Вернутыя iмёны




старонка1/4
Дата канвертавання17.03.2016
Памер0.64 Mb.
  1   2   3   4
Вернутыя iмёны
Сумныя, трагiчныя старонкi ў летапiс Расоншчыны ўпiсалi сталiнскiя рэпрэсii. Пад прыкрыццём iдэi абвастрэння класавай барацьбы рукамi магутнага рэпрэсiўнага апарату таталiтарны рэжым вёў, па сутнасцi, барацьбу з уласным народам. «Здраднiкi», «ворагi народа», «шкоднiкi», «шпiёны на карысць Польшчы цi прыбал­тыйскiх буржуазных дзяржаў» - такiя ярлыкi атрымлiвалi простыя, часам мала­пiсьменныя людзi. Стандартныя былi i аб­вiнавачваннi ў справах асуджаных: «антысавецкая агiтацыя, накiраваная суп­раць праводзiмых мерапрыемстваў савецкай улады ў вёсцы, разлажэнчая работа па развалу калгаса i сабатаж выканання на­рыхтовак» цi «антысавецкая агiтацыя су­праць калектывiзацыi» - такiх фармулё­вак у справах пераважная большасць. Пра адносiны савецкай улады яшчэ з часоў У.І.Ленiна да святароў i pэлiгii цяпер усiм добра вядома. Таму не дзiўна, што ў 1937г. I. I. Прыгароўскi абвiнавачваўся ў тым, што... быў святаром i «сiстэматычна збiраў на кватэры людзей, пад выгля­дам богаслужэння праводзiў антысавец­кую контррэвалюцыйную работу», i быў прыгавораны да расстрэлу. Э. Ю. Пша­ленскi быў расстраляны за «рэзкiя выказваннi свайго незадавальнення iснуючым ладам i паклёпнiцкiя выказваннi аб iм». 10 гадоў М.І.Дзямiдаў атрымаў у 1937г. за выказаную думку, што «у калгасе пра­цуюць толькi дурнi, колькi ў калгасе нi працуй, мець нiчога не будзеш, усё забярэ дзяржава”, а каб абвiнавачванне было больш важкiм, дапiсалi яму яшчэ «рас­паўсюджанне чутак, што хутка будзе вай­на i савецкая ўлада загiне, таму не трэба ўступаць у калгас, без калгасаў можна жыць намнога лепей...». С. Я. Казлоў быу прыгавораны да расстрэлу за «распаўсюджанне паклёпу аб памылковасцi палiтыкi савецкай улады i партыi; вы­ступленне супраць падпiскi на пазыку, выказванне паўстанцка-тэрарыстычных намераў». П. А. Лапатка i К. А. Кры­вашанаў апрача «распаўсюджання правакацыйных чутак пра гiбель савецкай улады» выказвалi i спачуванне з нагоды расстрэлу банды шпiёна Тухачэўскага». Усё гэта каштавала прос­тым сялянам 10 гадоў пазбаўлення волi. А. Дз. Андрушкевiч па нацыянальнасцi паляк, i гэтага аказалася дастаткова, каб быць арыштаваным як «член «Польскай арганiзацыi вайсковай», па заданнi якой праводзiў контррэвалюцыйную нацыяналiстычную дзейнасць на карысць Польшчы». Частку сялян, такiх як Д. У. Дзелiжонак, Б. А. Заракоўскi, І.І. Квiнта, К. Н. Кульбiч i iншых, абвiнавацiлi ў прыналежнасцi да «контррэвалюцыйнай паўстанцкай арганiзацыi, якая мела на мэце звяржэнне савецкай улады».

Можна яшчэ доўга цытаваць радкi бяз­глуздых абвiнавачванняў, што фабрыка­валiся сталiнскiмi апрычнiкамi ў дачы­неннi да простых сялян, рабочых, служа­чых, якiя не маглi цярпець здзекаў над са­бой, над сваёй зямлёй i гаварылi пра гэта адкрыта цi ўпотай сваiм блiзкiм, сябрам. Ва ўмовах тагачаснай палiтычнай атмасферы: iдэалагiчнага абалваньвання на­сельнiцтва, даносаў, падазронасцi i стра­ху, калi правы чалавека iгнаравалiся, а законы былi не больш як простай фiк­цыяй, калi да дзеянняў супраць iснуючага ладу прыраўноўвалi крытычныя думкi, выказваннi i нават звычайную бытавую незадаволенасць, тысячы сумленных лю­дзей страчвалi не толькi свабоду, а часта i жыццё. Многiя з ix пасля былi рэабiлiта­ваны, але застаецца яшчэ нямала i тых, чый лёс неабходна высветлiць. Цяпер iдзе работа ў архiвах, людзям вяртаюцца ix чэсныя iмёны. Настане час, i ўсе ахвяры палiтычных рэпрэсiй таталiтарызму будуць увекавечаны ў мартыралогу Беларусi. Нiжэй прыводзяцца прозвiшчы рэ­абiлiтаваных, якiя сталi вядомы ў працэсе работы над кнiгай “Памяць”.



БІРУЗОЎСКІ СЕЛЬСАВЕТ

АНЕХА Iван Васiлевiч, н. ў 1904 у в.Альбрэхтава. Беларус. Да арышту працаваў старшым рахункаводам Расонскага райаддзя­лення па нарыхтоўцы лёну. Па пастанове кaмicii НКУС i Пракуратуры СССР ад 25.5.1938 г. прыгавораны да расстрэлу. Рас­страляны 13.7.1938. Месца пахавання невядо­ма. Рэабiлiтаваны 30.8.1961.

АРЭШКА Цiмафей Васiлевiч, н. ў 1898 у в. Парэчча. Беларус. Да арышту жыў у в. Аль­брэхтава, працаваў у калгасе. Па пастанове асобай тройкi НКУС БССР ад 14.11.1938 прыгавораны да расстрэлу. Расстраляны 26.11. 1938. Месца пахавання невядома. Рэабiлiтаваны 2.6.1960.

БАРДАВУСАЎ Iociф Мiхайлавiч, н. ў 1910 у в. Парэчча. Арыштаваны 25.3.1933. Па пастанове тройкi пры ПП (паўнамоцным прадстаўнiцтве) АДПУ па БССР ад 15.4.1933 зняволены на 5 гадоў у папраўча-працоўны лагер. Рэабiлiтаваны ў 1989.

БУДКЕВIЧ Уладзiмiр Леанардавiч, н. ў 1900 на хутары Юстынполле. Паляк. Арышта­ваны 31.12.1932. Па пастанове тройкi пры ПП АДПУ па БССР ад 7.2.1933 зняволены на 5 гадоў у папраўча-працоўны лагер. Далейшы лёс невядомы. Рэабiлiтаваны 16.1.1989.

ВАВIЛЕНКА Пётр Яўстаф'евiч, н. ў 1891 на Пскоўшчыне. Беларус. Да арышту жыў у в. Альбрэхтава, працаваў вартаўнiком нафтабазы Расонскай МТС. Па пастанове асобай тройкi НКУС БССР ад 22.9.1938 зняволены на 10 гадоў у папраўча-працоўны лагер. Памёр 10.3.1943 у месцах зняволення ад запален­ня лёгкix. Рэабiлiтаваны 14.1.1960.

BABIЛOHCKI Пётр Iванавiч, н. ў 1897 у в. Булынiна. Да арышту жыў у в. Стары двор, селянiн-аднаасобнiк. Арыштаваны 31.3.1933. Па пастанове тройкi пры ПП АДПУ па БССР ад 15.4.1933 зняволены на 5 гадоў у папраўча-­працоўны лагер. Рэабiлiтаваны 16.1.1989.

ЗУЕЎ Mixaiл Сямёнавiч, н. ў 1896 у в. Лабо­ва. Селянiн-аднаасобнiк. Арыштаваны 31.1. 1933. Па пастанове тройкi пры ПП АДПУ па БССР ад 15.4.1933 зняволены на 5 гадоў у папраўча-працоўны лагер. Рэабiлiтаваны 16.1.1989.

IЛЫН Нестар Канстанцiнавiч, н. ў 1879 у в. Лынтава. Да арышту жыў у в. Шлях, працаваў у калгасе. Арыштаваны 18.2.1935. Па пастано­ве асобай нарады пры НКУС СССР ад 22.5.1935 высланы ў Казахстан на 3 гады. Рэабiлiтаваны 16.1.1989.

КАРПЕНКА Сяргей Фёдаравiч, н. ў 1894 у в. Парэчча. Арыштаваиы 29.3.1933. Па паста­нове тройкi пры ПП АДПУ па БССР ад 15.4.1933 зняволены на 5 гадоў у папраўча­-працоўны лагер. Рэабiлiтаваны 16.1.1989.

ЛIСАЎ Антон Александравiч, н. 3.8.1887 у в. Альбрэхтава. Беларус. Да арышту працаваў галоўным рахункаводам Расонскай МТС. Па пастанове НКУС i Пракуратуры СССР ад 20.10.1937 прыгавораны да расстрэлу. Рас­страляны 25.11.1937 у Полацку. Месца пахавання невядома. Рэабiлiтаваны 18.2.1960.

ЛIСАЎ IIётр Антонавiч, н. 16.1.1915 у в. Юравiчы Полацкага р-на. Беларус. Да арышту жыў у в. Альбрэхтава, працаваў галоўным ра­хункаводам Расонскага лясгаса. Па дастанове кaмicii НКУС i Пракуратуры СССР ад 9.12.1937 прыгавораны да расстрэлу. Расстра­ляны 26.12.1937 у Полацку. Месца пахавання невядома. Рэабiлiтаваны 18.2.1960.

ЛУКАШЭНКА Пpaкoп Барысавiч, н. ў 1899 у в. Гальнiца. Беларус. Да арышту працаваў старшынёй калгаса “Колас”. Па пастанове асобай тройкi НКУС БССР ад 8.10.1937 зняволены на 10 гадоў у папраўча-працоўны лагер. Памёр у 1942 ад туберкулёзу ў месцах зняволення. Рэабiлiтаваны 20.11.1989.

МАЦЮШОЎ Пракоп Iльіч, н. ў 1897 у в.Альбрэхтава. Беларус. Да арышту працаваў вартаўнiком Расонскай нафтабазы. Па паста­нове кaмicii НКУС i Пракуратуры СССР ад 25.5.1938 прыгавораны да расстрэлу. Расстра­ляны 13.7.1938 у Полацку. Месца пахавання невядома. Рэабiлiтаваны 26.12.1957.

НЕСЦЕРАЎ Васiль Ульянавiч, н. ў 1908 у в. Вусце. Беларус. Да арышту жыў у в. Альбрэхтава, працаваў рахункаводам райаддзя­лення па нарыхтоўцы жывёлы. Па пастанове кaмicii НКУС i Пракуратуры СССР ад 25.5.1938 прыгавораны да расстрэлу. Расстра­ляны 13.7.1938 у Полацку. Месца пахавання невядома. Рэабiлiтаваны 11.1.1961.

ПАЎЛАЎ Пётр Андрэевiч, н. ў 1886 у в. Грачушына. Жыў у Pacii ў пас. Кутузаўка Малчанаўскага р-на Томскай вобласцi, калгаснiк. Арыштаваны ў 1941. Быў прыгавораны да расстрэлу, якi замянiлi 10 гадамi папраўча-працоўнага лагера. Далейшы лёс невядомы. Рэабiлiтаваны ў пачатку 90-х гадоў.

СУЛЬМАН Тэвель Мендэлевiч, н. у 1902 у в. Альбрэхтава. Яўрэй. Да арышту працаваў намеснiкам старшынi Альбрэхтаўскага сельпо.Па пастанове кaмicii НКУС i Пракуратуры СССР ад 5.1.1938 прыгавораны да рас­стрэлу. Расстраляны 1.9.1938 у Miнcкy. Месца пахавання невядома. Рэабiлiтаваны 10.11.1956.

ШЛЮНЬКО Васiль Iвaнaв, н. у 1868 у в. Альбрэхтава. Да арышту працаваў у калгасе iмя Горкага. Арыштаваны 19.9.1937. Па паста­нове тройкi НКУС БССР ад 27.9.1937 зняволе­ны на 10 гадоў у папраўча-працоўны лагер. Рэабiлiтаваны 16.1.1989.

ШЧАБРОЎСКI Емяльян Станіслававiч, н. у 1896 у в. Матылёва. Беларус. Да арышту жыў у Расонах, працаваў кантралёрам Расонскага райаддзялення сувязi. Па пастанове кaмicii НКУС i Пракуратуры СССР ад 5.1.1938 пры­гавораны да расстрэлу. Расстраляны 9.2.1938 у Мiнску. Месца пахавання невядома. Рэабiлi­таваны 13.9.1989.

ЯФРЭМЕНКА Аляксей Захаравiч, н. у 1882 у в. Грачушына. Удзельнiк грамадзянскай вайны. Рэпрэсiраваны ў лютым 1937. Далей­шы лёс невядомы.

ГАРБАЧЭЎСКI СЕЛЬСАВЕТ

АНТАНЕВIЧ Антон Адамавiч, н. ў 1907 у в. Анiсаўка Себежскага р-на Пскоўскай вобл. Да арышту жыў у в. Благуцiна. Арыштаваны 31.12.1932. Па пастанове тройкi пры ПП АДПУ па БССР ад 28.4.1933 зняволены на 3 гады ў папраўча-працоўны лагер. Рэабiлiтава­ны 16.1.1989.

АРЛОЎ Васiль Iванавiч, н. 17.7.1889 у в. Скуратова. Беларус. Да арышту працаваў на­стаўнiкам Гарбачэўскай школы. Па пастанове асобай тройкi НКУС БССР ад 22.11. 1937 зня­волены на 10 гадоў у папраўча-працоўны лагер. Памёр 15.12.1935 ва Усурыйскiм кpai. Рэабiлiтаваны 19.6.1958.

ПАМЯЦЬ СЭРЦА

З дачкой В. I. Арлова Вольгай Васiлеўнай Каральковай мы сустрэлiся ў яе дома. Просьба расказаць пра бацьку для яе была нечаканай i вельмi ўсхвалявала, жанчына не магла стрымаць слёз. Вось што расказа­ла яна мне.

... Памятаю бацьку добра, нiколi не ба­чыла яго без справы. Мы жылi на хутары Казёл. Трымалi гаспадарку: дзвюх кароў, каня, авечак, свiней, курэй, даволi вялiкi агарод. Непадалёку жыў мой дзед, як ця­пер разумею, моцны серадняк. На дзве гас­падаркi была малатарня i арфа. У сям'i спачатку было 8 дзяцей, з-за хва­робы трое памерлi. Бацька працаваў нас­таўнiкам. У першую сусветную вайну ён служыў y apмii. За самаадданасць i храб­расць узнагароджаны Георгiеўскiм кры­жам. Там жа ў халодных акопах захварэў на туберкулёз. Рэгулярна ездзiў у санато­рый, але здароўе не паправiў. Мацi, Юлiя Пятроўна, займалася дзецьмi, гаспадар­кай, шыла, прала. У доме хоць было i бед­на, але заўсёды чыста, акуратна, утульна. Гэтая ўтульнасць, успамiн аб якой i цяпер грэе сэрца, стваралася тым, што бацькi нi­колi не сварылiся.

У час калектывiзацыi бацька зразумеў, што iншага выйсця няма, i першым усту­пiў у калгас, стаў адным з актыўных яго арганiзатараў. Вядома, балюча было назi­раць, як праз некаторы час ix арфа i мала­тарня былi па-варварску разбiты. Мацi не магла працаваць у калгасе штодня, бо хат­няя гаспадарка цалкам ляжала на яе пля­чах. Зусiм маленькiм быу Вячаслаў, любi­мец бацькi. За мацi ў калгасе працавалi старэйшыя дзецi. Не толькi ў канiкулы, а штодзень. Урокi paбiлi позна вечерам.

I вось настаў неспакойны час. Вечарамi мы краем вуха чулi бацькоўскiя размовы, што ў краiне робiцца нешта не так. Вора­гамi народа аб'яўлялiся лепшыя беларускiя паэты i пiсьменнiкi, вершы, проза i партрэты, якiх загадвалi вырываць з школьных падручнiкаў цi выкiдваць кнi­гi як крамольныя.

Хутка супрацоўнiкi НКУС з'явiлiся i на Расоншчыне. Загаласiлi па начах жанчы­ны. Чамусьцi ўсё гата адбывалася менавi­та ноччу. Неяк восенню 1937 года пастукалi i ў наш дом, перавярнулi ўсё дагары нагамi. Нават салому з матрацаў i пер'е з падушак павытрасалi. Шукалi зброю, якой, вядома, не знайшлi. Тады звярнулi ўвагу на кнiгi, што ляжалi пад сталом. Маленькi Вячаслаў напярэдаднi гуляў з падручнiкамi “крамольных аўтараў».Бацька не знiшчыў кнiгi, а аддаў сыну. Яны i сталi цяпер доказам супраць яго. Доказам стаў i жалезны крыж. Сёння такi можна ўбачыць у музеi як рэлiквiю, а та­ды ён быў чарговым доказам. Яшчэ знай­шлi пiсьмы з-за мяжы. Справа ў тым, што мамiн бацька раней жыў у Латвii, а пасля пераехаў сюды. З раднёй, якая засталася ў JIaтвii, сувязь падтрымлiвалi пiсьмамi. Яны таксама сталi абвiнавачваннем. Усяго гэтага хапiла для арышту. Вобыск пра­цягваўся ўсю ноч, а ранiцай бацьку забралі...

Бяда навiсла над сям' ёй Арловых вялi­кая. I не толькi таму, што апусцеў дом без гаспадара, а i таму, што ад ix адвярнулася ўся радня. Вакол вырасла нябачная сцяна варожасцi. Час ад часу на яе натыкаўся кожны. Так, калi Вольга захацела ўсту­пiць у камсамол, яе не прынялi. Тайком ад сваiх два разы бегала яна ў райком камса­мола шукаць справядлiвасцi. Аднак, калi першы раз сакратар пагутарыў з ёй, то ў другi проста выпiхнуў за дзверы.

Ужо з Ciбipы Васiль Iванавiч Арлоў пе­радаў пiсьмо, у якiм паведамляў, што аб­вiнавачваецца ў контррэвалюцыйнай дзей­насцi, у выкладаннi па забароненых падручнiках, сувязях за мяжой, што ўсё гэта ён пацвердзiў, не вытрымаўшы допы­таў, i цяпер асуджаны на 10 гадоў. Праз год бацькi не стала, слабае здароўе не вы­трымала катаржных умоў жыцця.

Хутка пачалося ссяленне з хутароў у цэнтр. Сям'я сарвалася з наседжанага гнязда, усе разляцелiся хто куды. Старэй­шая дачка працавала настаўнiцай, вый­шла замуж, ycix узяла да сябе. Сын Ге­надзь скончыў лясны тэхнiкум i працаваў у Бягомльскiм лясгасе, забраў да сябе Вольгу. Хутка яна паступiла ў педвучы­лiшча. Там дзяўчыну нiхто не ведаў, i праз год яна ўступiла ў камсамол. Панастаўнi­чала роўна год, як пачалася вайна. Ге­надзя ў армiю не ўзялi з-за бацькi, аднак разам з жонкай, медсястрой, ён пайшоў у партызаны, дзе i загiнуў.

Мужу старэйшай дачкi Уладзiмiру ўда­лося ўцячы з фашысцкага палону, ён прыйшоў дамоў, праз некалькі дзён ён разам з Вольгай пайшлі ў партызаны. Спачатку працавалі ў шпіталі брыгады імя Сталіна, пасля Уладзімір стаў камісарам.

Самы малодшы з Арловых, Вячаслаў Васільевіч, цяпер працягвае справу бацькі, працуе настаўнікам фізікі ў Расонскай сярэдняй школе імя П.М. Машэрава. Паводле слоў калег і вучняў, ён настаўнік па прызванні.

Васіль Іванавіч Арлоў мог бы сёння ганарыцца сваімі дзецьмі. Цяжкасці і выпрабаванні не зламалі іх.

1991г. В.Я. Скоп.

АРЛОЎ Канстанцiн Пракопавiч, н. ў 1874 у в. Скуратова. Селянiн-аднаасобнiк. Арышта­ваны 30.12.1932. Па пастанове тройкi пры ПП АДПУ па БССР ад 10.4.1933 засуджаны да 5 тадоў у папраўча-працоўны лагер з заменай на высылку з сям'ёй у паўночныя раёны. Рэа­бiлiтаваны 16.1.1989.

АСТРОЎСКI Фёдар Iгнатавiч, н. ў 1867 у в. Востраў. Арыштаваны 19.9.1937. Па пастанове асобай тройкi НКУС БССР ад 8.10.1937 зняволены на 8 гадоў у папраўча-працоўны лагер. Рэабiлiтаваны 16.1.1989.

БАРШЧЭЎСКI Фёдар Сцяпанавiч, н. ў 1883 у в. Красiха. Селянiн-аднаасобнiк. Арыштава­ны 30.11.1929. Па пастанове асобай нарады пры ПП АДПУ па БССР ад 13.1.1930 высланы на 3 гады на Поўнач. Рэабiлiтаваны 16.1.1989.

БЫХАВЕЦ Мiхаіл Карнiлавiч, н. ў 1868 у Полацкiм р-не. Беларус. Да арышту жыў у в. Кудраўцава, працаваў у калгасе. Па пастанове асобай тройкi НКУС БССР ад 5.10.1937 прыга­вораны да расстрэлу. Далейшы лёс невядомы. Рэабiлiтаваны 15.9.1989.

ВОЙТАЎ Iван Васiлевiч, н. ў 1875 у в. Заба­лотнiкi. Да арышту жыў у в. Пасекi, селянiн­аднаасобнiк. Арыштаваны 30.11.1929. Па па­станове асобай нарады пры ПП АДПУ па БССР ад 13.1.1930 высланы на 3 гады на Поўнач. Рэабiлiтаваны 16.1.1989.

ВЯЧЭРСКI Цiмафей Захaравiч, н. ў 1876 у в. Вярацiна. Да арышту працаваў у калгасе. Арыштаваны 18.3.1933. Па пастанове тройкi пры ПП АДПУ па БССР ад 15.4.1933 засуджа­ны да 5 гадоў у папраўча-працоўны лагер з за­менай высылкай разам з сям'ёй у паўночныя раёны на гэты тэрмiн. Рэабiлiтаваны 16.1. 1989 г.

ГОЛIКАЎ Iван Тарасавiч, н. ў 1898 у в. Бла­гуцiна. Селянiн-аднаасобнiк. Арыштаваны 31.12.1932. Па пастанове тройкi пры ПП АДПУ па БССР ад 28.4.1933 зняволены на 3 гады ў папраўча-працоўны лагер. Рэабiлiтаваны 16.1.1989.

ГРЫНЕВIЧ Аляксандр Станiслававiч, н. ў 1905 у в. Цясны. Паляк. Селянiн-аднаасобнiк. Арыштаваны 24.2.1932. Па пастанове тройкi пры ПП АДПУ па БССР ад 23.5.1932 зняво­лены на 3 гады ў папраўча-працоўны лагер. Рэабiлiтаваны 16.1.1989.

ГУРЭЦКI Iван Вiкенцьев, н. ў 1899 у в. Мiхалёўшчына. Паляк. Да арышту працаваў возчыкам у Вiцебскiм р-не. Арыштаваны 1.10.1937. Па паставове асобай тройкi НКУС БССР ад 15.11.1937 зняволены на 10 гадоў у папраўча-працоўны лагер. Рэабiлiтаваны 16.1. 1989.

ДАМБРОЎСКI Бранiслаў Станiслававiч, н. ў 1890 у в. Зайчонкi. Паляк. Да арышту жыў у в. Рылi, селянiн-аднаасобнiк. Арышта­ваны 31.12.1932. Па пастанове тройкi пры ПП АДПУ па БССР ад 7.2.1933 зняволены на 5 гадоў у папраўча-працоўны лагер з канфi­скацыяй маёмасцi. Рэабiлiтаваны 16.1.1989.

ДАМБРОЎСКI Гаўрыла Станiслававiч, н. ў 1888 у в. Старына. Да арышту жыў у в. Лыска­ва. Арыштаваны 8.1.1933. Па пастанове тройкi пры ПП АДПУ па БССР ад 5.2.1933 зняволены на 5 гадоў у папраўча-працоўны лагер. Pэaбi­лiтаваны 16.1.1989.

ЗАЙКОЎСКI Антон Аляксандравiч, н. ў 1899 у в. Гарбачэва. Да арышту жыў у в. Ба­роўка, селянiн-аднаасобнiк. Арыштаваны 2.1. 1933. Па пастанове тройкi пры ПП АДПУ пa БССР ад 7.3.1933 зняволены на 10 гадоў у па­праўча-працоўны лагер з канфiскацыяй маё­масцi. Рэабiлiтаваны 16.1.1989.

ЗАРАКОЎСКI Iгнат Мiхайлавiч, н. ў 1874 у в. Mypaгi. Селянiн-аднаасобнiк. Арыштава­ны 16.9.1930. Па пастанове тройкi пры ПП АДПУ пa БССР ад 14.10.1930 засуджаны да высылкi. Рэабiлiтаваны 16.1.1989.

КУЗЬMIH Пракоп Фёдаравiч, н. ў 1892 у в. Крывашапава. Да арышту працаваў у калгасе. Арыштаваны 30.12.1932. Па пастанове тройкi пры ПП АДПУ па БССР ад 7.2.1933 зняволе­ны на 5 гадоў у папраўча-працоўны лагер. Рэабiлiтаваны 16.1.1989.

ЛIСОЎСКI Ioсiф Аляксандравiч, н. ў 1888 у Лiтве. Лiтовец. Да арышту жыў у в. Гарбачэ­ва, працаваў шаўцом у арцелi «За пяцiгодку». Па пастанове кaмicii НКУС i Пракуратуры СССР ад 14.10.1937 прыгавораны да расстрэ­лу. Расстраляны 10.11.1937 у Полацку. Месца пахавання невядома. Рэабiлiтаваны 3.8.1989.

МАМЗЕРАЎ Вiкенцiй Ануфрыевiч, н. у 1874 у в. Aбiтoкi. Селянiн-аднаасобнiк. Арыш­таваны 1.1.1933. Па пастанове тройкi пры ПП АДПУ па БССР ад 5.2.1933 высланы на 3 гады на Поўнач. Рэабiлiтаваны 16.1.1989.

МАНЧЫНСКІ Іосiф Іосiфавiч, н. ў 1893 у в. Бяздубрава. Да арышту жыў у в. Татарава, селянiн-аднаасобнiк. Па пастанове тройкi пры ПП АДПУ па БССР ад 13.2.1930 высланы на 3 гады на Поўнач. Рэабiлiтаваны 16.1.1989.

МIХАЛЬЧАНКА Пётр Мiкалаевiч, н. ў 1893 у в. Талстуха. Селянiн-аднаасобнiк. Арыштаваны 30.12.1930. Па пастанове тройкi пры ПП АДПУ па БССР ад 28.4.1933 зняволены на 3 гады ў папраўча-працоўны лагер. Рэабi­лiтаваны 16.1.1989.

МIХАЛЬЧАПКА Цiт Сцяпанавiч, н. ў 1898 у в. Талстуха. Да арышту жыў у в. Барсу­кi, селянiн-аднаасобнiк. Арыштаваны 16.1. 1933. Па паставове тройкi пры ПП АДПУ па БССР ад 28.4.1933 высланы на 3 гады ў Казахстан. Рэабiлiтаваны 16.1.1989.

МІШЧАНКА Антон Клiменцьевiч, н. ў 1904 у в. Падбяраззе. Селянiн-аднаасобнiк. Арыштаваны 31.12.1932. Па пастанове тройкi пры ПП АДПУ па БССР ад 28.4.1933 зняволе­ны на 3 гады ў папраўча-працоўны лагер. Рэабiлiтаваны 16.1.1989.

МІШЧАНКА Данiла Кузьміч, н. ў 1887 у в. Скуратова. Сялянiн-аднаасобнiк. Арышта­ваны 30.12.1932. Па пастанове тройкi пры ПП АДПУ па БССР 10.4.1933 зняволены на 5 га­доў у папраўча-працоўны лагер. Рэабiлiтава­ны 16.1.1989.

MIШЧAHКA Mixaiл Мiкітавiч, н. ў 1884 у в. Скуратова. Селянiн-аднаасобнiк. Арышта­ваны 30.12.1932. Па пастанове тройкi пры ПП АДПУ па БССР ад 10.4.1933 зняволены на 5 гадоў у папраўча-працоўны лагер. Рэабiлiта­ваны 16.1.1989.

HABIЦKI Пiлiп Мiхайлавiч, н. ў 1887 у в. Арэхава. Да арышту жыў у в. Паддуб'е. Селя­нiн-аднаасобнiк. Арыштаваны 7.1.1933. Па пастанове тройкi пры ПП АДПУ па БССР ад 7.2.1933 высланы этапам на 3 гады на Поўнач. Рэабiлiтаваны 16.1.1989.

ОГIНАЎ Яфiм Данiлавiч, н. ў 1912 у в. Рогава. Беларус. Да арышту працаваў слесарам Коўжынскага леспрамгаса ў Вала­годскай вобласцi. Па пастанове асобай тройкi НКУС Ленiнградскай вобласцi зняволены на 10 гадоў у папраўча-працоўны лагер. Памёр у месцах зняволення. Месца пахавання не­вядома. Рэабiлiтаваны 11.3.1963.

ПРЫГАРОЎСКI Iociф Iванавiч, н. ў 1861 у в. Гарбачэва. Да арышту быў свяшчэннiкам. Арыштаваны 19.9.1937. Па пастанове тройкi НКУС БССР ад 8.10.1937 прыгавораны да расстрэлу. Час, месца пакарання i пахавання невядомыя. Рэабiлiтаваны 16.1.1989.

ПШАЛЕНСКI Эдуард Юльянавiч, н. ў 1878 у в. Арэхава. Паляк. Селянiн-аднаасоб­нiк. Арыштаваны 5.2.1938. Па пастанове трой­кi НКУС БССР ад 27.2.1938 прыгавораны да расстрэлу з канфiскацыяй маёмасцi. Час, мес­ца пакарання невядомыя. Рэабiлiтаваны 16. 1.1989.

РЭЕР Iociф Станiслававiч, н. ў 1895 у в. Шэвiна. Паляк. Да арышту працаваў брыгадзiрам у калгасе “Чырвоныя Рылi”. Па пастанове асобай тройкi НКУС БССР ад 19.10. 1937 зняволены на 10 гадоў у папраўча-пра­цоўны лагер. Памёр 20.2.1945 у месцах зняво­лення. Месца пахавання невядома. Рэабiлi­таваны 28.11.1959.

САВЕЛЬЕЎ Павел Кiрылавiч, н. ў 1908 у в. Палаўчонкi. Да арышту жыў у в. Гарадзi­шча. Арыштаваны 1.11.1937. Па пастанове ка­мiccii НКУС i Пракуратуры СССР ад 15.11. 1937 прыгавораны да расстрэлу. Расстраляны 5.12.1937. Месца пахавання невядома. Рэа­бiлiтаваны пасмяротна 16.1.1989.

САНКОЎСКI Васiль Iванавiч, н. ў 1910 у в. Скрабуны. Беларус. Да арышту працаваў галоўным рахункаводам калгаса “1-я пяцi­годка”. Па пастанове асобай тройкi НКУС БССР ад 5.10.1937 прыгавораны да рас­стрэлу. Расстраляны 14.10.1937. Месца па­хавання невядома. Рэабiлiтаваны 11.4.1959.

САПУНОЎ Якаў Варфаламеевiч, н. ў в. Заглiсцiнкi. Селянiн-аднаасобнiк. Арышта­ваны ў 1930 i высланы з сям'ёй на Поўнач. 9.6.1938 Вярхоўным судом Якуцкай АССР асуджаны на 6 год пазбаўлення волi. Памёр у лагеры 24.6.1942. Рэабiлiтаваны 18.10.1991.

З успамiнаў Марыі Якаўлеўны Локцевай, жыхаркi в. Гарадзiшча

...Бацька мой быў раскулачаны вясной 1929 цi 1930 г. i высланы ў Якуцiю на залатыя прыiскi ў раён р. Алдан. Да вы­сылкi меў надзел зямлi i жыў на хутары, былi ў нас i хата-пяцiсценка, гаспадарчыя будынкi, конь, дзве каровы, авечкi, куры, свiннi. Хутка ўсё гэта было канфiскавана i забрана ў калгас.

Разам з бацькам выслалi маму, Сапу­нову (Афанасенка) Аляксандру Архiпаў­ну, 1895 г. н., i трое дзяцей, Пятра, 1920, Нiну, 1924, i Васiля, 1926 г. н. Мяне ўзяў да сябе дзядзя Афанасенка Аляксандр Архiпавiч, якi жыў у в. Амельчанкi разам са сваiм бацькам. У сувязi з тым, што мяне не прымалi ў школу як дачку ворага народа, прыйшлося перайсцi на прозвi­шча мамы Афанасенка. Праз 2 гады дзядзя мой паехаў у Ленiнград, а я засталася жыць з дзядуляй, якi памёр у 1944 г. Бацьку засудзiлi да 10 гадоў, калi тэрмiн высылкi скончыўся, далi яшчэ 6 гадоў i аднаго, без сям'i, пераслалi ў другое месца. Мама памерла ў 1942 г. ад запален­ня лёгкiх, так пiсаў брат Пётр. Сястра Нiна i брат Васiль памерлi адразу, як прыехалi ў Якуцiю. Брат Пётр пасля смерцi мамы быў у доме iнвалiдаў. Пасля вайны напiсаў пiсьмо, што вельмi хворы, а хутка i ад яго перасталi icцi весткi...
  1   2   3   4


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка