Тэма: першыя княствы-дзяржавы на беларускіх землях. Узнікненне княстваў. Старажытнабеларускія землі І Кіеўская Русь




Дата канвертавання15.03.2016
Памер200.34 Kb.
ТЭМА: ПЕРШЫЯ КНЯСТВЫ-ДЗЯРЖАВЫ НА БЕЛАРУСКІХ ЗЕМЛЯХ.

1. Узнікненне княстваў. Старажытнабеларускія землі і Кіеўская Русь.

2. Дзяржаўнасць Полацкай зямлі.

3. Утварэнне Тураўскага княства.

4. Беларускія землі ў Смаленскім, Чарнігаўскім, Кіеўскім, Уладзіміра-Валынскім княствах.
1. Узнікненне княстваў. Старажытнабеларускія землі і Кіеўская Русь.

Вынікам выгнання варагаў быў часовы перапынак у гандлёвых адносінах са Скандынавіяй. Згодна з летапісам, пасля выгнання вікінгаў на падначаленых ім раней землях пачаўся час бязладдзя і міжусобіц: "И не бѣ в нихъ правды, и въста родъ на род, и быша усобицѣ в них, и воевати сами на ся почаша". Хоць, як лічаць даследчыкі, паражэнне асобных нарманскіх дружын у барацьбе са славянскімі, балцкімі і фіна-угорскімі плямёнамі наўрад ці магло выклікаць "надзвычайны выбух анархіі і вайны ўсіх супраць усіх". Што "хутчэй за ўсё, пасля таго як адпала неабходнасць у злучэнні сіл, выкліканая знешняй агрэсіяй, справы ва усходнееўрапейскіх народаў вярнуліся да свайго звыклага стану: пастаяннай міжабшчыннай варожасці".

Дзяля аднаўлення адзінства, як паведамляе летапіс, старэйшына славен Гастамысл прапанаваў звярнуцца з запрашэннем на княжанне ў Ладагу "к варягам, к руси", якія валодалі высокапрафісійнай ваеннай сілай і і маглі б даць адпор магчымым спробам узяць рэванш з боку скандынаваў. Выбар славянскай і фіна-угорскай знаці быў зроблены на карысць нарманскага конунга Рурыка, пад імем якога прынята лічыць данскага конунга Рорыка, і яго братоў Сінявуса і Трувара. На той момант Ладага з'яўлялася буйным гандлёва-рамесным паселішчам, цэнтрам славенскага саюзу плямёнаў і, ў сілу савйго геаграфічнага становішча, асноўным прэтэндэнтам на кантроль Волхаўска-Волжскага шляху - асноўнага на той час гандлёвага шляху Усходняй Еўропы. Пасля умацавання Ладагі Рурык перабраўся ў Ноўгарад а сваім ярлам раздаў іншыя ўмацаваныя паселішчы (гарады), у ліку якіх Іпацьеўскі летапіс згадвае Полацк: "і раздая мужемъ своимъ волости и городы рубити: овому Полътескъ, овому Ростовъ, другому Белоозеро". Гэта - першае летапіснае паведамленне пра Полацк, якое датуецца 862 г.

Відавочна, што палітыка падпарадкавання асноўных пунктаў, якія кантралявалі гандлёвыя шляхі, адпавядала інтарэсам мясцовай знаці і іншага насельніцтва. Таму яны былі зацікаўлены ў забяспячэнні бесперашкоднага гандлю і выступалі за ўтварэнне дзяржаўных фармаванняў вакол гандлёвых шляхоў.

З той жа мэтай падпарадкавання гарадоў на гандлёвым шляху "мужы Рурыка" Аскольд і Дзір накіраваліся да Кіева. Сустрэты на іх шляху Смаленск аказаўся "град велик и мног людьми", таму яны не наважыліся на яго напасць. Па іншаму склалася з Кіевам, які не меў князя, кіраваўся толькі саветам старэйшын і плаціў даніну хазарам. Заняўшы Кіеў, Дзір абвясціў сябе вярхоўным князем, а Аскольд стаў яго саправадыром.

Такім чынаму 860-я гг. на Балтыйска-Чарнаморскім міжмор'і ўзніклі два першыя дзяржаўныя ўтварэнні. Першае з гэтых утварэнняў, з цэнтрам у Ладазе, а затым у Ноўгарадзе, кантралявала галоўныя шляхі па Волхаву, Верхняй Волзе і Дзвіне. Другое, з цэнтрам у Кіеве, панавала на сярэдзінным цячэнні Дняпра. Сярод дзяржаўных вярхоў абодвух утварэнняў моцныя пазіцыі займала прынятая мясцовымі жыхарамі нарманская дружынная русь і абодва ўключалі ў свой склад беларускія землі.

Пасля падпарадкавання Полацка і Турава і замацавння ўлады ў Кіеве ў канцы 970-х гг. (пач. 980-х) першачарговымі задачамі кіеўскага князя Уладзіміра былі вяртанне земляў, якія адпалі ад Кіева падчас міжусобных войнаў і раней, а таксама забяспечанне межаў сваёй дзяржавы і заваявання іншых стратэгічна важных тэрыторый. Першым крокам ваеннай палітыкі Уладзіміра ў дачыненні да беларускіх земляў быў паход на яцвягаў, які, верагодна, быў звязаны з намаганнямі Кіева адваяваць ў Польшчы чэрвенска-перамышльскія землі, ў свой час адабраныя ў Русі князем Мешкам. Як паведамляе летапіс, у 983 г. Уладзімір рушыў на "Ятвяги и победи Ятвяги и всю землю их."

Наступны паход на беларускія землі адбыўся ў наступным годзе і быў накіраваны супраць радзімічаў, якія карысталіся незалежнасцю ад Кіева яшчэ з часоў Ігара. У 984 г. на р. Пішчане ваявода кіеўскага князя Воўчы Хвост разбіў радзімічаў і яны трапілі пад уладу Кіева. Між тым, уваход радзіміцкага Пасожжа ў склад Кіеўскай Русі даў дадатковы штуршок развіццю рэгіёна і яго цэнтру Гомеля. У канцы X - пачатку XI стст. старыя ўмацаванні вакольнага горада былі знішчаны і адсунуты далей на захад, што дало магчымасць павялічыць плошчу ўмацаванага паселішча да 10 га. У гэты час Гомель пачынае пераходзіць на правы бераг ручая Гамеюк, дзе развіваецца пасад. Адначасова ішло фарміраванне іншых паселішчаў, як напрыклад на месцы Чачэрску і Крычава.



2. Дзяржаўнасць Полацкай зямлі.

Пасля смерці Ізяслава (сын Уладзіміра і Рагнеды) ў 1001 г. ўлада ў Полацку, насуперак "лесвічнай" сістэме кіравання Уладзіміра, перайшла да аднаго з сыноў Ізяслава. Гэта быў альбо малавядомы Усяслаў, смерць якога летапіс згадвае пад 1003 г., альбо Брачыслаў. Па меркаванню гісторыкаў гэтая падзея азначала выхад Полацка з пад улады Кіева і аднаўленне дынастыі Рагвалодавічаў. У далейшым полацкія князі лічылі сябе Рагвалодавымі ўнукамі па жаночай лініі і бацькаўшчыну сваю вялі не ад падаравання Уладзіміра, а па лініі спадчыны ад Рагвалода.

Летапісы не ўтрымліваюць звестак аб ранніх гадах кіравання Брачыслава Ізяславіча ў Полацку, што тлумачыцца як малалецтвам Брачыслава, так і тым, што пакуль у Кіеве княжыў Уладзімір, Полацкае княства не магло праводзіць сваю знешнюю палітыку, бо адразу сустрэла б арганізаваны адпор з боку уладзіміравых сыноў.

Пасля смерці Уладзіміра паміж яго сынамі разгарнулася міжусобная барацьба за права уладарыць у Кіеве. Спачатку месца Уладзіміра заняў адзін з ягоных сыноў, асоба якога дакладна не высветлена. Згодна з летапіснымі крыніцамі, гэта быў Святаполк Уладзіміравіч, які меў пераважныя правы паводле прававых норм, усталяваных Уладзімірам, і які дзяля забяспечання перамогі і умацавання сваёй улады забіў сваіх братоў Барыса і Глеба.

Міжусобная барацьба паміж сынамі Уладзіміра стварыла спрыяльныя умовы для развіцця Полацка. Доўгі перыяд міру дазволіў полацкім князям займацца як мірным дзяржаўным будаўніцтвам, так і нарошчваннем вайсковай моцы.У 1021 г., у той час як увага Яраслава Уладзіміравіча была засяроджана на паўднёвым і заходнім накірунках і пакуль, верагодна, наўгародскія вайсковыя сілы знаходзіліся яшчэ ў Кіеве, князь Брачыслаў Ізяславіч "приде... с вои и с Полотска на Новгород и взя Новгород". Горад быў захоплены и разрабаваны. Калі Брачыслаў вяртаўся з Ноўгарада ў Полацк, яго сустрэлі войскі кіеўскага князя Яраслава і ў бітве на р. Судоме, як паведамляе летапіс "победи Ярослав Брячислава".Але замацаваць перамогу ў бітве і развіць яе ў поўную перамогу над Полацкам Яраславу не ўдалося. Верагодна, войска кіеўскага князя ў значнай ступені складалася з наўгародцаў, для якіх было важней вярнуць нарабаванае і палон, чым працягваць вайну з Полацкам. Таму Брачыславу ўдалося вярнуцца ў Полацк, захаваўшы свае вайсковыя сілы.

Улічваючы складанае становішча ў іншых падуладных Кіеву землях Яраслаў не мог дазволіць сабе поўнамаштабную вайну з Полацкам. Пасля перагавораў з Брачыславам Яраслаў заключыў з Полацкім княствам мір і аддаў ва ўладанне полацкага князя Віцебск і Усвяты. Атрыманне кантролю над валокамі было эканамічным замацаваннем незалежнасці Полацка.

Ваенная палітыка Яраслава не прынесла яму жаданага поспеху. Спробы адваяваць у 1022 г. Берасце, верагодна, калі лічыць аб замоўчванні вынікаў гэтага пахода ў летапісах, скончыліся для Яраслава няўдала. Распачатая ў 1023 г. вайна з Мсціславам таксама склалася для кіеўскага князя непаспяхова і ў 1026 г. паміж імі быў заключаны мір на нявыгадных для Яраслава ўмовах.

Пасля смерці Брачыслава Ізяслававіча ў 1044 г. на княжанне ў Полацку сеў яго сын Усяслаў, які пасля атрымаў прозвішча Чарадзей. На пачатковым этапе свайго княжання Усяслаў быў прадаўжальнікам палітыкі свайго бацькі. Мяркуецца, што працяг яе закрануў у першую чаргу заходні накірунак, што знайшло ўвасабленне ва ўмацаванні ўлады Полацкага княства на тэрыторыі Ніжняга Падзвіння.

Характар падпарадкавання балтаў Ніжняга Падзвіння Полацку праяўляўся як у выплаце даніны, так і ў форме аб'яднання дружын. Лічыцца, што ў час княжання Усяслава Чарадзея адносіны з балцкімі плямёнамі насілі мірны, дамоўны характар. Сведчаннем гэтага з'яўляецца адсутнасць у летапісах звестак аб ваенных сутыкненнях дружын Усяслава з балтамі, а таксама магчымасць ажыццяўлення Усяславам знешняй палітыкі у іншых напрамках, што было б немагчымым пры неабходнасці канцэнтрацыі дружын на заходнім рубяжы Полацкага княства.

Разам з тым аж да 1-й паловы 12 ст. полацкія князі ўзымалі даніну з яцвяжскіх і літоўскіх плямён. Падтрыманне міру з балтамі стала вынікам працягу палітыкі Брачыслава, якая грунтавалася на захаванні мірных адносін з мясцовым балцкім насельніцтвам і распаўсюджанні на балцкую тэрыторыю дамоўна-данінных адносін.

Першае дзесяцігоддзе пасля смерці кіеўскага князя Яраслава Мудрага і княжання ў Кіеве яго сына Ізяслава, які пры гэтым заставаўся і тураўскім князем, не прынесла для Полацка змен ў дачыненні з Кіевам. Палітычная стабільначць Полацкага княства ў гэты час абумовіла тэрытарыяльны рост самога Полацка. К сярэдзіне 11 ст. адбыўся перанос дзядзінца Полацка з гарадзішча на р. Палаце да Верхняга замка (узвышша), якое змешчана ў сутоцы Заходняй Дзвіны і Палаты. Згодна з высновай некаторых даследчыкаў, распаўсюджанне на Верхні замак функцый дзядзінца як цэнтра горада адбылося не раней 50-х гадоў 11 ст.

Прыкладна ў гэты час пачалося і будаўніцтва Сафійскага сабора, як адлюстраванне моцы дзяржавы і незалежнасці Полацкага княства. Пры гэтым даследчыкамі падкрэсліваецца непасрэднасць кантактаў Полацка з Канстанцінопалем, з якога ажыццяўлялася дапамога ў будаўніцтве Сафійскага сабора.

На падтрымліванне мірных стасункаў з Кіевам быў накіраваны і ўдзел Усяслава ў сумесным паходзе Ізяслава, Усевалада і Святаслава Яраславічаў на торкаў. Умовы, на якіх полацкі князь згадзіўся выступіць у паходзе, застаюцца невядомымі. Паваротным у палітычнай гісторыі Полацкага княства стаў 1065 г., у які Усяслаў арганізаваў ваенны паход на Пскоў. Гэта азначала пераход Полацкага княства ад мірнага суіснавання з суседзямі да ваенных адносін. Пераход Полацка да агрэсіўнай палітыкі мае розныя тлумачэнні. Удар па Пскову быў нанесены ў той час, калі ўся увага Яраславічаў была звернута на паўднёвыя справы, а менавіта - барацьбой з князем Расціславам Уладзіміравічам (сынам Уладзіміра Яраславіча Наўгародскага) у Тмутаракані. Між тым аблога Пскова не мела поспеху.

Адсутнасць супрацьдзеянняў з боку паўднёварускіх князёў схіліла Усяслава да ваеннай выправы на Ноўгарад у 1066 г. У адказ кааліцыя паўднёварускіх князёў, у склад якой увайшлі кіеўскі князь Ізяслаў Яраславіч, чарнігаўскі князь Святаслаў Яраславіч, пераяслаўскі князь Усевалад Яраславіч, пачала рыхтаваць паход на Полацк, правядзенню якога спрыяла і заўчасная смерць Расціслава. У лютым 1067 г. войскі Яраславічаў рушылі да межаў Полацкага княства і напалі на Менск.

Пасля здабычы Менска войскі кааліцыі выйшлі да р. Нямігі, дзе і сустрэліся з войскам Усяслава. 3 сакавіка 1067 г. паміж імі адбылася жорсткая бітва: "И бяше снегъ великъ, и поидоша противу собе, и бысть сеча зла, и мнози подоша, и одолеша Изяславъ, Святославъ, Всеволодъ; Всеславъ же бежа" (Лаўрэнцеўскі летапіс). Цяжкія страты панеслі абодва бакі, але мацнейшы бок не здолеў замацаваць свой тактычны поспех і развіць яго ў агульную перамогу ў вайне. Той факт, што полацкае войска здолела супрацьстаяць аб'яднаным войскам трох княстваў, дало гісторыкам падставу меркаваць, што ў бітве з боку палачан прымалі ўдзел не толькі прафісійныя ваяры - дружына князя, але і апалчэнне, якое складалася з вольных сялян і гараджан.

Пад 10 ліпеня 1067 г. летапісы паведамляюць, што Ізяслаў, Святаслаў і Усевалад Яраславічы выклікалі Усяслава на перамовы, гарантуючы яму бяспеку прысягай на крыжы. Сустрэча была прызначаная ля Смаленску на Ршы. Усяслаў перасёк Днепр з двумя сынамі. Аднак, як сведчаць летапісцы, як толькі Усяслаў пераплыў Днепр, ён быў схоплены і разам з сынамі пасаджаны ў вязніцу - паруб - у Кіеве. Гвалтоўны захоп Усяслава, як адзначаецца гісторыкамі, сведчыць аб тым, што Яраславічы не жадалі весці працяглую вайну з Полацкам, галоўным чынам таму, што ў 60-я гг. актывізаваліся напады полаўцаў на паўднёвыя абшары Кіеўскай дзяржавы. Магчыма, адразу на княжання ў Полацк быў пасаджпны сын Ізяслава Мсціслаў, або першапачаткова туды быў накіраваны часовы пасаднік кіеўскага князя.

Паражэнне войскаў Яраславічаў ад полаўцаў на р. Альцы стала прычынай паўстання гараджан ў Кіеве якія патрабавалі ад Ізяслава абароны горада. Не атрымаўшы ад Ізяслава коней і зброю для абароны ад полаўцаў, кіяўляне 15 верасня 1068 г. вызвалілі Усяслава з сынамі з паруба і абвясцілі сваім князем. Ізяслаў Яраславіч збег у Польшчу. Верагодна, Усяслаў, будучы грозным праціўнікам Кіева, меў у кіеўлян рэпутацыю добрага палкаводца.

У 1069 г. Ізяслаў з дружынай польскага караля Баляслава І рушыў на Кіеў. Сабранае жыхарамі Кіева войска, якое узначаліў Усяслаў, падышло пад Белгарад. Але ўсведамляючы безнадзейнасць барацьбы за чужы стол і, верагодна, відавочная колькасная перавага войска Баляслава і Ізяслава, вымусілі Усяслава уцячы ноччу, не дачакаўшыся бітвы, у Полацк. Застаўшыся без правадыра, кіеўляне папрасілі заступніцтва Святаслава і Усевалада перад Ізяславам. На просьбу братоў Ізяслаў адпусціў большую частку палякаў дадому, а сам рушыў з Баляславам І і невялікім польскім атрадам, адправіўшы наперад сябе сына Мсціслава, які ўчыніў над кіеўлянамі жорсткую расправу, не гледзячы на спробу заступніцтва іх з боку Святаслава.

Затым Ізяслаў выгнаў Усяслава з Полацка і пасадзіў на яго месца Мсціслава. Неўзабаве Мсціслаў Ізяславіч памёр, а яго месца заняў іншы Ізяслававіч - Святаполк.

У 1069 г. Усяслаў набраў войска з асяродку фінскага племені "водзь" і выступіў супраць Ноўгарада. Стымулам выступлення водзі супраць Ноўгарада было іх цяжкае эканамічнае становішча - вынік абкладанне данінай з боку Ноўгарада. Хутка сабранае войска было разгромлена на р. Гзені наўгародцамі на чале з Глебам Святаславічам. Усяслаў трапіў у палон, але быў адпушчаны. З 1069 па 1071 гг. звестак аб дзейнасці Усяслава крыніцы не ўтрымліваюць. Малаверагоднай лічыцца магчымасць княжання ў гэты перыяд Усяслава ў Тмутаракані, што ўскладняла б яму весці барацьбу за вяртанне Полацкага княства.

У 1071 г. Усяслаў з'явіўся пад Полацкам і выгнаў Святаполка Ізяславіча з горада. Адкрытым застаецца пытанне аб тым, з дапамогай каго Усяславу ўдалося вярнуць Полацкае княства. Найбольш верагоднай лічыцца аказанне дапамогі з боку тых слаёў полацкага грамадства, для якіх незалежная ад Кіева эканамічная палітыка княства прыносіла непасрэдны прыбытак, а менавіта гандляры і буйныя феадалы, якія былі ўключаны ў знешнеэканамічныя адносіны.

Кіеўскі князь Ізяслаў Яраславіч паспрабаваў зноў пазбавіць Усяслава ўлады, накіраваўшы супраць яго свайго сына Яраполка, які ў бітве пад Галацічанскам (лакалізацыя якога не выяўлена) нанёс паражэнне полацкаму войску. Але паколькі ваенныя сілы Яраславічаў былі адцягнутыя даля стрымлівання наступу полаўцаў на поўдні, а таксама для барацьбы з разгорнутым рухам прыхільнікаў паганства на поўначы, аб'яднаць сілы кааліцыі для далейшай барацьбы з Усяславам не ўдалося і той застаўся княжыць у Полацку.

Пасля 1071 г. Полацкае княства уступіла ў перыяд мірнага жыцця. Кіеўскае княства, насупраць, перажывала неспакойныя часы у сувязі з чарговым нападам на Русь полаўцаў, якія заваявалі землі ад Растоўца да Яціна, а таксама з прычыны хваляванняў прыхільнікаў паганства. Каб даць новы імпэт хрысціянству, Яраславічы ў 1072 г. разам урачыста ўшанавалі памяць святых Барыса і Глеба і перанеслі іх мошчы ў новую царкву.

З "Павучэнняў" Уладзіміра Манамаха вядома, што ў канцы 70-х - пачатку 89-х гг. абвастраюцца адносіны паміж Усяславам Чарадзеям, з аднаго боку, і Усеваладам Яраславічам і яго сынам Уладзімірам (пазней Уладзімір Манамах), які ў той час быў смаленскім князем, з другога. Як вынікае з крыніцы, летам 1077 г. Усевалад і Уладзімір арганізавалі паход на Полацк, прычынай якога, як лічыцца, было спроба падпарадкавання Полацкам усяго Верхняга Падняпроўя. Магчыма, гэтым часам трэба датаваць часовае ўключэнне у склад Полацкага княства Оршы і Копысі, якія ў гэтай барацьбе набывалі значэнне "ўсходняй брамы" на мяжы Полацкага княства. Замоўчванне вынікаў паходу Усевалада і Уладзіміра ўказвае на тое, што Полацк не быў захоплены. Зімой гэтага ж года Уладзімір Усеваладавіч разам з Святаславам і полаўцамі зноў напалі на Полацк. Але падпаліўшы ваколіцы Полацка, Уладзімір з полаўцамі пайшоў на Одрск (лакалізацыя не высветлена), ад якога накіраваўся да Чарнігава.

У 1078 г. Усяслаў Чарадзей напаў на Смаленск і спаліў яго. Уладзімір спрабаваў дагнаць Усяслава, для хуткасці нават мяняючы каней ("о двух конях"), але не здолеўшы, у помсту паваяваў полацкія землі да Лукомля і Лагойска і спустошыўшы ваколіцы Друцка. Неўзабаве 3 снежня 1078 г. у бітве на Няжацінай ніве, кіеўскі князь Ізяслаў Яраславіч, які прыйшоў на дапамогу Усеваладу да Чарнігава, загінуў. Усевалад Яраславіч зноў стаў кіеўскім князем, а яго сыну Уладзіміру, у парушэнне законных правоў Святаславічаў, дастаўся Чарнігаў.

Аб гісторыі Полацкага княства ў перыяд ад 1084 (1085) па 1092 г аніякіх звестак летапісы не ўтрымліваюць. Толькі пад 1092 г. паведамляецца, што ў Полацку мела месца нейкая эпідэмія і ў горадзе памерла шмат жыхароў. Форма, у якой распавядаецца, як "мерцвякі б'юць палачан", сведчыць аб тым, што Полацкае княства асацыіравалася ў кіеўскіх летапісцаў з краем, дзе хрысціянства не мела сталых каранёў.

З мэтай замацавання саюзу з нашчадкамі Яраслава Ўладзіміравіча і полацкімі князямі, а таксама Мінскай воласці за Полацкай зямлёй, Усяслаў прысватаў свайго сына Глеба да дачкі Яраполка Ізяслававіча - Анастасіі. Такім чынам з канца XI ст. побач з валасцямі, падпарадкаванымі непасрэдна Полацку, існуюць воласці-удзелы, якімі кіруюць старэйшыя сыны Усяслава Чарадзея

Пасля смерці Усяслава Брачыславіча з Полацкай зямлі пачалі вылучацца удзелы-воласці, у якіх мелі права княжыць прадстаўнікі полацкай княжацкай дынастыі. Падлік колькасці сыноў Усяслава ўскладняецца тым, што ў тыя часа надавалі два імені - язычніцкае ("хатняе") і хрысціянскае. Таму, паводле адных меркаванняў, Усяславічаў было 7, паводле іншых - 6. Пісьмовыя крыніцы згадваюць наступныя імёны сыноў Усяслава: Давыд, Глеб, Рагвалод, Барыс (выказваюцца меркаванні, што Рагвалод і Барыс - гэта адна асоба), Раман, Расціслаў, Святаслаў, які меў таксама другое імя - Георгій. Пытанне аб старшынстве таксама з'яўляецца заблытаным. Полацк працягваў заставацца самым буйным палітычным цэнтрам Полацкай зямлі. Магчыма, што Усяслаў Брачыславіч пры жыцці накіраваў у больш значныя гарады сваіх старэйшых сыноў у якасці пасаднікаў. Пасля смерці яго сыны станавіліся самастойнымі валадарамі асобных удзельных княстваў.


3. Утварэнне Тураўскага княства.

Тэрыторыя Тураўскага княства фарміравалася на землях, заселеных дрыгавічамі. Паўночная граніца іх рассялення (з крывічамі) праходзіла на поўнач ад Мінска прыкладна па лініі ад Заслаўя на Лагойск і Барысаў. Усходняя граніца (з радзімічамі) праходзіла ў асноўным па Бярэзіне і Дняпры да Брагіна. Паўднёвая граніца рассялення дрыгавічоў (з драўлянамі і валынянамі) праходзіла па правабярэжжы Прыпяці прыкладна па сучаснай мяжы з Украінай, а заходняя (з заходнеславянскім племем мазаўшан) пераходзіла на левы бераг р. Заходні Буг. Левабярэжнае Панямонне таксама было заселена дрыгавічамі.

Дрыгавічы належалі да ліку найбольш развітых усходнеславянскіх плямён і нават мелі сваё ўласнае племянное "княжанне" яшчэ да стварэння адзінай агульнай старажытнарускай дзяржавы з цэнтрам у г. Кіеве. Такія племянныя княжанні існавалі ў папярэднія часы ў палян (на чале з Кіем), у сярэдзіне 10 ст. у драўлян (на чале з Малам), у 70-х гадах 11 ст. у вяцічаў (на чале з Хадотай), а таксама ў славян наўгародскіх і палачан.

Тураўскае княства, што фарміравалася на землях дрыгавічоў, было спадкаемцам яго тэрыторыі, насельніцтва, гістарычных традыцый і працэсу паслядоўнага паступальнага развіцця. Аднак гэта не азначае, што Тураўскае княства ўнаследавала ўсю тэрыторыю дрыгавічоў. Пры адначасовым фарміраванні тэрыторый новых феадальных палітычных утварэнняў - княстваў адбываліся пэўныя змены папярэдніх этнічных племянных тэрыторый ранейшых княжанняў на карысць больш развітых і агрэсіўных суседзяў. Тэрытарыяльныя страты дрыгавіцкіх тэрыторый адбыліся і пры фарміраванні Тураўскай зямлі. Аб гэтым сведчаць паведамленні летапісаў больш позніх часоў. Так, тэрыторыя ў паўночных рэгіёнах рассялення дрыгавічоў ужо ў 10-11 стст. адыходзіла да Полацкага княства. У наваколлях Менска, Заслаўя, Лагойска, Барысава і Свіслачы, паводле матэрыялаў даследавання курганоў, жылі дрыгавічы, Аднак ужо ў 11 ст. гэтыя гарады ўваходзілі ў склад Полацкага княства. Аб гэтым сведчаць напрамкі ўдараў кіеўскіх князёў на Менск (1067), Лагойск (1071), Заслаўе ў час іх паходаў на Полацкае княства. Як можна меркаваць, пры гэтым Заслаўе і Менск былі памежнымі крэпасцямі на паўднёвых межах Полацкага княства

З боку Тураўскага княства памежнымі крэпасцямі ім супрацьстаялі Слуцк і Клецк. На Слуцк рабіў набег менскі князь Глеб (1116), каб адпомсціць за паход кіеўскага князя Уладзіміра Манамаха на Друцк у 1115 г. Летапісец адзначае "... Глеб бо бяше воевал дреговичи и Случеск пожег, и не каяшеться о сем, ни покаряшеться" [1]. А Клецк упамінаецца як сталіца ўжо асобнага княства, з якога накіроўваўся "Вячеслав Ярославич ис Клечьска"[2] ў час агульнага паходу паўднёвых князёў пад кіраўніцтвам кіеўскага князя Мсціслава Уладзіміравіча (сын і спадкаемец Уладзіміра Манамаха) на Полацкае княства ў 1127 г. з-за адмовы полацкіх князёў удзельнічаць у агульнай барацьбе з нашэсцем полаўцаў.

Прыведзеныя летапісныя паведамленні пераканаўча сведчаць аб устойлівым характары граніцы паміж Тураўскай зямлёй і Полацкім княствам, адпаведна якой паўночная частка заселенай дрыгавічамі тэрыторыі (Заслаўе, Менск, Лагойск, Барысаў) апынулася за межамі Тураўскай зямлі і стабільна ўваходзіла ў склад Полацкага княства.

На ўсходнім участку мяжа паміж Полацкім і Тураўскім княствамі, што прымыкала да Дняпра, паніжалася на поўдзень, пакідаючы ў межах Полацкага княства г. Стрэшын.

Усходняя граніца Тураўскага княства ў асноўным адпавядала ўсходняй мяжы рассялення дрыгавічоў і праходзіла таксама па Дняпры. Рагачоў, размешчаны на высокім мысе правага карэннага берага Дняпра ў сутоках з р. Друццю, належаў Тураўскаму княству, аб чым сведчыць запіс у летапісе пад 1142 г. У ім гаворыцца аб тым, што кіеўскі князь Усевалад Ольгавіч раздае сваім братам Ігару і Святаславу гарады Тураўскай зямлі - Берасце (Бярэсце), Драгічын, Клечаск, Чартарыйск і разам з імі Рагачоў. Гэта сведчыць аб прыналежнасці Рагачова да Тураўскага княства.

Аднак і на ўсходняй зоне рассялення дрыгавічоў не абышлося без тэрытарыяльных страт для Тураўскага княства. Правабярэжжа Дняпра ў наваколлі Рэчыцы, заселенае дрыгавічамі, разам з гэтым горадам уваходзіць у склад Чарнігаўскага княства. У 1213 (1214) г. Рэчыца была разгромлена наўгародскім князем Мсціславам, што ваяваў з чарнігаўскімі князямі. Брагін, размешчаны ў кантактнай зоне рассялення дрыгавічоў, палян і севяран, уваходзіць у склад Кіеўскага княства. Аб гэтым сведчыць паход чарнігаўскіх князёў у 1147 г. на Брагін з мэтай помсты кіеўскаму князю Ізяславу Мсціславічу за разбурэнне чарнігаўскіх гарадоў.

На паўднёвай мяжы Тураўскае княства суседнічала з Кіеўскім на ўсходняй частцы і Валынскім на заходняй частцы мяжы. Як відаць, палітычныя межы Тураўскага княства супадалі з тэрыторыяй рассялення дрыгавічоў. На правым беразе Прыпяці размяшчаліся тураўскія гарады Мазыр, Тураў, Пінск, Давыд-Гарадок. У Пагарынні ў склад Тураўскай зямлі ўваходзілі, як відаць, гарады на Гарыні, Дубровіца, Сцепань і Чартарыйск на Стыры. Падставай для такіх меркаванняў могуць быць летапісныя паведамленні аб тым, што пры вылучэнні з Тураўскага княства ў канцы 12 ст. дубровіцкім князем стаў Глеб Юр'евіч, сын тураўскага князя Юрыя Яраславіча. Меркаваць аб уваходжанні ў Тураўскае княства Чартарыйска дазваляе летапіснае паведамленне аб канфлікце ў 1227 г. паміж пінскім князем Уладзімірам і галіцка-валынскім князем Данілам Раманавічам. Верагодна, на падставе нейкіх раней існуючых правоў Уладзімір заняў гэты горад. Аднак князь больш магутнага Галіцка-Валынскага княства Даніла Раманавіч ваеннай сілай выгнаў яго з Чартарыйск.

Пытанне аб заходніх межах Тураўскага княства вырашаецца на падставе паведамленняў аб рашэннях Любецкага з'езда князёў у 1097 г. З'езд пастанавіў перадаць "... Святополку Изяславичу з сыновцы, яко сыну и внукам Изяславлим - Туров, Слуцк, Пинск и все городы до Буга по оне стороне Припети, и яко великому князю - Киев, со всею областиею, что ко оному принадлежит, до реки Горыни, и Новгород Великий к Киеву". На заходніх межах Тураўскай зямлі апрача Берасця ў 12 ст. упамінаецца Драгічын Надбужны, які трапляе ў 1142 г. у лік тураўскіх гарадоў, што Усевалад Ольгавіч раздаваў сваім братам. Гэтыя гарады акрэсліваюць межы Тураўскага княства ў 11-12 стст. Паводле матэрыялаў пахавальных курганоў, гэтыя гарады таксама знаходзіліся ў арэале дрыгавіцкага рассялення.

Недастаткова існуе даных для дакладнага вызначэння прыналежнасці гарадоў і дрыгавіцкіх пасяленняў Сярэдняга Панямоння (Гародня, Ваўкавыск, Наваградак, Слонім, Здзітаў). Несумненна, з другой паловы 12 ст. і ў 13 ст. яны ўваходзяць у зону палітычнага ўплыву і палітычнай прыналежнасці Уладзіміра-Валынскага княства Гэта перыяд значнага аслаблення Тураўскага княства і росту магутнасці Уладзіміра-Валынскага княства Аднак апошняя заўвага не адказвае на пытанне аб палітычнай прыналежнасці гэтага рэгіена ў папярэдні час. Верагодна, што згодна з пастановай Любецкага з'езда гэты рэгіён таксама ўваходзіў у тую зону "... до Буга по оне стороне Припети...", якая была зацверджана за Святаполкам з сынамі як за князямі тураўскімі, нашчадкамі Ізяслава Яраславіча.

Такім чынам, на падставе летапісных паведамленняў тэрыторыя Тураўскага княства ў 11 ст. мела значныя памеры - ад Дняпра і да Заходняга Буга (пераходзячы на яго левы бераг каля Драгічына) - каля 500 км і ў напрамку з поўдня на поўнач ад правабярэжжа Прыпяці да граніц з Полацкім княствам-ад 200 (ад Рэчыцы да Рагачова) да 300 км (ад Паўночнай Валыні да Сярэдняга Панямоння), г. зн. ад 100-150 тыс. км2. Трэба падкрэсліць, што гэта максімальныя памеры Тураўскага княства ў момант яго найбольшай значнасці ў 11 ст. У далейшым памеры княства мяняліся, плошча яго скарачалася. Стабільнымі заставаліся паўночная і ўсходняя граніцы княства, значна змяняліся яго заходнія і паўднёвыя граніцы.

4. Беларускія землі ў Смаленскім, Чарнігаўскім, Кіеўскім, Уладзіміра-Валынскім княствах.

Частка беларускіх земляў знаходзілася ў складзе Смаленскага, Чарнігаўскага, Кіеўскага і Уладзіміра-Валынскага княстваў. 1125 (1127) г. - паваротны час у лёсе Смаленска. У гэты год там пачынае княжыць Расціслаў Мсціславіч - родапачынальнік смаленскіх князёў. Часы княжання Расціслава Мсціславіча сталі перыядам магутнасці Смаленскага княства, яго пашырэння і росквіту, узрастання ролі ў агульнаўсходнеславянскіх справах.

У 1127 г. адбываецца падзел земляў радзімічаў паміж Смаленскім і Чарнігаўскім княствам. У гэтым годзе Усевалад Ольгавіч (сын Алега Святаславіча) супраць усякага права выгнаў свайго дзядзьку Яраслава Святаславіча з Чарнігава, прымусіўшы таго задаволіцца мурамскім княжаннем. Не гледзячы на тое, што Яраслава падтрымаў кіеўскі князь Мсціслаў Уладзіміравіч, і на тое што быў абложаны ў Чарнігаве, Усевалад Ольгавіч між тым дабіўся заключэння міру на сваіх умовах. Скарыстаўшыся складаным становішчам чарнігаўскага князя, Расціслаў Мсціславіч далучыў да Смаленскага княства паўночныя землі радзімічаў.

З нагоды утварэння ў Смаленскім княстве самастойнай епіскапіі Расціслаў Мсціславіч у 1136 г. зацвердзіў Статут, які вызначаў памеры царкоўных уладанняў і даніны з валасцей. Статут утрымлівае інфармацыю аб існаванні ў Пасожжы валасцей Кречут (сучасны Крычаў) і Прупой. На поўдзень ад іх пачыналася паласа лясоў, якія дзялілі паўночныя і паўднёвыя землі радзімічаў і якія на пэўны час сталі мяжой паміж Смаленскай і Чарнігаўскай землямі. Акрамя гэтага, Статут паведамляе і аб іншых адміністрацыйных адзінках на ўсходніх землях Беларусі. Так, уздоўж р. Басі на тэрыторыі сучасных Горацкага і Шклоўскага раёнаў існавала воласць Басея, цэнтр якой, верагодна, знаходзіўся ў в. Гарадзішча (Шклоўскі р-н). На паўночным усходзе ўздоўж р. Мярэі існавала воласць Мірацічы, цэнтр якой быў на гарадзішчы ля в. Горы (Горацкі р-н) альбо на гарадзішчы ля в. Звяровічы (Краснянскі р-н Смаленшчыны). На самым паўночным усходзе за Дняпром частка тэрыторыі сучасных Дубровенскага і Лёзненскага раёнаў уваходзіла ў воласць Вітрына, цэнтр якой знаходзіўся на гарадзішчы ў в. Мікуліна (Руднянскі р-н Смаленшчыны).

На захадзе княства на Дняпры стаяла Копысь. У Капыскую воласць уваходзіла таксама Орша. Далёка ад асноўнай тэрыторыі Смаленскага княства, на месцы сучаснай в. Лучын (Рагачоўскі р-н) стаяў Лучын - смаленскі фарпост, які кантраляваў не толькі дняпроўскі шлях “з варагаў ў грэкі”, але і назіраў за яго адгалінаваннем у Полацкую зямлю па Друці.

У 1138 г. Расціслаў Мсціславіч удзельнічў ў кааліцыі князёў (Яраполк Уладзіміравіч Кіеўскі, Юрый Уладзіміравіч Суздальскі (Даўгарукі), Васілька Святаславіч Полацкі) супраць Ноўгарада, дзе княжыў Святаслаў Ольгавіч. 17 красавіка ён уцякае з Ноўгарада праз Смаленск, дзе быў схоплены і пасаджаны ў Смядынскім манастыры. У Ноўгарадзе быў пасаджаны на княжанне сын Даўгарукага Расціслаў Юр'евіч. Святаслаў Ольгавіч, пасля прымірэння Яраполка Уладзіміравіча з братам Святаслава - Усеваладам Ольгавічам, быў адпушчаны ў Кіеў.

У 1230 г. апошні з канкурэнтаў за ўладу на Валыні - Аляксандр Бельскі быў адцяснёны на самы ўскраек сваіх уладанняў, у сумежны з Польшчай Перамышль, і практычна ўсё Уладзіміра-Валынскае княства апынулася ў руках двух братоў - Данілы і Васількі Раманавічаў. Пачалася барацьба за вяртанне бацькоўскага Галіча. Мсціслаў Удатны, цесць Данілы, у 1228 г. пад дыпламатычным націскам венгерскага караля Андраша II, за сына (Андраша) якога ён раней выдаў сваю малодшую дачку Марыю, саступіў Галіч на карысць венграў. Хутка Мсціслаў памёр. Даніла пачаў барацьбу з венграмі за Галіч. Яна ішла з пераменным поспехам да 1234 г., калі войска Андрэя (Андраша) II і Аляксандра Белзскага было разбіта Раманавічамі з дапамогай кіеўскага князя Уладзіміра Рурыкавіча. Далучыўшы Галіч да Валыні, Даніла і Васілька зрабіліся яшчэ больш магутнымі уладальнікамі, чым калісьці іх бацька. Хутка у барацьбу за вяршэнства ў Пауднёвай Русі ўключыўся новы прэтэндэнт — Міхаіл Чарнігаўскі (сын Усевалада Чэрмнага і дачкі польскага князя Казіміра II). У 1235 г. ён выбіў з Кіева Уладзіміра Рурыкавіча, перамог Данілу і ўладкаваў у Галічы свайго дванаццацігадовага сына Расціслава. Тут жа ў барацьбу за Кіеў уступіў прадстаўнік уладзіміра-суздальскай дынастыі Яраслаў Усеваладавіч. Хутка і Уладзімір Рурыкавіч з'явіўся зноў з палавецкай раццю, але вярнуць сабе Кіеў не здолеў.

У 1238 г., скарыстаўшыся тым, што Расціслаў Міхайлавіч пайшоў у паход на Літву, Даніла Раманавіч асадзіў Галіч, які быў здадзены яму у 1239 г. У 1238г. Даніла Галіцкі вярнуў сабе таксама Драгічын, які раней быў падараваны Конрадам Мазавецкім Добрынскаму ордэну. У 1240 г. Даніла Галіцкі заняў Кіеў і пасадзіў там тысяцкім Дзмітра, які і узначаліў абарону города пад час нашэсця Батыя. У 1245 г. Даніла Галіцкі з братам Васількам і сынам Львом паставіў кропку ў адносінах з Расціславам і яго саюзнікамі, перамогшы іх войска пры Яраславе на р. Сане. З той пары Даніла Раманавіч безумоўна валодаў Галіцкім княствам. У 1245 г. ён зрабіў сваёй рэзідэнцыяй горад Холм. Пасля набегаў літоўцаў на валынь хутка з імі быў заключаны мір, у выніку чаго не пазней 1248 г. другой жонкай Данілы Раманавіча стала пляменніца Міндоўга (дачка невядомага па імені брата Міндоўга і сястра Таўцівіла). Даниил Галицкий. Материал из Википедии — свободной энциклопедии.



У 1245-1246 гг. Даніла Галіцкі быў вымушаны паехаць у Арду, у Сарай, прызнаць залежнасць ад Залатой Арды, каб захаваць сваё княства. Не гледзячы на міласцівы прыём, які быў аказаны князю, летапісец аповед пра гэтую паездку завяршае словамі: «О злее зла честь татарская!».


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка