Урок-казка па тэме «Даданыя члены сказа: дапаўненне, азначэнне, акалічнасць» у 5-м класе з прымяненнем тэхналогіі блокавай падачы новага матэрыялу.
Мэта. Паглыбіць веды вучняў аб даданых членах сказа. Даць паняцце аб дапаўненні, азначэнні i акалічнасці. Выпрацоўваць уменне вызначаць i адрозніваць галоўныя i даданыя члены сказа. (На першым уроку не акцэнтаваць увагу вучняў на вызначэнне часцін мовы, якімі выражаюцца даданыя члены.) Прывіваць цікавасць да чытання лінгвістычных казак. Выхоўваць моўны этыкет у школьнікаў пры знаёмстве i гутарцы.
Абсталяванне да ўрока. Лялька, апорныя схемы-партрэты казачных герояў, карткі з запісанымі сказамі, падручнік.
Змест урока
1. Запісаць на дошцы i ў сшытках дату i тэму ўрока. Правесці сціслы аналіз тэмы.
2. Прыкладны аповед настаўнікам лінгвістычнай казкі «Сон у руку, або Падарожжа хлопчыка Алеся па чароўным касмічным горадзе Сінтаксісу i Пунктуацыі».
Настаўнік. Мне думаецца, што няма на зямлі такога хлопчыка ці дзяўчынкі, якія не любілі б слухаць ці чытаць казкі. А вы, дзеці, напэўна, таксама любіце казкі?
Вучні. Так. Любім.
Настаўнік. Сённяшнюю тэму «Даданыя члены сказа» дапаможа вам зразумець... казка. Так, казка «Сон у руку, або Падарожжа хлопчыка Алеся па чароўным касмічным горадзе Сінтаксісу i Пунктуацыі». Сядайце больш зручна i слухайце ўважліва: Жыў-быў на свеце звычайны хлопчык Алесь. (Настаўнік паказвае вучням хлопчыка-ляльку.) Слухаў i паважаў ён старэйшых, ніколі не крыўдзіў малодшых. Вучыўся Алесь, як i вы, у пятым класе. І, трэба сказаць, што вучыўся ён толькі на «дзевяць» i «дзесяць». А ўрокі беларускай мовы i літаратуры сталі яго самымі любімымі школьнымі прадметамі. Як i ўсе хлопчыкі, Алесь марыў стаць касманаўтам, такім, як Юрый Гагарын цi Пётр Клімук. Адным словам, добры, працавіты быў хлопчык. Аднойчы Алесю не пашанцавала. Захварэў ён i чатыры дні запар не хадзіў у школу. Вядома, i тлумачэнне новых тэм, якія вывучаліся на ўроках, прапусцiў. Няёмка было хлопчыку ў першы дзень пасля хваробы сядзець у класе. На ўроку беларускай мовы ўжо замацоўвалі тэму «Даданыя члены сказа», а бедны Алесь ніяк не мог зразумець: што такое дапаўненне, азначэнне, акалічнасць? Чым яны адрозніваюцца адзін ад аднаго i ад галоўных членаў сказа? Як ix трэба падкрэсліваць? Прыйшоу хлопчык дамоў. Вырашыў самастойна разабрацца ў гэтых незразумелых даданых членах сказа. Тым больш, што i дамашняе практыкаванне было, дзе патрэбна падкрэсліць граматычную аснову, дапаўненне, азначэнне i акалічнасць. Алесь доўга карпеў над заданнем, але ўсё дарэмна — нічога не зразумеў нават тады, калі прачытаў у падручніку правіла. Так i заснуў за сталом.
...Сніцца Алесю дзіўны сон. Быццам адарваўся ён ад зямлі i паляцеў у касмічныя прасторы. Доўга ляцеў цi коратка, але нарэшце трaпiў у чароўны горад Ciнтaксicy i Пунктуацыі. (Настаўнік паказвае загадзя прымацаваны на дошцы малюнак чароўнага касмічнага горада.) Апусціўся хлопчык на блакітную духмяную траву, прайшоў трошкі i ўбачыў прыгожыя маленькія домікі, замкі, вуліцы i... pyжовыя дрэвы... На вуліцах чароўнага горада весела гулялі ўжо добра знаёмыя Алесю асобы — тонкія коскі, напышчаныя кропкі, задуменныя пытальнікі, словазлучэнні, у маленькіх празрыстых талерках ляталі ганарлівыя клічнікi, a тpoxi воддаль, у невялікай жоўтай рэчцы, купаліся працяжнікі. Павольна ідзе Алесь далей, хаця ногі i не вельмі слухаюцца яго — нейкія цяжкія, быццам свінцом налітыя. Падышоў хлопчык бліжэй да прыгожых будынкаў. Бачыць — на кожным доміку, над дзвярамі, прымацаваны невялікія шыльдачкі — i, што дзіўна, напісаныя па-беларуску: «Словазлучэнне», «Апавядальны Сказ», «Пытальны Сказ», «Галоўныя члены Сказа», «Сказы з аднароднымі членамі», «Зваротак», «Складаны Сказ»... Ідзе так дапытлівы зямлянін, усё разглядвае, усяму незвычайнаму дзівіцца, а ногі быццам нехта падганяе. Бачыць Алесь — тpoxi ўправа ад сцежкі яшчэ адзін прыгожанькі домік, а над дзвярыма зноў шыльдачка «Даданыя члены Сказа». «Вось, — думае хлопчык, — мне якраз сюды i трэба зайсці пазнаёміцца з жыхарамі гэтага казачнага доміка». Асцярожна адчыніў дзверы, зайшоў у прыгожы ізумрудны калідор. Там яшчэ трое чорных бліскучых дзвярэй. I на ўcix прымацаваны такія ж маленькія шыльдачкі, на якіх напісана: «Дапаўненне», «Азначэнне» i «Акалічнасць». (Настаўнік паказвае малюнак калідора.) Нясмела пастукаў Алесь у першыя дзверы, нават сэрца затухкала ад хвалявання.
— Хто там сту-ка-е? За-ходзь-це, калі лас-ка! — пачуўся з-за дзвярэй незямны голас, а неўзабаве выйшаў i сам невялічкі зорны гаспадар. (Настаўнік паказвае схему-партрэт казачнага Дапаўнення.) На галаве ў чалавечка Алесь убачыў нейкія дзіўныя антэны. Апрануты ён у звышмодную кашулю з загадкавымі літарамі, словамі i з вышытымі лініямі ў выглядзе рысак.
— Добры дзень, паважанае Дапаўненне!
— Доб-ры дзень, хлоп-чык!
— Прабачце, калі ласка, што турбую, але я прыйшоў пазнаёміцца з Вамі.
— Доб-ра. Зна-ё-міц-ца з вет-лі-вы-мі зям-ля-на-мi я люблю.
Алесь коратка расказаў пра сябе, пра свае школьныя справы i, безумоўна, пра нядаўнія не-прыемнасці. А потым загаварыў, нібыта робат, і сам зорны чалавечак Дапаўненне.
— Завуць мяне, дарагі дружа, сапраўды, Дапаўненне. У свайго бацькі Сказа я старэйшы сярод сыноў — даданых членаў. Заўсёды дапамагаю свайму бацьку паясняць галоўныя або іншыя даданыя члены. Абазначаю прадмет i адказваю на пытанні ўскосных склонаў.
— Ведаю, ведаю я гэтыя пытанні! — усклікнуў Алесь.
Настаўнік. А вы, дзеці, ведаеце пытанні ўскосных склонаў? Успомніце i назавіце ix. (Потым увага вучняў звяртаецца на надпісы на кашулі Дапаўнення.)
Вось так пазнаёміўся Алесь з дапаўненнем. Затым хлопчыкі пачалі гуляць у гульню «Жмуркі». Зорны чалавечак Дапаўненне лёгка ператварыўся ў словы i хаваўся ў розныя сказы, а Алесь старанна яго шукаў.
Настаўнік. Давайце, сябры, i мы дапаможам Алесю адшукаць Дапаўненне. Вазьміце, калі ласка, картку № 1, якая ляжыць на вашых сталах. (У першым сказе з каментарыем, а ў астатніх самастойна вучні вызначаюць i падкрэсліваюць граматычную аснову i дапаўненні).
Прыкладны змест карткі
1. Зоры асвятлялі дом, двор, сад за агароджай (М.Лужанін).
2. Полем, лесам, пералескамі, па зямлі, вясной абуджанай, красавік ідзе пралескамі па праталінах i лужынках (С.Шушкевіч).
3. Вясёлае веснавое сонейка прасвечвалася праз галінкі дрэў i цешыла i расліну, i птушку, i ваду... (Я.Маўр).
Цёпла развітаўся Алесь з цікавым суразмоўнікам Дапаўненнем i падышоў да дзвярэй другога пакоя, каб пазнаёміцца з Азначэннем. Чорныя дзверы былі прыадчынены, i хлопчык з хваляваннем зазірнуў у пакой. Сярод светлага пакоя стаяў невялікі чалавечак, які, відаць, любаваўся толькі што закончаным малюнкам. (Настаўнік паказвае схему-партрэт казачнага Азначэння).
Дзіўны чалавечак знешне нічым не адрозніваўся ад Дапаўнення, толькі на галаве былі антэны іншай канструкцыі, ды i звышмодная кашуля таксама выглядала інакш.
Настаўнік. А якія яшчэ вы бачыце адрозненні? (Устанаўліваецца, што на кашулі Азначэння напісаны іншыя пытанні, на якія яно адказвае; на гэты раз вышыты хвалістыя лініі.)
— Добры дзень, паважанае Азначэнне! — першым парушыў цішыню Алесь.
— Доб-ры дзень, хлоп-чык! — крыху здзіўлена адказаў зорны чалавечак.
— Цi можна з Baмi, Азначэнне, пазнаёміцца?
— Так. Мож-на. Я люб-лю зна-ё-міц-ца з та-кi-мi вет-лі-вы-мі хлоп-чы-ка-мі».
Спачатку Алесь паведаў пра сябе, свае непрыемнасці i пра знаёмства з цікавым Дапаўненнем. А потым пачало расказваць i Азначэнне:
— Я сярэдні сын бацькі Сказа. Абазначаю прымету прадмета i адказваю на пытанні які? чый? Напрыклад, малюнак які? Прыгожы, акуратны. Малюнак чый? Азначэннеў, Алесеў. — 3 прыветнай усмешкай працягнула Азначэнне зямляніну свой малюнак. — А яшчэ я ўмею лёгка ператварацца, як i ўсе мае браты, у словы. Вось, здаецца, i ўсё. Цi запомніў ты, Алесь?
— Так. Запомніў, - упэўнена адказвае хлопчык.
— А зараз пагуляем у цікавую i займальную гульню, - прапанавала Азначэнне. — Я буду называць словы-прадметы, а ты падбіраць да ix словы-азначэнні.
3 радасцю згадзіўся Алесь на гэтую прапанову.
Настаўнік. Давайце i мы, сябры, таксама пагуляем у гэтую гульню. Падбярэм да слоў-прадметаў як мага больш азначэнняў.
Настаўнік звяртае ўвагу вучняў на загадзя напісаную на дошцы табліцу. Выглядае яна прыкладна так:
Словы-прадметы Які? Чый? (чыя? чыё?)
Партфель
Мяч
Maцi
Песня
Кіно
Метро
Развітаўся Алесь з Азначэннем, як з сябрам. Не паспеў хлопчык адысці ад
дзвярэй, як на нешта наткнуўся.
— Ой-ё-ёй!
— Прабачце, паважаны!?
— А-ка-ліч-насцю мя-не за-вуць!
— Прабачце, кaлi ласка, паважаны чалавечак Акалічнасць.
(Настаўнік дэманструе схему-партрэт Акалічнасці).
На яго галаве таксама, як ў Дапаўнення i Азначэння, дзіўныя антэны, надзета звышмодная кашуля. Праўда, на ёй напісаны ўжо іншыя словы-пытанні, не такая была i вышыўка — пункцірныя лініі.
— Хто ты та-кi? Што po-біш у нашым до-мi-кy? — задзірліва запытала Акалічнасць.
Алесь адказаў на пытанні зорнага чалавечка. А потым Акалічнасць таксама расказала пра сябе:
— Я ў бацькі Сказа самы малодшы. У любы момант дапамагаю яму паясняць галоўныя, а то i cвaix старэйшых братоў даданых членаў. Люблю абазначаць у Сказе месца, час, спосаб дзеяння i адказваю на пытанні дзе? куды? адкуль? калі?
Потым Акалічнасць таксама прапанавала Алесю пагуляць у займальную гульню — пры дапамозе дадзеных пытанняў уставіць у сказах замест кропак акалічнасці.
Настаўнік. Мы таксама пагуляем у гэтую гульню. (Вучні бяруць картку № 2 i дапісваюць акалічнасці).
Прыкладны змест карткі
1. (Адкуль?)........ (як?)......... прабіваўся тужлівы бляск месяца.
2. Туман высцілаўся (дзе?)........(як?)........
3. Ляцяць (куды?).............журавы над пожняй.
Сумна стала Алесю i Акалічнасці гуляць удваіх. Вырашылі сябры паклікаць на вуліцу яшчэ Дапаўненне, Азначэнне, Дзейнік i Выказнік.
Пачалася цікавая гульня ў жмуркі. Першым давялося жмурыць Алесю. Усе галоўныя i даданыя члены хуценька ператвараліся ў словы i складалі самыя розныя сказы.
Нечакана нешта зарыпела, замяўкала. Алесь расплюшчыў вочы. На стале сядзеў xaтнi шэранькі каток Васька i старанна мыўся. Хлопчык усміхнуўся яму, а потым смела пачаў выконваць дамашняе практыкаванне.
На другі дзень Алесь атрымаў на ўроку 10 балаў, i дапамог яму ў гэтым фантастычны, дзіўны сон.
Настаўнік. Адгорнем i мы падручнік i выканаем часткова гэтае практыкаванне. (Пажадана з каментарыем вучняў.)
|