Тэма 1 Кампаратывістыка, яе сутнасць




старонка6/8
Дата канвертавання16.03.2016
Памер1.42 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8

Літаратура:


  1. Шаблоўская, І. Драма абсурду ў славянскіх літаратурах і еўрапейскі вопыт. Паэтыка. Тыпалогія [Тэкст] / І. Шаблоўская. – Мн.: БДУ, 1998. – 20 с.

  2. Булыка, А. Слоўнік іншамоўных слоў: у 2 т. Т. 1: А – Л [Тэкст] / А. Булыка – Мн. : БелЭн, 1999. – 736 с.

  3. Акудовіч, В. Мяне няма: Роздумы на руінах чалавека [Тэкст] / В. Акудовіч. – Мн. : БГПКЦ, 1998. – 204 с.

  4. Сівец, Ю. Спынены гадзіннік і чаканне вечнасці [Тэкст] / Ю. Сівец // ЛіМ. – 2007. – 15 чэрвеня. – С. 20.

  5. Лявонава, Е. А. Тэтр абсурду [Тэкст] / Е. Лявонава // Плыні і постаці: З гісторыі сусветнай літараутры другой паловы 19 –20 стст. : дапаможнік для настаўнікаў. – Мн. : Рэд. часопіса “Крыніца”, 1998. – 336 с.

  6. Ионеско, Э. Жертвы долга [Текст] / Э. Іонеско // Между жизнью и сновидением: Пьесы, роман, эссе – СПб. : Симпозиум, 1999. – 464 с.

  7. Васючэнка, П. Эксперыментальная драматургія [Тэкст] / П. Васючэнка // Сучасная беларуская драматургія: дапаможнік для настаўнікаў. – Мн. : Маст. літ., 2000. – 158 с

  8. Лявонава, Е. А. Філасофска-эстэтычны пошук у сучаснай беларускай літаратуры і еўрапейскі тэатр абсурду. “Няўжо я памру?” А. Асташонка [Тэкст] / Е. Лявонава // Веснік БДУ. Сер. 4. – 1994. – № 3. С. 18-21.

  9. Асташонак, А. Драматургічныя тэксты [Тэкст] /А. Асташонак // Сучасная беларуская п’еса. – Мн. : Маст. літ., 1997. – 302 с.

  10. Сідарук, І. Галава [Тэкст] / І. Сідарук // Сучасная беларуская п’еса. – Мн. : Маст. літ., 1997. – 302 с.

  11. Арахоўскі М. Ку-ку [Тэкст] / М. Арахоўскі // Сучасная беларуская п’еса. – Мн. : Маст. літ., 1997. – 302 с.


Тэма 11 Творчасць Алеся Разанава ў кантэксце сучасных мастацкіх канцэпцый
11.1 Алесь Разанаў як прадстаўнік інтэлектуальна-метафiзiчнай плыні ў беларускай літаратуры

11.2. Шматграннасць таленту Алеся Разанава


11.1 Алесь Разанаў як прадстаўнік інтэлектуальна-метафiзiчнай плыні ў беларускай літаратуры
Алесь Разанаў – паэт, які ўзняўся у сваёй творчасці да вяршынь сусветнай паэзіі. І, разам з тым, ён – адзін з самых нацыянальных паэтаў у нашай літаратуры. А. Разанаў – прадстаўнік інтэлектуальна-метафiзiчнай плыні ў беларускай літаратуры, ён імкнецца асэнсаваць “каардынаты быцця”, месца чалавека ў Сусвеце і Сусвет у чалавеку. А. Разанаў – аўтар кніг “Адраджэнне” (1970), “Назаўжды” (1974), “Каардынаты быцця” (1976), “Шлях-360” (1981), “Вастрыё стралы” (1988), “У горадзе валадарыць Рагвалод” (1992), “Паляванне ў райскай даліне” (1995), “Рэчаіснасць” (1998), “Танец з вужакамі” (1999), “Знакі вертыкальнага часу”, (1995), “Ганноверскія пункціры”, “Каб мелі шчасце ўваскрасаць і лётаць” (2006), “Кніга ўзнаўленняў” (2005), “Лясная дарога”, “Дождж: возера ў акупунктуры” (2007).

У творах А. Разанава паэтычнае бачанне свету неадрыўнае ад інтэлектуальнага. Е. Лявонава піша пра “філасофска-эстэтычны універсалізм” паэзіі Алеся Разанава, “здольнасць кранаць інтэлект і душу “многіх і розных” сваёй неардынарнасцю, культуралагічнай эрудыцыяй” [1, с. 308]. Алесь Разанаў – гэта анталагiчны паэт. У цэнтры роздумаў паэта – Быццё беларускага слова. В. Акудовіч адзначае: “Гэта не метафiзiка зорнага неба, астральных целаў, трансцэндэнцыi ўвогуле, а метафiзiка зерня, глiны, каменя i самога слова” [2, с. 274]. Л. Галубовіч падкрэслівае: “А. Разанаў зрабіўся паэтам у філасофіі, а ўсвядоміўшы зробленае, даў найменні сваім новым нязвычным стварэнням: квантэмы, версэты, вершаказы, пункціры, зномы...” [3, с. 16]

Паэзія А. Разанава добра вядомая ў свеце. Творы беларускага паэта перакладзены больш чым на 30 замежных моў. Сам А. Разанаў піша і на нямецкай мове (зборнік “Worfdichfe”, Аўстрыя). Асобнымі выданнямі яго зборнікі выходзілі ў Германіі, Аўстрыі, Польшчы, Грузіі, Балгарыі. А. Разанаў услед за М. Багдановічам імкнецца ствараць такую літаратуру, якая б адпавядала еўрапейскаму ўзроўню. Гэтаму спрыяе і работа А. Разанава ў галіне перакладу з англійскай, нямецкай, літоўскай, сербскай, грузінскай, польскай і іншых моў.

Да асэнсавання творчасці беларускага паэта неаднойчы звярталіся крытыкі, літаратуразнаўцы і пісьменнікі Германіі і Аўстрыі. Е. Лявонава слушна падкрэслівае: “Паэзія А. Разанава – гэта заўсёднае і няспыннае адкрыванне, стварэнне новай метафорыкі, новых рытмічных мадэляў, нечаканых ракурсаў ва ўспрыманні чалавека і свету” [4, с. 6]. А зборнікі “Wortdichte”, “Танец з вужакамі”, “Знакі вертыкальнага часу”, пашырылі з’яву білінгвізму ў нашай паэзіі “беларуска-нямецкім варыянтам дзвюхмоўнай творчасці” (Е. Лявонава).

Творы А. Разанава – гэта цэласная інтэлектуальная канцэпцыя, рэалізаваная ў мастацкай вобразнасці.

Прадстаўнікамі інтэлектуальна-метафізічнай плыні ў сучаснай беларускай літаратуры (і ў пэўным сэнсе паслядоўнікамі А. Разанава) з’яўляюцца: Ларыса Раманава, Галіна Булыка, Алег Мінкін, Міхась Баярын, Адам Глобус, Надзея Артымовіч і інш. Выразна метафiзiчны паэт – Iгар Бабкоў, аўтар паэтычных зборнікаў «Solus rex» i «Герой вайны за празрыстасць». Але, у адрозненне ад «метафiзiкi глебы» А. Разанава паэзiя I. Бабкова звернутая да «метафiзiкi неба», да трансцэндэнцыi як такой (В. Акудовіч). Гэта першы выпадак, калi беларускi паэт цалкам абапiраецца не на рускую, з фрагментамi беларускай, а на заходнееўрапейскую паэтычную традыцыю, а ў гэтай традыцыi менавiта на вопыт iнтэлектуальна-метафiзiчнай лiтаратуры ўвогуле (Гёльдэрлiн, Рыльке, Элiот, Паўнд).


11.2 Шматграннасць таленту Алеся Разанава

Творчасць Алеся Разанава настолькі шматгранная і разнастайная, што абумовіла розныя прачытанні яго паэзіі. Пры разглядзе творчасці Алеся Разанава ў кантэксце сусветнага мастацтва слова ўзгадваліся самыя розныя імёны, стылі, напрамкі і школы: Гётэ і Шылер, Ніцшэ і Гаўптман, Цютчаў і Ахматава, Тагор, Рыльке. Так, Г. Кісліцына адносіць творчасць Алеся Разанава да постмадэрнісцкай мастацкай парадыгмы [5] а Ева Лявонава – да мадэрнізму, да еўрапейскай філасофска-літаратурнай традыцыі “рэчыўнасці” [1]. І таму ёсць падставы: “Паэзія Разанава – гэта сапраўдны філасофска-эстэтычны космас, узор сінкрэтычнага мастацкага мыслення; такая паэзія не можа атаясамлівацца з нейкім адным з накірункаў або стыляў, а адметная іх узаемапранікненнем, іх знітаваннем” [1, с. 310].

Філасофія “рэчыўнасці” пададзена ў такіх паэмах А. Разанава, як “Гліна”, “Паэма выніку”, “Паэма вяхі”, “Паэма святла”, “Паэма рыбіны”, “Паэма сланечніка”, “Камень”, у шматлікіх вершасказах. Разглядаючы паэзію А. Разанава праз прызму работы нямецкага філосафа-фенаменолага Марціна Хайдэгера “Выток мастацкага твора”, Е. Лявонава заўважае: “... з апісальнасцю мастацкая манера Разанава не мае нічога агульнага: стыхія паэмы – рух, яе філасофія – гэта філасофія не сузірання, а працы-творчасці. Увагу аўтара паэмы прыцягваюць, відавочна, асноўныя складовыя не побыту, а быцця чалавека, і існуюць яны ў мастацкім космасе Разанава ў дыялектычнай непарыўнасці і ўзаемаперацякальнасці” [1, с. 313]. А. Разанаў асэнсоўвае сутнасць самых розных рэчаў: агню, руні, дарогі, лесу, берагу, каранёў, сонца, рукі, студні, шляху, пасткі і інш.:

Беларускі мароз насяляе наваколле маразамі.

Рускі мароз малюе розы.

Польскі mroz мружыць вока.

Чэшскі mrаz разам з зарой высвятляе рэчы і

разам са змрокам зацямняе.

Стараславянскі мразъ росную марасу

«ператармошвае» ў снежную шэрань, а мурзатую

гразь “ператарможвае” ў гартаваную брукаванку.

Палабскі mоrz змораны.

“Мароз” [6, с. 111]

Е. Лявонава падкрэслівае: “Стаўленне да рэчы Разанава мае шмат кропак судакранання з яе рылькаўскай канцэпцыяй. Як і Рыльке, Разанава вабіць усведамленне руху ў рэчы; як і Рыльке, ён успрымае ў якасці рэчаў побытава-звыклыя прадметы і “высокія”, “апошнія”, прыродныя з’явы, чалавека і Бога; як і ў Рыльке, у Разанава “рэчаіснасць” адзіная”, цэласная” [1, с. 315].

Е. Лявонавай таксама належаць слушныя назіранні над гукатворчасцю А. Разанава, і ў гэтым плане даследчыца называе імёны славутых еўрапейскіх паэтаў, якія пакінулі цікавыя ўзоры эксперыментаў з гукам (Гіём Апалінер, Шарль Бадлер, Канстанцін Бальмонт, Вялімір Хлебнікаў). Удумванне ў гук, яго эстэтычныя і светапоглядныя магчымасці абумовіла і эксперыменты з жанрам паэтычнай мініяцюры. А. Разанаў з’явіўся аўтарам такіх жанраў, як зномы (“Паляванне ў райскай даліне”), вершаказы (“У горадзе валадарыць Рагвалод”(“Паляванне ў райскай даліне”),(“Паляванне ў райскай даліне”, “Танец з вужакамі”), рысасловы, квантэмы (“Шлях-360”, “Вастрыё стралы”), вершасловы “Wortdichte”, узнаўленні (“Кніга ўзнаўленняў”). Плённа пераасэнсоўваецца паэтам замежны эстэтычны вопыт (версэты “Шлях-360”, “Лясная дарога”, “Вастрыё стралы”, “Танец з вужакамі”), пункціры (“Назаўжды”, “Вастрыё стралы”, “Ганноверскія пункціры”, “Дождж: возера ў акупунктуры”). У А. Разанава фармальны бок творчасці мае істотную семантычную нагрузку.

Зномы – своеасаблівыя філасафемы (зно – мысленчая рэчаіснасць). Вельмі блізкія па сэнсу да эсэ. У А. Разанава гэта роздумы аб літаратуры, мастацтве, філасофіі. Як правіла, складаюцца з аднаго абзаца.

Версеты – памежная паміж паэзіяй і прозай форма, напісаны прозай невялікі лірычны твор. Маюць фабулу, яснасць думкі, лагічную завершанасць. Разам з тым версеты ўтрымліваюць глыбокі падтэкст і шматзначнасць.

Вершаказы – гэта амбівалентны жанр (казаць верш), версэйная проза, дзе часткі слоў паўтараюць гукавое гучанне слова, вынесенага ў загаловак (“У горадзе валадарыць Рагвалод, горад радуецца Рагнедзе”, “мур мудры”, “багна багатая”, “плуг паслухмяны, як слуга”). Існасць, сутнасць рэчы раскрываецца пры дапамозе гуку.

Квантэмы – гэта паэтычныя мініяцюры, напісаныя свабодным вершам (3 – 6 радкоў). У адным з інтэрв’ю паэт патлумачыў: “У мініяцюры пачынае “гучаць”, істотнець не толькі асобнае слова, але і асобная літара, гук. Гук – “электрон” верша. Менавіта з увагі да гуку, з патрэбы гуку стаць сэнсам… і ўзніклі такія мае аўтарскія жанры, як квантэмы і вершаказы” [7, с. 6]. Колькасць слоў у квантэмах мінімальная, але яны нясуць максімальную сэнсавую нагрузку.

Узнаўленні – пераклады старажытных беларускіх тэкстаў на сучасную мову.

Жанр пункціраў – адзін з самых любімых А. Разанавым. Паэт звяртаецца да гэтага жанру часцей за ўсё. У А. Разанава пункціры – гэта паэтычныя мініяцюры ў чатыры – шэсць радкоў, насычаныя асацыятыўным падтэкстам. Е. Лявонава падкрэслівае: “Паэтыка пункціраў надзвычай адметная. Гранічна сціслыя, пазбаўленыя знешніх эфектаў... Эпіграфам да іх маглі б паслужыць словы Канфуцыя: “Адлюстроўваю, але не ствараю” [8, с. 6]. Пункціры вельмі блізкія да ўсходняй паэзіі, да японскіх танка і хоку. Даследчыкі шмат пішуць пра ўплывы ўсходняй паэзіі і філасофіі вучэння дзэн (медытацыя, сузіранне, засяроджанасць) на творчасць А. Разанава. Дарэчы, менавіта А. Разанаў перакладаў хайку М. Басё на беларускую мову. (У 1996 годзе пабачыў свет зборнік тэкстаў беларускіх паэтаў у форме хоку “Круглы год”).

Вершасловы (зборнік “Wortdichte”) можна перакласці як словатворы, словавершы. Гэта творы, разлічаныя на зрокавае ўспрыманне. Вершасловы пададзены ў дзвюх варыянтах: друкарскім шрыфтам і “ад рукі”, пададзеную самім аўтарам. Як адзначае Е. Лявонава, “Гэта своеасаблівыя вершы-мантажы (часам нават з элементамі малюнка), адмысловае маніпуліраванне гукам, фразай, словам, іхняй графікай, праз што паглыбляюцца і пашыраюцца зместы як вершы ў цэлым, так і яго паасобных складнікаў. Чытач мусіць станавіцца сааўтарам, унікаць у сэнсавую зменлівасць паняццяў...” [8, с. 6]

Е. Лявонава сцвярджае, што “вершасловы А. Разанава, пры ўсёй іх адметнасці, палягаюць у рэчышчы еўрапейскай і сусветнай паэтычнай традыцыі, з’яўляюцца яе арганічным працягам і адсылаюць да самых розных, перадусім авангардысцкіх, мастацкіх напрамкаў і школ 20 ст.” [8, с. 6]. Даследчыца ўказвае на пераемнасць паміж вершасловамі А. Разанава і творамі дадаістаў, сюррэалістаў, экспрэсіяністаў (“Паэма запаленых свечак”), футурыстаў (“У горадзе валадарыць Рагвалод, пераклад твораў В. Хлебнікава “Паляванне ў райскай даліне”), папярэднікам сюррэалістаў Гіёмам Апалінерам (маці якога была беларускай). Варта ўзгадаць каліграмы (лірычныя ідэяграмы) французскага паэта, “вершы-малюнкі, радкамі і асобнымі словамі ў якіх утвараюцца абрысы пэўных прадметаў. Заснаваныя на канвергенцыі слоўных вобразаў і іх графічных выяў, яны (як і вершасловы А. Разанава) разлічаны найперш на візуальнае ўспрыманне” [8, с. 6].

Увогуле, да паэтыка-графічных эксперыментаў звярталася шмат творцаў: Ф. Рабле, С. Малармэ, Л. Кэрал, В. Хлебнікаў, футурысты. Аднак, як заўважае Е. Лявонава, “ці не найбольш кропак судакранання ў вершасловаў А. Разанава з гэтак званай “Канкрэтнай паэзіяй”, што ў другой палове 20 ст. знайшла сваё развіццё ў самых розных літаратурах: амерыканскай, японскай, еўрапейскіх, з нямецкай і аўстрыйскай уключна” [8, с. 6].

Шэраг аўтараў, у тым ліку Л. Галубовіч і Е. Лявонава, адпрэчваюць меркаванні пра прыналежнасць творчасці А. Разанава да постмадэрнізму. Так, довады Е. Лявонавай наступныя: для А. Разанава творчасць – не гульня з сэнсамі, алюзіямі, цытатамі. Творчасць – прарыў у невядомае, неадкрытае, непрамоўленае. Сам А. Разанаў выказваецца наступным чынам: “Творчасць – сустрэча з невядомым. Як толькі невядомае змяняецца вядомым, яна немінуча ператворыцца ў імітацыю” [9, с. 6]. Наступны довад Е. Лявонавай такі: калі для постмадэрністаў спадчына – “адзіны і дастатковы будаўнічы матэрыял для стварэння новай тэкстуры, гэтак званага “фрагментаванага дыскурсу”, сутнасць якога – у сцверджанні свету як хаосу, пазбаўленага каштоўнасных арыенціраў, іерархічна неўпарадкаванага, іначай кажучы – фрагментарнага” [1, с. 325], то для А. Разанава спадчына – “рэальны, а не ўмоўны факт культурнага жыцця і фактар свядомасці” праз яе становішча “не толькі там, але і тут… у вертыкалі пастаяннага дыялога з наступнымі пакаленнямі” [9, с. 32].

Таксама творы А. Разанава вылучае “асобаснасць, што суправаджаецца метафізічнасцю, адчувальнай інтуітыўнасцю, своеасаблівай эксклюзіўнасцю – у процівагу постмадэрнісцкай прагматычнасці, рацыянальнасці, іклюзіўнасці” [1, с. 325]. Адзначаючы міжжанравы характар многіх твораў А. Разанава (вершасказы, зномы, версеты), Е. Лявонава, тым не менш, адмаўляе іх эклектычнасць: “па вялікім рахунку, этымалагічныя росшукі ў сферы ці не кожнай сучаснай жанравай формы непазбежна прывядуць да яе шматкаранёвасці, якая, аднак, далёкая ад постмадэрнісцкага прынцыпу множнасці, калекцыі, спісу, мантажу, гібрыднасці як выніку збіральнасці сучаснага мастацтва, неабходнасці рэвізіі ўсіх аскепкаў папярэдняга культурнага свету. У паэзіі Разанава гэтага няма, а ёсць пошук і сцвярджэнне цэласнасці чалавека, свету, твора” [1, с. 328].

Аналагічных поглядаў прытрымліваецца Л. Галубовіч: “Многія, на маю думку, памылкова залічваюць паэта ледзь не да постмадэрністаў. Але ж відавочна, што А. Разанаў нічога новага не піша, ён усяго толькі піша па-новаму. Не адкрываючы амерык па-за светам, ён адкрывае амерыку тут, у сабе, паказваючы нам нашае ў адпаведным цяперашняму часу ракурсе” [3, с. 16]. У творах А. Разанава яскрава выяўлены асобасны, індывідуальны пачатак, ён – не эпігон і не інтэрпрэтатар.

Пра постмадэрнізм у творах Алеся Разанава (катэгорыі тэксту, знаку, слова) піша Г. Кісліцына [5]. Даследчыца ўказвае на полістылістыку некаторых твораў паэта (“Паэма гарачага лісця”, “У поцемках, з ліхтаром”), метарэалізм (“Паэма святла”, “Паэма сланечніка”, “Першая паэма шляху”, “Другая паэма шляху”, “Паэма выніку” і інш.), на своеасаблівыя адносіны аўтара і героя (“Шлях 360”, “Назаўжды”), разуменне свету як тэксту. Таксама з постамдэрнізмам творы А. Разанава лучыць так званы гульнёвы прынцып, аднак атмасфера ў творах паэта не смехавая, а разважліва-філасофская, нават драматычная і трагічная.


Літаратура:

  1. Лявонава, Е.А. Плыні і постаці [Тэкст] / Е.Лявонава. – Мн. : Рэд. час.”Крыніца”, 1998. – 336 с.

  2. Акудовіч, В. Разбурыць Парыж [Тэкст] / В. Акудовіч – Мн.: “Логвінаў”, 2004. – 298 с.

  3. Галубовіч, Л. Алесь Разанаў [Тэкст] / Л. Галубовіч // ЛіМ. – 2007. - № 13. – С.16.

  4. Лявонова, Е. “Слова кліча – сэнс адгукаецца...” Нямецкая кніга вершасловаў Алеся Разанава [Тэкст] / Е. Лявонава // ЛіМ. – 2004. – 12 красавіка. – С. 6.

  5. Кісліцына, Г. Алесь Разанаў: праблема мастацкай свядомасці [Тэкст] / Г. Кісліцына. – Мн. : Беларуская навука, 1997. – 143 с.

  6. Разанаў, А. Рэчаіснасць. Вершы [Тэкст] / А. Разанаў. – Мн. : БГАКЦ, 1998. – 200 с.

  7. Разанаў, А. Інтэрв’ ю [Тэкст] / А. Разанаў // Літаратура і мастацтва. – 1995. – 13 кастрычніка. – С. 6.

  8. Лявонава, Е. “Крок за крокам тут збліжаюцца мовы...” Паэзія Алеся Разанава ў Германіі [Тэкст] / Е. Лявонова // ЛіМ. – 2002. – 12 снежня. – С. 6.

  9. Разанаў, А. Паляванне ў райскай даліне [Тэкст] / А. Разанаў. – Мн.: Маст. літ., 1995. – 121 с.


Тэма 12 Эстэтычныя пошукі ў сучаснай беларускай лiтаратуры
12.1 Неаавангардныя тэндэнцыі ў сучаснай беларускай лiтаратуры

12.2 Пытанне пра постмадэрн у сучаснай беларускай літаратуры


12.1 Неаавангардныя тэндэнцыі ў сучаснай беларускай лiтаратуры

Развіццё сучаснай беларускай літаратуры вызначаецца ўзаемаперасячэннем разнастайных эстэтычных пошукаў, тэндэнцый. Пры аналізе сучаснага літаратурнага працэсу можна заўважыць увесь комплекс праблем, што быў напрацаваны класічным еўрапейскім мадэрнізмам, беларускі варыянт якога не быў рэалізаваны ў пачатку дваццатага стагоддзя па сумнавядомых пазалітаратурных прычынах.

Падобная сітуацыя эстэтычнай “недапраяўленасці” мадэрнісцкіх мастацкіх практык склалася, акрамя беларускай, і ва ўкраінскай літаратуры, а таму, на думку Уладзіміра Ешкілева, у сучаснай украінскай літаратуры мэтазгода вылучаць асобны мастацкі дыскурс, пазначаны тэрмінам “неамадэрнізм” [1]. У навуковай літаратуры пераходны перыяд да эпохі постмадэрну пазначаюць тэрмінам “неаавангард” [2, с. 43].

Літаратурнае аб’яднанне “Бум-Бам-Літ” (менеджэр – Зм. Вiшнёў, «хросны бацька» – філосаф і культуролаг В. Акудовіч), куды ўваходзілі І. Сін, В. Жыбуль, Ю. Барысевіч, А. Бахарэвіч, А. Туровіч, С. Мінскевіч, В. Гапеева (на момант расколу – 30 творцаў) вылучылася наватарскімі пошукамі ў галіне зместу і формы твораў і даволі эпатажнымі паводзінамі. Удзельнікі аб'яднання абвясцілі вайну састарэлым традыцыям у нацыянальнай літаратуры. Авангард увогуле “…немагчымы без актыўных мастацкіх “антыпаводзін”, без скандалу і эпатажу” [3, с.13], які ўспрымаецца ў якасці «камунікатыўнага пратэсту супраць існуючага стану рэчаў» [4, с. 13].

На думку М. Шчура, “Бум-Бам-Літ” у супрацьвагу амерыканскай контркультуры, хоць і запознена, “…нарадзіў беларускі контркультурны авангард” [5, с. 430]. Ю. Барысевіч сцвярджае, што бумбамлітаўцы працягвалі лінгвістычныя эксперыменты еўрапейскіх літаратараў сярэдзіны 20 стагоддзя. Гэтыя эксперыменты “Бум-Бам-Літа” крытык называе “усходнееўрапейскім трансавангардам” [6, с. 15]. Даволі эпатажнымі ўспрымаліся некаторыя тэатралiзаваныя акцыі «Бум-Бам-Лiта». Аб’яднанне шукала новыя формы выяўлення ўласнай творчасцi: перформанс, спалучэнне дэкламавання тэкстаў з тэатралiзаванай дзеяй i iнш. С. Мінскевіч піша: “На Беларусі бумбамлітаўцы чыталі вершы птушкам, дрэвам, рыбам, дамам і сметнікам; стваралі тэксты для фізіялагічнага ўспрымання – скурай, страўнікам, пячонкай, ныркамі; развешвалі на сабе гірлянды акуляраў, каб бачылі тэкст не толькі вочы, але і клеткі цела; на ссовах мыслення будавалі шызарэалістычную літаратуру; распрацоўвалі гіперсюррэалістычнае АЎТАпісьмо, што палягае на бінарных узаемаўплывах кампутар-чалавек...” [7, с. 127] Тэарэтычнае абгрунтаванне падобнай практыкі – у тэкстах Ю. Барысевіча “Цела і тэкст”, “Кароткая гісторыя “Бум-Бам-Літа”. Гэтыя навацыі вельмі неадназначна ўспрымаліся пісьменнікамі старэйшай генерацыі: “Але паступова дзейнасць неардынарнай суполкі ператварылася ў масовачны, напаўэстрадна-кітчавы (перформансны) эпатаж” [8, с. 16]. Імідж “скандаліста” і галоўнага “афрыканізатара” Беларусі стварыў сабе Зм. Вішнёў, А. Бахарэвіч прыўнёс у беларускую літаратуру панкавую стылістыку.

Відавочныя тыпалагічныя сыходжанні з авангарднымі напрамкамі мастацтва выяўляе паэзія Зм. Вішнёва і В. Жыбуля, В. Бурлак, С. Мінскевіча, В. Гапеевай, А. Бахарэвіча. Так, “сувязь з лепшымі традыцыямі дадаізму і сюррэалізму можна заўважыць у паэтычных тэкстах Зм. Вішнёва” [4, с. 13]. Зм. Вішнёў (1975 г.н.) – адзін з найбольш актыўных удзельнікаў літаратурных суполак «Бум-Бам-Лiт» і «SCHERZWERK». Выдаў зборнікі: «Штабкавы тамтам», «Тамбурны маскіт», «Трам для сусліка альбо некрафілічнае даследаванне аднаго віда грызуноў», «Верыфікацыя нараджэння», «Фараон у заапарку». Трэба заўважыць, што гэта адзін з самых вядомых на Захадзе беларускіх пісьменнікаў. Ён – пастаянны ўдзельнік шматлікіх літаратурных імпрэзаў у Еўропе. У 2006 годзе на фестывалі паэзіі ў Славеніі атрымаў першую прэмію. Яго творы шмат перакладаюцца на іншыя еўрапейскія мовы.

Зм. Вішнёў спрабуе разбурыць семантычны ўзровень мовы: словы ў яго вершах паздзяляюцца на асобныя выгукі і склады, яны абсалютна губляюць сэнс:

І наогул. І таму. І пляваць. І не трэба. І ўсё

І я! Эх. І каламбур. І куралес.І о.І аІ і І-і-і-і-і-і!!! [9, с. 38]

( “Іхтыязаўр”)

Лятуць самалёты як нехлямыжнікі

Да хвастатых аблачынак

У бок паднябеснай вежы дзе

Адлюстроўваецца сум ветра

Паветра раветра суметра куветра

Наветра леветра неветра зіветра

Муветра хаветра жаветра

Шы-ве-тра [10, с. 54]

(“У маіх руках чорная пячатка…”).

Страфа (драфа) вылятае ў моўкную кадасу (барадасу).

Блішчаць залатыя дыскі (міскі) і рабінавыя вочы (аднойчы).

Чалавек (чабурэк), змазаны вапнай, упаў у сажу (лажу).

Танкі (тапкі, папкі) прарыкалі ў бок Вашынгтона (…дона).

Аднавокая варона і я (у кароне) сядзелі на правадах (абадах) [9, с. 42]

( “Слупавы востраў”)

Такая ўстаноўка была прадэкламавана Зм. Вішнёвым яшчэ на самым пачатку творчасці:

– Таварышы! Істэрычна крычу я.

– Таварышы! Я займаюся словаблудствам! [8, с. 16]

Сваё месца ў паэзіі Зм. Вішнёва займае і традыцыйная для авангарду “рэвалюцыйная” тэматыка. П. Васючэнка лічыць, што творчасць Зм. Вішнёва ў кантэксце традыцый беларускай літаратуры можна ахарактарызаваць як “антымаладнякізм” [11, с. 7].

Трэба адзначыць, што самі “Бум-Бам-Літаўцы” адмаўляюць сваю спадчыннасць з сюррэалізмам і футурызмам. Ю. Барысевіч зазначае: “Гэта відавочна не так… Сюррэалізм грунтаваўся на класічным псіхааналізе, нас жа казкі Фрэйда ўжо не захаплялі. Мы імкнуліся разняволіць не індывідуальную падсвядомасць, а інтэрсуб’ектнае, інтэрстылістычнае мысленне. Што да паралеляў з футурызмам – мы недастаткова верылі ва ўсемагутнасць машыны (у тым ліку і камп’ютэра) і надта асцярожна ставіліся да таталітарных ідэалогій” [6, с .14].

Працягам авангарднай паэтыкі “Маладняка” бачацца паэтычныя тэксты В. Жыбуля (Н. Пазняк). Паказальна, што менавіта авангардныя тэндэнцыі ў беларускай літаратуры 20-х гадоў 20 стагоддзя – тэма навуковых пошукаў В. Жыбуля. У сваіх творах паэт спрабуе спалучыць хімічныя, біялагічныя, матэматычныя і фізічныя паняцці. У вершах В. Жыбуля яны паўстаюць як своеасаблівы паэтычны свет. Працягвае В. Жыбуль і маладнякоўскае “апяванне завадскіх гудкоў і фабрычных труб, сталёвага грукату варштатаў і будаўнічых рыштаванняў” [12, с. 282], распачатае ў дваццатыя гады цыклам “Горад” А. Дудара:

Снегапад шыракападшыпнікаў

дыстыляцыяй абдае.

Разгойдваецца

зямля пад шыбеннікамі,

пазначанымі А, Б, В, Г, Д, Е.

Адкрый для сябе гэты бразгат

сцяны аб бітон з малаком.

Пачуй гідраўлічную казку

аб інтымным жыцці малаткоў

і цвікоў [13, с. 39].

(“Напільнікі”)

Нават апісанні навакольнай рэчаіснасці пададзены праз “тэхнізаваную” свядомасць, адлюстроўваюць вынікі “перамогі” над прыродай:

семікутныя танклявыя лісты

пракалыханыя наскрозь

прапітаныя заквасаванай салетрай

раз’едзеныя мыш’яком

падрапаны пазногцямі вятроў

асыпаюцца

на жоўты цэлулоідны дах [13, с. 77].

(“Семікутныя пажоўклыя лісты…”)

Як піша Ю. Барысевіч, В. Жыбуль свае “тэхнізаваныя” вершы раіць пазначаць тэрмінам “тэхнарамантызм” [6, с. 23].

Працягвае В. Жыбуль і традыцыі маладнякоўскай урбаністычнай паэзіі.

Паказальным для авангардызму з’яўляецца так званы “аўтарскі эгацэнтрызм” і Зм. Вішнёва і В. Жыбуля: вершы Зм. Вішнёва, “Я”, “Я зноў”, “Я – Вішнёў-ля кіпарыса…”, “Я паўлін-маўлін…”, “Я сустракаюся…”, Я пускаю бурбалкі…” і інш.. У В. Жыбуля: “Пуп неба”, “Як захачу – у іншы бок...”, “Я і час”, “Я звышманументальны”, “Нірвана” і інш.

З мадэрнізмам творы А. Бахарэвіча, В. Жыбуля, В. Гапеевай яднае таксама глыбокі песімізм, меланхалічнае светаадчуванне. У В. Жыбуля “свет паўстае то “пасткай”, дзе вымушаны атабарыцца людзі (верш “Пастка”), то “вечным жыццём ля крывога люстэрка”, што дэфармуе нашу свядомасць (верш “Крываслеп”), то ўвогуле жыццём, якое перастала развівацца ў часавай паслядоўнасці, нараджаючы “тых, для каго спыніўся не гадзіннік, а час” (верш “Калі спыняецца гадзіннік…”)[4, с. 13].

Неавангардныя тэндэнцыі ў прозе найбольш выразна наглядаюцца ў творах І. Сіна, В. Гапеевай, А. Бахарэвіча. Як сведчыць сам І. Сін, значны ўплыў на яго сталенне мела творчасць аднаго з ідэолагаў сюррэалізму Антанэна Арто. “Адзін з найвялікшых і адораных тапографаў розуму ў яго крайніх праявах” [14, с. 247], А. Арто здолеў “апярэдзіць час і прадказаць тэмы, што зробяцца амаль “кананічнымі” напрыканцы дваццатага стагоддзя: цікавасць да ізатэрыкі і ўсходніх рэлігій” [4, с. 13], апісанне памежных станаў чалавечай псіхікі, “хворай свядомасці”, якая адлюстроўвае шызафрэнічны распад быцця. Гэтыя тэмы цікавяць і І. Сіна.

Адзін з пачынальнікаў еўрапейскага “тэатра абсурду” Арцюр Адамаў, мяркуе што вынайдзены А. Арто “Тэатр жорсткасці” надаў тэатру новае жыццё, дзе “…жорсткасць стала месцам сустрэчы чалавека з законамі Сусвету” [14, с. 239]. Гэты ж тэзіс пакладзены ў аснову тэатралізаваных дзеяў (перфомансаў І. Сіна), які стварыў уласны “Тэатр псіхічнай неўраўнаважанасці”.

Як мяркуе Г. Кісліцына, стылістычнае падабенства проза І. Сіна выяўляе і з французскім “новым раманам”, у прыватнасці з тэкстамі Алана Роб-Грые, найбольш, з раманам “У лабірынце”: [15, с. 100]. У апавяданні І. Сіна “Альдаір” “... апісанне блізкага кола рэчаў, прадметаў, і пахаў становіцца больш істотным, чым уласна нарацыя” [15, с. 100], ствараючы сітуацыю так званага “шазізму”. “Шызааналіз”, “машына жаданняў” – тэрміны філосафаў-постмадэрністаў Ж. Дэлёза і Ф. Гватары. Трэба сказаць, што названы твор І. Сіна добра ўпісваецца і ў постмадэрнісцкую мастацкую парадыгму, пра што гаворка пойдзе ніжэй. Творы І. Сіна вызначаюцца адсутнасцю часавай паслядоўнасці, “навязлівай асацыятыўнасцю, падпарадкаванай суб’ектыўнай нелінейнай логіцы. Мадэрнісцкая “плынь свядомасці”, найбольш поўна праяўленая ў беларускай літаратуры ў творчасці К. Чорнага, мадыфікуецца ў прозе І. Сіна ў своеасаблівыя “псіхаграмы”, дзе цяжка вылучыць пэўнае праблемна-тэматычнае адзінства” [4, с. 13].

Як неаавангардную з’яву можна лічыць спробы некаторых беларускіх літаратараў спалучыць літаратуру з іншымі відамі мастацтва (мастацкая інсталяцыя, перформанс, флэшмоб). Напачатку 20 стагоддзя гэта спрабавалі рабіць сюррэалісты, эксперыменты якіх працягнула праз наладжванне мастацкіх акцый і хэпінінгаў “контркультура”. Як лічыць Ю. Барысевіч, літаратурнае аб’яднанне “Бум-Бам-Літ” праз выкарыстанне розных эпатажных і мастацкіх дзеяў “...прымусіла прызнаць перформанс паўнавартасным літаратурным жанрам” [6, с. 7]. Перформеры ствараюць мастацкую прастору, што накіравана, як і ў звычайным тэатры, на камунікатыўны кантакт з публікай і грамадствам.

На думку Ж.-Ф. Ліатара, авангардны працэс у мастацтве дваццатага стагоддзя трэба разглядаць як “нейкую “прапрацоўку” сучаснасцю свайго сэнсу” [16, с. 58], а таму “запознены зварот беларускіх літаратараў да прыёмаў авангардызму можна лічыць пераходным перыядам да мастацкіх практык эпохі постмадэрну” [4, с. 13].

1   2   3   4   5   6   7   8


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка