Выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій на ўроках беларускай мовы як фактар павышэння якасці адукацыі




Дата канвертавання15.05.2016
Памер80.22 Kb.
ВЫКАРЫСТАННЕ ІНФАРМАЦЫЙНЫХ ТЭХНАЛОГІЙ НА ЎРОКАХ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ ЯК ФАКТАР ПАВЫШЭННЯ ЯКАСЦІ АДУКАЦЫІ

Белікава Святлана Анатольеўна

Студзёнкаўская ДССШ Сенненскага раёна

Выкладаючы беларускую мову, я заўважыла супрацьлегласці ў практыцы: паміж імкненнем асобы да творчасці, арыгінальнасці, самавыражэння і абавязковай адзінай праграмай па вучэбным прадмеце “Беларуская мова”; паміж увесь час узрастаючай складанасцю і насычанасцю школьнай праграмы з узроўнем патрабаванняў, якія пастаянна павялічваюцца, і здольнасцю вучняў засвоіць увесь аб’ём звестак, якія ім прапаноўваюцца. Педагог павінен не толькі даць дзецям веды, але і сфарміраваць у іх уменні і навыкі здабываць і засвойваць інфармацыю самастойна. Працуючы ў школе, імкнуся да таго, каб мае вучні былі канкурэнтназдольнымі пры ўдзеле іх у разнастайных конкурсах, алімпіядах, навукова-практычных канферэнцыях. Увесь час знаходжуся ў пошуку: як арганізоўваць адукацыйны працэс па беларускай мове, каб мець добры вынік? Шмат чаго выпрабавана за гады работы ў школе, але менавіта цяпер, калі ў наша жыццё ўвайшоў камп’ютар, магу з упэўненасцю сцвярджаць, што важным памагатым настаўніка з’яўляюцца інфармацыйныя тэхналогіі.

Каб адукацыйны працэс па беларускай мове меў мэтанакіраваны характар, распрацавала сваю сістэму навучання, накіраваную на павышэнне якасці ведаў вучняў, развіццё іх творчых здольнасцей сродкамі інфармацыйных тэхналогій.

З якой мэтай я выкарыстоўваю ІТ на ўроках?

Па-першае, для таго, каб стварыць умовы для фарміравання ў вучняў трывалых арфаграфічных і пунктуацыйных ўменняў і навыкаў, якія вызначаны ў праграме па беларускай мове. Па-другое, для арганізацыі самастойнай работы школьнікаў па замацаванні і паглыбленні ведаў па асноўных раздзелах беларускай мовы, па карэкцыі і ўліку ведаў школьнікаў. Па-трэцяе, вучань, выкарыстоўваючы камп’ютарныя магчымасці, вучыцца быць канкурэнтназдольным членам сучаснага грамадства: творчым, інтэлектуальна-адукаваным, адказным, камунікабельным, здольным рашаць праблемы самастойна і эфектыўна выкарыстоўваць веды ў жыццёвай практыцы, быце, вучэбнай дзейнасці.

Праводжу наступныя віды ўрокаў з выкарыстаннем ІТ:



  • Вучэбны занятак з выкарыстаннем вучэбнага трэнажора па беларускай мове.

  • Урокі камп’ютарнага тэсціравання.

  • Вучэбны занятак з мультымедыйнай падтрымкай.

Шырока выкарыстоўваю на ўроках беларускай мовы ў 5-9 класах для арганізацыі індывідуальнай работы, работы ў парах вучэбны трэнажор, які разлічаны на засваенне і кантроль ведаў. Кожная тэма ўключае па 2-3-4 тэсты на кожную падтэму. Пасля выканання тэста абавязкова паказваецца колькасць правільных і няправільных адказаў. Такі від работы спрыяе выпрацоўцы асноўных уменняў і навыкаў па прадмеце. Іх перавага ў тым, што вучань у час самастойнай дзейнасці на ўроку можа прыстасоўваць вывучаемы праграмны матэрыял да свайго ўласнага тэмпу працы. Такі прыём выкладання і навучання дазваляе з поспехам рэалізоўваць дыферэнцыраваны падыход: вучні больш грунтоўна запамінаюць новы матэрыял, павышаецца іх унутраная матывацыя да пазнавання прадмета. Значна эканоміцца час на выкананне трэніровачна-карэкцыйных практыкаванняў, развіваецца наглядна-вобразнае мысленне, фарміруецца крытычнае ўменне работы з інфармацыяй.

Тэсціраванне – адзін з відаў кантролю ведаў. Урокі, на якіх выкарыстоўваю камп’ютарнае тэсціраванне, дазваляюць хутка і эфектыўна выявіць узровень сфарміраванасці ведаў і ўменняў кожнага навучэнца, што не заўсёды магчыма пры традыцыйных формах і метадах кантролю. Колькасць пытанняў у тэсце дае магчымасць настаўніку спланаваць урок па часе. Камп’ютарныя тэсты, якія прадназначаны для кантролю ўзроўня ведаў, выкарыстоўваю на этапе замацавання і паўтарэння пройдзенага. Эфектыўнасць такіх урокаў навідавоку: яны ўмацоўваюць зваротную сувязь у сістэме “настаўнік-вучань”. Тэсты дазваляюць хутка ацаніць вынік работы, дакладна вызначыць тэмы, у якіх ёсць недахопы ў ведах. Тэсціраванне праводжу праз дэманстрацыю тэкстаў на слайдах камп’ютарнай прэзентацыі, але перавагу аддаю тэстам, складзеным у праграме MyTest, калі камп’ютар падлічвае колькасць балаў, набраных навучэнцам, фіксуе суадносіны правільных і няправільных адказаў і выстаўляе адзнаку. У маёй метадычнай капілцы маецца даволі вялікая колькасць тэстаў, распрацаваных самастойна: “Назоўнік як часціна мовы”, “Род, лік, склон прыметнікаў”, “Разрады прыметнікаў”, “Правапіс лічэбнікаў”, “Аднасастаўныя сказы”, “Галоўныя і даданыя члены сказа”, “Працяжнік паміж дзейнікам і выказнікам” і інш. Заданні прапаноўваю розных тыпаў: пытанні з некалькімі варыянтамі адказаў; пытанні, адказы на якія школьнікам павінны ўводзіцца з клавіятуры; пытанні, для адказу на якія трэба знайсці адпаведнасць паміж элементамі двух ці трох спісаў; пытанні, дзе ў якасці адказу трэба выбраць правільную паслядоўнасць элементаў у прапанаваным спісе.

Тэставы кантроль і фарміраванне ўменняў і навыкаў пры дапамозе ІТ прадстаўляе настаўніку магчымасць хутчэй і аб’ектыўней, чым пры традыцыйным навучанні, вызначыць, ведае або не ведае прадмет навучэнец, а школьніку - параўнаць асабістыя адказы з правільнымі, а пры неабходнасці прыйсці за дапамогаю да камп’ютара.

Параўноўваючы адзнакі вучняў на традыцыйным уроку і на ўроку з выкарыстаннем ІТ, заўважыла, што адзнакі ў многіх вучняў сталі вышэй на адзін бал. Дзеці, якія добра вучыліся, пацвердзілі свае адзнакі. Напэўна, у 5 - 7 класах у большай ступені вучняў цікавяць не веды, а магчымасць выконваць цікавае заданне і атрымаць высокую адзнаку. Так або інакш, але нават і пры выкананні заданняў у вучняў застаюцца нейкія веды, а лепш ведаць хоць што-небудзь, чым быць пасіўным і не ведаць нічога. Атрымаўшы добрую адзнаку адзін раз, вучню хочацца атрымаць такую адзнаку яшчэ раз, і ён становіцца старанным на ўроку ў незалежнасці ад зместу і формы яго правядзення.

У залежнасці ад тыпу ўрока па-рознаму выкарыстоўваю ІТ у сваёй рабоце. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Правапіс не з прыметнікамі” (6 клас) спачатку прапаноўваю вучням выканаць тэставае заданне “Правапіс не з назоўнікамі”, а затым пераходзім да вывучэння новай тэмы. Метадычна граматная падача матэрыялу садзейнічае паспяховаму фарміраванню асобасных кампетэнцый школьнікаў пры вывучэнні гэтай тэмы.

Эфектыўнай формай падачы інфармацыі з’яўляюцца мультымедыйныя прэзентацыі, якія выкарыстоўваюцца ў якасці электронных дапаможнікаў па пэўных тэмах і дазваляюць прадставіць вучэбны матэрыял як сістэму яркіх апорных вобразаў, напоўненых дакладнай інфармацыяй. Мэта выкарыстання прэзентацый на ўроках беларускай мовы – павышэнне эфектыўнасці засваення вучнямі вучэбнай інфармацыі. Мною створана медыятэка камп’ютарных прэзентацый па беларускай мове па тэмах, якія вывучаюцца ў 5-9 класах, а таксама маецца шэраг прэзентацый для правядзення арфаграфічных хвілінак на ўроках: “Правапіс у,ў”, “Правапіс мяккага знака і апострафа”, “Правапіс галосных е,ё,я”, “Прыпадабненне звонкіх да глухіх, шыпячых да свісцячых, свісцячых да шыпячых”, “Правапіс літар Э, Е ў запазычаных словах”, “Перадача акання на пісьме” і інш.

Эфектыўны ўрок немагчыма ўявіць без добра сфармуляванай тэмы, пастаноўкі яго мэты і задач, планавання этапаў. Звычайна для гэтага выкарыстоўваецца дошка, на якой выпісваюцца ўсе неабходныя тэрміны, складаюцца табліцы і схемы. Цяпер у мяне ёсць цудоўная магчымасць папярэдне падрыхтаваць увесь неабходны матэрыял, размясціць яго ў патрэбнай паслядоўнасці. Зразумела, што якасць адлюстравання на слайдах значна лепш, чым на класнай дошцы, а настаўнік, які вызваляецца ад пастаяннай работы ля дошкі, мае мажлівасць больш увагі надаваць вучням.

Пры арганізацыі ўрока па беларускай мове імкнуся выкарыстоўваць прэзентацыі на кожным этапе ўрока: пры праверцы выканання дамашняга задання вучнямі класа, калі на слайдзе адлюстраваны правільныя адказы, што дазваляе навучэнцам здзейсніць самаправерку, узаемаправерку; на этапе мэтавызначэння - часткова запоўненыя табліцы; пры вывучэнні новай тэмы на слайдах дэманструю табліцы, алгарытмы і схемы з тэарэтычнымі звесткамі, незавершаныя сказы, што садзейнічае развіццю маўленчых здольнасцей вучняў; на этапе замацавання ведаў і выпрацоўкі практычных навыкаў прапаноўваю рознаўзроўневыя, індывідуальныя і творчыя заданні, тэсты, накіраваныя на праверку і практычнае прымяненне засвоеных ведаў. Змяшчаюцца на слайдах прэзентацыі і рэкамендацыі па выкананні дамашняга задання. Рэфлексія, якая ажыццяўляецца сродкамі ІТ, выклікае вялікую цікавасць у вучняў.

Немалаважнае значэнне на ўроку мае павышэнне матывацыі школьнікаў да навучання. Для гэтага выкарыстоўваю крыжаванкі, ілюстрацыі, малюнкі, займальныя тэксты, што пашырае слоўнікавы запас вучняў, спрыяе развіццю іх кемлівасці, эрудыраванасці.

Заўважыла, што многія словы, якія сустракаюцца ў тэкстах падручнікаў, незразумелы вучням, а апісальнае тлумачэнне іх цяжка ўспрымаецца і не запамінаецца школьнікамі. Тады вырашыла рабіць ілюстрацыйнае суправаджэнне такіх слоў, што забяспечвае якаснае іх увядзенне ў моўную практыку вучняў.

Значыць, прэзентацыя Power Point дазваляе не толькі ажывіць урок, унесці гульневыя моманты ў тлумачэнне новага матэрыялу, апытанне, але і насыціць яго разнастайнымі заданнямі, якія можа выканаць большая колькасць вучняў, чым на звычайным уроку. Гэта стымулюе вучняў да таго, каб дома падрыхтавацца лепш, бо на ўроку не ўдасца адсядзецца. У выніку паляпшаецца якасць урока і павышаецца эфектыўнасць.

Працуючы ў 9-11 класах, прыцягваю навучэнцаў да стварэння імі ўласных прэзентацый па вывучэнні пэўнай тэмы. Для падрыхтоўкі прэзентацыі вучань праводзіць вялікую навукова-даследчую работу, пры гэтым развівае ў сябе навыкі крытычнага падыходу да крыніцы інфармацыі, самастойна шукае, аналізуе і падбірае неабходную інфармацыю, арганізоўвае, перапрацоўвае, захоўвае яе. Акрамя таго, гэты від вучэбнай дзейнасці фарміруе агульнавучэбныя ўменні і навыкі, дазваляе развіваць у навучэнцаў лагічнае мысленне. Пры ставарэнні навучэнцамі камп’ютарных прэзентацый фарміруюцца найважнейшыя ў сучасных умовах навыкі: крытычнае асэнсаванне інфармацыі, вылучэнне галоўнага ў інфармацыйным паведамленні, сістэматызаванне і абагульненне матэрыялу.

Важным накірункам пазаўрочнай дзейнасці з’яўляецца навукова-даследчая і праектная дзейнаць вучняў, якая патрабуе ад вучняў самастойнай і глыбокай прапрацоўкі матэрыялу. Выкарыстанне ІТ стварае самыя станоўчыя ўмовы для арганізацыі такой дзейнасці. Вучні кожны год з’яўляюцца пераможцамі не толькі школьнай, але і раённай навукова-практычнай канферэнцыі школьнікаў (2015 год – дыплом 2 ступені, 2014 год – дыплом 3 ступені, 2013 год – дыплом 2 ступені).

Накоплены мною вопыт работы ў сельскай школе паказвае, што выкарыстанне ІТ на ўроках дазваляе індывідуалізаваць працэс навучання, эфектыўна арганізаваць самастойную работу, павышае цікавасць да вывучаемага прадмета, дапамагае ўцягнуць навучэнцаў у вучэбны працэс, спрыяючы найбольш шырокаму раскрыццю іх здольнасцей, актывізацыі разумовай і творчай дзейнасці, павышае паспяховасць і якасць ведаў, эканоміць час на апытанне навучэнцаў, робіць урокі нагляднымі, цікавымі і змястоўнымі.

Сістэмнае выкарыстанне тэстаў, камп’ютарных заданняў пры самастойнай рабоце вучняў садзейнічае атрыманню больш глыбокіх і трывалых ведаў у параўнанні з тымі, якія яны атрымаюць у працэсе самастойнай работы з падручнікам, садзейнічае развіццю пазнавальных і творчых здольнасцей, мыслення школьнікаў.

Аднак, як паказала практыка, выкарыстоўваючы ІТ у вучэбным працэсе, не трэба рабіць гэта эпізадычна, бессістэмна, бо яны не зробяць уздзеяння на вынікі навучання. Неабходна памятаць, што камп’ютар не заменіць ні настаўніка, ні падручнік, таму ён разлічаны на выкарыстанне з іншымі метадычнымі сродкамі, якія маюцца ў педагога. Я думаю, што кожны настаўнік у стане распланаваць свае ўрокі такім чынам, каб выкарыстанне камп’ютарнай падтрымкі было найбольш прадуктыўным, цікавым. Акрамя таго, валоданне і выкарыстанне ІТ – добры спосаб не адстаць ад часу і ад сваіх вучняў.




Літаратура:
1. Аствацатураў, Г. Педагагічны дызайн мульцімедыйнага ўрока / Г. Аствацатураў // Настаўнік. 2006. №6. С.10-15.

2. Запрудскі, М. І. Сучасныя школьныя тэхналогіі / М. І. Запрудскі. Мінск: Сэр-Віт, 2004.- 288 с.

3. Інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі [ Электронны рэсурс] Адукацыйны партал RusEdu. Масква, 2008. Рэжым доступа: http: //www. Rusedu.info.

4. Левітэс, Д. Г. Сучасныя адукацыйныя тэхналогіі / Д. Г. Левітэс. Новасібірск, 1999. - 288 с.

5. Селяўко, Г. К. Сучасныя педагагічныя тэхналогіі / Г.К.Селяўко. – М.: Народная адукацыя, 1998. – 256 с.

6. http://edu.of.ru



7. grinki.at.tut.by/index4.files/4.doc


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка