Urbi et orbi




Дата канвертавання17.03.2016
Памер20 Kb.
ПУБЛІЧНЫЯ ЛЕКЦЫІ “URBI ET ORBI”

ВАЛЯНЦІН АКУДОВІЧ

МЕТАФІЗІКА АДСУТНАСЦІ:

ЯК МАГЧЫМА НЕМАГЧЫМАЕ?

2 лістапада, 18.30. пр-т Незалежнасці, 37 а

Пэўны момант мае патэнцыял стацца падзеяй пры наяўнасці шэрагу су-падзенняў. Су-падзенне часава-прасторавых вымярэнняў культуры і асобы, су-падзенне сітуацыі выкліку і мажлівасцяў і гатоўнасці асобы на яго адказаць, су-падзення актуальнасці пытання і трапнасці адказу на яго… Гэта гісторыя пачалася з уласнага “пошуку чалавека ў чалавеку”аднаго беларускага філосафа, а сталася кропкай адліку ў мысленні і дыскусіях многіх беларускіх інтэлектуалаў і падзеяй беларускай культуры.



2 лістапада ў цыкле публічных лекцый “Urbi et Orbi” вядомы беларускі філосаф Валянцін Акудовіч -са зваротам “Метафізіка адсутнасці: як магчыма немагчымае?”. Лекцыю можна назваць доўгачаканай, бо яшчэ калі толькі “Urbi et Orbi” прадумваліся як адзін з фарматаў дзейнасці Лятучага ўніверсітэта, яны бачыліся як месца, з якога калісьці прамовіць Валянцін Акудовіч. Але для гэтага меў прыйсці адпаведны момант, адпаведнае су-падзенне: будучая лекцыя прэзентуе новую кнігу Валянціна Акудовіча, якая выходзіць ў выдавецтве “ЛогвінаЎ”. “Кніга пра Нішто”, як назваў яе аўтар, ёсць кульмінацыяй роздумаў, распачатых у эсэ “Мяне няма” - роздумаў пра Нішто, Адсутнае, у якіх філосаф уступае ў дыялог, спрэчку з усёй папярэдняй філасофскай традыцыяй, ад Парменіда да Гайдэгера і Сартра.

Свой зварот “Гораду і Свету”, як і саму кнігу, філосаф пачынае з радыкальнай фразы: “Калі я ў нечым і падобны да Бога, дык у тым, што нас абодвух няма”. Што гэта – нігілістычнае сцверджанне ці свядомая правакацыя, якая мае натхняць на роздум, нараджаць мысленне і прыводзіць да станоўчых адказаў? Наколькі сапраўды ў гэтым праяўляецца тая дыялагічнасць тэкстаў Акудовіча, пра якую кажуць эксперты? Дыялагічнасць, якая стварае адкрытую прастору, дае імпульс да дабудоўвання сэнсаў праз тых, хто адважыцца ўступіць у гэтую гаворку пра Нішто?



Каго правакуе Акудовіч? Якога адказу чакае ад “Гораду і Свету”? У інтэрв’ю напярэдадні лектар зазначае: “Філасофія не робіць Свет лепшым (што праўда, і горшым не робіць), яна ўсяго толькі спрабуе яго зразумець адэкватна самому Свету. Да таго ж метафізіка адсутнасці, як і ўвогуле метафізіка, ніколі і не была завязаная на непасрэднае жыццё. Зрэшты, мая лекцыя па азначэнню для тых, у каго ёсць патрэба памысліць Свет як цэлае ці параўнаць сваё бачаннне быцця з маім і крытычна яго адрэфлексаваць. І гэта зусім не пустая справа”.

Лекцыя “Метафізіка адсутнасці: як магчыма немагчымае?” распачнецца 2 лістапада а 18.30 у Галерэі Ў. Перад лекцыяй у кнігарні “ЛогвінаЎ” можна будзе набыць новую кнігу філосафа – “Кнігу пра Нішто”.

Уваход вольны!

Анлайн-трансляцыя лекцыі

Інтэрв’ю Валянціна Акудовіча












База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка