Уводзіны ў курс. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларускай літаратуры. Перыядызацыя новай беларускай літаратуры




старонка2/7
Дата канвертавання20.03.2016
Памер1.12 Mb.
1   2   3   4   5   6   7

Дзейнасць Арцёма Вярыгі-Дарэўскага і Адама Кіркора



Арцём Вярыга-Дарэўскі (1816 – 1884) нарадзіўся на Ушаччыне ў сям’і дробнага шляхціца. Закончыўшы гімназію, некаторы час працаваў чыноў­нікам у Віцебску. У 1863 г. узначаліў віцебскі атрад, які падтрымаў паў­станне Кастуся Каліноўскага, за што быў арыштаваны і высланы ў Сібір на восем год. На радзіму так і не змог вярнуцца, памёр у Сібіры. Вёў сібірскі дзённік, які згубіўся. Вядомы як паэт, драматург, перакладчык. Пісаў тво­ры на бытавыя і гістарычныя тэмы, большасць з якіх да нас не дайшла. За­хаваліся вершы «Думка», «Ліцвінам», што запісаны ў альбом, і невялічнкае двухрадкоўе. У гісторыю беларускай літаратуры ўвайшоў яшчэ і дзякуючы «Альбому», у якім змешчаны вершы многіх знакамітых дзеячоў культуры таго часу. Друкаваўся пад псеўданімамі «Беларуская дуда» і «Наддзвінскі дудар», што падкрэслівае свядомы зварот аўтара да простага чытача. У вер­шы «Думка» выкарыстоўваюцца прыём паралелізму, паўторы, інверсія.

Адам Кіркор (1819 – 1886) друкаваўся пад псеўданімам «Ян са Сліві­на». Нарадзіўся на Магілёўшчыне ў дробнай шляхецкай сям’і, вучыўся ў Віленскай гімназіі і Віленскім дваранскім інстытуце. Вядомы як археолаг, этнограф, выдавец, літаратар, гісторык, географ, мовазнаўца (добра ведаў еўрапейскія мовы). Пісаў вершы на беларускай і польскай мовах, не ўсве­дамляючы сябе беларусам, называўся «тутэйшым палякам». Пісаў нарысы геаграфічнага плану. Цікавіўся гісторыяй славянскіх літаратур, садзейнічаў развіццю самасвядомасці беларусаў. Пад яго кіраўніцтвам створаны Вілен­скі музей старажытнасці.

Дзейнасць Вінцэся Каратынскага і Уладзіслава Сыракомлі



Вінцэсь Каратынскі (1831 – 1891) нарадзіўся ў сям’і селяніна на На­вагрудчыне, самастойна набыў адукацыю, некаторы час працаваў хатнім на­стаўнікам. Знаёмства з Уладзіславам Сыракомлем перайшло ў сяброўства, Вінцэсь Каратынскі пачаў працаваць сакратаром апошняга. Пад уплывам сяб­ра напісаў вершы, два з якіх захаваліся: «Уставайма, братцы!» і «Туга на чужой старане». Першы верш напісаны да прыезду цара Аляксандра ІІ у Вільню. Частка віленскай інтэлігенцыі вырашыла паднесці цару альбом з хвалебнымі вершамі. Верш Вінцэся Каратынскага быў іншага зместу: зва­рот да суайчыннікаў устаць і сустрэць «дарагога» госця. Аляксандр ІІ алегарыча па­раўноўваецца з сонцам, з’яўленне якога павінна прынесці народу шчасце.

«Туга на чужой старане» паказвае час пасля паражэння паўстання 1863 г. і пачуцці людзей, якія апынуліся за межамі роднай краіны і паку­туюць на чужыне. Верш лірычны, сентыментальны. Апошнія гады жыцця Каратынскі правёў у Варшаве, яго сын ведаў беларускую мову і пісаў на ёй вершы.



Уладзіслаў Сыракомля (сапраўднае імя Людвік Кандратовіч) (1823 – 1862) паходзіў з апалячанай беларускай шляхты, усё жыццё пражыў на тэрыторыі Беларусі, пісаў у асноўным на польскай мове, але на мясцо­выя тэмы. У польскай літаратуры яго называюць «лірнікам вясковым» і «лір­нікам літоўскім», бо героямі твораў аўтара былі сяляне ці шляхта. Вядо­масць да Сыракомлі прыйшла рана – пасля напісання верша «Паштальён», у аснове якога ляжыць здарэнне на Гродзеншчыне, калі малады паштальён пачуў крык аб дапамозе, але не выратаваў дзяўчыну, якая аказалася яго каханай. Янка Лучына пераклаў гэты верш на беларускую мову.

У вершах аўтара ўслаўляецца дабрачыннасць, асуджаецца здрада і хцівасць чалавечых паводзін. Аўтару належаць вершы на мове беларускага сялянства: «Добрыя весці» і «Ужо птушкі пяюць усюды». Першы верш на­пісаны ў 1848 г. і расказвае пра абуджэнне прыроды і чалавека, утрымлі­ваючы алегорыю; другі верш таксама алегарычны, верш-прадчуванне, на­пісаны ў 1861 г., паказвае карціну надыходу вясны і мае кантрастнасць вобразаў.



Кастусь Каліноўскі (1838 – 1864)

Вікенцій-Канстанцін Сямёнавіч Каліноўскі нарадзіўся ў 1838 г. у шля­хецкай сям’і, якая была даволі забяспечанай, але шматдзетнай. Рана за­стаўся без маці, таму рос пад уплывам старэйшага брата Віктара. Спачатку Каліноўскі вучыўся ў гімназіі, а ў 1855 г. паехаў у Маскву вучыцца на юры­дычны факультэт Маскоўскага універсітэта. Потым едзе ўслед за братам Віктарам у Пецярбург на юрыдычны факультэт. За час вучобы Каліноўскі пасябраваў з людзьмі, што ненавідзелі царскі ўрад і марылі пра свабоду Ра­дзімы. Пры сталічным універсітэце існавалі студэнцкія зямляцтвы, якія аб’ядноўвалі людзей адной мясцовасці ці краю (так існавала аб’яднанне «Агул», у якое ўваходзілі беларусы, украінцы, палякі, літоўцы). Каб застац­ца ў сталіцы, Каліноўскі вырашыў пісаць дысертацыю па гісторыі, якую абараніў у 1861 г. Перад самым уладкаваннем у сталіцы Кастусь едзе ў Вільню і рыхтуе паўстанне, для яго пачынаюцца часы вандровак і выпад­ковых заробкаў. Пад псеўданімам «Васіль Світка» стварае паўстанскі камі­тэт, праводзіць агітацыю і наладжвае выпуск газеты «Мужыцкая праўда» летам 1862 г. Усяго выйшла сем нумароў газеты: шэсць – у 1862 г., адзін – у 1863 г. Усе матэрыялы былі аднатэмныя, газета нагадвала прапагандыс­цкі лісток. Пасля падаўлення паўстання Кастусь памылкова лічыў, што яно можа ўзнавіцца ў 1864 г. У студзені 1864 г. паліцыя арыштавала маладога дваццацігадовага чалавека Вітальда Парафіяновіча, які выдаў арганізата­раў паўстання і прозвішча, пад якім хаваўся ў Вільні Каліноўскі. Паліцыя знайшла настаўніка Ігната Вітаржэнца, які на самой справе і быў Каліноў­скім. Пасля непрацяглага следства суд прызначыў Кастусю Каліноўскаму пакаранне – смерць праз павешанне, якое было здзейснена ў сакавіку 1864 г. на Лукішскай плошчы ў Вільні.

У гісторыю беларускай літаратуры Кастусь Каліноўскі ўвайшоў як аўтар і выдавец газеты «Мужыцкая праўда» і аўтар «Пісьма з-пад шыбені­цы». Пад агітацыйным псеўданімам «Яська – гаспадар з-пад Вільні» Калі­ноўскі даносіў да чытачоў усё тое, што меў на мэце сказаць. Асноўнымі тэмамі газеты былі:


  1. тэма барацьбы за зямлю і волю;

  2. тэма антынароднай палітыкі царскага ўрада;

  3. несправядлівасці царскага суда;

  4. тэма гістарычнай крыўды беларусаў.

Ідэалам Каліноўскага было змаганне за зямлю і волю, зямля бачыла­ся Каліноўскаму ўмовай сапраўднай свабоды. Звяртаўся да мінулага бела­русаў у імя абуджэння нацыянальнай годнасці, да гісторыі славянскіх пля­мёнаў, каб даказаць варожасць царскага рэжыму. Адмоўна паказваецца на старонках газеты шляхта, крытыкуецца рэформа 1861 г. Каліноўскі быў прыхільнікам свабоды веравызнання. З турмы ён перадаў «Пісьмо з-пад шыбеніцы» (поўная назва «Да беларускага народа пісьмо з-пад шыбеніцы Кастуся Каліноўскага»), якое ўтрымлівала развагу пра канец царскага рэ­жыму, сродкі барацьбы і саюз са славянскімі народамі.

Дадзены твор складаецца з дзвюх частак: вершаванай і празаічнай. Вершаваная частка пачынаецца радкамі: «Марыська чарнаброва, галубка мая…». Гэтым зваротам аўтар пераконвае ў станоўчым выніку барацьбы. У дадзенай частцы спалучаецца лірыка і публіцыстыка. Да гэтага часу вядуц­ца спрэчкі наконт таго, каму адрасаваны ліст: вобраз Марыські можа з’яў­ляцца алегарычным вобразам Радзімы-маці ці канкрэтнай асобы, бо ў Калі­ноўскага было дзве знаёмыя Марыі (дачка гаспадыні кватэры, дзе ён жыў, і нявеста Марыя Ямант).

Асоба Кастуся Каліноўскага заўсёды прываблівала навукоўцаў і літа­ратараў: адны лічылі яго сцягам беларускага адраджэння, іншыя прыпіс­валі Каліноўскаму спробы ідэалізаваць беларускую буржуазію. Да 100-год­дзя з дня нараджэння Кастуся Каліноўскага напісаны два творы: драма М. Міронава «Кастусь Каліноўскі» і паэма М. Танка «Кастусь Каліноўскі», якія паказваюць дзеяча як чалавека-змагара. Беларускія класікі не абышлі ўвагай постаць знакамітага земляка. У. Караткевіч прысвяціў яму верш і драму «Кастусь Каліноўскі», раман «Каласы пад сярпом тваім», паўстанню прысвячалі свае творы А. Якімовіч і А. Куляшоў. Асэнсаванне характару Кастуся Каліноўскага больш яскрава прасочваецца ў творах У. Караткевіча «Кастусь Каліноўскі» і А. Куляшова «Хамуціус».

3. Слоўнік паняццяў


Бурлескна-травес­ційныя творы

(ад італьянскага «бурлеска» – жарт і французскага «травес­ці» – пераапранаць) – творы парадыйна-сатырычнага зместу, у якіх героі камічна пераапранаюцца ў звычайнае простана­роднае адзенне.

Гіпербала

(ад грэчаскага «пераход», «перавес», «перабольшанне») – зва­рот мовы, які заключаецца ў празмерным перабольшанні з’я­вы ці падзеі для мацнейшага ўражання.

Класіцызм

(ад лацінскага «першакласны») – накірунак у мастацтве і лі­таратуры, які бярэ пачатак з Заходняй Еўропы ХVІ – ХVІІІ стст. і заключаецца ў прыпадабненні антычным формам.

Макаранічная мова

змешаная беларуска-польская мова з прымессю беларускіх слоў, якая выкарыстоўвалася ў вершах беларуска-польскіх аўтараў.

Літаратура


1.   Александровіч, С.Х. Пуцявіны роднага слова: праблемы развіцця бела­рускай літаратуры і друку другой паловы ХІХ – пач. ХХ стст. / С.Х. Александровіч. – Мінск: БДУ, 1971. – 245 с.

2.   Беларуская літаратура: проза 20-х гадоў: хрэстаматыя / Д.Я. Бугаёў [і інш.]; пад рэд. Д.Я. Бугаёва. – 2-е выд. – Мінск: Універсітэцкае, 1997. – 592 с.

3.   Беларуская літаратура ХІХ стагоддзя: хрэстаматыя / С.Х. Александро­віч [і інш.]; пад рэд. С.Х. Александровіч. – Мінск: Выш. шк., 1971. – 373 с.

4.   Беларускія пісьменнікі: бібліяграфічны слоўнік: у 6 т. / рэдкал.: Б. Са­чанка (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: БЭ імя Броўкі, 1992 – 1995. – 6 т.

5.   Вашко, Л. Гістарызацыя свядомасці: беларуская літаратура і беларуш­чына на пачатку ХХ стагоддзя: навуковая публіцыстыка / Л. Вашко. – Мінск: Бел. навука, 1997. – 151 с.

6.   Гісторыя беларускай літаратуры: у 4 т. / рэдкал.: У.В. Гніламёдаў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Бел. навука, 2003. – 583 с.

7.   Кісялёў, Г.В. Пачынальнікі: з гісторыка-літаратурных матэрыялаў ХІХ ст. / Г.В. Кісялёў. – 2-е выд. – Мінск: Бел. навука, 2003. – 549 с.

8.   Лазарук, М.А. Гісторыя беларускай літаратуры: ХХ стагоддзе (20 – 50-я гады) / М.А. Лазарук, А.А. Семяновіч; пад рэд. М.А. Лазарука. – Мінск: Выш. шк., 2000. – 511 с.

9.   Лецка, К.І. Вытокі і генезіс беларускага рамантызму ХІХ ст.: манагра­фія / К.І. Лецка. – Гродна: ГрДУ, 2003. – 370 с.

10. Лойка, А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд: вучэбны дапаможнік для філалагічных факультэтаў ВНУ. Ч. 1 / А.А. Лой­ка; пад рэд. Ю.С. Пшыркова. – Мінск: Выш. шк., 1977. – 304 с.

11. Мішчанчук, М.І. Беларуская літаратура ХХ ст.: вучэбны дапаможнік / М.І. Мішчанчук, І.С. Шпакоўскі. – Мінск: Выш. шк., 2001. – 352 c.

12. Мушынская, Т.Ф. Беларуская літаратура 20 – 30-х гадоў / Т.Ф. Мушын­ская. – Мінск: Нар. асвета, 1994. – 160 с.

13. Навуменка, І.Я. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч / І.Я. Навуменка. – Мінск: Навука і тэхніка, 1992. – 214 c.

14. Сіўко, Ф.І. Пісьменнікі Віцебшчыны: даведнік / Ф.І. Сіўко. – Віцебск: Віцебская абласная друкарня, 2001. – 88 с.

15. Старычонак, В.Д. Беларуская літаратура / В.Д. Старычонак. – Мінск: Выш. шк., 1998. – 350 с.

16. Янушкевіч, Я.Я. За архіўным парогам: беларуская літаратура ХІХ – ХХ стст. у святле архіўных пошукаў / Я.Я. Янушкевіч. – Мінск: Маст. літ., 2002. – 381 с.




паслярэформенны перыяд развіцця

новай беларускай літаратуры (1860-я – 1880-я гг. ХІХ ст.)
Паслярэформенны перыяд
Літаратура Беларусі 1860-х – 1880-х гг.
З мая 1864 г. па загадзе цара Аляксандра ІІ Паўночна-Заходні край жыве па законах ваеннага часу. Кнігі друкуюцца лацінскай графікай, каб засцерагчы імперыю ад нежаданых ідэй. З 1884 г. пачалі насаджацца цар­коўна-прыхадскія школы, у якіх асноўная ўвага надавалася вывучэнню за­кона божага. Паслярэформенны час стаў часам абеззямельвання сялян і раз­бурэння дваранства як класа, час вылучэння новага саслоўя – буржуазіі, павелічэння насельніцтва гарадоў, збяднення вёскі. Паслярэформенны пе­рыяд характарызуецца канфрантацыяй розных навукова-даследчых сіл, што прывяло да адкрыцця Беларусі як асобнага краю і беларусаў як народа. У 60-х – 80-х гг. мелі месца спрэчкі пра сацыяльную прыналежнасць і карані беларусаў: адносіць іх да польскага ці да рускага народа. У выніку нара­джаецца думка пра самабытнасць беларускага народа: узрастае цікавасць да фальклору, асаблівасцей беларускага жыцця, аднак друк на мясцовай мове і лацінцы забаронены.
Публіцыстыка і паэзія
Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы, беларускае слова існавала. З 1863 па 1871 гг. у Вільні выходзіць часопіс «Вестник Западной России» шавінісцкага ўхілу. З 1860-х гг. рэгулярна выдаваліся «Губернскія ведамасці» і «Епархіяльныя ведамасці», якія мелі клерыкальны характар. Уся тэрыто­рыя Расіі была падзелена на епархіі. Выдаваліся памятныя кнігі губерніі (змяшчалі падзеі з жыцця імператарскай сям’і, расказвалі пра пэўную гу­берню, яе жыхароў, эканоміку, культуру і г.д.). Яны выходзілі раз на год і нагадвалі пагадовы летапіс, адносячыся да афіцыйнай публіцыстыкі. Існа­вала і нелегальная публіцыстыка, помнікам якой з’яўлялася газета «Змова» (першы нумар выйшаў у ліпені 1870 г. у Цюрыху). Газета павінна была вы­ходзіць на польска-беларуска-літоўскай мове і мець украінскі дадатак, пра што сведчыў адзін нумар на польскай мове. Выдаўцы газеты па пераканан­нях былі народнікамі, імкнуліся да саюзу ўсіх сіл, якім быў ненавісны ца­рызм.

У 1880-я гг. цэнтрам беларускага руху стаў Пецярбург. У Пецярбург­скім універсітэце існавала студэнцкае аб’яднанне, якое называлася па-роз­наму: «Беларуская грамада», «Беларуская арганізацыя», «Гоман». Студэн­ты цікавіліся лёсам беларускага краю, выдавалі брашуры. Вядома адна з такіх брашур – «Пісьмы пра Беларусь» Данілы Баравіка. «Пісьмы…» ад­крываюцца эпіграфам: «Загляне сонца і ў наша аконца». Даніла Баравік за­значаў, што русіфікацыя пацерпіць крах, адзначаў заслугі літаратараў А. Вя­рыгі-Дарэўскага, В. Дуніна-Марцінкевіча ў прапагандзе беларускага слова, пісаў пра вялікую будучыню Беларусі.

Адказам «Пісьмам…» у 1884 г. стала «Пасланне да землякоў шчыра­га беларуса», змест якога заключаецца ў вітанні шчырым беларусам Дані­лы Баравіка за яго патрыятычныя клопаты, у прапагандзе вывучэння род­нага краю.

Часопіс «Гоман» поўна выявіў рэвалюцыйныя настроі беларускай мо­ладзі ў сваіх двух нумарах, адзін з якіх выйшаў у пачатку 1884 г., другі – восенню 1884 г. Першы нумар казаў пра тое, што на беларускі народ гля­дзяць як на матэрыял для эксперыментаў. Асіміляцыя захапіла толькі вы­шэйшы пласт. Рэдакцыя пісала пра роўнасць беларусаў сярод іншых на­родаў, пра вызначальную ролю інтэлігенцыі пры вывучэнні роднага краю. Выказваліся меркаванні пра стварэнне рэвалюцыйных груп на месцах. Другі нумар закранаў праблемы палітычнага жыцця краіны, нацыянальныя пытанні і разглядаў задачы інтэлігенцыі, падкрэсліваў ідэю раўнапраўя народаў, не цураючыся лозунга «Беларусь для беларусаў».

Газета «Мінскі лісток» выходзіла з 1886 па 1902 гг. у Мінску на рус­кай мове і змяшчала матэрыялы, якія датычыліся жыцця беларускага наро­да. Друкаваліся творы мясцовых аўтараў на рускай і беларускай мовах. З 1880-х гг. пачалі выдавацца «Календари Северо-Западного края» на рускай мове, якія ўключалі літаратурныя творы, парады па гаспадарцы, апісанне народных звычаяў і абрадаў, бытавыя ананімныя гутаркі. Сярод апошніх вядомы: «Пра багацце ды беднасць», «Дзядзька Антось». У цэнтры гутарак знаходзяцца злабадзённыя эканамічныя пытанні, якія закранаюць стано­вішча чалавека-працаўніка ў грамадстве.

1860-я – 1880-я гг. – час, калі ў беларускую літаратуру прыйшло шмат пісьменнікаў, якія пакінулі па некалькі вершаў і прыкметнага гістарычнага ўплыву на развіццё беларускай літаратуры не аказалі, хаця іх творчасць выклікае некаторую цікавасць.



Гаравід (у сапраўднасці Тукеркас) у пачатку ХХ ст. быў выдаўцом «Нашай долі». У 1880-я гг. напісаў верш «Я клічу вас», дзе выказаў думкі пра згуртаванне сіл у імя будучай свабоды. Верш утрымлівае шмат клічных інтанацый.

Войслаў (Вайніслаў) Казімір Савіч-Заблоцкі (Суліма Савіч-Заблоц­кі) (1849 (1850) – пасля 1893) беларускі паэт і перакладчык, які нарадзіўся ў сям’і буйнога землеўладальніка на Дзісненшчыне (сёння Міёрскі раён). Рана асірацеў; хлопца выхоўваў сваяк-генерал, які хацеў зрабіць з яго ім­ператарскага падданага. Вучыўся Вайніслаў спачатку ў Віленскай акадэміі, потым – ва універсітэце. Пісаў на беларускай, польскай, рускай, француз­скай мовах. Яго пяру належыць аповесць «Полацкая шляхта», насычаная фальклорнымі і этнаграфічнымі элементамі. З твораў на беларускай мове да нас дайшлі вершы элегічнага характару: «З чужбіны», «У роднай зям­лі», «Да перапёлкі».

Фелікс Тапчэўскі (каля 1838 – 1892) нарадзіўся на Лепельшчыне ў сям’і дробнага двараніна. Закончыў павятовае дваранскае вучылішча, слу­жыў чыноўнікам у Віцебску і павятовым судзе, быў звольнены за вальна­думства, пачаў працаваць лесніком. Удзельнічаў у паўстанні пад кіраўніцт­вам Кастуся Каліноўскага, але быў адпушчаны пасля арышту з-за адсут­насці ўлік. Творы падпісваў псеўданімамі: Юрка, Хвэлька з Рукшэніц, Іван Сіротка. Выступаў як паэт ліра-эпічнага пачатку. Пісаў сюжэтныя вершы, набліжаныя да апавядання. Да нас дайшлі наступныя творы: «Вечарынка», «Саўсім не тое, што было», «Грошы і праца», «Ён і яна», «Панскае ігрышча».

У «Вечарынцы» расказваецца пра панскі баль, убачаны вачыма селя­ніна, верш мае камічную афарбоўку, бо насычаны прастамоўнай лексікай. «Саўсім не тое, што было» – дыдактычны твор, апавяданне вядзецца ад імя старога чалавека, былога панскага лёкая, параўноўваецца мінулае і сучас­насць на карысць першага. У вершы намячаецца тэма разбурэння дваран­скіх гнёздаў, якая знойдзе свой працяг у творы Ф. Багушэвіча «Тралялё­начка». Верш «Грошы і праца» – дыдактычны, назва антанімічная, кан­трасная. Супрацьпастаўляецца чалавечая пасіўнасць і актыўнасць, прапа­гандуецца праца, незалежная ад чалавечых даходаў. «Ён і яна» – напісаны ў форме вершаванага апавядання ад імя вясковага хлопца, які стаў сведкам размовы паміж панічом і паненкай. Твор напісаны на дзвюх мовах: поль­скай і беларускай. Апавяданне вядзецца на беларускай мове, а размова па­нічоў – на польскай. Праводзіцца думка пра тое, што і просты чалавек здольны кахаць. Верш «Панскае ігрышча» прыпісваецца Феліксу Тапчэў­скаму, бо зместам і сюжэтам ён блізкі да «Вечарынкі». Выкарыстоўваецца аднолькавы кампазіцыйны прыём: мужык з гумарам расказвае пра панскі баль. Такім чынам, Фелікс Тапчэўскі зрабіў шмат для развіцця эпічнай плыні беларускай паэзіі канца ХІХ ст.


Вікенцій Іванавіч Дунін-Марцінкевіч (1807 (1808) – 1884)
Нарадзіўся ў фальварку Панюшкавічы Бабруйскага павета ў сям’і аран­датара. Рана страціўшы бацькоў, вымушаны быў даказваць сваё дваранскае паходжанне. Яго дзядзька-апякун па лініі маці быў знакамітым святаром Рымска-каталіцкай царквы ўсёй Расійскай імперыі. Пры дапамозе дзядзькі Вінцэнт вучыўся ў Віленскай бурсе; потым паступіў ў Віленскі ці Пецяр­бургскі універсітэт на медыцынскі факультэт, які не скончыў па прычыне слабага здароўя. Уладкаваўся чыноўнікам у прыватнае бюро Вільні. У 1831 г. ажаніўся з дачкой уладальніка бюро, але шлюб не задавальняў бацьку ня­весты; сям’я пераехала ў Мінск, а Вінцэнт з дапамогай дзядзькі атрымаў месца чыноўніка. У 1840 г. купіў маёнтак Люцэнка (ці Люцынка), дзе займаў­ся літаратурнай дзейнасцю.

У 1850-я гг. В.І. Дунін-Марцінкевіч стаіць на чале Мінскага гуртка. Пас­ля паўстання Каліноўскага ўлады прад’явілі яму абвінавачванне ў падтрым­цы паўстання і арыштавалі ў кастрычніку 1864 г. Каля года вялося следст­ва па справе. У снежні 1865 г. яго адпусцілі з турмы. В.І Дунін-Марцінке­віч спалучаў літаратурную дзейнасць з асветніцкай, клапаціўся пра аргані­зацыю школ, але гэтыя школы адкрываліся на польскай мове.


Эпас і лірыка В.І. Дуніна-Марцінкевіча

Займацца літаратурнай дзейнасцю пачаў у 1840-я гг., калі пісаў лібрэта камічных опер. У 1855 г. выйшаў першы зборнік пад назвай «Гапон» (на бе­ларускай мове друкаваны лацінкай), які ўключаў вершаваную аповесць «Га­пон», адзінаццаць вершаў на польскай мове і адзін верш на беларускай мо­ве, адну п’есу «Неспадзяванка для майстрыні». За першым зборнікам з’яві­ліся і іншыя: «Вечарніцы», «Апантаны», «Цікавішся? Прачытай!», «Бела­рускі дудар».

Зборнік «Гапон» склалі творы, напісаныя пад моцным уражаннем ра­мантызму і сентыменталізму. Увагу пісьменніка прыцягвалі чалавечыя па­чуцці і эмоцыі. Вершы на польскай мове – гэта, у асноўным, вершы пра ка­ханне, пра прыроду, пра мастацтва. Тут ёсць і сюжэтныя (рамантычныя вер­шы «Нясталасць», «Вандроўнік»), і несюжэтныя (чыста элегічныя, лірыч­ныя) вершы на тэму кахання («Смутак на чужыне», «Яна», «Успаміны»). У зборнік «Гапон» увайшоў адзін верш на беларускай мове («Віншаванне войта Навума»), напісаны ад імя мужыка. Верш мае цікавую кампазіцыю: мужык звяртаецца да пані ў дзень імянін і просіць яе быць літасцівай да сялян.

Ліра-эпічны пачатак мае вершаваная аповесць «Гапон», якая ўяўляе адносна закончаны эпізод у ходзе аўтарскага апавядання. Ужо ў першай частцы пісьменнік уводзіць у кампазіцыю беларускія песні і танцы. Сюжэт нагадвае калядную казку, дзе дабро перамагае зло. Аўтар лічыць, што праз асвету можна дасягнуць гармоніі ў грамадстве, сцвярджае думку пра тале­навітасць простага чалавека. З дадзенай аповесці ў беларускай літаратуры бярэ пачатак кампазіцыйны прыём: сумяшчэнне любоўнага сюжэта з этна­графічнымі замалёўкамі.

Аповесць «Вечарніцы» складаецца з дзвюх частак, выкарыстоўваец­ца прыём уяўнага апавядальніка (ад імя старога чалавека Ананія). У аснове першай часткі «Дурны Зміцер, хоць хітры» ляжыць народны анекдот, асу­джаецца празмерная чалавечая сквапнасць, даверлівасць, захапленне гарэл­кай. У аснове другой часткі «Стаўроўскія Дзяды» ляжыць паданне пра кры­віцкага князя Воя, у якога было два сабакі – Стаўры і Гаўры.

Аповесць «Купала» прысвечана знаёмаму двараніну, якога аўтар лі­чыў увасабленнем свайго ідэалу. У прадмове пісьменнік хоча растлума­чыць, чаму ўзяўся за напісанне аповесці на народнай мове. Апавядальнік, дзед Халімон, заклікае сялян да памяркоўнасці, хваліць Бога, прымушае працаваць і любіць паноў.

Аповесць «Шчароўскія дажынкі» мае ў аснове любоўны сюжэт, су­перніцтва дзвюх прыгожых дзяўчат. У канву апавядання ўплецена апісанне дажынак і вясельная песня.

Аповесць «Травіца брат-сястрыца» мае ў аснове пастаральныя ма­тывы (каханне пастуха і пастушкі). Апавядальнік параўноўвае сучаснае і мінулае на карысць другога. Вядзецца аповед пра крывіцкага князя Барыса і яго слугу Данілу.

Пасля другой сусветнай вайны былі апублікаваны «Быліцы», якія складаюцца з дзвюх частак: першая частка – «Злая жонка» закранае пы­танні сямейнага жыцця, эмансіпацыі жанчын; другая частка – «Халімон на каранацыі» расказвае пра старшыню Халімона Забалотнага, які едзе ў ста­ліцу на царскую каранацыю.

Вершаваныя аповесці В.І. Дуніна-Марцінкевіча параўноўваюцца з «Вечарамі на хутары каля Дзіканькі» М. Гогаля. В.І. Дунін-Марцінкевіч уводзіць апісанне падзей на этнаграфічным фоне, у творах назіраецца сплаў розных мастацкіх метадаў: сентыменталізму, рамантызму, рэалізму. Аўтар цікавіцца абрадамі, паданнямі беларусаў.

У вершаваных творах на польскай мове аўтар паўстае перш за ўсё як рамантык. Так вершаванае апавяданне «Благаславёная сям’я» расказвае пра родны край, закранае тэму кахання. Твор прасякнуты ўхваленнем Радзімы, шляхты сярэдняй рукі, якая, на думку В.І. Дуніна-Марцінкевіча, захавала сваю годнасць.

На гістарычную тэму напісаны два творы: «Люцынка, або Шведы на Літве» (выкарыстоўваецца традыцыйны прыём параўнання мінулага і су­часнасці пры апісанні падзей, што мелі месца ў пачатку ХVІІІ ст., а такса­ма прыём незавершанага апавядання пры паказе чалавечага характару); «Славяне ў ХІХ ст.» (у цэнтры аповед пра падзеі ў Сербіі, якая змагалася за незалежнасць з туркамі, разбаўлены любоўным сюжэтам).

«З-пад Іслачы, або Лекі на сон» расказвае пра асаблівасці літаратар­скай дзейнасці, пра побыт аўтарскіх знаёмых, апісвае жыццё шляхты ся­рэдняй рукі. У творы В.І. Дунін-Марцінкевіч спалучае некалькі стыляў апа­вядання: урачысты, калі апавядальнік згадвае Айчыну; гумарыстычны, са­тырычны, калі паказвае суседзяў і іх недахопы.

В.І. Дунін-Марцінкевіч захоўвае тон, уласцівы пісьменнікам-сенты­менталістам і польскім пісьменнікам-рамантыкам (у вершах на польскай мо­ве), адсюль назіраецца метафарычнасць стылю. У творах на польскай мове аўтар закранае маральна-этычныя праблемы і не злоўжывае этнаграфічны­мі замалёўкамі.


1   2   3   4   5   6   7


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка