|
|
|
Дата нараджэння
|
26 лістапада 1930
|
Месца нараджэння
|
Орша
|
Дата смерці
|
25 ліпеня 1984
|
Месца смерці
|
Мінск
|
Грамадзянства
|
СССР
|
Род дзейнасці
|
пісьменнік
|
Гады творчасці
|
1951 — 1984
|
Кірунак
|
гістарычная проза, паэзія, драматургія
|
Творчасць
Свае першыя вершы Уладзімір Караткевіч апублікаваў у 1951 (аршанская раённая газета «Ленінскі прызыў»). У 1955 верш «Машэка» быў змешчаны ў часопісе «Полымя». Выйшлі зборнікі паэзіі «Матчына душа» (1958), «Вячэрнія ветразі» (вершы і паэма, 1960), «Мая Іліяда» (1969), «Быў. Ёсць. Буду.» (вершы і паэмы, 1986).
У першы празаічны зборнік У. Караткевіча «Блакіт і золата дня» (1961) увайшлі гістарычныя аповесці «Сівая легенда» (паводле якой ён стварыў лібрэта да оперы Дз. Смольскага) і «Цыганскі кароль». Аўтар зборнікаў апавяданняў і аповесцей «Чазенія» (1970), «Вока тайфуна» (1974), «З вякоў мінулых» (1978), раманаў «Каласы пад сярпом тваім» (1968), «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1972), «Нельга забыць» («Леаніды не вернуцца да Зямлі», 1982), «Чорны замак Альшанскі» (увайшлі аднайменны раман і аповесць «Зброя»), (1983), аповесці «У снягах драмае вясна» (1989). Для дзяцей выдаў «Казкі» (1975) і нарыс «Белавежская пушча» (1975).
Для прозы Караткевіча характэрны вострая фабула, яркія характары, пастаноўка сацыяльна значных праблем. Распрацоўваў пераважна гістарычную тэматыку (паўстанне 1863-1864 і інш.). Многія героі яго твораў вабяць сваёй прыгажосцю і багаццем унутранага свету, маральнасцю, высакароднасцю ўчынкаў, самаахвярным служэннем Бацькаўшчыне. Паэзіі ўласціва яркая вобразнасць, асацыятыўнасць мыслення, глыбіня філасофскага роздуму.
Аўтар п'ес «Млын на Сініх Вірах» (пастаўлена на тэлебачанні ў 1959), «Званы Віцебска» (1977, пастаўлена ў 1974), «Кастусь Каліноўскі» (1980, пастаўлена ў 1978), «Калыска чатырох чараўніц» (апублікавана і пастаўлена ў 1982), «Маці ўрагану» (1985, пастаўлена ў 1988; аднайменны мастацкі фільм — рэжысёр Ю.Марухін, 1990). У 1988 г. выйшаў зборнік п'ес «Старыя беларускія хронікі». Напісаў сцэнарыі кароткаметражных фільмаў «Сведкі вечнасці» (1964), «Памяць каменя» (1966), «Будзь шчаслівай, рака» (1967), сцэнарыі мастацкіх фільмаў «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (першапачатковая назва «Жыціе і ўзнясенне Юрася Братчыка», з В.Бычковым, 1967), «Чырвоны агат» (1973), «Дзікае паляванне караля Стаха» (з В.Рубінчыкам, 1979), «Чорны замак Альшанскі» (з М.Пташуком, 1984). На тэлебачанні і радыё па яго творах пастаўлены шэраг спектаклей. Па лібрэта Караткевіча пастаўлена ў Беларускім тэатры оперы і балета опера «Сівая легенда» (кампазітар Д.Смольскі, 1978), а паводле яго аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха» — аднайменная опера (кампазітар У.Солтан, 1989).
Уладзімір Караткевіч выступаў таксама як публіцыст і крытык. Напісаў нарыс «Зямля пад белымі крыламі» (1977, першае выданне — на ўкраінскай мове, Кіеў, 1972), эсэ «Мсціслаў — Мстиславль» (1985), эсэ, артыкулы пра Ф.Скарыну, Т.Шаўчэнку, Лесю Украінку, М.Агінскага, Я.Купалу, М.Багдановіча, М.Шолахава, Я.Брыля, У.Калесніка, М.Лужаніна, Р.Барадуліна, В.Зуёнка, А.Наўроцкага, Я.Сіпакова. Выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах (1980) і Збор твораў у 8 тамах (1987—1991).
Творчасці У. Караткевіча ўласцівы філасофскія роздумы пра сэнс жыцця і прызначэнне чалавека на Зямлі, пра лёс беларускага народа ў яго трагічным і адначасова светлым, аптымістычным вымярэнні, вострая сацыяльная накіраванасць і грамадзянская страснасць, вернасць ідэалам гуманізму, дабра і справядлівасці, узнёслая рамантычнасць, паэтычнасць. У яго творчай спадчыне захаваліся шматлікія малюнкі, ілюстрацыі да ўласных твораў.
Працаваў як перакладчык. На беларускую мову пераклаў драму М.Карэма «У ноч зацьмення Месяца» (пастаўлена ў 1972), аповесць Э.Гашпаравай «Цяжка быць мустангам» (1981), паасобныя творы Дж. Байрана, А.Міцкевіча, І.Франка, Я.Судрабкална, Б.Мацкявічуса і інш.
Па яго творах пастаўлены мастацкія фільмы, тэле- і радыёспектаклі. У Беларускім тэатры оперы і балета створаны оперы «Сівая легенда» (1978, кампазітар Дз. Смольскі) і «Дзікае паляванне караля Стаха» (1989, кампазітар У. Солтан).
Творы Уладзіміра Караткевіча перакладзены на многія мовы свету.
Бібліяграфія
Раманы
-
Леаніды ня вернуцца да Зямлі (Нельга забыць) (1980—82, выдадзены ў 1982)
-
Каласы пад сярпом тваім (1962—64, выдадзены ў 1965)
-
Хрыстос прызямліўся ў Гародні (1965—66, выдадзены на беларускай мове ў 1972)
-
Чорны замак Альшанскі (1979)
Аповесці
-
Дзікае паляванне караля Стаха (1950, 1958, выдадзеная ў 1964)
-
У снягах драмае вясна (1957, выдадзеная ў 1989)
-
Цыганскі кароль (1958, выдадзеная ў 1961)
-
Сівая легенда (1960, выдадзеная ў 1961)
-
Зброя (1964, выдадзеная ў 1981)
-
Ладдзя Роспачы (1964, выдадзеная на беларускай мове ў 1978)
-
Чазенія (1966, выдадзеная ў 1967)
-
Лісце каштанаў (1973)
-
Крыж Аняліна (няскончаная, выдадзеная ў 1988)
Экранізацыі
Мастацкія фільмы
-
Хрыстос прызямліўся ў Гародні (1967)
-
Дзікае паляванне караля Стаха (1979)
-
Чорны замак Альшанскі (1984)
-
Сівая легенда (1991)
Дакументальныя фільмы
-
Сведкі вечнасці (1964)
-
Памяць (1966)
-
Чырвоны агат (1973)
Лірычныя творы
Туман
Сёння ноччу туман зоры ясныя вымеў,
І прачнулася раніца ў флёрах сівых:
Нават мёртвыя жэрдкі здаюцца жывымі
З-за жамчужных зіхоткіх гірляндаў на іх.
Але ўсё ж праз туманна-дрыжачыя слёзы,
Бы з карцінкі зводнай у тонкіх руках,
Бачны жоўтыя павесмы ніцай бярозы
І чароды на сумных асенніх лугах.
А ў далёкім горадзе зараз таксама
Навісае туман ад спрэчак дурных,
Ад машынных выхлапаў, ад зітханняў,
Ад мільёнаў учынкаў і словаў людскіх.
І праз хмары не можа прабіцца ранне,
І не можа сэрца глядзець на свет...
Як у гэтум сляпым халодным тумане
Адшукаць мне каханай зманлівы след?
Штыль
Якая прыгажосць! - Самкнёны веі.
Якая цішыня! - Вады не чуць...
І ветразі абвіслыя на рэях,
Нібыта ў сне, не дрогнуць, не дыхнуць.
Паміж нябеснай і марскою смагай
Над караблём, што да змярцвення звык,
Арол на мёртвых рэбрах Аю-дага,
Як джала, сонцу высунуў язык.
Праплысці б рэкамі радзімы ранняй,
Пачуць хаця б на міг прызыўны звон:
Радзімы кліч, кліч буры, кліч кахання,
Якім чужыя штыль, спакой і скон.
Нашы бярозы
Танкі з крыжам ляцелі на лес празрысты.
Дым мяшаўся з зямлёю. Сцяліўся пажар.
Палала бярозка, танюткая, чыстая,
Без стогну,
Як Жанна д'Арк.
У дрэўцы, кволенькім, як мімоза,
Цякла зямлі маёй мужная кроў...
Я знаю, як гінуць нашы бярозы:
Без плачу.
Дзве вады
Шум горных ручаін за вокнамі маімі
І мора мерны шум. Накатваюць валы.
Салёны Понт не хоча водаў Крыма
І гоніць іх назад да скал, вяршынь, імглы.
А ўсё ж бяжыць крышталь да пенных хваль салёных
І ломіць іх, хаця ўстаюць сцяной, -
Няма цяплей, радней марскога лона,
Які б там гнеў ні строіла яно.
І ведай, як бы ты ні прагнула адрынуць
І як бы ні была ты халадней ільда, -
Сальёмся мы з табой у вечным і адзіным,
Крыштальная вада і сіняя вада.
Маладая вясна
Маладыя, пушыстыя лісцейкі грушы,
А за імі, на скалах, дубоў галізна.
Ў беласнежным прыбоі, у квецені рушыць
Маладая вясна.
Нібы снег вяршынь ажывае ў цвіценні,
І садоў і аблокаў звіваецца дым:
Белых хмарак алені ў зыркім небе вясеннім
Пралятаюць да мора і дваяцца над ім.
Ты мне сонца! І мора! І подых маю!
Я люблю цябе так, што кроў, як прыбой!
Што ж ты плачаш, чаго ж ты мяне абдымаеш?
Я з табою.
З табой.
Празаічныя творы
Старая казка
Вясною, ледзь пабеглi ручаi i падзьмуў халодны вецер, падчас якога выпускае сваё лiсце дуб, прачнулася ў дупле старой лiпы дачка ляснога цара. Пацягнулася соладка i прыпомнiла адразу, што зноў усё лета пройдзе ў яе без кахання. Моцна вартуе яе лясны цар, i няма вакол нiкога, каму б магла яна цёплае слова сказаць, чорнымi косамi шыю абвiць, пацалаваць у ружовыя вусны. Не зноў жа на аленях усё лета ездзiць. Засумавала, налiлiся ў яе слязьмi прыгожыя вочы.
А ў гэты час далёка i блiзка-блiзка жалейка пастухова запела. Пяе жалейка, i вось расчыняюцца на дрэвах пупышкi, ручаi хутчэй бягуць, "сон" махнаты i пралескi заквятаюць.
I бачыць лясная царэўна пастуха. У яго вочы блакiтныя, валасы на спiну спадаюць, цераз плячо гулкая пуга звесiлася, кашуля белая на плячах, а на нагах стракатыя поршнi.
Вось падыходзiць ён да яе, у вачах яго, як ласка, неба блакiтнае. Спявай, жалеечка! Абняў ён яе i панёс з лесу на паляны светлыя, на зялёныя палi. У вусны яе цалуе, косы расчэсвае, сплятае на iх вянок. Каралева мая майская! - кажа. А там паўсюль святло i сонца, не тое што тут, дзе ўся зямля на аршын заiмшэла i ваўкi бегаюць, даўлячы мухаморы махнатымi лапамi. Да сонца! Да людзей!
Спявае, спявае жалеечка, нясецца з ветрам у твар лясной царэўне спеў кахання, i, як зоры, чырвоныя кветкi на галiнах расчыняюцца.
Але ўсё далей i далей гукi: мусiць, абыходзiць статак. Вось i апошнi водгук жалейкi з ветрам здалёку данёсся.
Працягнула царэўна насустрач ветру ломкiя рукi...
- Мiлы мой! Каханне маё!
Ноч
Скача ноч над зямлёю на чорным канi. Адрываюцца, падаюць з яе плашча ўнiз залатыя зоркi, i пушча ловiць iх пушыстымi рукамi, прымае нячутна i мякка ложыць на зямлю. Унiзе агеньчыкi згаслi, дрыжыць свет салаўiным спевам. Мякка перабiрае капытамi ў паветры стомлены чорны конь. I твар у ночы чорны, на чорных валасах чорная карона i на юнацкiм целе чорныя латы.
Спiце, людзi, вартуе ноч верна ваш сон. Хутка зоймецца свiтанак, выйдзе на бойку з ноччу зара ружовая, пачне пускаць ночы ў твар сонечныя дзiды. Няроўная бойка, сцячэ цела ночы крывёй уласнаю - шэрым туманом, упадзе яно ў балоты, цёмныя лясы ды на дно глыбокiх азёр.
Але далёка яшчэ да святла: толькi-толькi праспявалi першыя пеўнi, вадкая суцень паўсюль, цiшыня.
Скача ноч на бязгучным, перабiраючым капытамi чорным канi, i падаюць, адрываюцца з яе плашча залатыя зоры.
Ліст да вучняў Гудзевіцкай СШ
Дарагія вучні! Вельмі ўзрадаваны, што ваш гурток займаецца такой добраю справай. Рабіце яе і надалей. Вывучайце, ведайце, любіце нашу вечна жывую беларускую мову і нашу літаратуру.
Кніга наша за апошнія часы вырасла да сапраўдных вышынь. Літаратура наша выходзіць паступова ў рады лепшых літаратур свету. І я веру, што пройдзе час і яе паважаць і любіць будуць на ўсёй Зямлі, магчыма, нават, на народнай, на жывой нашай мове. Бо літаратура наша адна з тых рэдкіх літаратур, якая, нягледзячы на інтэлектуалізм, ніколі не губляла сувязі з чалавекам працы, з яго мовай, а значыць моцная не толькі розумам і прыгажосцю, але і сілай, чысцінёй, прастатой, непадробнай народнасцю.
Я даволі шмат чытаю. Паверце мне, многімі нашымі паэтамі і пісьменнікамі мог бы ганарыцца кожны на Зямлі народ. Ганарыцеся і вы. Ганарыцеся сваімі літаратурай і мовай. Ваш Уладзімір КАРАТКЕВІЧ
8 лютага 1966 г.
З запісных кніжак
1982
"...і кожны раз сэрца ягонае перапаўнялася горыччу, і гаркотай, і пагардай да нікчэмнасці людской - гэткае іншы раз выпадае на долю чалавека, які насмеліўся ісці па шляху, па якім аднойчы ішоў сам бог".
С. Унсет. "Улав".
Недзе да 1 - 5 чэрвеня скончыць 3 серыі "Замка".
Да 1 ліпеня - "Мсціслаў".
Да Новага года - "Каласы" (?).
Да Новага года скласці вялікі зборнік вершаў.
Да восені 1983 года скончыць "Каласы".
1/І. Пятніца.
Брыдкі дзень. Ноччу лёг ледзь не ў 5 гадзін (ішлі дамоў у 2 гадзіны, з вокнаў дома афіцэраў танцы). Устаў а 12-й. Шэра і дождж. Вечарам былі Адам з Марыяй і Генадзь з Янінай.
Перафразаваць: "Я ведаў розных людзей. І добрых, і сціплых, і адданых. Але як ты назавеш чалавека, які пераконвае, што ведае, аб чым думае сам пан бог? Чалавека, які запэўнівае, што ён - ягоны павераны? І гэта дапамагае яму адчуваць сябе ўсемагутным і кіраваць мной і табой. Дык вось, з'яўляецца чалавек з гучным голасам і сярэднімі разумовымі здольнасцямі. Ён занадта лянівы, каб зрабіцца земляробам, занадта дурны, каб зрабіцца інжынерам, занадта ненадзейны, каб зрабіцца банкірам, але... ён можа маліцца! Ён збірае вакол сябе іншых такіх самых. І вось нарадзіўся першы прарок... постаць бога вельмі зручная. Ты проста падбіраеш выгодныя табе пастулаты, а пасля кажаш, што іх табе пераказалі зверху. І ніхто не можа давесці, што ты брэшаш".
2/І. Субота.
Тая ж слата і шэрань. 0?. Дождж. Ані ісці куды, ані прымаць каго, ані працаваць. Тэлевізар - нават навагодні - бяздарны. Кніг талковых няма пад рукой. Добра пачынаецца год сабакі.
Як кажуць (нехта): "Жыццё забытае, развіццё забытае, яны глядзяць кіно".
"Я думаю, што з усяго, што паліцэйская дзяржава робіць са сваімі грамадзянамі, самае згубнае і недаравальнае - гэта перакручванне гістарычнага мінулага".
Р. "Хайнлайн". "Калі гэта будзе працягвацца".
(Н.Ф. "Знание", М. 1967, с. 215)
Ісціна неадольная і перад Воблікам яе чалавек не можа здрадзіць.
Складальнікі газеты:
Кіраўнік: Алданава І. Г.
Вучні 9-х класаў: Старавойтава Валерыя, Шахоўская Вікторыя, Забоцін Яўген, Раджапаў Улад, Садоўская Марыя