Выпускная работа па «Асновах інфармацыйных тэхналогій»




старонка5/9
Дата канвертавання17.03.2016
Памер0.53 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9

2.2 Інфармацыйныя тэхналогіі і кантэнт-аналіз: дасягненні і перспектывы ў кантэксце вывучэння грамадскай думкі ВКЛ XVI ст.


Разгледжаны ў папярэднім параграфе аспект выкарыстання ІТ пры даследаванні твораў грамадскай думкі, а менавіта вызначэнне гісторыі тэксту і яго аўтарства, звязаны з тым, што ў гістарычным крыніцазнаўстве называецца знешняй крытыкай крыніцы. Але ў гістарычным даследаванні інтэлектуальных твораў асноўнае значэнне мае ўсё-такі вызначэнне іх ідэйнага напаўнення, намераў аўтару і сродкаў іх выказвання і дасягнення. Таму неабходным з’яўляецца зварот да зместу тэксту, і ў гэтым рэчышчы таксама можна выкарыстаць інфармацыйныя тэхналогіі.

Такая пастаноўка праблемы вынікае з таго, што пасля знешняй крытыкі наступным этапам даследавання з’яўляецца т.зв. “дэшыфроўка” тэксту, яго сэнсавы аналіз, раскрыццё аўтарскай і, нарэшце, “рэканструкцыя” гістарычнай рэальнасці, сімвалічным выразам якой мае быць даследаваны тэкст XVI ст. [37, с. 280-281]. Для дадзенай даследчыцкай праграмы ўдала падыходзіць заснаваны на камп’ютарных тэхналогіях кантэнт-аналіз, метад, шырока ўжываны ў сацыялогіі і паліталогіі, які прадугледжвае аналіз зместу тэксту (паказальна, што ў польскай гістарыяграфіі ён так і называецца “аналіз зместу” [52, с. 136]), а дакладней, частотнага размеркавання сэнсавых адзінак у тэксце або, іншымі словамі, вывучэнне статычных заканамернасцяў частотнага размеркавання сэнсавых адзінак у тэксце [35].

У літаратуры вылучаюцца наступныя патрабаванні, якія неабходна выконваць пры правядзенні кантэнт-аналізу:


  • аб’ектывізм, які патрабуе таго, каб аналіз ладзіўся на падставе выразна сфармуляваных правіл, якія даюць магчымасць двум або больш асобам, карыстаючыся тымі самымі дакументамі, атрымаць той самы вынік;

  • сістэматычнасць, якая азначае, што вылучэнне або адхіленне зместу альбо катэгорыі адбываецца з апорай на паслядоўнае ўжыванне крытэрыяў выбару;

  • фармалізм, які вымагае, каб выключэнні былі незалежнымі ад зместу (фабулы) паведамлення (чыста апісальная інфармацыя, што датычыцца зместу, але не належыць да атрыбутаў тэкстаў, мае невялікае значэнне);

  • колькасны падыход, мэтай якога з’яўляецца вызначэнне ступені, у якой аналітычныя катэгорыі прысутнічаюць у змесце, а значыць, вызначэнне акцэнту, які на іх кладзецца, ці ступені, у якой яны абмінаюцца.

Такім чынам, кантэнт-аналіз, па сутнасці, з’яўляецца даследчыцкай тэхнікай, якая служыць аб’ектыўнаму, сістэматычнаму і колькаснаму апісанню яўнага зместу інфармацыйных паведамленняў [52, с. 136-137].

Кантэнт-аналіз можа быць прыдатным для атрымання адказу на пытанні, якія датычацца: рысаў тэксту, прычын альбо абставін, якія папярэднічалі пераказанаму паведамленню або наступстваў яго пераказу. Адсюль падставовай складанасцю ўяўляецца катэгарызацыя – вызначэнне адзінак аналізу, пад якімі маюцца на ўвазе акрэсленыя і аднастайныя элементы тэксту [49, с. 132-133; 52, с. 137]. Найчасцей сустракаюцца такія адзінкі:



  • “слова” як асобнае слова, так і член сказу, выкарыстанне прыводзіць да вызначэння яўнай частотнасці іх з’яўлення;

  • “тэма”, у найбольш вузкім выглядзе гэта простая думка, сцвярджэнне аб прадмеце, таксама ім можа быць складаная думка, тады часта яна падзяляецца на кампаненты;

  • “постаць”, маецца на ўвазе постаць літаратурная або гістарычная;

  • “пазіцыя”, так акрэсліваюцца цэлыя “натуральныя” адзінкі, створаныя аўтарамі матэрыялаў;

  • “вымярэнні”, напрыклад, радок, верш, параграф [52, с. 137].

У сваю чаргу, часам навукоўцы з улікам асаблівасцяў крыніц, якія яны вывучаюць, задаюць свае параметры для аналізу. Так, расійскі даследчык сацыяльнай гісторыі СССР У.І. Ціханаў, сумясціўшы кантэнт-аналіз з тэорыяй графаў, вылучыў аж 5 катэгорый, на падставе правёў якіх правёў даследаванне становішча т.зв. “лішэнцаў” у 1920-1930-я гг. [49, с. 132-133]. Важную для нашай тэмы прапанову ўнесла Э. Ленард, якая даследавала летапісанне ВКЛ пры дапамозе катэгорыі “рэляцыя” [52, с. 137-138], г.зн. такі фрагмент тэксту, які рэпрэзентуе ўздзеянне або адносіны, якія ўсталяваліся паміж двума аб’ектамі, пры гэтым неабавязкова, каб абодва гэтыя аб’екты мелі характар суб’ектаў. Аб’ектамі рэляцый, паводле Э. Ленард [52, с. 138], з’яўляюцца ўсе згаданыя ў тэксце асобы (уладары, духоўныя, баяры і г.д.), групы асоб (напрыклад, панове, смаляне, літва, татары, свае), месцы, тэрыторыі, інстытуцыі (напрыклад, паны-рада ВКЛ), дзяржавы. Важна падкрэсліць, што для строгасці і дакладнасці ў кантэнт-аналізе, неабходна прытрымлівацца найменняў, што прысутнічаюць у самім тэксце, як, дарэчы, і робіць польская даследчыца [52, с. 138]. Напрыклад, калі летапісец піша пра Ягайлу “вялікі князь” – гэткі запіс будзе і ў рэляцыі, калі піша “кароль”, то Ягайла будзе пазначаны як “кароль”, а не вялікі князь, нягледзячы на тое, што працягваў ім быць.

Падсумоўваючы, акрэслім этапы правядзення кантэнт-аналізу:



  • фармаванне набору тэкставых фрагментаў;

  • стварэнне набору катэгорый;

  • падлік частаты сустракальнасці гэтых катэгорый у тэксце;

  • вылучэнне значных для аўтара катэгорый [50, с. 133].

Зразумела, што камп’ютарныя тэхналогіі прысутнічаюць ужо на трэцім этапе даследавання, што адлюстравана ў разгледжаных вышэй даследаваннях Э. Ленард [52, с. 139] і Л.М. Брагінай [37, с. 287 і далей]. Але яны выкарыстоўваюцца і на чацвёртым этапе, калі звяртаецца ўвага на якасны бок пытання, а менавіта на чым засяроджваецца аўтар у сваім тэксце. Напрыклад, Л.М. Брагіна пры даследаванні філасофскіх трактатаў XV ст. звярнулася да карэляцыйнага аналізу, з дапамогай якога вызначыла, якія філасофскія катэгорыі знітоўваюцца ў трактаце [37, с. 288-298]. У выніку даследчыца здолела раскрыць светапогляд двух дзеячаў эпохі Адраджэння, а менавіта іх погляд на праблемы этыкі. Таксама і Э. Ленард з выкарыстаннем кантэнт-аналізу на падставе ІТ, як ужо адзначалася, дала сваю інтэрпрэтацыю [52, с. 146-147] пытання ўяўленняў беларуска-літоўскіх летапісцаў аб дзяржаве і народзе.

Заснаваны на ІТ кантэнт-аналіз, такім чынам, ужо выкарыстоўваўся ў дачыненні да гісторыі грамадскай думкі ВКЛ XVI ст. (праца Э. Ленард), але яго магчымасці для нашай тэмы яшчэ далёка не вычарпаны. Гэта абумоўлена тым, што даследчыкі грамадскай думкі ВКЛ (і ўяўленняў пра мінулае ў ёй у прыватнасці) прыходзяць да розных, часам дыяметральна супрацьлеглых меркаванняў, наконт ідэйнай задумы тых ці іншых твораў. Такое рознагалоссе, трэба прызнаць, часам абумоўлена прыстасаваннем сучасных – нацыянальных, культурных і г.д. – катэгорый да аб’ектаў далёкага мінулага, няўлікам асаблівасцяў ментальнасці тагачасных людзей. Як здаецца, кантэнт-аналіз, накіраваны на высвятленне сістэмы каштоўнасцяў інтэлектуалаў таго перыяду і як камп’ютарызаваны метад менш залежны ад уласных поглядаў даследчыка, добра падыходзіць для вывучэння грамадскай думкі ВКЛ.


1   2   3   4   5   6   7   8   9


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка