Вольга Цяцёркіна
Полацкiя прывiды.
Цяжка паверыць, што Полацак насамрэч існуе. Што ёсьць тысячагадовае места, якое стаіць на паганскіх капішчах, заклятых скарбах, езуіцкіх лёхах, шмат'ярусных могільніках, схронах і сьметніках. Ён нагадвае стопавярховы будынак, на самым вершачку якога жывём мы. Падмурак і першыя паверхі схаваныя ад нас хмарамі непацьверджаных гістарычных зьвестак. Адтуль мы чуем ціхую казань апостала Андрэя і тупат гунскае коньніцы. На лёджыю дзясятага паверху выходзіць Рагнеда: ці ня едуць з Кіева сваты? Іван Жахлівы з стральцамі, коньмі, аркебузамі, гарматамі, папамі і плахамі падымаецца ў грузавым ліфце на шасьцідзясяты паверх. На кавалачку паперы — адрас: кв. 1563. На дзевяностым — рамонт: біскуп Сямашка выносіць з Сафіі ўніяцкае начыньне і скідае ў сьмецьцеправод. Але хто гэта сьлізгае між паверхамі, не зважаючы на сьцены і столевыя перакрыцьці? Чые — здавалася б, зусім не вызначальныя ў гісторыі места — імёны ад дзеда-прадзеда ведаюць сёньняшнія палачане? Гаворка пра полацкіх прывідаў, неадменныя атрыбуты любога старога места. Рэестраваць і ўпарадкаваць зьвесткі пра іх нам дапамог пісьменьнік Уладзімер Арлоў — найбуйнейшы на сёньня спэцыяліст па полацкіх зданях.
Андрэй Скурко
Айцец Папэ
Калі Папа Клімэнт XIV у 1773 г. забараніў Таварыства Езуса ва ўсім сьвеце, езуіты ацалелі толькі на беларускіх землях, захопленых Расейскай імпэрыяй. Сталіцай ордэну стаўся Полацак. У месьце па-ранейшаму працаваў езуіцкі калегіюм, які ў 1812 г. ператварыўся ў Акадэмію. Там вучылася 700 студэнтаў, лекцыі чыталі выкладчыкі з Італіі, Нямеччыны, Аўстрыі, ставала й беларусаў.
Езуіты не былі насупленымі занудамі, засяроджанымі толькі на справах адукатарскіх і духоўных. Сьведчаньне гэтаму — наяўнасьць у сутарэньнях Акадэміі віннага склепу. Гаспадарыў там айцец Папэ. Штодня ён рабіў абход — нясьпешна тэпаў між вялізных дубовых бочак з выдатным старым мёдам-трайняком. Часам спыняўся, падазрона аглядаў якую зь іх і нацэджваў сабе кубак — праверыць, ці не сапсаваўся часам напой. Дый для здароўя карысна: кухаль гэткага мёду адолее любую прастуду. Сьцюдзена ў тых скляпох, асабліва чалавеку немаладому... "Мае ўнукі", — казаў ён пра студыёзусаў. I тыя дужа любілі таварыскага айца-жыцьцялюба. Памятаеце, зь якой цеплынёю яго згадвае адзін з герояў "Шляхціца Завальні"?
Прывід айца Папэ дагэтуль зьяўляецца ў калідорах былой езуіцкай акадэміі. Там яго, відаць, і пабачыў мастак-кераміст Алесь Бердашкевіч, які стварыў вобраз вясёлага манаха — зь вялікім келіхам, емістай пляшкаю ды ключамі ад вінарні. Выява тая ўпрыгожвае кніжную паліцу Ўладзімера Арлова.
Габрыэль Грубэр
Яшчэ адзін езуіт, які дагэтуль ня мае супакаеньня, — Габрыэль Грубэр. Яго называлі "душою, розумам і правадыром беларускіх езуітаў". Матэматык, гісторык, хімік, музыка, мэдык, мастак, кандытар — усё, за што браўся Габрыэль, у яго ўдавалася. Ён вольна гаварыў сямю мовамі, быў генэралам Ордэну, рэктарам створанага ў Пецярбургу езуіцкага калегіюму. Гэта ён ініцыяваў ператварэньне полацкага калепюму ў Акадэмію Але пабачыць плен сваіх намаганьняў не пасьпеў: трагічна загшуў падчас пажару ў сваёй рэзыдэнцыі. Найверагодней, загарэлася яна ня проста так: таленавіты й магутны Габрыэль Грубэр меў досыць зайздросьнікаў і ворагаў.
Ягоная здань упадабала поЯгоная здань упадаоала полацкі езуіцкі "гарадок", які фрагмэнтарна ацалеў да нашага часу. У адным з карпусоў цяпер месьціцца шпіталь Міністэрства абароны. На жаль, гэта ўстанова закрытага тыпу, і высьветліць у пацыентаў, ці часта езуіцкі генэрал там зьяўляецца, досыць складана. Прыемней думаць, што Габрыэлю, як аматару мастацтва, больш даспадобы новая карцінная галерэя, што адчынілася ў мурах Акадэміі напярэдадні сёлетніх "Дажынак".
Францускі гусар
Паблізу Ніжняга замку, у цёмных прысадах вала Івана Жахлівага, можна сустрэцца з прывідам у мундзіры францускага гусара. Існуюць дзьве вэрсіі што да ягонага паходжаньня. Згодна зь першай, гусара таго атруціла маладая мілосьніца-шляхцянка, якой ён здрадзіў з шынкаркай. Паводле іншае вэрсіі, "Чорны афіцэр" — несупакоеная душа аднаго з францускіх ваякаў, што пахаваныя ў брацкіх магілах на беразе Дзьвіны.
Дзяўчынка-габрэйка
Паблізу Полацку, на Валовай азярыне, дзе ў паганскія часы было капішча Перуна І Бабы-Ягi, людзі почасту бачаць здань маленькай габрэечкі зь белым ад жаху тварыкам, чуюць ейны плач. У 1563 г. Полацак, які тады пераўзыходзіў багацьцем сталічную Вільню, захапілі войскі Івана Жахлiвага. Усходні цар пастанавіў зьнішчыць усіх "іншаверцаў". Пачалі з габрэяў. Іх, як сьведчыць летапіс, стральцы тапілі ў Дзьвiне ды ў Валовай азярыне, сьпіхвалі ў палонкі пад лёд. Дзіва што тая напалоханая габрэечка ніяк ня можа супакоіцца
Ня быў маскоўскі цар літасьцівы й да тутэйшых аднаверцаў: каго пабіў, каго ў палон вывеў. Пад ягонай рукою Полаччына абязьлюдзела.
Адам, Дамшік і Пётра
Пасьля зьнішчэньня юдэяў і мусульманаў, стральцы Івана Жахлівага ўзяліся за каталікоў. У лік ахвяраў трапілі манахі Адам, Дамінік і Пётра. Тры здані час ад часу зьяўляюцца ўначы каля могілак сьвятога Ксавэр я, палохаючы закаханых І аматараў прадукцыі полацкага вінзаводу, што, пабачыўшы тры цёмныя постаці ў сутанах з капюшонамі, умэнт цьверазеюць.
Котка з сапфіравымі вачыма
У сярэдзіне XVI ст. у Полацку жыла выляжанка (путана, кажучы сучаснаю моваю) Даміцэля. Яна была вядзьмаркаю і магла ўвесну перакідацца ў котку ды маркітавацца з катамі. У жаночым абліччы Даміцэля спакусіла процьму палачанаў і гасьцёў старажытнага гораду. Мужчынамі не абмяжоўвалася — і ў кашэчым, і ў чалавечым абліччы была бісэксуалкай.
Аднойчы на яе вабноты зьвярнуў увагу сам Сьцяпан Батура. Выляжанка трапіла ў абдымкі караля, і яны з прыемнасьцю бавілі час. Але нехта з прыдворных (відаць, ваявода Кашпар Бекеш, які дбаў пра дзяржаўны інтэрас) вырашыў, што вялікаму князю ня варта рэгулярна класьціся ў ложак з жанчынаю лёгкіх паводзінаў, няпэўнага паходжаньня і сумнеўнай будучыні. I Даміцэлю пачаставалі адмысловым віном. Канаючы ад атруты, яна ператварылася ў котку з сапфіравымі вачыма, скочыла з ложка і зьнікла ў анфілядах княскага палацу.
Цяпер котку-Даміцэлю можна бачыць у месяцавыя ночы на Верхнім замку, каля Сафіі. Часам яна перакідаецца ў жанчыну, каб спакусіць якога начнога мінака проста за Барысавым каменем. |