаў (у летніках).
І сэсія:

Мэты: Знаёмства, разьняволеньне, стварэньне атмасфэры.

Практыкаваньне “Рамонак” (“Сонейка”)

Называньне сябе. Узгадваньне адной прыемнай падзеі тыдня.



Гульня “Праўда і няпраўда”

Уяўленьне іншых пра мяне.



Правядзеньне:

Кожны ўдзельнік атрымлівае па дзьве невялікія паперкі, на якіх піша асабістыя якасьці характару. На адной зь іх – праўдзівая, на другой – непраўдзівая якасьць. Затым гэтыя паперкі замацоўваюцца на плячах удзельнікаў. Група хаатычна рухаецца па памяшканьні й мусіць паставіць крыжыкі на тых паперках, дзе якасьць здаецца праўдзівай. Пасьля агучваецца (на жаданьне), ці здагадаліся ўдзельнікі пра праўдзівасьць альбо ілжывасьць пазначаных якасьцяў.



Практыкаваньне “Квадрат з завязанымі вачыма”

Выпрацоўка правілаў узаемавыгаднай камунікацыі. Падрыхтоўка да групавой працы.



Неабходныя матэрыялы:

Вяроўка даўжынёй 8-10 мэтраў, зьвязаная абодвума канцамі, каб утварыць замкнёнае кола. Павязкі на вочы для 9-15 ўдзельнікаў.



Апісаньне:

1. Пакласьці вяроўку на падлогу так, каб яна ўтварыла прыблізнае кола. Папрасіць сямёра ці больш добраахвотнікаў стаць на аднолькавай адлегласьці адзін ад аднога наўкол кола. Завязаць усім вочы й даць кожнаму вяроўку, каб ён трымаўся за яе абедзьвюма рукамі, выстаўленымі наперад.

2. Даць распараджэньне: вашая задача – утварыць правільны квадрат. Вы можаце размаўляць адзін з адным, вам не дазваляецца адпускаць вяроўку. Калі вы адчуеце, што дамагліся мэты, акуратна пакладзіце вяроўку на падлогу, зьберагаючы форму, якой вы ёй надалі. Пасьля чаго можаце зьняць з вачэй павязкі.

3. Пакуль група з завязанымі вачыма выконвае працу, парайце рэшце ўдзельнікаў: “Уважліва сачыце за працэсам і падумайце, чаму зь яго можна навучыцца”.



Абмеркаваньне:

1. Што вы адчувалі, калі выконвалі працу?

2. А чаму навучыліся вы, пабочныя назіральнікі?

Звычайна большасьць групаў ня просяць дапамогі ў назіральнікаў, якія ня маюць на вачах павязкі. Дайсьці да таго, што праца можа быць выкананая больш эфэктыўна, калі ў ёй возьме ўдзел і супольнасьць. (Разам мы можам зрабіць працу нашмат лепш).


ІІ сэсія:

Мэты: Фармаваньне больш дакладных ведаў пра сябе.

Практыкаваньне “Скажыце, што вы любіце?”

Апісаньне:

а) Узгадайце штосьці, што ў вас добра атрымліваецца (хаця і не стасуецца да школы) і што вы заўсёды робіце з задавальненьнем. Выберыце які-небудзь занятак, запішыце.

б) Узгадайце, як вы прыйшлі да гэтага занятку. Навучыліся спэцыяльна альбо ўсё выйшла само па сабе? Магчыма, вы назіралі, як гэта робяць іншыя людзі, альбо чыталі кнігі? Напішыце пра гэта некалькі радкоў.

в) Што, па-вашаму, дапамагло вам дасягнуць посьпехаў? Якая матывацыя была ў вас? Хто-небудзь дапамагаў вам, падтрымліваў вас? Чаму вы гэтым займаліся?

г) Ці змаглі б вы навучыць сваёй любімай справе іншых? Калі так, то якім чынам? Калі не, чаму? Адкажыце некалькімі фразамі.

Удзельнікі разьбіваюцца на некалькі групаў па 3–5 чалавек, каб распавесьці, што яны запісалі. Затым усе сядаюць у агульнае кола. Абмеркаваньне пытаньня: Як і чаму мы, ня гледзячы на калясальную нагрузку ў школе, усё роўна навучаемся чамусьці самі й цікавімся чымсьці іншым? (Ці тыя заняткі, якія пазначалі ўдзельнікі, выкладаюцца ў школе?)



Практыкаваньне “Чаму мяне навучае...”

Апісаньне:

Удзельнікі разьбіваюцца на чатыры групы. Кожнай з групаў прапануецца адно з чатырох пытаньняў: Чаму мяне навучае школа? Чаму мяне навучаюць бацькі? Чаму мяне навучаюць сябры? Чаму я навучаюся сам? Мазгавы штурм у групах. Прэзэнтацыя. Абмеркаваньне ў агульным коле.



Практыкаваньне “Аўтапартрэт”

Неабходныя матэрыялы: Кожнаму ўдзельніку патрэбныя асадка альбо аловак і чысты аркуш паперы.

Апісаньне:

1. Прапануйце ўдзельнікам паставіць аловак альбо асадку ў цэнтар чыстага аркушу паперы. Патлумачце, што яны зараз будуць маляваць аўтапартрэт у поўны рост. На тым месцы, дзе зараз стаіць аловак, будзе пупок. Вашае заданьне ў тым, каб дапамагчы ўдзельнікам намаляваць аўтапартрэт згодна з вашымі ўказаньнямі. Яны мусяць маляваць тыя часткі цела, якія вы скажаце, ня гледзячы на малюнак, пакуль партрэт ня будзе скончаны. Яны могуць адрываць аловак альбо асадку ад паперы, але не павінны глядзець на тое, што малююць.

2. Пасьля гэтага ўдзельнікі малююць аўтапартрэт згодна з вашымі ўказаньнямі. Пры гэтым парадак маляваньня мусіць быць даволі складаны: пазначаць часткі цела, якія знаходзяцца даволі далёка адно ад аднога (напрыклад, твар, левая рука, правая нага, валасы, тулава, левая нага і г.д.) і так, пакуль усе часткі цела ня будуць намаляваныя.

3. Цяпер прапануйце ўдзельнікам паглядзець на свой малюнак і на малюнкі іншых.



Абмеркаваньне:

Прапануйце ўдзельнікам патлумачыць, зь якімі цяжкасьцямі ім давялося сустрэцца, малюючы свой партрэт. “Як вы адчуваеце, калi вамi кiруюць?” Як правіла, удзельнікі адзначаюць такі момант, як неабходнасьць выконваць указаньні фасылітатара, замест таго каб працаваць згодна са сваімі ўяўленьнямі пра неабходны парадак дзеяньняў. Неабходнасьць маляваць розныя часткі цела без усялякай сыстэмы замест таго, каб маляваць іх у лягічнай пасьлядоўнасьці; немагчымасьць убачыць вынікі сваіх дзеяньняў (немагчымасьць зьверыць вынікі з уласным бачаньнем аўтапартрэту). “Як гэта можна параўнаць з жыцьцём?” Як уплывае на жыцьцёвы посьпех актыўная ўласная пазыцыя?”


ІІІ сэсія:

Мэты: Усьведамленьне сябе як асобы і сябе як часткі каманды.



Практыкаваньне “Малюнак у парах”

Неабходныя матэрыялы:

Кожнаму ўдзельніку аловак і папера. Выявы пяці фігураў: трохкутнік, квадрат, кола, пяціканцовая й шасьціканцовая зоркі.



Апісаньне:

Група разьбіваецца на пары, якія сядаюць на крэслы сьпінамі адзін да аднога. А – першы нумар у пары, Б – другі.

1 этап: А й Б ствараюць кампазыцыю з прапанаваных пяці фігураў, час 3 хв.

Затым А – кажа, як маляваць, Б – ілюструе кампазыцыю, якую намаляваў А, пры гэтым Б маўчыць, а А тлумачыць, як маляваць. Пасьля наадварот: А малюе тое, што намаляваў Б, Б тлумачыць. Праца сканчаецца, малюнкі параўноўваюцца.

2 этап: Абодва ўдзельнікі малююць кампазыцыі зь фігурамі, затым па чарзе адзін пытаецца, як маляваць, а іншы можа адказваць толькі “так” ці “не”. Малюнкі параўноўваюцца.

3 этап: Абодва ўдзельнікі малююць кампазыцыі, выкарыстоўвачы прапанаваныя фігуры. Затым А й Б ілюструюць малюнкі адзін аднога з дапамогай вольных зносінаў.

Пасьля кожнага раўнду група адказвае на пытаньне, што дапамагло намаляваць кампазыцыю, якую прапанаваў напарнік.

Практыкаваньне “Што мусіць ведаць кожны?”

Сьпіс пытаньняў. Праца ў парах і тройках.



Неабходныя папярэднія тэзы:

Паводле футуролягаў (футуралёгія – навука пра будучыню) аб’ём чалавечых ведаў падвоіўся за пэрыяд з 1700 па 1900 год, потым яшчэ раз падвоіўся паміж 1900 і 1950 і яшчэ раз падвоіўся ў 1950-1970 гг. Зараз ён падвойваецца што 5 год. Калі тэмпы росту захаваюцца, то хутка колькасьць усёй інфармацыі, якая маецца ў сьвеце, пачне падвойвацца кожныя 73 дні! Адсюль узьнікаюць пытаньні: Што менавіта зь бясконцых плыняў разнароднай інфармацыі мусіць ведаць кожны?



Апісаньне:

Уявіце сабе сытуацыю, што ўсе навучальныя пляны, праграмы, усе школьныя падручнікі нечакана зьніклі. Іншымі словамі, горы навучальных матэрыялаў умомант перасталі існаваць. Цяпер уявіце, што вы вырашылі гэтую сытуацыю выправіць і вам патрэбна скласьці навучальную праграму. Праграма павінна быць цікавай ня толькі для вас, але й для іншых. Вы можаце выбіраць любыя прадметы, тэмы й пытаньні, якія лічыце неабходнымі. Няма абмежаваньняў у выбары. Гэта тое, што, на ваш погляд, патрэбна ведаць і ўмець сучаснаму маладому чалавеку, каб дасягнуць посьпеху ў жыцьці.

І этап. Група падзяляецца на тройкі й складае свае праграмы. Пасля прэзэнтуе ўласныя напрацоўкі.

ІІ этап. Інвэнтарызацыя праграмаў. Складаньне агульнае праграмы. Прадметы, тэмы, уменьні, навыкі раскладаюцца на дзьве групы: “важна” (чамадан) – “ня вельмі важна” (мясарубка). Звычайна выкарыстоўваецца яшчэ “сьметніца”, але ў гэтым практыкаваньні ёсьць умова нічога не адкідваць.


ІV сэсія:

Каляж “Iдэальны малады чалавек”

Стварэньне каляжу дазваляе ўлучыць ў працу ўсіх удзельнікаў. Малюнкі трэба адшукаць, выразаць, а пасьля згрупаваць атрыманы матэрыял. У працэсе стварэньня кіруюцца найперш выяваю, варыянты й зьмены магчымыя на кожным этапе канструяваньня каляжу. Удзельнікі вучацца гэткім чынам выяўляць і ажыцьцяўляць ня толькі свае настроі й пачуцьці, але й думкі й выказваньні.



Неабходныя матэрыялы:

Старыя газэты, часопісы, каляровая папера, папера вялікая фармату А1 (ватман), клей, нажніцы.



Апісаньне:

Сфармаваць невялікія групы (максымум 5 чалавек). Лепш, каб было 3–4 малыя групы. Неабходна зьвярнуць увагу на тое, каб “мадэль” была ўхваленая ўсімі ўдзельнікамі малой групы і з дапамогай розных стылёвых сродкаў адказвала на тры пытаньні:

· “Што ідэальны малады чалавек мае ў сваёй галаве?” (Ягоныя веды);

· “Што ён мае на сэрцы?” (Ягоныя пачуцьці);

· “Што ў яго ў руках?” (Ягоныя ўменьні).

Прэзэнтцыя й абмеркаваньне:

Увага засяроджваецца на выказваньнях і сродках іх выяўленьня.

Цi цяжка было прыйсьцi да ўзгадненьня “мадэлi”?

Як адбывалася ўзгадненьне?

Цi ўсе бралi ўдзел у працы?

Пасьля – разважаньнi над пытаньнямi (індывiдуальная праца, якая не выносіцца на агульнае абмеркаваньне):

· Цi падобны я да “iдэальнай мадэлі”?

· Што ў мяне бракуе?

· Што я павiнен зрабiць, каб дасягнуць “iдэалу”.

Практыкаваньне на разьвітаньне “Каляровая вяровачка”.

Неабходныя матэрыялы: клубок каляровых нітак.

Група становіцца ў кола. Вядучы, трымаючы ў руках каляровы клубок, прапануе кожнаму з удзельнікаў перадаць каму-небудзь клубок і пры гэтым абавязкова зь нейкімі добрымі пажаданьнямі. Такім чынам атрымліваецца нешта накшталт павучыньня. Пасьля таго як клубок вяртаецца да вядучага, ён разразае ніткі такім чынам, каб у кожнага ўдзельніка застаўся кавалачак каляровай ніткі.


Некаторыя спосабы падзелу на групы:

· Адлiчваньне

· “Puzzle” – разрэзаныя паштоўкі

· Нумары на крэслах

· Гульня “Кiс-мяў”

· Post-it рознага колеру на сьпiны ўдзельнiкаў. Моўчкi сабрацца ў групы.


Гульні, якія могуць выкарыстоўвацца на пачатку кожнай сэсіі (Апісаньні дадзеных гульняў і энэрджайзэраў можна знайсьці ў кнізе Копилка игр/сост. И. Губаревич – Мн.: СПОО “Чазения”, 2002:

· “Жыхары. Домікі. Землятрус”

· “Заапарк”

· “Тры крэслы”

· “Мяняюцца месцамі тыя, хто...”

· “Пашыхтавацца па...”

· “Дакрануцца да...”

· “Вандроўка”



· “Белая і чорная магія”

· “Нажніцы (варыянт: сьвечка)”.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка