Уводзіны Лекцыя Прадмет, задачы і функцыі гістарычнай навукі. Крыніцы вывучэння гісторыі Беларусі




старонка5/9
Дата канвертавання17.03.2016
Памер2.07 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9

ТЭМА 7

БЕЛАРУСЬ У ПЕРЫЯД КАСТРЫЧНІЦКАЙ РЭВАЛЮЦЫІ 1917г. І ГРАМАДЗЯНСКАЯ ВАЙНА

Лекцыя 11

1. Кастрычніцкія падзеі на Беларусі. Устанаўленне Савецкай улады.
3 24 на 25 кастрычніка 1917г. у Петраградзе пачалося ўзброенае паўстанне, якое ўзначаліў Ваенна-рэвалюцыйны камітэт (ВРК), створаны пры Петраградскім Савеце. Кіравала паўстаннем партыя бальшавікоў. 25 кастрычніка Часовы ўрад быў скінуты. 28 кастрычніка II Усерасійскі з'езд Саветаў абвясціў Савецкую ўладу ў цэнтры і на месцах.

Апоўдні 25 кастрычніка бальшавікі Мінска па вайсковым радыё атрымалі паведамленне аб перамозе ўзброенага паўстання ў Петраградзе. Мінскі Савет, дзе пераважалі бальшавікі, абвясціў сябе ўладай. 3 турмаў былі вызвалены салдаты, арыштаваныя за антываенныя выступленіі і з іх быў сфарміраваны Першы рэвалюцыйны полк. Былі створаны ваенна-рэвалюцыйныя камітэты (ВРК), якія абапіраліся на салдацкія масы. Супраціўленне бальшавікам аказаў Камітэт выратавання рэвалюцыі на чале з Т.Калатухіным. Неўзабаве у Мінску і на Заходнім фронце ўладу у свае рукі ўзяў ВРК. Ён распусціў Камітэт выратавання, а Калатухін быў арыштаваны.

На працягу кастрычніка-лістапада 1917г. савецкая ўлада была ўстаноўлена на усёй свабоднай ад немцаў тэрыторыі Беларусі. З’езды саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў, якія адбыліся ў лістападзе 1917 г., сваімі рашэннямі замацавалі перамогу савецкай улады на Беларусі.

27 лістапада выканаўчыя камітэты, абраныя з’ездамі Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Заходняй вобласці, Саветаў сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губерняў, 3аходняга фронту, аб'ядналіся і ўтварылі выканаўчы камітэт Заходняй вобласці і фронту (Абылвыканкомзах). Яго старшынёй быў абраны бальшавік М.Рагазінскі. Для кіравання вобласцю і фронтам быў створаны абласны Савет Народных Камісарау (СНК) на чале з бальшавіком К.Ландарам. Зазначым, што ў прэзідыўме СНК былі толькі прадстаўнікі фронту, сярод якіх не было ніводнага беларуса. Яны адкрыта выступілі супраць беларускага нацыянальнага дзяржаўнага самавызначэння, прытрымліваючыся ідэі стварэння ўнітарнай савецкай дзяржавы. У сувязі з гэтым, прызнаючы ўладу Саветаў ў Расіі, Вялікая беларуская рада не прызнавала ўладу Абылвыканкамзаха на тэрыторыі Беларусі, разглядаючы яго выключна як франтавы орган ўлады.

30 лістапада 1917г. прадстаунікі розных партый і рухаў, якія ўваходзілі ў Вялікую беларускую раду, выступілі з адозвай "Да ўсяго беларускага народа", у якой аб'явілі сваю палітычную праграму. Для арганізацыі законнай улады ў цэнтры і на месцах меркавалася 5 снежня 1917г. склікаць у Мінску з'езд прадстаўнікоў усяго беларускага народа. Дазвол на правядзенне з'езда даў урад УЛ.Леніна, а нарком па нацыянальных справах I.В.Сталін выдзеліў на яго правядзенне 50 тыс.рублёў і паабяцаў, што рашэнні форума будуць прызнаны савецкай уладай.

I Усебеларускі з’езд праходзіў 5-17 снежня 1917г. у Мінску. 3 1872 дэлегатаў 1167 мелі права рашаючага голасу, 705 - дарадчага. Па сваім прадстаўніцтве і складзе з’езд быў паўнамоцным органам у вырашэнні пытання аб стварэнні краёвай рады.

Па сваёй палітычнай накіраванасці дэлегаты з'езда падзяляліся на тры групоўкі: правых, левых і цэнтрыстаў. Цэнтрысцкі накірунак прадстаўлялі дэлегаты БСГ. У ходзе работы з'езда да іх далучылася значная частка правых эсэраў і т.зв. група "беспартыйных". Левы накірунак аб’яднаў у асноўным левых эсэраў і быў нешматлікім. Правае крыло уключала прадстаўнікоў розных буржуазных нацыяналістычных, а таксама клерыкальных і памешчыцкіх арганізацый.

У ноч з 17 на 18 снежня з’езд аб'явіў праект рэзалюцыі "Аб сама-вызначэнні Беларусі і аб часовай краявой уладзе". Галоўнае ў гэтай рэзалюцыі – прапанова аб стварэнні новага краявога органа улады – Усебеларускага Савета сялянскіх, салдацкіх, і рабочых дэпутатаў.

Дэлегаты з’езда паспелі прыняць толькі першы пункт рэзалюцыі, які стаў вырашальным у лёсе з’езда і яго дэлегатаў. Гэты пункт рэзалюцыі (прыняты аднагалосна) азначаў, што ў межах Беларусі абвяшчаўся "рэспубліканскі дэмакратычны лад" на чале з Усебеларускім Саветам сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў. Улада Абылвыканкомзаха, СНК Заходняй вобласці і фронту была прызнана незаконнай. Гэта паслужыла падставай для правядзення Саўнаркомам Заходняй вобласці рэзкай палітычнай акцыі супраць з’езда, якая атрымала розныя ацэнкі: СНК Заходняй вобласці назваў яе "роспуск", Савет Усебеларуекага з'езда Саветаў - "разгон", прэса - "закрыццё".

18 снежня 1917 г. члены прэзідыўма Ўсебеларускага з'езда правялі падпольнае паседжанне, на якім выбралі выканкам рады з'езда на чале з лідэрам народніцкага крыла БСГ Ф.Грыбам.

21 лютага 1918 г. выканкам Усебеларускага з'езда звярнуўся да народаў Беларусі з першай устаўной граматай, у якой яшчэ да склікання Устаноўчага сойма (з'езда) аб'явіў сябе часовай уладай на Беларусі. Да адкрыцця сойма выканаўчыя функцыі ўскладаліся на створаны выканкамам - Народны сакратарыят (урад), старшынёй якога стаў лідэр правага крыла БСГ Я.Я.Варонка. У першай устаўной грамаце падкрэслівалася, што "беларускі народ павінен здейсніць свае права на поўнае самавызначэнне, а нацыянальныя меншасці - на нацыянальна-персанальную аўтаномію".

9 сакавіка 1918г. выканкам Усебеларускага з'езда прыняў другую ўстаўную грамату, у якой аб'явіў Беларусь “у рубяжах рассялення і лічбавай перавагі беларускага народу” народнай рэспублікай – БНР. Выканкам быў пераіменаваны ў Раду БНР, прэзідыўм якой узначаліў прадстаўнік БСГ І.М.Серада Выканаўчым органам аб'яўляўся Народны сакратарыят, які назначала Рада і які быў адказны перад ёй.

25 сакавіка 1918 г. на сесіі Рады была прынята трэцяя ўстаўная грамата, якой абвяшчалася незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. БНР абвяшчалася ў межах этнічнага пражывання і колькаснай перавагі беларускага народа. У грамаце Рада дабівалася перагляду ўмоў Брэсцкага міру, падпісанага 3 сакавіка 1918г. паміж Савецкай Расіяй і Германіяй, у дакументах якога Беларусь не прызнавалася самастойным нацыянальным рэгіёнам Расіі і не мела свайго наймення (у той час, як з Украінскай Народнай Рэспублікай мірныя умовы былі заключаны асобна).

Але Германія не прызнавала БНР. Не дапамог нават зроблены Радай БНР адчайны крок, які не прынёс ніякіх дывідэнтаў, але пакінуў цяжкі след у яе гісторыі: 25 сакавіка 1918г. на закрытым паседжанні быў прыняты тэкст тэлеграмы германскаму імператару Вільгельму II, у якой выказвалася ўдзячнасць за вызваленне Беларусі ад бальшавіцкага прыгнёту і анархіі. Ініцыятыва пасылкі тэлеграмы зыходзіла ад Р.Скірмунта. На гэты шлях Раду падштурхоўваў прыклад Літвы, Украіны і Польшчы. Тэлеграма выклікала хвалю пратэсту ў палітычных партыях і ў розных слаях насельніцтва.

Пасля лістападаўскай рэвалюцыі 1918г. у Германіі Расія дэнансавала Брэсцкі мірны дагавор і рушыла Чырвоную Армію на Захад. 10 снежня 1918г. Чырвоная Армія увайшла ў Мінск. Большасць членаў Рады і урада БНР пакінулі сталіцу.

Якія высновы трэба зрабіць па факту абвяшчэння БНР і дзейнасці яе кіруючых органаў? У сучаснай літаратуры існуе некалькі поглядаў па гэтым пытанні.

1. У юрыдычным сэнсе БНР дзяржавай не стала. Наяўнасць самастойнай дзяржаўнасці прадугледжвае не толькі абвяшчэнне тых ці іншых афіцыйных дэкларацый, але і функцыяніраванне рэальнай сістэмы органаў улады на пэўнай тэрыторыі, выпрацоўку і прыняцце законаў, іх рэалізацыю, гэта значыць праватворчую дзейнасць, выкананне канкрэтных функцый, гарантыю забяспячэння правоў і свабод сваіх грамадзян. Усё гэта адсутнічала, таму БНР з'яўлялася толькі зародкавай формай, магчымай перспектывай дзяржаўнага ўтварэння. Хоць рэспубліка і абвяшчалася ў этнічных межах пражывання беларусаў, сваю юрысдыкцыю на гэтай тэрыторыі яна не ажыццяўляла. Пагранічных падзелаў і службы не было, як не было і арміі. Адсутнічала фінансавая сістэма, не сфарміраваліся органы ўлады на месцах. Урэшце, у БНР не было і канстытуцыі ў поўным сэнсе гэтага слова. Функцыі ўрада абмяжоўваліся ажыццяўленнем паўнамоцтваў нацыянальнага ўрада пры германскай акупацыйнай адміністраціі і рашэннем шэрага задач у культурна-асветніцкай сферы, а таксама ў галіне развіцця мясцовай прамысловасці і гандлю.

2. Абвяшчэнне БНР з’явілася першай спробай раэалізацыі на практыцы беларускай ідэі, што ўзнікла яшчэ ў пачатку XIX ст., сукупнасці усіх трох яе асноватворных элементаў – нацыянальнай свядомасці, нацыянальна-культурнага адраджэння і нацыянальнай дзяржаўнасці. Гэта сведчанне таго, што беларускі нацыянальны рух у той час набыў такую моц і размах, што аказаўся здольным паспрабаваць здейсніць жаданую ідэю.

3. Абвяшчэнне БНР трэба разглядаць і як акт самаабароны, як зварот да сусветнай грамадскасці з заявай аб імкненні беларускага народа да самавызначэння, бо пагроза тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі ішла з боку не толькі Германіі, але і Польшчы, якая імкнулася да адраджэння польскай дзяржавы у межах 1772г., гэта значыць да поўнай інкапарацыі Беларусі. У пашырэнні сваіх межаў былі зацікаўлены і літоўскія палітыкі. Паўднёвыя паветы (Пінскі, Мазырскі, Рэчыцкі, Гомельскі) былі ўключаны ў склад Украінскай Народнай Республікі. Усходнія землі, не акупіраваныя Геpмaніяй, зacтaліcя пад юрысдыкцыяй Савецкай Расіі. Абвяшчэнне БНР змяніла адносіны да беларускіх тэрыторый як да земляў “нічыйных”.

Прыняцце акта аб незалежнасці БНР, дзейнасць яе Рады актывізавалі рост нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, прымусілі бальшавіцкі ўрад У.І.Леніна перагледзець сваю палітыку ў адносінах да Беларусі і пайсці на стварэнне хоць і абмежаванай у правах, але ўсё ж беларускай дзяржаўнасці.


ПЫТАННІ ДЛЯ САМАКАНТРОЛЮ:

1. Назавіце асноўныя падзеі Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Беларусі.


2. Утварэнне БССР
Актыўнымі выразнікамі ідэі бедарускай дзяржаўнасці сталі дзеячы левага крыла нацыянальна-вызваленчага руху Беларусі 3.Жылуновіч, А.Чарвякоў, І.Лагун, Я.Дыла, Б.Тарашкевіч, Я.Канчар і іншыя. У пачатку 1918г. яны склалі аснову Беларускага нацыянальнага камісарыята (Белнацкама), створанага ў адпаведнасці з дэкрэтам У.Леніна ад 31 студзеня 1918г. Ён функцыяніраваў на правах аддзела Народнага камісарыята па справах нацыянальнасцяў PCФCP.

Пазіцыі Белнацкама ў пытанні дзяржаўнасці падтрымлівалі беларускія секцыі РКП/б/, якія існавалі ў I9I8-I9I9гг. у Петраградзе, Маскве, Варонежы, Казані, Саратаве, Тамбове і інш. гарадах. Праз газету "Дзянніца" настойліва прапагандавалася ідэя права на самавызначэнне беларускага народа на аснове савецкага ладу і ў саюзе з РСФСР.

Вырашальным крокам на шляху самавызначэння Беларусі з'явіліся рашэнні канферэнцыі беларускіх секцій РКП/б/, якая адбылася 21-23 снежня 1918г. у Маскве. Канферэнцыя прызнала неабходным стварэнне Часовага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі, выбрала Цэнтральнае бюро беларускіх секцый РКП/б/ з 5 чалавек на чале з З.Жылуновічам. Цэнтральнаму бюро было даручана пасля прызначанай на канец 1918г. VI Паўночна-Заходняй абласной канферэнцыі РКП/б/ склікацть Усебеларускі з'езд камуністў і стварыць нацыянальны партыйны цэнтр. Прынятыя дакументы паставілі ЦК РКП/б/ перад неабходнасцю тэрмінова вырашаць праблему беларускай дзяржаўнасці.

30 снежня I9I8г. у Смаленску для абмеркавання пытання аб утварэні БССР і КПБ Паўночна-Заходні абласны камітэт РКП/б/ склікаў VI Паўночна Заходнюю абласную канферэнцыю РКП/б/, якая і прыняла рэзалюцыю "Аб абвяшчэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі”. У склад БССР уключаліся Мінская, Гродзенская, Віцебская, Магілёўская і Смаленская губерні. Паўночна-заходняя арганізацыя РКП /б/ была перайменавана ў КП/б/Б і засталася, як і ўсе іншыя нацыянальна-тэрытарыяльныя партыйныя арганізацыі, часткай РКП/б/. Гэта канферэнцыя аб'явіла сябе I з'ездам КП/б/Б.

I студзеня 1919 г. у Смаленску быў абнародаваны Маніфест Часовага рэвалюцыйнага рабоча-сялянскага савецкага ўрада, які абвясціў утварэнне БССР і асноўныя палажэнні дзяржаўнага статуса рэспублікі. Уся улада перадавалася Саветам рабочых, батрацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў; зямля, воды, нетры, фабрыкі і заводы абвящчаліся ўласнасцю народа. Усе законы, дагаворы, пастановы, загады і распараджэнні "як рады і яе слуг, так сама нямецкіх, польскіх і ўкраінскіх акупацыйных улад лічацца несапраўднымі".

5 студзеня 1919 г. сталіцай БССР стаў Мінск, куды 8 студзеня пераехаў і Часовы урад.

3 прававога пункту гледжання працэдура стварэння дзяржавы і ўтварэння яе ўласных органаў на аснове рашэнняў парторганаў можа лічыцца нелегітымнай. Але РКП/б/ праз Саветы ўжо ажыццяўляла ўсе ўладныя функціі. Гэта ўжо стала нормай. Задачу ж надання легітымнасці гэтым актам павінен быў вырашыць Усебеларускі з'езд Саветаў, на якім меркавалася прыняць Канстытуцыю республікі, зацвердзіць герб і сцяг, выбраць ЦВК.

Аднак у перыяд падрыхтоукі з’езда, 16 студзеня 1919г., ЦК РКП/б/ прыняў рашэнне аб далучэнні да РСФСР Віцебскай, Магілёускай і Смаленскай губерняў і аб'яднанні часткі БССР, што засталася, з Літоўскай ССР. Спыненне нацыянальна-дзяржаўага будауніцтва на Беларусі такім ганебным чынам тлумачылася інтарэсамі сусветнай пралетарскай равалюцыі, аховай яе ядра – Савецкай Расіі – ад імперыялістычных захопнікаў.

2 - 3 лютага 1919 г. у Мінску праходзіў Усебеларускі з'езд Саветаў на якім Я.М.Свярдлоў зачытаў пастанову Прэзідыўма УЦВК "Аб прызнанні незалежнасці БССР". Тут жа па прапанове Я.Свярдлова было прынята рашэнне аб аб'яднанні БССР з Літоўскай ССР.

Акрамя таго, з’езд прыняў Канстытуцыю БССР, якая поўнасцю адпавядала Канстытуцыі РСФСР 1918г.

27 лютага 1919г. былі створаны ЦВК Літоўска-Беларускай ССР (100 чалавек) і яго прэзідыум на чале з К.Цыхоўскім, урад аб'яднанай рэспублікі –Савет Народных Камісараў на чале з В.Міцкявічусам-Капсукасам. У склад ЛітБел увайшла тэрыторыя Мінскай, Гродзенскай, Віленскай, Ковенскай і частка Сувалскай губерняў з больш як 6-мільённым насельніцтвам.

У жніўні 1919г. тэрыторыя ЛітБел поўнасцю была акупіравана польскімі войскамі. Фармальна ЛітБел праіснавала да ліпеня 1920г. 31 ліпеня 1920г. пасля выгнання Чырвонай Арміяй палякаў з Мінска, была абвешчана Дэкларацыя аб незалежнасці БССР. У дэкларацыі сцвярджалася, што рэспубліка будуецца на прынцыпах "дыктатуры пралетарыята і выкарыстання ўсяго вопыту Савецкай Расіі".

У перыяд свайго другога абвяшчэння рэспубліка аднавілася толькі ў межах Мінскай губерні. Па Рыжскаму мірнаму дагавору, які быў падпісаны 18 сакавіка 1921г. паміж Савецкай Расіяй і Польшчай, да Польшчы адышла ўся Заходняя Беларусь з насельніцтвам больш чым 4 млн.чалавек. Усходнія землі па-ранейшаму заставаліся пад юрысдыкцыяй Расіі.

Такім чынам, працэс станаўлення беларускай дзяржаунасці ў I9I7-I920гг. быў надзвычай цяжкім і драматычным. Спецыфічнае геаграфічнае становішча Беларусі, перапляценне гістарычных лёсаў беларусаў з лёсамі прадстаўнікоў іншых народаў, і перш за ўсё рускага, польскага, літоўскага, іншыя асаблівасці абумовілі тое, што ў ёй агульнанацыянальныя інтарэсы ўступалі месца партыйна-класавым імкненням розных труп насельніцтва. Акрамя таго, праяўляў жывучасць як вялікарускі, так і вялікапольскі шавінізм. Аднак, нягледзячы на тэрытарыяльныя страты ў гады вайны, была ўтворана і прызнана "дэ-юрэ" беларуская нацыянальная дзяржаўнасць.


ПЫТАННІ ДЛЯ САМАКАНТРОЛЮ:

1. Як праходзіў працэс станаўлення беларускай дзяржаўнасці ў 1917-1920гг.


3. Сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні.
Важнейшым з першачарговых мерапрыемстваў Савецкай улады было ўстанаўленне кантролю за фінансамі. 3 гэтай нагоды дэкрэтам УЦВК 14 снежня 1917 г. была праведзена нацыяналізацыя усіх прыватных банкаў краіны і створаны адзіны Дзяржаўны банк, з яго канторамі на месцах, у тым ліку і ў гарадах Беларусі.

Наступным крокам Савецкага ўрада было рашэнне аб увядзенні рабочага кантролю з мэтай барацьбы з сабатажам былых царскіх чыноунікаў, шэрага прадпрымальнікаў і банкіраў. У выніку гэтага ўдалося прадухіліць спыненне дзейнасці многіх заводаў і фабрік, прыватных чыгунак, банкаў.

Важнейшай мерай па перабудове народнай гаспадаркі на сацыялістычны лад была нацыяналізацыя прамысловасці. На тэрыторыі Беларусі гэты працэс праводзіўся па меры вызвалення ад нямецкіх, а затым ад польскіх акупантау. З сярэдзіны лютага 1918г. пачалася нацыяналізацыя кніжных і газетных кіёскаў, рэстаранаў, кафэ, аптэк і г.д.

2 лютага 1918 г.УЦВК зацвердзіў дэкрэт аб стварэнні Вышэйшага савета народнай гаспадаркі /ВСНГ/, на які ўскладалася задача аднаўлення народнай гаспадаркі і дзяржаўных фінансаў, а таксама фабрычна-завадскіх камітэтаў і прафсаюзаў у галіне эканомікі.

У снежні 1917 – студзені 1918г. на месцах пачалося стварэнне саўнаргасаў. Пасля абвяшчэння ў студзені 1919г. БССР быў створаны Савет народнай гаспадаркі республікі, які стварыў цэнтралізаванае ўпраўленне прамысловасцю па галінах, якія адпавядалі глаўкам ВСНГ.

Вясной 1918г. Савецкая Расія аказалася ў найцяжэйшым становішчы: вайна, гаспадарчая разруха, голад патрабавалі надзвычайных мер у галіне эканомікі, у далейшым названых "ваенным камунізмам". Галоўнымі задачамі гэтай палітыкі былі правядзенне харчовай раскладкі і ўвядзенне дзяржаўнай манаполіі на хлебны гандаль, нацыяналізацыя ўсей прамысловасці, жорсткае размеркаванне харчовых і прамыеловых тавараў, усеагульная працоўная павіннасць. Быў ліквідаваны прыватны гандаль, адбылося адзяржаўленне кааперацыі. Рабілася спроба ўстанавіць прамы прадуктаабмен паміж горадам і вёскай, што вяло да натуралізаціі эканамічных сувязяў.

Такім чынам, "ваенны камунізм" уяўляў сабой тып гаспадарчай сістэмы, у якой па сутнасці не было эканамічнага механізма. Кіраванне поўнасцю апіралася на адміністрацыйныя метады і жорсткую цэнтралізаваную адміністрацыйную структуру. К канцу 1920 г. стала зразумела, што развал народнай гаспадаркі – вынік не толькі вайны, разрухі, сабатажу, але і самой сістэмы.

У першыя гады Савецкай улады былі эроблены пэўныя захады па вырашэню сацыяльных пытанняў. Так, на прадпрыемствах, у майстэрнях заканадаўчым шляхам быў уведзены 8-гадэінны рабочы дзень, забаранялася праца малалетніх, падлеткі працавалі па 4 - 6 гадзін. Уводзіўся штотыднёвы адпачынак. Значная ўвага надавалася вырашэнню жыллёва-бытавых умоў і медыцынскага абслугоўвання працоўных. Створаныя пры Саветах спецыяльныя камісіі займаліся перасяленнем рабочых у кватэры буржуазіі згодна са спісамі, якія складаліся прадпрыемствамі. Дарэчы, з гэтага моманту людзі сутыкнуліся з праблемамі жыцця ў так званых кватэрах-камуналках.

Праблема ліквідацыі беспрацоўя вырашалася праз біржы працы. Ужо ў лютым-сакавіку 1918г. яны дзейнічалі у Віцебску, Мінску, Магілёве, Оршы. Было ўведзена сацыяльнае страхаванне за кошт дэяржавы на выпадак беспрацоўя. Першапачаткова Савецкая ўлада падтрымлівала дзеянні прадпрымальнікаў па стварэнні новых працоўных месцаў. Так, на базе былых артылерыйскіх майстэрань у Віцебску былі адкрыты шавецкая, кравецкая, рымарская майстэрні і дрэваапрацоўчы завод, дзе ў першы час было занята 24 былых беспрацоўных.

Для забяспячэння працоўных прадуктамі харчавання былі арганіэаваны спецыяльныя харчовыя органы. На прадпрыемствах для рабочых адкрываліся сталовыя.

Для Беларусі, як аграрнага краю, адным з важнейшых пытанняў было зямельнае пытанне, арганізацыя жыцця сялянства. За аснову аграрнага заканадаўства быў узяты Дэкрэт аб зямлі, прыняты II Усерасійскім з’ездам Саветаў. Дэкрэт змяшчаў тры важнейшыя палажэнні: нацыяналізацыю зямлі, канфіскацыю панскіх зямель і ураўняльнае землекарыстанне. У студзені 1918г. III Усерасійскі з’езд Саветаў прыняў “Асноўны закон аб сацыялізацыі”, на падставе якога быў распрацаваны шэраг дакументаў па размеркаванні зямлі ў Беларусі. Пры размеркаванні зямлі ўлічвалася не толькі колькасць едакоў, але і наяўнасць зямель у канкрэтнай мясцовасці, іх якасць. Пры гэтым у першую чаргу ўлічваліся інтарэсы бяднейшых сялян.

У Беларусі, як і па усей РСФСР, арганізоўваліся калектыўныя гаспадаркі: камуны, сельгасарцелі, ТОЗы (таварыствы па сумеснай апрацоўцы зямлі), якія адрозніваліся паміж сабой па ступені абугульнення сродкаў вытворчасці. Арганізацыя калектыўных гаспадарак на тэрыторыі Беларусі найбольшы размах набыла з утварэннем летам 1918г. камітэтаў беднаты.

Пэўная ўвага удзялялася развіццю культуры. Найважнейшай праблемай з’яўлялася ліквідацыя непісьменнасці. У 1918г. у беларускай вёсцы на 100 дарослых даводзілася толькі 17 пісьменных.

Такім чынам, 1917-1920гг. сталі гадамі няпростага выбару беларускім народам шляхоў да незалежнасці і грамадскага прагрэсу.

Першыя крокі нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва на Беларусі былі адзначаны памылкамі і пралікамі. Гэта ў значнай меры было абумоўлена тым, што кіруючая бальшавіцкая партыя разглядала нацыянальнае пытанне як падпарадкаванне пытанню аб уладзе: бальшавікі лёгка ішлі на прыняцце рашэнняў адносна беларусаў і Беларусі, што не заўсёды ўкладваліся ў рамкі права нацыі на самавызначэнне, дэклараванае ў праграмных дакументах РСДРП/б/.

ПЫТАННІ ДЛЯ САМАКАНТРОЛЮ:

1. Вызначце сутнасць палітыкі “ваеннага камунізму”.

ТЭМА 8

БЕЛАРУСЬ У МІЖВАЕННЫ ПЕРЫЯД. СТВАРЭННЕ БЕЛАРУСКАЙ ДЗЯРЖАЎНАСЦІ

Лекцыя 12

1.            Узбуйненне тэрыторыі БССР. Утварэнне СССР.
Пасля заканчэння грамадзянскай вайны і абвяшчэння Дэкларацыі аб незалежнасці БССР ад 31 ліпеня 1920 г. у полі зроку кіраўніцтва рэспублікі знаходзіліся пытанні, звязаныя з суверэнітэтам і тэрытарыяльнай цэласнасцю БССР.Нагадаем, што ў пачатку 1921 г. тэрыторыя БССР складалася фактычна з шасці паветаў: Бабруйскага, Барысаўскага, Ігуменскага /з 1923г. Чэрвеньскага/, Мазырскага, Мінскага і Слуцкага. Агульная плошча рэспублікі складала 52,3тыс.км.кв., дзе пражывала прыкладна 1 млн.500 тысяч чалавек.

Такім чынам, дзяржаўнае, нацыянальна – культурнае развіццё БССР стрымлівалася як абмежаванымі матырыяльнымі рэсурсамі малой тэрыторыяй, так і штучным разрывам гаспадарчых і культурных сувязей паміж рэгіёнамі, што складаліся на працягу стагодзяў.

Пасля ўтварэння СССР /30.12.1922г./ VIII з’езд кампартыі Беларусі, а таксама І і ІІ сесія ЦВК БССР (сакавік 1923г.) выказаліся за ўзбуйненне БССР, за кошт далучэння Віцебскай і Гомельскай губерняў і некалькі паветаў Смаленскай губерніі. У выніку гэтага тэрыторыя БССР павялічылася да 110 тыс. км.кв., г.зн. больш чым у два разы, а насельніцтва – да 4,2 млн. чалавек.

У снежні 1926 г. Прэзідыум УЦВК выдаў пастанову аб перадачы БССР Гомельскага і Рэчыцкага паветаў. Тэрыторыя БССР павялічылася да 125,8 тыс.км.кв., а насельніцтва прыкладна да 5 млн. чалавек. З 15 студзеня 1938 г. у рэспубліцы было ўведзена абласное дзяленне: утвораны Віцебская, Гомельская, Магілёўская, Мінская і Палеская вобласці, якія ўключалі 90 раёнаў.

Саветызацыя нацыянальных раёнаў былой Расійскай імперыі, падпарадкаванне іх партыйнаму кантролю цэнтра спрыялі працэсу аб’яднання савецкіх рэспублік.

30 снежня 1922 г. адбыўся І з’езд Саветаў СССР, які зацвердзіў праект Дагавора і Дэкларацыі аб утварэнні СССР у складзе РСФСР, БССР, УССР, ЗСФСР. У выбраны з’ездам ЦВК СССР ад БССР увайшло 7 чалавек. А.Р. Чэрвякоў стаў адным з чатырох старшынь Прэзідыума ЦВК СССР. У кампетэнцыю вышэйшых органаў улады СССР адышлі знешняя палітыка, пытанні вайны і міру, права змянення знешніх граніц і пытанні іх змянення паміж рэспублікамі, узброеныя сілы, транспарт, сувязь, планаванне народнай гаспадаркі, фінансы, вырашэнне спрэчных пытанняў, якія маглі ўзнікнуць паміж рэспублікамі і інш.

Асноўныя палажэнні Дагавора зацвердзіла Канстытуцыя СССР, якая была прынята на ІІ з’ездзе Саветаў СССР 31 студзеня 1924 г. Канстытуцыя давала магчымасць РСФСР мець перавагу ў ЦВК, бо Савет Саюза складаўся з дэпутатаў прапарцыянальна колькасці насельніцтва, а ў РСФСР пражывала ў той час 75% усяго насельніцтва Саюза, і ён быў больш шматлікім, чым Савет нацыянальнасцяў.

Стварэнне СССР выклікала ў многіх народаў краіны надзею на больш справядлівае і дэмакратычнае вырашэнне нацыянальнага пытання. Але, як паказала жыццё, ён не змог вырашыць гэта пытанне ў поўным аб’ёме. Жорсткая цэнтралізацыя ўлады фактычна прывяла да сталінскай “аўтанамізацыі” Савецкіх рэспублік, што не ўмацоўвала, а, наадварот, аслабляла Савецкі Саюз і ў рэшце рэшт прывяла да яго распаду.

Асаблівасцю палітычнага жыцця Беларусі ў 1920-я гг. з’яўлялася тое, што ў рэспубліцы, як і ва ўсім СССР, замацавалася аднапартыйная сістэма – адзін з важнейшых фактараў усталявання дыктатарскага рэжыму. Тэндэнцыя падпарадкавання лініі партыі ўсіх думак і поглядаў прывяла ў 30-я гг. да ўзмацнення партыйнага ўціску ў розных сферах жыцця, да масавых рэпрэсій.
ПЫТАННІ ДЛЯ САМАКАНТРОЛЮ:

1. Назавіце этапы ўзбуйнення тэрыторыі БССР.

2. Якое значэнне мела узбуйненне тэрыторыі рэспублікі ў 1924-1926гг?
2.            Гаспадарчае развіццё Беларусі ва ўмовах новай эканамічнай палітыкі / 1921 – 1928 гг./.
На пачатку 1920 –х гг. Савецкая дзяржава апынулася ў крызісным стане. У знешнепалітычным плане ён праявіўся ў палітычнай ізаляцыі. Урады большасці краін адносіліся да Савецкай Расіі варожа. Перспектывы сусветнай сацыялістычнай рэвалюцыі аказаліся маларэальнымі. Ва ўнутрыпалітычным становішчы Савецкай дзяржавы крызіс праявіўся ў страце правячай партыяй даверу ў масах і ўзнікненні супярэчнасцяў паміж радавымі членамі і кіруючымі вярхамі, у сістэме кіравання, бюракратызацыі, адсутнасці дэмакратыі. Кульмінацыяй незадаволенасці палітыкай “ваеннага камунізму”, якая праводзілася Савецкай уладаў у часы грамадзянскай вайны, стала паўстанне кранштадскіх маракоў у лютым – сакавіку 1921г.

Вельмі цяжкім было сацыяльна – эканамічнае становішча ў Беларусі. Яно было выклікана сямігадовымі вынікамі першай сусветнай і грамадзянскай войнаў, германскай і польскай акупацыяй. У 1920 г. агульны аб'ём валавай прадукцыі прамысловасці склаў усяго 15 – 20% даваеннага ўзроўню. У крызісным стане знаходзіўся чыгуначны і водны транспарт. Вялікая шкода была нанесена сельскай гаспадарцы: яе валавая прадукцыя ў 1921 г. складала меньш за палавіну даваеннай. Цяжкія ўмовы жыцця ў гарадах выклікалі забастоўкі рабочых, прымусовыя канфіскацыі збожжа вялі да супраціўлення сялян уладам. Пашыраўся бандытызм, нелегальныя гандлёвыя зносіны з замежжам.

Галоўнай прычынай і асаблівасцю сацыяльна – эканамічнага крызісу ў краіне з’яўлялася тое, што вытворца – селянін не мог больш мірыцца з харчраскладкай і палітыкай “ваеннага камунізму” – гвалтоўнымі метадамі кіравання эканомікай. Тэрміновы перагляд метадаў кіравання грамадствам і гаспадаркай больш чым наспеў..

Адказам на гэтыя пытанні стала новая эканамічная палітыка – НЭП. Пачатак ёй быў пакладзены на Х з’ездзе РКП(б) у сакавіку 1921 г. НЭП – гэта сістэма эканамічных, сацыяльных, палітычных і культурных мер, накіраваных на ўкараненне рыначных адносін ў народнай гаспадарцы.



У сферы прамысловасці Беларусі новая эканамічная палітыка праявілася ў наступным:

1.            Скасоўвалася празмерная цэнтралізацыя кіравання. Былі створаны групавыя ўпраўленні, якія падпарадкоўвалася непасрэдна Саўнаргасу БССР. Прамысловасць рэспублікі атрымала магчымасць лепш выкарыстоўваць мясцовую сыравіну і рэсурсы.

2.            Усе прамысловыя прадпрыемствы былі падзелены на чатыры групы. У першую групу ўваходзілі найбольш буйныя дзяржаўныя прадпрыемствы, якія павінны былі працаваць на аснове гаспадарчага разліку / за кошт прыбытку пакрываць страты /. Да другой адносіліся тыя прадпрыемствы, якія падлягалі часовай кансервацыі. У трэцяй групе знаходзіліся прадпрыемствы, якія не мелі дзяржаўнага значэння і аддаваліся ў арэнду кааператыўным арганізацыям і прыватным асобам. Да чацвёртай групы належалі прадпрыемствы, якія падлягалі закрыццю, іх рабочыя і служачыя пераводзіліся на функцыяніручыя фабрыкі і заводы.

3.            Ліквідавалася ўраўнілаўка ў аплаце працы рабочых, формы аплаты ўлічвалі кваліфікацыю рабочага, колькасць і якасць яго працы. У першыя гады НЭПа практыкавалася натуральная і грашовая аплата працы.



У сферы сельскай гаспадаркі новая эканамічная палітыка праявілася ў наступным:

1.            Замест харчраскладкі быў уведзены харчпададак, які быў у два разы меньш.

2.            Свабодны выбар формаў землекарыстання, падтрымка розных форм кааперацыі.

3.            Свабоднае распараджэнне сялянамі лішкамі сваёй прадукцыі.

4.            Замена натуральнага падатка грашовым / з 1.1.1924 г./.

5.            Дазвол арэнды зямлі і найму рабочай сілы.

Было дазволена прадпрымальніцтва. Развіваліся ўсе формы гандлю – дзяржаўны, кааператыўны і прыватны /знешні гандаль заставаўся дзяржаўнай манаполіяй/.

У 1922 – 1924 гг. была праведзена грашовая рэформа, што прывяло да фінансавай стабілізацыі ў краіне.

НЭП дазволіў спалучаць дзяржаўныя і асабістыя інтарэсы. Дзякуючы гэтай палітыцы была паспяхова адноўлена сельская гаспадарка рэспублікі, атрымала стымул для развіцця прамысловасць, панізіўся ўзровень беспрацоўя.Безумоўна, НЭП стымуляваў сацыяльнае расслаенне грамадства, у чым кіраўніцтва бальшавіцкай партыі бачылі пагрозу ажыццяўленню сваіх праграмных мэт. У канцы 1920-х гг. НЭП згортваецца.

ПЫТАННІ ДЛЯ САМАКАНТРОЛЮ:

1. Вызначце сутнасць і асаблівасці НЭПа.
3.            Эканамічнае і сацыяльнае развіццё Беларусі ў гады першых пяцігодак.
Першы пяцігадовы план развіцця народнай гаспадаркі і культуры БССР, які быў распрацаваны на аснове агульнасаюзнага плана на 1928 – 1932 гг., зацвердзіў ІХ Усебеларускі з’езд Саветаў у маі 1929 г. Галоўная задача плана фармулявалася як фарсіраваны тэмп індустрыялізацыі БССР, павышэнне ўдзельнай вагі прамысловасці ў народнай гаспадарцы і на гэтай аснове ліквідаванне эканамічнай і культурнай адсталасці рэспублікі, рэканструяванне сельскай гаспадаркі, выцясненне капіталістычных элементаў у горадзе і вёсцы.

Агульны аб’ём капіталаўкладанняў у прамысловасць рэспублікі за пяцігодку склаў 243 млн.руб. і перавысіў укладанні папярэдніх 10 гадоў больш чым у 5,3 раза. Асаблівая ўвага ўдзелялася развіццю такіх галін прамысловасці, як дрэваапрацоўчая, запалкавая, папяровая, харчовая, льняная і швейная. Адначасова выдзяляліся значныя сродкі на машынабудаванне для патрэб сельскай гаспадаркі і прамысловасці будаўнічых матэрыялаў. Гэтыя напрамкі ў індустрыялізацыі Беларусі будуць вызначальнымі і ў гады другой пяцігодкі (1933 – 1937 гг.).

Ужо ў першай пяцігодцы былі пабудаваны швейная фабрыка “Стяг індустрыялізацы” і панчошна – трыкатажная фабрыка “КІМ” у Віцебску, першая чарга фабрыкі штучнага валакна і трубаліцейны завод у Магілёве, Бабруйскі, Барысаўскі і Гомельскі дрэваапрацоўчыя камбінаты, буйнейшая ў рэспубліцы ГРЭС і г.д. Толькі за першую пяцігодку аб’ём прамысловай прадукцыі павялічыўся ў 3,8 раза. Калі ў 1928 г. удзельная вага прамысловай прадукцыі ў валавай прадукцыі народнай гаспадаркі складала 41,3%, дык у 1932 г. яна дасцягнула 67%.

У гады другой пяцігодкі ў рэспубліцы былі ўведзены ў эксплуатацыю такія буйныя прадпрыемствы, як Гомельскі шклозавод, Крычаўскі цэментны завод, Аршанскі льнокамбінат, Магілёўскі аўтарамонтны завод, ацэтонны завод у Быхаве, шэраг электрастанцый. Усяго за другую пяцігодку было пабудавана 1700 прадпрыемстваў, каля 90 прадпрыемстваў карэнным чынам рэканструяваны.

Інтэнсіўна развіваўся транспарт рэспублікі. Асноўную нагрузку нёс чыгуначны транспарт. Эксплуатацыйная даўжыня чыгуначных дарог агульнага карыстання ў 1940 г. склала 5,74 тыс.км. і павялічылася ў параўненні з 1913 г. на 1,93 тыс.км. У гады першай пяцігодкі на Беларусі зарадзіўся аўтамабільны транспарт. Развіваўся і рачны транспарт, а таксама сувязь. З 1935 г. стала дзейнічаць першая ў рэспубліцы авіялінія Мінск – Масква.

Для паспяховага правядзення індустрыялізацыі ў рэспубліцы важнае значэнне мелі эканамічныя сувязі з рознымі рэспублікамі СССР. Так, метал ў Беларусь паступаў з Украіны і Урала, машыны і абсталяванне, хімічныя прадукты – з цэнтральных раёнаў РСФСР і Украіны, нафта і нафтапрадукты – з Азербайджана і г.д. Амаль 900 рабочых і спецыялістаў з РСФСР і Украіны прымалі ўдзел у будаўніцтве Беларускай ДРЭС. Праектаваннем “Гомсельмаша” займаліся ленінградскае і маскоўскае аддзяленні “Гіпраммаша” і г.д.

Напярэдні Вялікай Айчыннай вайны 80% усей прадукцыі народнай гаспадаркі БССР прыходзілася на долю прамысловасці. На долю БССР прыходзілася 33,8% усей вырабляемай у СССР фанеры, 27% - запалак, 30% - штучнай аліфы, 25% - драджэй, 11% - маргарына, звыш 10% - металарэзных станкоў і г.д.

У выніку ажыццяўлення індустрыялізацыі ў 20 – 30 – я гг. СССР, у тым ліку і БССР, ператварыліся з аграрнай дзяржавы ў індустрыяльна – аграрную.

Дзякуючы індустрыялізацыі было ліквідавана беспрацоўе, выраслі новыя гарады, была створана база для падрыхтоўкі тэхнічных кадраў.

Велізарнае значэнне ў жыцці нашага грамадства, 4/5 насельніцтва якога на мяжы 20-30гг. складала сялянства, мела радыкальнае пераўтварэнне сельскай гаспадаркі. Перанасельнасць беларускай вёскі, хранічнае малазямелле сялян патрабавалі пошукаў больш інтэнсіўнага выкарыстання зямельных угодзяў. У гады НЭПа былі апрабаваны розны формы калектыўных гаспадарак, значная работа была праведзена і па стварэнню фермерскіх гаспадарак (хутарызацыя). ХV з’езд ВКП(б) (снежань 1927г.) вызначыў курс на калектывізацыю сельскай гаспадаркі.

Калектывізацыя сельскай гаспадаркі – палітыка бальшавіцкай партыі і Савецкай дзяржавы, якая была накіравана на аб’яднаее сялянскіх гаспадарак у буйныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, выкарыстанне на вёсцы дасягненняў навукі і тэхнікі, павышэнне прадукцыйнасці працы і эфектыўнасці аграрнага сектара эканомікі, забяспячэнне насельніцтва прадуктамі харчавання, а прамысловасці – сельскагаспадарчай сыравінай.

З пачатку 1930 г. пачынаецца найбольш гвалтоўнае стварэнне калектыўных гаспадарак. Так, толькі за студзень – сакавік у Беларусі ў калгасы пазаганялі больш як 430 тыс. сялянскіх гаспадарак, і працэнт калектывізацыі падскочыў амаль у 10 разоў. Тых, хто сумняваўся ў мэтазгоднасці суцэльнай калектывізацыі (нават беднякоў і сярэднякоў), абвяшчалі класавымі ворагамі, агентамі кулацтва, падкулачнікамі: іх арыштоўвалі, пазбаўлялі права голасу і нават высылалі. Акты тэрору супраць партыйных і савецкіх работнікаў набылі масавы характар. Многія вяскоўцы, перад тым як уступіць у калгас, забівалі сваю жывёлу, знішчалі насенне, кармы і г.д.

Важным накірункам калектывізацыі стала стварэнне машынна – трактарных станцый (МТС). Першая ў Беларусі МТС была створана ў канцы 1929 г. у Койданаве (цяпер г. Дзяржынск). У канцы першай пяцігодкі ў рэспубліцы налічвалася 57 МТС, якія мелі 1469 трактароў. Яны абслугоўвалі 33,1% усіх калгасных гаспадарак. МТС рабілі калгасы поўнасцю залежнымі ад дзяржавы. З пачатку 1933 г. улада ў вёсцы фактычна перайшла да надзвычайных органаў – палітаддзелаў МТС.

У гады другой пяцігодкі калектывізацыя ў Беларусі фактычна завяршылася. У калгасы было аб’яднана 87,5% сялянскіх двароў і абагулена 96% пасяўных плошчаў. На калгасных палях працавала больш за 8 тыс. трактароў, 600 зернеўборачных камбайнаў, іншая сельскагаспадарчая тэхніка. Але вытворчыя паказчыкі пад канец 30-х гг. заставаліся на ўзроўні дакалгаснай вёскі. Ураджайнасць збожжавых культур у 1940 г. склала 7 ц.з 1 га., а надой на адну карову – 834 л. малака. Калгаснікі заставаліся самай нізкай па аплаце катэгорыяй насельніцтва. З калгаснай вёскі ішла пастаянная мабілізацыя чалавечых і матэрыяльных рэсурсаў на розныя дзяржаўныя патрэты, асабліва на патрэбы індустрыялізацыі краіны.

Калектывізацыя сельскай гаспадаркі ў стратэгічным плане адпавядала ў асноўным патрабаванням тэхнічнай рэвалюцыі і адлюстроўвала тэндэнцыі сусветнага развіцця. Аднак метады ажыццяўлення калектывізацыі не адпавядалі ні прынцыпам новага ладу жыцця, ні мэтам рэвалюцыі, якая абвяшчала сябе народнай. Яны парадзілі складаныя праблемы і хваробы, ад якіх пакутавала калектывізаваная сельская гаспадарка рэспублікі на працягу ўсіх 1930-х гг. і ў пасляваенныя гады. Многія цяперашнія праблемы беларускай вёскі нясуць адбітак палітыкі і практыкі тых часоў.
ПЫТАННІ ДЛЯ САМАКАНТРОЛЮ:

1. Як вы лічыце, с пункту гледжання эканомікі, ці была неабходнай сацыялістычная індустрылізацыя і калектывізацыя сельскай гаспадаркі ў СССР і БССР?


4.    Нацыянальна-культурнае будаўніцтва. Палітычныя рэпрэсіі 1930-х гг.
Нацыянальная палітыка ва ўмовах Савецкай улады распрацоўвалася ў вышэйшых органах РКП/б/ і праводзілася з улікам асаблівасцей таго ці іншага рэгіёна. На месцах яна атрымала назвы – беларусізацыя, украінізацыя, татарызацыя і г. д. Яна фармулявалася пад уздзеяннем ідэй і практыкі нацыянальнага руху.

Палітыка нацыянальна-культурнага будаўніцтва на Беларусі мела вытокі ў беларускім нацыянальна-вызваленчым руху, у ідэях беларускага нацыянальнага адраджэння. У час рэвалюцыі і грамадзянскай вайны ў КП(б)Б улілося шмат дзеячоў нацыянальна-вызваленчага руху. Многія з іх увайшлі ў склад вышейшых партыйных і савецкіх органаў. Сярод іх А.Чарвякоў – старшыня ЦВК і СНК БССР, З.Х.Жылуновіч – рэдактар газеты “Савецкая Беларусь”, У.М.Ігнатоўскі – нарком асветы, А.Л.Бурбіс – намеснік наркома замежных спраў, А.В.Баліцкі – намеснік наркома асветы, а з 1926г. – нарком асветы БССР і г. д.

Афіцыйна аб пераходзе да беларусізацыі аб’явіла другая сесія ЦВК БССР (ліпень 1924г.), прыняўшы пастанову “Аб практычных мерапрыемствах па правядзенню нацыянальнай палітыкі”.

У шырокім сэнсе пад беларусізацыяй разумелася развіццё беларускай культуры, вылученне беларусаў на партыйую, савецкую, прафсаюзную і грамадскую працу, перавод справаводства дзяржаўнага, партыйнага,прафесійнага і каператыўнага апаратаў на беларускую мову.

Центральнае месца ў мерапрыемствах у беларусізацыі адводзілася праблеме мовы. І гэта была правільная пазіцыя ЦВК БССР, бо ў рэспубліцы, дзе карэннае насельніцтва складала 80%, яго мова выконвала вельмі мізерны аб’ем сацыяльных функцый. Пераважала, як і ў дарэвалюцыйны час, руская мова. Пры гэтым афіцыйна было заяўлена, што на тэрыторыі БССР прызнаюцца раўнапраўнымі мовы беларуская, руская, яўрэйская і польская. Але “з прычыны значнай перавагі у БССР насельніцтва беларускай нацыянальнасці, - гаварылася ў вышэй прыгаданай пастанове, - беларуская мова выбіраецца як мова пераважная для зносін паміж дзяржаўнымі, прафесійнымі і грамадскімі ўстановамі і арганізацыямі”. Мовай зносін органаў БССР з органамі СССР і саюзных рэспублік прызнавалася руская мова.

Найбольш паспяхова прыходзіла беларусізацыя навучальных устаноў. Каля 80% агульнаадукацыйных школ было пераведзена на беларускую мову навучання. Хутка павялічыўся лік асоб, якія былі ў стане весці сваю работу на беларускай мове. Так, калі ў 1925г. у рэспубліканскіх установах толькі 22% агульнай колькасці супрацоўнікаў валодала беларускай мовай, а ў акруговых і раённых – 36%, дык у 1927г. – адпаведна 80% і 70%. У адміністрацыйных органах на пачатак 1929г. доля беларусаў дасягнула 51,3%, гаспадарчых – 30,8%, судовых – 26,3%, зямельных – 59,5%. У часцях Чырвонай Арміі была сфарміравана 2-я тэрытарыяльная дывізія, створана Аб’яднаная беларуская вайсковая школа. У іншых вайсковых часцях беларускай Ваеннай Акругі вывучаліся беларуская мова, гісторыя і эканоміка рэспублікі, асаблівасці быту яе насельніцтва.У 1926-1927 навучальным годзе з 14 педагагічных тэхнікумаў на беларускай мове працавалі 10. Цалкам вялося выкладанне прадметаў на беларускай мове ў Магілёўскай саўпартшколе першай ступені і такой жа школе другой ступені ў Віцебску.

У 1927г. 11 рэспубліканскіх газет 3 выходзілі на беларускай мове, 4 – на рускай, па адной на яўрэйскай і па адной на польскай мовах; з 11 часопісаў на беларускай мове выдаваліся 4, беларускай і рускай – 2, рускай – 3, яўрэйскай – 2.

Высокую актыўнасць у правядзенні беларусізацыі, стварэнні мастацкіх твораў на беларускай і іншых мовах, распаўсюджаных на тэрыторыі Беларусі, праяўлялі члены літаратурна – вытворчых аб’яднанняў (“Маладняк”, “Узвышша”, “Полымя”). Маладые пісьменнікі У.Дубоўка, М.Чарот, П.Галавач, К.Чорны, М.Лынькоў і іншыя разам з народнымі пісьменнікамі Я.Купалам і Я.Коласам уносілі вялікі ўклад у рэалізацыю праграмы беларусізацыі, у развіццё беларускай літаратурнай мовы.

Аднак у канцы 20-х гг. у нацыянальнай палітыцы вызначаліся тэтдэнцыі да згортавання беларусізацыі. Аб гэтым сведчыла распачатая кампанія па разгрому так званага “нацыянал – дэмакратызму”. Пад ім разумелася так званая правая небяспека ў культурным будаўніцтве, тэндэнцыя ставіць нацыянальныя інтарэсы вышэй класавых. Нацыянал – дэмакратызм пачалі параўноўваць з нацыянал – фашызмам. Сацыяльнай асновай “нацдэмаўшчыны” было аб’яўлена кулацтва. Такі круты паварот у беларусізацыі ў 1930-я гг. фактычна прывёў яе амаль да поўнага згортвання.

Галоўны водападзел у кіруючых эшалонах партыйнага і дзяржаўнага кіраўніцтва Беларусі 1920-1930-я гг. праходзіў паміж нацыяльна – арыетаваным крылом і дэнацыяналізаванай часткай, якая складала асабліва ў партыйным кіраўніцтве, пераважную большасць. Апошняя з наступальных звышінтэрнацыяналісцкіх пазіцый, абвінавачвала меньшасць спачатку ў нацыянальных захапленнях, потым у нацыянал – ухілізме і наогул, што яны з’яўляюцца “ворагамі народа”. Нацыянальна арыентаваныя беларусы – камуністы, кіруючыся Дэкларацыяй і Дагаворам аб утварэнні СССР, пад якім стаіць і подпіс А.Р.Чарвякова, былі прыхільнікамі дабраахвотнага аб’яднання нацыянальных суверэнных рэспублік у СССР, метадаў будаўніцтва сацыялізму, якія б адпавядалі прынцыпам гуманнсці і чалавечай годнасці. Дэнацыяналізаваная ж частка арыентавалася на унітарны падыход да будаўніцтва СССР, дзяржаўную форму сацыялізму, камандна – сілавыя метады кіравання грамадствам. Яна імгненна вітала “крутыя павароты ва ўсёй палітыцы і практыцы”, якія прапаноўваліся правадыром І.В.Сталіным, усяляк імкнулася дэманстраваць адданасць яму, услаўляючы яго "мудрасць і прадбачлівасць" перспектыў у перабудове грамадства на сацыялістычных асновах.

Палітычныя рэпрэсіі па абвінавачванню у т.зв. нацыянал – дэмакратызме, якія пачаліся з канца 1920-х гг., выліліся ў расправу над прадстаўнікамі беларускай навукі, літаратуры, мастацтва, работнікамі шэрагу наркаматаў рэспублікі. Больш паловы свайго складу у 30-я гг. пазбавіўся ў выніку рэпрэсій Саюз пісьменнікаў Беларусі. Практычна поўнасцю ў 30-я гг. была разгромлена Акадэмія навук БССР: рэпрэсавана 26 акадэмікаў і 6 членаў – карэспандэнтаў Акадэміі.

Усяго ахвярамі палітычных рэпрэсій з 1917 да пачатку 1950-х гг. сталі каля 600 тыс. грамадзян Беларусі. Толькі у 1935-1940гг. былі растрэляны больш за 28 тыс. нашых суайчыннікаў. На пачатак 2001г. у Рэспубліцы Беларусь было рэабілітавана звыш 200 тыс. неабгрунтавана рэпрэсіраваных грамадзян. Сярод іх А.А.Галадзед, З.Х.Жылуновіч (Ц.Гартны), У.М.Ігнатоўскі, А.Р.Чарвякоў і іншыя сапраўдныя патрыёты сваёй Айчыны.


ПЫТАННІ ДЛЯ САМАКАНТРОЛЮ:

1. Ахарактарызуйце працэс складвання ў Беларусі аднапартыйнай сістэмы.

2. Што такое “беларусізацыя”?

3. Ці былі неабходнымі палітычныя рэпрэсіі 1930-х гг.?

4. Аахарактарызуйце змест Канстытуцыі БССР 1937г.
5. Заходняя Беларусь пад уладай Польшчы (1921-1939гг.)

Паводле Рыжскага мірнага дагавора, з 18 сакавіка 1921 г. да Польшчы была далучана заходняя частка Беларусі: Гродзенская губерня, Навагрудскі, Пінскі, частка Слуцкага, Мазырскага і Мінскага ўездаў Мінскай губерні, Лідскі, Ашмянскі, Дзісненскі ўезды Віленнскай губерні. Тэрыторыя Заходняй Беларусі складала 112 955 км.кв., а насельніцтва ў 1931 г. – 4,6 млн. чалавек. Пры гэтым 85% насельніцтва краю жыло ў вёсцы і толькі 15% - у горадзе. Беларусы складалі 74% насельніцтва краю.

Эканамічная палітыка правячых колаў была скіравана на тое, каб пакінуць “усходнія крэсы” (ускраіны) у становішчы аграрна – сыравіннага прыдатку больш развітых прамысловых раёнаў карэннай Польшчы. Разбураная першай імперыялістычнай і затым грамадзянскай вайной гаспадарка тут амаль не адбудоўвалася, і беларускія землі ператварыліся ў сыравінны прыдатак Польшчы. Да 1935 г. колькасць прамысловых рабочых скарацілася на 40% у параўнанні з 1913 г. Прамысловасць Заходняй Беларусі ў 1938 г. давала ў 9 разоў меньш прадукцыі чым БССР, хоць да падзелу абедзве часткі мелі аднолькавы ўзровень развіцця і былі амаль роўнымі па тэрыторыі і колькасці насельніцтва. Толькі за 1929-1939 гг. у трох ваяводствах – Палескім, Навагрудскім і Віленскім – было закрыта больш за 200 фабрык і заводаў.

На прамысловых прадпрыемствах працоўны дзень працягваўся 10-11 гадзін, а на саматужных прадпрыемствах – да 11-14 гадзін. За тую ж самую працу ў прамысловасці польскаму рабочаму плацілі больш, чым беларусу. Шырока распаўсюджаная сістэма штрафаў яшчэ больш змяншала заробкі рабочых. Пастаянным спадарожнікам было хранічнае беспрацоўе.

Па-драпежніцку знішчаліся прыродныя багацці Заходняй Беларусі. Так, за 1921-1936 гг. плошча лясоў тут зменшылася больш як на 400 тыс.га. Асабліва моцна знішчалася Белавежская пушча.

Аграрныя адносіны ў Заходняй Беларусі характарызаваліся панаваннем буйнога памешчыцкага землеўладання, малазямеллем большай часткі сялян. Улады правялі т.зв. парцэляцыю, або продаж дробнымі ўчасткамі (парцэлямі) абшарніцкай і дзяржаўнай зямлі з мэтай насаджэння на “крэсах” польскіх вайсковых каланістаў – асаднікаў з ліку былых удзельнікаў польска – савецкай вайны 1919-1920 гг. Яны павінны былі служыць апорай панскай улады і нярэдка выкарыстоўваліся для падаўлення вызваленчага руху.

З мэтай ліквідацыі церазпалосіцы праводзілася т.зв. камасацыя (аб’яднанне некалькіх дробных зямельных надзелаў сялян да аднаго цэлага), або хутарызацыя сялянскіх гаспадарак. Цяжкі вынік для сялян мела скасаванне сервітутаў.

Ва ўмовах буйнага землеўладання і малазямелля сялян сельская гаспадарка не магла нармальна развівацца. Сяляне – беднякі ў пачатку 1930-х гадоў складалі каля 7-%, сераднякі – 23%, заможныя сяляне з асаднікамі і шляхтай – больш 6%. У пошуках лепшай долі збяднелыя сяляне ехалі ў іншыя краіны – асабліва ў Францыю, дзяржавы Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі. З 1925 па 1938г. толькі з трох ваяводстваў Заходняй Беларусі выехалі на пастаяннае жыхарства ў іншыя краіны 78,1 тыс. чалавек.

Цяжкае эканамічнае і сацыяльнае становішча спалучалася з не меньш цяжкім нацыянальным прыгнётам беларускага народа. Польскія ўлады і пануючыя класы ставілі сваёй мэтай выкараніць нацыянальную свядомасць беларусаў, апалячыць іх і гэтым зліквідаваць глебу для барацьбы за нацыянальнае вызваленне. З першых дзён захопу краю польскія ўлады пачалі закрываць беларускія школы, якіх у 1918-1919 гг. сіламі грамадскасці было адкрыта каля 350. У1925 г. засталося ўсяго 4 беларускія школы. Беларускія і рускія школы былі ператвораны ў польскія. У 1938/39 навучальным годзе ў Заходняй Беларусі не засталося ні адной беларускай школы.

Адным з вынікаў нацыянальнага прыгнёту была крайне нязначная колькасць беларускай інтэлігенцыі. У дзяржаўных установах не дазвалялася карыстацца беларускай мовай. Беларусаў на дзяржаўную службу не бралі.

Культурнае жыццё беларускага народа таксама абмяжоўвалася і падаўлялася. Не было беларускіх тэатраў. Прагрэсіўныя газеты канфіскоўваліся і закрываліся, іх рэдактараў садзілі у турму. У пачатку 1930-х гг. у турмах Польшчы знаходзілася больш 10 тыс. палітзняволенных.

Беларускі народ ніколі не мірыўся са сваім паднявольным становішчам, з акупацыяй Заходняй Беларусі і падзелам сваёй Бацькаўшчыны. На працягу 20 год ён вёў барацьбу за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне. У ходзе гэтай барацьбы вызначаліся тры асноўныя сацыяльна – палітычныя лагеры: першы – буржуазна – памешчыцкі; другі – дробнабуржуазны, дэмакратычны; трэці – пралетарскі і рэвалюцыйна – дэмакратычных сіл. Сярод палітычных партый найбольш актыўную барацьбу вяла Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ, створана ў 1923 г.). Значным уплывам карысталася партыя беларускіх эсэраў, Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя, Беларуская сацыял – дэмакратычная партыя (БСДП) і інш. Агульным для ўсіх беларускіх нацыянальных партый і груповак было патрабаванне нацыянальных правоў, утварэння незалежнай Беларускай дэмакратычнай рэспублікі, якое супрацпастаўлялася патрабаванню КПЗБ і яе саюзнікаў аб самавызначэнні Заходняй Беларусі і уз' яднання з БССР. Але нацыянальныя патрабаванні і культурна – асветніцкая работа гэтых партый садзейнічалі павышэнню нацыянальнай свядомасці насельніцтва, захаванню беларускай нацыі, ўздыму вызваленчай барацьбы.


ПЫТАННІ ДЛЯ САМАКАНТРОЛЮ:



  1. Ахарактарызуйце стан прамысловасці і сельскай гаспадаркі Заходняй Беларусі.

  2. Растлумачце сутнасць паняцця “рэжым санацыі”.

  3. Назавіце праблемы, якія ўскладнялі стварэнне адзінага антыфашысцкага фронту Заходняй Беларусі.

  4. Якое значэнне надавалася беларускай мове ў 1920-я гг.?

  5. Ахарактарызуйце меры па развіццю адукацыі ў Беларусі ў гэты перяд.

  6. Назавіце беларускіх паэтаў і пісьменнікаў 1920-1930-хгг.


1   2   3   4   5   6   7   8   9


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка