Выпускная работа па «Асновах інфармацыйных тэхналогій»




старонка3/9
Дата канвертавання17.03.2016
Памер0.53 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9

1.2 Даследаванні па гісторыі грамадскай думкі з выкарыстаннем ІТ


Нягледзячы на прыдатнасць апавядальных крыніц (да якіх належаць крыніцы па гісторыі грамадскай думкі) для аналізу пры дапамозе колькасных метадаў і інфармацыйных тэхналогій [41, с. 304], на дадзены момант існуюць лічаныя працы, дзе б гісторыя грамадскай думкі ВКЛ раскрывалася пры дапамозе колькасных метадаў і ІТ увогуле, хоць у дачыненні да іншых інтэлектуальных традыцый такія даследаванні ладзяцца, у тым ліку гісторыкамі Цэнтральна-Ўсходняй Еўропы. Таму бачыцца мэтазгодным не засяроджвацца адно толькі на вывучэнні грамадскай думкі ВКЛ пры дапамозе ІТ – гэта ператварыла бы агляд гістарыяграфіі ў рэфераванне адной працы, а прааналізаваць набыткі ў выкарыстанні ІТ для аналізу апавядальных крыніц, назапашаныя ў беларускай, расійскай і польскай гістарыяграфіях.

1.2.1 Інфармацыйныя тэхналогіі і колькасныя метады ў беларускай гістарыяграфіі


З пачатку 90-х гг. XX ст. беларуская гістарыяграфія актыўна выкарыстоўвае колькасныя (квантытатыўныя) метады даследавання і асноўным цэнтрам, дзе здзяйсняецца гэтая праца з’яўляецца кафедра крыніцазнаўства гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту. Але на дадзены момант асноўная ўвага беларускіх даследчыкаў звернута не на вывучэнне апавядальных крыніц, а на выкарыстанне колькасных метадаў для аналізу больш зручных у гэтым плане крыніц статыстычнага і справаводчага характару. Так, з дапамогай ІТ былі прааналізаваны інвентары (гаспадарчыя вопісы) магнацкага ўладання Цімкавічы і павіннасці ў Аршанскім павеце ў XVII ст. [39; 44], якія раней даследаваліся беларускімі гісторыкамі-аграрнікамі выключна на падставе традыцыйных метадаў. Па-за межамі кафедры крыніцазнаўства, але таксама ў БДУ А.Г. Каханоўскі, выкарыстаўшы фактарны аналіз, акрэсліў змяненні ў сацыяльнай структуры беларускіх губерняў Расійскай імперыі пасля скасавання прыгоннага права [43]. Гісторык з Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта А.Р. Бухавец з дапамогай колькасных метадаў даследуе сялянскі рух на Беларусі ў пачатку XX ст. [38].

Але найвялікшых дасягненняў беларускія кваліметрысты дасягнулі ў стварэнні баз дадзеных. Вялікае значэнне для вывучэння сацыяльнай, дэмаграфічнай і ваеннай гісторыі Беларусі XVI ст. мае стварэнне калектывам пад кіраўніцтвам В.Л. Ліпніцкай [45] базы дадзеных па матэрыялах попісу (перапісу) войска Вялікага Княства Літоўскага, праведзенаму ў 1528 годзе. Дадзеная крыніца шырока выкарыстоўваецца ў гістарычнай навуцы ўжо на працягу цэлага стагоддзя, але менавіта перавод яе звестак у машыначытальную форму дазволіў выкарыстаць да яе новыя даследчыцкія падыходы. Таксама А.Я. Паўлава [47] правяла працу па стварэнню базы дадзеных аб партызанах Беларусі.

Нягледзячы на паспяховае выкарыстанне ІТ у найноўшай беларускай гістарыяграфіі, заўважны брак яе ўвагі да больш складанага пытання магчымасцяў ІТ пры працы з апавядальнымі крыніцамі, якія нялёгка паддаюцца структураванню і патрабуюць пастаянннай верыфікацыі дапасавання колькасных метадаў з пункту гледжання якаснага напаўнення атрыманых вынікаў.

1.2.2 Выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій пры даследаванні апавядальных крыніц у расійскай гістарыяграфіі


У расійскай – як савецкай, так і сучаснай – гістарыяграфіі адсутнічаюць даследаванні, якія б адпавядалі двум неабходным у выпадку нашай тэмы ўмовам, г.зн. датычылі гісторыі грамадскай думкі ВКЛ і ладзіліся на падставе інфармацыйных тэхналогій. Аднак расійская гістарыяграфія, чый досвед выкарыстання інфармацыйных тэхналогій налічвае больш за 50 гадоў [41, с. 296], мае выдатныя прыклады даследавання, асэнсавання і інтэрпрэтацыі апавядальных крыніц пры дапамозе ІТ. Таму ўяўляецца мэтазгодным прааналізаваць найбольш значныя з такіх прац у мэтах магчымага далейшага прыстасавання іх метадаў і падыходаў да нашай тэмы.

Найперш неабходна звярнуцца да артыкулу Б.М. Клоса “Аб статыстычных метадах даследавання тэкстаў гістарычных крыніц” [40]. У дадзеным матэрыяле даследчык вылучыў наступныя галіны гістарычнага крыніцазнаўства, у якіх вялікую ролю адыграюць ці могуць адыграць колькасныя (у тэрміналогіі аўтара – “статыстычныя”) метады: статыстыка-інфармацыйныя вымярэнні мовы; дэшыфроўка тэкстаў, напісаных на невядомай мове ці зашыфраванымі сістэмамі патаемнага пісьма; даследаванні аўтарскага стылю [40, с. 326]. Праўда, далей аўтар спыняецца, у асноўным, на трэцім з вышэйзгаданых аспектаў (што, верагодна, абумоўлена найлепшай яго распрацаванасцю) і паказвае, як пры дапамозе матэматычных алгарытмаў можна высветліць аўтара таго ці іншага ананімнага твору [40, с. 329-330]. Акрамя таго, Б.М. Клос уздымае пытанне магчымасцяў ІТ пры працы над летапіснымі зводамі [40, с. 331], што мае вялікае значэнне для нашага даследавання, у якім летапісы з’яўляюцца адной з асноўных крыніц. Пры гэтым расійскі навуковец адзначае, што, нягледзячы на тое, што заснаваны на выкарыстанні ІТ “стылістычны аналіз павінен быць прызнаны адным з найбольш магутных метадаў даследавання” [40, с. 333], ён мае свае абмежаванні, абумоўленыя крыніцамі, у якіх аўтарскі стыль можа быць слаба акрэсленым, якія могуць насіць тыпізаваны характар, што было распаўсюджана ў дамадэрнай літаратуры.

Да праблемы атрыбуцыі тэкстаў пры дапамозе інфармацыйных тэхналогій звяртаюцца таксама Л.І. Бародкін, Л.В. Мілаў і Л.Я. Марозава ў даследаванні “Да пытання аб фармальным аналізе аўтарскіх асаблівасцяў стыля ў творах Старажытнай Русі” [36]. Навукоўцы сыходзяць з метадалагічнай складанасці фармалізацыі “старажытнарускіх” тэкстаў з нагоды іх вялікай шаблоннасці [36, с. 298] і спрабуюць знайсці выйсце з дадзенага становішча. Так, прапануецца методыка (так званая “тэорыя графаў” [36, с. 303-307]), заснаваная на выяўленні найбольш ужывальных у тэксце граматычных сувязяў, , г.зн. якія часціны мовы (і іх спалучэнні) часцей сустракаюцца ў таго ці іншага аўтара. На нашу думку, дадзены метад пры апоры на дакладныя камп’ютарныя падлікі можа прынесці вялікую карысць, але яго абмежаванасць у тым, што ён патрабуе наяўнасці ўзору для параўнання (тэксту, для якога дакладна вядома, што ён напісаны менавіта верагодным аўтарам ананімнага твору), што не заўсёды існуе ў рэчаіснасці.

Нарэшце, удалы прыклад выкарыстання кантэнт-аналізу ў гістарычных даследаваннях падае Л.М. Брагіна ў сваім артыкуле “Методыка колькаснага аналізу філасофскіх трактатаў эпохі Адраджэння” [37]. Даследчыца на падставе двух філасофскіх тэкстаў, створаных у XV ст. у Італіі [37, с. 282], даследуе катэгарыйны апарат тагачасных мысляроў, а менавіта этычную тэрміналогію, прысутную ў іх творах [37, с. 283]. Методыка даследавання Л.М. Брагінай палягае на высвятленні частотнасці выкарыстання філосафамі тых або іншых катэгорый і паняццяў [37, с. 284-287]. У наступным пры дапамозе аналізу карэляцый паміж тэрмінамі [37, с. 288-298] акрэсліваюццца інтэлектуальныя перавагі абодвух аўтараў. У сваю чаргу, Р.У. Манекін (прадстаўнік украінскай кваліметрыі, але ён працяглы час працаваў у Расіі) у артыкуле “Кантэнт-аналіз як метад даследавання гісторыі думкі (Поджа Брачаліні)” [46] падрабязна акрэсліў тэарэтычныя падставы ўжывання гэтага метаду пры працы з наратыўным матэрыялам.

Працягваючы тэмы выкарыстання кантэнт-аналізу, неабходна звярнуць увагу на прыклады ўжывання гэтага метаду ў сацыялогіі, дзе ён найбольш распаўсюджаны [35]. Так, тэматычную блізкасць з прааналізаваным вышэй даследаваннем Л.М. Брагінай выяўляе праца сучаснага расійскага сацыёлага К.У. Харчанкі “Матэрыяльны бок жыцця ў люстэрку суб’ектыўных сэнсаў: досвед кантэнт-аналізу” [50], дзе пры дапамозе карэляцыйнага аналізу вывучаецца разуменне сучаснымі людзьмі падставовых катэгорый светаўспрымання, кшталту, багацця, працы, здароўя [50, с. 129]. Акрамя таго, у дадзеным артыкуле падаецца паэтапнае апісанне праведзенага даследавання [50, с. 133], што дазваляе прыкласці распрацоўкі дадзенага даследчыка да гістарычнага матэрыялу.

Такім чынам, нягледзячы на адсутнасць спецыялізаваных прац (з выкарыстаннем ІТ) па гісторыі грамадскай думкі ВКЛ, у расійскай гістарыяграфіі назапашаны вялікі метадалагічны набытак, які можа быць (пры ўсведамленні некаторых абмежаванняў, пра якія згадвалася вышэй) прыстасаваны да патрэб даследавання выбранай намі тэмы.


1.2.3 Выкарыстанне ІТ у польскай гістарыяграфіі грамадскай думкі ВКЛ


У польскую гістарыяграфію метады, якія былі заснаваны на ІТ – мадэляванне, карэляцыйны і рэгрэсіўны аналіз, кантэнт-аналіз, – увайшлі яшчэ ў 1970-я гг., хоць спачатку перавагу мела толькі мадэляванне [51, с. 219]. У наступным на глебе сацыяльна-эканамічнай гісторыі (даследаванне аграрных працэсаў і, у прыватнасці, дынамікі феадальных павіннасцяў) пачалі распрацоўвацца падыходы па адаптацыі вышэйзгаданых метадаў для польскіх крыніц, хоць у той жа час працягваліся дыскусіі, абумоўленыя фрагментарнасцю звестак, якія, такім чынам, былі нерэлевантныя для паўнавартаснага колькаснага даследавання [51, с. 221-222].

Тады ж, аўтаномна ад гісторыка-эканамічных даследаванняў, у межах польскай сацыялогіі ішло засваенне набыткаў кантэнт-аналізу, пачатак чаго паклаў зборнік “Колькасныя метады ў даследаваннях міжнародных адносін” (Варшава, 1972), дзе былі змешчаны артыкулы вядомых еўрапейскіх спецыялістаў у дадзенай галіне. Менавіта з апорай на метадалогію кантэнт-аналізу і быў напісаны адзіны артыкул па гісторыі грамадскай думкі ВКЛ з выкарыстаннем ІТ. Маецца на ўвазе даследаванне Эвы Ленард “Дзяржаўнасць і нацыянальнасць у літоўскіх хроніках з канца XIV да пачатку XVI ст. Спроба аналіза зместу” [52]. У ім ставіцца пытанне, ці ўкладальнікі беларуска-літоўскіх летапісаў успрымалі свет у катэгорыях дзяржавы і нацыі [52, с. 135]. Методыка вырашэння дадзенай праблемы палягае ў выкарыстанні кантэнт-аналізу (у польскай тэрміналогіі – “аналіз зместу”), пры гэтым даследчыца адаптуе яго да спецыфікі сярэднявечных і раннемадэрных крыніц. Так, у якасці адзінкі для аналізу выбрана “рэляцыя”, г.зн. “фрагмент тэксту, які рэпрэзентуе ўздзеянне або адносіны, якія ўсталяваліся паміж двума аб’ектамі, пры гэтым неабавязкова, каб абодва гэтыя аб’екты мелі характар суб’ектаў; напрыклад, “Вітаўт паехаў да Гродна”” [52, с. 137]. Далей пры дапамозе камп’ютарных вымярэнняў падлічваецца працэнт, які складаюць этнічна-дзяржаўныя характарыстыкі пры ўзгадванні розных катэгорый аб’ектаў (уладары, войска і г.д.) у розных сітуацыях [52, с. 138-145]. У выніку Э. Ленард прыходзіць да высновы, што ў летапісах, напісаных пазней, уладары пачынаюць узгадвацца радзей, затое часцей сустракаюцца паведамленні пра народы і грамадскія групы [52, с. 146-147]. Даследаванне польскага гісторыка заслугоўвае ўвагі, па-першае, з нагоды сваёй інавацыйнасці, па-другое, з-за правяральнасці падлікаў і высноў, што складае неабходную ўмову пры ўжыванні кантэнт-аналізу [52, с. 136]. Аднак калі з пункту гледжання слушнасці і правамоцнасці ўжывання колькасных метадаў да працы няма нараканняў, то не выглядаюць безумоўным выбар крыніц (абраныя аўтаркай летапісы апісваюць розныя часы і розныя падзеі) і вылучэнне крытэрыяў, таму падыход Э. Ленард патрабуе ўдакладнення і развіцця, спроба чаго будзе здзейснена ў дадзеным даследаванні.

Такім чынам, у гістарыяграфіі бракуе прац з выкарыстаннем ІТ, якія б былі прысвечаны грамадскай думцы Вялікага Княства Літоўскага. Тым не менш, назапашаны на прыкладзе іншых крыніц матэрыял можа быць адаптаваны да нашай тэмы, акрамя таго, маецца праца Э. Ленард, якая дае прыклад магчымасцяў паспяховага (хоць, натуральна, небездакорнага) выкарыстання інфармацыйных тэхналогій у працы з творы наратыўнага характару, якімі і з’яўляюцца крыніцы па гісторыі грамадскай думкі.

Падсумоўваючы, варта адзначыць, што помнікі грамадскай думкі ВКЛ з’яўляюцца не самым простым матэрыялам для ўжывання пры іх даследаванні інфармацыйных тэхналогій, бо ў дадзеным выпадку патрабуецца руплівая праца па пераводзе інфармацыі крыніц – наратыўнай па сваёй сутнасці – у машыначытальную форму, што патрабуе сур’ёзных інтэлектуальных высілкаў, акрамя таго, прысутнічае істотная магчымасць атрымання нерэпрэзентатыўных вынікаў з-за памылак падчас правядзенння выбаркі ці падлікаў. Аднак вялікае станоўчае значэнне ІТ, што яны дазваляюць (пры правільнай методыцы) атрымаць вынікі, больш незалежныя ад даследчыкаў, чым пры звычайным аналізе, для якога ўласціва значная вага суб’ектыўнасці. Таму ў дадзенай рабоце будуць акрэслены самыя прыдатныя, на наш погляд, для даследавання грамадскай думкі ВКЛ методыкі, што прадугледжваюць выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій. Таксама будуць пададзены вынікі ўласных даследаванняў аўтара, праведзеных на падставе колькасных метадаў і інфармацыйных тэхналогій.


1   2   3   4   5   6   7   8   9


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка