Тэма 1 Кампаратывістыка, яе сутнасць




старонка8/8
Дата канвертавання16.03.2016
Памер1.42 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8

Тэма 13 Наватарскі характар беларускай літаратуры
13.1 А. Адамовіч як аўтар канцэпцыі “звышлітаратуры”

13.2 Сусветная місія беларускай літаратуры




    1. А. Адамовіч як аўтар канцэпцыі “звышлітаратуры”

Беларускія літаратары здолелі прапанаваць свету наватарскія, доўгатэрміновыя мастацкія ідэі. Так, А. Адамовіч прапанаваў канцэпцыю “звышлітаратуры”, гэта значыць такой літаратуры, “якая не баіцца глянуць на дно прорвы, літаратуру-папярэджанне, прароцтва” (М. Тычына), літаратуру, якая б не заспакойвала, а біла па нервах, каб чалавек задумаўся, што ён робіць, якім будзе плён яго ўчынкаў у будучым? М. Тычына пісаў: “Этычны, маральны крытэрый быў для А. Адамовіча ключом да ўсяго: талент у сімбіёзе з амаральнасцю спараджае нягоднікаў! Палітыка, вольная ад маральных абавязкаў, не толькі брудная, але і пагібельная! Навука таксама павінна вызначыцца, што датычыцца межаў дазволенага і недазволенага. Мэта і сродкі не могуць не знаходзіцца ў пэўнай раўнавазе, якую вызначае мараль. У час, калі чалавецтва, аглушанае крыкамі пра ўсемагутнасць інтэлекту, навукі, новых тэхналогій, адурманенае транквілізатарамі, страціла адчуванне духоўных арыенціраў і паволі спаўзае ў прорву небыцця, няма нічога саромнага ў закліку тварыць звышлітаратуру…” [1, с. 30]. Звышлітаратура – імкненне выйсці на новы, вышэйшы ўзровень праўды.

Прыклады такой праўды і такой літаратуры – у кнігах і артыкулах самога А. Адамовіча. На працягу 1970-1973 гг. А. Адамовiч разам з Я. Брылём i У. Калеснiкам аб'ехалi ўсю Беларусь, запiсваючы сведчанні жыхароў спаленых вёсак. Так з'явілася дакументальная кнiга «Я з вогненнай вёскi…» (1975). Рэцэнзiя рускага лiтаратуразнаўцы М. М. Кузняцова на гэту кнігу пачыналася словамі: «Страшней за гэту кнiгу я не ведаю…» [2, с. 333].

Задума рамана «Карнiкi» (1980) нараджалася з пытання: «Як маглi яны i хто яны, людзi, якiя ўсё гэта рабiлi, якія парушылі Боскую запаведзь «Не забі!»? Сам А. Адамовіч выказваў наступныя меркаванні: «На самай справе ёсць нейкія абсалюты. Здаецца, у сучасным чалавеку яны не ўзмацняюцца, яны паслаблены. Паслаблена адчуванне, што ёсць рэчы, за якія не толькі другія не могуць табе дараваць, але і ты сам не можаш і не павінен дараваць» [3, с. 198].

Працягам пошукаў А. Адамовічам “новых шляхоў у лiтаратуры” (М. Тычына) стала дакументальная «Блакадная кнiга» (1982), напісаная разам з рускiм празаiкам Д. Гранiным: “Так ствараўся новы, невядомы раней жанр лiтаратуры – мастацкi дакумент, кнiга-араторыя, сiмфонiя, хор (гэтыя i iншыя падобныя па сэнсу назвы жанру згадвалiся крытыкай)” [2, с. 337].

У аповесцi «Апошняя пастараль» (1986) А. Адамовіч выкарыстоўвае жанр антыўтопii, надзвычай распаўсюджаны ў сусветнай лiтаратуры 20 ст., каб наглядна паказаць страшныя наступствы нашай няздольнасцi ўзняцца над сваiмi часовымi iнтарэсамi.

Твор завяршаецца трагiчна – пагiбеллю ўсяго жывога: «Святло згасла, апусцелi i сцэна i глядзельная зала…» Гэта – “аповесць-папярэджанне, заклiк да сучаснiка з мэтай актывiзаваць яго думку i волю, захапiць iдэяй новага мыслення” [2, с. 340].

А. Адамовiч набліжаў новую эры ў гiсторыi чалавецтва, зблiжэнне («канвергенцыяй») Захаду i Усходу, ядзернае раззбраенне, усведамленне небяспекi экалагiчнай катастрофы i г. д. Менавіта А. Адамовіч першым загаварыў пра неабходнасць «новага мыслення»: «Новае мысленне, на думку А. Адамовiча, прымушае народы i дзяржавы кiравацца ў сваiх дзеяннях «простымi законамi чалавечай маралi», сярод якiх ён вылучаў на першы план хрысцiянскi запавет: «Не забi!» [2, с. 339].


14.2 Сусветная місія беларускай літаратуры
Пра сусветную мiсiю беларускай культуры і літаратуры першым загаварыў гомельскі даследчык І. Афанасьеў (манаграфія “Чарнобыльскае светаадчуванне ў сучаснай беларускай лiтаратуры”). Вучоны мяркуе, што, перажыўшы Чарнобыльскую катастрофу, беларусы накапілі ўнікальны вопыт – iснаванне па-за Гiсторыяй: “Чарнобыль паставiў нас у становiшча “па-за гiсторыяй” [4, с. 59], “рэальнае па-за рэальнасцю – гэта зусiм па-нашаму, па-беларуску” [4, с. 166]. Аднак жа “загнаны гiсторыяй у кут, чалавек робiцца непадуладным яе раз'юшанаму нораву, сцвярджаючы каштоўнасць гiпатэтычнага iснавання ў рэальнасцi. Фактар адчужэння яднае яго з уласнай эстэтычнай магчымасцю, што менавiта ў шматзначнасцi вырашэнняў выступае падставай быцiйнага самаўсведамлення, калi нават тэкст – “гэта мы самi ў працэсе пiсьма” (Р. Барт) [4, с. 167]. Абапiраючыся на даследаваннi выбiтных фiлосафаў, I. Афанасьеў прыходзiць да высновы не толькi аб жыццядзейнасцi беларускай культуры, але i пра яе ўнiкальнае значэнне для астатняга свету: “Дзiўна, але менавiта тое, што беларусы – нацыя невымоўнага, надае жыццёвую актуальнасць першаслову, дакладней нават двум, з дапамогай якiх фiлосаф i тэолаг М. Бубер вызначаў экзiстэнцыяльныя стасункi чалавека з чалавекам i чалавека з светам (“Я –Ты” i “Я – Яно”), абгрунтоўваючы “сферу Памiж” як першасную катэгорыю чалавечай рэчаiснасцi, адкуль павiнна выйсцi “сапраўднае Трэцяе” [4, с. 121]. Гэта яшчэ адна трансфармацыя нашага славутага памежнага становiшча, становiшча “памiж”. Беларусы здольныя “негатыў” ператварыць у “пазiтыў”: “…пакуль уладарныя суседзi выбiралi беларусаў, замiнаючы адзiн аднаму, беларусы выбралi сябе…” [4, с. 121]. Даследчык падкрэслiвае, што беларусы – “выбраны народ, якi ўзнялi свой нацыянальны вопыт на вяршыню чалавечага”, паколькi “беларусам толькi i застаецца, што ўсвядомiць сябе ў вымярэннi гiсторыi як культуры, што рэалiзуе ўсе астатнiя варыянты быцця” [4, с. 59].

Сваё даследаванне вучоны разгортвае, абапiраючыся на вялiкi аб'ём мастацкiх твораў. У цэнтры яго ўвагi – «Карацелi», «Венера, цi як я быў прыгоннiкам», «Vixi» А. Адамовiча, «Саркафаг» В. Губарава, «Чарнобыльскi лабiрынт» А. Крыгi, «Зорка Палын» У. Някляева, «Хто вiнаваты» I. Чыгрынава, «Злая зорка» I. Шамякiна. Пра дакладнасць ацэнак I. Афанасьева i добрасумленнасць яго як даследчыка сведчыць той факт, што ён вывучае не толькі ”чарнобыльскi” лiтаратурны вопыт, у полi зроку вучонага творы М. Гарэцкага, В. Ластоўскага, А. Калубовiча, Ф. Аляхновiча, А. Мрыя, В. Быкава, У. Арлова і інш., бо “мы цяпер – сучаснiкi ўсiх эпох, i па вялiкiм рахунку ўсе размовы наконт чарнобыльскага светаадчування ў лiтаратуры паводле яго тэматычнага разумення ёсць аксюмаран. Менавiта гэта дае нам права разглядаць у чарнобыльскім кантэксце кожны лiтаратурны факт i разам з тым даказвае няўлоўнасць, непадуладнасць звычайнай свядомасцi самой Чарнобыльскай падзеi. Яе прысутнасць у чалавечым лёсе абсалютная, як дадзена Усё чалавеку iснаму” [4, с. 5-6].

I. Афанасьеў быў адным з першых, хто загаварыў пра чарнобыльскае светаадчуванне ў нашай лiтаратуры, акрэслiў новы модус мыслення нашага лiтаратуразнаўства (лiмаўская дыскусiя 1992 года аб сучасным стане i перспектывах беларускай навукi аб лiтаратуры).

Даследчык разважае менавiта пра выратавальную, ахоўную ролю нацыянальнай культуры i лiтаратуры сёння, у постчарнобыльскай сiтуацыi. I менавiта лiтаратура, “эстэтычнае iмкненне”, згодна I. Афанасьеву, дае мажлiвасць паратунку ад Чарнобыля, калi, як пазначана ў анатацыi, “слова ў мастацкай прасторы, акрэсленай усiмi магчымымi набыткамi прыгожага пiсьменства, абумоўлiвае шанц альтэрнатывы ў спрэчцы з непазбежнасцю сапраўднай катастрофы” [4, с. 5].

Гэтыя разважаннi I. Афанасьева выдатна кладуцца ў канцэпцыю нацыянальнага лёсу. “Шлях”, “дарога” – адвечныя беларускiя архетыпы. Як тут не прыгадаць “Адвечны шлях” I. Канчэўскага, “Шляхам жыцця”, “Паязджане” Я. Купалы, “Млечны шлях” К. Чорнага.

У свой час Ф. Дастаеўскі адзначыў, што рускi чалавек выратуецца праз веру ў Хрыста, а беларускi – праз веру ў сябе. I. Афанасьеў пiша: “Беларусам няма на каго i на што спадзявацца. Яны, i нiхто iншы, былi гарантыяй сябе, гэткiя “грамадзяне свету”, што ў свет дапушчаны не былi. Але светам сталi. Планета Лонва. Планета Найдорф. Планета Мсцiжы. Свая зямля, што злучылася з космасам…” [4, с. 104] Наколькi дакладнае назiранне. Нездарма менавiта архетып “Роднага кута” з'яўляецца унiверсальным беларускiм архетыпам (У. Конан). Можна ўзгадаць К. Чорнага з яго “Мне ўсё жыццё хопiць апiсваць свае родныя Цiмкавiчы”, для якога свой куточак зямлi, свая “марка” (У. Фолкнер) – Сусвет.

I. Афанасьеў – гэта даследчык-фiлосаф, якi асэнсоўвае праблему ў светапоглядным аспекце: “Расейцы шануюць сваю культуру як спараджэнне гiсторыi. Беларусы намагаюцца зрабiць з нацыянальнай культуры (i лiтаратуры) падмурак гiсторыi” [4, с. 7]. Беларуская нацыя – нацыя вербальнай культуры. Прыгожае пiсьменства для нас больш, чым проста прыгожае пiсьменства: “На працягу стагоддзяў яно ( Слова – А.М.) было нацыянальным выратаваннем, а сёння, пасля Чарнобыля, пераасэнсоўвае ў гэтым “двухмоўным” дыялогу сутыкненне з невядомым, з рэальнасцю “па-за”, якая паяднала iмгненне i вечнасць” [4, с. 7].

Такім чынам, беларуская літаратура валодае значным крэатыўным патэнцыялам.



Літаратура:

  1. Тычына, М. Алесь Адамовіч: Жыццё як творчасць [Тэкст] / М. Тычына // Алесь Адамовіч і час: матэрыялы Адамовічаўскіх чытанняў 5 верасня 1977 года. – Мн., 1998 – С. 27 – 32.

  2. Тычына, М. Алесь Адамовіч [Тэкст] / М. Тычына // Гісторыя беларускай літаратуры 20 стагоддзя: 4 т. – Т. 4, кн. 1. 1966-1985 / НАН Беларусі, Аддзяленне гуманітар. навук і мастацтваў, Ін-т літ. імя Я. Купалы; Навук. рэд. У. В. Гніламёдаў, С. С. Лаўшук. – 2-е выд. – Мн. : Беларуская навука, 2004. – С. 319 – 343.

  3. Корань, Л. “…Ёсць абсалюты” Даўняя гутарка з А. Адамовічам [Тэкст] // Корань Л. Цукровы пеўнік: літ.-крытыч. арт. – Мн. : Маст.літ., 1996. – С. 191 –206.

  4. Афанасьеў, I. Чарнобыльскае светаадчуванне ў сучаснай беларускай лiтаратуры [Тэкст] / І. Афанасьеў. – Вып.1: Бягучы лiт. працэс у крыт. аглядзе. – Мн. : Беларуская навука, 2001. – 212 с.


1   2   3   4   5   6   7   8


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка