Выпускная работа па «Асновах інфармацыйных тэхналогій»




старонка4/9
Дата канвертавання17.03.2016
Памер0.53 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9

Глава 2

Даследаванне грамадскай думкі ВКЛ XVI ст. пры дапамозе інфармацыйных тэхналогій: тэарэтычныя аспекты


З шэрагу прыведзеных вышэй падыходаў, з дапамогай якіх разнастайныя бакі мінулага вывучаюцца на падставе ІТ, неабходна выбраць тыя, якія ў перспектыве могуць даць найбольшы плён для абранай тэмы. Увогуле ў гістарыяграфіі падкрэсліваецца, што колькасныя метады (дадамо – інфармацыйныя тэхналогіі ў цэлым) “могуць з поспехам паглыбляць нашыя веды і ў тых выпадках, калі даследчык мае справу з выключна якаснай з’явай ва ўсёй яе непаўторнасці і ўнікальнасці” [42, с. 346], да шэрагу якіх безумоўна належыць вывучэнне грамадскай думкі ВКЛ. Тым не менш, некаторыя метады падаюцца найбольш удалымі, менавіта пра іх будзе ніжэй гаворка.

2.1 Інфармацыйныя тэхналогіі ў вывучэнні паходжання і атрыбуцыі наратыўных тэкстаў


Магчымасці ІТ пры вырашэнні пытання паходжання і аўтарства тэкстаў былі ў цэнтры ўвагі навукоўцаў у пачатковы перыяд працы па адаптацыі колькасных метадаў да гістарычнага матэрыялу: акурат дадзеная праблема характарыавалася як “цэнтральная” [42, с. 346]. Пры гэтым выказвалася меркаванне [40, с. 328], што надзейна атрыбутаваць тэкст таму ці іншаму аўтару можна толькі на падставе колькасных метадаў.

Для шэрагу важных для нашай тэмы крыніц – летапісы і хронікі, ананімныя публіцыстычныя творы – вялікае значэнне мае методыка даследавання тэкстаў на падставе асаблівасцяў аўтарскага стылю. Аднак адразу ж варта адзначыць, што ў творах дадзенай эпохі, якія належаць да галіны т.зв. “Slavia Orthodoxa” (напісаных у традыцыях візантыйска-ўсходнеславянскай праваслаўнай культуры ці пад яе непасрэдным уплывам), аўтарскі пачатак развіты слаба [36, с. 298]. Гэта праяўляецца, напрыклад, у беларуска-літоўскіх летапісах, для якіх уласціва практыка ўжывання шаблонных фраз і канструкцый [16, с. 57]. Таксама іў тых жа летапісах прысутнічае яшчэ адзін элемент, які ўскладняе паспяховую працу, заснаваную на колькасных метадах і ІТ. Маецца на ўвазе праблема “чысціні” тэксту [42, с. 353], г.зн. магчымасць унясення ў яго правак пры перапісцы. Так, нават спісы аднаго зводу, напрыклад, першага беларуска-літоўскага летапіснага зводу, разыходзяцца паміж сабою не толькі ў асобных чытаннях, а нават у паслядоўнасці частак, што праяўляецца ў познім Слуцкім спісе.

З улікам гэтых акалічнасцяў прынцып фіксацыі аўтарскіх асаблівасцяў выглядае наступным чынам. У якасці індыкатараў стылю прымаюцца “падсвядомыя асаблівасці” пісьма аўтара [42, с. 354]. Зрэшты, пад гэтым цьмяным азначэннем хаваюцца цалкам матэрыяльныя з’явы, а менавіта спецыфіка ўжывання і чаргавання пэўным аўтарам розных граматычных (марфалагічных) форм – назоўнікаў, прыметнікаў, дзеясловаў і інш. [36, с. 301; 42, с. 354]. Гэта патрабуецца дзеля таго, каб фармалізаваць канкрэтны моўны матэрыял, перавесці яго ў абстрактную форму, зручную для камп’ютарнага аналізу.

У фармалізаваным такім чынам тэксце далей выяўляюцца частоты парнай сустракальнасці тых ці іншых граматычных форм, што вынікае з даследчыцкай гіпотэзы аб непазбежнай розніцы ў частотнасці ў розных аўтараў [42, с. 354]. Пры гэтым з вялізнай колькасці частот парнай сустракальнасці выбіраюцца тыя, якія дасягаюць пэўнай велічыні (“парога”), а зн. з’яўляюцца рэлевантнымі і не вынікаюць з выпадковага супадзення.

Пры апрацоўцы камп’ютарным спосабам парог частаты задаецца ў адпаведнасці з абраным матэрыялам (так для помнікаў перыяду Старажытнай Русі савецкія даследчыкі абралі мяжу статыстычнай сувязі роўную 5 [42, с. 355]). Далейшая методыка атрыбуцыі тэкста выглядае наступным чынам:


  • для кожнага з тэкстаў (у тым ліку і для тэксту, аўтарства якога вывучаецца) ствараецца матрыца А частот парнай сустракальнасці на ўзроўні граматычных класаў (статыстычных сувязяў);

  • кожная матрыца аналізуецца, для кожнага тэксту вылучаецца сукупнасць граматычных сувязяў з высокімі (г.зн. тымі, што перавышаюць вызначанае вышэй “параговае” значэнне) частотамі;

  • атрыманыя сукупнасці граматычных сувязяў параўноўваюцца, вылучаецца т.зв. “агульнамоўнае ядро”, г.зн. набор такіх сувязяў, якія змяшчаюцца ва ўсіх (ці амаль ва ўсіх) тэкстах;

  • сфармаванае “агульнамоўнае ядро” выдаляецца з кожнай сукупнасці адабраных граматычных сувязяў; тыя сувязі, якія засталіся пасля гэтага, і з’яўляюцца істотнымі для характарыстыкі аўтарскага стылю;

  • пры параўнанні атрыманай сукупнасці “істотных” сувязяў тэксту, які патрабуе атрыбуцыі, з астатнімі вызначаецца аўтар, чый тэкст характарызуецца найбольш блізкай па пэўным крытэрыі сукупнасцю “істотных” граматычных сувязяў [36, с. 304].

Дадзены метадычны прыём мае назву тэорыя графаў, бо сукупнасць істотных граматычных сувязяў (з высокімі частотамі, г.зн. агульнай колькасцю ўжывання дзеяслоўных зваротаў і канструкцый, назоўнікаў і прыметнікаў у пэўных склонах [42, с. 357]) пазначаецца як “граф моцных сувязяў”. Менавіта пабудова графаў (на падставе камп’ютарных тэхналогій, “уручную” гэта зрабіць вельмі складана) дазваляе высветліць, якому з верагодных аўтараў належыць даследаваны тэкст. Тэорыя графаў дапамагае на падставе супастаўлення структуры моцных сувязяў (моцных графаў) высветліць аўтарскі стыль кожнага асобнага творцы [36, с. 310], што, напрыклад, было прароблена для параўнання твораў маскоўскіх царкоўных дзеячаў XVI ст. Зіновія Оценскага і Іосіфа Валоцкага [36, с. 312-313] і шэрагу іншых маскоўскіх кніжнікаў перыяду Позняга Сярэднявечча і Ранняга Новага часу [42, с. 357-358]. Паміж імі выяўлены істотныя разыходжанні, што пацвярджае рэлевантнасць дадзенай методыкі для помнікаў грамадскай думкі.

Калі звярнуцца да праблемы вывучэння пры дапамозе такой даследчыцкай праграмы грамадскай думкі ВКЛ, то з нагоды поўнай адсутнасці прыкладаў яе выкарыстання для дадзенага матэрыялу на дадзены момант можна толькі акрэсліць тыя галіны, дзе яна можа быць найбольш карысна. Перадусім, гэта вырашэнне пытання вызначэння аўтарства ананімных публіцыстычных твораў. Разгледзем гэты аспект на прыкладзе ананімнай “Размовы Паляка з Літвінам” (1564 або 1565 гг.). У гістарыяграфіі прынята (гл. глава 1), што гэты твор напісаў вядомы публіцыст другой паловы XVI ст. Аўгустын Ратундус (каля 1520–1582). Гэта даволі даўняя гіпотэза была развіта польскай даследчыцай Марыяй Барычовай [23, с. 136-145] на падставе вызначэння падабенства ў выразах, формулах, цытатах паміж “Размовай” і творамі, якія безумоўна належаць пяру Ратундуса. Аднак, як справядліва адзначаецца ў літаратуры [42, с. 354], такая выбарка ў любым выпадку будзе несці адбітак суб’ектыўнасці даследчыка. Таму магчымае вылучэнне ў “Размове Паляка з Літвінам”, таксама як у “Меркаваннях аб абранні новага караля” (яшчэ адным верагодным творы Ратундуса), “графаў моцных сувязяў” дазволіць больш дакладна, на падставе рэпрэзентатыўнай, заснаванай на камп’ютарызаваных падыходах, методыкі вызначыць, ці быў Ратундус аўтарам гэтых твораў.

Апісаная вышэй схема акрэслення аўтарскага стылю, акрамя таго, можа вырашыць даўнюю спрэчку аб колькасці аўтараў першага беларуска-літоўскага летапіснага зводу, сутнасць якой у наступным. Польскі гісторык Антоні Прахаска насуперак агульнапрынятаму меркаванню высунуў гіпотэзу, што дадзены летапісны тэкст створаны адным аўтарам (“адной рукой”, як маляўніча акрэсліў навуковец) у канцылярыі вялікага князя літоўскага [31, с. 47-48]. Высвятленне ў кожнай з сэнсавых частак зводу частаты сустракальнасці тых ці іншых граматычных сувязяў (графаў) дазволіць пацвердзіць ці абвергнуць гэтую гіпотэзу. Тое ж датычыць пытання, ці быў Багдана Сямашка, найбольш верагодны аўтар “Пахвалы Альбрэхта Гаштольда”, яшчэ і аўтарам “Пахвалы караля Жыгімонта”, якая з’явілася пад аўтарствам самога канцлера Альбрэхта Гаштольда, пытанне аб чым узняў сучасны беларускі гісторык Васіль Варонін [13, с. 23-25]. Гэта далёкі не поўны пералік праблем і тэкстаў з галіны грамадскай думкі ВКЛ, для працы над якімі выглядае патрэбным зварот да інфармацыйных тэхналогій, канешне, з улікам апісаных у пачатку абмежавальных момантаў.

Такім чынам, выяўленне паходжання, узаемазалежнасці і аўтарства асобных крыніц па гісторыі грамадскай думкі ВКЛ, можа быць заснавана на выкарыстанні ІТ і, перадусім, правядзення з іх дапамогай даследаванняў па вылучэнні графаў моцных граматычных сувязяў, якія дазваляюць акрэсліць асаблівасці аўтарскага стылю, а зн. вызначыць верагодных аўтараў ананімных твораў, якіх багата ў інтэлектуальнай традыцыі ВКЛ дадзенага перыяду.


1   2   3   4   5   6   7   8   9


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка