Тэма Утварэнне І ўмацаванне вкл (2-я палова ХІІІ – першая палова ХІV ст.). План




Дата канвертавання17.03.2016
Памер92.85 Kb.
Тэма 3. Утварэнне і ўмацаванне ВКЛ (2-я палова ХІІІ – першая палова ХІV ст.).

План::

  1. Утварэнне Вялікага Княства Літоўскага.

2. Умацаванне ВКЛ у ХIV ст.

3. Дынастычная барацьба ў Вялікім княстве Літоўскім у другой палове ХІV ст. Крэўская ўнія.

4. Дзяржаўны лад і сацыяльна-эканамічнае развіццё ВКЛ у ХІІІ - ХІV стст.
1. Утварэнне Вялікага Княства Літоўскага
У першай палове ХІІІ ст. на тэрыторыі двух народаў – літоўскага і беларускага – узнікла новая дзяржава – Вялікае Княства Літоўскае. Пазней у яе склад увайшла частка ўкраінскіх і рускіх зямель. З самага пачатку гэта была шаматнацыянальная краіна, дзе ўсе народы мірна суіснавалі адзін з адным. Правячая дынастыя паходзіла з літоўскай знаці, а эканамічнае і культурнае аблічча дзяржавы вызначалі беларускія і ў пэўнай ступені іншыя ўсходнеславянскія землі.

Утварэнне ВКЛ - заканамерны вынік унутранага сацыяльна-эканамічнага і палітычнага развіцця зямель сучасных Беларусі і Літвы ў XII—XIII стст.

Адной з галоўных прычын узнікнення ВКЛ стаў знешнепалітычны фактар. Пагроза з захаду ад крыжакоў, а з поўдня і ўсходу – ад татара-манголаў ставіла славянскія і балцкія землі перад неабходнасцю супольнай барацьбы з агрэсіяй. Ядром такога згуртавання, з якога ў наступным разаўецца ВКЛ, сталі паўночна-заходнія землі сучаснай Беларусі.

Істотнай перадумовай утварэння беларуска-літоўскай дзяржавы было эканамічнае развіццё (сельскагаспадарчая вытворчасць, рамѐствы, гандаль), а таксама рост старажытных беларускіх гарадоў, якія сталі не толькі пунктамі абароны, месцамі накаплення і разгортвання сіл для баявых дзеянняў, але і рамесна-гандлѐвымі цэнтрамі. Асабліва важную ролю ў пачатковы перыяд утварэння ВКЛ адыгралі гарады беларускага Панямоння і асабліва Навагародак. Феадальная раздробленасць, сацыяльныя супярэчнасці, якія звычайна вырашаліся з дапамогай сілы, выклікалі патрэбу ў забеспячэнні грамадскага парадку, стварэння дзяржавы, якая б усталявала законнасць і спакой.

Пачаткам ВКЛ стаў палітычны саюз дзвюх галоўных рэгіянальных сіл - усходнеславянскіх панямонскіх гарадоў з некаторымі найбольш моцнымі правадырамі балцкіх плямёнаў, а калі канкрэтна, то пачаткам быў саюз важнейшага горада рэгіёна Наваградка з мацнейшым з суседніх кунігасаў (князёў) Міндоўгам. Менавіта гэты саюз паклаў пачатак працэсу дзяржаваўтварэння.

У 1240-х гадах Міндоўг узяў уладу ў свае рукі на значных балцкіх землях і хутка распаўсюдзіў яе і на суседнія тэрыторыі Беларусі – Сярэдняе Панямонне з гарадамі Наваградак, Ваўкавыск, Слонім. У летапісах няма звестак пра тое, што Міндоўг менавіта “захапіў” Наваградак. Хутчэй за ўсё, Міндоўг тут быў абвешчаны князем са згоды мясцовай знаці.

Затым новы князь аб’ядноўвае землі верхняга Панямоння вакол Наваградка. За новай дзяржавай замацоўваецца назва “Літва” ці “Літоўскае княства” (часам яна называлася “княства Літоўскае і Наваградскае” ці нават “Вялікае княства Наваградскае”).

Прыкладна ў тыя ж гады ў Полацку, дзе абарвалася мясцовая дынастыя Рагвалодавічаў, быў пасаджаны на княжанне Міндоўгаў пляменнік Таўцівіл. Няма ніводнага сведчання пра падпарадкаванне Полацка сілай, таму з улікам ролі полацкага веча можна меркаваць, што літоўскага князя хутчэй за ўсё запрасілі самі палачане. Падобны саюз адпавядаў іх інтарэсам.

У 1263 г. Міндоўг быў забіты сваім пляменнікам Транятай, які і заняў вялікакняжацкі пасад. Аднак ужо ў наступным 1264 г. быў забіты і сам Транята – прыхільнікамі Міндоўга (згодна летапісу, яго конюхамі). Вялікім князем стаў сын Міндоўга Войшалк.

Праваслаўны па веравызнанні князь Войшалк неўзабаве пакінуў княжацкі пасад і сышоў у манастыр, перадаўшы ўладу Шварну, які быў сынам галіцка-валынскага князя Данілы і зяцем Міндоўга. Аднак у 1267 г. Войшалк быў забіты паводле загаду князя Льва Данілавіча.

Як бачым, утварэнне ВКЛ ішло ва ўмовах пастаяннай барацьбы з крыжакамі і, на першых парах, з Галіцка-Валынскім княствам.
2. Умацаванне ВКЛ у ХIV ст.

У канцы ХІІІ ст. вялікім князем стаў Віцень (1295–1316 гг.). Яму ўдалося дабіцца палітычнага адзінства дзяржавы. Нашчадкі іншых княжацкіх дынастый больш не прэтэндавалі на яго трон. Віцень на працягу свайго кіравання вёў барацьбу з нямецкімі рыцарамі. Пры ім быў уведзены агульнадзяржаўны герб “Пагоня”.

Пасля смерці Віценя вялікім князем стаў яго брат Гедымін (1316–1347 гг.). Палітыка Гедыміна была накіравана на далейшае ўмацаванне Вялікага княства Літоўскага і пашырэнне яго тэрыгторыі. ВКЛ становіцца цэнтрам аб’яднання ўсходнеславянскіх зямель.

У 1323 г. вялікі князь Гедымін пераносіць сталіцу дзяржавы ў Вільню.

Аб’ядноўваючы ўсходнеславянскія землі пад сваёй уладай, Гедымін абыходзіўся, як правіла, без заваявання. Ён называў сябе ― “каралём літоўцаў і многіх рускіх”. Назвава ― “рускія” тут распаўсюджана на беларусаў, якіх было ў тыя часы прыкладна ¾ насельніцтва краіны. Старажытнабеларуская мова ў ХІV ст. набыла вялікае распаўсюджанне і стала дзяржаўнай.

Пасля смерці Гедыміна вялікім князем літоўскім стаў адзін з яго малодшых сыноў Яўнут (1316-1345 гг.). Аднак Яўнут на вялікакняжацкім стале пратрымаўся нядоўга. У 1345 г. ён страціў вярхоўную ўладу ў выніку змовы сваіх братоў – Альгерда і Кейстута.

Кейстут захапіў Вільню і абвясціў уладаром Альгерда, самага старэйшага з Гедымінавічаў. Прагнаны Яўнут уцёк у Маскву, але праз два гады вярнуўся, памірыўся з братамі і атрымаў ва ўладанне горад Ізяслаўль (цяперашняе Заслаўе пад Менскам).

Альгерд і Кейстут падзялілі тэрыторыю дзяржавы на дзве часткі. Кейстут атрымаў заходнія землі, а Альгерд – ўсходнія. Сталіцай Кейстута былі Трокі і галоўная задача яго – абарона ад крыжакоў. Альгерду належыла Вільня і яго справа – пашырэнне земляў ВКЛ на ўсход, адносіны з усходнерускімі княствамі і татарамі. Альгерд прыняў тытул вялікага князя літоўскага (1345–1377 гг.). Яму належыла вярхоўная ўлада ў краіне.

Галоўная небяспека па-ранейшаму зыходзіла ад Нямецкага ордэна. Барацьба праходзіла з пераменным поспехам. Крыжакі ўрываліся на землі ВКЛ і спусташалі іх. У адказ Кейстут вадзіў войска на тэрыторыю ордэнскіх уладанняў. Ад 1343 да 1382 г. адбылося каля 30 паходаў яго атрадаў у Прусію.

Паспяховай была ўсходняя палітыка ВКЛ, якой займаўся Альгерд. Выступіўшы з антытатарскай праграмай збірання земляў Русі, ён здолеў хутка распаўсюдзіць свой уплыў ажно да ўладанняў Масквы. Пад Альгердаву ўладу трапіў Бранск, прычым літоўскаму князю ён быў перададзены самім бранскім баярствам. ВКЛ замацавала свій уалыў на Смаленск, з князем якога Іванам Альгерд падтрымліваў добрыя адносіны. У 1341 г. ён дапамог смаленскаму князю ў канфлікце з Масквой, а ў 1352 дыпламатычным шляхам прадухіліў уварванне маскоўскага войска ў Смаленскую зямлю. Смаленскія палкі неаднаразова бралі ўдзел на баку ВКЛ у барацьбе з крыжакамі.

Пры Альгердзе дайшло да першых сур'ёзных канфліктаў з Масквой, якая выступіла з уласнай праграмай збірання спадчыны Рурыкавічаў. У 1368, 1370, 1370 гг. Альгерд рабіў паходы на Маскву. Аднак падпарадкаваць Маскву яму не ўдалася.

На паўднёвым накірунку Альгерд дамогся самых вялікіх поспехаў. Увосень 1362 г. у бітве каля Сініх Вод (на Падоллі, што на тэрыторыі сучаснай Украіны) ён разграміў войска татар. У выніку ўкраінскія землі былі вызваленыя ад татара-мангольскага іга і далучаныя да ВКЛ. Гэтая перамога паклала пачатак у цэлым вызваленню ўсходнеславянскіх земляў ад ардынскага панавання.

У час княжання Альгерда тэрыторыя ВКЛ павялічылася ў 2 разы. Фактычна большая частка ўсходнеславянскіх зямель была аб’яднана ў рамках адной дзяржавы. ВКЛ стала адной з буйнейшых шматнацыянальных дзяржаў Еўропы. Пераважную большасць насельніцтва складалі продкі сучасных беларусаў і ўкраінцаў. На іх тэрыторыі знаходзіліся і найбольш буйныя гарады.
3. Дынастычная барацьба ў Вялікім княстве Літоўскім у другой палове ХІV ст. Крэўская ўнія.

Смерць Альгерда парушыла палітычную раўнавагу ў ВКЛ. Пасля яго смерці, насуперак традыцыі, паводле якой спадкаёмцам павінен быў стаць старэйшы сын ад першай жонкі Андрэй, вялікім князем быў абвешчаны старэйшы сын ад другой жонкі Ягайла. Паміж братамі разгарнулася барацьба, пераможцам з якой выйшаў Ягайла.

Што датычыць Кейстута, то ён быў задушаны падасланымі Ягайлам забойцамі. Яго сыну Вітаўту ўдалося ўцячы. Паданне кажа, што ўцёк ён з палону, пераапрануўшыся ў жаночаю вопратку, якую даставіла яму жонка Ганна. Пэўны час Вітаўт вёў барацьбу з Ягайлам, заручыўшыся падтрымкай крыжакоў, аднак у выніку яны пайшлі на прымірэнне.

Каб трывала ўсталяваць сваю ўладу над ўсёй дзяржавай, Ягайла шукае дапамогу з боку суседніх хрысціянскіх краін. Саюз з суседняй Польшчай адпавядаў інтарэсам Ягайлы і саміх палякаў. Ён дазваляў аб’яднаць сілы супроць агульнага ворага – Тэўтонскага ордэна. Феадалы літоўскага паходжання, прыняўшы каталіцтва, якое панавала ў Польшчы, мелі б магчымасць захаваць сваѐ дамінуючае становішча ў ВКЛ. Польскія феадалы разлічвалі пашырыць свае ўладанні за кошт зямель княства.

У 1385 г. у замку Крэва была заключана унія (саюз) Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага. Згодна з пагадненнем Ягайла станавіўся адначасова і польскім каралём. Ён абавязваўся прыняць каталіцтва і правесці акаталічванне Літвы. і, што мела асаблівае значэнне, «назаўсёды далучыць свае Літоўскія і Рускія землі да каралеўства Польскага».

У 1387 г. адбылося хрышчэнне балцкага насельніцтва ВКЛ па каталіцкаму абраду. Ягайла выдаў прывілей, які даваў феадалам дадатковыя правы і вольнасці пры ўмове прыняцця каталіцтва. Гэта была ў большасці сваёй знаць літоўскага паходжання. На праваслаўных феадалаў, уражэнцаў беларускіх, украінскіх і рускіх зямель прывілей не распаўсюджваўся.

Такая дыскрымінацыя для значнай колькасці арыстакратыі ВКЛ вызвала рэзкае нездавальненне. Узнік грамадска-палітычны рух, накіраваны супраць Ягайлы. На чале яго зноў стаў Андрэй Полацкі, які адмовіўся прызнаць Крэўскую унію. Але Андрэй пацярпеў паражэнне.

На гэтым супраціўленне ўсходніх княстваў супраць уніі не спынілася. Яго ўзначаліў сын Кейстута Вітаўт. Барацьба вялася з пераменным поспехам і скончылася заключэннем пагаднення паміж Ягайлам і Вітаўтам 5 жніўня 1392 г. ў маёнтку Востраў каля Ліды. Згодна з ім Ягайла заставаўся польскім каралём, а Вітаўт на час свайго жыцця станавіўся Вялікім князем. Хоць пасля прысягі на вернасць Ягайлу і Ядзвізе Вітаўт і знаходзіўся ў васальнай залежнасці ад Польскага каралеўства, пагадненне 1392 г. у параўнанні з Крэўскім актам давала дзяржаве пэўную самастойнасць. Яно стала першым юрыдычна-прававым крокам на шляху да аднаўлення дзяржаўнага суверэнітэту Вялікага Княства Літоўскага.

Згодна з летапісамі, у 1399 г. Вітаўт рыхтаваў вялікі паход супраць Залатой арды. Прыняўшы вагнанага адтуль хана Тахтамыша і пасяліўшы яго ў Лідскім замку, вялікі князь хацеў вярнуць яму ўладу ў Ардзе, каб потым мець ад хана падтрымку ў сваёй усходняй палітыцы. Разам з войскам Вітаўта, якое складалася з ратнікаў беларускіх, літоўскіх і ўкраінскіх земляў, а таксама конніцы Тахтамыша, на поўдзень рушыла дапамога з Полынчы і Прускага ордэна. Аднак 12 жніўня ў бітве каля ракі Ворсклы татары хана Цімур-Кутлука і Эдыгея разграмілі сілы Вітаўта, а сам ён уцёк з невялікай дружынай. Загінулі дзесяткі князёў, у тым ліку Альгердавы сыны   героі Кулікоўскай бітвы Андрэй Полацкі і Дзмітры Баброк.

Трагедыя на Ворскле падарвала сілы Вялікага Княства, аслабіла пазіцыі Вітаўта. ы, так і Арды. У студзені 1401 г. у Вільні былі падпісаны акты новай уніі з Польскім каралеўствам. Яна прызнавала палітычную асобнасць Вялікага Княства Літоўскага, улада ў якім пажыццёва належала Вітаўту, а пасля яго смерці землі і ўлада ў дзяржаве мелі перайсці да Ягайлы ці ягоных пераемнікаў.

Тым не менш, менавіта пры Вітаўце ВКЛ дасягнула сваёй найвышэйшай магутнасці, пераўтварылася ў вялікую і моцную еўрапейскую дзяржаву. Пазней, у 20-ыя гады XV ст. Вітаўт фактычна стаў палітычным лідэрам усёй Усходняй Еўропы. Пад яго ўплывам знаходзіліся Заволжская Арда і Крым. Лічыліся з сілай Вітаўта і польскія феадалы.

У 1430 г. Вітаўт быў павінен атрымаць каралеўскую карону ад папы рымскага, але гэтага не адбылося.


4. Дзяржаўны лад і сацыяльна-эканамічнае развіццё ВКЛ у ХІІІ - ХІV стст.

Дзяржаўны лад.

У дадзены перыяд уся палітычная ўлада ВКЛ знаходзілася ў руках вялікага князя. Яму падпарадкоўваліся ўдзельныя князі, войска, ад яго імя выдаваліся дзяржаўныя акты, чыніўся суд, вялася знешняя палітыка. Асаблівую моц улада вялікага князя набыла пры Вітаўце.

Каб падарваць сілу ўдзельных валадароў, якія супраціўляліся ўзмацненню ўлады вялікага князя, Вітаўт ліквідаваў у краіне многія княствы, ператварыў іх у намесніцгвы. Месцы спадчынных князёў у іх занялі прызначаныя ім намеснікі, гатовыя па першаму патрабаванню выступіць з войскамі на яго баку. Гэта садзейнічала ўнутранаму ўмацаванню дзяржавы.

Развіццё феадальных адносін у сельскай гаспадарцы.

У другой палове ХІІІ – першай палове XVI стст. працягвалася развіццё феадальных адносін. Асновай эканамічнага жыцця краіны заставалася сельская гаспадарка. У гэты час на Беларусі ўсё больш актыўна ўжывалася трохпольная сістэма севазвароту, удасканальваліся прылады працы, што, несумненна, спрыяла павышэнню ўраджайнасці.



Гарады. Рамёствы.

Разам з сельскай гаспадаркай шпаркімі тэмпамі развіваліся рамяство і гандаль. Іх цэнтрамі сталі гарады і мястэчкі (паселішчы гарадскога тыпу). Падзяляліся гарадскія паселішчы на дзяржаўныя, прыватнаўласніцкія і царкоўныя. Самымі буйнымі з іх былі Вільня, Полацк, Магілёў, Смаленск, Мсціслаў, Віцебск, Слуцк, Бярэсце і інш.



Літаратура:

  1. Бригадин, П.И. История Беларуси в контексте европейской истории: курс лекций. - Минск, 2007.

  2. Гісторыя Беларусі: у 2 ч. / Пад рэд. Я. К. Новіка, Г. С. Марцуля. – Ч. 1. – Мінск, 1998.

  3. Гісторыя Беларусі ў кантэксце еўрапейскай цывілізацыі: Дапаможнік: 2-е выд., папр. і паш. / У.А. Сосна і інш.; пад рэд. Л.В. Лойкі. – Минск, 2005.

  4. Ковкель, И. И. История Беларуси с древнейших времен до нашего времени / И. И. Ковкель, Э. С. Ярмусик. – Минск, 2006.

  5. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. - Мінск, 1993–2003.

  6. Гісторыя Беларусі: у 6 т. – Мінск, 2000–2006. – Т. 3: Беларусь у часы Рэчы Паспалітай (ХIIV–XVIII стст.) / рэдкал.: М. Касцюк (гал. рэд.) [і інш.].








База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка