Уводзіны ва урбаністыку. Першыя cтаражытныя гарады. ІІІ тыс да н э. V ст н. э




старонка24/24
Дата канвертавання15.03.2016
Памер3.8 Mb.
1   ...   16   17   18   19   20   21   22   23   24

У выніку перманентных войнаў XVI–XVIII стст. гарадская эканоміка была падарваная настолькі, што Сойм Рэчы Паспалітай сваёй пастановай 1776 г. прызнаў самакіраванне дзеяздольным толькі ў 11 з 42 гарадоў ВКЛ (Вільні, Лідзе, Коўну, Трокам, Наваградку, Ваўкавыску, Пінску, Менску, Мазыру, Брэсту і Гародне). У астатніх проста бракавала сродкаў для ўтрымання магістратаў.

Магдэбургскае права мела найістотнейшае значэнне ў развіцці беларускіх гарадскіх паселішчаў. Дзякуючы яму яны ўжо ў Сярэднявеччы ператвараліся ў своеасаблівыя зародкі сучаснай гарадской цывілізацыі. Вось толькі тры прыклады. Першы – магдэбургскае права вызваляла гараджанаў ад асабістай залежнасці ад феадалаў. Таму знакаміты еўрапейскі індывідуалізм кшталтаваўся якраз у межах гарадскіх сценаў. Наступны – у другой палове ХV cт. сфармавалася адметнае саслоўе гараджанаў. Іх называлі мяшчанамі (ад слова места – горад). Яны былі падатным саслоўем, але іх вярхушка (патрыцыят) па сваім дабрабыце набліжалася да феадалаў. Пазней, ва ўмовах рыначных адносінаў, мяшчанства трансфармавалася ў трэцяе саслоўе прадпрымальнікаў.

Нарэшце, трэці прыклад: горад складваўся як вольная праўна-эканамічная зона не толькі для мяшчанаў, але для ўсіх саслоўяў. У межах гарадскіх сценаў рабіліся першыя спробы міжсаслоўнага паразумення, зараджалася супольнасць будучага індустрыяльнага грамадства пад назвай “сучасная нацыя”. Гэты працэс, праўда, адбываўся не так лёгка, бо склад гарадскога насельніцтва мясцовых гарадоў вылучаўся разнароднасцю: канфесіі, этнасы, сацыяльныя групы, прафесіі, гарадскі рэгіяналізм (прадмесці, прыходы). Кансалідацыі перашкаджалі няспынныя войны.

Тым не менш, нягледзячы на цяжкасці, традыцыя дэмакратычнага гарадскога самакіравання на аснове магдэбургскага права ў ВКЛ усё ж такі склалася. Шкада толькі, што яна не захавалася.


3.2. Пад скіпетрам рускага цара
У складзе Расійскай імперыі Беларусь займела дэспатычную мадэль мясцовага самакіравання. Кацярына II скасавала магдэбургскае права. Магiстраты (без падзелу на лавы і рады) ператвараліся ў судовыя органы, якія выбіраліся раз на тры гады купцамі і мяшчанамі для разбірання скаргаў і кантролю над рамеснай дзейнасцю, гандлем і іншымі гарадскімі справамі. У некаторых павятовых гарадах яны былі адзіным органам гарадскога кіравання, а таму займаліся гарадскімі падаткамі і гаспадаркай. У буйных гарадах (губернскіх і асобных павятовых) побач з магістратамі ствараліся агульныя гарадскія думы, са складу якіх вылучаліся ў якасці выканаўчага органа гарадскія "шасцiгалосныя" думы, гэта значыць саслоўныя. Яны ў адпаведнасці з "Даравальнай граматай гарадам” 1785 г. Кацярыны ІІ.

Так, мінская дума і мінскі магістрат у складзе двух бурмістраў і чатырох ратнікаў дзейнічалі з 2 кастрычніка 1795 г. Адбываўся хоць і фармальны, але пэўны сімбіёз “літоўскага” і расійскага права.

Думы на чале з гарадскім галавой выбіраліся на тры гады і займалiся добраўпарадкаваннем гарадоў, збіралі дзяржаўныя падаткі, вырашалi агульнагарадскiя праблемы, аднак падпарадкоўвалiся губернатарам, а таму служылi надзейным рычагом адмiнiстрацыйнага кiравання гараджанамі з боку царскай улады. Выбарныя правы абмяжоўваліся вялікім маёмасным і ўзроставым (пасля 25 гадоў) цэнзам. Іншыя, “нерэгулярныя грамадзяне” (рабочыя, слугі і г. д.) ад выбараў адхіляліся. Склад думцаў папаўняўся не толькi прадстаўнiкамi ад шасцi саслоўяў (адсюль i назва думы), але i звычайнымi чыноўнiкамi на загад губернатара. У Мiнску ў 1806–1831 гг. гарадская дума не выбіралася, а замест яе пры магістраце дзейнiчала гарадская камiсiя, якая складалася з прызначаных губернатарам чыноўнiкаў. Таму мінскія губернатары мелі істотны ўплыў на гарадскія справы. Пры Напалеоне ў беларускіх гарадах былі створаныя мэрыі, але фактычная ўлада знаходзілася ў руках французкіх генерал-інтэндантаў.

Кацярынаўскія магістраты ў дробных гарадах Беларусі былі зусім не тымі, што раней, у складзе Рэчы Паспалітай. Яны хоць і заставаліся органамі выключна выбарнымі, але, як і думы, знаходзіліся ў поўнай залежнасці ад губернскіх уладаў. Потым магістраты паступова набывалi характар органаў саслоўнага самакiравання для мяшчанаў i купцоў, гэта значыць, выкарыстоўваліся для адмiнiстрацыйна-палiцэйскага надзору за гарадскiмi саслоўямi.

Існыя ў Расіі органы гарадскога самакіравання не спрыялі кансалідацыі гараджанаў. У гарадскiх абывацеляў пачуццё агульных iнтарэсаў было неразвiтае. Iудзейская абшчына трымалася адасоблена (яе справамі да роспуску ў 1844 г. кіраваў кагал). У перыяд царскага панавання трэцяе саслоўе з хрысцiянаў у гарадах Беларусі не толькi не пашыралася, але нават скарачалася. У першай палове ХІХ ст. склалася такая сітуацыя, што не было з каго выбiраць адукаваных мунiцыпальных дзеячаў, а па тагачасных законах iмi не маглi стаць нi сяляне, нi шляхцічы, нi святары, калi яны не набывалi купецкага звання або не пераходзiлi ў мяшчанскае саслоўе. Выпадкаў набыцця купецкага звання тады было яшчэ мала, асаблiва па-за губернскiмi гарадамi.

Пасля паўстання 1863 г. гарадское самакiраванне падпала пад яшчэ большы кантроль царскай адмiнiстрацыi. Закон 22 мая 1864 г. забараняў палякам, а дакладней, католiкам займаць дзяржаўныя пасады ў заходнiх губернях. Калi б гэтая забарона распаўсюдзiлася на гарадское самакiраванне, то ўзнiклi б цяжкасцi ў камплектаваннi гарадскiх думаў. Таму для галосных думы каталiцкага веравызнання было зробленае выключэнне. З 1864 г. прэтэндэнтаў на пасаду гарадскiх галоваў у заходнiх губернях зацвярджаў мiнiстр унутраных спраў, але і тут для католiкаў часам рабiлiся выключэннi.

Па сутнасці, у Беларусі пасля паўстання 1863 г. гарадскога самакiравання не існавала аж да сярэдзіны 1870-х гг. Яго замяняў дзяржаўны апарат, якi i праводзiў у жыццё ўрадавыя распараджэннi. Гарадскімі справамі фактычна кіравалі губернатары. Губернатарскі дыктат добрых вынікаў не даваў. На пачатку 1870-х гг. у беларускіх гарадах гаспадарка заняпала. Вiленскi генерал-губернатар звязваў гэта з палiтычнымi ператрусамi i вайсковымi пастоямi. У гарадскiм кiраваннi панавалі хаос, бязладдзе, злоўжываннi, адбываўся самавольны захоп гарадскiх земляў.

Гарадавым палажэннем 1870 г. прадугледжвалася стварэнне ўсесаслоўных органаў кіравання. На аснове буржуазнага маёмасна-падатковага цэнзу выбiралiся бессаслоўная гарадская дума (распарадчы орган) i ўправа (выканаўчы орган), якiя займаліся вядзеннем гарадской гаспадаркі. На чале гарадской управы і думы стаяў гарадскі галава. У невялікіх гарадах ён выконваў функцыі гарадской управы, фактычна замяняў яе. На пасады гарадскога галавы і яго намеснікаў забаранялася выбіраць яўрэяў.

Каб карыстацца мунiцыпальнымi правамi (грамадзянскімі правамі гараджанаў), дастаткова было жыць у горадзе, мець 25 гадоў узросту i плацiць падаткi за нерухомую маёмасць. Царскi ўрад рабiў рашучы крок у бок вестэрнiзацыi (еўрапеізацыі) мунiцыпалiтэтаў, але ад заходнееўрапейскiх iх адрознiвалi даволi iстотныя абмежаваннi:

1. Гарадское кіраўніцтва поўнасцю залежала ад губернскай адміністрацыі: усе пастановы і рашэнні гарадской думы і ўправы зацвярджаліся губернатарам і маглі быць ім адмененыя.

2. Мунiцыпальныя правы не пашыраліся на кватарантаў, гэта значыць на гараджанаў-інтэлiгентаў.

3. Гарады не атрымалi права на мунiцыпальную палiцыю, гэта значыць не валодалі прымусовай уладай.

4. Гарадское права не станавiлася унiверсальным для ўсёй Расii. Толькi ў 1874 г. выйшаў закон аб пашырэнні Гарадавога палажэння 1870 г. на Закаўказкi край, у 1875 г. – на гарады заходнiх губерняў i ў 1877 г. – на гарады прыбалтыйскiх губерняў. Гарадскiя галовы ў заходніх губернскіх гарадах зацвярджалiся не губернатарам, а па-ранейшаму – мiнiстрам унутраных спраў.

Увядзенне Гарадавога палажэння 1870 г. у Беларусі зацягнулася на доўгі час. Напачатку яно ўводзiлася ў губернскiх гарадах. У Мiнску гарадскiя дума i ўправа пачалi працаваць з 26 жнiўня 1876 г. Апошнiм горадам, якi займеў новыя органы гарадскога самакiравання, былі Докшыцы – у верасень 1885 г. У адпаведнаcці з гэтым палажэннем у губернскіх гарадах ствараліся губернскія па гарадскiх справах ўстановы (прысутствы). Яны складалі выбарныя спiсы і публiкавалi іх, потым стваралі тры разрады (сходы) выбарцаў для абрання галосных (членаў думы) і гарадскога галавы (на 4 гады). У 1876 г. з 3142 выбарцаў Мінска ў выбарах удзельнічалі толькі 413, або 19 %.

Пасля гарадской думы i ўправы ў губернскіх гарадах ствараліся самастойныя мяшчанскія ўправы паводле Правiлаў 29 красавiка 1875 г. Мяшчане прылеглых мястэчак ужо не прыпiсвалiся да горада, а таксама арганізоўвалі самастойныя мяшчанскiя ўправы. Практычна гэта рабiлася так, што былыя магiстраты ператваралiся ў мяшчанскiя ўправы. Такiм чынам магдэбургскае права ў беларускіх гарадах ва ўмовах Расii трансфармавалася, па сутнасці, у саслоўнае права мяшчанаў, пераважна яўрэяў.

У 1876 г. выбарчае права атрымалi 4,2 % мiнчукоў, у 1888 г. – 5,2%. Сістэма выбараў гарадскіх галосных аўтаматычна забяспечвала большасць месцаў за заможнымі гараджанамі. Прысутнасць вышэйшых саслоўяў дваранаў і духавенства была невысокая, хоць і крыху ўзрастала. У выбраных паводле закону 1870 г. гарадскіх думах першага чатырохгоддзя яны складалі 18% усіх галосных, у другім чатырохгоддзі – звыш 18%, у трэцім – больш за 20%. Домаўладальнікі мелі да 90% месцаў. Да гарадскога кiравання былi дапушчаныя новыя людзі – маладыя i адукаваныя гараджане (у большасцi яўрэi). I ў гарадской гаспадарцы Беларусі адбываліся пэўныя змены на лепшае. У 1886 г. найбуйнейшую сярод беларускіх гарадоў даходную частку бюджэту меў Мінск. Віцебск, Магiлёў, Гродна крыху адставалi. Аднак адсутнасць справаздачнасці муніцыпальных дзеячаў перад выбарцамі стварала шырокія магчымасці для злоўжывання ўладай і свавольства.

З пачаткам рэакцыi ў расійскай дзяржаве ў 1881 г. была створана Асобая камiсiя для падрыхтоўкi праектаў зменаў у мясцовым кiраванні. З улiкам заўваг губернатараў гэтая камісія прыйшла ў 1883 г. да высновы пра неабходнасць “удасканалення” Гарадавога палажэння 1870 г. i пастанавіла, у прыватнасцi, узмацніць адмiнiстрацыйны кантроль за органамi гарадскога самакiравання ды ўмацаваць ў iх пазiцыі дваранства.

Побач з агульнагарадскім самакіраваннем у гарадах доўгі час, да канца ХІХ ст., захоўвалася самакіраванне саслоўных групаў – мяшчанскія, купецкія і рамесныя ўправы, а ў маленькіх гарадах інтарэсы саслоўяў прадстаўлялі перад уладай старасты і дзесяцкія.

Чарговае Гарадавое палажэнне 1892 г. было ўведзенае ў гарадах Беларусі ў 1893–1895 гг., а перад тым пачалі дзейнiчаць губернскія па гарадскiх справах прысутствы (аддзелы губернскай адміністрацыі). Праца новых мунiцыпальных органаў рэгламентавалася мясцовымі губернатарамі асаблiва строга ў сувязi з перавагай у беларускіх горадах схiльных да апазiцыйнасцi гараджанаў яўрэйскай і польскай нацыянальнасці. Нават каб пабудаваць прыбіральню, мінскі гарадскі галава мусіў прасіць дазволу ў губернатара. Дарэчы, гарадскі галава, паводле новага закону, лічыўся чыноўнікам дзяржаўнай службы.

Колькасць выбарцаў гарадскіх думаў скарацiлася. Так, у Мінску ў 1893 г. у параўнаннi з 1890 г. з 3545 да 248 – у 14 разоў. Гэта дасягалася шляхам павышэння маёмаснага цэнзу i адхiлення ад выбараў яўрэйскiх уласнiкаў, 2–4 іхнія прадстаўнiкi прызначалiся ў гарадское кiраўніцтва губернатарам. Таму кола выбарцаў Мiнска, размешчанага ў рысе аселасцi, было намнога вузейшае (0,4% жыхароў горада), чым у цэлым па гарадах Расii (каля 1%). Такой самай сітуацыяй характарызаваліся і іншыя гарады Беларусі, бо напрыканцы ХІХ ст. яўрэі складалі там больш як палову гараджанаў.

Царскаму ўраду ўдалося знiзiць "яўрэйскасць" органаў гарадскога самакiравання ў гарадах заходнiх губерняў. Цяжэй было паменшыць колькасць "польскага элемента". Таму замена Гарадавога палажэння 1870 г. на Гарадавое палажэнне 1892 г., па сутнасці, азначала, што на змену пераважна iудзейскiм думам i ўправам прыходзiлi думы i ўправы пераважна каталiцкiя. Розныя манiпуляцыi не дапамагалi пазбегнуць гэтага, хоць выбары паводле новага Гарадавога палажэння ў беларускiх гарадах доўжылiся з 1893 г. да канца 1895 г. Выходзіла, што Гарадавое палажэнне 1892 г. царскi ўрад нiбыта спецыяльна прыняў на карысць мясцовай каталiцкай зямельнай арыстакратыi. Якраз яна мела неабходны высокi маёмасны цэнз, якi дазваляў займаць крэслы ў органах гарадскога самакiравання. Справа ў тым, што пасля паўстання 1863 г. мясцовыя памешчыкi каталiцкай веры, страціўшы паводле закону 1865 г. магчымасць набываць зямельную ўласнасць у сельскай мясцовасцi, паспешліва рабілі гэта ў гарадскіх паселішчах.

Недахопы Гарадавога палажэння 1870 г. дапоўнілiся ў Гарадавым палажэннi 1892 г. узмацненнем дыскрымiнацыi гараджанаў як па сацыяльнай, так i па нацыянальнай прыкметах. Толькі асобныя прадстаўнікі беларускай буржуазіі прабіваліся ў гарадскія думы, дый тое не вельмі вялікіх гарадоў. Але антыдэмакратычная скiраванасць Гарадавога палажэння 1892 г. у пэўнай ступені карэктавалася мясцовай сiтуацыяй. Лiбералiзацыя дасягалася значным удзелам у мунiцыпальным жыццi тутэйшай аграрнай элiты, якая займалася прадпрымальнiцтвам, і маёмасна забяспечанай інтэлігенцыі. Яскравым прыкладам служыць дзейнасць на пасадзе мiнскага гарадскога галавы буйнога памешчыка графа К. Чапскага (1890—1901). У 1894 г. граф, адмовіўшыся ад дзяржаўнага жалавання, працаваў на горад бясплатна. З яго праўленнем звязана пашырэнне ў Мiнску асноўных дасягненняў гарадской цывiлiзацыi (электраасвятлення, тэлефона, даступнага медыцынскага абслугоўвання). У 1898 г. мiнская гарадская дума на чале з Чапскiм падрыхтавала праект усеагульнага абавязковага навучання гарадскіх дзяцей ад 7 да 12 гадоў, але цар Мiкалай II яго проста высмеяў. Тым самым Мiнск на 10 гадоў апярэдзiў падзеi, звязаныя з такой самай iнiцыятывай расiйскага земства ў 1908 г.

Прынцыпы дэмакратычнага кіравання прыжываліся цяжка. Насельнiцтва малых гарадоў Беларусi з недаверам ставілася да пераменаў. У Пецярбург паступалi хадайнiцтвы з просьбай не ўводзiць Гарадавое палажэнне 1870 г., а потым i 1892-га. Адказную грамадзянскую пазіцыю пасля ўвядзення Гарадавога палажэння 1892 г. займалі толькі гарадскія думы i ўправы губернскіх цэнтраў, і тое не заўсёды.

Абмежаванасць правоў гараджанаў у самакіраванні кампенсавалася ў значнай меры іх грамадскай актыўнасцю ў сферы культуры, навукі, спорту, адпачынку, дабрачыннасці і ўзаемадапамогі. Спачатку грамадскія ініцыятывы былі прывілеяй толькі дваранскага саслоўя. Аднак з канца ХІХ ст. і асабліва пасля рэвалюцыі 1905–1907 гг. у грамадскі рух актыўна ўключаліся прадстаўнікі гарадскіх саслоўяў. Ініцыятарам выступала гарадская інтэлігенцыя (чыноўнікі, урачы, настаўнікі). Ствараліся грамадскія гарадскія музеі і бібліятэкі, дабрачынныя, навукова-асветныя, спартовыя таварыствы, самадзейныя мастацкія калектывы. Адкрываліся аддзелы Расійскага таварыства абароны жывёлаў. Гараджане з задавальненнем займаліся такімі папулярнымі відамі спорту, як плаванне, катанне на каньках, веласіпедзе, шахматы. У Віцебску дзейнічаў яхт-клуб. Ні дзяржава, ні гарадское самакіраванне, ні камерцыйныя структуры не даходзілі да многіх сфераў жыццядзейнасці гарадскога насельніцтва. Тады гараджане бралі справу ў свае рукі. Іх публічнае жыццё станавілася паўнавартасным, хоць і праходзіла пад наглядам мясцовай царскай адміністрацыі. Па сутнасці, з тых грамадскіх ініцыятываў і пачаў самасцвярджацца сучасны так званы трэці сектар.

Гарады не мелі дзяржаўнага фінансавання. Галоўнай крыніцай іх даходаў былі падаткі з нерухомай маёмасці гараджанаў. У адрозненне ад агульнарасiйскiх бюджэты мясцовых гарадоў характарызаваліся на пачатку ХХ ст. больш нiзкiмi выдаткамi на сацыяльна-культурнае абслугоўванне жыхароў i больш высокiмi расходамi на ўтрыманне адмiнiстрацыйнага i ваенна-палiцэйскага апарату.

У сакавіку 1911 г. у шасці заходніх губернях, у тым ліку і ў Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай, было ўведзенае земства. Каб умацаваць уплыў рускіх памешчыкаў і чыноўнікаў, выбары ў іх ажыццяўляліся, у адрозненне ад агульнарасійскага земскага палажэння 1890 г., па нацыянальных курыях (разрадах выбарцаў). Але пашырыць на мясцовыя гарадскія думы земскую нацыянальна-курыяльную выбарчую сістэму чарнасоценцам не ўдалося. Не спраўдзіліся і спробы царскага ўрада стварыць у рысе яўрэйскай аселасцi i "забраным ад Польшчы краi" органы гарадскога самакiравання праваслаўнымі па складзе. Праслойка праваслаўных прадпрымальнiкаў i праваслаўнага дваранства тут была не такая магутная, каб царская палiтыка мела поспех. Тым не менш, царскi ўрад да канца працягваў узвышаць "праваслаўны элемент" у гарадах заходняй часткі iмперыi, пра што сведчыць i нерэалізаваны праект Гарадавога палажэння 1916 г.

Як бачым, гарады не мелі ні эканамічнай, ні палітычнай самастойнасці, а таму свавольства царскай адміністрацыі не сустракала ніякага легальна арганізаванага супраціву. Улада цароў нічым не абмяжоўвалася. А ў 1917 г. з гэтай прычыны царскі дэспатызм быў лёгка заменены на дэспатызм бальшавіцкі.

Пасля звяржэння ў лютым 1917 г. расійскага самаўладства гарадскімі справамі ў гарадах неакупаванай часткі Беларусі кіравалі камітэты грамадскай бяспекі. У некаторых гарадскіх паселішчах былі праведзеныя дэмакратычныя гарадскія выбары на аснове ўсеагульнага, роўнага і прамога выбарчага права. Органы гарадскога самакіравання Беларусі актыўна падтрымалі Часовы ўрад, бо спадзяваліся на дэмакратызацыю Расіі. Пасля Кастрычнiцкага бальшавіцкага перавароту 1917 г. у Петраграде мясцовыя гарадскія думы, як правіла, ішлі на аб’яднанне з мясцовымі арганiзацыямi эсэраў, меншавiкоў, беларускiх i яўрэйскiх нацыяналiстаў, а таксама прафсаюзаў. Ствараліся камiтэты выратавання рэвалюцыi, каб не дапусцiць да ўлады бальшавiкоў. Аднак мэты яны, як вядома, не дасягнулі.


3.3. У складзе савецкай Расіі
У студзені – лютым 1918 г. гарадскія думы былі распушчаныя бальшавікамі. Пры савецкай уладзе выбіраліся гарадскія саветы, якія вылучалі са свайго складу распарадчы орган – гарвыканкам. Пра дэмакратычнасць органаў гарадскога самакіравання ў БССР не магло быць і гаворкі. Пэўныя рысы нефармальнай дэмакратыі выявіліся толькі ў 1920-я гг.: адкліканне дэпутатаў, заслухоўванне падчас выбарчых кампаній справаздачаў выканкамаў, складанне наказаў для новага складу саветаў.

Ва ўмовах рэпрэсіўнага сталінскага рэжыму адбываўся непазбежны працэс абюракрачвання. І гарадскія саветы, і гарвыканкамы рабіліся нядзейснымі і траплялі ў поўную залежнасць ад мясцовых партыйных арганізацый. Савецкія выбарцы паслухмяна галасавалі за прапанаваныя партыяй спісы гарадскіх дэпутатаў. Электарат быў прывучаны падпарадкоўвацца начальству. Зніжалася яўка дэпутатаў на пленумы гарадскіх саветаў, многія пакідалі пасяджэнні. Пасля ліквідацыі ў 1934 г. рабоча-сялянскай інспекцыі кантраляваць дзейнасць старшыняў гарадскіх саветаў не было ніякай магчымасці. Праца створаных у другой палове 1960-х гг. органаў народнага кантролю вызначалася фармалізмам, бо калі яны і рабілі пэўныя захады, то толькі на загад партыйнага апарату.

Цэнтралізаваная сістэма кіравання горадам спараджала шэраг негатыўных наступстваў:

1. Пастаяннае адставанне развіцця сацыяльнай інфраструктуры, сродкі на якую выдзяляліся ў апошнюю чаргу;

2. Адсутнасць комплекснасці ў развіцці гарадской тэрыторыі. Горад уяўляў з сябе коўдру з абрэзкаў, бо кожная галіна самастойна вырашала пытанні памераў сваіх прадпрыемстваў і іх размяшчэння. Кожнае прадпрыемства займалася і жыллёвым будаўніцтвам. Горад развіваўся па своеасаблівай мадэлі: прадпрыемства – жылы раён. У залежнасці ад памераў прадпрыемства яго жылы цэх набываў памеры цэлага гарадскога раёна, мікрараёна, групы дамоў ці аднаго дома. Здаралася, што да ведамственных жылых дамоў гарвыканкам не паспяваў своечасова падвесці дарогі і транспарт.

3. Неразвітасць спажывецкага рынку тавараў і паслуг у выніку прыярытэтнасці галінаў цяжкой прамысловасці і ваенна-прамысловага комплексу. Пазней неканкурэнтаздольнасць спажывецкіх тавараў прывяла гэты сектар гарадской эканомікі ў заняпад.

4. Неадпаведнась правоў і абавязкаў, ускладзеных на гарвыканкамы. З прычыны перавагі абавязкаў над правамі ўзнікала няпэўнасць адміністрацыйна-прававога статуса горада.

5. Адсутнасць механізму ўзгаднення ведамасных, галіновых і гарадскіх планаў. Значная частка сацыяльна-побытавых паслуг забяспечвалася на ведамасным узроўні. Падзел на раёны багатых прадпрыемстваў і бедных не спрыяў яднанню гараджанаў. Агульнагарадскія інтарэсы развіваліся слаба.

6. Негатыўныя наступствы дармовага выкарыстання рэсурсаў. Кошт выкарыстання зямлі, вады, гарадской інфраструктуры ў цану прадукцыі ўключаўся толькі часткова, і, адпаведна, эканамічная аснова для іх аднаўлення не стваралася. Гэта вяло да тэхнічнага адставання жыллёва-камунальнай гаспадаркі, пагаршэння стану дарожна-транспартных і інжынерных інфраструктур.

Пры савецкай уладзе органы муніцыпальнага самакіравання дасягнулі максімуму антыдэмакратычнасці. Савецкія гарады нагадвалі вайсковыя казармы.

У гарадах Заходняй Беларусі, якая ўваходзіла ў склад польскай дзяржавы, усталявалася сістэма мясцовага самакіравання, падобная да сістэмы самакіравання ў гарадах былога Польскага Каралеўства. Выбіраліся гарадскія рады, а з ліку радцаў – магістраты, у склад якіх уваходзілі прэзідэнт або бурмістр, яго намеснік і лаўнікі. Гарадское самакіраванне складалася з палякаў і яўрэяў. Беларусы праз палітычную нелаяльнасць і недастатковы маёмасны цэнз практычна былі адхіленыя ад гарадскога самакіравання. Кандыдат на пасаду бурмістра зацвярджаўся ў адміністрацыйным парадку. Магістраты прымалі самастойныя рашэнні. Іншымі словамі, існавала некаторая пераемнасць з традыцыямі былога магдэбургскага права. Але 23 сакавіка 1933 г. быў выдадзены закон "Аб частковай змене арганізацыі тэрытарыяльнага самакіравання". Згодна з ім замест магістрата выбіралася гарадское ўпраўленне. Органы самакіравання яшчэ ў большай ступені падпарадкоўваліся адміністрацыйным уладам. Захоўвалася неафіцыйная дзейнасць яўрэйскіх кагалаў.

3.4. У суверэннай Беларусі


Пэўная дэмакратызацыя гарадскога самакіравання ў Беларусі адбылася пасля распаду СССР. Гарвыканкамы атрымалі большыя паўнамоствы і маглі разлічваць на ўласныя ініцыятывы. Аднак увядзенне прэзідэнцкай вертыкалі ў кіраванні краінай загубіла парасткі самастойнасці. Раённыя саветы гарадоў былі ліквідаваныя. Гарадскія райвыканкамы замяняла прэзідэнтская адміністрацыя. Паводле закону аб мясцовым самакіраванні ад 10 студзеня 2000 г. гарвыканкамы зноў патрапілі ў поўную залежнасць ад дзяржавы, дакладней, ад прэзідэнцкай адміністрацыі. Рух за ўсталяванне партнёрскіх (пабрацімскіх) адносінаў беларускіх гарадоў з замежнымі, узняты на пачатку 1990-х гг., пачаў чэзнуць.

Аналіз гістарычнага матэрыялу паказвае, што ў беларускіх гарадах увогуле не склаліся традыцыі сучаснага дэмакратычнага самакіравання. Таму адсутнічаюць прававыя ўзоры для фармавання сучаснай беларускай нацыі і сучаснай прававой дзяржавы. Працэс дэмакратычнай нацыятворчасці і дзяржаватворчасці, характэрны для Еўропы, тут празмерна абцяжараныя, бо для таго няма адпаведнага фундаменту (муніцыпалітэтаў, земстваў). Народ выключаны з грамадскага жыцця. Усё ажыццяўляецца на так званым адміністрацыйным рэсурсе, а гэта рэч для простых абывацеляў хоць і звыклая, але вельмі небяспечная ў сэнсе абароны іх правоў. Гарадскія муніцыпалітэты маглі б мець большае грамадскае значэнне, калі б ім надалі дэмакратычны статус.

Гэта актуальна і ў эканамічным плане. Адмаўленне ад адміністрацыйна-каманднай сістэмы і пераход да рыначных адносінаў патрабуе стварэння новай дэмакратычнай мадэлі кіравання горадам, у межах якой прадугледжваўся б комплексны падыход да праблемаў горада. Другі момант: муніцыпальная гаспадарка, якая набывае рынкавыя рысы, у адрозненне ад прыватных гаспадарак ставіць галоўнай мэтай не атрыманне прыбытку, а задавальненне запатрабаванняў гараджанаў. У сувязі з гэтым апошнія праз дэмакратычныя законы павінны мець магчымасць уплываць на эканамічную палітыку органаў гарадскога самакіравання. І нарэшце, узняць малыя і сярэднія гарады Беларусі можна таксама толькі праз дэмакратычнае абранне самастойных органаў самакіравання.

Досвед станаўлення гарадской цывілізацыі ў Беларусі паказвае, што шлях адраджэння дэмакратычных парадкаў у краіне пачынаецца са стварэння дэмакратычных мясцовых органаў самакіравання. Ёсць сэнс аднавіць старадаўнюю традыцыю самакіравання на грамадскіх пачатках калі не ў межах вуліц, то ў межах мікрараёнаў ці шчыльна забудаваных кварталаў. Аднак дзеля таго жыхары гарадоў павінны стаць грамадзянамі.

Працэс дэмакратызацыі гарадскога самакіравання ў Беларусі ідзе марудна. Яшчэ пераважаюць прыхільнікі моцнай рукі і савецкіх метадаў кіравання.
Тэма 10. Горадабудаўнічая палітыка і інтарэсы гараджанаў
План
1. Горадабудаўнічыя праекты мінулага.

1.1. Краіны Захаду.

1.2. Беларусь.

2. Горадабудаванне на сучасным этапе.

3. Перспектывы развіцця беларускіх гарадоў.

4. Будучыня гарадоў.

Горадабудаўнічыя планы мінулага
Краіны Захаду
Часам толькі могілкі ўтвараюць адзіную зялёную і незабудаваную прастору сярод гарадскіх гмахаў. Прыстанак памерлых падаецца адзіным у горадзе месцам, прыдатным для жыцця. Такое назіранне французкага навукоўца Жана Бадрыяра прымушае задумацца…

Рацыянальная гарадабудаўнічая палітыка набывае на сучасным этапе ўсё большае значэнне і актуальнасць. Яна выяўляецца ў горадабудаўнічым планаванні і забяспечвае выбар рацыянальнай перспектывы, баланс грамадскіх і індывідуальных інтарэсаў пры пашырэнні горада, а таксама баланс новага і старога пры рэканструкцыі гарадской забудовы. Калі горадабудаванне пусціць на самацёк, то горад пачне разрывацца ад міжусобных войнаў паміж раёнамі, кварталамі, асобнымі фірмамі, будзе вынішчаная ўся гістарычная спадчына.

Традыцыя гарадскога планавання, ці горадарэгулявання, мае шматвяковую гісторыю. Са старажытных часоў людзі займаліся пошукам лепшых формаў рассялення. Развіццё паселішчаў турбавала Платона і Арыстоцеля ў Старажытнай Грэцыі. Старажытныя рымляне стваралі планы дасканалых, на іх думку, гарадоў з прастакутнымі кварталамі, умацаваных і непрыступных. Прамыя вуліцы паскаралі мабільнасць сваіх вайсковых сілаў у час нападу ворага.

Пасля працяглага заняпаду гарадоў традыцыя іх праектавання аднавілася толькі ў другой палове ХІV – першай палове ХV cт., у перыяд ранняга Адраджэння. Гарады, якія тады імкліва багацелі і прыгажэлі, прывабілі творцаў. Мастакі адлюстравалі гарадское жыццё на палотнах, на сценах будынкаў, ў кніжных мініяцюрах. Петрарка пакінуў першыя рэалістычныя апісанні Генуі, Авіньёна, Рыма, Венецыі. У сярэдзіне ХІV ст. з’явіліся першыя картаграфічныя выявы гарадоў. У ХV ст. Італа Кальвіна выдаў кнігу "Нябачныя гарады", у якой Марка Пола расказвае Кублай-хану байкі пра розныя незвычайныя гарадскія паселішчы. Пазней, у 1572–1611 гг. у Кёльне выйшла шасцітамовае энцыклапедычнае выданне “Гарады свету” з мноствам гравюр. Інтэлектуалы эпохі Адраджэння верылі ў магчымасць стварэння ідэальнага горада. Яго міфалагізавалі, ён становіўся марай. Вобраз такога горада адным з першых апісаў выдатны нямецкі мастак Дзюрэр у працы па архітэктуры "Мастацтва ўмацавання гарадоў".

Потым з'явіліся гарадскія праекты італьянскіх архітэктараў-утапістаў. У 1452 г. Леон Баціста Альберці, выдатны архітэктар і тэарэтык мастацтва, напісаў “Трактат пра горад”. Ён паказаў неабходнасць праектавання ў будаўніцтве і пашырэнні горадоў як першапачатковага этапу, які павінен абавязкова папярэднічаць этапу ўзвядзення любога гарадскога будынка. Архітэктар Філарэт у 1465 г. мроіў пра ідэальны горад пад назвай Сфорцында ў форме васьмікутніка. Мадэлі гарадоў падобнага кшталту стваралі Франчэска дэ Георгіа і Вітрувій (майстар архітэктурнага ордэна). Але найбольш славутым архітэктарам Адраджэння быў Андрэа Паладыа – заснавальнік класічнага стылю, названага ў яго гонар паладзінскім.

У ХV ст. у гарадах Італіі засноўваліся ўстановы па добраўпарадкаванні. Яны ладзілі конкурсы на ўзвядзенне будынкаў, а потым кіравалі іх стварэннем. Архітэктары Адраджэння звычайна праводзілі горадабудаванне па аднатыповым прадуманым плане з улікам геаграфічных, эканамічных і сацыяльных умоваў. Прамысловыя зоны аддзяляліся ад жылых. У зонах для жылля арганізоўвалі грамадскія пляцоўкі – для адпачынку, для адукацыі дзяцей і іншыя. Ставілася мэта зрабіць гарады прыгожымі, утульнымі, спалучыць у іх новае са старым, сучаснае з мінулым. Адраджалася антычная рэгулярнасць гарадскіх кварталаў. Лічылася, што толькі геаметрычнасць надае гораду сапраўдную прыгажосць. Распрацоўваліся планы на ўзор шахматнай дошкі, рымскага ваеннага лагера або правільнага шматвугольніка, калі ў аснову клаўся радыяльна-канцэнтрычны прынцып.

Ад ХVІ ст. у Еўропе пачалася свядомая планавая забудова гарадоў. Была выпрацаваная першая агульная мадэль гарадскога праектавання –рэнесансавая, калі ўсе новыя гарадскія паселішчы ствараліся на аснове геаметрычнай сеткі. Аднак тэарэтычнае бачанне горада часам разыходзілася з рэчаіснасцю. У 1516 г. вялікі англійскі вучоны-гуманіст Томас Мор стварыў свой вобраз краіны Утопіі, дзе 54 гарады былі падобныя адзін да другога. Аўтар трактата “Горад Сонца” Кампанэла большую частку жыцця правёў у турме. Там і напісаў свой твор. Ужо ў сталым узросце, у1636 г., ён прыехаў у Парыж і праз два гады выдаў кнігу з пасвячэннем сыну Людовіка ХІІІ. Будучы манарх не без яе ўплыву назваў сябе Каралём Сонца.

Горадабудаўнічыя ідэі Адраджэння былі выкарыстаныя ў другой палове ХVІ ст. толькі ў фартыфікацыйных збудаваннях вакол гарадскіх сценаў. Ідэальны горад часткова спраўдзіўся толькі ў працэсе рэканструкцыі і разбудовы Рыма, калі там працаваў архітэктар Берніні і закладваліся пачаткі барочнага стылю. Такім апярэджаннем тэорыі патрэбамі практыкі характарызуецца ўся далейшая гісторыя гарадоў.

У Новым свеце падчас Вялікіх геаграфічных адкрыццяў і каланізацыі земляў таксама закладваліся гарады рэнесансавага ўзору з іх рэгулярнай, геаметрычнай ці шахматнай планіроўкай. У цэнтры разбівалася гандлёвая плошча з касцёлам, ратушай, астрогам, шпіталем, бойняй. Але Новы свет даваў прастору для рэалізацыі незапатрабаваных у Еўропе ідэй горадабудавання і эксперыментаў. Былі спробы стварэння на голым месцы ідэальных гарадоў, пра якія марыў Томас Мор, дзе індзейцы жылі б у камунах. Каланіяльная мадэль горада часам ўзбагачалася лакальнымі асаблівасцямі. Паўднёваамерыканскі горад вызваляўся ад сярэднявечных мураваных сценаў. У Паўднёвай Амерыцы былі закладзеныя пачаткі перспектыўнага планавання. Гарадскі план меў дзве часткі: адна прадугледжвала бягучую забудову, другая – перспектыўную. Каб стварыць рэзерв тэрыторыі для далейшага росту горада, зямлі ставала.

Новы этап у еўрапейскім гарадабудаванні прыпаў на 1600–1750-я гг. Тады была выпрацаваная другая агульнаеўрапейская мадэль гарадскога праектавання – эксперыментальнага класіцызму, у якой акцэнт рабіўся на мадэрнізацыі існых гарадоў і урбанізацыі прыгарадаў. Усталёўваліся рацыянальныя формы класіцызму. Рэнесансавай традыцыяй стаў улік геаграфічнага асяроддзя пры фармаванні аблічча горада. Вуліцы пад уплывам амерыканскага вопыту станавіліся не толькі прамымі і шырокімі, але і доўгімі для дасягнення эфекту перспектывы.

Найбольшыя магчымасці для мадэрнізацыі атрымалі вызваленыя на пачатку XVII ст. ад панавання іспанскага караля галандскія гарады. Пастаянныя паводкі і вялікі кошт зямлі, адваяванай у мора, абумовілі пэўную спецыфіку забудовы. Яна вылучалася шчыльнасцю, гарадскі арганізм уключаў плаціны і каналы, не было доўгіх вуліц. Вобраз галандскага горада і яго жыхароў добра адлюстраваны ў творах мясцовых мастакоў (галандская школа жывапісу).

Аднак у большасці еўрапейскіх краінаў на шляху рэалізаціі грандыёзных планаў мадэрнізацыі меліся перашкоды, дый магчымасцяў для перспектыўнага планавання, у параўнанні з Новым светам, было мала. Сістэма гарадоў ужо сфармавалася, а на перабудову шчыльна заселеных старых бракавала і фінансавых, і тэхнічных сродкаў (прынамсі да канца ХVIII ст.). Таму горадабудаўнікі знаходзілі прастору для сваіх эксперыментаў у прыгарадах вялікіх сталіц, дзе на заказ манарахаў узводзілі каралеўскія палацы, аточаныя паркамі.

Узорам такой прыгараднай рэзідэнцыі стаў палац французкага караля ў Версалі. Ён стаў самай вялікай будаўнічай пляцоўкай у Еўропе з часоў Рымскай імперыі: у 1685 г. на ёй працавалі 35 тысяч людзей з удзелам вайскоўцаў. Узнік цэлы горад з велізарным паркам. Прылеглыя лясістыя плошчы падпарадкоўваліся сіметрыі галоўнай будоўлі. Выкарыстоўвалася планаванне перспектывы, даляглядаў. Прырода “прычэсвалася”, мадэлявалася, падладжвалася пад архітэктуру. Узнікла французкая мадэль рэгулярнага парка. Будаўніцтва прыгарадных палацаў патрабавала вялікіх грошай. У выніку тармазілася мадэрнізацыя саміх гарадоў, хоць паркі і скверы станавіліся неад’емнай часткай гарадского асяроддзя.

Па французкім прыкладзе створаны прыгарадная рэзідэнцыя Габсбургаў Шёнбрун пад Венай, палацы-паркі расійскіх імператараў Пецяргоф, Царскае Сяло каля Санкт-Пецярбурга.

Толькі Англія мела свой шлях. У першай палове ХVІІІ ст. у англійскіх парках свядома адыходзілі ад асноваў планавання перспектывы. Прыродзе не навязвалі формы рэгулярнасці, а пакідалі натуральным асяроддзе. Архітэктура не выконвала функцыю ўпарадкавання цэльнай кампазіцыі. Будынкі вырасталі як асобныя элементы на фоне пейзажу. Гэта давала новы незвычайны эфект. Аднак парадаксальна тое, што англічанін Браўн гвалціў прыроду: выроўніваў узгоркі, садзіў і вырываў дрэвы, але, у адрозненне ад француза Ле Нонтрэ, не для перспектыўнай рэгулярнасці, а для найбольшай натуральнасці. Англійскі парк стаў папулярным у Еўропе ў другой палове ХVІІІ ст., калі ўзрасла цікавасць да дзікай прыроды, а гарадская цывілізацыя перажывала крызіс (перанаселеннасць гарадоў, нізкі матэрыяльны ўзровень гараджанаў).

З пачаткам індустрыяльнай эпохі (сярэдзіна ХVIII cт.) настаў чарговы этап еўрапейскага горадабудавання. Грандыёзныя праекты спалучэння геаграфічнага асяроддзя з архітэктурай зніклі, характэрныя для рэнесансавай традыцыі перспектыўная сіметрыя і арыентацыя на старажытныя класічныя мадэлі паступова страчваліся – усё гэта азначала скон культуры Рэнесансу ў гарадабудаванні. Трэцяй агульнаеўрапейскай мадэлі гарадскога праектавання – індустрыяльна-эклектычнай – былі ўласцівыя большы рацыяналізм, разнастайнасць і суіснаванне шматлікіх стыляў.

Пачварны вобраз прамысловага горада спарадзіў з’яўленне новай хвалі праектаў ідэальнага горада. Вялікую ўвагу горадарэгуляванню аддавалі сацыялісты-утапісты. У ХІХ ст. цікавыя горадабудаўнічыя прапановы меліся ў англічаніна Робэрта Оўэна, француза Шарля Фур'е, рускага Мікалая Чарнышэўскага. Яны часткова ўлічваліся ў архітэктурных праектах, аднак жыццё дыктавала свае ўмовы. Ідэалізм саступаў месца прагматызму. Праекты рабіліся сціплымі, спрошчанымі і нават банальнымі. Рух вуліцы і гарадскія атрыбуты займалі ў іх важнае месца, а архітэктура сыходзіла на задні план. У 1850–1870-я гг. у Еўропе праектавалася і ўводзілася ў жыццё шмат прамысловых аб’ектаў. У 1863 г. у Лондане пабудавалі першае метро з выкарыстаннем паравой цягі.

У сувязі з індустрыялізацыяй у гарадах адбывалася мадэрнізацыя. Перад планіроўшчыкамі паўстала праблема захавання старых гарадскіх квараталаў. У асобных выпадках стары горад пакідалі ўбаку ад новых кварталаў (Барселона) або аточвалі імі (Вена). Ёсць прыклады поўнага руйнавання старых гарадоў (Медыёлан, Брусель). Мадэрнізацыі падпалі і гарады ў калоніях.

Пасля эканамічнага зацішша 1870–1890-х гг. у развіцці горада надышоў новы ўздым. Неабходна было ўлічыць маштабы новага транспарту. Метро займелі Парыж (1900), Берлін (1896), Вена (1904). У сувязі з дарагоўляй кватэраў праектаваліся кварталы даступнага для рабочых жылля. Вялікія плошчы адводзіліся прамысловым прадпрыемствам. Ужо ў другой палове ХІХ ст. у праектаванні выявіўся пошук камфортнага жыцця гараджанаў ва ўмовах індустрыяльнага гарадскога асяроддзя. Тады ж узнікла новая навука – урбаністыка. Яе найважнейшай мэтай стала прадухіленне далейшага нарастання нязручнасцяў жыцця ў горадзе. Абмяркоўваліся праблемы паляпшэння побыту ў рабочых кварталах, праблемы планіроўкі прамысловых гарадоў.

На пачатку ХХ ст. у сувязі з другой навукова-тэхнічнай рэвалюцыяй запанаваў тэхналагічны, мадэрнісцкі падыход да горадабудаўнічай праблемы. Узнікла чацвёртая агульнаеўрапейская мадэль гарадскога праектавання – індустрыяльна-мадэрніская. Выпрацоўвалася канцэпцыя новага горада. Першыя спробы часам вылучаліся утапічнасцю і малой канкрэтнасцю. Нялюдскасць жыцця ў індустрыяльным горадзе актуалізавала ў Англіі ідэю горада-саду. На пачатку ХХ ст. яна стала папулярная ва ўсёй Еўропе. З’явіліся праекты першых ідэальных гарадоў індустрыяльнай эпохі: горада-сонца Эбенізера Ховарда (1902) і індустрыяльнага горада Тоні Гарнье (1904). Ажыццяўленню ідэальных праектаў шкодзілі традыцыі. Урбаністычныя канструкцыі футурыстаў былі скіраваныя супраць старога ў архітэктуры. Планаваўся знос цэлых кварталаў, будаўніцтва новага Парыжа, Берліна, Масквы, узвядзенне гарадскіх раёнаў, запоўненых сотнямі аднолькавых будынкаў, рассячэнне гарадоў гіганцкімі аўтастрадамі. Гэта была пара няспраўджаных утапічных праектаў і іх рэкламы. Архітэктар-футурыст не пабудаваў на Захадзе ніводнага будынка.

Кірунак, названы сучаснай архітэктурай, нарадзіўся ў 1920-я гг. – час адраджэння каштоўнасцяў, знішчаных у Першую сусветную вайну, час пасляваеннай адбудовы і час спробаў навуковага вырашэння праблемаў мадэрнізацыі горада. У 1922–1933 гг. адбывалася арганізацыйная кансалідацыя мадэрнісцкіх групаў. З ініцыятывы французкага архітэктара ле Карбюзье быў створаны Міжнародны кангрэс па сучаснай архітэктуры (працаваў да 1956 г.). Цэнтры архітэктурнага авангарду ўзніклі ў Расіі, Германіі (Веркбунт і Баухауз), Галандыі (“Стыль”), Францыі (Эспры Нуво).

Паступова ў аснову канцэпцыі новага горада леглі рацыяналізм і спалучэнне прыватных і грамадскіх інтарэсаў. Урэшце давялося змірыцця з тым, што гарадское асяроддзе ў новых умовах не можа быць ідэальным, але можа стаць даволі ўпарадкаваным. У міжваенны перыяд зялёныя зоны гарадоў паводле прынцыпу Ховарда мадэрністы ўзялі за норму. Праекты Гарнье паказалі важнасць падзелу горада на функцыяльныя зоны: пражывання, абслугоўвання, адпачынку і вытворчасці. Па такім прынцыпе будавалася новая сталіца Бразіліі. Пераглядаліся і ўдакладняліся функцыі горада і само паняцце горада. Не грамадскія аб’екты, а жылы дом, дзе праходзіць большая частка дня, быў прызнаны найважнейшым элементам горада, непадзельна звязаным са сферай паслуг. Найменшым функцыянальным элементам горада стаў не будынак, а кватэра. Вуліцы карыдорнага тыпу (франтонамі на вуліцу) ператвараліся ў сістэму асобных дарог. Улічвалася шматграннасць патрэбаў гараджанаў і багацце лакальных традыцый. Мастацтва і тэхніка ішлі побач.

Ніколі раней на працягу такога кароткага часу (пачатак ХХ ст.) не з’яўлялася такой колькасці канцэптуальных горадабудаўнічых праектаў. Найбольш цікавыя горадабудаўнічыя ідэі належаць французскаму архітэктару Ле Карбузье і амерыканскаму архітэктару Лойду Райту.

На пачатку 1930-х гг. Карбузье прадставіў праект горада будучыні з улікам праблемаў і магчымасцяў горадабудаўніцтва. У цэнтры горада Карбузье знаходзяцца грандыёзныя хмарачосы з дзелавымі ўстановамі. Яны свабодна размяшчаюцца на значнай адлегласці адзін ад другога. Іх атачаюць паркі і скверы з кавярнямі, рэстарацыямі, крамамі, пляцоўкамі для адпачынку. Дзелавы цэнтр разлічаны на 10–15 тысяч службоўцаў. Да яго прылягаюць жылыя раёны з дамамі ў выглядзе "карэ". У дварах – кветнікі, сады, дзіцячыя пляцоўкі, спартовы збудаванні. Прамысловыя і камунальныя зоны вынесены за межы горада. Прыгарады звязваюцца з цэнтрам праз метро. Грузавы транспарт рухаецца пад зямлёй у тунэлях. Горад Карбузье стаў своеасаблівым гімнам індустрыяльнаму будаўніцтву. Гэты вялікі архітэктар марыў стварыць новы горад, але не ўлічыў яго найважнейшай спецыфікі – гандлю. Дамы ў грамадскіх мікрараёнах не маюць гандлёвых партэраў. Крамы, рэстараны, офісы на першых паверхах не прадугледжваны. Карбузье і яго паслядоўнікі не лічыліся з коштам эксплуатацыі і ўтрымання будынкаў, хоць як спецыялісты яны павінны былі разумець, што гандлёвы партэр зніжае квартплату для ўсіх жыхароў дома. Ле Карбюзье як урбаніст пацярпеў паразу. Таталітарнае ўціскванне грамадства ў тыповыя формы жылля прыводзіла да распаду чалавечай псіхікі і страты індывідуальнасці.

Франк Лойд Райт, у процілегласць Карбузье, прапанаваў ідэю "растварэння горада" ў прасторы. Ён лічыў, што чалавек у ячэйцы горада губляе сваю індывідуальнасць, і выступаў супраць жылых дамоў-хмарачосаў. Горад – гэта месца для працы. А для жыцця чалавеку, на яго думку, больш спрыяе не вертыкальная, а гарызантальная лінія ўтульнасці. Развіццё тэхнікі, транспарту дазваляе гараджаніну жыць воддаль ад цэнтра, для жыцця прызначаны прыгарад.

Эканамічны крызіс 1929–1933 гг. і Другая сусветная вайна затрымалі рэалізацыю многіх горадабудаўнічых планаў. Нягледзячы на тое што ў міжваенныя гады не было рэалізавана ніводнага вялікага горадабудаўнічага праекта, назіраўся незвычайны прагрэс у галіне будаўніцтва гарадоў. Стваралася масавая забудова.

У 1933–1945 гг. мадэрнісцкія формулы перабіраюцца ў заходняе паўшар’е. У ЗША эмігруюць амаль усе вялікія архітэктары Баўхаўза. Міс ван дер Роэ стварае ўзор архітэктуры для істэблішмэнту, што пазней будзе імпартавана ў Стары свет.

Пасляваенны перыяд характарызуецца аднаўленнем разбураных гарадоў і масавым будаўніцтвам жылля па тыповых праектах. Значным дасягненнем горадабудавання з’явілася ажыццяўленне плана Карнелія ван Эестэрна па добраўпарадкаванні Амстердама з выкарыстаннем асушаных тэрыторый, пачатае ў 1934 г. і завершанае ўжо пасля вайны. Горад падзяляўся на дзве незалежныя часткі: новы, перыферыйны, і стары, дзе барокавыя кварталы захоўваліся ў нязменным выглядзе. Упершыню мадэрнізацыя адбылася без “гаўсманізацыі”.

Па меры лекавання ваенных ранаў і пад уздзеяннем другога тэхналагічнага скачка 1960-х гг. сталі магчымымі чарговыя эксперыменты. Актуалізавалася праблема горада як асяродка ненатуральнасці ў індустрыяльную эпоху. Узрастала незадаволенасць гараджанаў тыповымі праектамі жылых дамоў. Зноў робіцца папулярнай ідэя горада-саду. Гэта выявілася ў будаўніцтве спальных гарадоў-спадарожнікаў (упершыню вакол Лондана), у зносе старых кварталаў і замене іх адным высотным будынкам дзеля пашырэння зялёнай зоны, ва ўвядзенні пешаходных вуліц, у стварэнні праектаў горада на 100 тысяч жыхароў (у Францыі і Англіі). Швецкія урбаністы прапанавалі больш актыўнае выкарыстанне ў гарадской забудове натуральных пейзажаў, што пазней было шырока выкарыстана пры аднаўленні разбураных у вайну гарадоў Еўропы, у тым ліку і Мінска. Немцы мусілі адбудоўваць зруйнаваныя гарады без амбітных планаў. Пры гэтым праводзілася маштабная і дакладная (да дробязяў) рэстаўрацыя. Удалыя прыклады жылой забудовы ў гарадах паказала Фінляндыя, дзе каляровыя дамкі межавалі з масівамі лесу. Аднак гарадская забудова распаўзалася і губіла прыгарады, чыстыя зоны адпачынку, – і зноў ідэя гарада-саду станавілася нерэальнай.

Агульным вынікам пасляваеннай працы архітэктараў было стварэнне пятай агульнаеўрапейскай мадэлі гарадскога планавання – сучаснай, калі новая забудова не кранала старую і захоўвала прыроднае асяроддзе. Аднак падчас дыскусій вакол асобных будынкаў часта выпадала з поля ўвагі планіроўка гарада ў цэлым. З гэтай прычыны далей планіроўшчыкі паспрабавалі ліквідаваць разрыў паміж архітэктурным і горадабудаўнічым праектаваннем шляхам іх своеасаблівага зліцця. Перспектыўныя планы гарадоў зноў увайшлі ў моду ў 1970-я гг., калі пашыраўся постмадэрнізм. Мадэрнізм займаўся матэрыяламі, а постмадэрнізм – прасторай. Гэта азначала актуалізацыю планавання вобраза горада на перспектыву. Ствараліся мадэрныя праекты. З’яўляліся “камп’ютарныя” гарады, якія “крочылі”, расшыраліся. Прыклады антыгуманістычных канцэпцый гарадоў будучыні засталіся ў макетах, бо гараджане не ўспрымалі такіх прапановаў.

У 1980–1990-я гг. узраслі маштабы і тэмпы мадэрнізацыі горадабудавання. Існаванне густой сеткі неперанаселеных гарадоў (Stetchen) не выклікала неабходнасці ў стварэнні новых. Мадэрнізаваліся старыя. Пачалася інтэнсіўная перабудова блочных кварталаў, жыццё ў якіх не адпавядала новым эстэтычным запатрабаванням. Шведы ўпрыгожвалі блочныя дамы, узводзілі дэкарацыі на пляцоўках паміж імі. Тое самае рабілі і немцы – стараліся надаць спадчыне ГДР прыстойны выгляд. Пасля ліквідацыі ў 1989 г. берлінскай сцяны асабліва грунтоўную мадэрнізацыю з мэтай інтэграцыі дзвюх частак горада зведала сталіца Германіі. Французы дзейнічалі інакш: яны змянялі архітэктуру “сіласных вежаў” дабудовамі і надбудовамі, а тэрыторыі паміж дамамі запаўнялі разумнай забудовай.

Маюць месца і рэгіянальныя асаблівасці. У Галандыі ўпершыню пачалася мадэрнізацыя гарадоў у маштабах усёй краіны. Гэта быў новы, комплексны падыход да планавання. Яго аб’ектам станавіліся сістэма гарадоў краіны, а не асобныя гарады. Такі падыход да планавання цяпер прыняў увесь свет. У Італіі і Іспаніі метады найноўшага планавання доўгі час не выкарыстоўваліся ў значнай ступені праз існыя там дыктатуры. Агульнадзяржаўнай урбаністычнай палітыкі ў гэтых краінах не існавала нават пасля дэмакратызацыі: планы гарадоў зацвярджаліся мясцовымі муніцыпалітэтамі і заставаліся па-за кантролем, што спрыяла хаосу ў забудове. Праўда, у нейкай меры гэта дазволіла ўратаваць старыя гарады ад разбурэння падчас мадэрнізацыі.

Ідэі урбанізацыі і дэурбанізацыі, мары пра ідэальны горад віравалі на працягу ўсяго ХХ ст. Іх было шмат. Фін Саарынен першым прапанаваў вынас прадпрыемстваў за межы горада дзеля іх узбуйнення. У 1977 г. у Парыжы была ўведзеная забарона на будаўніцтва хмарачосаў вышынёй больш за 37 паверхаў, і толькі ў 2008 г. мэр горада прыняў рашэнне будаваць вышэй. Немец Ральф Е. Лэп настойваў на абмежаванні памераў гарадоў 15 тысячамі жыхароў. У Японіі быў пабудаваны дом-піраміда на 30 тысяч жыхароў, вышынёй каля 300 метраў, са слупом ліфтоў усярэдзіне. Гэта нават не дом, а горад, раён. Дарогі праходзяць пад будынкам, а ён стаіць на сваях. Тым не менш, выпрацаваць нейкую аптымальную мадэль горада не ўдалося.

Гістарычны досвед паказвае, што стварыць ідэальны горад і спыніць урбаністычныя працэсы немагчыма. Жыццё робіць неабходным існаванне гарадоў розных памераў і розных мадэляў. Але можна прагназаваць урбанізацыю, карэктаваць яе кірункі, нейтралізаваць яе шкодныя наступствы і, нарэшце, рэгуляваць адносіны гараджанаў, якія складваюцца падчас урбанізацыі. Магчымасці кіравання горадабудаваннем даволі вялікія.


1.2. Беларусь
Традыцыя горадаўпарадкавання на беларускіх землях пачала складвацца ў эпоху Рэнесанса. Аграрная реформа 1557 г. (“валочная памера”) прадугледжвала і землеўпарадкаванне ў гарадскіх паселішчах. Праектаванне гарадской забудовы адбывалася ў рэчышчы агульнаеўрапейскіх заканамернасцяў. Аднак на Беларусі значна большы ўплыў на ход горадабудавання зрабілі мясцовыя магнаты. Яны выступалі гаспадарамі многіх гарадскіх паселішчаў і ў канцы ХVI – XVII ст. спрабавалі стварыць для сябе ідэальны горад на ўзор рэнесансавай мадэлі праектавання. Памкненні буйных аграрыяў яскрава выявіліся, напрыклад, у будаўніцтве Нясвіжа з удзелам запрошанага Радзівіламі італьянскага архітэктара Дж. М. Бернардоні, ператварэнні Радзівіламі Слуцка ва унікальны горад-крэпасць.

Другая мадэль гарадскога праектавання (1600–1750-я гг.) з яе мадэрнізацыяй і ўзвядзеннем прыгарадных рэзідэнцый пашыралася ў ВКЛ не выразна, як на Захадзе, цягам усяго XVIII ст. Побач з гарадскімі замкамі расчышчаліся плошчы, узнікалі прастакутныя гарадскія кварталы. Напрыканцы XVIII ст. для мадэрнізацыі Паставаў шмат зрабіў Антоні Тызенгаўз. Каля Гродна ў другой палове XVIII ст. былі ўзведзеныя тры каралеўскія рэзідэнцыі Станіславава, Аўгустова і Панямонь для апошняга караля польскага і вялікага князя літоўскага Станіслава Панятоўскага. У палацава-паркавым будаўніцтве мясцовыя землеўласнікі аддавалі перавагу англійскай мадэлі парка. Магдэбурскія гарады разбудоўваліся ў адпаведнасці з рашэннямі магістратаў. Дзяржава (у асобе манарха) выяўляла сябе ў палітыцы горадабудавання слаба.

Сітуацыя змянілася пасля далучэння да Расіі, дзе гэтая палітыка праводзілася жорстка і ўсёахопна. Статус горада і генеральныя планы гарадскіх паселішчаў зацвярджала дзяржава ў заканадаўчым парадку. Ужо напрыканцы ХVIII ст. былі створаныя першыя рэгулярныя планы забудовы новых гарадоў на месцы былых вёсак: Бабінавічы, Клімавічы, Гарадок. У аснову гарадскога плана клаўся прынцып рэгулярнасці: геаметрычныя кварталы, прастакутная сетка вуліц. Ажыццяўлялася перапланіроўка вялікіх гарадоў: руйнаванне абарончых сценаў, выпростванне вуліц, павелічэнне кварталаў, вылучэнне зонаў пражывання розных сацыяльных групаў. Праекты планаў (часам утапічныя) рабілі ў Пецярбургу. Па ўзорным плане, зацверджаным у сталіцы, узводзілі і будынкі дзяржаўных установаў, паштовых станцый.

Яскравым прыкладам тагачаснага горадабудаўніцтва стаў Гомель, дзе ў 1777–1856 гг. быў створаны палацава-паркавы ансамбль князя П. А. Румянцава, а радыяльна-дугавая планіровачная структура горада была цалкам замененая новай рэгулярнай. Парк вакол палаца, разбіты на англійскі ўзор, меў натуральны пейзажны характар. Яшчэ адным прыкладам новага падыходу да планіроўкі гарадоў можна лічыць Чачэрск. Там быў пабудаваны палац графа З. Р. Чарнышова, уведзена прастакутная сістэма вуліц. Галоўным элементам гарадскога арганізма служыла ратуша на цэнтральнай плошчы. Вакол ратушы, на перакрыжаванні вуліц, узвышаліся чатыры храмы.

Індустрыяльная мадэль праектавання беларускіх гарадоў пачала фармавацца толькі ў другой палове ХІХ ст. У адрозненне ад Захада, найважнейшым фактарам іх мадэрнізацыі выступаў новы чыгуначны транспарт, бо машынізацыя прамысловасці адбывалася марудна. Выходзіць, планаванне напрамкаў чыгуначных ліній азначала планаванне новых гарадоў і стымуляванне росту старых. Часам, відаць, нечакана для царскага ўрада чыгуначныя вузлы і станцыі ператвараліся ў бойкія гарады. Але яны так і засталіся непрызнанымі на дзяржаўным узроўні. У гарадах, праз якія прайшлі чыгункі, назіраўся прыток насельніцтва. Узнікала неабходнасць ствараць новыя планы пашыранай забудовы. Праектаваліся вакзалы і прывакзальныя прамысловыя раёны. У Мінску такім раёнам у канцы ХІХ ст. стала Ляхаўка.

У савецкай Расіі ўзніклі найбольш экстрэмісцкія канцэпцыі індустрыяльна-мадэрніскай мадэлі гарадскога праектавання. Крытыка недахопаў капіталістычнага горада даводзіла радыкалаў да ідэі радыкальнай дэурбанізацыі. Яны прапаноўвалі адмовіцца ад сістэмы існых паселішчаў, ператварыць іх ва універсальныя і перайсці да раўнамернага рассялення людзей па ўсёй тэрыторыі Савецкага Саюза. Для таго прамысловыя прадпрыемствы трэба было будаваць у чыстым полі ці ўздоўж чыгунак. Мікалай Мілюцін распрацаваў праект лінейнага плана горада для Сталінградскага трактарнага завода (1930 г.). Гінзбург з мэтай сцірання адрозненняў горада ад вёскі прапагандаваў праект лінейнай рэканструкцыі Масквы – два шэрагі драўляных дамкоў на слупах. Падчас дыскусіі з ле Карбюзье савецкі архітэктар прапаноўваў суперсістэму лінейнага горада Парыж – Масква. У адказ французкі архітэктар выказаўся за лінейны горад ад Атлантыкі да Урала і ад Паўночнага мора да Афінаў, каб ліквідаваць негатыўны ўплыў “вялікага” горада.

Некалькі утапічных планаў забудовы Мінска распрацаваў знаны архітэктар Іосіф Лангбард. Яго праект опернага тэатра так і не быў рэалізаваны ў поўным аб’ёме: бракавала сродкаў ці яны былі раскрадзены.

У 1933 г. утапічныя ідэі савецкіх архітэктараў прыпынілі. Адбыўся пераход да класічнага манументалізму – палацы для народа. Склалася адміністрацыйная мадэль горадарэгулявання, тады як ў заходнім свеце існавала эканамічная. Першая грунтавалася на адміністрацыйных рашэннях. Кіраўніцтва прымала праектны (генеральны) план развіцця горада – дырэктыўны, абавязковы для выканання, як закон. Генеральны план, звязаны больш з ідэалагічнымі догмамі, чым з эканамічнай мэтазгоднасцю, у лепшым выпадку пераглядаўся адзін раз на 25–30 гадоў. Гарадское кіраўніцтва, адказнае за добраўпарадкаванне гарадоў і вольнае ад усялякай канкурэнцыі ў гэтай справе, прымала нічым не матываваныя і банальныя рашэнні. Гарадское праектаванне выбілася з агульнаеўрапейскага рытму.

Савецкае праектаванне ў беларускіх гарадах пачалося з сярэдзіны 1920-х гг. Яго ажыццяўлялі архітэктары Масквы і Пецярбурга. Забудовачныя планы складаліся дыферэнцавана. У адрозненне ад агульнасаюзных, яны не былі радыкальна мадэрніскія. Беларускія гарады знаходзіліся пасля вайны ў эканамічным крызісе. З мэтай захавання гістарычнай структуры для вялікіх і сярэдніх гарадоў рэкамендавалася выкарыстоўваць радыяльную, ці веерную, сістэму, а для малых – прастакутную, квартальную. Першым савецкую мадэрнізацыю прайшоў Барысаў. Вакол значных прамысловых прадпрыемстваў узводзіліся рабочыя пасёлкі, якія падчас далейшай забудовы паступова ўпляталіся ў канву горада.

На працягу 1930-х гг. адбывалася даволі інтэнсіўнае праектаванне адміністрацыйнай і жыллёвай забудовы. Гарады-прадпрыемствы праз блізкасць польскай мяжы ў БССР не планаваліся. Папярэдняя традыцыя гарадскога планавання перарвалася. Архітэктары старай школы выехалі ці былі рэпрэсаваныя. Нацыянальная традыцыя (неабарочны рамантызм) захоўвалася толькі ў Заходняй Беларусі, якая знаходзілася ў складзе Польшчы.

Асаблівая ўвага аддавалася рэканструкцыі даваеннай сталіцы (планы гэтай рэканструкцыі вывучаў гісторык Васіль Матоха). Ужо ў генеральным плане развіцця Мінска 1926 г. прадуглежваліся вялікія змены. Новыя жылыя дамы меркавалася размяшчаць толькі на ўзвышшах – на выпадак газавых атак падчас вайны з Польшчай. Галоўны корпус Беларускага дзяржаўнага універсітэта збіраліся ўзвесці на вуліцы Даўгабродскай. На месцы універсітэта праектаваўся праезд паміж вакзалам і Домам ўрада, каб кожны пасажыр мог бачыць галоўны будынак сталіцы. Праўда, кіраўніцтва БДУ дамаглося размяшчэння ў цэнтры горада. У студзені 1941 г. быў зацверджаны новы план развіцця Мінска. У ім прадугледжваўся знос вуліцы Нямігі, бруднай і небяспечнай у час паводкі. Неабходнасць захавання гістарычнай часткі горада пры гэтым у разлік не бралася. Існавала прапанова зрабіць Свіслач судаходнай. Яшчэ да вайны вырашылі зрабіць вуліцу Савецкую (праспект Незалежнасці) галоўнай, ад Дома урада да Дома афіцэраў забудаваць яе камяніцамі і пашырыць да 30 метраў. Аднак на такую маштабную рэканструкцыю ў савецкая ўлады не мела сродкаў.

У пасляваенны перыяд савецкае праектаванне пайшло шляхам кансервацыі старой індустрыяльна-мадэрніскай мадэлі. Прынцыпы Ле Карбузье лічыліся святымі. У 1946–1949 гг. інстытут “Белдзяржпраект” і іншыя праектныя арганізацыі распрацавалі генеральныя планы для ўсіх абласных і большасці раённых гарадскіх цэнтраў Беларусі, пацярпелых у гады вайны. Прадугледжвалася ўдасканаленне планіровачнай структуры, занаванне, добраўпарадкаванне і азеляненне. Значным дасягненнем горадабудавання стаў ансамбль галоўнай вуліцы ў Мінску, спраектаваны архітэктарамі Ленінграда. Аднак падчас рэканструкцыі ў многіх выпадках адбывалася знішчэнне гістарычнай архітэктурнай спадчыны. Адбывалася, так бы мовіць, савецкая “гаўсманізацыя”. Велізарную плошчу Пераможцаў планавалася пабудаваць у раёне цяперашняй Кастрычніцкай (раней там быў жылы раён), прычым комплекс яе забудовы павінен быў распасцірацца да сучаснага цырка, стадыёна “Дынама” і плошчы Свабоды. Аднак архітэктары своечасова адумаліся, бо такое будаўніцтва прывяло б да поўнага знішчэння гістарычнага цэнтра горада.

Савецкія тэарэтыкі горадабудавання і ўпраўленцы кіраваліся ў сваёй дзейнасці высновамі Ф. Энгельса: у працы "Анты-Дзюрынг" ён даказваў, што вялікія гарады – гэта цяжкое наступства капіталізму. Выйсце тэарэтык камунізму бачыў у знішчэнні адрозненняў паміж горадам і вёскай. У Савецкім Саюзе збудавалі шмат вёсак з гарадскімі дамамі і зрабілі шмат спробаў абмежаваць рост гарадскога насельніцтва. На ХХ з’ездзе КПСС (1956 г.) партыйны лідэр Мікіта Хрушчоў не толькі абвясціў пра канец культу асобы, але і затрабаваў абмежаваць рост вялікіх гарадоў, а гарадскія дамы будаваць не вышэй чым у пяць паверхаў, бо, маўляў, зямлі ў Савецкім Саюзе стае. Але ўсе спробы змяніць аб'ектыўны працэс рассялення і развіцця гарадоў былі марныя.

Пачынаючы з 1970-х гг. у горадабудаванні БССР адбываліся значныя змены. У гарадах стваралі мемарыяльныя ансамблі і комплексы: манумент “Мінск – горад-герой“, “Брэсцкая крэпасць-герой”. У выніку масавага наплыву ў горад насельніцтва ва ўсіх генпланах пачалі прадугледжваць спальныя кварталы ці мікрараёны. Але будаўніцтва ажыццяўлялася без уліку ўзмацнення руху транспарту і патрэбаў гандлю. Характэрнай для мясцовых гарадоў стала нядобраўпарадкаванасць грамадскай прасторы. Непрывабная забудова, тыповыя буйнапанэльныя дамы – усё гэта вяло да страты гарадамі свайго адметнага аблічча (падабенства савецкіх гарадоў добра абыгранае ў фільме Эльдара Разанава “З лёгкім парам”).

Дагматызм і утапізм у палітыцы горадабудавання выклікаў заняпад і дэградацыю многіх малых гарадоў савецкай Беларусі. Зацвярджаліся ідэальныя генеральныя планы сацыялістычнай рэканструкцыі такіх гарадоў, дзе прадугледжвалася ўсё, як у вялікіх, – і прамысловая зона, і маштабная забудова панэльнымі дамамі, і сістэма азелянення. Выходзіў недарэчны сімбіёз. Не дапамагалі і навуковыя даследаванні, праведзеныя ў БелНДІП горадабудаўніцтва.

У пасляваенныя гады ў БССР быў дапушчаны шэраг горадабудаўнічых памылак, якія пацягнулі за сабой шмат праблемаў эканамічных, сацыяльных, экалагічных. Горадабудаўнікі не заўсёды былі кваліфікаваныя, дый да іх меркаванняў ніхто не прыслухоўваўся. Вось некаторыя прыклады такіх памылак (на іх звярнуў увагу урбаніст Васіль Харэўскі).

1. Будаўніцтва Наваполацка ля Полацка было эканамічна неэфектыўнае. Міністр нафтахімічнай прамысловасці СССР не захацеў будаваць пасёлак нафтавікоў у Полацку, бо для таго трэба было рэканструяваць інжынерныя сеткі: водаправод, каналізацыю, вуліцы старога горада і г. д. На роўным полі, за ракой, закласці гарадскія камунікацыі было лягчэй і прасцей. Так з'явіўся Наваполацк.

2. Па такім самым прынцыпе пабудаваны пасёлак Дружны ля Рудзенска.

3. Выбар месца для будаўніцтва універмага «Беларусь» таксама не зусім удалы. Міністэрства ўнутраных справаў забараніла размяшчаць гандлёвы цэнтр побач з турмой (вул. Валадарскага), і універмаг "Беларусь" вынеслі на перакрыжаванне тагачаснай вуліцы Казлова і Партызанскага праспекта.

4. Хімічныя прадпрыемствы, пабудаваныя ў абласных гарадах без належнай ачысткі, сталі крыніцай вялікіх экалагічных праблемаў. У 1960–1970-я гг., калі яны ўзводзіліся, кіраўніцтва гарадоў радавалася, бо, фактычна прадаючы іх багатаму міністэрству, папаўняла мясцовы бюджэт.

5. Падчас новай забудовы вуліцы Нямігі ў Мінску былі знішчаныя гістарычныя кварталы. Тагачасны партыйны кіраўнік Беларусі Пётр Машэраў лічыў, што Няміга – гэта сорам беларускай сталіцы.

Неэфектыўнасць адміністрацыйнай палітыкі ў галіне горадабудавання асабліва яскрава выявілася ў працэсе пераадольвання наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. Сродкі, выдзеленыя на іх ліквідацыю, выкарыстоўваліся не па-гаспадарску. Спецыялісты прапаноўвалі перадаваць іх не чыноўнікам, а людзям, каб яны самі вырашалі, дзе ім жыць і як будаваць новае жыллё. Меўся досвед іншых краінаў. Пасля вайны, калі частка тэрыторыі Фінляндыі была далучаная да Савецкага Саюзу, мясцовым жыхарам-фінам далі магчымасць пераехаць у Фінляндыю. Ніхто не будаваў для іх пасёлкаў, іх забяспечылі сродкамі – і больш за 300 тысяч чалавек за 3 гады перасяліліся і самастойна ўладкавалі сваё жыццё. Спецыялісты даказвалі, што нельга будаваць новыя пасёлкі ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях. Але, слухаючы толькі Маскву, будавалі жылыя і радзільныя дамы ў Брагіне і Нароўлі. У выніку людзі ўсё адно з’ехалі з небяспечных для жыцця мясцінаў, а новыя пасёлкі засталіся пустымі (Дрыбін і інш.).

Увогуле, савецкае кіраўніцтва прымала шмат прыгожых пастановаў аб рэгуляванні росту гарадоў, толькі ўсе яны выявіліся неэфэктыўнымі, бо ажыццяўляліся пераважна адміністрацыйнымі мерамі. Найноўшая агульнаеўрапейская мадэль гарадскога планавання, калі новая забудова не кранала старую і захоўвала прыроднае асяроддзе, у Савецкім Саюзе проста ігнаравалася.
2. Горадабудаванне на сучасным этапе
Кіраванне сучаснымі сусветнымі працэсамі горадабудавання ўскладняецца. Узнікае шэраг праблемаў. Назавём найважнейшыя.

1. Праблема кіравання гарадской агламерацыяй, ці кансалідацыі метрапалітэнскага арэала. Пры ўмове, калі міжгароднія пералівы выгодаў дастаткова вялікія, узнікае неабходнасць ствараць метрапалітэнскія органы кіравання. Але знайсці кампраміс паміж інтарэсамі некалькіх муніцыпалітэтаў не так проста. Гэта становіцца сапраўды выгодна, калі такія пералівы дастаткова вялікія. У такім разе ёсць сэнс стварэння часовых і лакальных метрапалітэнскіх пагадненняў (вышук крыміналу, сувязь і г. д.).

2. Праблема гарадскога землекарыстання. Імклівы рост цэнаў на зямлю выклікае неабходнасць пэўных мераў іх рэгулявання на ўзроўні муніцыпалітэтаў.

3. Праблема росту вартасці мясцовых камунальных паслуг. Па меры старэння гарадской інфраструктуры, выдаткі на яе ўтрыманне ўзрастаюць. Мадэрнізацыя таксама патрабуе вялікіх грошай, што істотна ўплывае на рост цэнаў на камунальныя паслугі.

4. Праблема фінансавых цяжкасцяў, якія церпяць многія буйныя гарады на працягу некалькіх апошніх дзесяцігоддзяў. Перамяшчэнне гараджанаў у прыгарады звужае падатковую базу для напаўнення гарадскога бюджэту. Дэпапуляцыя вядзе да росту выдаткаў на душу насельніцтва, бо застаецца менш насельнікаў, коштам якіх кампенсуюцца затраты.

5. Праблема інвестыцый. На бюджэтныя асігнаванні застаецца ўсё менш надзей. Развіццё буйнога горада вымагае распрацоўкі інвестыцыйных праектаў, а гэта патрабуе вялікага аб'ёму інтэлектуальнай працы і высокай прафесійнасці муніцыпальных дзеячаў. Прыватныя інвестыцыі можна ажыццявіць у выглядзе гарадскіх аблігацый. Але практыка паказвае, што найбольш актуальныя і выгодныя – гэта інвестыцыйныя праекты па будаўніцтве жылля.

6. Праблема духоўнасці ў гарадах.

7. Праблема занятасці ва ўмовах дэіндустрыялізацыі. Праграмы дапамогі беспрацоўным патрабуюць немалых выдаткаў. Асабліва вялікія сродкі ідуць на будаўніцтва муніцыпальнага (сацыяльнага) жылля. Усё гэта зніжае фінансавыя магчымасці горада ў справе развіцця гарадскіх інфраструктур. Да таго ж беспрацоўе спрыяе росту злачыннасці.

8. Праблема супярэчнасці інтарэсаў жыхароў цэнтра і прыгарада.

9. Праблема захавання гістарычнай забудовы ва ўмовах мадэрнізацыі сучасных гарадоў. Звычайна гэта звязана з імкненнем прадпрымальнікаў укласці грошы ў нерухомую маёмасць, размешчаную ў гістарычнай частцы горада, адкрыць там свае офісы, а таксама з імкненнем гарадского кіраўніцтва мадэрнізаваць горад – зрабіць яго больш прыгожым і зручным для транспарту. Так, у Гродна транспартную магістраль праклалі праз гістарычны цэнтр горада і тым істотна пашкодзілі яго.

Далейшае развіццё сучасных гарадоў, у тым ліку і беларускіх, звязанае з вырашэннем наступных неадкладных задачаў:

Развіццё і ўдасканальванне інжынернай інфраструктуры. Яе зношанасць выклікае высокую аварыйнасць.

Асваенне падземнай прасторы. Гэта стварае кампактнасць камунікацый, дазваляе эканоміць плошчы. Горад не можа пашырацца бясконца.

Рэканструкцыя старых квараталаў з мэтай павышэння эфектыўнасці выкарыстання гарадской зямлі і забудовы, што патрабуе вялікіх інвестыцый і вялікай адказнасці.

Перапрафіляванне кварталаў, занятых прамысловымі прадпрыемствамі, пры вывядзенні апошніх за межы горада. Пры гэтым паляпшаецца экалагічны стан горада, але страчваецца крыніца паступленняў у гарадскі бюджэт.

Развіццё тэлекамунікацыйнай сеткі, вузлы якой фармуюць на гарадской тэрыторыі полюсы росту (прыцягваюць капіталы, выклікаюць ушчыльненне забудовы).

Распрацоўка і выкарыстанне найноўшых тэхналогій пры ўзвядзенні хмарачосаў, у тым ліку падрыхтоўка зямельных участкаў, спецыяльна для таго адведзеных.

Сучасныя гарады непазбежна растуць уверх. Усе 10 найвялікшых у свеце хмарачосаў, паводле дадзеных 2008 г., знаходзяцца ў ЗША і азіяцкіх краінах. Самы высокі пабудаваны ў 2004 г. на выспе Тайвань, мае 101 паверх і дасягае ў вышыню 508 м. Але неўзабаве яго абгоніць хмарачос у Дубаях: ён узнімецца на 900 м.

У якім стане знаходзіцца горадабудаванне ў Беларусі? Яе заканадаўства традыцыйна стаіць на абароне помнікаў гісторыі, горадабудаўніцтва і архітэктуры. У 2003 г. складзены Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Але законы парушаюцца. Вельмі часта пад прыкрыццём дэклараванай рэстаўрацыі помнікаў ажыццяўляецца новае будаўніцтва. Яго праектная дакументацыя, якая таксама нібыта выглядае на рэстаўрацыю, зацвярджаецца ў органах аховы помнікаў, у органах архітэктуры і ў органах будаўнічага нагляду. Зразумела, што гэта становіцца магчымым толькі ў сувязі з зацікаўленасцю чыноўнікаў, а ў асобных выпадках – і ў выніку іх халатнасці, недасведчанасці. Пры такім падыходзе новабудоўля, натуральна, страчвае статус помніка, але фактычна ім лічыцца, а яе карыстальнікі выплачваюць ільготныя падаткі. Пачасціліся выпадкі разбурэння помнікаў гісторыі і архітэктуры, асабліва ў Мінску. Апраўданнем служаць спасылкі на аварыйнасць старых будынкаў. Аднак такія будынкі нельга ацэньваць па іх балансавай вартасці. Разбурэнні прыводзяць да беззваротнай страты гісторыка-культурнай каштоўнасці, парушэння старых горадабудаўнічых ансамбляў і шкодзяць грамадскім і дзяржаўным інтарэсам. Пры рэстаўрацыі звычайна не кіруюцца крытэрамі аўтэнтычнасці помніка. Калі новабудоўля ў стылі “рэтра” выдаецца за помнік архітэктуры, то па сутнасці адбываецца ўзаконены падман людзей. Тым самым, дарэчы, парушаецца і Венецыянская хартыя 1967 г., якая забараняе муляжы выдаваць за аўтэнтыку. Усё гэта сведчыць пра тое, што ў Беларусі да апошняга часу праводзіцца палітыка рэвалюцыйнай мадэрнізацыі гарадоў, якая была характэрная для Еўропы першай паловы ХІХ ст.

Асэнсаванне дзяржаўнай горадабудаўнічай палітыкі пачалося толькі ў 2000-я гг. Існуе Інстытут горадабудавання Беларусі. Удасканальваецца нарматыўная база. З 1 студзеня 2005 г. уведзены ў дзеянне закон "Аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці". 12 студзеня 2007 г. уступіў у сілу ўказ прэзідэнта "Аб некаторых пытаннях дзяржаўнай горадабудаўнічай палітыкі". Ён быў распрацаваны Міністэрствам архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь разам з аблвыканкамамі і мінскім гарвыканкамам. Указ складаецца з двух дакументаў: “Асноўныя кірункі дзяржаўнай горадабудаўнічай палітыкі на 2006–2010 гг.” і “Дзяржаўная схема комплекснай тэрытарыяльнай арганізацыі Беларусі”. Асноўныя кірункі дзяржаўнай горадабудаўнічай палітыкі распрацаваныя ў Беларусі ўпершыню. Цяпер з 207 гарадскіх паселішчаў больш як палова забяспечаны генеральнымі планамі (з тэрмінамі рэалізацыі да 2010, 2015 гг.), за 2002–2006 гг. падрыхтаваны генпланы 35 гарадоў. У адпаведнасці з новым заканадаўствам генеральныя планы сталіцы і абласных цэнтраў зацверджаныя прэзідэнтам, а генеральныя планы гарадоў абласнога падпарадкавання (Мазыр, Баранавічы, Наваполацк, Полацк, Бабруйск, Маладзечна, Орша, Пінск) – пастановамі ўрада.

Як бачым, палітыка ў галіне горадабудавання па-ранейшаму праводзіцца паводле старых савецкіх традыцый з арыентацыяй на дзяржаўную рэгламентацыю і планавыя прынцыпы. Усё зводзіцца да пашырэння гарадской забудовы (найперш коштам дамоў для жылля) і добраўпарадкавання гарадоў (навядзення ў іх чысціні). Ніякіх каардынальных зменаў у горадабудаванні няма. Што тычыцца намераў павысіць якасць і бяспеку гарадскога жыцця, аптымальна размясціць прамысловыя аб'екты, вырашыць пытанні экалогіі, то яны пераважна застаюцца на паперы.

Заслугоўвае ўвагі Дзяржаўная схема комплекснай тэрытарыяльнай арганізацыі Беларусі. Фактычна ў дакуменце гаворка ідзе пра неабходнасць мадэрнізацыі сістэмы паселішчаў краіны з улікам геапалітычных умоваў, нацыянальных рэсурсаў і сацыяльна-эканамічнага патэнцыялу. Дакумент утрымлівае рэкамендацыі па ўзаемазалежным развіцці розных паселішчаў і тэрыторый, па экалогіі, па міжнародных, дзяржаўных і асноўных рэгіянальных транспартных камунікацыях, па раянаванні і ўдасканаленні асяроддзя для жыццядзейнасці людзей. Аднак ва ўсіх гэтых заявах адчуваецца фармалізм, надуманасць, адарванасць ад рэальных праблемаў. Ёсць дэкларацыя намераў, але няма рэальнага ўзаемаўзгодненага плана канкрэтных мерапрыемстваў па іх рэалізацыі. Больш за тое, у значнай ступені дзяржаўная палітыка набывае нерэалістычныя рысы. Ва ўсім свеце адбываецца непазбежнае скарачэнне сельскіх паселішчаў, а ў нас рэалізуецца праграма падтрымкі і адраджэння вёскі. Праглядае савецкая арыентацыя на міфічную ліквідацыю адрознення паміж горадам і вёскай. Прычым не горад набліжаюць да вёскі па натуральнасці жыцця, а вёску падцягваюць да горада з яго ненатуральным асяроддзем.

Бракуе кваліфікаваных спецыялістаў. Гарадабудаўнічая палітыка не ўваходзіць у лік прыярытэтных. Сучасная агульнаеўрапейская мадэль гарадскога планавання, калі новая забудова не кранае старую і захоўвае прыроднае асяроддзе, дагэтуль не выкарыстоўваецца ў поўную меру.

Для вырашэння складаных праблемаў і задачаў, паўсталых перад беларускім горадам, неабходна рэфармаваць і ўдасканальваць сістэмы горадарэгулявання. Так, многія дзесяцігоддзі практыка планавання развіцця горада абапіралася на ўяўленне пра тры асноўныя кірункі ў спецыялізацыі гарадской тэрыторыі – зона працы, зона адпачынку і зона побыту. Таму і распрацоўка дзяржаўных планаў пачыналася з занавання плошчы горада. Планаванне развіцця любога горада прадугледжвае абавязковае вывучэнне яго прасторавых асаблівасцяў. Цяпер занаванне набыло шматфункцыянальныя арыенціры, значна ўскладнілася. Калі ў Беларусі на змену манапольнаму ўласніку (дзяржаве) прыйдуць новыя гаспадары гарадской нерухомасці, правядзенне занавання яшчэ больш ускладніцца. Новыя падыходы да горадабудавання становяцца актуальнымі. Выйсце бачыцца ў канчатковым адмаўленні ад адміністрацыйнай мадэлі горадарэгулявання і пераходзе да эканамічнай мадэлі.

Эфектыўнасць эканамічнай мадэлі гарадской палітыкі і горадабудавання даказаная шматгадовай практыкай развітых краінаў свету. Гэтая мадэль прадугледжвае выкарыстанне прававых і эканамічных метадаў рэгулявання. Прычым асноўная ўвага аддаецца мадэляванню развіцця горада. Яго развіццё мадэлюецца. Ідзе пастаянная ацэнка альтэрнатыўных варыянтаў планіровачных рашэнняў. Пры такой мадэлі выбар і абгрунтаванне адзінага вернага рашэння на перспектыву выключаецца, што дае найлепшы плён.

Гэта не азначае, што ў Беларусі ўсё так дрэнна. Праекты многіх архітэктараў не саступаюць замежным. Прыкладамі таму могуць быць канструктыўнае рашэнне пры будаўніцтве амфітэатра “Славянскі базар” у Віцебску, праект комплексу “Мінск-Арэна” і іншыя.


3. Перспектывы развіцця беларускіх гарадоў
Інтэнсіўныя сацыяльна-эканамічныя працэсы ў свеце істотна ўплываюць на лёс гарадоў. Непазбежная мадэрнізацыя сельскай гаспадаркі вядзе да аграрнага перанасялення. Адбываецца бесперапыннае зніжэнне колькасці вясковага насельніцтва. Крыніца папаўнення гарадоў чэзне. Чакаецца, што ў бліжэйшыя 10 гадоў доля занятых у сельскай гаспадарцы складзе не больш за 10%. З'явяцца незаселеныя тэрыторыі. Гэта найперш раёны, забруджаныя радыёнуклідамі, – Гомельскай і поўдня Магілёўскай абласцей. Да іх далучацца шэраг раёнаў поўначы Магілёўскай і Віцебскай абласцей, дзе ўжо цяпер пачалася дэпапуляцыя насельніцтва. Беспрацоўе, хваробы, нізкі матэрыяльны ўзровень – усё гэта фактары непазбежнага абязлюджвання значных тэрыторый. Змяншэнне колькасці сельскіх жыхароў адбывалася і на Захадзе ў выніку росту прадукцыйнасці працы ў сельскай гаспадарцы. У Вялікабрытаніі ў земляробстве, лясной гаспадарцы і рыбаводстве занятыя толькі 2% ад агульнай колькасці працаздольнага насельніцтва, у ЗША – няпоўныя 3%, у Германіі і Швецыі – крыху больш за 3%.

Многія вёскі, асабліва ў забруджаных радыяцыяй раёнах, сыдуць з геаграфічнай мапы. Знікненне сельскіх паселішчаў будзе вельмі заўважнае ў Магілёўскай і Віцебскай абласцях. Вакол Мінска і вялікіх гарадоў адбудзецца ўзбуйненне вёсак, бо кожная такая вёска можа стаць тэрыторыяй адпачынку для гараджанаў. Многія вёскі ўздоўж транспартных магістраляў атрымаюць статус гарадоў.

Што тычыцца перспектыў развіцця саміх гарадоў, то, на думку эканаміста і урбаніста Васіля Харэўскага, яны наступныя. У малых гарадах у бліжэйшыя гады, хутчэй за ўсё, будзе захоўвацца дэпрэсіўнае становішча. Асобныя гарады, магчыма, крыху ачуняюць дзякуючы абслугоўванню транспартных калідораў, калі яны не мінуць Беларусі. Пакуль вяскоўцы сілкуюць вялікія гарады. Але напружанае становішча можа ўзнікнуць і ў гарадах, калі пачнуць банкрутаваць прамысловыя прадпрыемствы. Будзе ўзрастаць беспрацоўе. Павялічыцца міграцыя за межы Беларусі. Колькасць жыхароў у буйных гарадах будзе скарачацца. Яны стануць своеасаблівымі трамплінам для выштурхоўвання лішкаў насельніцтва ў іншыя краіны. Не варта забывацца, што выязджаюць найлепшыя – спецыялісты і адукаваная моладзь.

Беларусь займае выключна выгоднае геаграфічнае становішча. Ад Мінска да Берліна і Прагі амаль столькі ж, колькі да Масквы. Праз Беларусь праходзяць важныя трансеўрапейскія і міжнародныя камунікацыі, якія ствараюць надзейны каркас гарадоў. Гэта так званыя Крыцкія калідоры:

Парыж – Берлін – Варшава – Брэст – Мінск – Масква і далей на ўсход (калідор № 2);

Хэльсінкі – Санкт-Пецярбург – Віцебск – Гомель – Харкаў – Кіеў – Адэса – Плоўдзіў, з адгалінаваннем Кішынёў – Бухарэст – Алексанропуліс (Грэцыя) (калідор № 9);

Клайпеда – Вільнюс – Мінск – Гомель (калідор № 9а).

Акрамя таго, кіраўніцтвам ЕС запланавана фармаванне камунікацыйнага калідора № 5: Любляна – Будапэшт – Ужгарад – Львоў – Роўна – Сарны – Мінск, а таксама рэканструкцыя і будаўніцтва некалькіх калідораў, звязаных з інтарэсамі Расіі і Беларусі:

Бранск – Гомель – Пінск – Брэст – Варшава;

Масква – Смаленск – Віцебск – Даўгапілс – Рыга;

Варшава – Беласток – Гродна – Вільнюс – Санкт-Пецярбург.

Міжнародная транспартная сетка стварае ўмовы для паскарэння эканамічнага развіцця рэгіёнаў у зоне будаўніцтва магістраляў праз іх абслугоўванне, стварэнне сэрвісу на трасах, магчымасць для пасажыраў бліжэй пазнаёміцца з краінай, знайсці ў ёй свой інтарэс. Праўда, такія інфраструктуры яшчэ неабходна пабудаваць. Але ўсё вырашальна пры ўмове, што Беларусь застанецца самастойнай еўрапейскай дзяржавай. Тады яна зможа ператварыцца ў найважнейшы гандлёва-транспартны асяродак Еўропы.

Безумоўна, найбольш цікавы лёс Мінска. Сталіца мае вялікі патэнцыял для далейшага росту. Дастаткова ўспомніць, што ў невытворчай дзейнасці ў ім занятыя толькі каля 26% працоўнага насельніцтва, тады як у Бруселі, Лондане, Гамбургу, Рыме і нават Маскве – 75–85 %. Ці будзе гэты патэнцыял выкарыстаны? Пры добрым раскладзе пачне развівацца сфера абслугоўвання. Горад будзе расці яшчэ больш імкліва, чым дагэтуль. Мінск стане прывабным для прадпрымальнікаў і інвестараў. Адбудзецца рэструктурызацыя вытворчасці, вынас з гораду прадпрыемстваў з малакваліфікаваным характарам працы. Прамысловасць будзе перамяшчацца ў малыя гарады. Праз высокі кошт зямлі толькі высокарэнтабельныя прадпрыемствы змогуць дазволіць сабе раскошу дзейнічаць у сталіцы. Удзельная вага занятых у невытворчай сферы ўзрасце. Высокія кошты на зямлю будуць стымуляваць будаўніцтва хмарачосаў. Паменшыцца сектар індывідуальнай забудовы. На месцы ўтульных драўляных дамкоў з’явяцца шматпавярхоўкі. Такія змены ўжо пачаліся. Існуе прагноз, што да 2030 г. яго плошча падвоіцца. Урэшце, Мінск мае шанец стаць горадам еўрапейскага ўзроўню.

Да гарадоў еўрапейскага ўзроўню адносяць высокаразвітыя гарадскія цэнтры з насельніцтвам звыш 500 тысяч жыхароў, што маюць важкае значэнне ў развіцці міжнароднай дзейнасці, размяшчэнні аб’ектаў міжнароднага гандлю, міжнародных фінансавых установаў, правядзенні міжнародных канферэнцый, выставаў і інш. Цяпер у міжнародных дакументах да такіх гарадоў у Балтыйскім рэгіёне адносяць Санкт-Пецярбург, Варшаву, Берлін, Гамбург, Капенгаген і Стакгольм.

У сучасных умовах пры прагназаванні развіцця гарадскіх паселішчаў важна ўлічваць інтарэсы патэнцый інвестараў. Ад таго, ці прыйдуць яны ў Беларусь, будзе залежаць і лёс беларускіх гарадоў. Многія з іх маюць пэўныя магчымасці прывабіць інвестараў. Так, Брэст, Гомель, Гродна, Магілёў з вялікімі цяжкасцямі, але ствараюць спрыяльныя ўмовы для бізнэсу. Цікавую працу па стварэнні іміджу гарадоў як культурных цэнтраў праводзяць Віцебск, Маладзечна, Магілёў, Полацк і інш.

Асноўныя праблемы многіх беларускіх гарадоў звязаныя з тым, што аснову іх горадаўтваральнай базы складаюць найчасцей прадпрыемствы былога саюзнага падпарадкавання, якія працуюць на сыравіне з Расіі, Узбекістана, Казахстана. Гэта нафтапераапрацоўчыя і іншыя хімічныя прадпрыемствы, дывановыя фабрыкі, заводы штучнага валакна і інш. Іх лёс у значнай меры залежыць ад пастаўшчыкоў. З іншага боку, такія прадпрыемствы – крыніцы экалагічнай небяспекі. Яны ствараюць неспрыяльныя ўмовы для пражывання людзей. Цяжка сказаць, як складзецца лёс прамысловых цэнтраў Беларусі. Безумоўна, больш перспектыў будзе ў тых гарадоў, якія змогуць мадэрнізавацца: выкарыстаць перавагі свайго геаграфічнага становішча, актыўней праводзіць раздзяржаўліванне выдатковых прадпрыемстваў, стымуляваць развіццё прамысловасці, заснаванай на мясцовай сыравіне і на новых прагрэсіўных тэхналогіях, зрабіць стаўку на развіццё невытворчай сферы. Зразумела, што іх ініцыятыву звязвае дзяржаўная ўлада, недастаткова прадуманая заканадаўчая база. Але калі ў гэтых гарадах не адбудзецца радыкальных зменаў, яны будуць асуджаныя на стагнацыю, рост беспрацоўя, сацыяльныя канфлікты.

Найбліжэйшыя перспектывы беларускіх гарадоў шчыльна звязаныя з павелічэннем аб’ёмаў жыллёвага будаўніцтва ў сувязі з бесперапыннай урбанізацыяй і абвастрэннем праблемы даступнасці жылля. Таму ў дзяржаўных планах прадугледжана: 1) павелічэнне магутнасці будаўнічага комплексу; 2) засваенне новых будаўнічых тэхналогій; 3) мадэрнізацыя старых блочных кварталаў.

У 1990-я гг. адбывалася скарачэнне будаўніцтва і пераарыентацыя будаўнічага комплексу на каркасныя і цагляныя жылыя дамы. Паводле афіцыйных звестак, у 2008 г. у Беларусі буйнапанэльнае домабудаўніцтва складала 21,5% (у 1991 г. – больш за 55%) ад агульнага аб’ёму жылога будаўніцтва, каркаснае – каля 28%, з цэглы – да 18%, іншыя віды, у тым ліку і на вёсцы, – да 32,5%. Апошнім часам становяцца моднымі маналітныя дамы.

Зразумела, што ў пасляваенны перыяд буйнапанэльнае будаўніцтва паспрыяла змягчэнню праблемы жылля. Але цяпер старыя дамы не адпавядаюць сучасным патрабаванням. Блочныя будынкі эпохі сацыялізму патрабуюць ачалавечвання. Ёсць магчымасць падумаць пра вобраз горада, гарадскога раёна, кожнага жылога дома. Спрошчаныя бетонныя прастакутнікі ў мікрараёнах неабходна ператварыць у жывую і разнастайную структуру, як гэта зроблена на Захадзе. У Расіі так званыя хрушчоўкі паступова зносяць і на іх месцы ўзводзяць новыя дамы. А ў Беларусі вядзецца капітальны рамонт такіх дамоў, які, на думку спецыялістаў, працягне іх жыццё яшчэ на 100 гадоў. Акрамя таго, рэканструкцыя павялічыць камфортнасць і жыллёвую плошчу (на 60%) дамоў хрушчоўскай пары без засваення новых тэрыторый коштам ушчыльнення, прыбудоваў і надбудовы паверхаў.

І надалей буйнапанэльнае домабудаванне ў мадэрнізаваным выглядзе будзе працягвацца, бо яно найбольш таннае сярод іншых будаўнічых сістэмаў. Таннасць гарадскіх дамоў для насельнікаў з нізкімі даходамі можна дасягнуць, на думку прафесара архітэктуры Вальмена Аладава, шляхам памяншэння плошчы кватэраў у запланаваных для пабудовы дамах, прычым дзеля эканоміі сродкаў адмовіцца ад будаўніцтва дамоў з балконамі і лоджыямі, тым больш што на Беларусі няма неабходнасці хавацца ад спякоты і зашклёныя лоджыі пагаршаюць асвятленне жылых пакояў.

Такім парадкам, у сістэме рассялення і ў выглядзе гарадоў нас чакаюць вялікія змены.
4. Будучыня гарадоў
Чым больш вывучаеш горад, тым больш загадкавай выглядае яго будучыня. Турбуе тое, што сучасны горад – і гэта датычыцца не толькі Мінска – становіцца ўсё больш нялюдскім і нязручным. Гарады заўсёды былі цэнтрамі прагрэсу, прыцягвалі людзей і спрыялі росквіту грамадства. Але на пэўным этапе адбылася парадаксальная рэч: горад, нібы жывая і небяспечная істота, перастаў слухацца людзей, вырваўся з-пад кантролю. Горад стаў жыць сваім жыццём, і яго жыхары не паспяваюць за ім, не разумеюць яго, і таму ім становіцца тут няўтульна, а часам і страшна. Урэшце, людзі з жахам заўважаюць, што горад разбурае іх здароўе.

Прыкра і тое, што гараджане ўсё менш глядзяць адзін на аднаго. А чалавечы твар – найважнейшы сродак інфармацыі, дадзены прыродай, – цяпер становіцца, хутчэй, заслонай ад чужых.

Можа, горад ужо выканаў сваю місію і мусіць сысці ў нябыт? Нездарма ў 1970-я гг. загаварылі пра постіндустрыяльнае грамадства, дэурбанізацыю. Гараджане кінуліся ў прыгарадныя катэджы, у нашым выпадку – на лецішчы. Прыгарадныя вёскі абрастаюць сядзібамі гараджанаў. У гарадах скарачаецца сфера апрацоўчай прамысловасці і пашыраецца сфера паслуг, якая не патрабуе вялікай колькасці рабочых. У паўночных штатах ЗША ўжо назіраецца скарачэнне гарадскога насельніцтва. Шмат гаворак вядзецца пра крызіс мегаполіса. Некаторыя трактуюць гэта як крызіс гарадской цывілізацыі.

І ўсё ж гарады ў бліжэйшай перспектыве не знікнуць. Яны будуць існаваць, бо людзі – несамадастатковыя. Калі б кожны з нас вырабляў усё, што спажывае, і нам не хацелася б кантактаваць з іншымі людзьмі, то не было б неабходнасці і ў гарадах. Але прыроду людзей змяніць нельга. Удасканальванне сродкаў камунікацый не заменіць асабістых кантактаў, не заменіць невынішчальнага жадання глядзець адзін аднаму ў вочы. Гарады даюць нам найбольшы выбар ў працаўладкаванні і паслугах. Таму мы імкнемся туды і церпім іх забруджанасць, шум, цеснату і злачыннасць.

Чалавецтва заклапочанае змяншэннем негатыўных уплываў гарадской цывілізацыі. Ідзе пошук фармавання спрыяльных умоваў гарадскога асяроддзя. Узнікаюць амаль фантастычныя праекты развядзення агародніцтва на будынках-вежах, праекты падводных гарадоў, схаваных ад цунамі. У Ратэрдаме будуецца жылы высотны дом "Гарадскі кактус" (Urban Cactus), які будзе ачышчаць гарадское паветра. Ён увайшоў у дзесятку самых "зялёных" хмарачосаў свету. У іспанскім горадзе Бадахосе з'явілася "вуліца з кандыцыянерам", які дазваляе павышаць вільготнасць і зніжаць тэмпературу паветра на 15 градусаў. У Вялікабрытаніі ў 2007 г. пабудаваны першы поўнасцю экалагічна чысты дом, які не выдзяляе шкодных рэчываў і забяспечаны фотаэлементамі для кантролю. Англійскія архітэктары абяцаюць, што хутка іх суайчыннікі змогуць жыць у поўнай гармоніі з прыродай: для таго дастаткова перасяліцца са звычайнага дома ў экалагічны.

Але ці магчымы ў прынцыпе новы тып рассялення? Мяркую, што так. Шмат залежыць ад развіцця транспарту. Хуткасны аўтамабіль спарадзіў прыгарады, электрычка – гарады-спадарожнікі і гарадскія агламерацыі. Калі будзе пераадолены прасторавы бар'ер, людзі змогуць жыць у любым кутку свету, каб злятацца на працу ў гарадскія цэнтры, якія стануць выключна дзелавымі і культурнымі асяродкамі, а таму больш кампактнымі. Не выключана, што ў такім выпадку сучасныя гарады ператворацца ў нежывыя музейныя рэлікты, а замест іх узнікне нешта неверагоднае. Не выключана, што кожны зямлянін зможа мець уласную кватэру-шар і качацца ў ёй па Зямлі, як яму надумаецца, або спыняццца там, дзе яму падабаецца.

Гарадская цывілізацыя спарадзіла грамадства спажывання. Гараджане, разбэшчаныя камфортам, імкнуцца ні ў чым сабе не адмаўляць і прыдумваюць усё большыя спакусы і паслугі. Але ці вытрымае прыроднае асяроддзе выпрабаванне гарадской цывілізацыяй? Ці пратрывае чалавек выпрабаванне гарадской цывілізацыяй? Як ні намагаюцца людзі згарманізаваць гарадское жыццё, заганы горада ўвесь час пашыраюцца разам з павелічэннем вольнага часу гараджанаў і багаццяў. Існуе меркаванне: свет мяняецца, але не паляпшаецца; ён такі, якім бачаць яго людзі (гэта ведалі яшчэ старажытныя грэкі); да чалавека і чалавечых адносінаў ідэя прагрэсу не падыходзіць. Але калі так, то шлях да паўтарэння лёсу Рыма ў сусветным маштабе не выключаецца. Таму гараджане ўсё ж павінны вучыцца нейтралізоўваць адмоўныя ўплывы гарадской цывілізацыі. Іх бяспечнай жыццядзейнасці магла б паспрыяць філасофія аскетызму і гармоніі з натуральным асяроддзем (рацыянальнае харчаванне, рацыянальны камфорт, рацыянальнае спажыванне прыродных рэсурсаў). Зразумела, што грамадству спажывання прыняць такую філасофію не так проста. А вось што тычыцца стварэння гарманічнага асяроддзя для жыццядзейнасці людзей, то гэта справа зусім рэальная.

Не выключана, што на змену гарадской цывілізацыі калі-небудзь прыйдзе іншая, напрыклад, міжпланетная – для аб’яднання рэсурсаў. Як гэта ўжо было раней, пасля Вялікіх геаграфічных адкрыццяў, калі для выжывання былі патрэбныя рэсурсы кантынентаў усёй Зямлі.





 Існуе формула ацэнкі ўплыву на прадукцыйнасць працы, па-першае, зменаў у аб'ёме вытворчасці прамысловай прадукцыі і, па-другое, зменаў у памеры горада: q = f (k, e, Q, N), дзе

q – прадукцыйнасць працаўніка ў канкрэтнай галіне;

k – капіталаўзброенасць аднаго працаўніка;

e – адукацыйны ўзровень працаўнікоў (паказнік кваліфікацыі і эфектыўнасці);

Q – сукупны прадукт ў галіне;

N – агульная колькасць насельніцтва ў гарадскім арэале.

Па гэтай формуле можна вызначыць уплыў зменаў у аб'ёме вытворчасці ў галіне (Q) і зменаў памераў горада (N) на прадукцыйнасць працаўніка. Для таго трэба вымерыць рост прадукцыйнасці працаўніка ў разліку на адзінку зменаў у велічынях Q i N. Пры гэтым іншыя фактары прадукцыйнасці працы павінны заставацца нязменнымі (k, e і адпаведна Q або N). Іншымі словамі, для вызначэння эфекту лакалізацыі прадпрыемстваў адной галіны працэнтны рост прадукцыйнасці працаўніка дзеліцца на працэнтны рост вытворчасці галіны. Такім спосабам падлічана, што ў электратэхнічнай прамысловасці ЗША эфект лакалізацыі складае 0,05, гэта значыць, што 10-працэнтны рост аб'ёму прадукцыі вядзе да росту прадукцыйнасці работніка прыкладна на 0,5%.



Праўда, у 2003 г. быў прыняты міжнародны дакумент – Рыжская хартыя, якая дазваляе Беларусі, Украіне, Расіі і краінам Прыбалтыкі займацца навукова абгрунтаваным муляжаваннем у сувязі з вялікімі стратамі помнікаў у гады камуністычнага кіравання.


Транспартная іерархічная мадэль Коля (1880), правіла Цыпфа "ранг-памер"; тэхніка гравітацыйных мадэляў (gravitas лац. цяжар; гравітацыя – узаемапрыцягненне, у дадзеным выпадку гарадоў); выяўленне зонаў уплыву гарадоў паводле методыкі фон Цюнена; тэорыя цэнтральнага месца В. Крышталера (1933), тэорыя эканамічнага ландшафту Лёша (1940); французкая канцэпцыя "каркаса гарадоў". Сам тэрмін "каркас гарадоў" быў уведзены французкімі эканамістамі ў 1950-я гг.

 Больш падрабязна гл. лекцыю “Ментальнасць беларускіх гараджанаў”.

За выняткам раздзелаў дапаможніка “Беларусазнаўства” Эдуарда Дубянецкага (Мінск, 1997).

Адшукаць канкрэтныя лічбы гарадскіх бюджэтаў Беларусі не ўдалося. Афіцыйная крыніцы падаюць толькі апісанне структуры бюджэтаў.



1   ...   16   17   18   19   20   21   22   23   24


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка