Ядвігін Ш. (1869 – 1922)
Сапраўднае імя – Антон Іванавіч Лявіцкі. Мяркуюць, што псеўданім паходзіць ад імя каханай аўтара. Нарадзіўся на Гомельшчыне, бацька быў упраўляючы маёнтка, паходзіў са шляхты. Хутка сям’я пераехала на Міншчыну, дзе знаходзіўся спадчынны фальварак бацькі – Карпілаўка. Дзяцінства Антона прайшло менавіта ў гэтым месцы.
У дзевяць год хлопчыка аддалі ў прыватную школу ў Люцынцы (школа В.І. Дуніна-Марцінкевіча), дзе адукацыяй займаліся дочкі апошняга. У школе не давалі звестак пра развіццё беларускага краю. Вучыўся аўтар у Мінскай гімназіі, потым – у Маскоўскім універсітэце на медыцынскім факультэце. У 1890 г. быў выключаны з універсітэта за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях. Едзе на Бацькаўшчыну. Хутка яго бацька памірае. Антон здае экзамен на правізара, уладкоўваецца на працу недалёка ад дома і пачынае пісаць.
Мяркуюць, што ў 1892 г. напісаў драму «Злодзей», але яна не дайшла да нас. З 1903 г. аўтар актыўна друкуецца ў Мінскіх і Віленскіх рускамоўных газетах. Першы арыгінальны беларускамоўны твор надрукаваны на старонках «Нашай долі» ў 1906 г. – апавяданне гумарыстычна-сатырычнага плану «Суд». Пазней творы друкаваў на старонках «Нашай нівы», прадстаўніком рэдакцыі якой з’яўляўся.
У 1904 г. асталяваўся ў Мінску, там сустрэў дзве рэвалюцыі: лютаўскую і кастрычніцкую, у палітычным плане належаў да памяркоўнага крыла. У 1920 г. выехаў у Вільню, бо быў хворы на сухоты. Адтуль едзе ў Польшчу на курорт Закапаны. Пасля Рыжскага дагавору 1921 г. паміж Польшчай і Расіяй не змог вярнуцца ў Беларусь. Памёр у Вільні ў 1922 г.
Творчасць аўтара доўгі час замоўчвалася. Як пісьменнік Ядвігін Ш. сфарміраваўся пад уплывам рускай класікі: У. Гаршына, А. Чэхава. На яго творчасць меў уплыў і беларускі фальклор. У ранніх апавяданнях аўтара на рускай мове «Милка», «Шах-мат», «Маленькая повесть» і інш. расказваецца пра жыццё «маленькага» чалавека, з лёгкім гумарам апавядаецца пра яго прыгоды. Шмат месца ў творах займае іронія.
З 1905 г. выступае як фельетаніст на рускай мове і расказвае пра норавы грамадства: «Лотерея», «Наивный мальчик». Пісаў артыкулы: «Не убивайте их» (артыкул у абарону буслоў); «Устаревшая аксиома» (пра цяжкасці, звязаныя з выездам за мяжу); «Жмурки» (пра немэтазгоднасць вайны); «Чины и чинишки» (пра неабходнасць чыноўніцтва ведаць культуру народа, якім яны кіруюць).
У 1891 г. у Маскве выдадзена апавяданне «Сігнал» – вольны пераказ апавядання рускамоўнага аўтара У. Гаршына – назіраецца аднолькавае ўспрыняцце свету гэтымі аўтарамі, трагізм і драматызм акаляючай рэчаіснасці, перамога дабра над злом.
У 1906 г. на старонках «Нашай Нівы» з’яўляецца першае арыгінальнае апавяданне «Суд». Аўтару належаць зборнікі «Бярозка» (1912) і «Васількі» (1914). Па жанравых прыкметах апавяданні дадзеных зборнікаў блізкія да народнага анекдота. Галоўнае месца належыць дзеянню, а раскрыццё характараў арганічна ўплятаецца ў канву твора. Аўтар ставіў задачу – насмяшыць чытача, таму апавяданні атрымаліся аднатыпныя.
Спачатку Ядвігін Ш. пісаў толькі сатырычныя апавяданні. Пазней ў творчасці аўтара выявілася імкненне да філасофскага абагульнення рэчаіснасці. Ядвігін Ш. узяўся за распрацоўку жанру прыпавесці: «Падласенькі», «Рабы», «Гадунец», «Награда» – змяшчалі пытанне пра сэнс чалавечага жыцця, узаемаадносін бацькоў і дзяцей. Услед за У. Гаршыным Ядвігін Ш. меркаваў, што ўсё павінна будавацца на здаровым эгаізме.
Ядвігіну Ш. належаць і лірычныя апавяданні (так званыя вершы ў прозе): «Васількі» (невялікае лірычнае апавяданне, у якім паказваецца хуткаплыннасць усяго прыгожага), «Раны» (твор заснаваны на прыёме градацыі – узмацнення аўтарскай думкі).
Сацыяльна-псіхалагічныя апавяданні: «Жывы нябожчык» (думка пра духоўнае выраджэнне шляхты), «Зарабіў» (павучанне пра гультая і яго працу), «Як зарабляюць», «З бальнічнага жыцця», «Гаротная» (пра чалавечы лёс як ланцуг пакут). У стылі Ядвігіна Ш. творы дапаўняліся іранічным асэнсаваннем рэчаіснасці: «Сабачая служба» (тэма здрадніцтва), «Пратэст».
Асаблівасцю стылю аўтара з’яўляецца імкненне не падаваць канкрэтных часавых рэалій. У 1920 г. у Вільні пачаў друкавацца раман «Золата» (у шэраг падзей уплятаецца дэтэктыўная гісторыя, апавядаецца пра беларускую эміграцыю, сялянства і мяшчанства як пласты грамадства). Твор маралізатарскага плану. Найбольш распрацаванымі з’яўляюцца адмоўныя вобразы. Золата – гэта чыстае чалавечае сумленне. У рамане Ядвігін Ш. выступае ў ролі пісьменніка рамантычнага складу. Твор з’яўляецца першай спробай стварэння прыгодніцкага раману.
Пяру аўтара належаць творы публіцыстычнага характару і нарысы: «Лісты з дарогі», «Думкі з падарожы» (сялян трэба падтрымаць, даць ім крэдыты; узнімаецца праблема эміграцыі і асіміляцыі беларусаў). Ядвігін Ш. – аўтар мемуараў пра часы студэнцтва (студэнцкую Маскву). Пісаў артыкулы пра беларускае нацыянальнае жыццё.
У 1909 г. з’явілася паэма «Дзед Завала» (паэтызуецца гарманічная чалавечая асоба, якая жыве ў згодзе з прыродай). Такім чынам, асноўнай заслугай Ядвігіна Ш. з’яўляецца развіццё жанру апавядання і жанру рамана ў беларускай прозе.
Алесь Гарун (1887 – 1920)
Сапраўднае імя Аляксандр Уладзіміравіч Прушынскі. Псеўданімы: Алесь Сумны, Іван Жывіца. Нарадзіўся ў Мінску ў сям’і чорнарабочага. Пісьменнасці вучыўся на рускай і польскай мовах, беларускую мову пачуў на вуліцы. Меў рамесніцкую адукацыю: спачатку вучыўся ў школе, потым – у рамесніцкім вучылішчы. Прушынскі звязаў лёс з эсэрамі-максімалістамі. Мяркуюць, што ён вельмі рана пачаў пісаць, але як паэт нарадзіўся ў час рускай рэвалюцыі 1905 г.
У студзені 1905 г. быў напісаны верш «Мае каляды» пад псеўданімам «Алесь Сумны». Пад дадзеным псеўданімам аўтар уключаў вершы і ў зборнік «Матчын дар». Вясной 1907 г. Гаруна арыштавалі ў падпольнай друкарні і пасадзілі ў Віленскую турму, а потым саслалі ў Сібір на катаргу за прапаганду сярод вучнёўскай моладзі. Атрымаў права пражываць на ўсёй тэрыторыі Сібіры. Вандраваў па золатаздабываючых частках. У 1914 г. паслаў рукапіс зборніка «Матчын дар» у Вільню, але яго не надрукавалі. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі Гарун становіцца дэпутатам Ленскага прыіска. У 1917 г. вяртаецца ў Беларусь. У гэты час адбываецца пераацэнка аўтарскіх каштоўнасцей, і ён паступова аддаляецца ад эсэраў, імпануючы бальшавікам.
Пасля абвяшчэння ў 1918 г. БНР Гарун лічыць, што ўлада павінна існаваць для народа. Пасля жнівеньскага ўступлення войск Пілсуцкага ў Мінск у 1919 г. Гарун хутка расчараваўся ў палітыцы апошняга. Быў упісаны ў вайсковую камісію, але яго лічылі за бальшавіцкага агента.
Памёр у санітарным вагоне на шляху ў Закапаны. Пахаваны ў Кракаве.
Зборнік «Матчын дар » (1918)
Падрыхтаваны да выдання ў 1914 г., выдадзены ў 1918 г. Выйшаў у Мінску з падзагалоўкам «Думы і песні 1907 – 1914 гг.». Прысвячаўся маці. Зборнік складаўся з трох частак: «Роднаму краю», «На чужыне», «Прыявы роднага» (відавочныя матывы суму па Радзіме). Адкрываўся вершам «Люзям», у якім услаўлялася таленавітасць чалавека, утрымліваўся роздум пра будучыню, родны край. Твор нагадваў купалаўскі верш «Я не паэта». У вершы «Роднаму краю» прасочваецца цесная сувязь чалавека і Радзімы. У вершы «Начныя думкі» выкарыстаны прыём параўнання сучаснага і мінулага, верш прысвечаны Я. Коласу.
Некаторыя вершы аўтар спрабуе стылізаваць пад народную песню. Сустракаюцца ў творчасці і аўтабіяграфічныя матывы: «У выгнанні», «Дзяўчыначка-сэрца», «Мая люба». Гарун – паэт-грамадзянін, на першае месца ён ставіў адлюстраванне чалавечага жыцця, спрабаваў разнастаіць формы верша.
У творчасці сустракаюцца апавяданні вершам: «Варажба», «Канец Паўлючонка», «Шчасце Мацея», а таксама анекдоты, пераказаныя вершам («Сабатажнік», які не ўвайшоў у зборнік).
Празаічныя творы аўтар друкаваў пад псеўданімам Іван Жывіца. Проза аўтара – з’ява арыгінальная. Творы неаднародныя па тэматыцы: жыццё катаржан, тэма кахання, чалавечых узаемаадносінаў, а таксама ўзаемаадносінаў чалавека і грамадства. Апавяданне «Першы снег» падае паралель першага снегу і чысціні чалавечай душы. «Чалавек без крыві» распавядае пра былога зняволенага, што імкнецца прызвычаіцца да паўсядзённага жыцця.
У творчасці аўтара прысутнічаюць і філасофскія матывы: «Пан Шабуневіч» (пра местачкоўца-рамесніка), «П’еро і Каламбіна» (тэма чалавечага эгаізму і самаахвярнасці). Проза Гаруна надрукавана ў зборніку «Сэрцам пачуты звон».
Драматычныя творы аўтар пісаў у 20-я гг.: яго пяру належаць «Жывыя казкі для дзіцячага тэатра» («Хлопчык у лесе», «Шчаслівы чырвонец», «Дзіўны лапаць», «Датрымаў характар»). Казкі дыдактычныя, павучальныя. Аднак дадзеныя творы не друкаваліся. Варта сказаць, што Алесь Гарун у беларускай паэзіі выступаў як публіцыст, а ў беларускай прозе – як філосаф.
Максім Багдановіч (1891 – 1917)
Нарадзіўся ў Мінску. Калі Максіму было некалькі месяцаў, сям’я пераязджае ў Гродна. У 1895 г. памірае маці ад сухотаў, сям’я вымушана перабрацца ў Ноўгарад, дзе жыве да 1906 г. Адам Багдановіч, бацька будучага паэта, жэніцца на сястры жонкі М. Горкага – Аляксандры Волжынай, якая памірае пры нараджэнні сына. У 1908 г. – пераезд у Яраслаўль. Максім паступае ў Яраслаўскі юрыдычны ліцэй (па загадзе бацькі). Узрастае цікавасць Максіма да філалогіі і гісторыі.
Летам 1911 г. Максім наведвае Беларусь па запрашэнні рэдакцыі газеты «Наша Ніва», прыязджае ў Вільню. Піша вершы. Паэт спадчынна быў падобны да маці і таму хворы на сухоты. Апошнія месяцы свайго кароткага жыцця правёў у Ялце, дзе памёр у маі 1917 г. Там і пахаваны. Бацька Максіма ў другой палове 20-х гг. даведаўся пра тое, што сын – прызнаны паэт.
Зборнік М. Багдановіча «Вянок» (1913)
Зборнік выбраных вершаў, арыентаваны на заходнія літаратуры. Спачатку павінен быў складацца з трох частак: «Малюнкі і спевы», «Мадонны», «Каханне і смерць» (аўтар хацеў падкрэсліць думку пра вечнасць жыцця). Аднак задуманая кампазіцыя не знайшла выяўлення, і выдаўцы ўнеслі змены ў структуру зборніка. Прадмова да зборніка напісана белым вершам.
Першая частка – «Малюнкі і спевы» – уключае некалькі цыклаў:
У першым цыкле «Зачараванае царства» жывуць міфічныя істоты і закаханыя (вершы «Зорка Венера», «Зімняя дарога» і г.д.);
У другім цыкле «Гукі Бацькаўшчыны» выкарыстаны фальклорныя прыёмы псіхалагічнага паралелізму (вершы «Уся ў слязах дзяўчына», «Не кувай ты, шэрая зязюля» і інш.; у вершы «Вечар» выкарыстаны прыём алюзіі, калі радкі з іншага верша ўстаўлены ў аўтарскі верш);
У трэцім цыкле «Старая Беларусь» згадваюцца старонкі беларускага мінулага (верш «Слуцкія ткачыхі»);
У чацвёртым цыкле «Месца» (горад) прысутнічаюць гуманістычныя матывы (верш «У Вільні»);
У пятым цыкле «Думы» і шостым цыкле «Вольныя думы» прысутнічаюць вершы, прысвечаныя Радзіме, мастацкай творчасці (напрыклад, верш «Песняру»);
Сёмы цыкл «Старая спадчына» дае ўзоры розных вершаваных памераў: пентаметр, рандо, санет і г.д.; пераклады.
Другая частка «Мадонны» апявае дабрыню, спачуванне, самаахвярнасць жанчыны (вершы «У вёсцы», «Вераніка» і інш.);
Трэцяя частка «Каханне і смерць» утрымлівае дыялектыку жыцця – каханне становіцца прычынай смерці жанчыны, якая нараджае дзіця.
Зборнік «Вянок» стаў прыкметнай з’явай ў беларускай літаратуры ХХ ст., бо ў ім аўтар імкнуўся сказаць пра блізкае чалавеку. Мастацкая спадчына М. Багдановіча поўнасцю не адшукана, шмат вершаў прапала. У вершах, што не ўключаны ў зборнік, прысутнічаюць два матывы: творчасць і чалавечае жыццё – «Я бедны бяскрыдлы паэт», «Крытыку», «Ліст», «Пагоня», «Народ, беларускі народ», «На чужыне» і інш.
У 1920-я гг. паэт захапіўся беларускім фальклорам. У 1915 – 1917 гг. спрабуе стварыць вершы беларускага складу на аснове беларускага фальклору. Гэтыя творы нагадвалі народныя жарты ці галашэнні: «Бяседная», «Лявоніха».
У 1915 – 1917 гг спрабуе пісаць вершы ліра-эпічнага складу, звернутыя ў мінулае (да сярэднявечча): «Агата», «Мушка-зелянушка і камарык насаты тварык» (падзагаловак напісаны беларускім вершам) і інш. У гэты час напісаны паэмы «Максім і Магдалена», «Страцім-лебедзь», у стылі якіх пераклікаюцца меладрама і жарт.
У паэме «Максім і Магдалена» на стыль пісьменніка наклаў адбітак рамантызм. Апрацоўка паэмы зроблена ў народным духу, выкарыстаны прыём інверсіі. Паэма «Страцім-лебедзь» – гэта апокрыф (апокрыфы – творы з біблейскім сюжэтам), апавядае пра лёс гордай птушкі, якая дапамагае выратаваць другіх, а сама не зможа пакінуць пасля сябе нашчадкаў.
Першыя пераклады М. Багдановіча з’явіліся ў 1909 г. на старонках «Нашай нівы». Вялікую ўвагу звяртаў аўтар на заходне-еўрапейскую паэзію (Ф. Шыллер, Г. Гейне, П. Верлен і інш.).
Празаічныя творы М. Багдановіча
Не ўсё з напісанага было апублікавана і дайшло да нашага часу. На беларускай мове ў 1907 г. на старонках «Нашай нівы» апублікавана апавяданне «Музыка». Цэнтральная праблема – праблема мастака і мастацтва. Дадзеная праблема была вядучай у прозе М. Багдановіча: «Апавяданне аб іконніку і залатару», «Шаман», «Апокрыф» (стылізацыя пад жанр старажытнай літаратуры). Асноўная ідэя апошняга твора: нельга ўсё ў жыцці дзяліць на прыгожае і карыснае. Аўтар выкарыстоўвае вобразы-сімвалы: каласы і васілёк. «Аб іконніку і залатару» – аўтар спрабуе разважаць пра традыцыі і навацыі; «Шаман» – узнімаецца пытанне пра карані прыгажосці.
Аўтару належаць замалёўкі з натуры: «Гарадок», «Вёска», «Вясной» як эпізоды незакончаных апавяданняў. У апавяданні «Марына» сустракаюцца аўтабіяграфічныя матывы (кажуць, што Багдановіч узнавіў сюжэт з асабістага жыцця).
М. Багдановічу належаць апавяданні на рускай мове: «Мадонны», «Сон-трава», «Страшное», «Катыш», «Преступление», «Чудо маленького Петрика», «Колька», «Именинница», «Калейдоскоп жизни», якія адлюстроўваюць разнастайныя праявы жыцця чалавека.
М. Багдановіч – літаратурны крытык
Аўтар быў адметным крытыкам. Першы артыкул «Глыбы і слаі» быў надрукаваны ў «Нашай ніве» ў 1911 г. (утрымліваў аналіз сучаснага стану беларускай паэзіі, прозы, драматургіі, падбадзёрванне беларускіх аўтараў, спробу ахарактарызаваць стан беларускай літаратуры). М. Багдановіч ахарактарызаваў творчасць Я. Купалы, пісаў пра тое, што апошні малюе ненатуральныя вобразы. Спрэчны погляд меў М. Багдановіч і на «Адвечную песню» Я. Купалы, слабым бокам твора М. Багдановіч лічыў сімвалізм.
Цікавай з’явай назваў М. Багдановіч зборнік Я. Коласа «Песні жальбы», станоўчым момантам яго лічыў цэльнасць, адмоўным – статычнасць Я. Коласа-паэта.
М. Багдановіч у 1910 г. адзначаў два пласты ў беларускай літаратуры:
-
творы, што нагадвалі думкі ўслых (самы таленавіты – В. Ластоўскі і яго вершы ў прозе);
-
жарты, якія перараслі ў невялікія апавяданні (іх вартасць заключаецца ў жывасці мовы, у зразумеласці, лепшым беларускім апавядальнікам лічыў Ядвігіна Ш.).
У беларускай драматургіі М. Багданоіч адзначаў твор К. Каганца «Модны шляхцюк».
У 1913 г. напісаны артыкул М. Багдановіча «За тры гады», у якім паказана развіццё беларускай літаратуры як працэсу. Аўтар думаў, што беларускі друк расце якасна, колькасна; быццам значна ўзрасла якасць твораў. Аналізуючы творчасць пісьменнікаў, адзначаў пашырэнне кола тэм, распрацаваных Я. Купалам; Я. Коласа ставіў на другое месца і казаў пра адсутнасць слабых бакоў яго творчасці. Сярод празаікаў на першае месца ставіў Ядвігіна Ш., называючы яго пісьменнікам-байкапісцам. Адзначаў з’яўленне літаратурных школ у беларускай літаратуры.
Артыкул «Забыты шлях» пісаўся ў час першай імперыялістычнай вайны. У ім адзначалася, што маладая беларуская літаратура развіваецца паскоранымі тэмпамі. Аўтар піша пра тое, што ў беларускай літаратуры, апрача твораў Я. Чачота, П. Багрыма, Я. Баршчэўскага, не было беларускасці. Аўтары павінны, на думку М. Багдановіча, мець нацыянальныя матывы ў творчасці, а не толькі браць тэмы і сюжэты з сусветнай літаратуры.
Пяру М. Багдановіча належыць тэарэтыка-гістарычны нарыс «Санет». У ім разглядаюцца вартасці санетнай формы. Сустракаюцца ў творчасці аўтара артыкулы па палітычных пытаннях: «Новая інтэлігенцыя», «Мікалай Міхайлоўскі» і інш.
М. Багдановіч выступаў і як рэцэнзент кніг («Пра Трышчана і Іжоту» французскага пісьменніка Т. Гацье).
Такім чынам, М. Багдановіч паспрабаваў глянуць на беларускую літаратуру з вышыні вопыту сусветнай літаратуры. Выступаў як паэт, пісьменнік, крытык, публіцыст. Як паэт адметны складаннем вершаў у першую чаргу пра чалавека, потым – пра сацыяльныя з’явы. Даследчыкі адзначаюць інтэлектуальны характар лірыкі Багдановіча, сувязь яго паэзіі з рамантызмам і сімвалізмам. У Багдановіча няма яркага паказу беларускага мужыка, што нагадвае дэкадэнцтва.
У 1927 – 1928 гг. быў падрыхтаваны двухтомнік паэзіі М. Багдановіча. У 1968 г. выйшаў другі двухтомнік, які даў штуршок беларускаму багдановічазнаўству. У пачатку 60-х гг. творчасць аўтара вывучалася ў сувязі з беларускім фальклорам. Найбольш поўна пра М. Багдановіча напісаў А. Лойка ў кнізе «Максім Багдановіч» (пра паэта напісаў паэт).
Максім Гарэцкі (1893 – 1937)
У наш час лічаць годам смерці аўтара 1937 г., да гэтага лічыўся годам смерці 1939 г. Паходзіў з сялян: нарадзіўся на Магілёўшчыне ў сялянскай сям’і сярэдняй рукі. У сям’і было трое сыноў (сярэдні сын – Максім) і адна дачка. Усе паважалі кнігу і асвету, любоў да іх прывіваў бацька. Старэйшы сын займаўся сялянскай працай, малодшы стаў акадэмікам у галіне генеалогіі, дачка загінула, трапіўшы пад трамвай.
Максім атрымаў пачатковую адукацыю, потым скончыў другакласнае вучылішча. Пайшоў вучыцца ў Горкі, у каморніцкае агранамічнае вучылішча (у 1909 г. паспяхова здае туды экзамены). З’яўляўся актыўным чытачом «Нашай нівы» і сам дасылаў туды вершы, падпісваючыся псеўданімам «Максім-беларус».
Працаваў у Вільні землямерам. Пасля 1914 г. ідзе ў войска і служыць да 1918 г. Перажывае раненне, хваробу, службу з перапынкамі. У 1918 г. асталяваўся жыць у Смаленску, падтрымаў ініцыятыву адраджэнцаў. У 1919 г. перабіраецца ў Вільню, пачынаецца белапольская акупацыя. Працуе ў газетах.
У 1922 г. арыштаваны за антыдзяржаўную дзейнасць, высланы з забаронай жыць у цэнтры. Жыве ў невялікім гарадку Дзвінску, працуе ў гімназіі, піша літаратурныя творы. У 1923 г. пасля запрашэння беларускай інтэлігенцыі ён прыязджае ў Мінск, а з 1926 г. выкладае ў Горыцкай акадэміі гісторыю беларускай літаратуры. У 1928 г. едзе ў Мінск і працуе ў Інбелкульце.
Пачынаюцца рэпрэсіі 1929 г. У 1931 г. Гарэцкага ссылаюць у Вятку, дзе ён працуе настаўнікам рускай мовы і літаратуры. Пасля вяртаецца ў Смаленскую вобласць, выкладае рускую мову і літаратуру. Яго напаткаў новы арышт, пасля якога сляды таленавітага пісьменніка губляюцца.
Творчасць М. Гарэцкага
Творчасць аўтара варта падзяліць на два асноўныя этапы: дакастрычніцкі і паслякастрычніцкі. А. Лойка дае наступнае вызначэнне перыядызацыі творчасці М. Гарэцкага:
1 этап – 1912 – 1913 гг. (карэспандэнцыі ў газету «Наша ніва»);
2 этап – Віленскі перыяд (1913 – 1914);
3 этап – перыяд імперыялістычнай вайны (1914 – 1917).
Першыя допісы пра студэнцкае жыццё з’явіліся ў «Нашай ніве» ў 1909 г., а вялікія артыкулы – з 1912 г. Першыя апавяданні з’явіліся ў пачатку 1913 г., першая кніга выйшла ў 1914 г.
Зборнік «Рунь» (1914)
У зборнік увайшло каля дзесяці апавяданняў і абразок «Атрута». У зборніку адлюстраваныя дзве тэмы: тэма народа і інтэлігенцыі, тэма беларускага нацыянальнага характару. Можна яшчэ прыгадаць і тэму асэнсавання беларускага мінулага («Лірныя спевы»). Творы ў зборніку аўтабіяграфічныя, аўтар узнаўляе тыя сітуацыі і калізіі, што былі ў яго жыцці.
Тэму народа і інтэлігенцыі ўздымалі ў паэзіі Я. Колас, Я. Купала, у прозе – Ядвігін Ш. Глыбокае псіхалагічнае ўвасабленне яна мела ў зборніку М. Гарэцкага «Рунь». Маладым людзям няма падтрымкі, герой не можа знайсці сябе, яму няма на што абаперціся («У чым яго крыўда», «Роднае карэнне», «Уласнік»). У творы «У чым яго крыўда» галоўны герой не знаходзіць паразумення з бацькам і каханай; «Рунь» – інтэлігенцыя імкнецца да паразумення; «Роднае карэнне» – пераход да раскрыцця беларускага характару. Апавяданне «Красаваў язмін» – пра каханне і светаадчуванне рамантычна настроенага чалавека. Для герояў М. Гарэцкага свет – гэта таямніца, чалавеку цяжка зразумець тое, што адбываецца. У творах М. Гарэцкага часта можна сустрэць прыём інтраспекцыі – самааналізу чалавека. Цэнтр увагі пераносіцца на апісанне чалавечых пачуццяў і ўчынкаў, галоўным фактарам застаецца чалавечая душа.
М. Гарэцкі бярэцца пісаць пра таямнічае («Войт», «Што яно», «Страхаццё»). Твор «Лірныя спевы» падобны да твора М. Гогаля «Тарас Бульба» – думка пра тое, што беларусы мелі багатае і цікавае мінулае. Самы трагічны момант жыцця беларусаў – той, што ў іх няма правадыра, які б умацавў іх веру, паказаў шлях да ісціны. Дзеянне ў апавяданні адбываецца ў сярэднявеччы, насельніцтва Магілёўскіх і Гомельскіх зямель змагаецца за незалежнасць з Масквой. Народ просіць княжну Ганну стаць на чале войска, але тая ўцякае з польскім княжычам. Людзі змагаюцца, але церпяць паражэнне – узнімаецца праблема прарока і яго нястачы.
Такім чынам, у зборніку «Рунь» М. Гарэцкі звяртае ўвагу на духоўнае жыццё чалавека праз цікавасць да ірэальнага, таямнічага. Аўтар імкнецца падкрэсліць інтэлектуальнасць народа.
Апавяданні 1914 – 1917 гг.
У дадзены час М. Гарэцкі напісаў шмат апавяданняў рознай тэматыкі. Твор «Дзёгаць» – сімвалічны, у ім прысутнічае алегарычная дэталь прыземленасці ўсіх чалавечых мар. «Чарнічка» – тэма жаночага лёсу, асуджэнне вясковай цемнаты, антычалавечых і маральных нормаў. «Прысяга», «Хадзяга» – раскрыццё духоўных магчымасцей людзей.
У М. Гарэцкага даволі многа апавяданняў ваеннай тэматыкі: «Літоўскі хутарок», «На этапе», «Генерал» – пісьменніка цікавіць побыт, шэрыя будні вайскоўцаў і тылу. Праводзіцца думка пра тое, што вайна прывівае чалавеку жорсткасць і недавер. Апавяданне «Літоўскі хутарок» напісана ў форме дзённіка. У ім паказана безабароннасць чалавека перад тварам вайны, адкрытым застаецца пытанне пра лёс хутарка. Апавяданне «Рускі» распавядае пра пакуты салдата, які забіў ворага – такога ж чалавека, як і ён сам (робіцца перанос чалавечых пакут на вобраз Радзімы). У творах «На этапе», «Зніба сэрца» прысутнічае супрацьпастаўленне тылу і ваенных дзеянняў.
Аповесці М. Гарэцкага
У 1914 – 1915 гг. напісана аповесць «На імперыялістычнай вайне», якая стваралася ў перапынку паміж баямі. Па форме аповесць нагадвае запіскі-дзённік, блізкія да мемуарнага жанру. Аповесць побач з іншымі творамі дадзенага жанру ўваходзіць у так званы «вялікі эпас» М. Гарэцкага. Гэтыя творы, паасобку ўяўляючы самастойнае цэлае, успрымаюцца як частка вялікага эпічнага палатна, якое аўтар хацеў разгарнуць у кнізе, што рыхтавлася ім у 1928 г. да друку. Характэрна, што ва ўсіх аповесцях, за выключэннем «Ціхай плыні», адзін і той жа герой – Лявон Задума, вобраз якога мае аўтабіяграфічную аснову. У творах узнаўляюцца паслядоўныя этапы эвалюцыі Задумы: у перыяд вучобы ў вучылішчы («У чым яго крыўда?»), у час працы землеўкладальнікам («Меланхолія»), у час знаходжання ў войску і на фронце («На імперыялістычнай вайне»).
М. Гарэцкі выкарыстаў у першай аповесці сюжэт сваіх дарэвалюцыйных апавяданняў («У лазні», «У чым яго крыўда?»), але істотна іх пераасэнсаваў. Аўтар не набліжае сябе да героя, але логікай развіцця сюжэту, аб’ектывавана-апавядальнай формай выкладу падкрэслівае адрозненне поглядаў на прычыны цяжкага становішча сялянства. Раскрыццё глыбінных сацыяльных вытокаў «крыўды» героя і складае ідэйны змест твора. У адпаведнасці з новай задумай змяніўся і ўвесь эмацыянальна-стылёвы лад аповесці, яе танальнасць. У творы прысутнічае паглыбленае адлюстраванне народнага жыцця як асноўнай тэндэнцыі ідэйна-творчага развіцця М. Гарэцкага-пісьменніка і ўсёй літаратуры 1920-х гг.
Аповесць «Меланхолія» (1916 – 1921) характарызуецца далейшым прагрэсам Гарэцкага-аўтара ў майстэрстве псіхалагічнага аналізу. Пісьменнік паглыбляе вобраз Лявона Задумы. Расчараваны герой хоча пайсці з жыцця, але пад уплывам нечаканай сустрэчы з людзьмі, што прадстаўлялі прыгнечанае сялянства, Лявон усведамляе бессэнсоўнасць свайго рашэння. Нягледзячы на назву – гэта глыбока аптымістычны твор, пафас якога заключаецца ў фінале, малюнках сялянскага жыцця, апісаннях прыроды, успамінаў героя пра дзяцінства. У гэтых сцэнах і раскрываецца аўтарская ідэйная пазіцыя, яго жыццесцвярджальная філасофія, яго вера ў будучыню.
Аповесць «Ціхая плынь» (1918) паводле думкі крытыкаў належыць да найбольш дасканалых твораў аўтара. Пісьменнік пры адлюстраванні сацыяльнай рэчаіснасці, пры раскрыцці характараў і аналізе ўнутранага свету чалавека зыходзіў з прынцыпаў усвядомленага гістарызму. Біяграфія герояў не проста раскрываецца на шырокім грамадскім фоне, а быццам вырастае з канкрэтных сацыяльных умоў.
Першая частка «Забыты край» – гэта не проста гісторыка-этнаграфічны экскурс у мінулае, а імкненне раскрыць гістарычныя карані таго становішча, у якім апынулася беларуская вёска (галеча, прыгнёт, цемра). Сацыяльны лад, на думку аўтара, – аснова ўсіх пакут. Глыбокі аналіз сацыяльнай рэчаіснасці ў спалучэнні з аналізам унутранага свету герояў і складае асаблівасць дадзенай аповесці.
У дакументальна-мастацкай кнізе «На імперыялістычнай вайне. Запіскі салдата» (1914 – 1915, 1919) асноўнай ідэяй з’яўляецца асуджэнне антынароднай, несправядлівай вайны. Вайна з пункта погляду шэраговага ўдзельніка, без ідэалізацыі – вось галоўная заслуга ў выяве вайны, бо такая сфера дзейнасці ў беларускай прозе была новай, эстэтычна не асвоенай. У гэтым заключаецца наватарства М. Гарэцкага. Вера ў чалавека і яго высокае прызначэнне раскрываецца праз свабоднае чаргаванне малюнкаў і глыбокіх роздумаў мастака.
|