Войша Мілавід: “Za wolność naszą i waszą”




Дата канвертавання18.03.2016
Памер174.83 Kb.
Войша Мілавід:

Za wolność naszą i waszą”


На ўспамін аб гяроях дзён мінулых!

На ўзгадку аб тых, што быць мусяць гяроямі сяньня…






Зьмест





Зьмест 2

Войшава прадмова 2

Войшаў творчы жыцьцяпіс 3

Мой шлях да сьвятой беларускай Мовы 3

Мілавіды 5

Каб не памерці... 5

’Шчэ ня ўмерла Літва! 5

Сумёты й намёты 6

Дні Волі 6

Дни Независимости 7

Народ і паэта 7

Кастрычнік... 7

Бел-чырвона-белыя сны 8

Ад вясны да вясны 8

Скрозь адчай 9

Інсурґент (Мае Мілавіды) 9

Заход над дрыгвою 10

Жыві, падобны Пана Бога! 10

Жаданьне, чаканьне, малітва і мроя 10

Воля й няволя 11

Верым-Можам-Пераможам 11

За нашу і вашу Зброю! 11

Жыве Беларуся! 12

O, Serce moje — Ojczyzna! 12

За вольнасьць нашу й вашу! 12

Дадаткі 13

Мілавіды 13




Войшава прадмова

Шаноўнаму спадарству ўваччу паўстаць мае пэўны зрэз жыцьця аднага паўстанца-літвіна — праект, з Боскай помаччу стацца можа некалі кніжыцай (але-ж, пэўна, не раней за часы, як Свабода й Вольнасьць паўстануць на Вялікай Літве-Беларусі). Ведамае аднаму Пану-Ўладару, чым станецца для нас і вас заўтрае. Ці дажывем да апошняе балоны кніжнае, ці дажывем мы да Дню волі нашага, ці наагул дажывем да заўтрашняга золку?.. Наступнасьць, ’бы свавольніца-пані, твар свой хавае за шалю.


Чытаю на душы Слова сьветлае.

Пішу, радок да радочку, гэту кніжыцу.

Кладу аркушы новыя жыцьцяпісу.

Выпраўляю памылкі, што жыцьцям сталіся ўчора ды заўчора.


Заўтрае — ў тумане, але-ж ведаю!..

Чытач забача апошнюю вэрсію мае кніжыцы.

Заўтрае — ў тумане, але-ж ведаю!..

Новы дзень туман разьвее, Вялікалітва-Беларусь будзе вольнай!


Войша Мілавід, літвін

http://milavid.multiply.com

Vojsza.Milavid@gmail.com


Войшаў творчы жыцьцяпіс

Зьявіўся на сьвет Войша ў 1972-ім годзе — ў простай радавай сям’і ў месцы Менску, дзе й жыве ад тагачасься. Па-руску вершы пачаў складаць яшчэ дзьвяностымі, друкаваўся ў газэтах ды ў часапісах Беларусі, Расеі, Таджыкістану. У 2000-ым і 2001-ым гадох выдаў дзьве вершаваныя кніжыцы. У 2002-ім адбыўся асабісты творчы крыш ды крыш радавай ідэнты. Вершаў не было балей, дый не было суму аб тым. Было адное жаданьне — “распачаць жыцьця”, грамадзкае, творчае, спачатку...


“Новае жыцьця”, новая — літвінская — ідэнта выявілася рокам 2006-ым пад час сакавіцкага грамадзяньскага ўздыму на Беларусі. Нарадзіўся Войша беларусам, але-ж толькі па 33-ох гадох патроху прыйшло ўсьведамленьня: што гэта — быць Літвінам. Сьведама цікавіцца наскім адвечным. Сьведама аднаўляць наску гісторыю. Сьведама навучацца сьвятае наскае мовы. Сьведама пісаць беларускай ды ва ўсьцяж рускамоўным асяродзьдзі сьведама размаўляць па-беларуску. І нешта ’шчэ ё сьведамае ў гэнай ідэнце — інтымнае, на’т невымоўнае...
Упершыню час ад часу пачаў думаць па-беларуску. Упершыню беларускай пачалі час ад часу зьяўляцца мілавіды (так мянуе ён свае вершы) — люстраваньне думак, пачуцьцяў, памкненьняў. Думкі, пачуцьці, памкненьні — аб Вялікалітве-Беларусі, аб адраджэньні беларускім, літвінскім, аб Вольнасьці наскай і васкай, аб вашай і нашай свабодзе. Такімі-ж ё вершы — прысьвечаныя Радзіме вольнай і самастойнай, асьвечанай і культурнай, годнай і шляхотнай!
Хай грамадзтва сьветлае краіны нашае будзе вольным ды самастойным, асьвечаным ды культурным, годным ды шляхотным! Хай квітнее наша краіна не Масковіяй, хай не расквечвацьме Масковія краінай нашаю. Войшавы Мілавіды — асабістае поле змаганьня “за вольнасьць нашу і вашу”, поле творчасьці дзеля чагосьці сэрцу блізкага й прывабнага, тутэйшага й літвінскага, мясцовага й нябёснага — мілы відам неаглядны абшар. Дай нам ды вам дай Пан Божа шчэ’ й на свае вочы забачыць краіну сьветлае мроі свае!
Хай ЖЫВЕ ВЯЛІКАЛІТВА-БЕЛАРУСЬ!


Мой шлях да сьвятой беларускай Мовы

Чэрвеня месяца ў 24 дзень року 2008.


Дабрыдзень у хату шаноўным чытачом!
Зваць мяне — Войша :) На сяньня мне 35 год зь вялізным хвостам... :)) Беларускае мовы вучыўся, падобна да іншых тутэйшых, у савецкай сярэдняй школцы (скончыў у 89-ым). Меў “пяць балаў”, але-ж багата ’шчэ чаго тамака вучыўся, дый хутка на тое забыўся. :) Наўкол мяне паслугаваліся толькі з рускае мовы, і я, добра ёй валодаючы, ня меў ірацыянальнае патрэбы гаварыць іначай, не па-руску. Мой розум — не гуманітарнага складу. Апрача прадмету гісторыі, не было зацікаўденасьці да гуманітарных навук.
Быў вузорным камсамольцам, інтэрнацыяналістым і савецкім чалавекам. Жыцьця не вымагала беларускае мовы, дый яна мне й не падабалася. Так скалечыла маю сьведамасьць ды самасьведамасьць маскоўская машына. Такім жа-ж чынам яна некалі скалечыла й беларускую мову. Я нутрана адчуваў ейную мёртвасьць і ня мог яе ўзяць да сэрца, пагатоў, ня мог размаўляць па-беларуску. Мянаваў сябе беларусам, але-ж пабытовай моваю доўгі час была руская. За выняткам, як напачатку 90-х наведваў турыстым украінскія Карпаты й Падкарпацьця, дык размаўляў з тамтэйшымі па-беларуску :) Тагачасны, размаўляў беларускаю больш, за як некалі яшчэ. І ўкраінцам падабалася мая мова... :)
Калі Беларусь абвесьціла дзяржаўны суверэнітэт, я служыў ва Ўкраіне, а потым - вайскоўцам у Расеі. Інфармавалі нас дазавана й прадузята. Таму й па дэмабілізацы застаўся савецкім чалавекам, інтэрнацыяналістым і патрыётам ЗССР. Пэўна, зь цягам часу, хуцей бы меў стацца ўласна беларусам, але-ж лёс мяне часам не надзяліў...
19 жніўня 1995-га траўмаваўшы шыю, набыў амаль татальны паралюш цела ніжэй за плечы. Маім асяродзьдзем сталіся сямья, тэлевізія, прэса й успаміны “таго” жыцьця. Я ня проста “закансэрваваўся” за станам савецкага (не саўковага) чалавека, але гэны савецкі чалавек ува мне распаліўся нечакана моцна. Урэшце, багата што здолеў зрабіць цягам часу, як савецкі чалавек...
Адная мая сяброўка заўжды размаўляла беларускай. Тое была дзіўным, прыгожым, і мне была дужэ прыемна чуць ейную гаворку - была яна чароўнай, жывой, мілагучнай; толькі назваю была яна падобная да той, якой нас вучыла савецкая школа; яна не была штучным, мёртвым дыялектам сапсаванай рускай мовы - але сапраўднаю, клясычнаю, сьвятою беларускаю Мовай!
Як мела зачапіць мяне беларуская, пагатоў літвінская, ідэя, калі быў наскрозь савецкім? Яна ўсё-ж зачапіла, толькі ня так хутка, як жадаў бы таго сёньня... Паступова, ня здольны ўжо быў сябе ўважаць за савецкага й рускага патрыёта, сына Вялікай Расеі. Забачыўшы старонкі гісторыі Вялікай Літвы, а не Вялікай Масквы, адчуў пачварны імперскі падман мяне й маех суайчыньнікаў. І ўжо ня мог заставацца збоку й звонку Беларусі...
Я “фанатык” :) Не бязглузды, а шалёны :) Не магу рабіць нешта напалову: як аддавацца нейкай ідэі — прагну напоўніцу. Бо, мяркую, немагчыма зрабіць пэўную справу якасна, як не самаадданы ёй. 19 сакавіка 2006-га душою быў на Плошчы. А ўвечары 20-га па-над маім сэрцам тамсама лунала плынь “Разьвітаньня з Радзімай”, “Пагоня” й бел-чырвона-белы сьцяг. І ведаў я ўжо: як была раней, ня можа ўжо быць — і ня будзе — ніколі!..
Неяк падчас Сакавіка-2006 у інтэрнэт-суполцы Жывога Журналу была прапанаваная “лепшая дзея дзеля нашае Вольнасьці” — размаўляць адгэнуль і далей па-беларуску. Ня ведаўшы нашае мовы, ня меўшы на'т невялічкага слоўнікавага запасу, меў відавочную мэту — пісаць, а надалей — размаўляць беларускай, — і ўжо быў адданы сваёй ідэі — нашай і вашай Свабодзе, беларускаму (надалей — літвінскаму) духоўнаму, дзяржаўнаму й культурнаму Адраджэньню. Праз тры тыдні даведаўся на беларускую лацінку, і — ўсяго за дзень — засвоіў і сучасныя ейныя варыянты, і састарэлыя таксама. Цяперака ў мяне лацінка — ўлюбёная абэцэда “для сябе”, “для абраных”, “для душы”, але часьцей — паслугуюся зь кірылкі, што зразумелая нязвыклым чытачом. Штогод 21 студзеня з “адзінаверцамі” сьвяткуем Dzień Bielaruskaje Lacinki й ладзім адмысловы Tydzień Bielaruskaje Lacinki, падчас якога паслугуемся з лацінкі як мага шырэй.
Часьцяком чую думку: маўляў, беларуская Мова ўжо сталася часткаю Супраціву ды ягонаю зброяй. Мушу ўдакладніць: часткова мо’ й так. Але-ж калі паслугуюся зь беларускае дома са сваякамі — ў чым мой супраціў? :) Хіба што — супраціў русіфікацыі, расейшчыне, маскоўшчыне!.. Калі варта, паслугуюся зь беларускае мовы на абшарах інтэрнэту. Часьцяком вяду сам з сабою нутраны дыялёґ :) — падабаецца размаўляць па-беларуску, ёсь невыразная патрэба ў Мове. Маё чалавечае наўкольле ё занадта вузкім і рускамоўным. Але ўсё адное, хоці аднабакова, гавару, як мага болей, па-беларуску (калі перапрашаюць або не разумеюць — паўтараю па-руску). Такім чынам, збольшага, маю пісьмовую практыку беларускае мовы. Даўно ўжо звыклы з падобным, але-ж няма куды дзецца, як лёс такі...
Прайшло ўжо больш за 2 рокі, як стаўся беларускамоўным. Ці цяжка была? Так. Але-ж і найвялікшы шлях — пачынаецца зь першых нетрывалых крокаў. Ёсь моцная матывацыя й прага, таму — здужае шлях той, хто крочыць ім... Чытаю паўз інтэрнэт тэксты, што напісаныя клясычнай беларускай. Памалу адкладаецца ў галаве :) слоўнікавы запас, і абуджаецца нутранае “пачуцьця мовы”. Да засваеньня Мовы 'шчэ далёка, але-ж аб тым, як да яе прыйшоў, напэўна, шаноўнаму спадарству сьцісла распавёў... :)) Сёньня Мова ў маім жыцьці ўжо сталася звычайнаю зьявай, прасякаючы ня толькі сакральныя сферы. Яна лучыць мяне й пакаленьні дзядоў-літвінаў, поўніць шляхецкім духам ваяроў Вялікае Літвы беларускі постмадэрн. Зычу й вам, спадарове, знайсьці ўласна свой шлях да сьвятае беларускае Мовы — як мага хуцей, ступіць на яго, і прайсьці ім!..


Мілавіды

Каб не памерці...

Жылі літвіны,

Еўшы бацьвіньня,

Бо бульбу жэрці —

Можна й памерці.

Бульба за шкваркай,

Шкварка за чаркай —

“Здароўе пана!”...

Зьмерлі б рахмана...

’Шчэ ня ўмерла Літва!


Jeszcze Litwa nie zginęła,

jeżli jestem żywy!
’Шчэ ня ўмерла Літва,

І ня зьгінула Польшча,

І літвіны — жывуць,

І пяе між іх Войша...



Сумёты й намёты

Сумёты, сумнеў...

Упэўненасьць, намёты...

Дзень Волі прыйдзе!



Дні Волі


На сакавіцкі 2006-га года Беларускі Нязбройны Чын...
За Волю!
Сталі поплеч.

Шыхт-ланцуг.

Агні ў грудзёх.

Па-за сьпіной — намёты.

Наступнасьць наша —

безьвесьць і турботы...

І дзень.

Дзень Волі!..


Зімнасьць.

Сьнежа веснавей.

Наўкола ў цемры —

акіян зласьлівы.

Мы — бераг

Выспачкі Свабоды.

Ноч Волі.
Воля!
Уначы

сьвятло згасае ў вокнах...

“Не маўчы!

Прачніся!”, —

сэрца покліч... —

“Ды сьпявай.

Ізноў!

Ды зноўку, зноўку...



Уваскрэсьні!”.

Словам, Песьняй,

Сьвятлом —

прасяклі вокны...


Беларус,

чуй Слова!

Пі Сьвятло!

Мы не рабы ўжо,

бо рабы — нямыя.

Сьляпыя — ў цемры,

тут — сьвятло.

І слова.


Беларусь!
Дні Волі...

Дни Независимости

Мы встали! Цепью. Нас уж не сломить.1

В груди — огонь, а за спиной — палатки.

Нам до дожинок суждено ль дожить?

Но мы созрели для смертельной схватки.
Ладонь — в ладонь, плечо — к плечу. Буран.

Мы — словно берег Островка Свободы.

Куда ни глянь — враждебный океан,

И снег в лицо бросают ветра волны.


Клинком по сердцу окрик: “Не молчи!

Проснись и пой! И снова... снова... снова...”.

Мы видим свет за окнами в ночи

И льёмся в ваши окна — Светом, Словом.


Смолкает слово, остаётся свет...

Мы не рабы уже — рабы немые.

Поэт в России — больше, чем поэт,

А в Беларуси — больше, чем в России.



Народ і паэта

Народ і паэта...

Драсьце!

Хіба-ж каму трэ’ Паэзья?!.

Што трэба народу?

Шчасьце...

Але-ж, прадусім — маґнэзья...

Кастрычнік...

Кастрычнік...


Дзе той Сакавік?

Дзе тыя песьні?

Дзе намёты?

Пад’ём — адбой.

Жыцьцё — турбота.
Кастрычнік...
Прыйдзе Сакавік.

Дзень Волі прыйдзе.

Будзе Воля!

Ды радасьць будзе.

Рвецца крык,

бо Воля — ёсь!

Вось зара’, сёньня...

ўва мне...

ў табе...

ды ў тэй дзяўчыне,

тым хлопцы...

Воля ёсьць!

І будзе.
Кастрычнік...

Бел-чырвона-белыя сны

Прайшлі —

сьненьні шэрыя,

белым


па чорным...

Прыйшлі —

каляровыя,

подых Вясны...

Коні...

Пагоня...



Сонца —

чырвоным


па белым

абшары...

Сны...

Ад вясны да вясны

Дажыць ты зможаш толькі да вясны,



І больш нічога, сапраўды, нічога...”

Адам Глёбус на сьмерць Уладзя Каткоўскага
Да вясны —

дажыць!


І памерці?

Сьці за ноччу,

як сходзюць сны?

Не! Ня так!..

Ня бывае сьмерці!

Ё’ жыцьцё!

Ад вясны —

да вясны.


Крок да кроку...

спрадвек...

бясконца...

Мы ідзем...

чы ляцім...

адны...


І нясем

стылай цемры

сонца!

Ад вясны —



да вясны.

Скрозь адчай

“Колькі можна...” — кажаш. — “Колькі-ж можна!”

Сэрца сьціслае празь цяжар думкі...

Ногі — лежма, ледзь ня долу — рукі...

Тое зьведаў быў, напэўна, кожны...

Скрозь адчай, наўпрост — душа, ’бы неба...

Змрок да змроку мкнецца, крок — да кроку...

Боль да болю ляжа, рок — да року...

“Колькі трэба...” — скажаш. — “Колькі трэба!”

Інсурґент (Мае Мілавіды)

Стаяць нядужны на нагох сваех,

Трымаць няможны баявую зброю,

За вольнасьць нашу й вашу, за “Пагоню”

Змагаюся, а зброяй — словы, сьмех.
Я інсурґент. Хтось кажа — бунтаўнік,

Дзікун, бандыт — хай бессаромна хлусіць...

Паўстаў з каленаў, сьмерці не баюся...

Маркотна часам, бо сьмяротны крык,

Здаецца, так і сягне вышыні —

Адчуюць богі, недачуюць людзі...

Зямлі маёй, Радзіме воля — будзе!

Ці будзе воля ў сэрцах бальшыні?


Ці шчасьце ёсь — вялізнае, для ўсіх?

Ці ёсь літвіны? Ці мы ўсе — прывіды?

Нагадкай аб палеглых — Мілавіды2.

І мілавіды3 — звонам для жывых.



Заход над дрыгвою

Заход над дрыгвою...

Гніцьцё...

І жах...


Залегчы, замоўкнуць...

Хай іншыя бьюцца...

Тут ворагам нашым —

нямогласьць прачнуцца.

Тут ворагам нам —

абыякавасьць,

страх.

Няўжо гэта годна:



за векам век

баяцца, схіляцца,

аб міласьці кленьчыць

дый прад чужынцам

скарыцца й укленьчыць?

Паўстань!

Ды ідзі на ўвесь рост,

Чалавек!


Жыві, падобны Пана Бога!

Калі ты ў плыні, дык — плыві.

У цяжкі час — трымай аблогу.

І я кажу табе: “Жыві!”.

Бо ты падобны Пана Бога.

Жаданьне, чаканьне, малітва і мроя

Жадаю...


чакаю...

малюся...

мрою...

Люд страпянуўся...



ўзьняўся гарою!..

З журбой ці з маленьням,

зь літоўскай “Пагоняй”...

Каб боле ніколі

ня быць у няволі...

Воля й няволя

Малюсь


за Радзіму —

якая ня ёсь.

Малюся —

за тую,


што будзе.

Волю й няволю —

дарункі нябёс —

мы абіраем,

людзі.

Мы —


рэжысэры свайго жыцьця.

Мы-ж —


выканаўцы ролі.

Самі ў быцьцё

мы бярэм зь небыцьця

волю,


або няволю.

Верым-Можам-Пераможам


Тым, што паўсталі й пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына...
Празь бездараж цемры,

Празь сьлёзы дзявочы,

Ня страціўшы веры,

Мы крочым, мы крочым.


У лесе варожым

Былінкай схіляцца

Ня мусім. Мы можам

Трымацца, трымацца.


Трываньня ды сілы

Дый моцу, дай, Божа!

Жыве Край наш мілы,

І мы пераможам!



За нашу і вашу Зброю!

Ня вечныя — змрок і цемра,

Іржавых кайданаў бразґат...

Ня проста — сьляпая вера.

Над вераю — Веды й Прага!

Ня вечна — блукаці сьлепа.

Ня вечна — глабацца з гною...

Ірвуцца кайданы — ў цэпы —

За нашу і вашу Зброю!

Жыве Беларуся!

Чырвань радкоў —

’бы кроў.

Белы аркуш —

’бы сьнег.

Наш чалавек —

гярой.

Слава яму —



навек.
Нябёсы —

блакіт-сінеча.

Штандар —

бел-чырвона-белы.

Жыві, Беларуся, —

вечна!


Жыве Беларуся —

веру!


O, Serce moje — Ojczyzna!

Chmurki grań — niby blizna...

W niebiosach taje modlitwa...

O, Serce moje — Ojczyzna!

Ojczyzna moja, ty — Litwa!

За вольнасьць нашу й вашу!

Зямлі літоўскай зноўку я пяю

І растаю ў празрыстасьці нябёсаў.

Жаданьням, воляй, згодна волі лёсу,

За вольнасьць нашу й вашу паўстаю.

Нас не зламіць!

І Беларусь — ЖЫВЕ!

Ільецца Мова.

Ня грукочуць стрэлы.

Штандар лунае бел-чырвона-белы...



Зараньня на абуджанай Літве!


Дадаткі

Мілавіды



МІЛАВІДЫ — вёска, цэнтар сельсавету й калгасу. Месьціцца за 37 км на паўднёвы захад ад м. Баранавічы, за 12 км ад чыгуначнай станцыі Лясная, на шашы Івацэвічы — Слуцак.
У 1518 г. — маёнтак, шляхецкая ўласнасьць Яна Неміровіча, у 1567 г. — С.Хадкевічаўны, што выстаўляла з усех сваех маёнткаў, у тэм ліку ізь Мілавід, 73 коньнікаў. У 1862 г. была адкрытая народная вучэльня. Пад час паўстаньня 1863—1864 гг. Мілавіды сталіся адным з асяродкаў гэтага паўстаньня. Тутака месьціўся паўстанцкі ляґер. А сярэдзіне траўня 1863 г. ў ім былі сканцэнтраваныя некалькі паўстанцкіх аддзелаў, блізу 800 паўстанцаў. Агульнае кіраўніцтва аддзеламі ажыцьцяўляў А.Лянкевіч. Паўстанцы кантралявалі наўкольныя тэрыторыі, знаёмілі сялянаў з мэтамі паўстаньня, тлумачылі ім, што паўстанцы змагаюцца за наданьне зямлі сялянам ды скасаваньне прыгону. 20 траўня 1863 г. мілавідзкі ляґер наведаў Кастусь Каліноўскі. Царскія ўлады накіравалі проці паўстанцаў войскі. 22 траўня тутака адбыўся бой між царскімі войскамі ды паўстанцамі. Змаганьне доўжылася некалькі гадзін. Паўстанцы былі дрэнна ўзброеныя, але-ж здолелі багата салёнкі даць царскім войскам (50 забітых ды параненых). Наступным днём карнікі аднавілі наступ, але-ж інсурґенты ўночы ўжо пакінулі ляґер. Мілавідзкая бітва сталася аднэй з буйнейшых на Літве-Беларусі пад час паўстаньня 1863—1864 гг.
А першай палове 1880-х гадоў поруч існавалі дзьве вёскі: Мілавіды 1-я ды Мілавіды 2-я; 32 двары, 336 жыхароў, дзейнічалі праваслаўная царква, народная вучэльня, заезны двор, піцейны дом. У 1901-ым годзе ў Мілавідзкай народнай вучыльні быў 71 вучань, у тэм ліку 7 дзяўчынак. З 12.10.1940 г. — цэнтар сельсавету. На 1940 г. — 258 двароў, 735 жыхароў. Ад чэрвеня 1941 г. па ліпень 1944 г. нямецка-фашыстоўскія акупанты спалілі 186 двароў ды растралялі 83 вяскоўцаў. У 1972 г. да Мілавід была далучаная в. Скарынкі. На 01.01.98. г. — 335 двароў, 864 жыхары.
На тэрыторыі вёскі месьцяцца сядзібы сельсавету й калгасу, механічныя майстэрні, Дом быту, бібліятэка, клюб, аддзяленьне сувязі, ветэрынарны ўчастак, 2 магазіны. Помнікі: на брацкай магіле радовых вояў (1988), на магіле ахвяраў фашызму (1950), 60 тутэйшым, што загінулі пад час Вялікай Айчыннай вайны, на месцы Мілавідзкае бітвы пад час паўстаньня 1863—1864 гг., капліца й мэмарыяльны знак. Захаваўся архітэктурны помнік — паштовая станцыя, што пабудаваная з цэглы ў 1846 г. Пад час 130-х угодкаў паўстаньня 1863 г. былі адкрытыя мэмарыяльныя дошкі паўстанцам ды Аляксандру Лянкевічу — вайсковаму кіраўніку зводных аддзелаў паўстанцаў у бітве з расейскімі карнікамі пад Мілавідамі. Ягонае імя гэтаксама носюць Мілавідзкая сярэдняя школа ды Музэй паўстанцаў 1863 г.
Войша МІЛАВІД, паводле: “ПАМЯЦЬ: Гісторыка-дакументальная хроніка горада Баранавічы і Баранавіцкага раёна” - Мн., БЕЛТА, 2000. - 736 с.: іл., ISBN 985-6302-28-5.


1 Рускамоўная арыґінальная вэрсія папярэдняга вершу.

2 Мілавіды — мястэчка Слонімскага павету (зара’ Баранавіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці), дзе 22 траўня (3 чэрвеня) 1863-га зьяднаныя сілы інсурґентаў на чале Францішка Юндзіла, Ісідара Лукашэвіча, Аляксандра Лянкевіча й агульным кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага далі вялікі бой царскім войскам. Глядзіце таксама разьдзел “Дадаткі”.

3 мілавіды” — гэтым словам аўтар мянуе свае вершы.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка