Вялікая Айчынная вайна нейкім чынам закранула кожную беларускую сям’ю. Пацярпелым ад яе можна смела называць увесь беларускі народ, бо не менш за тых, хто ваяваў на фронце, у партызанах, быў падпольшчыкам, пакутавала ў акупацыі мірнае насельніцтва.
У гэтай страшнай вайне літасці не было нікому: нараўне з мужчынамі-воінамі гінулі жанчыны, дзеці, старыя. Змагаліся з ворагам у выніку абставін таксама ўсе: без розніцы паміж узростам і полам.
Жыхарцы Бягомля Вользе Фірага, калі пачалася вайна, было дзевяць год. Яе сям’я тады жыла ў Мількуні. Вёска ў 65 двароў была акружана лесам, балотам, а таму стала зонай дзеяння партызанскай брыгады “Жалязняк” і па гэтай прычыне перажыла сваю асабістую трагедыю.
– Перад самай вайной памёр мой бацька – Ілья Фірага, – расказвае Вольга Ільінічна. – Ён быў камуністам, старшынёй калгаса, але, нягледзячы на гэта, яго арыштавалі і пакуль трымалі да адпраўкі на заставе ў Скуратах, адбілі ўсе ўнутранасці.
Прычынай арышту паслужыла тое, што наш дзядзька быў у Амерыцы. Нехта з пакрыўджаных вяскоўцаў паведаміў пра гэта ў НКУС. Маўляў, перадае дзядзька-амерыканец пляменніку праз знаёмых долары. Нічога такога мы не бачылі і пра дзядзьку нічога не чулі, толькі, хто гэтаму верыў?
Праўда, людзі з вёскі не пабаяліся, напісалі ў райкам партыі, што гэта паклёп, і ўсе падпісаліся. Бацьку выпусцілі, але ён ужо быў не жылец.
Памятаю, як забегалі па вёсцы мужчыны, загаласілі жанчыны. Мы выйшлі з братам на вуліцу і пачулі, што пачалася вайна. Немцы з’явіліся, мне здаецца, вельмі хутка. Самыя першыя, што прыходзілі ў вёску, былі не страшныя. Усе маладыя, усмешлівыя, прасілі, а не адбіралі, як пазней, яек, малака, курэй. Некаторыя з іх гладзілі нас па галаве, давалі галету ці нават кусочак шакаладкі і нешта пры гэтым лапаталі. Пэўна, успаміналі пра сваіх дзяцей, якіх кінулі ў Фатэрляндзе.
Бліжэй да восені сталі расказваць пра тое, што немцы ўзялі ў палон вельмі шмат нашых салдат і чыняць над імі ў лагерах вялікія здзекі. Некаторым з гэтых няшчасных пашанцавала ўцячы з-за кратаў, і яны пайшлі ў лес, дзе сталі партызанамі. Так, мы – дзеці разумелі тады, адкуль узяліся партызаны. У лес пайшлі і тыя з мужчын, каго не паспелі забраць на вайну. У тым ліку мамін швагер Сцяпан Батура. Я так разумею, што праз яго наша сям’я стала блізкая з народнымі мсціўцамі.
У вёску час ад часу сталі налятаць карнікі ў чорнай страшнай форме з павязкамі на рукавах. На іх бела-чырвонай плямай выдзялялася нацысцкая свастыка. Усе іх вельмі баяліся і разбягаліся хто куды. Шчыра кажучы, саміх немцаў сярод іх было няшмат, больш здраднікаў, якія размаўлялі на рускай, украінскай, беларускай і, як казала мама, латышскай мовах. Звярэлі яны моцна: палілі, забівалі людзей.
Урэзалася ў памяць, як у першую блакаду знішчалі нашу вёску. Карнікі метадычна прачэсвалі населены пункт, заходзячы ў кожную хату. Людзі мітусіліся па вуліцы. Мама падышла да салдата і папрасіла дазволу пайсці на выган за хату падаіць карову. Ён, на здзіўленне, даў згоду.
Мама схапіла мяне за руку і пабегла са словамі: “Хутчэй, дачушка, лепш загінуць ад кулі, чым згарэць жывымі ў агні”. Нас не застрэлілі і мы не згарэлі, а 112 жыхароў нашай вёскі развіталіся ў той дзень з белым светам.
Калі з’явіліся народнікі, да нас у хату сталі наведвацца партызаны. Пасля іх прыходу мама давала мне танюткі скрутачак паперы, які быў меншы, чым мая далонь, і загадвала бегчы ў другі канец вёскі. Вучыла, што, калі спыняць паліцаі, то я павінна была закрыць рукамі твар, быццам плачу і хуценька адправіць скрутачак у рот, каб праглынуць.
Я бегла па вуліцы, круціла галавой, спынялася ля таго, што ўяўляла інтарэс для 10-гадовай дзяўчо, адным словам, рабіла выгляд, што проста гуляю па вуліцы і паціху набліжалася да той хаты, дзе мяне чакалі. Так было некалькі разоў. Хоць і малая была, а страх быў вялікі. Дзякуй богу, усё абышлося.
Памятаю, як да нас у двор некалькі разоў прыязджаў сам Гіль-Радзіёнаў на чырвонай кабыле. Прыгожы быў, статны, з афіцэрскай выпраўкай, гэта разумела нават я. Нешта гаварыў з мамай і ад’язджаў у суправаджэнні некалькіх салдат.
Пры кожным прыездзе даваў мне кавалак цукру. Я гэтага моманту чакала з нецярпеннем і не так з-за гасцінца, як з-за таго, што на мяне звяртае ўвагу такі прыгожы афіцэр. Што ні кажы, а Радзіёнаў быў акружаны нейкім рамантычным арэолам. Гэта адчувалася і пасля вайны.
Калі радзіёнаўцы пайшлі на Докшыцы, брат, які да гэтага часу ўжо таксама быў партызанам, перавёз нас у Маргавіцу і загадаў нікому ніколі не расказваць пра нашы з мамай адносіны як з партызанамі, так і з радзіёнаўцамі, каб не сталася так, як з татам. Так мы і маўчалі. Брат стаў афіцэрам, палкоўнікам, потым вучоным. А я ўсё жыццё пражыла ў Бягомлі. Пра вайну чытаю кніжкі яшчэ і зараз. Праўда, “Жывыя і мёртвыя” К. Сіманава ўжо не перачытваю, сэрца моцна баліць.
Запісала Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: дзіця вайны В.І. Фірага.
Фота А. Варанковіча. |