Вялікая Айчынная вайна: гістарычны кантэкст Вялікая Айчынная вайна




старонка3/3
Дата канвертавання17.03.2016
Памер444.18 Kb.
1   2   3

Публіцыстыка

З першых дзён вайны набыла асаблівае значэнне мастацкая публіцыстыка як азін з аператыўных літаратурных жанраў. Публіцыстыка гэтага часу мае непасрэдную сувязь з паэзіяй аўтараў.

Ідэйнасць, узнёсласць, паэтычнасць, аратарская мова, багацце вобразаў характэрна для публіцыстыкі Я. Купалы. У жанры празаічнага памфлета і фельетона выступалі таксама ў ваенныя гады Я. Колас (“Гітлер і чарадзеі”, 1945), К. Крапіва (“Апошняя пасылка, 1942), “Елкі і палкі”, 1943; “Наглядная геаграфія”, 1944). У артыкулах, напрыклад, Я. Коласа ваенных год на першым месцы стаіць Беларусь-партызанка, апісваецца прырода, гераічны народ.

Шмат увагі надае публіцыстыцы і М. Танк. Яго артыкулы «Польскія халуі Гітлера», «Мары адцятай галавы», «Непадлегласць» на ланцугу» выкрываюць прафашысцкі урад ў Лондане.

На старонках беларускіх газет сустракаюцца публіцыстычныя артыкулы К. Чорнага, які ўздымае свой голас у абарону будучага краіны – дзяцей. Фельетоны К. Чорнага склалі зборнік “Кат у белай манішцы” (1942).

Сатырычны струмень яскрава выяўляецца ва ўсёй беларускай публіцыстыцы ваеннай пары. Асабліва востра ён адчуваецца ў артыкулах К. Чорнага – “Далікацтва каля вісельні”, “Выхваляўся, выхваляўся, ды і здох”; М. Лынькова – “Пра рака, халуя і фанеру”, “Трынаццаты генерал”; узгаданых артыкулах К. Крапівы – “Ёлкі і палкі”, “Апошняя пасылка”.

Беларуская проза перыяду Вялікай Айчыннай вайны

На магістральных літаратурных шляхах развівалася і беларуская проза ваеннага перыяду. Яна адлюстроўвала народны гераізм, ахвярнасць асобнага чалавека, вырашала маральна-этычныя праблемы.

Нешматлікія апавяданні і навелы гадоў вайны друкаваліся ў перыядычным друку, а пазней былі змешчаны ў зборніках “Вялікае сэрца” (1945) К. Чорнага, “Астап” (1944) М. Лынькова, “Неспакойны гарадок” (1946) А. Стаховіча, “Зямля гудзе” (1945) У. Краўчанкі, “Над Нёманам” (1945) І. Гурскага, “Помста” (1946) А. Якімовіча, “Першая атака” (1946) М. Лупсякова.

У 1943 годзе ў армейскай газеце “Часовой Севера” было змешчана апавяданне І. Шамякіна “У снежнай пустыні”, напрыканцы вайны ім напісана аповесць “Помста”.

У апавяданнях Я.Коласа «Партызан Купрэй». «Санітарка Таня» «У разведцы», а таксама ў шэрагу твораў І. Гурскага А. Стаховіча, А. Якімовіча паслаблена ўнутраная канфліктнасць, а сюжэтная напружанасць падмяняецца прыгодніцкай займальнасцю, што тлумачыцца недастатковым веданнем пісьменнікамі ваеннай рэчаіснасці.

К. Чорны як вопытны таленавіты мастак слова прыхільна адазваўся пра першае апавяданне І. Мележа “Сустрэча” (1942), напісанае ў тбіліскім шпіталі. І. Мележ сам удзельнічаў у ваенных падзеях, быў цяжка паранены на фронце. Дзённікавыя запісы І. Мележа «У пачатку вайны» засведчылі, што ў літаратуру прыйшоў таленавіты мастак.

У гады вайны развіваліся дзве асноўныя плыні беларускай прозы папярэдніх перыядаў: лірыка-рамантычная і аналітычна-псіхалагічная. Першую развівалі М. Лынькоў, П. Пястрак, У. Краўчанка, да другой належыў К. Чорны.

Цікавай з’явай беларускай літаратуры ваеннага перыяду былі навелы М. Лынькова, якія распавядалі пра суровую праўду часу. Апавяданні “Ірына”, “Пацалунак”, “Астап”, “Салют”, “Васількі” паказваюць тыповыя вобразы людзей у моманты найбольшага абвастрэння іх пачуццяў і думак. У гэты час М. Лынькоў распачаў працу над аповесцю “Смерць за смерць”, якая потым вылілася ў раман-эпапею “Векапомныя дні”.

Да лірычнай прозы з рамантычнымі тэндэнцыямі належаць апавяданні П. Пестрака “Аўдоцця і яе ўнучак” і “Дзед Кандрат” з цыкла “Лясная песня”. Героі гэтых апавяданняў часцей за ўсё людзі сталыя, якія многа зведалі на сваім вяку і найлепшым чынам выказваюць народны погляд на падзеі. Раскрываючы драматызм чалавечага лёсу, аўтар славіць жыццё, хараство прыроды, верыць у перамогу розуму.

Асобнае месца ў беларускай прозе ваеннай пары займае аповесць “Пульс жыцця” (1942) Х. Шынклера. І па тэме (жыццё глыбокага тылу – Урала), і па форме (дзённікавыя запіскі тэлеграфіста) яна не падобна да іншых празаічных твораў. Ёй уласцівая лірычная ўсхваляванасць. У аповесці ёсць і аўтабіяграфічныя моманты. Яны – у справах і думках героя. Телеграфіст, аўтар дзённіка, Леанід Сяргеевіч апавядае пра сябе і час.

У аповесці А. Стаховіча «Шумяць лясы» (1942) зроблена спроба шырока паказаць партызанскую барацьбу, раскрыць яе героику. Увага письменника накиравана на стварэнне цэласнага разгорнутага характару.

Вяршыняй беларускай прозы гадоў Вялікай Айчыннай вайны былі апавяданні, аповесці і раманы К. Чорнага. Апавяданні вызначаліся рэалістычнай канкрэтнасцю і псіхалагізмам, уздымалі глыбокія агкульначалавечыя праблемы: аб характары і подзвігу ў імя чалавечнасці, аб вартасцях жыцця, аб душэўнай чысціні і сумленнасці. “Маленькая жанчына” (1942), “Бацька” (1942), “Аксёніны сляды” (1942), “Прасторны дом” (1944)., “Вялікае сэрца” (1944), “Заўтрашні дзень” (1944) – усе творы ўтрымліваюць запамінальныя характары.

Менавіта К. Чорнаму належыць першае ў беларускай літаратуры раманнае, эпічнае асэнсаванне падзей Вялікай Айчыннай вайны: раманы “Вялікі дзень” (1944), “Пошукі будучыні” (1943), “Млечны шлях” (1944) і аповесць “Скіп’ёўскі лес” (1941 – 1944).

Сярод раманнага жанру ваеннай пары варта прыгадаць твор Р. Мурашкі “Таварыш” (1942), які пабачыў свет толькі ў 1993 годзе, калі быў надрукаваны ў часопісе “Полымя”. Ім жа быў напісаны раман “Насуперак лёсу” (1942) пра падзеі вайны.

К. Чорны ставарае ў сваіх сацыяльна-філасофскіх раманах абагульнены вобраз беларускага народа, якому пагражала татальнае знішчэнне, прадугледжанае ў планах Гітлера. Аўтар адчуваў небяспеку, што нёс фашызм для ўсяго чалавецтва.

У рамане “Пошукі будучыні” раскрываюцца тыповыя беларускія характары, якія з’яўляюцца носьбітамі экзістэнцыяльна важных каштоўнасцей. Псіхалагічна пераканаўча паказаў аўтар і ворагаў. Супастаўленне ў рамане “Вялікі дзень” дзвюх сем’яў паказвае ўзаемаадносіны бацькоў і дзяцей. У рамане “Млечны шлях” аўтар ажыццявіў намер паказаць беларуса сярод еўрапейскіх суседзяў у час Другой сусветнай вайны. Сам К. Чорны з-за стану здароўя не прымаў удзелу ў ваенных дзеяннях. У зацемненай ад варожых налётаў Маскве ён мадэляваў сітуацыі, зыходзячы з ведання псіхалогіі, мастацкай інтуіцыі. Аповесць “Скіп’ёўскі лес”, якая ўмоўна лічыцца чацвёртай часткай рамана-эпапеі, так і засталася незакончанай.

У той жа час Р. Мурашка, сталы ўжо літаратар, знаходзячыся на акупаванай тэрыторыі, падпольшчык, а пасля партызан, напісаў раман “Таварышы”, ніякім чынам не звязаны з ваеннай рэчаіснасцю. Сюжэтная лінія твора вызначаецца памкненнем маладога чалавека пераадолець нечаканае гора, якое абрынулася на яго. Асабістая трагедыя чалавека перадаецца ў сацыяльна-грамадскім кантэксце эпохі.
Беларуская драматургія перыяду Вялікай Айчыннай вайны

Беларускую драматургію перыяду вайны належыць разглядаць у цеснай сувязі з жыццём тэатраў, якія ў гэты час знаходзіліся па-за межамі Беларусі. Тэатр імя Я. Купалы працаваў у Томску, Я. Коласа – у горадзе Уральску (Казахстан) і ў Арэхава-Зуева. Там яны ставілі нацыянальныя п’есы: “Паўлінку” Я. Купалы, “Несцерку” В. Вольскага, “Фронт” А. Карнейчука, “Рускія людзі” К. Сіманава., “Нашэсце” Л. Ляонава. Артысты абодвух тэатраў выязджалі на фронт. У Горкім знайшоў прытулак Беларускі ордэна Леніна тэатр оперы і балета. Ужо тады ён прыступіў да работы ад операй “Алеся” (лібрэта П. Броўкі, музыка Я. Цікоцкага.

П’еса “Фронт” А. Карнейчука вырашала тыповы для таго часу канфлікт, выкрывала адсталае, коснае, устарэлае і сцвярджала смелае, наватарскае, перадавое ў жыцці. У п’есах “Рускія людзі” і “Нашэсце” паказаны гераізм людзей.

Драматургічных твораў у час вайны было напісана нямнога: п’еса “Проба агнём” (1943) К. Крапівы, опернае лібрэта “Кастусь Каліноўскі” (1940-1944) і драматычная паэма “Адплата” (1945) М. Клімковіча.

Арыгінальнае лібрэта ў акупаваным Мінску для опер “Лясное возера”, “Усяслаў Чарадзей” і “З выраю” піша Н. Арсеннева. Тэма партызанскай барацьбы раскрывалася ў п’есах Я. Рамановіча “Палешукі” і “Таварыш Андрэй”, а таксама А. Кучара “Заложнікі”. Гэтыя творы, аднак, не ўяўлялі сабой эстэтычнай з’явы.

У п’есе К. Крапівы “Проба агнём” ўздымаюцца надзённыя пытанні жыцця фронту і тылу, паказваецца барацьба старога і новага ў свядомасці і псіхалогіі людзей.



Такім чынам, у цяжкіх умовах вайны беларуская літаратура расла і развівалася, сцвярджаючы сваё гуманістычнае значэнне.
1   2   3


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка