Валерый варганаў Вусная гісторыя ў школе: з вопыту работы Ворнаўская сярэдняй школы




Дата канвертавання18.05.2016
Памер326.1 Kb.
Валерый ВАРГАНАЎ

Вусная гісторыя ў школе: з вопыту работы Ворнаўская сярэдняй школы

Гэты матэрыял — плён шматгадовай маёй работы як настаўніка гісторыі па вывучэнні вуснай гісторыі. Увазе чытачоў прапануецца абагульненне методыкі работы, асноўнымі элементамі якой з’яўляюцца метад інтэрв’ю і метад праектаў. У матэрыяле прадстаўлены парады па арганізацыі і правядзенні інтэрв’ю школьнікамі сярод людзей, чые маленства і юнацтва прыпалі на гады Вялікай Айчыннай вайны, а таксама па прадстаўленню вынікаў сваёй работы.

Методыка падрыхтоўкі і правядзення інтэрв’ю і падрыхтоўка праектаў дазваляе арганізаваць сістэмную работу як асобнага настаўніка, так і педагагічны калектыў установы адукацыі па вывучэнню вуснай гісторыі. Уключэнне ў такую работу вучняў мае вялікі выхаваўчы патэнцыял і садзейнічае іх самарэалізацыі і сацыялізацыі.

Прапанаваная ўвазе чытачоў методыка, на працягу некалькіх гадоў апрабоўвалася ў школах Кармянскага раёна, была прадстаўлена на школьных, раённых, абласных педагагічных семінарах (у т. л. і на семінары “Выкарыстанне мясцовай культуры ў развіцці сельскіх тэрыторый Гомельскай вобласці”, арганізаваным Прадстаўніцтвам таварыства “Deutscher Volkshochschul-Verband e.V” (ФРГ) у Рэспубліцы Беларусь, які адбыўся 10—14 чэрвеня 2013 г.). На XV Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры ў Мінску, арганізаванай у маі 2013 г., праект, у якім асвятляўся вопыт работы нашай школы, у тым ліку па вывучэнні вуснай гісторыі, атрымаў дыплом ІІ ступені.

Вусная гісторыя — гэта навуковы напрамак, які актыўна развіваюцца ў свеце з другой паловы ХХ ст. Нагадаем, што яшчэ ў СССР пасля Вялікай Айчыннай вайны сярод школьнікаў была арганізавана шырокая работа па зборы ўспамінаў ветэранаў і ўдзельнікаў вайны. У Рэспубліцы Беларусь у школьныхі і раённых музеях захоўваюцца ўспаміны ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны запісаныя ў розныя гады. У некаторых школах нашай рэспублікі, арганізуюцца запісы ўспамінаў сведкаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. У нашым раёне на працягу многіх гадоў школьнікамі пад кіраўніцтвам настаўнікаў праводзіцца сістэмная работа па зборы і апрацоўцы ўспамінаў ветэранаў і дзяцей вайны.

Вусная гісторыя — гэта навуковая дысцыпліна, якая даследуе мінулае з дапамогай фіксацыі інфармацыі, атрыманай ад непасрэдных удзельнікаў у сведкаў падзей. Зафіксаваць суб’ектыўны вопыт асобнага чалавека, скласці ўяўленне пра яго як пра асобу і той час у які ён жыў. Інтэрв’ю дазваляе захаваць сведчанні непасрэдных удзельнікаў гістарычных падзей, “маленькіх людзей”, якія ў афіцыйных дакументах фігуруюць як «статыстычныя адзінкі». У інтэрв’ю мінулае паўстае праз светапогляд і светаадчуванне шэраговых удзельнікаў гістарычнага працэсу. Мы не можам у поўнай меры аднавіць гісторыю кожнага з многіх мільёнаў удзельнікаў падзей, але без іх сведчанняў пра жыццё простых людзей гісторыя ўяўляецца няпоўнай, сухой і не да канца аб’ектыўнай. Адной з важнейшых падзей нашай гісторыі, якую можна і неабходна даследаваць дапамогай вуснай гісторыі з’яўляецца Вялікая Айчыннай вайна. Успаміны пажылых людзей аб Вялікай Айчыннай вайне маюць вялікі выхаваўчы патэнцыял, фарміруюць у маладога пакалення беларусаў высокія маральныя якасці.

Актуальнасць вывучэння вуснай гісторыі заключаецца ў тым, што яна садзейнічае выхаванню грамадзяніна і патрыёта сваёй Бацькаўшчыны праз фарміраванне ведаў па гісторыі роднага краю і ўздзейнічае на свядомасць маладога пакалення. Размаўляючы з рэспандэнтамі, вучні атрымліваюць вялікі эмацыйныянальны зарад. Збор інфармацыі, яе апрацоўка, абагульненне і прадстаўленне ў даследчых праектах, музейнай дзейнасці, удзел і перамогі ў конкурсах павышаюць у вучняў матывацыю да вывучэння гісторыі.

Арыентуючы вучняў на вывучэнне вуснай гісторыі наш педагагічны калектыў рэалізуе наступныя задачы:

1. Далучэнне вучняў да вывучэння гістарычнай і духоўнай спадчыны нашага краю, лепшых традыцый нашых землякоў.

2. Выхаванне ў школьнікаў павагі да гераічнага і трагічнага мінулага нашага народа, любові да роднай зямлі.

3. Выхаванне грамадзян і патрыётаў Беларусі з актыўнай жыццёвай пазіцыяй і адказнасцю за будучыню нашай Радзімы.

4. Садзейнічанне авалодванню вучнямі ведаў, уменняў і навыкаў па стварэнню даследванняў у галіне вуснай гісторыі і рэалізацыі адпаведных праектаў.

5. Стварэнне моў для якаснага, даступнага, эфектыўнага развіцця, адукацыі і самаадукацыі вучняў у ходзе даследчай дзейнасці.

Галоўным метадам у вывучэнні вуснай гісторыі з’яўляецца метад інтэрв’ю. Такім чынам, вусная гісторыя базіруецца на вывучэнні вусных крыніц — гэта ўспаміны людзей, запісаныя на паперы ці аўдыё- відэёносьбітах аб сваім жыцці, падзеях мінулага, сведкамі якіх яны былі. У адрозненне ад анкетавання інтэрв’юіраванне дазваляе асабіста кантактаваць з рэспандэнтам, мяняць парадак фармулёвак пытанняў у залежнасці ад адказаў, удакладняючыя пытанні.

Вывучаючы вусныя крыніцы, настаўнікі і вучні ў залежнасці ад задачы праводзімага даследавання выкарыстоўваюць розныя тыпы інтэрв’ю. Ахарактарызуем тры віды інтэрв’ю: наратыўнае, экспертнае, інтэрв’ю мэтавай групы.



Наратыўнае інтэрв’ю:

- адкрытае па форме правядзення;

- рэспандэнт распавядае сваю гісторыю жыцця ці гісторыю, звязаную з падзеяй/перыядам (у нашым выпадку — падзеямі і перыядам Вялікай Айчыннай вайны);

- пасля інтэрв’юер задае пытанні для ўдакладнення дэталей.

На першым этапе Вы звяртаецеся да рэспандэнта: “Калі ласка, распавядзіце мне гісторыю Вашага жыцця…”. На другім этапе задаюцца пытанні для ўдакладнення дэталей. На трэцім этапе задаюцца пытанні, на якія да гэтага часу не былі атрыманы адказы.

Экспертнае інтэрв’ю:

- інтэрв’юіраваны выступае экспертам па вызначанай праблеме ці тэме;

- інтэрв’юер валодае пэўнымі ведамі па дадзеным пытанні ці тэме і задае спецыяльна падрыхтаваныя пытанні.

Інтэрв’ю мэтавай групы:

- вызначаецца група інтэрв’юіраваных па сацыяльнай прыкмеце;

- інтэрв’юер задае загадзя вызначаныя адкрытыя пытанні.

Методыка правядзення інтэрв’ю ўключае тры асноўныя этапы: а) падрыхтоўчы, б) правядзенне інтэрв’ю, в) апрацоўка і абагульненне матэрыялаў. Чалавек, які праводзіць інтэрв’ю, называецца карэспандэнтам, а чалавек, у якога бяруць інтэрв’ю — рэспандэнтам.

Падрыхтоўчы этап да правядзення інтэрв’ю ўключае знаёмства настаўніка і вучняў з людзьмі сталага ўзросту. Настаўнік праводзіць гутаркі з вучнямі, роднымі і блізкімі сталых людзей, будучымі рэспандэнтамі. Пасля атрымання ў мясцовым Савеце звестак — пра будучых рэспандэнтаў, устанаўліваецца кантакт, ацэньваецца фізічны, маральна-псіхалагічны стан, рэспандэнта. На падрыхтоўчым этапе настаўнік разам з вучнямі складае папярэднія пытанні (апытальны ліст). На гэтым этапе ўдакладняецца спіс апытваемых, ствараюцца групы вучняў, якія будуць браць інтэрв’ю, праводзіцца іх інструктаж, дасягаюцца дамоўленасці аб правядзенні інтэрв’ю, улічваючы сталы ўзрост і стан здароўя рэспандэнтаў. Магчыма, вучням прыйдзецца не адзін раз наведаць рэспандэнта.

На другім этапе перад інтэрв’ю ў анкеце рэспандэнтаў запісваюцца яго даныя: прозвішча, імя, імя па бацьку, кантактны тэлефон, а таксама месца і дата правядзення інтэрв’ю, адрас установы, вучні якой праводзяць інтэрв’ю, іх звесткі (прозвішча, імя, імя па бацьку), клас у якім навучаецца. Рэспандэнты даюць пісьмовую згоду на выкарыстанне іх персанальных даных, успамінаў для далейшага выкарыстання ў адукацыйных і навуковых мэтах. У пратаколе інтэрв’ю фіксуецца абстаноўка, у якой адбываецца інтэрв’ю, а таксама воклічы, рэплікі, каментарыі слухачоў. Размова запісваецца альбо на дыктафон, альбо на відэакамеру, альбо на паперу. Вынікамі другога этапу з’яўляюццазапісы ўспамінаў і інфармацыя аб аўтары.

На трэцім этапе сабраны матэрыял апрацоўваецца і абагульняецца, робіцца некалькі копій. Такім чынам, з аўдыёзапісу атрымліваецца тэкставы матэрыял, які ў далейшым рэдактуецца з максімальным улікам адметнасці і зместу аўтарскага стылю. Матэрыялы ўспамінаў даступныя для праслухоўвання (аўдыёзапісы), раздрукоўкі і публікацыі.

Некаторыя рэспандэнты ў час папярэдніх гутарак адмаўляліся ад інтэрв’ю, спасылаючыся на тое, што раней ужо распавядалі аб падзеях ваенных гадоў, а таксама на ўзрост і стан здароўя, але тым не менш нам удалося наладзіць з імі кантакт. Вязням канцлагера “Азарычы”, было цяжка ўспамінаць перажытае, і яны праяўлялі павышаную адчувальнасць і эмацыйнальнасць. Большасць рэспандэнтаў у гады Вялікай Айчыннай вайны страцілі сваіх родных, блізкіх, сяброў, але згадзіліся даць інтэрв’ю і распавялі нашым карэспандэнтам пра найбольш яркія падзеі ваеннага часу.

Асаблівасцю нашай работы з’яўляецца тое, што справай запісу ўспамінаў займаюцца пераважна школьнікі пад кіраўніцтвам настаўнікаў, а таму людзі сталага веку ставіліся да іх спрыяльна і ахвотна, нягледзячы на ўзрост, стан здароўя і цяжар успамінаў, ішлі на кантакт са школьнікамі. Далей мы прывядзём парады, з якімі знаёміліся вучні на спецыяльных заняткаў па арганізацыі і правядзенні інтэрв’ю.

Пошук і адбор суразмоўцаў.

Рыхтуючыся да запісу інтэрв’ю важна вызначыцца, якую інфармацыю вы жадаеце атрымаць ад суразмоўцы. Калі вас цікавіць, напрыклад, пэўны гістарычны эпізод або перыяд, вам трэба будаваць так інтэрв’ю, у якім біяграфія вашага суразмоўцы была толькі часткай яго аповяду. Калі Вас цікавіць гісторыя жыцця чалавека, то трэба рыхтаваць інтэрв’ю па прынцыпу на аўтабіяграфіі.

Пералічым крытэрыі, якія варта ўлічыць для пошуку суразмоўцы:

а) гатоўнасць чалавека да адкрытай і шчырай размовы;

б) здольнасць рэспандэнта асэнсаваць свой жыццёвы вопыт;

в) назіральнасць і ўменне запамінаць дэталі;

г) жаданне ўспомніць сваё жыццё.

Адзін са спосабаў знайсці неабходных суразмоўцаў — пачаць распытваць блізкіх і знаёмых людзей пра іх жыццё. Сярод іх абавязкова знойдуцца людзі з цікавай біяграфіяй.

Калі вас цікавіць пэўны перыяд гісторыі вашага населенага пункта, то, размаўляючы з адным чалавекам спытайце і пра іншых людзей, якія могуць расказаць вам пра гэты перыяд. Вельмі часта менавіта так і знаходзяцца суразмоўцы.

Калі Вы з чалавекам асабіста не знаёмыя і вы ўпершыню знаёмецеся, напрыклад, па тэлефоне, не хвалюйцеся, калі на пачатку сустрэнеце некаторы недавер. У такім выпадку напішыце ліст, сцісла растлумачце якой работай займаецеся, прывядзіце прыклады, прыкладзіце матэрыял з газеты, часопіса або фатаграфію, якая можа зацікавіць Вашага будучага суразмоўцу. Не трэба спадзявацца, што абавязкова адкажуць на ліст. Лепш за ўсё праз некалькі дзён патэлефанаваць і спытацца ці можна правесці інтэрв’ю.

Лепшым спосабам дамовіцца аб інтэрв’ю з’яўляецца асабістая сустрэча. Незнаёмага чалавека спачатку бывае вельмі цяжка ўгаварыць пагутарыць. Як растлумачыць будучаму суразмоўцу, навошта праводзіць інтэрв’ю? Для гэтага досыць простых аргументаў: "Мяне вельмі цікавіць Ваша біяграфія" або "Наша група (пералічыць хто, пад чыім кіраўніцтвам, з якой установы) займаецца гісторыяй людзей, якія…”, “Мы гутарым з тымі, хто можа нам пра гэта распавесці", “Мы хочам запісаць і захаваць усё тое, што Вы перажылі для нашчадкаў…”.

Некаторыя патэнцыяльныя суразмоўцы могуць прыводзіць довады, чаму яны, па іх меркаванню, не падыходзяць для інтэрв’ю: скажуць, што не вельмі добра ведаюць пра тое што вас цікавіць або, што іх ужо падводзіць памяць. Вам неабходна адзначыць, што будзеце ўдзячныя, калі яны змогуць падзяліцца тым, што памятаюць. Паспрабуйце даць штуршок для таго, каб будучы суразмоўца пачаў успамінаць.



Падрыхтоўка да інтэрв’ю.

Перш чым пачаць распытваць чалавека пра яго жыццё або нейкі перыяд у яго жыцці, неабходна прачытаць матэрыял пра той час, пра які вы будзеце з ім гутарыць. Калі вас цікавяць ваенныя або пасляваенныя гады, то неабходна добра ведаць гістарычны фон. Такім чынам, вы пакажаце суразмоўцу, што ставіцеся да інтэрв’ю сур’ёзна. Людзі пажылыя часта агаворваюцца, блытаюць месцы і гады, вы ж павінны быць у стане накіраваць гутарку ў патрэбнае рэчышча.

Пры правядзенні інтэрв’ю людзей сталага ўзросту неабходна прытрымлівацца наступных рэкамендацый:


  • падрыхтаваць пытанні: папярэдне пазнаёміць з імі рэспандэнта, каб ён змог перажыць першаснае эмацыянальнае хваляванне і напружанне, прадумаць свае адказы;

  • паказаць яго важнасць, расказаць чаму неабходна правесці інтэрв’ю, якая аўдыторыя будзе яго чытаць або слухаць. Гэта дазволіць рэспандэнту адчуць значнасць інтэрв’ю;

  • скласці пытанні такім чынам, каб яны ўскосна перакрывалі адзін аднаго. Гэта дапаможа праверыць ступень шчырасці і аб’ектыўнасці аповяду рэспандэнта;

Час правядзення інтэрв’ю.

Мэтазгодна выбіраць зручны для суразмоўцы час. Пры гэтым неабходна ўлічваць, наколькі дазваляе стан здароўя рэспандэнта весці размову. Таму варта дамовіцца на некалькі сустрэч.



Месца правядзення інтэрв’ю.

Для паспяховага правядзення інтэрв’ю пажадана застацца адзін на адзін з вашым рэспандэнтам, каб нічога не адцягвала яго ўвагу.

Трэба памятаць, што на вынікі інтэрв’ю надзвычай уплывае месца яго правядзення, поры года і час дня. Напрыклад, для працаздольнага сельскага жыхара летнія месяцы — не самы ўдалы час для правядзення інтэрв’ю. Ён неахвотна будзе гутарыць да заходу сонца, пакуль не скончана праца ў полі і гаспадарцы.

Звычайна сельскія жыхары прымаюць карэспандэнта ў сваім доме. Гэта вельмі зручна, бо дамашняя абстаноўка, побыт і рэчы, фотаздымкі, даюць карысныя дадатковыя звесткі. Гарадскія жыхары гутараць, вобразна кажучы "на лавачцы". Такім чынам рэспандэнт адрываецца ад звыклай абстаноўкі і пагружаецца ў мінулае. У час інтэрв’ю карэспандэнту неабходна спытацца пра фотаздымкі, дакументы (даведкі, граматы і г. д.), узнагароды (ордэны і медалі) і інш. Гэтыя рэчы заўсёды паляпшаюць працэс успаміну і вы можаце ацаніць наколькі аповяд рэспандэнта адпавядае гістарычнай рэчаіснасці, прасачыць яго эмацыянальны, душэўны настрой, скласці ўражанне пра чалавечыя якасці суразмоўцы.

Баваюць выпадкі, калі патэнцыяльны суразмоўца згаджаецца на інтэрв’ю толькі па тэлефоне. У такім выпадку інтэрв’ю можа атрымацца пры ўмове што суразмоўца хоча з вамі размаўляць. Пры такім інтэрв’ю вы не бачыце як чалавек рэагуе на вашыя пытанні, яго рухі, міміку, яго цяжка будзе супакоіць, калі ён будзе ўсхваляваны ўспамінамі.

Для правядзення інтэрв’ю падрыхтуйце нататнік, шарыкавую ручку, дыктафон, відэакамеру. Нататнік неабходны для запісу пытанняў, якія ўзнікаюць падчас бяседы.



Методыка правядзення інтэрв’ю.

Загадзя або запішыце на плёнку або ў нататнік імя рэспандэнта, тэму, месца і час правядзення інтэрв’ю.

На сустрэчу з суразмоўцам трэба прыйсці ў прызначаны час. У пачатку гутаркі раскажыце крыху пра сябе, растлумачце, чым вы займаецеся і чаму для вас важна гэтае інтэрв’ю, назавіце тэму і пытанні, якія будуць задавацца.

Перш чым пачаць гутарку, абавязкова зрабіце кантрольны запіс, каб пераканацца, што тэхніка працуе. Акрамя таго, гэта дапамагае суразмоўцу не баяцца тэхнікі, ён з цікавасцю слухае свой голас.

Некаторыя рэспандэнты могуць пачаць размову на агульныя тэмы — пра здароўе, надвор’е, іх лепш не прыспешваць. Такім чынам пажылыя людзі спрабуюць з вамі наладзіць кантакт, прызвычаіцца. Калі суразмоўца захоча прыступіць да інтэрв’ю неадкладна, пачынайце задаваць падрыхтаваныя пытанні.

У пачатку інтэрв’ю скажыце рэспандэнту, што ён па жаданні можа расказаць больш, чым вызначана тэмай інтэрв’ю, або наадварот, паведаміць, якую інфармацыю ён лічыць закрытай. Звярніцеся да яго так: "Як толькі Вы захочаце сказаць што-небудзь не для запісу, мы выключым дыктафон". Або: "Калі Вы не жадаеце, каб нейкія звесткі засталіся запісанымі на плёнку, мы можам іх потым сцерці".

Для таго каб суразмоўца адчуў, што вы неабыякавы да тэмы інтэрв’ю можна абмеркаваць прынесеныя з сабой адпаведныя фатаграфіі і дакументы, якія варта абмеркаваць. Абавязкова папрасіце рэспандэнта паказаць свае фатаграфіі і дакументы і г. д. Гэта дапаможа яму лепш успомніць факты, падзеі, і ўсталяваць даверлівыя адносіны.

Трэба памятаць, калі чалавек згадзіўся на інтэрв’ю, значыць ён давярае вам інфармацыю пра сябе, сваё меркаванне пра падзеі, якія ён успамінае. Таму з вялікай павагай трэба ставіцца да ўспамінаў рэспандэнта, быць гатовым да таго, што падчас інтэрв’ю могуць з’яўляцца некаторыя тэмы, якія чалавек не жадаў бы абмяркоўваць. Таму трэба паводзіць сябе так, каб суразмоўца мог абыйсці ў гутарцы непрыемныя для яго тэмы.

У час інтэрв’ю, калі вам нецікава, пра што распавядае ваш суразмоўца, гэта ён зразумее і адказваць будзе так, нібы вы адымаеце ў яго час. Калі суразмоўца адчувае вашу зацікаўленасць, ён ахвотна імкнецца ўзгадаць тое, пра што вы пытаецеся.

Калі вы задаеце пытанне, не давайце ацэнку тым з’явам і фактам, пра якія будзе распавядаць ваш суразмоўца. Вы можаце згаджацца або не згаджацца з яго пунктам гледжання. Аднак вы арганізавалі інтэрв’ю, каб даведацца пра жыццё, а не дэманстраваць свой пункт гледжання або спрачацца з суразмоўцам. Падчас інтэрв’ю вы павінны выступаць не як прыхільнік ідэй і перакананняў, а як чалавек, які шукае гістарычную інфармацыю. Неабходна памятаць, што думкі і ацэнкі суразмоўцы — гэта таксама частка гісторыі. І да пазіцыі рэспандэнта трэба ставіцца з павагай.

Бывае цяжка ацаніць свае паводзіны ў час інтэрв’ю. Калі ў вас узнікаюць непрыемныя моманты, падумайце, ці не звязаныя яны з вашай манерай трымацца. Каб ацаніць работу з рэспандэнтам, папрасіце каго-небудзь праслухаць інтэрв’ю і выказаць меркаванне аб вашых паводзінах і аб тым, як задаеце пытанні. Такім чынам можна ацаніць сваю работу. Цяпер часам па тэлебачанні можна ўбачыць такую сітуацыю. Рэспандэнт імкнецца выглядаць як мага лепш, а інтэрв’юер спрабуе збянтэжыць яго або вывесці з сябе. Падобная практыка правядзення інтэрв’ю з людзьмі сталага ўзросту недапушчальна. Вашыя адносіны з суразмоўцам павінны быць добразычлівымі — вы разам працуеце над запісам яго гісторыі.

Калі вы выклікалі жаданне суразмоўцы распавядаць, не прыспешвайце, не перабівайце яго, нават калі аповяд выходзіць за рамкі тэмы. Трэба мець на ўвазе, што некаторыя рэспандэнты адказваюць сцісла, іншыя падрабязна, нават з дэталямі. У час інтэрв’ю не ламайце стыль аповяду, уласцівы суразмоўцу. Бо задача рэспандэнта, каб чалавек распавёў СВАЮ гісторыю ўласнымі словамі. Таму для стымулявання аповяду абмяжуйце свае рэплікі кароткімі ўдакладняючымі пытаннямі. Для больш поўнага збору інфармацыі імкніцеся як мага глыбей даследаваць адно пытанне перш, чым пераходзіць да наступнага.

Не хвалюйцеся, калі падчас інтэрв’ю ўзнікаюць паўзы. Навучыцеся адрозніваць, калі Ваш суразмоўца закончыў аповяд, а калі вагаецца, не ведае пра што казаць далей. Часам рэспандэнты робяць паўзу, каб затым сказаць нешта для яго важнае альбо хоча стрымаць хваляванні.

У час інтэрв’ю заўсёды варта задаваць пытанні ў той паслядоўнасці, якую вы для сябе вызначылі. Аднак толькі ўважліва слухаючы, вы зможаце задаць па ходу інтэрв’ю неабходнае ўдакладняючае пытанне. Памятайце, што некалькі недарэчных пытанняў могуць "замкнуць" для вас суразмоўцу. Пазбягайце пытанняў "у лоб", на якія можна атрымаць толькі складаныя ці простыя адказы. Падчас бяседы лепш задаваць не навадныя, а ўдакладняючыя пытанні. Задавайце пытанні так: "Якая была праца?", а не так: "Цяжка або лёгка было працаваць?". Фармулюйце пытанні так, каб яны акцэнтавалі суразмоўцу на вызначанай тэме, гісторыі, падзее і дазвалялі адказаць неадназначна. Напрыклад: Якая гісторыя вам успамінаецца ў сувязі з гэтым…? Якую падзею вы можаце ўспомніць? Распавядзіце падрабязна аб характары вашай працы ў гэтыя гады (у гэтым месцы, з гэтым чалавекам) і г. д.? Пазбягайце "заганяючых у кут" пытанняў. Пытайце, не ШТО тады ВЫ адчувалі, а ШТО адчувалі тады ЛЮДЗІ? У гэтым выпадку ваш суразмоўца сам вырашыць, ці распавядаць вам, што ён тады адчуваў.

Імкніцеся да таго, каб рэспандэнт паведамляў менавіта тое, што ён думаў і адчуваў у той час пра які ідзе размова. Дамагайцеся, каб ён не казаў "наогул", а прасіце прывесці пэўную інфармацыю, прыклады. Напрыклад, калі ваш суразмоўца скажа вам: "Тады ўсе дрэнна жылі", спытайцеся, што гэта азначае, прапануйце прывесці прыклады.

Вельмі карэктна запытайце, як рэспандэнт даведаўся пра тое, гэта дапаможа вызначыць, наколькі шчыры яго аповяд. У час інтэрв’ю неабходна памятаць, што карэспандэнт не праводзіць “допыт”. Ваш суразмоўца не абавязаны даказваць, што ён кажа праўду або меў рацыю, калі так жыў. Не кажаце яму, што яго ўспрыманне фактаў памылковае.

Запісвайце ў нататнік вашы назіранні: якая ў апавядальніка пастава, манера казаць, жэсты, з якой эмацыянальнасцю расказвае пра асобныя эпізоды жыцця.

Напрыканцы інтэрв’ю пагутарыце пра падзеі сённяшняга дня, заканчвайце размову на станоўчых эмоцыях, запытайцеся ці хоча ён штосьці яшчэ дадаць, падзякуйце рэспандэнта за цікавую размову, выключыце запіс. Не пакідайце яго ў спешцы, упэўніцеся, што рэспандэнт адчувае сябе нармальна.

Запомніце! Самая галоўная ўмова ўдалага інтэрв’ю: ваш суразмоўца, яго асоба, яго жыццё павінны быць для вас цікавыя. Вы павінны быць шчырымі, зацікаўленымі, адкрытымі, тактоўнымі, далікатнымі, а таксама ўлічваць стан здароўя і самаадчуванне рэспандэнта. Не забывайце, што многія з іх ужо пажылыя людзі, якім прыйшлося шмат перажыць.

Рэалізацыя праекта “Вайна вачыма дзяцей вайны: погляд праз 70 год” у Ворнаўскай сярэдняй школе ў 2012/2013 навучальным годзе

Настаўнікі гісторыі нашага раёна ў 2012 годзе на грамадскіх пачатках вырашылі рэалізаваць праект “Вайна вачыма дзяцей: погляд праз 70 год”. Каардынатарамі гэтага праекта з’яўляюцца Валерый Валер’евіч Варганаў і Аляксей Васільевіч Сцепаненка. Каб рэалізаваць гэты праект мы вызначылі наступныя задачы: сабраць успаміны жыхароў Кармянскага раёна, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны былі дзецьмі або падлеткамі, вязняў лагераў, выдаць адпаведныя зборнікі матэрыялаў.

Настаўнік гісторыі вызначылі этапы сваёй работы: збор інфармацыі ў мясцовым Савеце, арганізацыя работы вучняў у школах, апрацоўка сабраных інтэрв’ю, падрыхтоўка іх да раённага зборніка "Напішам кнігу аб вайне разам".

У рамках вышэйназванага праекта ў Ворнаўскай сярэдняй школе ў 2012, 2013 гадах мы праводзім акцыю “Напішам кнігу аб вайне разам”. У ёй прымае ўдзел 14 вучняў 8, 9 класаў. Пад маім кіраўніцтвам мы праводзілі інтэрв’ю з жыхарамі нашага сельскага Савета. У рамках гэтай акцыі тры вучні працуюць над вучэбна-даследчай работай “Вайна вачыма дзяцей вайны": погляд праз 70 год”.

Мы склалі спіс “дзяцей вайны”, чые ўспаміны будуць запісвацца. Звесткі пра 50 чалавек атрымалі ў мясцовым сельскім Савеце. Пражываюць яны ў 7 населеных пунктах нашага сельсавета. Калі мы вызначылі колькі чалавек пражывае ў кожным населеным пункце і да якой катэгорыі адносяцца (вязень лагера, жыў пад акупацыяй, быў у партызанах, у эвакуацыі і г. д.), сфарміравалі групы вучняў, якія сустракаліся з гэтымі людзьмі (каардынатар, фотакарэспандэнт, адказны за тэхнічнае забеспячэнне, карэспандэнты). Напярэдадні першай сустрэчы мы даведаліся пра абставіны жыцця будучых рэспандэнтаў у час вайны, умовах жыцця цяпер, іх бытавых патрэбах, стане здароўя, цяперашнім сямейным становішчы і г.д. Потым асабіста сустракаліся і дамаўляліся аб інтэрв’ю.

На працягу некалькіх тыдняў вучні запісалі ўспаміны дзясяткаў рэспандэнтаў. Усе пісьмовыя, аўдыё і відэа матэрыялы былі расшыфраваныя, пасля тэхнічнай апрацоўкі разам з іншымі матэрыяламі (анкетамі, вопісам, фотаздымкамі і г. д.) аформлены ў імянныя папкі на кожнага рэспандэнта, папкі пранумараваны. Яны сталі яшчэ адным тэматычным блокам матэрыялаў школьнага музея, выкарыстоўваюцца ў выхаваўчай і пазакласнай рабоце.

Некалькі вучняў па выніках рэалізацыі гэтага праекту напісалі вучнёўскія даследчыя работы па наступных тэмах:


  1. Вайна вачыма дзяцей вайны: погляд праз 70 год.

  2. Вялікая Айчыннай вайна ў лёсе маёй сям’і.

  3. Алена Мітрафанаўна Жлоба — выдатны зямляк нашага краю.

Такая маштабная даследчая работа, падрыхтоўка і правядзенне інтэрв’ю, напісанне творчых работ прынесла свой плён. Вучні нашай школы прынялі ўдзел у розных акцыях і конкурсах, якія праводзіліся ў раёне і рэспубліцы, школьны музей папоўніўся новымі матэрыяламі, сабраныя звесткі ўвайшлі ў раённы банк дадзеных “Дзеці вайны”. Некаторыя вучні выступілі з публікацыямі ў раённых СМІ. Матэрыялы ўвайшлі ў зборнік успамінаў жыхароў Ворнаўскага сельскага Савету аб Вялікай Айчыннай вайне і ў калектыўны зборнік успамінаў у рамках раённай акцыі “Напішам кнігу аб вайне разам”. Вучні атрымалі новыя веды, узбагацілі свой духоўны і жыццёвы вопыт. Такая работа дазволіла ўзмацніць сувязь і пашырыць дыялог паміж пакаленнямі. У нашай школе актывізавалася патрыятычна-выхаваўчая работа.

Атрыманы матэрыял выкарыстоўваецца падчас правядзення на ўроках, у пазакласнай дзейнасці, у час экскурсій, заняткаў у музеі, класных гадзін, Тыдня гісторыі. А самае галоўнае — ён з’яўляецца важнай крыніцай жыццёвага вопыту людзей, якія перажылі вайну.



Дадатак 1

Этапы выканання методыкі (элементы работы) па збору ўспамінаў аб Вялікай Айчыннай вайне

  1. Вызначэнне ўдзельнікаў даследавання і іх інструктаж настаўнікам.

  2. Выбар тэмы, вызначэнне мэтаў і задач даследавання, папярэдні збор матэрыялу па тэме, звестак аб рэспандэнтах.

  3. Падрыхтоўка праграмы па збору матэрыялаў (апытальнікі, памяткі, табліцы) і тэхнічнага забеспячэння. Вызначэнне форм, метадаў і прыёмаў работы, знаёмства з методыкай запісу ўспамінаў.

  4. Выяўленне і вывучэнне публікацый і іншых крыніц па вызначанай тэме. Работа з дакументальнымі крыніцамі ў бібліятэцы і архіве.

  5. Выяўленне рэспандэнтаў — удзельнікаў і сведак падзей вайны, ветэранаў, іх нашчадкаў. Папярэдняе знаёмства і збор інфармацыі аб рэспандэнтах.

  6. Запіс інтэрв’ю.

  7. Тэхнічная, метадычная апрацоўка і сістэматызацыя сабранага і запісанага матэрыялу. Яго аналіз.

  8. Афармленне матэрыялу, падрыхтоўка праектаў.

  9. Выхад з праектам на аўдыторыю. Распаўсюджванне атрыманай інфармацыі і вопыту.

  10. Аналіз і карэкціроўка вынікаў дзейнасці. Планаванне далейшай работы.

Дадатак 2

Парады карэспандэнту для правядзення інтэрв’ю

  • Не перапыняйце рэспандэнта.

  • Не каментуйце звесткі, пра якія расказвае рэспандэнт. Калі жадаеце ўдакладніць інфармацыю, рабіце гэта карэктна.

  • Зрабіце так, каб правядзенню інтэрв’ю ніхто не замінаў.

  • Не выкарыстоўвайце пытанні “ў лоб”, ваш суразмоўца не на допыце.

  • Не пытайцеся “Ці Вы былі…”, “Маглі Вы…”, “Былі Вы…”. Выкарыстоўвайце фразы тыпу “Распавядзіце мне пра…” ці “Калі ласка, апішыце…”.

  • Заахвочвайце інтэрв’юера расказаць пра дэталі ў апавядальным стылі, высвятляйце яго рэакцыю на тое, чаму ён быў сведкам.

  • Пазбягайце пытанняў, якія складаюцца з некалькіх частак.

Пасля атрымання інтэрв’ю неабходна зрабіць наступнае:

• у той жа дзень складзіце пратакол інтэрв’ю ;

• на наступны дзень патэлефануйце рэспандэнту, выкажыце падзяку, запытайцеся, ці добра ён сябе адчувае;

• пры пераносе запісу на паперу адзначайце паўзы, рэакцыю рэспандэнта, не праводзьце граматычнае і стылістычнае рэдагаванне;

• пасля расшыфроўкі запісу запішыце дату правядзення інтэрв’ю, дату расшыфроўкі, хто праводзіў запіс і яго расшыфроўку, да касеты прыкладзіце раздрукаваны тэкст інтэрв’ю.

• зрабіце некалькі копій матэрыялаў;

• сплануйце вашу далейшую работу з інтэрв’ю.

• напішыце пратакол у той жа дзень, калі праходзіла інтэрв’ю.



У пратакол інтэрв’ю заносяцца наступныя звесткі:

  • месца правядзення, працягласць;

  • узаемадзеянне з рэспандэнтам і дынаміка інтэрв’ю;

  • характарыстыка манеры маўлення, жэстаў, міміка рэспандэнта;

  • вашыя ўласныя ўражанні і пачуцці ад інтэрв’ю і рэспандэнта;

  • іншае.

Пры апрацоўцы інфармацыі прадумайце алгарытм сваіх дзеянняў:

  • як апрацоўваць сабраную інфармацыю: як сістэматызаваць, параўнаць і абагуліць дадзеныя з розных інтэрв’ю; ацаніць сваю работу;

  • звярніце ўвагу на тое, дзе ў інтэрв’ю даецца апісанне, тлумачэнне і інтэрпрэтацыя фактаў і падзей, а таксама на тое як распавядаецца гісторыя (паслядоўнасць аповяду, наколькі дэтальна расказаў рэспандэнт, з якой інтанацыяй ён расказваў);

  • выдзеліце ўрыўкі (рознымі колерамі), якія вам падаюцца цікавымі, спрэчнымі, патрабуюць праверкі інфармацыі (верыфікацыі);

  • падумайце пра лексіку, стылістычныя асаблівасці, структуру апавядання і г.д.

З вопыту рэалізацыі праекта “Вайна вачыма дзяцей вайны: погляд праз 70 год” у Ворнаўскай сярэдняй школе ў 2012/2013 навучальным годзе

У 2012/2013 навучальным годзе з нагоды набліжэння юбілеяў Вялікай Перамогі і вызвалення Гомельшчыны і Кармяншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў вучні нашай школы запісвалі ўспаміны ветэранаў, вязняў лагераў і людзей, якія былі дзецьмі ў час Вялікай Айчыннай вайны.

Пасля вызначэння ў раённага кіраўніцтва ідэі збору ўспамінаў і стварэння адпаведнага зборніку, мэтаў і задач даследавання, вывучэння ўсёй даступнай інфармацыі і інструктыўна-метадычных заняткаў з настаўнікам члены групы “Юныя краязнаўцы” нашай школы прыступілі да рэалізацыі праекта.

Надзейнымі памочнікамі ў пазакласнай краязнаўчай дзейнасці ў нашай школе з’яўляюцца групы вучняў з розных класаў: “Юныя экскурсаводы”, “Інфармацыйная група”, “Юныя краязнаўцы”. Група “Юныя краязнаўцы” складаецца з вучняў 8, 9 класаў колькасцю 14 чалавек. Унутры групы ёсць каардынатар, фотакарэспандэнт, адказны за тэхнічнае забеспячэнне, карэспандэнты. Яны займаюцца падрыхтоўкай розных краязнаўчых праектаў — “Мой радавод”, “Гісторыя Ворнаўскай школы”, “Вусная гісторыя”, “Школа гісторыі штодзённасці”. Вучні групы ўдзельнічалі ў акцыі “Напішам кнігу аб вайне разам”. Для яе вучні сабралі і падрыхтавалі некалькі дзясяткаў ўспамінаў “дзяцей вайны” аб Вялікай Айчыннай вайне. Гэтыя ўспаміны ўвайшлі ў зборнік успамінаў жыхароў Ворнаўскага сельскага савета і ў адпаведны зборнік Кармянскага раёна “Напішам кнігу аб вайне разам”. У 2013 г. тры вучні працуюць над вучэбна-даследчай работай “Вайна вачыма “дзяцей вайны”: погляд праз 70 год”.

Мы склалі спіс людзей, чые ўспаміны будуць запісвацца. Гэта ўспаміны “дзяцей вайны”. Звесткі пра 50 чалавек атрымалі ў мясцовым сельскім савеце. Пражываюць яны ў 7 населеных пунктах нашага сельсавета. Калі мы вызначылі колькі чалавек пражывае ў кожным населеным пункце і да якой катэгорыі адносяцца (вязень лагера, жыў пад акупацыяй, быў у партызанах, у эвакуацыі і г. д.), сфарміравалі групы вучняў, якія сустракаліся з гэтымі людзьмі. Напярэдадні першай сустрэчы мы даведаліся пра абставіны жыцця будучых рэспандэнтаў у час вайны, умовах жыцця цяпер, іх бытавых патрэбах, стане здароўя, цяперашнім сямейным становішчы і г. д. Потым асабіста сустракаліся і дамаўляліся аб інтэрв’ю.

На працягу некалькіх тыдняў вучні запісалі ўспаміны дзясяткаў рэспандэнтаў. Усе пісьмовыя, аўдыё і відэа матэрыялы былі расшыфраваныя, пасля тэхнічнай апрацоўкі разам з іншымі матэрыяламі (анкетамі, вопісам, фотаздымкамі і г. д.) аформлены ў імянныя папкі на кожнага рэспандэнта, папкі пранумараваны. Яны сталі яшчэ адным тэматычным блокам матэрыялаў школьнага музея, выкарыстоўваюцца ў выхаваўчай і пазакласнай рабоце.

Некалькі вучняў па выніках рэалізацыі гэтага праекту напісалі вучнёўскія даследчыя работы па наступных тэмах:


  1. Вайна вачыма дзяцей вайны: погляд праз 70 год.

  2. Вялікая Айчыннай вайна ў лёсе маёй сям’і.

  3. Алена Мітрафанаўна Жлоба — выдатны зямляк нашага краю.

Такая маштабная даследчая работа, падрыхтоўка і правядзенне інтэрв’ю, напісанне творчых работ прынесла свой плён. Вучні нашай школы прынялі ўдзел у розных акцыях і конкурсах, якія праводзіліся ў раёне і рэспубліцы, школьны музей папоўніўся новымі матэрыяламі, сабраныя звесткі ўвайшлі ў раённы банк дадзеных “Дзеці вайны”. Некаторыя вучні выступілі з публікацыямі ў раённых СМІ. Матэрыялы ўвайшлі ў зборнік успамінаў жыхароў Ворнаўскага сельскага Савету аб Вялікай Айчыннай вайне і ў калектыўны зборнік успамінаў у рамках раённай акцыі “Напішам кнігу аб вайне разам”. Вучні атрымалі новыя веды, узбагацілі свой духоўны і жыццёвы вопыт. Такая работа дазволіла ўзмацніць сувязь і пашырыць дыялог паміж пакаленнямі. У нашай школе актывізавалася патрыятычна-выхаваўчая работа.

Атрыманы матэрыял выкарыстоўваецца падчас правядзення на ўроках, у пазакласнай дзейнасці, у час экскурсій, заняткаў у музеі, класных гадзін, Тыдня гісторыі. А самае галоўнае — ён з’яўляецца важнай крыніцай жыццёвага вопыту людзей, якія перажылі вайну.



Дадатак 3

Як запісваць успаміны аб Вялікай Айчыннай вайне

1. Высветліце, у каго можна запісаць успаміны (прозвішча, імя, імя па бацьку, кантактныя тэлефоны, адрас).

2. Папярэдне дамоўцеся з будучым суразмоўцам аб часе сустрэчы.

3. Напярэдадні запісу інтэрв’ю прадумайце і складзіце пытанні, якія будзеце задаваць. Яны павінны тычыцца жыцця вашага суразмоўцы ў час вайны загадзя высветліце, дзе чалавек знаходзіўся ў час вайны (на акупаванай тэрыторыі, на фронце, у эвакуацыі і інш.).

4. Калі запіс успамінаў робіць група вучняў, абмяркуйце пытанні, падзяліце абавязкі паміж сабой (хто будзе задаваць пытанні, хто запісваць, хто фатаграфаваць і г.д.).

5. Папярэдне падрыхтуйце ўсё неабходнае для запісу інтэрв’ю (паперу, ручкі, фотаапарат, дыктафон, відэакамеру і г.д.).

6. З суразмоўцам будзьце ветлівымі і шчырымі. Прапануйце суразмоўцу падумаць над пытаннямі, успомніць важныя і цікавыя выпадкі і падзеі ў сваім жыцці ў час вайны. Падчас гутаркі не перабівайце, але, калі не паспяваеце занатоўваць, папрасіце пачакаць, паўтарыць або штосьці ўдакладніць.

9. Падчас гутаркі вынікі адказаў занясіце ў апытальны аркуш.

10. Інтэрв’ю можна правесці ў два этапы: на першай сустрэчы атрымаць адказы на галоўныя пытанні, бо суразмоўца ў сувязі са станам здароўя часам не можа доўга і паслядоўна распавядаць. На другой сустрэчы задаюцца (пры неабходнасці) удакладняючыя пытанні, якія ўзніклі пры апрацоўцы вынікаў папярэдняга інтэрв’ю ў сувязі з расказанымі новымі фактамі.

11. Пры атрыманні адказаў падумайце, якія вы можаце задаць дадатковыя пытанні, што вас яшчэ цікавіць у сувязі з тым, што было пачута. Задаючы дадатковыя пытанні, высвятляйце імёны і прозвішчы людзей, якія ўзгадваюцца, час і месца, падзеі, прычыны і вынікі той ці іншай падзеі, а затым зноў пераходзьце да папярэдне падрыхтаваных пытанняў.

12. Падчас размовы высвятляйце, ці захаваліся ў суразмоўцы асабістыя рэчы, звязаныя з яго жыццём падчас вайны (фотаздымкі, лісты з фронту, рэчы ваенных гадоў). Прапануйце зняць копіі з некаторых дакументаў.

13. Падчас размовы або пасля яе прапануйце пасільную дапамогу, бо вашы суразмоўцы — пажылыя, часам адзінокія людзі, якім патрэбна дапамога і чалавечая ўвага. У канцы размовы выкажыце сваю ўдзячнасць за размову.

14. Пасля інтэрв’ю прагледзьце свае запісы, падрыхтуйце тэкст (прагледзьце апытальны ліст, складзены вамі, і адказы на пытанні). Аформіце запісаныя ўспаміны адным з наступных спосабаў:

• у выглядзе дыялога (інтэрв’ю);

• запіс успамінаў у выглядзе маналогу — тэкст афармляецца ад імя таго, хто даў успаміны, не пазначаючы пытанняў, у рэдакцыі таго, хто апытваў, захоўваючы ўвесь змест і стыль атрыманых адказаў;

• у выглядзе рэферата наступнага зместу: уступ, апісанне этапаў праведзенай работы, асноўная частка — самі ўспаміны (або ў форме інтэрв’ю, маналогу, аналізу ўспамінаў), заключэнне, дадатак — копіі лістоў, здымкаў, сучасныя здымкі суразмоўцаў, іх жылля, гаспадаркі і г.д.;

• тэматычных папак, куды прыкладаюцца аформленыя апытальныя лісты, усе рэчы і матэрыялы, атрыманыя пры інтэрв’ю.

15. Абмяркуйце і прааналізуйце вынікі вашай работы з настаўнікамі, бацькамі, удзельнікамі краязнаўчага гуртка, аднакласнікамі.



Дадатак 4

Апытальны ліст (прыкладныя пытанні)

Успаміны… (імя, імя па бацьку і прозвішча рэспандэнта)

аб Вялікай Айчыннай вайне

Запісалі:…

Дата: ….

Адрас:….

  1. Калі вы нарадзіліся, дзе і ў якой сям’і? Прывядзіце звесткі аб членах сям’і.

  2. Дзе пражывалі да вайны і дзе знаходзіліся ў час вайны?

  3. Якой была ваша гаспадарка да вайны? Якім было жыццё ў даваенны час?

  4. Як для вас пачалася вайна? Ці памятаеце той дзень? Што адбывалася ў вёсцы і сям’і ў першыя гадзіны пасля пачатку вайны?

  5. Каго, калі з вашых родных і як забралі на фронт? Ці вярнуліся яны з вайны?

  6. Як змянілася жыццё сям’і ў вёсцы з пачаткам вайны? Ці памятаеце, як немцы прыйшлі ў вашу мясцовасць, ці доўга яны тут знаходзіліся? Як немцы абыходзіліся з мясцовым насельніцтвам? Прывядзіце розныя выпадкі і здарэнні.

  7. Што вам вядома пра дзейнасць партызан? Якія ў сувязі з гэтым падзеі вам прыгадваюцца? Як складваліся адносіны партызан з насельніцтвам, акупантамі і паліцыяй?

  8. Чым займалася ваша сям’я, аднавяскоўцы, знаёмыя і родныя, як працавалі і праводзілі свой вольны час ў ваенныя гады? Чым харчаваліся? Як жылі вашыя аднавяскоўцы, знаёмыя і родныя ў час вайны?

  9. Як для вас, вашай сям’і і аднавяскоўцаў скончылася вайна? Як вам і вашым родным удалося выжыць у такіх цяжкіх умовах?

  10. Ці захаваліся якія-небудзь лісты, фотаздымкі, іншыя рэчы, якія можна перадаць на захаванне у школьны музей (альбо зрабіць з іх копіі) для нашчадкаў?

  11. Як склалася ваша жыццё пасля вайны? Што можаце пажадаць нашаму пакаленню і нашчадкам?

З першае па адзінаццатае пытанне задаюцца тым, хто знаходзіўся пад акупацыяй, у эвакуацыі, палоне і іншых месцах. Калі чалавек знаходзіўся на фронце, пытанні дадаткова можна задаць наступныя:

12. Як вас мабілізавалі? Як вы трапілі на фронт? На якім фронце (ці франтах), у складзе якіх армій і часцей, у якіх бітвах вам давялося змагацца?

14. Як праходзілі баі, атакі, і будні на вайне? Ці было страшна на вайне? Якія выпадкі, падзеі, людзі, аднапалчане і сябры вам больш за ўсё запомніліся? Ці былі вы паранены? Калі так, раскажыце як, калі, дзе, у якім месцы папраўляліся?

15. Пра што вы думалі на вайне?



16. Дзе сустрэлі Дзень Перамогі і якім быў гэты дзень? Як вярнуліся дадому? Як склаўся ваш лёс пасля вайны?

Дадатак 5

Успаміны Алены Мітрафанаўны Жлоба аб Вялікай Айчыннай вайне

Нарадзілася я 10 лютага 1931 г. у сялянскай сям’і. Да 1943 г. жыла ў вёсцы Лугавая Вірня, затым была эвакуіравана ў г. Жлобін, адкуль трапіла ў Азарыцкі лагер.

Да пачатку вайны ў нас была добрая гаспадарка, мы мелі карову, свіней, курэй. Праўда, жыццё было цяжкім, бо не было бацькі (яго звалі Мітрафан Сямёнавіч Восіпаў). Ён памёр, калі я яшчэ не з’явілася на свет. Сям’я складалася з трох чалавек (маці, брат і я).

Добра памятаю пачатак вайны. Каля нашага двара раслі вялікія вербы. Тут размясцілася салдацкая кухня. Калі чырвонаармейцы прыйшлі на абед, пачалі бамбіць усё навокал. Вельмі шмат загінула салдат і жыхароў вёскі. Я ў той жахлівы момант паспела схавацца ў акопу і закрыла ўваход падушкай. Там чакала, пакуль прыйдзе матуля. Падчас бамбёжкі згарэла наша хата, хлеў, свінні, карова і куры. Мы засталіся без нічога. Добра памятаю, што немцы знаходзіліся ў нашым раёне з 1941 па 1943 г. Брат хаваўся ўвесь час у лесе, каб яго не забралі немцы. Аднойчы мая маці панесла сыну ў лес перадачу разам з жанчынай з нашай вёскі. Праз нейкі час да мяне прыйшла яе дачка (сяброўка майго брата) і сказала: "Сёння з вёскі будуць выганяць людзей у Германію. Давай пойдзем у лес і мы". У лесе нас спынілі немцы, закрычалі "Рукі ўгору!", затым нас разам з каровамі пагналі ў родную вёску. Прыйшлі ў вёску, а яе жыхароў тураць у Германію. Нечакана падумала, цяпер і я трапіла ў пастку. Непрыкметна пабегла па агародах у сваю акопу, а немцы не звярнулі на мяне ніякай увагі. Схавалася ў акопу і пачула, што нехта ідзе. Хутка ўкрылася рознымі анучамі ў куце. Немец паглядзеў і не заўважыў мяне. Доўга сядзела адна, толькі ноччу прыйшла маці.

Дзейнасць партызан у вёсцы была вялікай, бо недалёка ад яе (за дзве вярсты), пралягала чыгунка. ІІартызаны хадзілі праз наш двор да яе і падкладвалі міны. Не адзін эшалон паляцеў пад адхон. Кожны дзень немцы рабілі аблавы ў вёсцы на партызан, але ім не ўдалося забіць ні аднаго з іх. Яны забівалі тых, чые родныя былі ў партызанах. Сама я на фронце не была. Для мяне вайна скончылася кепска, таму што трапіла ў Азарыцкі канцлагер (пры гэтых словах плача).

Да 1943 года мы жылі дома. Аднойчы зімой нас немцы эвакуіравалі ў Жлобін, там разам з пажыткамі загналі ў вагоны і некуды павезлі. Па дарозе нас некалькі разоў бамбілі. Наш вагон не закранула. Нас ніхто не карміў. Харчаваліся тым, што ўзялі з дому. З вагону не выпускалі. Выгружалі ж нас ноччу. Пажыткі ўзяць было нельга. У каго было шмат дзяцей нават не маглі і іх узяць з сабой. Навокал было адно балота. Тых дзяцей, каторыя стаміліся і не маглі самі ісці, ахоўнікі кідалі ў балотную багну. Ішлі мы ўсю ноч і палову дня. Нарэшце людзей прыгналі ў лагер. Тут ужо было шмат людзей. Яны нам сказалі, што нас павінны будуць усіх расстраляць. Маці надзела мне новыя боцікі і чыстую вопратку — так мы падрыхтаваліся сустрэць смерць.

Але нас не расстралялі, а пагналі далей па балотах. Прыгналі ў новы лагер. Па дарозе многія адставалі, ахоўнікі такіх аслабелых людзей дабівалі стрэламі. Стралялі і ў тых, хто спрабаваў па дарозе ўцякаць. Я моцна стамілася, што хацелася сесці і застацца, але мама мяне ўсяляк падтрымлівала і дапамагала. Толькі дзякуючы ёй і выжыла. Таму і скажу вам, дарагія дзеткі, што бацькоў трэба шанаваць і слухацца. Яны заўсёды вас зразумеюць і падтрымаюць.

Прыгналі нас у трэці лагер. Тут таксама было шмат людзей. Паміралі кожны дзень ад голаду, смагі, хваробы. У гэтым лагеры нас сталі перабіраць: маладзейшых і здаравейшых у адзін бок, а старэйшых і слабейшых — у другі. Дзяцей забіралі ад матак. Мая матуля сказала мне, каб я кульгала як мага часцей. Я вельмі дрэнна выглядала і нас не разлучылі і пагналі далей.

У чацвёртым лагеры было найбольш жахліва. Гэта было самае страшэннае пекла ў маім жыцці. Жылі на купінах, а навокал балота і вада, елі абы-што. Людзі мёрлі, як мухі ад голаду і холаду. Яшчэ жывых людзей немцы забівалі з паветра з самалётаў. Нам тады дапамог чалавек, каторы нас суцяшаў. Слухаючы яго, прыходзілі да думкі, што выжывем, сёння —заўтра нас вызваляць.

Людзей было яшчэ больш, чым дзе. Дах над галавой замянялі кусты, з якіх спрабавалі ладзіць буданы, замест вады пілі растоплены снег, але і такую ваду піць было немагчыма: паўсюль было гнілое балота, ды і натуральныя патрэбы спраўляліся на месцы. Добра, калі каму-небудзь удавалася заняць купіну. Людзі гінулі як мухі. Памёрлых складвалі на балоце штабялямі. Мы сядзелі прама на трупах, бо месца было мала.

Ежу прывозілі вельмі рэдка. Адным разам пад’ехала машына, і з яе пачалі кідаць боханы хлеба, калі гэта можна было назваць хлебам. Пачалася вялікая даўка, у якой загінула шмат людзей. Кідалі таксама праз дрот сушаную капусту і кавалкі мяса, магчыма каніны. Але даставалася далёка не ўсім.

Тут мы прасядзелі тры месяцы. Пастаянна прыляталі самалёты і стралялі па людзях з кулямётаў. Я цудам выжыла, ды і толькі дзякуючы родненькай матульцы дачакалася вызвалення. Пад канец вязняў лагеру нарочна заразілі сыпным тыфам.

Калі прыйшлі чырвонаармейцы, яны нас папрасілі заставацца на сваіх месцах, паколькі ўся дарога замініравана. Ноччу прылятала “рама” і зноў страляла па людзях. Раніцай прыйшлі нашы салдаты, сказалі “Вы свабодны!”, і павялі нас па сцяжынцы. А вакол было шмат тых, хто падарваўся на мінах. Урэзалася ў памяць жанчына з разарваным жыватом, а каля яе — маленькія дзеткі. Тысячы аслабелых, хворых на тыф вязняў не маглі хадзіць — іх укладвалі на насілкі, выносілі з лагера і на падводах развозілі па суседніх вёсках, дзе, як казалі, былі арганізаваны спецыяльныя шпіталі. Нас жа прывялі на чыгуначную станцыю. Тут накармілі гарачай ежай. Усё поле станцыі было ўсцелена целамі нашых салдат. Дзецям сказалі здымаць сумкі з забітых, а дарослыя звозілі іх у адно месца на падводах. Потым нас размясцілі ў доме і абвясцілі каранцін. Многія паміралі ўжо там ад тыфу. Як я пазней даведалася, што няшчасных людзей заражалі гэтай страшнай хваробай таму што немцы разлічвалі на тое, каб, калі Азарычы вызваліць Чырвоная Армія, вызваліцелі сутыкнуцца з хворымі вязнямі і пачнецца вялікая эпідэмія. Было вельмі голадна. Мы вырашылі ўцячы адтуль. Дабраліся да станцыі, там удалося сесць на цягнік і даехаць да Жлобіна. Адтуль пехатой дадому.

Толькі пазней я даведалася, што былі мы ў лагеры, які называўся “Азарычы”, што там загінула больш за 20 тысяч людзей з усёй Беларусі. Мне ж пашчасціла выжыць.

Калі выгналі немцаў з вёскі, брата забралі на фронт, дадому ён вярнуўся жывым і здаровым. Пасля вайны жылі ў акопе, а затым з матуляй вазілі з лесу бярвёны і ўдалося пабудаваць хаціну. Жыццё тады было цяжкім, бо не было каму дапамагчы. У вёсцы не было ніводнага мужчыны. Вольнага часу не было, вельмі шмат працавалі. Харчаваліся бульбай, агуркамі, было мала чаго есці. Добра, што было малако.

Маё жыццё пасля вайны склалася так. Пайшла вучыцца ў чацвёрты клас, скончыла сем, паступіла ў тэхнікум, вучылася на агранома. Прарабіла тры гады аграномам і не змагла больш працаваць, бо ў вёсках былі людзі непісьменныя. I я паступіла вучыцца ў інстытут на настаўніцу ў Бабруйску. Потым гэты інстытут перавялі ў Оршу. Скончыўшы яго, пачала настаўнічаць у Ворнаўцы. Тут я і працавала да самой пенсіі настаўніцай, вырасціла і выхавала дзяцей. Цяпер вось расказваю Вам, дарагія дзеткі, аб тым, што давялося перажыць нам, дзецям крывавай вайны.

Вам, дзеткі, жадаю, каб у вас былі і радасць, і здароўе, каб пры любых абставінах вы былі добрымі людзьмі і каб ніколі не было вайны.

Запісаў: Сіндзееў Уладзімір, вучань 9 класа

22. 11. 2012 г.

в. Ворнаўка

Дадатак 6

Дазвол на выкарыстанне матэрыялаў,

атрыманых у час запісу ўспамінаў аб Вялікай Айчыннай вайне

Я ________ даю дазвол на выкарыстанне поўнасцю ці часткова вучнямі і супрацоўнікамі ДУА “Ворнаўская сярэдняя школа Кармянскага раёна” запісаных матэрыялаў, аўдыё, відэа і іншых дакументаў (копіі лістоў, фатаграфій і інш.):



  • у вучэбна-выхаваўчай дзейнасці;

  • у якасці матэрыялаў, экспанатаў і дакументаў музея (музейнага пакою);

  • у публікацыях у сродках масавай інфармацыі, зборніках дакументаў, успамінаў, кнігах і інш.

Абавязковымі ўмовамі выкарыстання з’яўляюцца: пазначэнне аўтарства, асоб, што запісалі ўспаміны і іншых спасылак на аўтараў, даты і месца запісу, а таксама забеспячэння ўмоў захоўвання ва ўмовах музея (музейнага пакою).

“____” ________ 20___г. ________________

З умовамі дазволу азнаёмлены.

За ўстанову адукацыі: …

“____” ________ 20___г. ________________

Дадатак 7

Прыкладныя пытанні для інтэрв’ю ў рамках праекта

«Гісторыя вайны ў гісторыі маёй сям’і»

1. Удзельнік праекта_______________________________________

2. Хто ў вашай сям’і прымаў удзел у баявых дзеяннях у час Вялікай Айчыннай вайны?

3. На якіх франтах яны ваявалі?

4. Калі гэта дзеці вайны, альбо асобы, якія знаходзіліся ў эвакуацыі, у лагеры, на прымусовай працы ў Германіі і г. д., то ўзгадайце дзе і калі знаходзіліся ў час вайны?

5. Хто ў вашай сям’і можа распавесці пра франтавое жыццё, аб жыццё ў тыле?

6. Як часта ў вашай сям’і ўспамінаюць падзеі ваенных гадоў?

7. Ці ёсць у вашай сям’і фотаздымкі, асабістыя рэчы, лісты (рэліквіі) ваенных гадоў, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне?

8. Хто з вашых родных мае ваенныя ўзнагароды? Якія гэта ўзнагароды?

9. За што ваш родны чалавек атрымаў узнагароды?

10. Што вам вядома аб вайне па аповядах прадзядулі, прабабулі, дзядулі, бабулі, бацькі, маці і г. д.?

11. Як вы лічыце, чаму неабходна захоўваць памяць пра вайну?



12. Якія страты панесла ваша сям’я ў гады вайны?

Дадатак 8

Некаторыя публікацыі ўраённай газеце “Зара над Сожам”






База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка