Уводзіны ў курс. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларускай літаратуры. Перыядызацыя новай беларускай літаратуры




старонка4/7
Дата канвертавання20.03.2016
Памер1.12 Mb.
1   2   3   4   5   6   7

Адам Гурыновіч (1869 – 1894)
Нарадзіўся ў сям’і збяднелага шляхціца ў фальварку Кавалі (Каваль­кі) былога Вілейскага павета Віленскай губерні. Па бацькавай лініі быў з абеларушаных татар, па маці – прадстаўнік знакамітага шляхецкага, але збяд­нелага роду. У сем год застаўся без бацькі, маці мела шасцярых дзяцей на руках. Дзеля практычнай адукацыі Адам вучыўся ў Віленскім рэальным вучылішчы, потым – у Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце, які скон­чыў у 1893 г. Пазнаёміўся з людзьмі, што ўтваралі гурток польска-літоў­ска-беларуска-маларускай моладзі; гурток быў асветніцкім і палітычным, яго стар­шынёй Адам стаў пасля. Пасля выкрыцця гуртка ў 1893 г. адпраўлены ў Пецярбургскую крэпасць, у лістападзе 1983 г. адпушчаны з падпісаннем зна­ходзіцца ў спадчынным фальварку Свінцянскага павета. Памёр ад чорнай воспы.

Творы пры жыцці не друкаваліся, асобнага зборніка не выдаў. Літа­ратурная спадчына дайшла да нас у няпоўным аб’ёме, большая частка яе страчана. Пры арышце паліцыя канфіскавала восем сшыткаў аўтара. Дзя­куючы Браніславу Тарашкевічу ўпершыню ў 1921 г. былі апублікаваны яго творы. У 1956 г. была другая публікацыя твораў Гурыновіча (некалькі пе­ракладаў на беларускую мову з польскай і рускай моў і беларускія вершы).

Адам Гурыновіч – пераважна паэт-лірык, яго вершы – розныя па ідэйна-тэматычных і стылёвых асаблівасцях. Вядомы сваімі публіцыстыч­нымі вершамі, сябе свядома паказвае як прадаўжальніка традыцый Мацея Бу­рачка («Дзякуй табе, браце Бурачок Мацею»). У некаторых вершах паказвае асэнсаванне парэформеннага жыцця і беларускай гісторыі: «Што ты спіш, мужычок», «Перш душылі паны». У гэтых вершах вар’іруецца матыў параў­нання дарэформеннага і парэформеннага становішча селяніна.

Гурыновіч найперш быў паэтам-публіцыстам, але ён звяртаўся і да апісання прыроды, да філасофскай лірыкі (у вершы «Што за гук»  выкарыс­таны прыём паралелізму, верш «Вясна» алегарычны, верш «Бор» мае параў­нанне ў сваёй аснове).

Аддаваў даніну і сюжэтным вершам: «Звярынец», «Месца нячыстае» (у апошнім выкарыстаны прыём кальцавой кампазіцыі). Аўтар ім­кнуўся і да выкарыстання народных казак і песень у сваіх творах: у вершы «Да жні­ва» назіраецца адухаўленне прыроды.

У творчасці аўтара сустракаюцца і дыдактычныя вершы: «Раз у Золь­ках», «Рыбак», «Каток» – вершы сюжэтнага плану, напісаны ў форме байкі.

Адам Гурыновіч першым у беларускай літаратуры звярнуўся да тэмы адлюстравання жыцця рабочага люду. Займаўся перакладамі твораў А. Тал­стога, А. Пушкіна. Як перакладчык не імкнуўся перадаваць тэкст арыгі­налу даслоўна, каб чытачы ўспрынялі твор як помнік сваёй літаратуры.
3. Слоўнік паняццяў


Лірызм

1) індывідуальныя асаблівасці лірыкі канкрэтнага паэта;

2) наяўнасць элементаў эмацыянальнасці, усхваляванасці і г.д. у творчасці празаіка ці драматурга;

3) наогул адценне мяккасці, задушэўнасці, інтымнасці ў мове.


Лірыка

ад гр. lyrikos – той, што спявае пад гукі ліры, пачуццёвы;

1) адзін з трох літаратурных родаў (побач з эпасам і драмай), які адлюстроўвае жыццё шляхам перажыванняў, т.ч. ду­мак і пачуццяў чалавека;

2) сукупнасць твораў гэтага рода паэзіі.

Літаратура


1.   Александровіч, С.Х. Пуцявіны роднага слова: праблемы развіцця бела­рускай літаратуры і друку другой паловы ХІХ – пач. ХХ стст. / С.Х. Александровіч. – Мінск: БДУ, 1971. – 245 с.

2.   Беларуская літаратура: проза 20-х гадоў: хрэстаматыя / Д.Я. Бугаёў


[і інш.]; пад рэд. Д.Я. Бугаёва. – 2-е выд. – Мінск: Універсітэцкае, 1997. – 592 с.

3.   Беларуская літаратура ХІХ стагоддзя: хрэстаматыя / С.Х. Александро­віч [і інш.]; пад рэд. С.Х. Александровіч. – Мінск: Выш. шк., 1971. – 373 с.

4.   Беларускія пісьменнікі: бібліяграфічны слоўнік: у 6 т. / рэдкал.: Б. Са­чанка (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: БЭ імя Броўкі, 1992–1995. – 6 т.

5.   Гісторыя беларускай літаратуры: у 4 т. / рэдкал.: У.В. Гніламёдаў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Бел. навука, 2003. – 583 с.

6.   Жураўлёў, В.П. У пошуку духоўных ідэалаў: на матэрыяле беларускай літаратуры ХІХ – пачатку ХХ стст. / В.П. Жураўлёў; пад рэд. У.В. Гні­ламёдава. – Мінск: Беларуская навука, 2000. – 191 с.

7.   Лазарук, М.А. Гісторыя беларускай літаратуры: ХХ стагоддзе (20 – 50-я гады) / М.А. Лазарук, А.А. Семяновіч; пад рэд. М.А. Лазарука. – Мінск: Выш. шк., 2000. – 511 с.

8.   Лойка, А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд: ву­чэбны дапаможнік для філалагічных факультэтаў ВНУ. Ч. 1 / А.А. Лой­ка; пад рэд. Ю.С. Пшыркова. – Мінск: Выш. шк., 1977. – 304 с.

9.   Мішчанчук, М.І. Беларуская літаратура ХХ ст.: вучэбны дапаможнік / М.І. Мішчанчук, І.С. Шпакоўскі. – Мінск: Выш. шк., 2001. – 352 c.

10. Мушынская, Т.Ф. Беларуская літаратура 20 – 30-х гадоў / Т.Ф. Мушын­ская. – Мінск: Нар. асвета, 1994. – 160 с.

11. Семяновіч, А.А. Гісторыя беларускай драматургіі ХІХ – пач. ХХ стст.: дапаможнік для філалагічных факультэтаў педагагічных інстытутаў / А.А. Семяновіч. – Мінск: Выш. шк., 1985. – 166 с.

12. Старычонак, В.Д. Беларуская літаратура / В.Д. Старычонак. – Мінск: Выш. шк., 1998. – 350 с.

Грамадска-літаратурны працэс у Беларусі

Ў пачатку ХХ ст.

Развіццё беларускай літаратуры ў пачатку ХХ ст.
Літаратура дадзенага перыяду абумоўлена гістарычнымі абставінамі. Мяжа стагоддзяў – пераломны час, на які паўплывала рэформа 1860-х гг. і 1880-я гг. Каб рэабілітавацца, царскі ўрад распачаў вайну з Японіяй, але прай­граў яе. Незадаволенасць урадам перарасла ў першую рускую рэвалюцыю 1905 – 1907 гг. Беларусь у пачатку ХХ ст. заставалася сялянскім краем, ся­ляне бяднелі і станавіліся рабочымі, зямлі не было. Каб супакоіць народны рух, урад Мікалая ІІ у 1904 г. дазволіў друкаваць кнігі на мясцовых гавор­ках. У 1903 г. аформілася Беларуская рэвалюцыйная грамада, куды ўвахо­дзілі беларускія інтэлігенты. Гэта паскорыла выданне кніг, газет і часопі­саў на беларускай мове.

У 1905 г. Беларуская рэвалюцыйная грамада перайменавала сябе ў Беларускую Сацыялістычную грамаду (асноўнай мэтай было распаўсюджан­не беларускага друкаванага слова). Дзякуючы ёй была выдадзена кніга «Вязынка» Янкі Лучыны; з’явіліся калядныя і велікодныя апісанкі, куды былі ўключаны творы беларускіх пісьменнікаў ХІХ ст. і народныя песні. Грамаду абвінавацілі ў нацыяналізме.

У гісторыі беларускай літаратуры пачатку ХХ ст. вызначаецца не­калькі этапаў.

І этап (1900 – 1905 гг.) – дзейнасць Беларускай рэвалюцыйнай гра­мады. У гэты час існуе газета «Северо-Западный край» (1902 – 1905). У гра­мадстве пануе ідэя радыкальнага змянення існуючых парадкаў. Газета бы­ла літаратурным і грамадска-палітычным выданнем, у цэнтры ўвагі якога знаходзілася тагачаснае жыццё царскай Расіі. Побач з творамі рускай кла­сікі газета друкавала творы замежных аўтараў, славянскіх аўтараў. Тут жа ў 1905 г. надрукаваны першы верш Я. Купалы «Мужык». Пасля закрыцця ў тым жа годзе газеты цэнтр друку перамешчаны ў Вільню.

ІІ этап (1906 – 1910 гг.) – цэнтрам літаратурна-грамадскага руху стала Вільня. З’явілася шэраг выдавецтваў. У 1906 г. у Пецярбургу існуе таварыства «Загляне сонца і ў наша аконца», якое праіснавала да 1914 г. У 1908 г. існуе ў Вільні таварыства «Наша хата», якое перайменавана ў 1913 г. у «Беларускае выдавецкае таварыства».

У 1907 – 1914 гг. у Вільні існуе выдавецтва «Наша ніва», на Віцебшчы­не – выдавецтва «Палачане». Газету «Наша ніва» лічылі лабараторыяй пісь­менніцкага вопыту, бо яна давала шлях у літаратуру многім аўтарам пачат­ку ХХ ст. (так званы «нашаніўскі перыяд» літаратуры). Выдавецтва існа­вала за кошт вучоных-славістаў. На старонках газеты друкаваліся літара­турна-крытычныя работы, творы беларускіх аўтараў, вялася гаворка пра лёс беларускай літаратуры. У 1913 г. на старонках газеты пасля публікацыі артыкула В. Ластоўскага «Сплачвайце доўг» распачалася дыскусія пра лёс і функцыю беларускай літаратуры, прызначэнне якой аўтар бачыў у паказе прыгожага і прыроды, у зацікаўленні чытача. У сваім артыкуле аўтар звяр­таецца да літаратараў ХХ ст., называючы іх «парнаснікамі» (Я. Купалу і інш.). Адказам стаў надрукаваны ў 1913 г. артыкул Я. Купалы «Чаму плача песня наша?», падпісаны аўтарам фразай «Адзін з парнаснікаў». Артыкул падае думку пра сацыяльную абумоўленасць літаратуры і мастацтва (якое жыццё, такая і літаратура). Большасць аўтараў падтрымала Я. Купалу. Уба­ку ад крытыкі застаўся М. Багдановіч, але ён падкрэсліў, што літаратура павінна і выхоўваць, і быць з’явай эстэтычнай.

У 1916 г. у Вільні выходзіла газета «Гоман» лацінкай на беларускай мове; мела мастацка-публіцыстычны характар і нацыянальна-вызваленчую праблематыку. У гэтым жа годзе газету «Дзянніца» спрабуе выдаць Ц. Гарт­ны ў Пецярбургу. Дадзеныя газеты ва ўмовах вайны доўга існаваць не маглі, хаця і не залежалі ад улад і ўрада.

У ХІХ ст. аўтары пісалі на некалькіх мовах і звярталіся да пераклад­ных твораў іншаземных аўтараў. У ХХ ст. пісьменнікі перакладаюць творы рускіх, польскіх і заходне-еўрапейскіх аўтараў. На маладую беларускую лі­таратуру звяртаюць увагу і іншыя аўтары: беларускіх пісьменнікаў пачы­наюць перакладаць на іншыя славянскія мовы. У пачатку ХХ ст. беларус­кая літаратура развіваецца паскорана. У гэты час ні адзін літаратурны ме­тад не стаў дамінуючым у творчасці беларускіх аўтараў.

Літаратурны працэс у пачатку ХХ ст. вызначаўся з’яўленнем арыгі­нальных пісьменнікаў, развіццём беларускай перыёдыкі і выдавецкай спра­вы, функцыянаваннем беларускай літаратуры ў гравітацыйным полі су­светнага літаратурнага працэсу, пашырэннем перакладчыцкай дзейнасці, раз­віццём крытыкі і ўзнікненнем новых літаратурных жанраў (верш, камедыя, апавяданне, паэма, сацыяльна-бытавая беларуская аповесць; робяцца спро­бы стварэння рамана, першых драматычных твораў).
Творчасць Каруся Каганца (1868 – 1918)
Сапраўднае імя Казімір Карлавіч Кастравіцкі. Псеўданім паходзіць ад уласнага імя бацькі – Карусь і прылады для асвятлення – Каганец. Дзе­яч, пісьменнік, фалькларыст, мастак, скульптар. Нарадзіўся ў Сібіры, у го­радзе Табольску. Бацька паходзіў з баярскага роду Кастравіцкіх. Сям’я вяр­таецца на Міншчыну, дзе ў бацькі быў маёнтак у Койданава, пасля прашэн­ня ў царскага ўрада. Бацька неўзабаве памёр, а маці выйшла замуж зноў. Казіміру не падабалася празмерная ўвага людзей да яго, бо ў дзяцінстве ён пакалечыўся і быў гарбатым. Вучыўся ў Мінскім гарадскім вучылішчы. У 1885 г. паехаў у Маскву і вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, ва­яння і дойлідства, вымушаны вярнуцца праз адсутнасць грошай дадому. Падчас першай рускай рэвалюцыі стаў агітатарам сялян, абуджаў інтэлі­генцыю, выступаў за паляпшэнне долі сялянства, пісаў адозвы. Працаваў над беларускай граматыкай, беларускім букваром. Літаратурную дзейнасць пачаў у 1890-я гг. ХІХ ст. з апрацоўкі беларускіх легенд, гістарычных падан­няў, напісання публіцыстычных артыкулаў і адозваў. Калі адсылаў іх у «Нашу ніву», то рабіў памету, каб не скажалі яго творы і друкавалі па-аўтарску.

У 1893 г. піша публіцыстычны твор «Прамова», у якім звяртаецца да сыноў беларускай зямлі, ухваляе родны край, параўноўвае мінулае і цяпе­рашняе, нагадвае пра заслугі продкаў, каб абудзіць у суайчыннікаў і чала­вечую, і нацыянальную годнасць. У 1893 г. піша апавяданне пад назвай «Прылукі» – апрацоўка народнай легенды пра невялікую вёсачку ў Мала­дзечанскім раёне. Большасць яго твораў – тлумачэнне назваў месцаў. Аў­тар не робіць ацэнак, а чытач іх сам павінен зрабіць.

Напісаў апавяданне «Машэка» пра лёс Магілёва. Яго пяру належаць замалёўкі з натуры «На сплаў» і «На сплаве» пра жыццё плытагонаў. У апавяданні «Такая доля» расказваецца пра хлопчыка-пастушка, які церпіць крыўду ад дзядзькі-багацея. «Забойства Захара» – твор накшталт апрацоўкі народных анекдотаў. «Што кажух, то не вата» – апавяданне, якое ўтрым­лівае ў аснове этнаграфічныя замалёўкі. «Яшчэ некалькі слоў пра перажыт­кі паганства ў беларусаў» – пра паходжанне паганскіх свят на Беларусі (Каляды, Купалле, Юр’я і г.д.).

Сустракаюцца ў аўтара і творы для дзяцей: «Год», «Вандроўка кроп­лі вады». Ёсць нарысы арніталагічнага характару. У паэзіі працягваў тра­дыцыі Ф. Багушэвіча. Лірычны герой – селянін-мужык. Вялікае месца ў творчасці займае патрыятычная тэма: «Нёман», «Плач беларуса». Мае мес­ца і гістарычная тэма – «Згадка пра Галубка», «Сцяты камень» (на тэму мі­нулага Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай). Пісьменнік меў псеўданім «Будзімір», які менш вядомы ў літаратурным асяроддзі.

У творцы ёсць вершы-заклікі, вершы-звароты: «Беларус», «Наш сім­вал», «Наш покліч». Звяртаецца да суайчыннікаў з заклікам выступаць за свае правы. На тэму кахання дайшлі адзінкавыя вершы: «Ой, у полі вецер вее», «Выйду на гару высокую» (утрымліваюць народныя песні; аўтар не пазбягаў паўтораў, інверсіі, што надавала яго вершам меладычнасць).

Прыгадваюцца ў творчасці аўтара і вершы-апісанні прыроды: «Сон­ца», «Вясна», «Сонейка прыгрэла», «Песні зіме». Спрабаваў сябе ў жанры драматургіі (п’еса «Модны шляхцюк», драма «Двойчы прапілі», меладра­мы «У іншым шчасці няшчасце схавана», «Сын Даніла», «Старажовы кур­ган»). Такім чынам, у творчасці аўтара яскрава прасочваюцца дзве тэматыч­ныя лініі: творчасць пра мінулае, апісанне сучаснага жыцця (ХХ ст.).


Творчасць Цёткі (1876 – 1916)
Сапраўднае імя – Алаіза Пашкевіч. У літаратуры выступала пад мно­гімі псеўданімамі: Мацей Крапіўка, Гаўрыла з Полацка, Тымчасовы, Бана­дысь Асака. Тлумачэнне псеўданіма Цётка наступнае: на Беларусі існуе та­кі зварот да сталых жанчын; у часы паганства ва ўсходніх славян была ба­гіня ўрадлівасці Цётка; падпольная мянушка пісьменніцы ў часы рэвалю­цыі 1905 г. Нарадзілася ў Шчучынскім раёне Гродзенскай вобласці ў шля­хецкай мнагадзетнай сям’і; будучы чацвёртым па ліку дзіцём, мела спад­чынную хваробу – сухоты. Застаўшыся рана без маці, выхоўвалася ў пат­рыярхальным духу. У шаснаццаць год выехала з бацькоўскага дому. У 1892 г. яна едзе вучыцца ў Вільню ў прыватнае семінарскае жа­ночае вучылішча, якое рыхтавала настаўніц пачатковых класаў для школ. Пасля смерці сястры ад сухотаў Алаізу напаткаў нервовы зрыў, урачы па­раілі ёй паехаць з Вільні. У 1901 г. яна скончыла вучылішча. У 1902 г. пае­хала ў Пецярбург, паступіла на курсы выхавацелей і кіраўніц фізічнай пра­цы Лесгафта. На курсах была рэвалюцыйна настроеная моладзь. У гэты час Алаіза знаёміцца з будучым мужам. Пачынае пісаць вершы пра прыроду і сялян. Першы друкаваны твор з’явіўся ў 1903 г.: «Мужык не змяніўся». Пе­цярбургскі клімат абвастрыў хваробу Алаізы. У 1904 г. здае экзамен за курс жаночай гімназіі. Але нарастае рэвалюцыйная хваля. Алаіза ўладкоў­ваецца фельчарам у Новай Вільні ў псіхіатрычнай бальніцы. У 1905 г. бра­ла ўдзел у жаночым з’ездзе ў Маскве. У г. Жоўкаве летам 1906 г. выдае два зборнікі: «Скрыпка беларуская» і «Хрэст на свабоду» пад псеўданімам «Гаў­рыла з Полацка». У 1906 г. выходзіць зборнік для дзяцей «Гасцінец для ма­лых дзяцей» пад псеўданімам «Тымчасовы», які змяшчае пераклады ўкра­інскіх аўтараў на беларускую мову. У 1906 г. у Пецярбургу выходзіць кніга «Першае чытанне для дзетак беларусаў» пад псеўданімам «Цётка».У 1908 г. едзе на курорт Закапаны ў Польшчу з мэтай паляпшэння здароўя. Становіц­ца студэнткай аддзялення гуманітарных навук Кракаўскага універсітэта. Ці­кавіцца культурай славян, беларускай батлейкай. У 1911 г. выходзіць за­муж хутчэй па перакананнях і агульных інтарэсах, чым па каханні. У 1914 г. дапамагае салдатам-ахвярам вайны, заражаецца тыфусам і памірае ў пачат­ку лютага 1916 г.

Пачатак паэтычнай дзейнасці прыпадае на 1890-я гг. Першыя вершы «Лета» і «Восень» маюць апісальніцкі характар. Паэзія Цёткі нарадзілася на глебе першай рускай рэвалюцыі. На яе творчасць уплываў Ф. Багушэ­віч, які меў на мэце выдаць зборнік «Скрыпка беларуская». Зборнік Цёткі пачынаўся з прадмовы, у якой паэтэса падкрэслівала важную ролю М. Бу­рачка ў самавызначэнні беларусаў. Вершы захавалі кампазіцыйныя асаблі­васці, узятыя з творчасці Ф. Багушэвіча. Верш «Скрыпка» адыгрываў ролю паэтычнай прадмовы, запеву (вера аўтара ў сілу мастацтва). Асноўны ма­тыў зборніка – абуджэнне чалавечай душы і нацыянальнага духу. Вершы маюць заклікавы і апісальніцкі характар. «Вера беларуса» – публіцыстыч­ны верш, прасякнуты спадзяваннямі на лепшае жыццё. «Вам, суседзі» – зва­рот да суседзяў і суайчыннікаў з прапановай развіцця літаратуры на нацыя­нальнай глебе.

Тэма мастацтва, творчасці цесна пераплятаецца з тэмай барацьбы ча­лавека за лепшае ў жыцці. У вершах сцвярджаецца думка пра тое, што мас­тацтва павінна падпітвацца сокам жыццёвых праблем. У зборнік увайшоў сюжэтны верш «Мужык не змяніўся», характарызуецца праблемнае жыццё ў вершы «Суседзям у няволі».

Зборнік «Хрэст на свабоду» (1906) называюць дзённікам падзей рэ­валюцыі 1905 г. Кожны верш ёсць эпізод падзей 1905 г., асэнсоўваюцца падзеі «крывавай» нядзелі. Першы верш «Хрэст на свабоду» згадвае дэталі падзей дадзенага часу, праводзіць думку пра тое, што цар не з’яўляецца абаронцам народа. Вершы «Небывалыя часы» і «Добрыя весці» – сюжэт­ныя, паведамляюць пра рост колькасці паўстанцаў. У дадзеным зборніку, побач з аптымістычнымі ноткамі, гучалі і матывы хвалявання за складаную будучыню народа. Вершы «Бура ідзе» і «Перад новым годам» напоўнены прадчуваннем хвалюючых перамен.

Пасля выдання зборнікаў выходзілі асобныя вершы Цёткі: «Няма ж, але будзе», «Мужыцкая доля» (скаргі на лёс чалавека працы); патрыятыч­ныя вершы «Мой сад», «Родная вёска», «З чужыны». Бацькаўшчына для Цёткі – гэта пэўны кавалак зямлі і вельмі канкрэтнае паняцце. Разважан­нямі над сэнсам жыцця прасякнуты вершы «Грай-ка», «Арлы, брацці, дай­це скрыдлы». Жаночая тэма ўздымаецца ў вершах «Вясковым кабетам», «Гаданне». Да жанру прыпавесці варта аднесці твор «Тры кветкі» – пера­клад з украінскай мовы пра незгасальную сілу матчынай любові.

У 1906 г. на старонках «Нашай долі» выйшаў празаічны твор Цёткі «Прысяга над крывавымі разорамі» пра прычыны першай рускай рэвалю­цыі. Дзеючыя асобы твора – персанажы-алегорыі. У тым жа годзе выйшла «Першае чытанне для дзетак беларусаў», кніга адыгрывала ролю хрэстама­тыі для чытання ў беларускіх класах, змяшчала невялічкія апавяданні, вер­шы, загадкі, прыказкі, прымаўкі, прыпеўкі, а таксама творы Цёткі на фаль­клорныя матывы.

Пяру Цёткі належаць і падарожныя нататкі: «Успаміны з паездкі ў Фін­ляндыю», якія апісваюць жыццё і побыт фінаў, змяшчаюць выкрыццё на­цыянальнай палітыкі царызму. Цётка пісала артыкулы навуковага і публі­цыстычнага характару пра вераванні беларусаў, арніталогію («Пералётныя птушкі», «Гутарка пра птушак»).

Цётка з’яўлялася паэтэсай пераломнага перыяду. Яе творчасць мож­на назваць мастком паміж паэзіяй ХІХ і ХХ стст., адсюль заўважаецца і не­каторая недасканаласць яе вершаў. Змест твораў аўтаркі пераважае над формай. Цётка развівала публіцыстычную плынь у беларускай паэзіі па­чатку ХХ ст., стварыла тып актыўнага і дзейснага героя. Садзейнічала раз­віццю і жанрава-стылёваму ўдасканаленню беларускай прозы, стала пачы­нальніцай беларускай дзіцячай літаратуры.


Янка Купала (1882 – 1942)
Сапраўднае імя Іван Дамінікавіч Луцэвіч. Меў шмат псеўданімаў: Янук Купала, Марка Бяздольны, Купальскі Ян, Здарэнец, Янук з-пад Мінска, Ня­гутнік, Вайдэлота. Нарадзіўся ў фальварку Вязынка, што пад Мінскам, у сям’і арандатара. Па нараджэнні быў шляхціцам з роду Радзівілаў. Бацька ўсе клопаты ўзваліў на свае плечы, таму дзеці не надта дапамагалі ў працы. У 1902 г. памерлі бацькі. У сям’і Луцэвічаў дзеці атрымалі пачатковую адукацыю. Сам Янка скончыў пачатковае двухкласнае народнае вучылішча ў 1898 г. У 1909 – 1913 гг. вучыўся на агульнаадукацыйных курсах Чарняе­ва ў Пецярбургу. У 1913 г. вярнуўся ў Вільню з мэтай працаваць у «Нашай ніве», рэдактарам якой стаў з 1914 г.

Шмат увагі надаваў пытанням літаратуры і культуры Беларусі. З на­бліжэннем фронту Іван перабіраецца ў Маскву і пачынае наведваць заняткі ва універсітэце Шаняўскага. У студзені 1915 г. прызваны ў войска, служыў у дарожна-будаўнічым батальёне. У 1918 г. вярнуўся ў савецкую Беларусь. Пайшоў з жыцця ў 1942 г. пры загадкавых абставінах. Існавала версія са­магубства аўтара. Пахаванне Купалы таксама было незвычайнае: труна стаяла пад самай столлю, потым цела крэміравалі. Праз дваццаць год у 1962 г. Ку­палу перапахавалі – пераправілі ў Мінск.


Зборнік «Жалейка» (1908)

У дакастрычніцкі час выйшлі наступныя зборнікі Я. Купалы: «Жа­лейка» (1908), «Гусляр» (1910), «Шляхам жыцця» (1913). У 1905 г. у газеце «Северо-Западный край» з’явіўся першы друкаваны купалаўскі верш «Му­жык», аднак пісаць Купала пачаў значна раней. Першыя вершы пісаў на польскай мове, яны былі стылізацыямі вершаў польскіх паэтаў. Беларускую літаратуру адкрыў для сябе пасля знаёмства з творчасцю В.І Дуніна-Мар­цінкевіча і Ф. Багушэвіча.

Першы зборнік «Жалейка» выдадзены ў Пецярбургу кірыліцай у вы­давецтве «Загляне сонца і ў наша аконца». Калі друкавалі зборнік, набор­шчык тэксту надрукаваў замест мужчынскага імя Янук жаночае – Янка. З той пары паэт падпісваўся менавіта такім псеўданімам. Дадзены зборнік быў пераходным паміж літаратурай ХІХ і ХХ стст. У зборнік увайшлі лі­рычныя вершы, байкі, паэма «Адплата кахання». У прадмове вызначаны га­лоўныя матывы зборніка. Галоўныя героі – селянін і паэт. Зборнік меў ан­тыпанскую і патрыятычную накіраванасць, таму быў забаронены. Выйшаў, аднак, невялікім тыражом.

Тэма паэта і паэзіі займала ў зборніку значнае месца. Вершы «Аўтар­цы «Скрыпкі беларускай», «Плачуць мае вершы», «Нашай долі», «Адзін», «Я не сокам» – развага пра месца паэта ў жыцці, які не заўсёды знаходзіць дарогу да людзей і не заўсёды становіцца зразумелым імі. У лірыку Я. Ку­палы ўваходзіць вобраз паэта-адзіночкі, прызначэнне якога – абудзіць лю­дзей. У вершы «Змачу пёрка» апавядаецца пра канфармісцкую літаратуру, якая апявае жыццё, але бачыць у ім недахопы.

Патрыятычная тэма таксама прысутнічае ў зборніку: «Песенька пра некаторых маладых людзей», «І як тут не смяяцца» – вершы, якія асуджа­юць рэнегацтва. Сустракаюцца ў зборніку і філасофскія матывы: «Шчас­це». Пейзажная лірыка неадназначная: «Вольха», «Зіма», «Вясна» – пры­сутнічаюць лірычныя матывы лепшай долі. Любоўная лірыка: «Сватаны», «Сватаная» – лірычны герой дае настаўленні дзяўчыне, прадказвае ёй бу­дучыню.

У дадзены зборнік Я. Купала ўключыў пераклады І. Крылова, М. Ня­красава, Т. Шаўчэнкі. Аўтар выкарыстоўвае прыёмы паўтору, псіхалагічна­га паралелізму, звароту да народа. Частка вершаў не апублікавана: «Там» (водгук на падзеі 1905 г.), «Родныя песні», «Мая эпітафія», «Вы кажаце», «Мая паэзія», «Разлад» (песімістычныя матывы). Любоўныя вершы: «Да N.», «Не глядзі» прасякнуты тэмай нешчаслівага кахання. Такім чынам, зборнік «Жалейка» варта назваць рэалістычна-рамантычным зборнікам.


Зборнік «Гусляр» (1910)

Выдадзены ў Пецярбургу лацінкай. Мае праграмны верш «Я нясу вам дар» (паэт заклікае гусляра быць абуджальнікам роднага краю). Праз назву падкрэсліваўся дэмакратызм зборніка, арыентацыя Купалы на фаль­клор, цікавасць да мінулага. Большасць вершаў вызначаецца кантраст­насцю вобразаў, герояў, матываў. «Крыжы» – у цэнтры гэтага верша ёсць супрацьпастаўленне таго, што неабходна чалавеку, і таго, што ён мае. Крыж – гэта пастаянны спадарожнік чалавечага жыцця. Тэма цярплівасці пераклікалася з тэмай нешчаслівага наканавання лёсу: «Як мы з хаткі вы­ходзім», «За чужую елку». Матыў супрацьпастаўлення пана і селяніна: «Бот і лапаць». Лірычны герой зборніка спрабуе дайсці да асноў светабудовы, і яму здаецца, што на гэтым свеце асаблівага парадку няма, светам кіруе хаос (вершы «Знямога», «За годам год»). Тэма паэта і паэзіі таксама за­кранаецца ў зборніку: мастак у Купалы – гэта чалавек з народа, які здоль­ны адрадзіць духоўна сваіх суайчыннікаў (верш «Сон»). Лірычны герой зборніка жыве ў несвабодзе, таму хоча прыпадабніцца да вольнай стыхіі (верш «І вецер, і сокал, і я», «К зорам»).

Ёсць у зборніку спроба асэнсаваць мінулае ў вершы «Наша мінуўшчы­на». Лірычнага героя цікавіць яго месца ў свеце, адносіны да роднага краю, да людзей, асновы светабудовы, перспектыывы чалавека і чалавецтва.

У зборніку значнае месца належыць тэме прыроды, яе адухаўленню. Прырода для лірычнага героя Я. Купалы – гэта абагульненне існуючага ў жыцці. Не абыходзіць аўтар і традыцыйную тэму кахання (вершы «Дзяў­чынцы», «Падыдзі»). У апошнім вершы шмат інверсій, параўнанняў, паў­тораў, прыёмаў псіхалагічнага паралелізму (прамога і адмоўнага).

Я. Купала апрацоўвае народныя паданні, дае ім другое жыццё. Варта казаць пра метафарычнасць стылю аўтара ў дадзеным зборніку.

1   2   3   4   5   6   7


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка