Выпускная работа па «Асновах інфармацыйных тэхналогій»




старонка7/9
Дата канвертавання17.03.2016
Памер0.53 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9

3.2 База дадзеных па гісторыі грамадскай думкі ВКЛ XVI ст.


Апавядальныя крыніцы, да якіх належаць і помнікі грамадскай думкі ВКЛ, нялёгка паддаюцца структураванню, якое з’яўляецца неабходным кампанентам пры стварэнні баз дадзеных. Тым не менш, існуюць выпадкі, калі могуць быць створаны базы дадзеных і па гісторыі грамадскай думкі, пры гэтым яны будуць прыносіць істотную практычную карысць.

Так, вялікае значэнне маюць базы дадзеных, якія ўключаюць інфармацыю пра дзеячоў культуры таго ці іншага часу: гэты варыянт можа быць здзейснены і на падставе звестак пра інтэлектуалаў з Вялікага Княства Літоўскага XVI ст. Але ў дадзенай рабоце будзе прадэманстраваны некалькі іншы падыход: будзе здзейснена спроба з дапамогай БД акрэсліць не сукупнасць усіх інтэлектуалаў за цэлае стагоддзе (гэта і немагчыма, бо пра многіх проста няма звестак), а кола сувязяў аднаго пэўнага аўтара.

Зноў-такі, як і ў іншых выпадках, калі выкарыстоўваліся метады ІТ, дзеля правядзення такога даследавання патрэбны належны, падыходзячы матэрыял крыніц. І грамадская думка ВКЛ XVI ст. такі матэрыял дэманструе. Маецца на ўвазе “Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсёй Русі” (1582 г.) [9; 10] Мацея Стрыйкоўскага (1547 – каля 1590), у якой храніст прысвяціў асобныя раздзелы тым ці іншым палітычным і грамадскім дзеячам свайго часу. У гістарыяграфіі гэтыя прысвячэнні (“дэдыкацыі”) грунтоўна прааналізаваў польскі даследчык Збыслаў Вайтковяк [33, с. 140-174], які на падставе даволі багатай генеалагічнай літаратуры (напрыклад, [24; 34]) акрэсліў гады жыцця, веравызнанне, дасягненні ў палітычнай кар’еры, сувязі з тымі ці іншымі палітычнымі і інтэлектуальнымі асяродкамі дзеячаў, якія ўзгадваюцца ў “Хроніцы” Стрыйкоўскага. Але гэтая вялікая праца была аформлена ў выглядзе наратыўнага тэксту, што ўскладняе яе ўспрыманне, акрамя таго, польскі гісторык не быў паслядоўным у апісанні ўсіх постацяў – не згадваў або пра гады жыцця, або пра ўсе займаныя пасады, або пра рэлігійную прыналежнасць. Таму на падставе матэрыялу, сабранага З. Вайтковякам, і дапоўненага звесткамі з іншых крыніц [24; 34], намі была складзена база дадзеных “Кола палітычных сувязяў Мацея Стрыйкоўскага” (змяшчаецца на дыску).

Гэтая БД складаецца з дзвюх табліц – “Stryjkowski Dedykacje” і “Adrasaty”. Першая з іх уяўляе сабою перавод у машыначытальную форму тых звестак, якія падаў у “Хроніцы” сам Стрыйкоўскі і складаецца з наступных графаў:

Табліца 3.3 – Графы Табліцы “Stryjkowski Dedykacje” з БД “Кола палітычных сувязяў Мацея Стрыйкоўскага”

Код

Прозвішча Імя

Прозвішча Імя Арыгінал

Тытулатура

Нумар часткі

Назва часткі

Тытулатура 2

Нумар часткі 2

Назва часткі 2

Тытулатура


Нумар часткі 3

Назва часткі 3





































Такая структура табліцы абумоўлена тым, што некаторым дзеячам Стрыйкоўскі прысвяціў некалькі раздзелаў (максімальна – 3), таму графы “Тытулатура”, “Нумар часткі” і “Назва часткі” “патроіліся”.

Табліца “Adrasaty” мае наступны выгляд:

Табліца 3.4 – Графы Табліцы “Adrasaty” з БД “Кола палітычных сувязяў Мацея Стрыйкоўскага”

Код

Прозвішча Імя

Гады жыцця

Веравызнанне

Пасада 1

Пасада 2

Пасада 3






















Табліцы ў БД злучаны паміж сабою сувяззю “адзін да аднаго” праз поле “Прозвішча Імя”.

Дадзеная БД дапамагае вырашыць цэлы шэраг даследчыцкіх задач. Так, на падставе часу займання пасад тым ці іншым палітычным дзеячам, можна ўдакладніць, калі быў напісаны раздзел “Хроніцы”, прысвечаны гэтаму магнату або шляхцічу. Напрыклад, гэта датычыцца адной з частак, прысвечаных Яну Глябовічу [33, с. 149], дзе яго тытулатура адрозніваецца ад іншых выпадкаў.

Але перадусім такая БД робіць больш зручным акрэсленне кола палітычных сувязяў Мацея Стрыйкоўскага, г.зн. тых людзей, якія падтрымлівалі яго погляды на мінулае і сучаснасць ВКЛ і ўвогуле Рэчы Паспалітай. Выпадае, аднак, адзначыць, што, напрыклад, З. Вайтковяк сумняваецца, што кола адрасатаў “Хронікі” можа быць атаясамлена з групай яе інспіратараў [33, с. 172-174]. Зрэшты, на гэта няма разліку і ў нас. Іншая справа, што, на наш погляд, БД “Кола палітычных сувязяў Мацея Стрыйкоўскага” можа стаць істотнай дапамогай для высвятлення прычын, чаму, па-першае, менавіта пэўная частка была прысвечана пэўнай асобе, што дазволіць зразумець ментальнасць храніста, па-другое, чым быў абумоўлены кожны канкрэтны выпадак прысвячэння раздзела аднаму з дзяржаўных або палітычных дзеячаў ВКЛ. Але зноў-такі высновы наконт гэтага камп’ютар даць не можа і тут галоўную ролю адыграюць больш традыцыйныя метады гістарычнага даследавання.

Такім чынам, прапанаваная база дадзеных мае патэнцыял прынесці пры правільным яе складанні і выкарыстанні значную карысць у даследаванні палітычных сувязяў і свядомасці Мацея Стрыйкоўскага.


Падсумоўваючы ўсе напісанае ў дадзенай главе, выпадае адзначыць, што акрэсленыя ў ёй спробы выкарыстання ІТ для даследавання грамадскай думкі ВКЛ з’яўляюцца толькі спробамі аўтара работы і не прэтэндуюць на поўную вычарпальнасць і дакладнасць, хоць аўтар работы і імкнецца як мага лепей адаптаваць вялікія магчымасці інфармацыйных тэхналогій да патрэб уласных навуковых зацікаўленасцяў. Так ці інакш, прыведзеныя вышэй прыклады пацвярджаюць, што выкарыстанне ІТ садзейнічае больш паспяховаму даследаванню праблем інтэлектуальнай традыцыі і грамадскай думкі, што, на наш погляд, адлюстроўваюць зробленыя на падставе камп’ютарызаванага кантэнт-аналізу высновы аб дынаміцы стаўлення інтэлектуалаў да вялікакняскай улады і заўвагі аб палітычным атачэнні храніста Мацея Стрыйкоўскага, якія вынікаюць з аналізу базы дадзеных, якая ўтрымлівае пералік адрасатаў яго тэксту.
1   2   3   4   5   6   7   8   9


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка