Уводзіны ў курс. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларускай літаратуры. Перыядызацыя новай беларускай літаратуры




старонка3/7
Дата канвертавання20.03.2016
Памер1.12 Mb.
1   2   3   4   5   6   7

Драматычныя творы В.І. Дуніна-Марцінкевіча

У канцы 1830-х – пачатку 1840-х гг. В.І. Дунін-Марцінкевіч піша лібрэта опер: «Чарадзейная вада», «Спаборніцтва музыкаў», «Рэкруцкі яўрэйскі набор», якія пабудаваны на спалучэнні слова і гука (героі размаўлялі і спя­валі). Творы гэтыя не захаваліся. Да нас дайшоў толькі невялікі кавалак з апошняга названага твора, у якім герой ухваляе Радзіму. Творы былі напі­саныя на польскай мове.

У пачатку 1840-х гг. аўтар піша лібрэта камічнай оперы «Ідылія» (ці «Сялянка», «Сельская ідылія», «Рознае бывае каханне»).

У гэтым творы адчуваецца моцны ўплыў сентыменталізму, адным з асноўных жанраў якога была ідылія (каханне маладых на ўлонні прыроды). У польскай літаратуры тэрміну «ідылія» адпавядаў тэрмін «сялянка». Твор напісаны на польскай мове. Апублікаваны ў 1846 г., музыку напісаў Ста­ніслаў Манюшка. Твор лічыцца першай беларускай операй. Прыёмамі моў­най характарыстыкі герояў нагадвае творы беларускіх камедыёграфаў кан­ца ХVІІІ ст.: сяляне размаўляюць па-беларуску, дваране і чэлядзь – па-поль­ску. У аснове твора ляжыць любоўная сюжэтная лінія, выкарыстоўваецца прыём пераапранання герояў, спалучаюцца элементы сентыменталізму і рэа­лізму. Сюжэтам твора аўтар падкрэслівае думку пра роўнасць паміж людзьмі.

«Неспадзяванка для майстрыні» – невялікі драматычны твор, у якім аўтар ухваляе дабрачыннасць: маладыя дзяўчаты-выхаванкі імкнуцца пад­рыхтаваць дзень нараджэння майстрыні.

Меладрама «Апантаны» мае маральна-этычную праблематыку. У цэнт­ры твора – аповед пра творчую асобу, якая не знаходзіць паразумення з грамадствам. Паралельна ідуць дзве сюжэтныя любоўныя лініі.

У 1866 г. В.І. Дунін-Марцінкевіч піша знакамітую «Пінскую шляхту». Тэкст напісаны на мове пінскіх гаворак. Камедыя мела выкрывальніцкі, крытычны характар. Яна невялікая па аб’ёме, аднак значная па праблема­тыцы, па абагульненнях, зробленых пісьменнікам. У творы крытыкуецца адміністрацыйна-бюракратычны апарат; самавольства, якое пануе ў адміні-страцыйнай сістэме; норавы шляхты з яе невуцтвам. У творы няма ідэаль­нага героя. Пры стварэнні вобраза Кручкова аўтар выкарыстоўвае прыём гратэску. Аўтар высмейвае не столькі тупасць чыноўніцтва, колькі забі­тасць шляхты. Каларытная мова твора: Пратасавіцкі выкарыстоўвае вуль­гарызмы, Кручкоў – канцылярызмы, Куторга – гістарызмы.

Віленскі генерал-губернатар пазнаёміўся з тэкстам п’есы і папярэдзіў пра недапушчальнасць яе выдання. Упершыню твор надрукаваны ў 1918 г. Падкрэсліваецца думка пра адсталасць шляхты, пра яе гістарычную непер­спектыўнасць.

Камедыя «Залёты» (1870) надрукавана ў 1918 г. на польскай мове. Яе пераклаў на беларускую мову Я. Купала. Да назвы ёсць два сінонімы: «заля­цанні» ці «намеры». Аўтар выступае супраць нажывы і ідэалізуе дваранства, паказваючы яго неспрактыкаванасць і наіўнасць у пэўных умовах.

«Гапон» (1855) – напісаны ў жанры вершаванай аповесці, працягвае гаворку пра праблемы, закранутыя ў «Ідыліі». Галоўнымі героямі твора з’яўляюцца мужыкі, такім чынам, жыццё простага працаўніка паказваецца больш шырока. Сустракаюцца вобразы добрай пані і злога аканома. Пісь­меннік паказвае цяжкае, бяспраўнае становішча селяніна, узаемаадносіны паноў і прыгонных сялян. Аўтар стварыў ідылічны, далёкі ад рэальнасці свет. Карцінамі класавага міру і ўзаемаразумення паміж багатымі і бед­нымі ён імкнуўся ўздзейнічаць на норавы і свядомасць сучаснікаў, най­перш на прадстаўнікоў пануючага класа. З сімпатыяй і павагай ставячыся да чалавека працы, пісьменнік хацеў адкрыць скарбы душы народа, яго та­ленавітасць, маральную чысціню тым, хто быў далёкі ад гэтага. Ідэя гуман­ная, але ўтапічная, у чым і сам хутка пераканаўся В.І. Дунін-Марцінкевіч. У дадзенай вершаванай аповесці аўтар шырока выкарыстоўвае фальклор­ныя сродкі: прыказкі, прымаўкі, параўнанні, апісанні, уводзіць прыпеўкі без змен, што з’яўляецца не толькі індывідуальнай творчай манерай аў­тара, але і заканамерным канкрэтна-гістарычным перыядам узаемадзеяння новай, прафесійнай беларускай літаратуры з народнай паэзіяй.

В.І. Дунін-Марцінкевіч абуджаў цікавасць да беларускага жыцця і беларускага слова, з’яўляўся пачынальнікам беларускай драматургіі і ад­ным з першых яе класікаў. Шмат зрабіў для развіцця беларускай эпікі, даў штуршок для развіцця беларускай літаратуры. Яго творчасць мела агіта­цыйнае і асветніцкае значэнне: будаваў школы (хоць і не на беларускай мо­ве), клапаціўся пра развіццё навукі.
3. Слоўнік паняццяў


Гратэск

(ад французскага «смешны, забаўны») – у літаратуры паказ людзей або прадметаў у фантастычным перабольшанні, па­чварна-камічным выглядзе.

Ідылія

(ад грэчаскага «невялікі верш») – верш, у якім гаворыцца пра жыццё «людзей прыроды» – рыбакоў, пастухоў, земля­робаў; паказвае жыццё гэтых людзей у прыфарбаваным вы­глядзе; узнік у старажытнай Грэцыі як від прыдворнай паэзіі і выклікаў перайманне ў новай еўрапейскай літаратуры.

Лібрэта

(ад італьянскага «кніжачка») – славесны тэкст вялікага му­зычна-вакальнага сачынення (оперы, аперэты); кароткае вы­кладанне зместу п’есы, балета, кінакарціны.

Сентыменталізм

(ад французскага «пачуццёвы») – літаратурная плынь ХVІІІ – пач. ХІХ стст., што ўзнікла ў Англіі, а пазней распаўсюдзі­лася ў Еўропе як пратэст супраць сухасці класіцызму; для яго характэрна празмерная пачуццёвасць, слязлівасць.

Шарж

(ад французскага «цяжкасць») – паказ чаго-небудзь у пад­крэслена скажоным, карыкатурным выглядзе.

Літаратура


1.   Александровіч, С.Х. Пуцявіны роднага слова: праблемы развіцця бела­рускай літаратуры і друку другой паловы ХІХ – пач. ХХ стст. / С.Х. Александровіч. – Мінск: БДУ, 1971. – 245 с.

2.   Беларуская літаратура: проза 20-х гадоў: хрэстаматыя / Д.Я. Бугаёў [і інш.]; пад рэд. Д.Я. Бугаёва. – 2-е выд. – Мінск: Універсітэцкае, 1997. – 592 с.

3.   Беларуская літаратура ХІХ стагоддзя: хрэстаматыя / С.Х. Александро­віч [і інш.]; пад рэд. С.Х. Александровіч. – Мінск: Выш. шк., 1971. – 373 с.

4.   Беларускія пісьменнікі: бібліяграфічны слоўнік: у 6 т. / рэдкал.: Б. Са­чанка (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: БЭ імя Броўкі, 1992 – 1995. – 6 т.

5.   Гісторыя беларускай літаратуры: у 4 т. / рэдкал.: У.В. Гніламёдаў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Бел. навука, 2003. – 583 с.

6.   Жураўлёў, В.П. У пошуку духоўных ідэалаў: на матэрыяле беларускай літаратуры ХІХ – пачатку ХХ стст. / В.П. Жураўлёў; пад рэд. У.В. Гні­ламёдава. – Мінск: Бел. навука, 2000. – 191 с.

7.   Лазарук, М.А. Гісторыя беларускай літаратуры: ХХ стагоддзе (20 – 50-я гады) / М.А. Лазарук, А.А. Семяновіч; пад рэд. М.А. Лазарука. – Мінск: Выш. шк., 2000. – 511 с.

8.   Лойка, А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд: вучэбны дапаможнік для філалагічных факультэтаў ВНУ. Ч. 1 / А.А. Лой­ка; пад рэд. Ю.С. Пшыркова. – Мінск: Выш. шк., 1977. – 304 с.

9.   Мішчанчук, М.І. Беларуская літаратура ХХ ст.: вучэбны дапаможнік / М.І. Мішчанчук, І.С. Шпакоўскі. – Мінск: Выш. шк., 2001. – 352 c.

10. Мушынская, Т.Ф. Беларуская літаратура 20 – 30-х гадоў / Т.Ф. Мушын­ская. – Мінск: Нар. асвета, 1994. – 160 с.

11. Навуменка, І.Я. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч / І.Я. Навуменка. – Мінск: Навука і тэхніка, 1992. – 214 c.

12. Семяновіч, А.А. Гісторыя беларускай драматургіі ХІХ – пач. ХХ стст.: дапаможнік для філалагічных факультэтаў педагагічных інстыту­таў / А.А. Семяновіч. – Мінск: Выш. шк., 1985. – 166 с.

13. Старычонак, В.Д. Беларуская літаратура / В.Д. Старычонак. – Мінск: Выш. шк., 1998. – 350 с.

14. Янушкевіч, Я.Я. За архіўным парогам: беларуская літаратура ХІХ – ХХ стст. у святле архіўных пошукаў / Я.Я. Янушкевіч. – Мінск: Маст. літ., 2002. – 381 с.

15. Яцухна, В.І. Беларуская малафарматная драматургія ХVІ – першай па­ловы ХХ стст. / В.І. Яцухна. – Гомель: ГДУ, 2004. – 183 с.


Развіццё новай беларускай літаратуры

ў 1890-я гг. ХІХ ст.

Беларуская літаратура 1890-х гг.
1890-я гады – час актывізацыі літаратурнага руху ў Беларусі. Важную ро­лю ў грамадскім і культурным жыцці адыграла газета «Мінскі лісток», якая выходзіла з 1886 па 1902 гг. Гэта была літаратурная і грамадская газета, яна выходзіла ў Мінску на рускай мове, змяшчала творы рускамоўных аўтараў, пераклады на рускую мову сусветных і мясцовых аўтараў. Актывізуецца тэатральнае жыццё ў канцы ХІХ ст.: культурнымі цэнтрамі былі Мінск, Ві­цебск. У Віцебску асноўнай увагай карысталіся творы Л. Талстога, Ф. Да­стаеўскага. Віцебск канца ХІХ ст. быў горадам мастакоў. У 1899 г. тут ад­крылася першая выстава, а ў літаратуру прыйшоў шэраг новых аўтараў, большасць з якіх не стала знакамітымі літаратарамі.

Адным з такіх аўтараў быў Лявон Вітан-Дубейкаўскі. Ён родам з Мсціслаўшчыны, архітэктар па адукацыі, звяртаўся да літаратурнай твор­часці, якая вызначалася алегарычнасцю. Вядома яго байка «Цягне воўк – пацягнуць воўка» (змяшчае іншасказальны заклік змагацца супраць гвалту). У вершы «Бура» аўтар у іншасказальнай форме малюе беларускую рэчаіс­насць пасля паўстання Каліноўскага. Верш прасякнуты пафасам усведам­лення неабходнасці перамен.

Вядомае імя дадзенага перыяду літаратуры – Марыя Косіч. Да на­шага часу дайшло толькі некалькі яе перакладаў і адзін арыгінальны твор «На перасяленне» пра развітанне чалавека з роднай зямлёй.

Пад псеўданімам «Адам М-скі» выступала Зоф’я Манькоўская, муж якой быў афіцэрам і ўдзельнічаў у руска-турэцкай вайне. Зоф’я працавала ў шпіталі сястрой міласэрнасці, пісала лірычныя вершы, займалася пера­кладчыцкай дзейнасцю з польскай мовы на беларускую. Вядомы яе твор «Беларуская малітва». Лічаць, што ён быў напісаны ў 1880-я гг. Па форме – гэта верш-просьба, верш-зварот сялян да Бога, яны просяць хлеба, сонца, шчасця для сябе і свайго краю. Пісьменніца бралася за пераклад тых тво­раў, якія былі пра каханне.

Даследчыкі мяркуюць, што ў канцы ХІХ ст. мелі пэўнае пашырэнне на Беларусі рукапісныя паэмы Якава Шэмета-Палачанскага «Барысаў ка­мень», «Вяселле ў Беляка», «Даўгінаўскі пагром», творы гэтыя пакуль не адшуканы.

Альгерд Абуховіч (1840 – 1898 ці 1905) нарадзіўся на Случчыне ў ра­давітай сям’і, падпісваў некаторыя творы псеўданімам «Граф Бандзінэры» (бацька быў з роду Медзічы). Атрымаў адукацыю ў Слуцкай гімназіі, ведаў еўрапейскія мовы. Браў удзел у паўстанні К. Каліноўскага, пасля катаргі вярнуўся на Радзіму і без выкупа большую частку земляў аддаў сялянам. Сямейныя адносіны не склаліся, апошнія гады жыцця правёў у галечы. Пе­ракладаў на беларускую мову творы заходніх аўтараў: Ф. Шылера, І.В. Гё­тэ, В. Гюго, Ф. Петраркі, Дантэ Аліг’еры, Дж.Г. Байрана, А. Міцкевіча, У. Сы­ракомлі, а таксама А. Пушкіна і М. Лермантава. Аднак пераклады не заха­валіся. Вядомы празаічны твор «Мемуары», верш «Дума», чатыры байкі – «Ваўкалак», «Старшына», «Воўк і лісіца», «Суд». У цэнтры дадзеных твораў як філасофскія, так і маральныя праблемы.

У цэнтры байкі «Ваўкалак» стаіць праблема свабоды ўвогуле, байка «Старшына» дае алегарычны малюнак парэформеннай рэчаіснасці і з’яў­ляецца памфлетам на рэформу 1861 г. У байцы «Воўк і лісі­ца» выкарыстоўваюцца традыцыйныя для фальклору вобразы недалё­кага ваўка і хітрай лісіцы і паказваюцца ўзаемаадносіны паміж імі. Байка «Суд» высмейвае судовыя парадкі і выказвае ілюзіі наконт справядлівасці суда.

Верш «Дума» ўтрымлівае разважанне над лёсам людзей і знакамітых асоб (намёк на постаці Карла ХІІ і Пятра І). Праходзіць думка пра непрад­казальнасць лініі чалавечага лёсу.

А. Абуховіч лічыцца адным з пачынальнікаў мемуарнага жанру ў бе­ларускай літаратуры. Ён вёў дзённік, у якім запісваў найбольш істотнае з уласнага жыцця: «З папераў А. Абуховіча», які атрымаў пазней назву «Ме­муары». У творы аўтар расказвае пра сваё дзяцінства, сваякоў, вераванні беларусаў (абрад Дзяды), уводзіць развагі пра літаратурную творчасць, выступае за ўжыванне дыялектызмаў. Аўтар садзейнічаў развіццю алега­рычнага пачатку беларускай прозы.



Аляксандр Гельскі (1834 – 1916) нарадзіўся на Міншчыне ў сям’і ме­дыка. Атрымаў неблагую агульную і музычную адукацыю, прымаў удзел у Крымскай вайне, выйшаў у адстаўку і пачаў займацца літаратурнай і краяз­наўчай дзейнасцю. У 1860-х гг. у сваім спадчынным маёнтку арганізаваў пер­шы ў Беларусі краязнаўчы музей, цікавіўся гісторыяй, геаграфіяй, культу­рай Беларусі. Выдаў некалькі кніг на тэму мовы і звычаяў беларусаў: «Слоў­нік жабрачай гаворкі на Белай Русі», «Аб беларускай гаворцы», «Замалёўкі звычаяў шляхты». Зрабіў пераклад адной песні паэмы А. Міцкевіча «Пан Тадэвуш». Мяркуюць, што ў 1872 г. напісаны верш, прысвечаны В. Дуні­ну-Марцінкевічу. У вершы апошні называецца «старым лірнікам, паэтам». Пісьменніку належаць празаічныя творы павучальнага зместу: «Сынок», «Выбіраймася ў прочкі», «Слова аб праклятай гарэлцы і аб жыцці і смерці п’яніцы».

На мяжы ХІХ – ХХ стст. пачыналі сваю дзейнасць К. Каганец, Цёт­ка, А. Пшчолка, В. Арлоўскі. Апошні ў пачатку ХХ ст. выдаў беларускія апавяданні. Мяркуюць, што ён паходзіў з нізоў, родам з Віцебшчыны, пісаў рыфмаванай прозай. У цэнтры твораў – парэформенная рэчаіснасць: збяд­ненне сялян, культ золата. Ідэалізаваў мінулае, прыгонніцкі лад, рэзка ста­віўся супраць навацый (тэхнікі, чыгункі).



Аляксандр Пшчолка – руска-беларускі пісьменнік, меў духоўную і юрыдычную адукацыю. Напісаў некалькі твораў на сумесі руска-беларус­кай мовы: «Бабылкіна гора», «У губерню з бумагай», «Більярд у дзярэўні», «У ціятры», «Сведкі», галоўным героем якіх быў мужык, што лёгка пад­мануты чыноўнікам.
Францішак Казіміравіч Багушэвіч (1840 – 1900)
Дадзенага аўтара называюць «рыцарам сумлення». Нарадзіўся ў фаль­варку Свіраны Віленскай губерні ў шляхецкай сям’і. Продкі яго былі асімі­ляваныя татары. Вучыўся ў Віленскай гімназіі, мовы даваліся цяжэй за да­кладныя навукі. У 1861 г. адпраўляецца ў Пецярбург вучыцца на фізмат. Кіраўніцтва пачало выдаваць студэнтам залікоўкі (матрыкулы), па якіх эк­замены здаваліся ў пэўны час, што значна абмяжоўвала свабоду студэнтаў. Ф. Багушэвіч не ўзяў матрыкулу і аўтаматычна выбыў. Настаўнічаў на Лід­чыне (Гродзенская вобласць). Браты Багушэвічы прынялі ўдзел у паўстанні К. Каліноўскага, вымушаны былі хавацца ад уладаў. У 1864 г. пакінуў Бе­ларусь і ўладкаваўся ў г. Нежыне. У 1865 г. паступіў у Нежынскі юрыдыч­ны ліцэй (вучыўся там да 1868 г.). Часта мяняў месца службы, працаваў на Украіне. Другая палова 1890-х гг. – час развіцця ўкраінскай літаратуры, таму мяркуюць, што і Ф. Багушэвіч пісаў вершы на ўкраінскай мове. Там жа ў 1874 г. ажаніўся. У 1884 г. пераехаў ў Вільню, працаваў адвакатам пры Ві­ленскім акруговым судзе, пісаў вершы. Марыў пра стварэнне беларускай граматыкі, беларускага слоўніка. З’яўляецца аўтарам зборнікаў: «Дудка бе­ларуская» (выдадзены ў 1891 г.) і «Смык беларускі» (выдадзены ў 1864 г.).
Публіцыстыка Ф. Багушэвіча

Літаратурную дзейнасць на беларускіх землях Ф. Багушэвіч пачаў з публіцыстычных твораў. З 1885 па 1891 гг. друкаваўся ў польскім часопісе «Край» пад псеўданімамі і крыптаграмамі (А.Д., В.Н. «бэ аш», Дэ­мас, Гушыч). Публікаваўся ў раздзелах, якія расказвалі пра правінцыяльнае жыццё, судовыя справы. У публікацыях звяртаў увагу на крызіс сельскай гас­падаркі таго часу, на эміграцыю беларускага сялянства, на банкроцтва па­мешчыкаў, пісаў пра ўзрастанне ролі банкаў і ліхвяроў. Допісы вызнача­ліся іранічным стылем. Пісаў пра навіны культурнага жыцця, неабход­насць развіцця беларускай культуры. Публіцыстычныя артыкулы вызна­чаюцца ўдалым выкарыстаннем сатырычных фарбаў (можна сказаць, што Ф. Багушэвіч – паслядоўнік М. Гогаля). Узорам публіцыстыкі з’яўляюцца прадмовы да паэтычных зборнікаў «Дудка беларуская» і «Смык беларускі».



Зборнік «Дудка беларуская»

Выйшаў у Кракаве ў 1891 г. лацінкай, але на беларускай мове пад псеўданімам «Мацей Бурачок». Выбар псеўданіма сведчыў пра дэмакра­тычнасць аўтара. Пісьменнік звяртаецца да зямлі-маткі, хоча пагаварыць пра мову, звяртае ўвагу на грамадзянскасць беларускай мовы. Заклікае бе­ларусаў развіваць культуру на беларускай мове. У прадмове да зборніка ідэалізуе беларусаў у агітацыйных мэтах.

Зборнік адкрываўся праграмным вершам «Мая дудка», які і вызначаў запеў, настрой і тэматыку ўсіх твораў. У вершы аўтар расказвае пра пры­значэнне і ролю мастацтва, паказвае неабходнасць сувязі паміж жыццём і паэзіяй, жыццём і літаратурай. Зборнік па сваім складзе і характары апа­вядальны (эпічны). Асноўная ўвага надаецца апісанню здарэнняў, а не ча­лавечых пачуццяў. Удалым кампазіцыйным прыёмам можна назваць тое, што аўтар уводзіць вобраз апавядальніка Мацея Бурачка. Вуснамі селяніна расказвае пра сялянскае жыццё. Часта аўтар называе зборнік дзённікам Мацея Бурачка, таму што амаль у кожным вершы прысутнічае апавядаль­нік Мацей, які расказвае пра нейкія здарэнні са свайго жыцця.

Увогуле зборнік уключае семнаццаць вершаў, адну байку, адну паэ­му, якую часта называюць вершаваным апавяданнем – «Кепска будзе». У тэматычным плане вершы можна падзяліць на некалькі груп:



  1. патрыятычныя вершы («Мая хата», «Хрэсьбіны Мацюка»);

  2. праўдашукальніцкія вершы («Мая хата», напісаны ў форме пры­чытання);

  3. паказ парэформеннай рэчаіснасці («У астрозе», «У судзе», «Быў у чыстцы»);

  4. вершы, якія ўслаўляюць чалавека працы («Дурны мужык, як ва­рона»);

  5. вершы апавядальніцкага характару пра выпадкі з жыцця («Здарэн­не», «Дзе чорт не можа, там бабу пашле», «Хцівец», «Скарб на святога Яна»);

  6. вершы, якія паказваюць процілегласць сіл у грамадстве («Бог не роўна дзеле», байка «Воўк і авечка»).

Верш «З кірмашу» можна аднесці да любоўнай лірыкі, таму ён стаіць асобна ў шэрагу твораў аўтара. Паэма «Кепска будзе» паказвае вобраз галоўнага героя Аліндаркі, які цэніць свабоду. Аўтар даводзіць думку пра тое, што кепска будзе чалавеку да той пары, пакуль ён церпіць здзекі з ся­бе. Паэму называюць яшчэ вершаванай аповесцю.

У зборніку Ф.К. Багушэвіч размясціў вершы не па тэмах дзеля цэн­зуры: смешнае мяжуецца з сур’ёзным.


Зборнік «Смык беларускі»

Зборнік выдадзены ў Познані ў 1894 г. на беларускай мове лацінкай пад псеўданімам «Сымон Рэўка з-пад Барысава» (пачаткова «Шымон Рэўка з-пад Барысава»). Зборнік меў прадмову, у якой Ф. Багушэвіч працягвае размову пра перспектыву развіцця «мужыцкай» мовы, адносіны да фаль­клору. Імкнецца разважаць з чытачом, як пісаць: арыентавацца на народ­ную песню ці адкідаць яе. Зборнік адкрываецца праграмным вершам «Смык». У вершы паэт услаўляе мастацтва і заяўляе, што мастацтву і музыцы падуладна ўсё. Зборнік уключае паэтычны цыкл «Песні», у які ўвайшло дзесяць песень, розных паводле тэматыкі, якія стылізаваны пад фальклор.

Першая песня «Удава» – у форме плачу, у ёй выказваецца спачуванне га­ротнаму лёсу жанчыны. Другая песня – «Гора» выка­рыстоў­вае сюжэт на­роднай казкі. Трэцяя песня – пра гора – не мае назвы, пабудавана на алега­рычнай сітуацыі. Чацвёртая і пятая песні – «Сватаны» (жаніх) і «Сватаная» (нявеста) выкарыстоўваюць прыём іроніі. Шостая песня паказана ў форме дыялогу. Сёмая – зварот да пана ў форме іроніі. Восьмая песня зроблена ў жанры калыханкі. Дзевятая песня па форме блізкая да народных прыпевак і па змесце нагадвае гімн гультая. Адрозніваецца песня «Хмаркі», у якой маецца разважанне пра месца чалавека на зямлі (верш элегічнага характа­ру, роздум пра лёс інтэлігенцыі).

У зборнік увайшлі і песні, у якіх апісваецца паразітызм паноў і ня­годы сялянскага жыцця. Іранічна гучаў верш «Скацінная апека», які асу­джае ілжывасць і крывадушнасць сучаснай аўтару маралі.

Сацыяльнае гучанне мела байка «Свіння і жалуды» (філасофскі пад­тэкст у тым, што панства адбірае ў сялянства карані і не дае магчымасці іс­наваць). Філасофскае гучанне мае і верш «Ахвяра»; у вершы «Не цурайся» праводзіцца ідэя асветніцтва, характэрная для ХVІІІ – ХІХ стст. Патрыятыз­мам прасякнуты верш «Свая зямля». Багушэвіч набліжае паэзію да лірыч­най плыні (верш «Балада»).
Проза Ф. Багушэвіча

Аўтар з’яўляецца адным з пачынальнікаў беларускай прозы. Яго про­за не цалкам захавалася. Калі пачаў пісаць прозай – невядома. Быў намер выдаць зборнік «Беларускія расказы», але ён не ажыццявіўся. Да нас дай­шлі асобныя апавяданні. У 1892 г. у Кракаве выйшла апавяданне «Тралялё­начка», надрукаванае на беларускай мове лацінкай. Апавяданне ўздымала праблему капіталізацыі вёскі, такім чынам, у ХІХ ст. ужо набывае моц лі­таратура пра паказ жыцця народа.

«Сведка» – пра мужыка, якога запрасілі сведкам на суд; «Палясоў­шчык» (падзагаловак «Апавяданне старога лесніка») выкарыстоўвае сітуа­цыю народнага анекдота; «Дзядзіна» – народнае апавяданне, у аснове ля­жыць прыём прамой іроніі і горкага гумару.

Ф. Багушэвіч – першы беларускі нацыянальны паэт, пра што ён сам заявіў свядома назвамі твораў. Ён адзін з пачынальнікаў беларус­кай прозы, аўтар вострасацыяльных вершаў, садзейнічаў развіццю лі­рычнага пачатку беларускай паэзіі.


Янка Лучына (1851 – 1897)
Сапраўднае імя Іван Луцыянавіч Неслухоўскі. Нарадзіўся ў Мінску ў сям’і адваката. Вучыўся ў Мінскай гімназіі, потым адзін год – на матэма­тычным факультэце Пецярбургскага універсітэта. Яго прываблівала філа­софія пазітывізму (самім трэба дабівацца ўсяго ў жыцці). Потым быў сту­дэнтам Пецярбургскага тэхналагічнага інстытута, пасля заканчэння якога ў 1877 г. паехаў працаваць на Каўказ. Па стане здароўя вымушаны перабрац­ца ў Мінск. У 1886 г. яго разбівае паралюш. Апошнія адзінаццаць год жыц­ця ён абмежаваны ў дзеяннях.

Пісаў на трох мовах: рускай, польскай і беларускай. Пры жыцці не выдаў ні аднаго зборніка вершаў. Пасля смерці ў 1898 г. выйшаў зборнік вершаў на польскай мове. У 1903 г. выйшаў зборнік беларускіх вершаў «Вязынка» (для цэнзуры выдаваўся як зборнік балгарскіх вершаў). Янку Лучыну былі блізкія тыя аўтары, якія звярталі ўвагу на абставіны жыцця селяніна. Перакладаў творы М. Някрасава і У. Сыракомлі. Пачаў пісаць вершы з дзесяці гадоў.

Першы друкаваны твор з’явіўся ў 1886 г. у першым нумары газеты «Мінскі лісток» на рускай мове – «Не ради славы или расчёта», у ім тлу­мачылася прызначэнне газеты, яе асветніцкая накіраванасць. У тым жа годзе з’явіўся верш грамадзянскага гучання на беларускай мове ў той жа газеце (пра неабходнасць развіваць народнае мастацтва і літаратуру на бе­ларускай мове). Вершы «Пра што думае Янка, везучы дровы…», «Вясна», «Вясновай парой» расказваюць пра жыццё селяніна. Ёсць вершы патрыя­тычнага зместу, у якіх выкарыстоўваецца прыём кантрасту («У роднай старонцы»). Верш «Сівер» мае алегарычны характар (паказ жыцця грамад­ства канца ХІХ ст.).

Янка Лучына напісаў твор «Паляўнічыя абразкі з Палесся», дзе выс­тупіў знаўцам беларускай прыроды. Праз некаторы час аўтар зрабіў яго пераклад з польскай мовы на беларускую і назваў «Стары ляснік». Аўтар пісаў вершы маральна-этычнай праблематыкі: «Пятрусь», «Віялета», «Ан­дрэй», «Гануся», якія да нас не дайшлі. Найбольш вядомыя яго творы-пе­раклады У. Сыракомлі: «Горсць пшаніцы», «Ямшчык», «Надта салодкія думкі» (у іх пераважаюць маральна-этычныя і патрыятычныя тэмы).

Янка Лучына быў публіцыстам, драматургам, празаікам. Яму нале­жыць невялікая аповесць на рускай мове «Верачка» пра дзяўчынку, што страціла маці, але засталася добрай; драматычны невялікі твор «Старасць – не радасць» (пра светаадчуванне старых, нікому не патрэбных людзей).

Заслуга Янкі Лучыны – у лірызацыі беларускай паэзіі, паглыбленні яе псіхалагізму, перадачы ўнутранага свету ў вершах. Нездарма псеўданім мае два значэнні: 1) Янка – распаўсюджанае імя, Лучына – продкі мелі прозвішча Лучыўка; 2) рэч, што асвятляе памяшканне (так і яго творчасць будзе садзейнічаць пашырэнню асветы ў родным краі).

1   2   3   4   5   6   7


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка