Тэма 1 Кампаратывістыка, яе сутнасць




старонка4/8
Дата канвертавання16.03.2016
Памер1.42 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8

Літаратура:

  1. Адамовiч, А. Здалёк і зблізку [Тэкст] / А. Адамовiч. – Мн. : Маст. літ., 1976. – 623 с.

  2. Тычына, М. Кузьма Чорны [Тэкст] / М. Тычына // Нарысы па гісторыі беларуска-рускiх лiтаратурных сувязей: у 4 кн. Кн. 3: 1917-1941 / І. С. Шпакоўскі [і інш.] – Мн. : Навука і тэхніка, 1994. – С. 353 – 392.

  3. Тычына, М. Цана прароцтваў [Тэкст] / М. Тычына // Кузьма Чорны. Выбраныя творы / уклад. і прадм. М. Тычына; камент. М. Тычына, Я. Янушкевіч. – Мн. : “Беллітфонд”, 2000. – С. 5 – 24.

  4. Корань, Л. Цукровы пеўнік [Тэкст]: Літ.-крыт. арт. / Л. Корань – Мн. : Маст.літ.,1996. – 286 с.

  5. Стральцоў, М. Выбранае [Тэкст]: Проза, паэзія, эсэ / М. Стральцоў; прадм. А. Адамовіча. – Мн. : Маст. літ., 1987. – 607 с.

  6. Чыгрын, І. П. Крокі: Проза "Узвышша" [Тэкст] / І. Чыгрын. – Мн.: Навука і тэхніка, 1989. – 144 с.

  7. Бугаёў, Дз. Дасягнутае i страчанае [Тэкст] / Дз. Бугаёў // Полымя. – 1993. – № 4. – С.226 – 251.

  8. Жураўлёў, В. П. На шляху духоўнага самасцвярджэння. [Тэкст] / В. Жураўлёў. – Мн. : Навука і тэхніка, 1995. – 160 с.

  9. Адамовiч, А. Маштабнасць прозы [Тэкст] / А. Адамовiч. – Мн. : Маст. літ., 1972. – 198 с.

  10. Ортега-и-Гассет, Х. Дегуманизация искусства [Текст] / Х. Ортега-и-Гассет. – М. : Радуга, 1991. – 586 с.

  11. Мамардашвили, М. Как я понимаю философию [Текст] / М. Мамардашвили. – М. : Прогресс, 1990. – 368 с.

  12. Френк, Д. Пространственная форма в современной литературе [Тэкст] / Д. Френк // Зарубежная эстетика и теория литературы 19-20 вв. / ред. П. К. Косиков. – М. : Изд-во МГУ, 1987. – С. 216 – 260.


Лекцыя 2
5.2.1 К.Чорны і К.Гамсун

5.2.2 К.Чорны і руская літаратура


5.2.1 К. Чорны і К. Гамсун

Пра адпаведнасць творчасці К. Чорнага найноўшым тэндэнцыям у развіцці мастацкай свядомасці сведчыць яе падабенства з творчасцю нарвежскага пiсьменнiка К. Гамсуна (1859 – 1952), які з'яўляецца фігурай знакавай для сусветнай літаратуры. К. Гамсун быў вельмі папулярным на Беларусі яшчэ ў 20-х гадах, яго чыталі (ўзвышаўцы знаёмiлiся з перакладамi К. Гамсуна на ўкраiнскую мову, да таго ж К. Гамсуна актыўна друкавалi ў Расii), яго творчасць асэнсоўвалi (артыкул У. Дубоўкi “Пра новы раман К. Гамсуна”), на яго арыентаваліся. Увогуле, К. Гамсун і беларуская літаратура – прадмет даволі грунтоўнага і сур'ёзнага даследавання: «Плёны зямлі», «Новая зямля» К. Гамсуна і «Новая зямля» Я. Коласа, «Зямля» К. Чорнага. Падабенства наглядаецца ўжо на ўзроўні назваў твораў. Вядома, што К. Чорны быў знаёмы з творамі нарвежскага пісьменніка, цікавіўся імі. Аб папулярнасцi нарвежскiх аўтараў у Беларусi пiша П. Васючэнка: “Надзвычайная папулярнасць нарвежскiх аўтараў на прыканцы 19 – на пачатку 20 ст. праявiлася i ў беларускiм лiтаратурным жыццi” [1, с. 97]. Яшчэ на пачатку 20 стагоддзя ў Беларусi ставiлiся п'есы Г. Iбсена, яго творчасць асэнсоўвалася Ул. Самойлам.

Праблема “К. Чорны i К. Гамсун” мае ўжо сваю гiсторыю. Паказальна, што нават крытыкi 20-30-х гадоў мiнулага стагоддзя адзначалi падабенства памiж творамi К. Гамсуна i К. Чорнага. Так, Я. Лiманоўскi пiсаў: “Найбольш характэрнае, што наглядаецца ў гэтым рамане (“Сястра” – А.М.) К. Чорнага, як i ў iншых яго творах таго часу, гэта ўплыў на пiсьменнiка твораў К. Гамсуна. К. Чорны ўспрыняў ад К. Гамсуна псiхалагiзм, бiялагiзм у буржуазным, iдэалiстычным асвятленнi…” [2, с. 4]

Не адвяргаючы ўплываў раманаў К. Гамсуна на К. Чорнага, мы ўсё ж такі схільны лічыць, што пераемнасць паміж творамі класіка нарвежскай і класіка беларускай літаратуры хутчэй тыпалагічная, абумоўленая не толькі блізкасцю іх мастацкіх сістэм, але і ментальнай блізкасцю пісьменнікаў, а таксама падабенствам у гістарычным, геаграфічным і культурным развіцці Беларусі і Нарвегіі ўвогуле.

К. Гамсун і К. Чорны – празаікі, што стварылі аб'ёмныя, дакладныя вобразы сваiх краiн, выявілі нацыянальна-мастацкі тып селяніна, выявілі сам дух сваіх нацый, традыцыйныя нацыянальныя маральныя каштоўнасці. К. Гамсун стаў увасабленнем нарвежскага фундаменталізму ў літаратуры, К. Чорны працягваў распачатую Я. Коласам лінію на маштабнае, усеахопнае адлюстраванне нацыянальнага жыцця. Немагчыма не ўзгадаць словы А. Адамовiча: “Калi трэба назваць празаiка найбольш беларускага па мове, быту, створаных характрах, хiба не К. Чорнага ўспамiнаем мы перш за ўсё?” [3, с. 8]

Творы К. Гамсуна і К. Чорнага – гэта манументальнае палатно, дзе поўна, грунтоўна выпісаны партрэты Нарвегіі і Беларусі. Тут і малюнкі прыроды, i побыт, i нацыянальны светапогляд, i самабытная філасофія. Прычым гэты побыт, жыццёвы ўклад, маральныя ўяўленні, спецыфіка мыслення, адлюстраваныя пiсьменнiкамi, вельмі падобныя. Як вядома, найбольшы ўплыў на фармаванне нацыянальнага светапогляду, ладу i стылю мыслення мае прырода. Тып культуры, як даводзiць П. Рыкёр, вызначаецца менавiта спосабам засваення прасторы i часу. Асаблівасці навакольнага асяроддзя вызначаюць характар заняткаў насельніцтва, гаспадарання. Беларускія філосафы, мастацтвазнаўцы, літаратуразнаўцы гавораць пра цэнтральнаеўрапейскі характар нацыянальнай культуры, ментальнасці, пра блізкасць Беларусі да краін Скандынавіі і Бенелюкса i па ўмовах жыцця, побыту, характару і па асаблівасцях культурнага развіцця: "Калі згуртаваць для аналізу ўсе картаграфічныя, гістарычныя, этнаграфічныя і іншыя дадзеныя, атрымаецца абсалютна дакладнае ўяўленне аб цэнтральнаеўрапейскім знаходжанні Беларусі… Асаблівасці беларускай прыроды, як і прырода на іншых тэрыторыях Балтыйска-Скандынаўскага рэгіёна, сфарміраваны сцюдзёным наступам ледавікоў, а яе аўтахтонныя жыхары-беларусы маюць у генезісе балцкі субстрат. Геаметрызму калектыўных форм уласцівы архаічны і чысты рамбічны стыль, характэрны для Поўначы і г.д." [4, с. 6]

Беларуская і нарвежская нацыі фармаваліся як земляробчыя ў сваёй аснове, што вызначыла своеасаблiвы тып ментальнасцi. Чалавек і зямля, жыццё чалавека на зямлі, зямля як фундамент чалавечага быцця, аснова ўсяго існага – вызначальныя тэмы твораў Б'ёрнст'ернэ Б'ёрнсана, К. Гамсуна, Тар'ея Весаса. Чалавек і зямля – паказальная тэма і беларускай літаратуры: «Новая зямля» Я. Коласа, «Зямля» К. Чорнага, «Палеская хроніка» І. Мележа, творы В. Адамчыка, І. Пташнікава і г.д. Як трапна выказаўся П. Васючэнка, «апантанасць зямлёю, фізічнае суіснаванне з ёю – кардынальная тэма, якую распрацоўвае беларуская літаратура. Селянін за плугам – яе Сізіф, які марна рухае камень экзістэнцыi» [5, с. 68].

Такiм чынам, у цэнтры раманаў “Плёны зямлi” К. Гамсуна i “Зямля” К. Чорнага – культ зямлi, жыцця, апяванне жыцця чалавека на зямлi. Героі абодвух пісьменнікаў літаральна ўкаранёны ў жыццё, зямлю, знітаваны з ёю. Таму і зямля падаецца як універсальная каштоўнасць. Зямля, "свая зямля" мае ў раманах пiсьменнiкаў асноватворнае, філасофскае значэнне. Стаўленне да зямлi герояў адпавядае "спракаветнай звычцы вызначаць існасць уласнага існавання ў адпаведнасці з існасцю свайго месца, сваёй зямлі" [6, с. 180].

Моцная прывязанасць да зямлi вылучае герояў К. Чорнага: "А тым часам ніколі не цурайцеся зямлі. Няхай яна будзе сабе ў вас за плячыма. Часам давядзецца, жывучы па свеце, прыперціся да яе. А яна заўсёды прыме, і не абы-як прыме. Бо, можна сказаць, яна заўсёды гатова для чалавека, – прыйшоў да яе, не пашкадуй для яе поту, рук, і яна табе аддзякуе..." [7, с. 388] .

Аналагічныя матывы гучаць і ў творы К. Гамсуна. Дастаткова ўзгадаць выпадак з прапановай аглядаць тэлеграфныя слупы, за што герой “Плёнаў зямлi” Iсаак мог бы зарабіць значнай болей (і лягчэй), чым працуючы на зямлі. Аднак герой успрыняў такую магчымасць насцярожана, для яго гэта раўназначна разбурэнню звыклага свету жыцця: "Але, справа ў тым, што жыву я тут дзеля зямлi. У мяне вялiкая сям'я, шмат скацiны, трэба ўсiх пракармiць. Мы жывём зямлёю” [8, с. 72] Адсюль –– з усведамлення універсальнай каштоўнасці зямлі – і своеасаблівая філасофія існавання, так званы філасофскі універсалізм (П. Васючэнка) твораў нарвежскага і беларускага празаікаў. Здавалася б, нічога надзвычайнага не адбываецца ў раманах «Плёны зямлі» К. Гамсуна і «Зямля» К. Чорнага: павольная, размераная хада жыцця, паўсядзённыя справы герояў, але менавіта гэтыя паўсядзённыя справы – аснова вечнага, існага. К. Гамсун і К. Чорны выступаюць дэміургамі, пішуць Кнігу Быцця: “Дробныя i значныя падзеi змяняюць адна другую, гэта – ежа, сон i праца, гэта – нядзеля з мыццём твару i расчэсваннем валасоў... Паўсядзённнае жыццё, падзеi, што цалкам захоплiваюць навасельцаў. О, – гэта зусiм не дробязi, гэта лёс, само жыццё, ад гэтага залежыць шчасце, радасць, дабрабыт" [8, с. 64].

Зварот да сялянскай тэмы – гэта зварот да асноватворных момантаў нацыянальнага жыцця, імкненне асэнсаваць, спасцігнуць карэнныя пытанні быцця народа. Сюжэт абодвух раманаў пазбаўлены мудрагелістай інтрыгі. Клопаты герояў рамана «Плёны зямлі» тычацца зямнога: працы на сваім полі, думак пра ўраджай, хлеб надзённы. Празаік падрабязна апісвае, як абжываюць яго героі зямлю, як наладжваюць гаспадарку. У цэнтры твора К. Чорнага – жыццё адной вёсачкі, адлюстраванне тых здарэнняў, якія штодня адбываюцца з яе жыхарамі. Калі б не імёны герояў, не геаграфічньія назвы і, безумоўна, сацыяльныя акалічнасці, то цяжка было б вызначыць, дзе адбываецца дзеянне: «Доўгая, доўгая сцежка iдзе па балотам i губляецца ў лесе... Ранiцай перад яго вачыма паўстае ландшафт: лес i лугавiна, ён спускаецца ўнiз, далека бачыць выгiн ракi i зайца, якi якраз пераскоквае праз яе адным махам. Чалавек кiвае галавой, як быццам так i трэба, каб рака была не больш за скачок зайца» [8, с. 7-8]. А вось цытата, якая асабліва ці, лепш сказаць, традыцыйна блізкая беларускаму сэрцу: «О, бульба – цудоўная гароднiна, яна вытрымлiвае засуху, вытрымлiвае сырасць, а сама расце. Яна не баiцца нiякага надвор'я, а калi чалавек трошкi яе дагледзiць, яна адплочвае разоў у пятнаццаць» [8, с. 28].

Істотная адметнасць абодвух раманаў – гэта чаргаванне шматлікіх бытавых малюнкаў, узнаўленне гаспадарчых клопатаў сялян, «заземленасць» (В. Каваленка) мастацкага вобраза, нейкая непасрэднасць бачання, пранікнёнасць у быццё, лiрызм. Чытаючы раманы К. Гамсуна, разумееш, чым яны прыцягвалі ўвагу беларускіх пісьменнікаў. Тут літаральна пануе стыхія быццёвага: «Пасля Iсаак павёз ячмень на млын, змалоў яго i вярнуўся дадому з мукой. А пасля iзноў узяўся за лес i пачаў нарыхтоўваць дровы на будучы год. Жыццё яго iшло ад адной работы да другой у адпаведнасцi з парою года, ад зямлi да лесу, i ад леса iзноў да зямлi» [8, с. 26].

К. Гамсун і К. Чорны выступілі захавальнікамі традыцыйных каштоўнасцей, традыцыйнага ладу жыцця. Нездарма пiльная крытыка тых часоў абвiнавацiла К. Чорнага ў нацдэмаўшчыне, кулацтве, залiчыла раман пiсьменнiка да “правай небяспекi” (Рэзалюцыя пленума Бел АППа, “Маладняк”, 1929, № 4). Падрабязна апісваючы заняткі сваіх герояў, празаікі імкнуцца давесці іх значнасць, важнасць. У раманах К. Чорнага i К. Гамсуна няма ніякіх кніжных перабольшанняў: строгая, простая манера апавядання, няспешнасць, грунтоўнасць у апісаннях. Такая ўвага да рэчыўнага, побытавага свету ўласціва менавіта літаратурам так званых сялянскіх нацый. Нягледзячы на розніцу ў сацыяльньх умовах, агульны пафас твораў К. Гамсуна і К. Чорнага – у апяванні селяніна, яго працы, у апяванні высокай сутнасці і святасці гэтай працы, у сцвярджэнні несмяротнасці народнага жыцця.

К. Гамсун і К. Чорны апяваюць не толькі традыцыйны лад жыцця селяніна, але і тыя духоўныя каштоўнасці, што выпрацоўваліся не адно стагоддзе і дапамаглі чалавеку выжыць у няпростых умовах. Героі абодвух пісьменнікаў – людзі, што кіруюцца маральнымі законамі, людзі з чыстым сумленнем і думкамі. Празаікі апяваюць народную жыццястойкасць, сцвярджаюць высокую місію селяніна, выяўляюць духоўную сутнасць сялянскага быцця, народнай этыкі. Герояў К. Чорнага i К. Гамсуна вылучае любоў да ўласнай хаты, свайго кутка зямлі. Разбурэнне гэтых спрадвечных асноў прыводзіць да разбурэння тоеснасці, самасці, урэшце, дэнацыяналізацыі, што прадбачыў і супраць чаго выступіў К. Чорны.

У творах К. Гамсуна i К. Чорнага выяўлены пэўны тып селяніна. Гэта чалавек, моцна ўкаранёны ў жыццё, зямлю, у нечым кансерватыўны, не схільны да змен і пераўтварэнняў. Спадзяецца толькі на ўласны спрыт, працу, розум. Знітаванасць селяніна з зямлёй, укаранёнасць у жыццё абумовілі цалкам цвярозы, рацыянальны пачатак у яго спосабе думак.

Наглядаецца шмат падабенстваў памiж героем рамана К. Гамсуна «Плёны зямлі» Ісаакам i Лявонам Бушмаром К. Чорнага з аднайменнай аповесці. I той і другі жывуць на хутары. Абодва замкнёныя, негаваркія, асцярожныя. I К. Гамсун вылучае ў сваім героі такую рыску, як звераватасць, грубасць, хоць мы ведаем, што ў К. Чорнага тут мелі месца, перш за ўсё, сацыяльныя фактары.

Яднае раманы К. Гамсуна i К. Чорнага апяванне цэльнасці духоўнага свету селяніна, яго вітальнай моцы, сакралізацыя ўзаемаадносін чалавека з акаляючым асяроддзем. Часам матыў прыроды ўзвышаецца ў iх творах да "пантэістычных канцэпцый быцця" (А. Бучыс). Прырода ператвараецца ў набытак унутранага свету герояў, форму духоўнага вопыту.

Падабенства паміж творамi К. Гамсуна і К. Чорнага наглядаецца і ў падыходах да выяўлення ўнутранага свету чалавека. Пісьменнікі звярнуліся да перадачы не толькі выразна акрэсленых пачуццяў і жаданняў, але і неўсвядомленых, ледзь адчувальных. Раманы К. Гамсуна "Пан", "Вікторыя", раман К. Чорнага "Сястра", апавяданні "Пачуцці", "Парфір Кіяцкі", "Вечар" – гэта плынь няўлоўных, неакрэсленых настрояў і рухаў.

К. Гамсун і К. Чорны сталі ў пэўным сэнсе рэфарматарамі ў галіне выяўлення ўнутранага свету асобы. Лічыцца, што К. Гамсун прадугадаў з'яўленне тэхнікі "патоку свядомасці". Паток ледзь устоўлівых, пераменлівых пачуццяў і жаданняў наглядаем і ў творах К. Чорнага другой паловы 20-х гадоў. К. Гамсуна не задавальнялі тыя падыходы да адлюстравання псіхалогіі чалавека, што склаліся ў мастацкай прозе яго часу (дэтэрмінаванасць характару, дамінаванне адной ці некалькіх рысаў у характары чалавека), пра што нарвежскi празаiк і пісаў у сваіх артыкулах («Псiхалагiчная лiтаратура», «Крыху пра Стрындберга», «Нарвежская лiтаратура», «Пра несвядомае духоўнае жыццё», «Пiсьменнiкi старыя i маладыя»). Наватарам і эксперыментатарам выступіў і К.Чорны, хаця беларускі пісьменнік кіраваўся не толькі творчымі задачамі. Да чыста мастацкіх у яго дадаваліся і сацыяльныя, пра што гаворка ішла вышэй.

Акрамя таго, абодва пісьменнікі прызнавалі ўплыў на сваё творчае станаўленне Ф. Дастаеўскага, аўтара «новай мастацкай мадэлi свету, у якой многiя з асноўных момантаў старой мастацкай формы атрымалi карэннае пераасэнсаванне» [10, с. 8].

Пераемнасць з Ф. Дастаеўскiм асаблiва адчувальная ў раннi перыяд творчасцi К.Чорнага (зборнiкi апавяданняў «Пачуццi», «Хвоi гавораць», раман «Сястра»). На наступных этапах Ф. Дастаеўскi становiцца для К. Чорнага субяседнiкам i апанентам, прыхаваная палемiка з Ф. Дастаеўскiм, як давёў А. Адамовiч, складае другi i трэцi план у яго творах [3, с. 125].

Вызначальнае ў Ф. Дастаеўскага – вывучэнне чалавека праз прызму iдэй, даследаванне ўплыву пэўнай iдэi на розум i паводзiны чалавека. Фiласофскi пошук у раманах рускага празаiка адбываецца ў сферы самасвядомасцi героя. Па сутнасцi, галоўным прадметам выяўлення, галоўным героем твора i становiцца самасвядомасць. I К. Гамсуна i К. Чорнага прыцягваў псiхалагiзм Ф. Дастаеўскага, складаны духоўны пошук яго герояў.

Аднак, калі заслугі К. Гамсуна ў пашырэнні выяўленчых магчымасцей мастацкай прозы, яго роля ў трансфармацыі мастацкага мыслення з'яўляюцца агульнапрызнанымі, то неспрыяльны гістарычны кон Беларусі адбіўся і на лёсе яе творцаў: на жаль, заслугі К. Чорнага не атрымалі еўрапейскага прызнання, хаця набыткі яго бясспрэчныя.

К. Гамсун лічыцца адным з найбольш выдатных і выразных прадстаўнікоў літаратурнага імпрэсіянізму. Рысы імпрэсіянізму прысутнічаюць і ў мастацкай структуры твораў К. Чорнага. Апісанні навакольнай рэчаіснасці, людзей, прадметаў знешняга свету прасякнуты ў К. Гамсуна і К. Чорнага асабістым пачуццём, перажываннем, бачаннем. Свет у іх творах паўстае насычаным колерамі, пахамі, фарбамі. Празаікі перадаюць уласныя ўражанні, адчуванні, шматграннасць і багацце непасрэдных уяўленняў. Адсюль і гэткі лірызм, настраёвасць іх твораў. Важкую ролю адыгрывае мастацкая дэталь. К. Гамсун і К. Чорны перадаюць імгненныя пачуцці, уражанні. Як вядома, менавiта iмпрэсiянiзму лiтаратура абавязана ўвагай да пераменлiвых чалавечых настрояў, нюансаў i адценняў пачуццяў. Па словах А. Еўнiной, “iмпрэсiянiзм у лiтаратуры з'яўляецца паглыбленнем цi пэўнай формай пiсьма, якая ўлiчвае зноўку адкрытыя, падсвядомыя, рухомыя i ледзь улоўныя настроi i адчуваннi…” [11, с. 263].

Героям пісьменнікаў уласціва нейкая непасрэднасць бачання, пранікнёнасць у быццё. Яны жывуць адным жыццём з прыродай, адчуваюць яе стан як свой уласны. Сам празаiк у лiсце да сябра пiсаў: “Я адчуваю крывёю, што знаходжуся ў духоўнай сувязi з iсным, са стыхiяй” [12, с. 66]. Такое глыбокае пранікненне ў прыродны свет абумовіла і маляўнічасць светабачання. Творы К. Гамсуна і К. Чорнага вылучаюцца разнастайнасцю, багаццем фарбаў пры ўзнаўленні навакольнага асяроддзя. Сюжэтная пабудова раманаў К. Гамсуна “Голад”, “Мiстэрыi”, “Пан”, “Вiкторыя”, рамана К. Чорнага “Сястра”, апавяданняў са зборнiкаў “Пачуццi”, “Хвоi гавораць” таксама наблiжана да iмпрэсiянiстычнай. Акцэнт у гэтых творах зроблены на выяўленнi пачуццяў i перажыванняў чалавека. Дзеянне, як правiла, не адыгрывае значнай ролi.

Мы ўжо сказалі пра быццёвасць мыслення празаікаў, падрабязнасць у апісаннях знешнепобытавага свету. А, як вядома, менавіта імкненне да максімальна праўдзівага ўзнаўлення рэчаіснасці вылучае творчасць імпрэсіяністаў.

Сказанае вышэй сведчыць пра выключны мастацкi i духоўны патэнцыял творчасцi нашага класiка К. Чорнага.
5.2.2 К. Чорны і руская літаратура

Л. Талстому лiтаратурная практыка абавязана пашырэннем прынцыпаў i прыёмаў выяўлення, значным паглыбленнем фiласофскага гучання твораў. Па сутнасцi, Л. Талстой сцвердзiў новы этап у развiццi прыгожага пiсьменства. У гiсторыi беларускай лiтаратуры выключнае значэнне адыграла творчасць К. Чорнага. Дзякуючы яму нацыянальная проза выйшла на якасна новы ўзровень у даследаваннi ўнутранага свету чалавека, вывучэннi яго свядомасцi. I па сённяшнi дзень творы К. Чорнага застаюцца ў беларускай лiтаратуры непераўзыдзенымi па глыбiнi аналiзу псiхалогii чалавека.

Безумоўна, беларуская лiтаратура не магла не адчуць уплыву творчасцi Л. Талстога, не засвоiць яго мастацкiх адкрыццяў. Вядома, што Л. Талстой з'яўляўся маральным аўтарытэтам i для беларусаў, а цiкавасць да яго творчасцi на Беларусi была даволi значнай [13]. Асаблiва iнтэнсiўна звяртаўся К. Чорны да асобы i спадчыны рускага пiсьменнiка у 20-я гады 20 стагоддзя. Беларускi празаiк iмкнуўся апрабоўваць на беларускай глебе мастацкiя дасягненнi лепшых пiсьменнiкаў свету, выступаў за “лiтаратурны сталiчны Мiнск, супраць Мiнску – як губернскай правiнцыi, з кансерватарскiмi поглядамi на лiтаратуру i традыцыямi губернскага маштабу” [14, с. 70]. I хаця вядома, што найпершае i найбольшае ўздзеянне на К. Чорнага мела творчасць Ф. Дастаеўскага, iмя Л. Талстога ў публiцыстыцы гэтага часу сустракаецца ў К. Чорнага досыць часта.

К. Чорны надзвычай высока цанiў увагу рускага пiсьменнiка да “маленькага чалавека”, яму блiзкiя былi заклiкi Л. Талстога да ўнутранага ўдасканалення. Скразная думка твораў К. Чорнага – неабходнасць духоўнага ачышчэння, пазбаўлення ад усякай нiзасцi, “дробных хiтрыкаў i ўласнае прынiжанасцi”.



Творы Л. Талстога вылучаюцца пiльнай увагай да духоўнай сферы чалавека, выяўленнем яе складанасцi, супярэчлiвасцi. Характар чалавека паўстаў у iх рухомым, зменлiвым, «цякучым». У рамане «Уваскрасенне» празаiк пiсаў: «Людзi што рэкi». Л. Талстой раздрабняе характар чалавека на асобныя пачуццi, перажываннi, рухi, што было новым для лiтаратуры. Яна адкрывала «падрабязнасць пачуццяў». Такi тып псiхалагiзму ўласцiвы раннiм творам Л. Талстога («Севастопальскiя апавяданнi»). У далейшым «падрабязнасць пачуццяў», выяўленне самых тонкiх псiхiчных рухаў чалавека будзе спалучацца ў Л. Талстога з шырокiм эпiчным узнаўленнем падзей аб'ектыўнай рэчаiснасцi.

«Падрабязнасць пачуццяў» цiкавiць i К. Чорнага. Пiсьменнiк выяўляе супярэчлiвасць, складанасць адчуванняў асобы: «…яго душу запоўнiлi раўналежна розныя адценнi чатырох пачуццяў: побач умясцiлiся элементы гумару, горкай злосцi, смутку i абыякавасцi» [15, с. 336], iх непрадказальнасць: «…а ён iдзе адзiн з лёгкасцю пасля таго сплыўшага, якое i прыйшло немаведама адкуль i ад чаго, i сышло немаведама адкуль i куды…» [15, с. 336-337].

Л. Талстой, раздрабняючы чалавечы характар на асобныя часткi, жадаў знайсцi тыя элементы, якiя б былi канстантнымi для ўсiх людзей. К. Чорны ж iмкнецца паказаць, перш за ўсё, складанасць унутранай арганiзацыi чалавека, нават непрадказальнасць i нявытлумачанасць яго духоўных рухаў. Гэтая эвалюцыя ў мастацкiм мысленнi беларускага празаiка звязана з наступным: К. Чорны – пiсьменнiк 20-га стагоддзя, калi былi зроблены новыя адкрыццi ў галiне псiхалогii (канцэпцыi З. Фрэйда i iнш.). Па-другое, у 20-я гг. шырока была распаўсюджана тэорыя жывога чалавека, якая накiроўвала пiсьменнiкаў на даследаванне ўсёй разнастайнасцi пачуццяў i перажыванняў асобы. У гэты час якраз i абмяркоўвалiся навейшыя дасягненнi псiхалагiчнай навукi (работы А. Варонскага). У сваю чаргу, iмкненне да выяўлення новых граней чалавечай псiхалогii падштурхоўвала да пошуку адпаведных прынцыпаў i прыёмаў пiсьма. Адсюль – i зварот К. Чорнага да тэхнiкi плынi свядомасцi. У станаўленнi гэтага прыёму значную ролю адыграла менавiта творчасць Л. Талстога. У яго творах пададзены дасканалыя ўзоры ўнутранага маналогу (маналог Ганны з рамана «Ганна Карэнiна»), якi пазней i перарасце ў плынь свядомасцi. Але ўнутраны маналог у творах рускага пiсьменнiка вылучаецца цэласнасцю, лагiчнай арганiзаванасцю. К. Чорны ж больш эксперыментуе, ён сумяшчае аддаленыя па часе ўспамiны з тымi ўяўленнямi, якія з'яўляюцца ў дадзены момант, спалучае, здавалася б, мала звязаныя памiж сабой уражаннi. Такiм чынам, К. Чорны наблiжаўся да манеры пiсьма, што стане вылучаць творы прадстаўнiкоў школы «плынi свядомасцi» (М. Пруст, Дж. Джойс, У. Фолкнер, В. Вулф).

У параўнаннi з героямi рускага пiсьменнiка, унутранае жыццё герояў К. Чорнага больш аўтаномнае, у меньшай ступенi залежыць ад падзей навакольнага свету. Аднак беларускi празаiк i не адасабляе свядомасць i псiхалогiю чалавека ад з'яў навакольнай рэчаiснасцi, як гэта наглядаецца ў пiсьменнiкаў школы «плынi свядомасцi».

Такiм чынам, К. Чорны вывучаў, выкарыстоўваў творчы вопыт вялiкага рускага пiсьменнiка, адштурхоўваўся ад яго ў сваiх пошуках. К. Чорны працягваў традыцыi Л. Талстога на выяўленне складанасцi ўнутранага свету чалавека, але з улiкам новай культурнай сiтуацыi, апрабоўваў новыя прыёмы апiсання працэсаў духоўнага жыцця.
Літаратура:


  1. Васючэнка, П. Беларуская лiтаратура пачатку 20 стагоддзя ў кантэксце еўрапейскага сiмвалiзму [Тэкст] / П. Васючэнка // Скарыназнаўства, кнiгазнаўства, лiтаратуразнаўства: матэрыялы Ш Мiжнар. кангрэса беларусiстаў «Беларуская культура ў дыялогу цывiлiзацый» (Мiнск, 21 – 25 мая, 4 – 7 снежня 2000 г.). – Мн. : “Беларускі кнігазбор”, 2001. – С. 96 – 101.

  2. Лiманоўскi, Я. Аб творчасцi Кузьмы Чорнага [Тэкст] / Я. Ліманоўскі // ЛiМ. – 1933. – 13 чэрвеня. – С. 4.

  3. Адамовiч, А. Маштабнасць прозы [Тэкст] / А. Адамовiч. – Мн. : Маст. літ., 1972. – 198 с.

  4. Шунейка, Я. Метафiзiка будучынi [Тэкст]: [гутарка з Ю. Залоскам] / Я. Шунейка // ЛiМ. – 1992. – 4 снежня. – С. 6 – 7.

  5. Васючэнка, П. Размыканне колаў [Тэкст] / П. Васючэнка // Крынiца. – 1996. – № 10. – С. 32.

  6. Санько, С. Штудыi з кагнiтыўнай i кантрастыўнай культуралёгii [Тэкст] / С. Санько. – Мн. : БГАКЦ, 1998. – 190 с.

  7. Чорны, К.: Зб. твораў: у 8 т. Т.3. – Раманы “Сястра”, “Зямля” [Тэкст] / Пад рэд. А. Адамовіча. – Мн. : Маст літ, 1973. –– 623 с.

  8. Гамсун, К. Соки земли. Женщины у колодца [Тэкст] / К. Гамсун. – М.: “Эй-Ди-ЛТД», 1994. – 650 с.

  9. Чорны, К.: Зб. твораў: у 8 т. Т. 6. – [Тэкст] / пад рэд. А. Адамовіча. – Мн. : Маст літ, 1973. –– 623 с.

  10. Бахтин, М. М. Проблемы творчества Достоевского [Тэкст] / М. Бахтин. – 5-е изд., доп. – Киев: Next, 1994. – 512 с.

  11. Евнина, Е. Проблема литературного импрессионизма и различные тенденции его развития во французской прозе конца 19 – начала 20 в. [Текст] / Е. Евнина // Импрессионисты, их современники, их соратники. Живопись. Графика. Литература. Музыка. – М. : Искусство, 1976. – С. 246 – 258.

  12. Лявонава, Е. А. Плыні і постаці [Тэкст] / Е. Лявонава. – Мн. : Рэд. Часопіса «Крыніца», 1998. – 336 с.

  13. Букчын, С. Беларускія карэспандэнты Талстога [Тэкст] / С. Букчын // Леў Талстой і Беларусь. – Мн. : Маст літ, 1981. – С. 46-58.

  14. Чорны, К. Збор твораў: у 8 т. Т.8. [Тэкст] / пад рэд. А. Адамовіча. – Мн. : Маст літ, 1975. – 580 с.

  15. Чорны, К. Збор твораў: у 8 т. Т.2. – Апавяданні [Тэкст] / пад рэд. А. Адамовіча. – Мн. : Маст літ, 1972. – 612 с.


Тэма 6 Беларускі авангард 20-х гадоў і авангардныя плыні ў еўрапейскім мастацтве пачатку 20 стагоддзя
6.1“Рэвалюцыйны” авангард у беларускай паэзіі 20-х гадоў

6.2 “Узвышша” і сусветны мастацкі вопыт

6.3 Фармальныя пошукі Ул. Дубоўкі ў жанры паэмы

6.4 Францішак Аляхновіч і “новая драма”


6. 1 “Рэвалюцыйны” авангард у беларускай паэзіі 20-х гадоў

З’яўленне авангардных накірункаў мастацтва звязана перш за ўсё з пошукам новых сродкаў мастацкай выразнасці. Гэтыя пошукі не заўсёды вітаюцца папярэднікамі, адсюль узнікае канфлікт паміж старым і новым. Тэрмін “авангард” належыць амерыканскаму крытыку Кліменту Грынбергу. У шырокім сэнсе пад “авангардам”, “авангардызмам”, “мадэрнізмам” разумеюцца актуальныя ў мастацтве з’яве, у больш вузкім – сукупнасць нерэалістычных напрамкаў у еўрапейскім мастацтве першай паловы 20 стагоддзя (сюррэалізм, дадаізм, экспрэсіянізм, футурызм, “плынь свядомасці” і інш).

На думку І. Э. Багдановіч, “беларускі варыянт авангардызму склаўся ў межах “Маладняка” і часткова “Узвышша” [1, с. 220], супаўшы ў часе існавання з еўрапейскім. Беларуская лiтаратура 20-х гадоў характарызуецца нашымі даследчыкамі як адкрытая эстэтычная сiстэма: вызначальным фактарам развіцця айчыннай літаратуры ў гэты час была стылёвая і жанравая разнастайнасць, суіснаванне, узаемаўплыў, узаемаўзбагачэнне розных мастацкіх тэндэнцый. Побач з рэалізмам плённа развіваліся рамантызм (паэзія “Маладняка”, творы М. Зарэцкага), сімвалізм (творы Я. Купалы, Зм. Бядулі), натуралізм (творы М. Зарэцкага, Я. Нёманскага, Р. Мурашкі), iмажынiзм (творы Я. Пушчы, Т. Кляшторнага, А. Бабарэкi, Ул. Хадыкi), канструктывiзм (праграма літаратурна-мастацкіх аб’яднанняў “Маладняк”, “Узвышша”, “Беларускай лiтаратурна-мастацкай камуны”), футурызм (творы П. Шукайлы, Я. Вiдука, “Беларуская лiтаратурна-мастацкая камуна”), iмпрэсiянiзм (творы Я. Пушчы, К. Чорнага), экспрэсiянiзм (творы Я. Купалы, Зм. Бядулі). Гэта сведчыць пра багацце стылёвай палітры тагачаснай беларускай літаратуры.

Трэба адзначыць, што маладыя беларускія пісьменнікі і крытыкі прапанавалі і паспрабавалі тэарэтычна абгрунтаваць уласныя аванградныя кірункі і стылі: маладнякізм, аквітызм, вітаізм.

У беларускай літаратуры 20-х гадоў можна вылучыць дзве наватарскія тэндэнцыі: творы пісьменнікаў, для якіх пошукі ў галіне формы вынікалі з ўнутранай патрэбы абнаўлення мастацтва і пошукі ў галіне формы маладых творцаў, абумоўленыя рэвалюцыйнымі падзеямі, выкліканыя прагай “абнаўлення свету”, стварэння “новай літаратуры”, новай паэтыкі.

Такім чынам, перыяд развiцця нашай лiтаратуры 20-х гадоў мiнулага стагоддзя з'яўляецца адным з самых iнтэнсiўных у плане апрабацыi новых прыёмаў i прынцыпаў выяўлення. Iмкненне да мадэрнiзацыi эстэтычнай формы, пошукi новых шляхоў мастацкага выяўлення былi вызначальнымi перш за ўсё для твораў маладых пiсьменнiкаў. Змена сацыяльнага ладу закранула ўсе сферы жыцця грамадства, у тым ліку і прыгожае пісьменства. Маладыя пісьменнікі, што далучыліся да мастацкай творчасці пасля рэвалюцыі, выхоўваліся ў атмасферы палемікі, спрэчак, перагляду спадчыны. Малады задор, упэўненасць ва ўласных сілах прымушалі верыць, што яны здольныя стварыць новае мастацтва, літаратуру, якіх яшчэ не бачыў свет. Адсюль – і фармальныя пошукі і лозунг “далоў класікаў”, “у рожкі са старымі”. Неабходна таксама ўлiчваць i паскораны характар развiцця нацыянальнай лiтаратуры, што прымушала творцаў выпрабоўваць самыя розныя сродкi мастацкай выразнасцi.

Паказальнымі рысамі авангардызму, згодна Е. Лявонавай, з’яўляюцца: “паглыбленасць у душэўны свет героя, у свядомасць i нават падсвядомасць чалавека, перавага iрацыянальнага над рацыянальным, радыкальная адмова мастака ад прынцыпу знешняга падабенства, ад эстэтыкi простага пераймання, iмiтацыi, ад адлюстравання жыцця ў формах i вобразах, адпаведных самому жыццю… скiраванасць пiсьменнiка на жанравы i стылявы эксперымент, фармаванне зусiм новага тыпу мастакоўскага мыслення, успрымання рэчаiснасцi. Увасабленне ў творы непаўторнага, iндывiдуальнага, суб’ектыўнага погляду на чалавека i свет, сваё “Я”. Абнаўленне вядомых жанраў i форм, іх свядомае разбурэнне” [2, с. 113].

Да "рэвалюцыйнага" авангарду ў беларускай паэзіі 20-х гадоў адносіцца творчасць М. Чарота, М. Грамыкі, А. Александровіча, П. Шукайлы, А. Дудара. Іх творам уласціва празмерная патэтыка, сiмволiка, метафарычнасць. Сёння відавочная празмернасць, ашаламляльнасць, аглушальнасць стылю маладых паэтаў. Праграмным адмаўленнем старога мастацтва і эстэтыкі стала паэма “Гвалт над формай” М. Грамыкi. Сам аўтар вызначыў жанр твора, як “нібы-паэма”. У прадмове да твора М. Грамыка пісаў: “Шуканне новага зместу, згодна новым формам жыцця, і шуканне новай формы, адпавядаючай рэвалюцыйнай тэме – вось заданні новай паэзіі, новай лірыкі”. Гэта была спроба эстэтызацыi хаатычнага, нетрадыцыйнага, відавочнае захапленне выключна фармальнымi прыёмамi:

Мы ўчора былі толькі галы:

Шукалі папараць Купалы.

А сёння мы, уцекачы,

Завострым вострыя мячы –

Сячы ўсе формы.

І крычы!


Мы толькі рытмам, маршам цвёрдым,

З паглядам жудасным і гордым,

Без формы-вопраткі

У свет!


Усе сцягі – пад ногі! [3, с. 64]

Футурыстамі абвясцілі сябе ўдзельнікі “Беларускай літаратурна-мастацкай камуны” (П. Шукайла, П. Броўка, Я. Відук). Выключна наватарскай з’явай у літаратуры 20-х гадоў абвяшчаўся паэтычны эпас М. Чарота (паэмы “Босыя на вогнiшчы”, “Чырвонакрылы вяшчун”, “Беларусь лапцюжная”). І. Багдановіч называе М. Чарота “класікам беларускага паэтычнага авангарду” [1, с. 277]. Наватарскi характар паэмы “Босыя на вогнiшчы” для беларускай літаратуры заключаўся ў яе полiфанiчным гучанні, фрагментарнасці, сiмволiцы, алегарычнасці, рытмiчнай раскаванасці. Як адзначае І. Багдановіч, сімволіка і топіка твораў М. Чарота вытрыманы ў “адпаведнасці з авангарднай пралеткультаўскай мадэллю, дзе перапляталіся рысы постфутурызму і “біякасмізму” [1, с. 275]. Відавочныя паралелі паміж “Босымі на вогнiшчы” М. Чарота i паэмай “Дванаццаць” А. Блока.



6.2 “Узвышша” і сусветны мастацкі вопыт

Літаратурны працэс у 20 стагоддзі – гэта ўзаемадзеянне самых розных мастацкіх плыняў, сістэм, напрамкаў, жанраў. Літаратурнае жыццё ў першай палове 20 стагоддзя адбывалася пад магутным уздзеяннем мадэрнізму. У творчасці пісьменнікаў-мадэрністаў адбываецца пошук новых прыёмаў і сродкаў мастацкай выразнасці.

Слушныя заўвагi адносна спецыфiкi беларускага мадэрнiзму належаць В. Максiмовiчу Адзначаючы пазiтыўны характар «уздзеяння эстэтыкi мадэрнiзму (як сiстэмы сiнтэтычнай i акумулятыўнай) на беларускую лiтаратуру – iнтэгральную частку сусветнай лiтаратуры», В.Максімовіч разам з тым падкрэслiвае, што паскораная дынамiка развiцця беларускай лiтаратуры пачатку 20 ст., працэс дэкананiзацыi, дэнарматыўнасцi, дыфузii формаў, стыляў паспрыялi таму, што нацыянальная «версiя» мадэрнiзму цалкам не ўкладваецца ў кананiчныя рамкi гэтага культурнага феномену. Таксама неабходна мець на ўвазе “выключны патэнцыял iдэi нацыянальнага адраджэння, якая выступае як факт мастацкай структуры, як яе i светапоглядная, i ўласна мастацка-эстэтычная дамiнанта” [4, с. 6].

На пачатку дваццатага стагоддзя ў беларускай літаратуры панавала так званая “адраджэнніцкая дамінанта”, якая была скіравана да патрэб фармавання беларускай нацыі і падпарадкоўвала сабе ўвесь абсяг мастацкай думкі.

Мадэрнізм не толькі меў значны ўплыў на беларускую літаратуру ў 20-я гады, але менавіта яму належыць вялікая роля ў павышэнні культуры творчасці беларускіх пісьменнікаў.

Спецыфiка беларускага мадэрнiзму: наўмысна знiжанае, травесцiйнае пераўвасабленне народнапаэтычнага эпасу, паэтызацыя паўсядзённай рэчаiснасцi, пейзажная тэматыка як вiдазмененая форма мадэрнiсцкай утопii, сацыялагiзацыя прыроды i г.д.

Вядома, што лiтаратурна-мастацкае аб'яднанне «Узвышша» вызначалася выразна наватарскiм характарам. Прычым арыентацыя на засваенне лепшых узораў сусветнай лiтаратуры была свядомай, мэтанакiраванай устаноўкай, што адлюстравана ў канцэпцыi ўзвышэнства («Камунiкат беларускага лiтаратурна-мастацкага згуртавання «Узвышша», «Тэзiсы», праграмная заява «Ад беларускага лiтаратурна-мастацкага згуртавання «Узвышша», артыкулы А Бабарэкi «З далiн на ўзвышшы», «Аквiтызм у творчасцi Ул. Дубоўкi, «Узвышэнская паэзiя: Аналiз паняцця», «Паэзiя як уяўленне»).

Так, у праграмнай заяве «Ад беларускага лiтаратурна-мастацкага згуртавання «Узвышша» гаворыцца: «Узвышша беларускай мастацкай культуры творыцца не колькасцю паэтаў i пiсьменнiкаў, якiя б асмелiлiся абвясцiць сябе каманднымi высотамi, а якасцю той лiтаратурна-мастацкай прадукцыi, якая прыносiцца ў скарбнiцу беларускай мастацкай лiтаратуры з глыбiнь сучаснасцi, узброенай ведамi, воляю, шчырым жаданнем i энтузiязмам вялiкай творчасцi. Толькi так творыцца тое ўзвышша беларускай пралетарскай лiтаратуры, якое ўгледзяць вякi i народы» [5, с. 170].

Пра арыентацыю ўзвышаўцаў на менавiта сусветны ўзровень развiцця лiтаратуры сведчыць наступная заява аб'яднання: «Яно («узвышанскае» беларускае мастацтва – А. М.) павiнна стаць адным з тых фактаў агульнай беларускай творчасцi, якi скажа ўсяму свету, што могуць утварыць работнiкi i сяляне калiсь прыгнечанай нацыi, якi скажа, што работнiкi i сяляне гэтай нацыi маюць багатую фармальную культуру, якая з культурамi iншых, раней прыгнечаных нацый iдзе на змену «закатам» розных «вялiкiх Эўропаў» [5, с. 169]. Iмкненне сяброў аб'яднання да ўзвышэння беларускай мастацкай культуры да класiчных сусветных узораў сёння з'яўляецца агульнапрынятым у нашым лiтаратуразнаўстве.

У наш час беларуская навука аб лiтаратуры адышла ад заганнай тэндэнцыi адмаўлення мадэрнiсцкiх уплываў на беларускую лiтаратуру. Айчыннымi даследчыкамi сёння даволi плённа распрацоўваецца гэта пытанне (работы Л. Корань, П. Васючэнкi, I. Багдановiч, В. Максiмовiча, Дз. Санюка i iнш.). Такiм чынам, нашы вучоныя сведчаць, што беларуская лiтаратура не стаяла наўзбоч ад сусветна-еўрапейскiх мастацкiх тэндэнцый. Арыентацыя на сусветныя мастацкiя ўзоры спрыяла павышэнню iнтэлектуальнага i мастацкага ўзроўню нашай лiтаратуры.

Мадэрнізм – найбольш паказальная з’ява для літаратуры першай паловы 20 ст. Да гэтага часу мастацтва слова ў сваім развіцці грунтавалася на мімесісе, “на вербальных упадабленнях формам быцця, як натуральным, гэтак і штучным” (В. Акудовіч), што было выкладзена яшчэ ў “Паэтыцы” Арыстоцеля. Мадэрнізм зрабіў спробу адысці ад упадаблення рэальнасці і прапанаваў новыя формы мастацкага выяўлення.

Пра мадэрнiсцкiя ўплывы на творчасць узвышаўцаў пiша Ул. Конан: «Тэзiсы эстэтычнай праграмы «Узвышша» ёсць сiнтэз класiчнай мастацкай традыцыi i лiтаратурнага наватарства першай чвэрцi 20 стагоддзя» [6, с. 156], што знайшло сваё адлюстраванне ў канцэпцыi «аквiтызму», або «жывой вады». I. Багдановiч таксама адзначае пераемнасць эстэтычнай праграмы «Узвышша» i яе творчай рэалiзацыi з мадэрнiсцкай мастацкай парадыгмай: «Пры гэтым сцвярджэнне узвышаўскай эстэтыкi адпавядала рэчышчу еўрапейскага мадэрнiзму...» [1, с. 324]..

Творчасць тагачасных беларускiх i заходнiх пiсьменнiкаў, пры ўсёй адрознасцi грамадскiх i сацыяльных умоў, адбывалася пад уплывам складаных, супярэчлiвых падзей – войнаў, разбурэннем iмперый, хуткiх тэмпаў тэхiчнага прагрэсу, iмклiвага развiцця псiхалогii, фiласофii. Iдэi тых жа З. Фрэйда, А. Бергсона, О. Шпенглера былi вядомыя ў Савецкiм Саюзе. Новы вопыт патрабаваў адпаведных сродкаў мастацкага ўвасаблення, абнаўлення прыёмаў мастацкай выразнасцi.

Навацыi згуртавання “Узвышша”: кантрастная вобразнасць, “жывапiсанне словам”, акцэнт на асацыятыўную рытмiку вобраза, метафарычная канцэнтрацыя (творы Я. Пушчы, Ул. Дубоўкi, Т. Кляшторнага, М. Лужанiна, В. Маракова, Ул. Жылкi).


6.3 Фармальныя пошукі Ул. Дубоўкі ў жанры паэмы

Сярод маладых пісьменнікаў 20-х гадоў 20 стагоддзя асабліва вылучаўся Ул. Дубоўка. Яго паэтычны трыпціх «Кругі», «Штурмуйце будучыні аванпосты», «І пурпуровых ветразей узвівы» – адна з самых адметных з'яў у беларускай паэзіі 20-х гадоў. Ул. Дубоўка значна ўзбагаціў паэму ў фармальных адносінах. “Штурмуйце будучынi аванпосты” – гэта паэма – “камбайн”: для яе структуры ўласціва змяшэнне паэтычных родаў i жанраў, выкарыстанне фальклорных форм i прыёмаў. Выкарыстанне міфа-фальклорнага матэрыялу, па меркаванню В. Максімовіча, дазваляе гаварыць пра «пазакантэкст» твора, «другі ўзровень» твора, пра «культуратворчасць як асобы від мастацкага мыслення і мастацкай рэфлексіі» [7, с. 71]. І далей даследчык працягвае: “Культуратворчасць станавілася адмысловай умовай падключанасці да сусветнай культурнай традыцыі...” [7, с. 73]. Своеасаблiвай лiра-паэмай з'яўляецца цыкл “Крыху восенi i жменька кляновых лiстоў”.

Паэмы Ул. Дубоўкi з'явіліся ўвасабленнем тэорыi ўзвышэнства ў галiне стылю: «Тварэнне новых форм», «эксперыменты па кампазіцыі», музычнасці мовы, сказавай фразеалогіі», «эксперыменты па аднаўленні паэтычнай лексікі шляхам новага асэнсавання слоў і надання ім новых функцый, вызначаных новым светаадчуваннем», усе гэтыя моманты, пералічаныя ў тэарэтычных артыкулах А. Бабарэкі, увасоблены ў паэме “I пурпуровых ветразей узвiвы...”

А. Бабарэка прапанаваў тэорыю «кантраснага вобраза», які павінен быць пакладзены ў аснову твора. Менавіта на кантрасным прынцыпе і пабудаваны эксперыментальныя паэмы Ул. Дубоўкі: спрэчка Лiрыка i Матэматыка – асноўны кампазiцыйны прыём паэмы “I пурпуровых ветразей узвiвы...”, Пасажыра i Кандуктара – паэмы “Штурмуйце будучынi аванпосты”. Трэба адзначыць, што кантрасны вобраз атрымаў шырокае распаўсюджанне ў сусветнай паэзіі (П. Элюар, Л. Арагон, Р. Дэснос, творчасць сюррэалістаў).

В. Максімовіч даводзіць «патэнцыйную спрычыненасць паэмнай структуры Дубоўкі да новай, мадэрнісцкай парадыгмы, лучнасць яго светапогляду з новым мысленнем, з новымі тэндэнцыямі ў літаратуры, якія напрамую звязаны з працэсамі актывізацыі суб'ектыўнага волевыяўлення мастака» [7, с. 71].

А. Кабаковіч у манаграфіі «Беларускі свабодны верш» (1984) піша і пра дысметрычны верш як адну з форм праяўлення эксперыментатарства.

Творчасць Ул. Дубоўкі вылучаў пошук «красы» (мадэрнісцкі прынцып). Прычым «красы» гордай. Вершам паэта ўласціва майстэрства гукавой iнструментоўкi, рытмiчная гнуткасць паэтычнага радка, высокая культура рыфмы, абнаўленне жанравых форм (зборнiкi “Строма”, “Там, дзе кiпарысы”, “Трысцё”, “Сredo», «Наля»). Роля Ул. Дубоўкi ва ўзбагачэннi выяўленчых магчымасцяў беларускай паэзii выключная.
6.4 Ф. Аляхновіч і “новая драма”

Францішак Аляхновіч – беларускі тэатральны дзеяч, таленавіты драматург, рэжысёр, акцёр. Ф. Аляхновіч стаяў ля вытокаў беларускага Адраджэння пачатку 20 ст. Ігнат Дварчанін надзвычай высока ацэньваў дзейнасць Ф.Аляхновіча ў адраджэнні беларускага тэатральнага мастацтва, называў яго бацькам беларускай драматургіі.

“Драматургічны “жанр” Францішка Аляхновіча жыве найперш на ўзроўні ідэі, быцця, космасу. Творчасць драматурга цесна знітавана з той новай мастацкай парадыгмай, якая знайшла сваё адлюстраванне ў класіцы такіх знакамітых майстроў драматургічнага жанру, як Генрык Ібсен, Марыс Метэрлінк, Бернард Шоу, Герхард Гаўптман, Юхан Аўгуст Стрындберг, Антон Чэхаў. Драматычная прастора іх твораў пры ўсёй сваёй “эмпірычнай” простасці, празрыстай яснасці здаецца ўбачанай праз прызму прывіднага свету, у якім за знешне досыць распаўсюджаным, добра знаёмым праступае яго ірацыянальны, у многім сімвалічны, сэнс. Творчасць сусветна вядомых мастакоў была непарыўна звязана з працэсамі далейшага паглыбленага пазнання жыцця ва ўсёй яго складанасці, шматмернасці, паўнаце, адметная сваёй псіхалагічнай заглыбленасцю” [4, с. 322].

В. Максімовіч адзначае, што гэта тэндэнцыя захапіла і беларускую драматургію пачатку 20 ст.: “У эпіцэнтр яе мастацкіх задач, апроч усяго, трапілі і найважнейшыя пытанні чалавечага быцця, экзістэнцыя асобы ў складаных варунках зрушанага дэфармаванага свету, сутнасць якога выяўлялася перадусім у ігнараванні маральных запаведзяў, маральнага імператыву. Чалавек усё часцей заставаўся сам-насам з паўсюднымі недарэчнымі пярэваратнямі лёсу, з неадступным насланнём сіл зла” [4, с. 322].

Паказальна, што дзеяча нацыянальна-вызваленчага руху Ф. Аляхновіча цікавіць не нацыянальная сутнасць герояў, а тое, “што родніць іх з трансцэндэнтальным пачаткам па-за межамі свайго “я”, з духоўным пачаткам свету” [8, с. 54]. Гэта сведчыла пра выразна новы падыход да стварэння персанажа.

В. Максімовіч зазначае: “У цэнтры “новай драмы” – чалавек як ён ёсць, з усімі магчымымі і наяўнымі выдаткамі тых умоў і абставінаў, да якіх воляй лёсу яму давялося спрычыніцца. Увагу “навадрамаўцаў” прыцягвала найперш асоба, пазбаўленая аднамерных характарыстык, дзеянні і паводзіны якой недапушчальна вытлумачыць адной, хай сабе і галоўнай, прычыннай дамінантай” [4, с. 325].

Ф. Аляхновіч не тлумачыць прычыну чалавечых няшчасцяў герояў сацыяльнай няроўнасцю, што “пазбаўляе яго драматургію ад прамой сацыяльнай заангажаванасці і ідэалагічнай аднамернасці” [4, с. 325].

Асноўную перадумову з’яўлення твораў з яскрава выяўленым паглыбленнем ва ўнутраны свет героя, у яго падсвядомасць, ірацыянальнае В. Максімовіч бачыць у “самой эпосе “крызісу мастацтва”, калі значна была падарвана вера ў магутнасць пазітывісцкай навукі, у заканамернасць і эвалюцыю развіцця гістарычнага працэсу, культуры, сацыяльнага арганізма наогул” [4, с. 325].

Генезіс “новай драмы” многія даследчыкі выводзяць з філасофска-псіхалагічнага рамана, у рэчышчы якога плённа працаваў і Ф. Дастаеўскі. “Навадрамаўцы” ў многім ішлі за вялікім рускім пісьменнікам, абапіраючыся на яго здабыткі ў галіне псіхалагічнага аналізу, на спасціжэнні дваістай натуры свайго героя, якая выяўлялася найперш у сутыкненні “нерухомых ідэй” і “несумяшчальных” пачуццяў. Яны запазычылі ў яго метад псіхалагічнага даследавання, паводле якога ўнутраная працэсуальнасць чалавека залежыла не ад уздзеяння знешняга асяроддзя, а ад стыхійна ўзнікаючых духоўных імпульсаў” [4, с. 328].
Літаратура:


  1. Багдановiч, І. Авангард i традыцыя: Беларуская паэзiя на хвалi нацыянальнага адраджэння [Тэкст] / І. Багдановіч. – Мн. : Беларуская навука, 2001. – 387 с.

  2. Лявонава, Е. А. Плыні і постаці [Тэкст] / Е. Лявонава. – Мн. : рэд. часопіса “Крыніца”, 1998. – 336 с.

  3. Грамыка, М. Гвалт над формай [Тэкст] / М. Грамыка // Шляхі: Беларуская паэзія 20-30-х гг. – Мн. : Юнацтва, 1992. – 335 с.

  4. Максімовіч, В. Эстэтычныя пошукі ў беларускай літаратуры пачатку 20 стагоддзя [Тэкст] / В. Максімовіч. – Мн. : Аракул, 2000. – 351 с.

  5. Ад беларускага лiтаратурна-мастацкага згуртавання «Узвышша» [Тэкст] // Узвышша. – 1927. – № 1. – С. 3.

  6. Конан, Ул. Лiтаратурнае “Узвышша” ў кантэксце сусветнай культуры [Тэкст] / Ул. Конан // Скарынiч: лiт.-навук. гадавiк. – Вып. 4 / уклад. А. Каўка. – Мн. : “Беларускi кнiгазбор”, 1999. – 240 с.

  7. Максімовіч, В. Шыпшынавы край: Старонкі беларускай літаратуры 20-30-х гг. 20 ст. [Тэкст]: дапаможнік для настаўнікаў / В. Максімовіч. – Мн. : “ІВЦ Мінфіна”, 2002. – 160 с.

  8. Ковель, У. Тэма інтэлігенцыі ў творчасці Францішка Аляхновіча [Тэкст] / У. Ковель // Роднае слова. – 1999. – № 2. – С. 53 – 58 .


Тэма 7 Эсэізм як вызначальная ідэя 20 стагоддзя
7.1 Паэтыка эсэ

7.2 Янка Брыль як прадстаўнiк эсэiстычнай плынi ў беларускай літаратуры


7.1 Паэтыка эсэ

Адной з вызначальных ідэй 20 стагоддзя з’яўляецца ідэя сiнтэзу, узаемапранiкнення. 20 стагоддзе вылучаецца выразнай канвергенцыяй памiж культурамi Захаду i Усходу, паміж фiласофiяй, рэлiгiяй, мастацтвам, навукай. “Аднак працэс сiнтэзу iдзе i ўнутры самiх згаданых галiн – сучаснае мастацтва, фiласофiя, лiтаратура ўвесь час скрыжоўваюць разнастайныя метады i жанры, кантамiнуючы вобразы i паняццi розных эпох i сiстэм, iдучы да адзiнай унiверсальнай формы. I хоць такая форма iснуе толькi гiпатэтычна, сама iдэя унiверсальнасцi стала ў 20 стагоддзi аб’ядноўваючай для вельмi вялiкага кола з’яў. Правобразам такой формы будучага ў лiтаратуры з’яўляецца эсэ, якое ужо сёння настолькi моцна паўплывала на iншыя тыпы мастацкага слова, што дало падставу крытыкам вызначыць эсэ як эвышжанр, як глабальную пазажанравую пабудову” [1, с. 11-12].

Паказальная адметнасць эсэ – выяўленне ўласнага “Я”, асабістых думак, пачуццяў, перажыванняў аўтара. Эсэ з’яўляецца пэўнай формай духоўнага вопыту, увасабляе сабой своеасаблівае спалучэнне філасофіі, навукі і мастацтва, у эсэ перакрыжоўваюцца эстэтычныя, этычныя і пазнавальныя бакі.

Эсэ як літаратурны жанр быў створаны М. Мантэнем (“Вопыты”). Г. Кісліцына піша пра экспансiўны характар эсэ: “Цяжка назваць значных прадстаўнiкоў сусветнай фiласофii, i асаблiва лiтаратуры 20 стагоддзя, якiя б не звярталiся цалкам або часткова, праз эсэiзацыю iншых жанраў, да эсэiстыкi” [1, с. 12].

Пачынаючы з 20 стагоддзя эсэізацыя з'яўляецца паказальнай з’явай не толькі для літаратуры, але і для іншых сфер духоўнага жыцця, і перш за ўсё для філасофіі. Эсэізацыя найбольш яскрава выявілася ў творчасці пісьменнікаў-экзістэнцыялістаў: «Сартр, Камю, Хайдэгер, Унамуна, Вайль – гэта пісьменнікі-мысляры, іпастасі якіх не разыходзяцца ў рамках аднаго твора, дзе думка і вобраз ўраўнаважваюцца, дзякуючы іх шчыльнай суаднесенасці з рэальным побытавым жыццём. Такім чынам, эсэізацыя не замыкаецца колам літаратуры, а становіцца агульнакультурным феноменам, які, калі згадзіцца з Эпштэйнам, можна азначыць як рух да жыцця – думкі – вобразнага сінтэзу” [1, с. 21].

Эсэізм закрануў і беларускую літаратуру, пра што сведчыць не толькі значная колькасць твораў эсэiстычнай накiраванасцi – ад невялiкiх «Думак у дарозе» Я. Коласа да раманаў-эсэ «Як агонь, як вада» А. Лойкi, “Францыск Скарына, або Сонца маладзіковае”, але і выдатных узораў уласна эсэ (Ул. Караткевіча, М. Стральцова, А. Асташонка, А. Сямёнавай і інш.). Сёння да эсэ звяртаюцца ці не ўсе найбольш значныя беларускія літаратары і культоролагі: С. Дубавец, А. Глобус, Л. Галубовіч, В. Акудовіч, Ул. Арлоў, Ю. Залоска, І. Бабкоў і інш.


7.2 Янка Брыль як прадстаўнiк эсэiстычнай плынi ў беларускай літаратуры
Творчасць Я. Брыля належыць да еўрапейскай плынi ў беларускай літаратуры. Вызначальнае ў яго творах – навелiзм, інтэлектуалізм, які праяўляецца ў глыбокім веданні літаратуры, як айчыннай, так і сусветнай, філасофіі, культуры, самім стылі мыслення. Веданне рускай і польскай моў паспрыяла таму, што Я. Брыль яшчэ ў маладосці далучыўся да скарбаў сусветнай літаратуры. Гэта стала надзвычай важным фактарам яго інтэлектуальнага і духоўнага развіцця. У творах Я. Брыля пастаянныя звароты да думак, меркаванняў іншых пісьменнікаў, паэтаў, філосафаў. У яго вельмі багаты інтэлектуальны досвед. Я. Брыль “увёў” у беларускі кантэкст, адаптаваў многіх замежных творцаў. А. Адамовіч падкрэсліваў: “У прозе Я. Брыля ўсё здзіўляюча ўраўнаважана: нацыянальная яркасць матэрыялу і вялікая культура чалавеказнаўства, эмацыянальнасць і разважлівасць, лірызм і пластычнасць малюнка...” [2, с. 10].

Раман Я. Брыля «Птушкi i гнёзды» – адзін з самых значных у нашай мастацкай літаратуры. Б. Пятровіч адзначаў: “Лічу гэты раман адной з вяршынь нашай мастацкай прозы. Гэта была Еўропа. Гэта быў узровень, якім можна было ганарыцца” [3, с. 23]. У рамане “Птушкі і гнёзды” пераважае лірычная канцэпцыя чалавека і свету. Гэты твор належыць да жанрава-стылёвай разнавіднасці лірычнага рамана, паколькі ў асобе галоўнага героя “схільнасць да самааналізу, засяроджанага роздуму пераважае над актыўнасцю ўчынкаў” [4, с. 500].

Лірычныя нататкі Я. Брыля “Жменя сонечных промняў”, “Трохі пра вечнае”, “Сёння і памяць”, «Пiшу, як жыву», «Вячэрняе», «Дзе скарб ваш», «Парастак» – гэта комплекс iдэй, вобразаў, думак, меркаванняў i выказванняў пра чалавека і свет: «Усё маё – па сутнасці дзённік. Мая частка Зямлі, жыццё на ёй, гэтай частцы, я пазнаў маё, стараўся зразумець яго і расказаць пра гэта іншым. І гэтага майго так мала і так многа!» [5, с. 112]. Мастацкі дэвіз Я. Брыля «не прыдумваю», а «пішу жыццё» набывае ледзь не літаральны сэнс. Творы Я. Брыля прымушаюць думаць, асэнсоўваць, разважаць. «На працягу ўсяго свайго творчага шляху Брыль-лірык сцвярджае, што канкрэтная асоба – не меншая каштоўнасць, чым народ, чалавецтва. Магчыма, гэтая ўпэўненасць дапамагла яму, нарэшце, стаць самому адзіным героем сваіх твораў, адкінуць усякія літаратурныя, у тым ліку жанравыя рамкі, абмежаваўшыся самым шырокім азначэннем “лірычная проза” (зборнік “Дзе скарб ваш” – 1997). У сваім багатым вопыце, у памяці і блакнотах пісьменнік адкрывае моманты, якія маюць агульналюдскі маральны сэнс, адбіваюць у сабе прыкметы гісторыі, і давярае іх чытачу” [4, с. 520].

А. Адамовіч пісаў пра Я. Брыля: «…як ніхто ён ставіць Беларусь, беларускае слова ў шырокі кантэкст чалавецтва…» [2, с. 11].

У апавяданнях Я. Брыля лірычная канцэпцыя чалавека і свету “пераважае над эпічным асэнсаваннем быцця і таму накладвае моцны адбітак не толькі на іх стыль, але і на жанравую структуру (так званы “адкрыты лірызм”)” [4, с. 484].

У савецкай літаратуры 50-70-х гадоў афіцыйна падтрымлівалася толькі эпічнае адлюстраванне быцця: “Лірычная ж канцэпцыя чалавека і свету не выклікала даверу і дыскрэдытавалася як “сентыментальшчына” [4, с. 492]. Для Я. Брыля ж заўсёды вызначальным быў чалавек, яго жыццё, роздумы, памкненні і перажыванні. Адпаведна, як адзначае В. Нікіфарава, агульнае, што яднае апавяданні Я. Брыля 1945-1961 гадоў, “гэта праблема свабоднага выяўлення і самасцвярджэння чалавечай асобы” [4, с. 499].

“Жаданне быць сучасным – не ў плане ідэйнай кан’юнктуры, а ў плане эстэтычных пошукаў, – не вяртацца назад, а сказаць нешта новае – прывяло Я. Брыля да рашэння выступіць “з такім “інтымным” ды “старэчым” жанрам” [4, с. 511]. Мініяцюры Я. Брыля былі прызнаны “найвышэйшым дасягненнем пісьменніка, якое адкрывае новую старонку не толькі ў яго творчасці, але і ва ўсёй беларускай прозе” [4, с. 513].

Дзякуючы такім пісьменнікам, як Я. Брыль, творы беларускай літаратуры атрымалі сусветнае прызнанне.


Літаратура:


  1. Кісліцына, Г. М. Лірычная мініяцюра як жанр беларускай літаратуры [Тэкст] / Г. Кісліцына. – Мн. : Беларуская навука, 2000. – 118 с.

  2. Адамовіч, А. Маральнасць таленту [Тэкст] / А. Адамовіч // Крыніца. – 1995. – № 3. – С.10-11.

  3. Пятровіч, Б. Лячуся Брылём [Тэкст] / Б. Пятровіч // Крыніца. – 1995. - № 3. – С.22-25.

  4. Нікіфарава, В. Б. Янка Брыль [Тэкст] / В. Нікіфарава // Гісторыя беларускай літаратуры 20 стагоддзя: у 4 т. Т.3: 1941 – 1965 / Нац. акад. навук Беларусі. – Мн. : Беларуская навука, 2001.– С.479- 521.

  5. Брыль, Я. Трохі пра вечнае [Тэкст] /Я. Брыль. – Мн. : Маст. літ., 1980. – 320 с.



Тэма 8 Парабалічная плынь у сучаснай беларускай літаратуры
8.1 Пашырэнне прытчавасці ў сучаснай літаратуры

8.2 Размежаванне парабалы і прытчы


8.1 Пашырэнне прытчавасці ў сучаснай літаратуры

У 20 стагоддзі адбываюцца працэсы мадэрнізацыі паэтычнай сiстэмы рэалiзму, трансфармацыі катэгорый часу i прасторы, змяняецца прасторава-часавы кантынуум: “Прынцып iмiтацыi, адлюстравання жыцця ў мастацкiх формах, адпаведных самому жыццю, суправаджаецца цi нават выцясняецца мiфам i сiмвалам, замест канкрэтных вобразаў аўтары ўсё часцей звяртаюцца да абагульнена-сiмвалiчных, замест падрабязна, дакладна акрэсленых абставiнаў i характараў выкарыстоўваюць умоўна-фантастычныя, алегарычныя, гратэскаывя. Лiтаратурныя творы усё часцей набываюць характар прыпавесцi, прытчы” [1, с. 109]. З часоў старажытнасці да нас дайшлі такія прытчы, як «Прамудрасць Ахiкара” – Сiрыя, VII ст. да н.э., «Кнiга Прытчаў Саламонавых» – Бiблiя, «Запаветы караля Анушырвана» – Iран, 531-578 гг. і iнш. У беларускай літаратуры – творы К. Тураўскага, Я. Баршчэўскага, «Казкi жыцця» Я. Коласа, В. Ластоўскага. У беларускай літаратуры 20 стагоддзя, як і ў сусветнай, асаблівае пашырэнне набываюць творы, што сінтэзуюць канкрэтнае і агульнае, сітуацыйнае і агульназначнае, умоўнае і рэалістычнае.

С. Ханеня адзначае: “Сучасныя аўтары шукаюць такiя мастацкiя формы, якiя б найбольш поўна раскрывалi адметнасцi нашага часу, iснавання чалавека ў iм. Анталагiчныя пытаннi сутнасцi чалавецтва ўвогуле i кожнай асобы ў прыватнасцi заўсёды былi вызначальнымi для навукова-культурнай думкi. Адсюль выключная схiльнасць класiчнай фiласофii, лiтаратуры i мастацтва да унiверсалiзму, планетарнасцi мыслення. Жаданне выявiць у малым вялiкае, агульнакаштоўнае патрабуе адпаведнай формы для адлiўкi мастацкага вопыту. Адсюль i пашырэнне прытчавасцi сучаснай лiтаратуры» [2, с. 33].

У гэтай сувязі можна назваць прыпавесці В. Быкава (зборнік “Пахаджане”), кнігу “Сцяна”, аповесці “Дажыць да світання”, “Сотнікаў”, “Знак бяды”, прытчавыя формы ў творах Б. Брэхта, У. Голдынга, А. Камю, Коба Абэ, Т. Мана, Ж. П. Сартра, А. Франса. Як прытчавы твор прачытваецца “Апошняя пастараль” А. Адамовіча, пра што сведчыць “умоўнасць сітуацый і характраў, завостраная маральна-філасофская праблематыка” (С.Ханеня), “Хатынская аповесць”, “Карнікі”. З’явы парабалізацыі наглядаюцца таксама ў рамане В. Казько “Неруш”, аповесці А. Жука “Паляванне на апошняга жураўля”. Прачытанню аповесцей В. Быкава як прытчы запярэчыў сам аўтар (артыкул “Великая академия – жизнь”, часопіс “Вопросы литературы”, 1975, № 1). Пасля гэтага крытыкі пачалі пісаць пра парабалічны характар аповесцей пісьменніка.

С. Ханеня, аналiзуючы спецыфiку сённяшняй культурнай сiтуацыi, мяжы тысячагоддзяў, адзначае: «у вынiку крызiсу многiх бакоў дзейнасцi чалавека – эканамiчнай, культурнай, палiтычнай, экалагiчнай – адбываецца працэс вяртання да некалi страчанага цэласнага светаўспрыняцця» [2, с. 6]. Аўтар акцэнтуе ўвагу на тым, што пашырэнне ўмоўнасці ў сучаснай літаратуры – «культурная з’ява, глыбiнна звязаная з каранёвымi, сутнаснымi пытаннямi рэчаiснасцi» [2, с. 5]. Як падкрэслівае I. Шаўлякова, “паэтыка свету непазбежна адлюстроўваецца ў паэтыцы тэксту, дзе рэпрэзентуецца пэўны вобраз рэчаiснасцi” [3, с. 177].

Праблематычным становіцца вызначэнне жанравай формы таго цi iншага твора. “Жанравая цяжкавызначальнасць, узаемадзеянне з авангардысцкiмi плынямi – паказальныя якасцi рэалiстычнай лiтаратуры 20 ст.” [1, с. 110].

Як адзначае С. Ханеня, у 20 стагоддзі ў еўрапейскіх літаратурах актуалізавалася тэндэнцыя да пашырэння асацыятыўнага патэнцыялу, «адмаўленне ад знешняга праўдападабенства жыццю пры адначасовым захаванні яго сутнаснага ўспрыняцця, што ў значнай ступені ўплывае на жанрава-стылёвыя адметнасці сучаснай літаратуры, яе формаўтваральныя пошукі» [2, с. 3]. Фармальнай рэалізацыяй падобнага пашырэння асацыятыўнага патэнцыялу мастацкага тэксту якраз і з’яўляецца зварот да жанру прытчы і парабалы. Зварот пiсьменнiкаў да жанру прытчы абумоўлены жаданнем спазнаць быцiйныя праблемы: сутнасцi i прызначэння чалавека, характару i мэтаў яго дзейнасцi. I менавiта прытча, як зазначае С. Ханеня, “узвышае вобраз чалавека ў мастацтве да фiласофскага спасцiжэння”, яна “надзвычай сугучная патрэбам эпохi” [2, с. 33].
8.2 Размежаванне парабалы і прытчы

Неабходна размяжоўваць такiя тэрмiны, як прытча i парабала, цi парабалiчная проза: «Мастацкая з’ява парабалізацыі заснаваная на паэтыцы класічнай прытчы (філасофска-этычная іншасказальнасць, адметная сімвалічнасць, перавага інтэлектуальнага пачатку над вобразным і інш.). У адрозненне ад адназначнасці прытчавай алегорыі парабалічныя вобразы больш схільныя да шматзначнай сімвалічнасці. Парабала максімальна адпавядае прынцыпу “адчужэння” [2, с. 36]. С. Ханеня адзначае, што «паэтыка прытчы не столькі вобразная, колькі сілагічная» [2, с. 33].

Зварот да жанру прытчы беларускiх пiсьменнiкаў адпавядае агульнасусветнаму эстэтычнаму руху. Так, І. Штэйнерам у артыкуле «Вы хочаце казку? Паслухайце казку…» разглядаюцца творы з элементамі прытчавай паэтыкі, своеасаблівыя сучасныя «казкi для дарослых» В. Казько, А. Наварыча, В. Мудрова, В. Шнiпа, В. Быкава. Прычым даследчык не забываецца i на сусветны кантэкст i на нацыянальную спадчыну: аповесць В. Казько «Выратуй i памiлуй нас, Чорны бусел» асэнсоўваецца праз прызму кэралаўскай «Алiсы ў краiне цудаў», «Прыгоды Рабунькi» А. Наварыча – праз прызму рамана Э. Т. Гофмана «Жыццёвыя погляды ката Мура», апавяданняў Яна Баршчэўскага. I. Штэйнер адзначае заканамернасць звароту да прыпавесцi В. Быкава, творы якога ў гэтым жанры сталi «сапраўднымi вехамi» ў светапогляднай эвалюцыi народнага пiсьменнiка» [4, с. 87]. Аднак тут жа наглядаецца i iстотнае адрозненне: «…прытчы Яна Баршчэўскага паказваюць, як не трэба жыць на гэтай зямлi, калi беларус хоча застацца яе гаспадаром, то прыпавесцi Васiля Быкава сцвярджаюць бескарыснасць любых намаганняў, калi ўжо нават гаворка iдзе пра простае фiзiчнае выжыванне, не гаворачы ўжо пра духоўны росквiт нацыi» [4, с. 88]. Да аналагічных высноў прыходзіць С. Ханеня. Падкрэслiваючы, што “сучасная гiсторыя актуалiзуе ў прытчавай лiтаратуры катэгорыю трагiчнага”, С. Ханеня вызначае жанр “Сцяны” В. Быкава як “экзiстэнцыяльную прыпавесць” [2, с. 52].

С. Ханеня ў сваёй манаграфіі падае ўласнае, арыгiнальнае прачытанне такiх твораў, як “Вежа” У. Някляева, “Краiна Хлудаў” А. Мiнкiна, прыпавесцей у прозе са зборнiкаў Я. Сiпакова “Тыя, што iдуць” i “Падары нам дрэва”. “Вежа” У. Някляева як парабала: “філасафічнасць, актуальнасць узнятых маральных праблем, прыярытэт рацыянальнага і эксперыментальнасць абставінаў” [2, с. 37]. У «Вежы» У. Някляеў «спалучыў казачную, фантастычную і легендарную плыні, міфалагічнае з рэальным, трагічнае з камічным, прозу, паэзію і драму» [2, с. 37]. С. Ханеня называе “Вежу” “творам канцэптуальнай лiтаратуры”. Даследчык адзначае такую адметнасць твора, як публiцыстычнасць, што з’яўляецца паказчыкам “менавiта беларускай iнтэлектуальнай лiтаратуры” [2, с. 40].

Прыпавесці “Краiну Хлудаў” А. Мiнкiна С. Ханеня асэнсоўвае праз прызму тых твораў сусветнай лiтаратуры, дзе падаецца ўмоўная мадэль краiны-мястэчка (“Левіафан” Т.Гобса, “Падарожжа Гулівера” Дж. Свіфта з раманамі “Цудоўны новы свет” О. Хакслі, “Вайна з саламандрамі” К. Чапека, “1984” Дж. Оруэла. “Трэба сказаць, што мэты ўвядзення мадэлі ўмоўнай краіны, горада, месца ў літаратуры былі заўсёды даволі адрозныя. Прынамсі, іх можна звесці да дзвюх полюсных. Адныя (прыгадаем стваральнікаў класічных утопій Т. Мора, Т. Кампанэлу, Ф. Бэкана) імкнуліся даць апісанне грамадска-палітычнага, прыватнага жыцця ва ўмоўнай краіне згодна са сваімі ўяўленнямі і ідэаламі. Іншыя ў процівагу першым стараліся вырашыць задачу выкрыцця такіх нязбыўных ідэалаў, якія часта былі проста фантастычна безгрунтоўным ігнараваннем рэальнасцяў жыцця і прыроды чалавека” [2, с. 43].

“Таталітарная сістэма Хлудзіі накіравана на поўнае падпарадкаванне сабе чалавека, на забіццё ў ім асобы і ператварэнне ў хлуда. Яшчэ ў 17 ст. Т. Гобс у антыўтопіі “Левіафан” прадказаў з’яўленне такіх краін, прадставіўшы іх у выглядзе біблейскага левіафана, што пажырае сваіх ахвяр” [2, с. 43]. С. Ханеня мяркуе, што хаця “Краiна Хлудаў” А.Мiнкiна па сваёй скiраванасцi блiжэй да знакамiтай антыўтопii Дж. Оруэла “1984”, у творы беларускага пiсьменнiка адбываецца сiнтэз жанраў прыпавесцi i антыўтопii. Гэта “дазволiла аўтару сказаць не толькi пра тое, што магло быць, але папярэдзiць, як можа быць, як не павiнна быць” [2, с. 49], калi iгнаруюцца элементарныя законы жыцця i прыроды чалавека, калi паўсюль пануе страх, калi людзi становяцца толькi бязмоўнымi i бяздумнымi выканаўцамi, калi “чалавек пазбаўляецца ад пачуцця ўсведамлення самакаштоўнасцi ўласнага “я”, што ва ўсiм замяняецца на безасабовае “мы” ў iмя “звышiнтарэсаў” дзяржавы” [2, с. 47].

Надзвычай плённымi называе С. Ханеня спробы Я. Сiпакова “ў асэнсаваннi квiнтэсэнцыi быцця i чалавека”. Жанр прытчы, як сцвярджае даследчык, выключна арганiчна суадносiцца з творчай канцэпцыяй пiсьменнiка, яго “iмкненнем да пераадолення будзённасцi жыцця, страты ў iм адчування сэнсу iснавання” [2, с. 49].

Скрупулёзны аналiз твораў прытчавай формы розных пакаленняў беларускiх лiтаратараў дазволiў С. Ханенi зрабiць важную метадалагiчную выснову аб тым, што нашы пiсьменнiкi не толькi чэрпалi з крынiц сусветнай лiтаратуры, але i здолелi пашырыць жанравыя межы прытчы: “Стварэнне ўласнай мадыфiкацыi прытчы – так званай прыпавесцi, якая мае шмат адрозненняў ад класiчнай формы, сведчыць аб тым, што гэта менавiта беларуская адметнасць у жанравым вызначэннi” [2, с. 53].

Сказанае сведчыць, што нашы пісьменнікі ідуць у нагу з часам, іх творчасць адпавядае самым сучасным тэндэнцыям у развіцці мастацкага слова.

Літаратура:


  1. Лявонава, Е. А. Плыні і постаці [Тэкст] / Е. Лявонава. – Мн.: рэд. часопіса «Крыніца», 1998. – 336 с.

  2. Ханеня, С. Амплiтуда мастацкасцi: Умоўнасць у беларускай прозе канца 20 стагоддзя [Тэкст] / С. Ханеня. – Гомель: ГДУ iмя Ф. Скарыны, 2001. – 117 с.

  3. Шаўлякова, І. Наш унiверсум. Вопыт сiмвалiчнай iнтэрпрэтацыi сучаснай беларускай лiтаратуры [Тэкст] / І. Шаўлякова // Полымя. – 1999. – № 6. – С. 186 – 189.

  4. Штэйнер, І. Deja vu, або Успамiн пра будучыню [Тэкст] / І. Штэйнер. – Мн. : ЛМФ “Нёман”, 2003. – 144 с.



Тэма 9 Творы Васіля Быкава ў кантэксце твораў сусветнай літаратуры пра вайну
9.1 Паэтыка твораў Васіля Быкава

9.2 Творы Васіля Быкава і экзістэнцыялізм


9.1 Паэтыка твораў Васіля Быкава
В. Быкаў – адзiн з самых значных i знакамiтых беларускiх i сусветных празаiкаў. Мастак, якi ўсёй сваёй творчасцю сцвярджаў чалавечнасць, маральнасць насуперак прагматызму. Л. Корань адзначыла: «Быкаў адразу i нязменна абраў вернасць чалавеку, ахвяраванаму пакутам i несправядлiвасцi» [1, с. 115].

В. Быкаў пісаў пра тое, што такое вайна ў яе сапраўдным аблiччы: «Лiчу сваiм абавязкам ад iмя загiнуўшых пакаленняў выкрываць жорсткасць вайны, яе антычалавечую сутнасць» [2, с. 3]. Пазней пісьменнік удакладніў: «Вайна супярэчыць чалавечай прыродзе, нiшто не можа апраўдаць яе iснаванне. Але вайна амаральная i таму, што яна здольная паламаць чалавека духоўна» [3, с. 6]. Такiх выказванняў у пісьменніка нямала.

В. Быкаў вывеў беларускую прозу пра вайну на еўрапейскi ўзровень. В. Быкаў быў найбольш верагодным прэтэндэнтам ад Беларусi на атрыманне Нобелеўскай прэмii. I пісьменнік быў вельмi блiзкi да гэтага. Сёння творы В. Быкава перакладзены больш чым на 50 моваў. А ў колькiх краiнах свету яны друкавалiся цяжка падлiчыць.

М. Тычына адзначае: «В. Быкаў – гэта i унiкальная эстэтычная з'ява ў айчыннай i сусветнай лiтаратуры, гэта i найвялiкшая ступень мастацкай праўдзiвасцi, глыбіня пранікнення ў таямніцы народнай і чалавечай псіхалогіі... прытчавая шматзначнасць і прарочая відушчасць» [4, с. 640].

Творам В. Быкава часцей за ўсё даюцца такія характарыстыкі: «мужны талент», «строгi рэалiст», «маральны максiмалiзм», «бескампрамiсная пазiцыя», “аскетычная мастацкая манера”. «У той жа час не менш часта ўзгадваюцца быкаўская чалавечнасць, гуманiстычнае спачуванне ўсiм прынiжаным, занядбаным, абдзеленым лёсам, ахвярам жорсткага веку бясконцых войнаў i грамадскiх катаклiзмаў» [4, с. 641]. Гэта – вызначальнае ў творах В. Быкава: адмаўленне нечалавечых абставiн. I тых, хто гэтыя абставiны стварае.

Спрачаючыся з тымi, хто паставiў пад сумненне “нацыянальнае” ў В. Быкава, I. Афанасьеў адзначае: “Пачуванне i выпрабаванне сябе на быкаўскiх сцяжынах мiнулай вайны, у сутыкненнi не толькi палiтычных, але i культурфiласофскiх сiстэм, можна параўнаць з засваеннем нейкага агульнаеўрапейскага шыфру, якi дапамог “рассакрэцiць” (вылучана намі – А. М. ) самiх беларусаў i адбiць гэтае ўсведамленне ў стане культуры (у адпаведнасцi з яе знакавай прыродай) – на вырашальным, апакалiптычным зломе, калi ўвесь нацыянальны вопыт перажыты як апошнi” [5, с. 115]. I ў гэтым значэнне прозы В. Быкава. Бог падараваў В. Быкаву жыццё, каб ён распавёў свету пра беларусаў. Л. Корань падкрэслівае: «Быкаў здзейснiўся як вiднейшы мастак 20 ст. у беларускiм моўным мысленнi i такiм чынам з'явiўся як бы праваднiком тых менталiтэнтных сэнсаў, тых культурных абсягаў, якiя нясе свету беларуская духоўнасць» [1, с. 21].

Пачатак лiтаратурнай дзейнасцi В. Быкава – 1951 год, калi ён на Курылах напісаў апавяданнi «Смерць чалавека» i «Абознiк» (надрукаваны ў 1957). Ужо ў раннiх апавяданнях «У першым баi», «Смерць чалавека» «Дваццаты», «Фруза», у аповесцi «Апошнi баец» абазначылася тэндэнцыя, што стане вызначальнай для творчасцi В. Быкава: «знаходзiць падзеям чалавечае вымярэнне, адзiна вартае таго, каб па-сапраўднаму глыбока i дакладна ацанiць маральную сутнасць героя» [4, с. 643].

В. Быкаў пачынаў сваю творчую дзейнасць з надзвычайнай веры ў чалавека, у тое, што ён можа стаць «вышэй за свой лёс», стаць «мацнейшым за магутную сiлу выпадку» («Яго батальён»). Пісьменнік сцвярджаў вялiкi сэнс жыцця i смерцi сваiх герояў, вялiкi маральны сэнс iхнiх пакут («Жураўлiны крык», 1959, «Трэцяя ракета», 1961, «Альпiйская балада», 1963, «Сотнiкаў», 1970, «Абелiск», 1970, «Дажыць да свiтання», 1972, «Воўчая зграя», 1974, «Яго батальён», 1975). Але з цягам часу ў «быкаўскiм пафасе ўсё больш выразнай дамiнантаю рабiлася нiчым не знятая трагедыйнасць» (Л. Корань) («Здрада», 1960, «Пастка», 1962, «Мёртвым не балiць» 1965, «Праклятая вышыня», 1968, «Круглянскi мост» 1968, «Пайсцi i не вярнуцца», 1978, «Знак бяды», 1982, «Кар'ер», 1986, «У тумане», 1987, «Аблава», 1988, «Сцюжа», 1969, 1991, «Сцяна», «Пакахай мяне, салдацік» і інш.).

В. Быкаў прыходзіць да ўсведамлення: для таго, каб паказаць сапраўднае аблiчча вайны, патрэбна праўда. Узоры такой праўдзiвай лiтаратуры пiсьменнiк бачыў у кнiгах А. Бека, К. Сiманава, В. Гросмана, А. Ганчара, А. Твардоўскага, Э. Казакевiча, К. Чорнага. I асаблiва Вiктара Някрасава («У акопах Сталiнграда»), Ю. Бондарава, Р. Бакланава. Моцны ўплыў на В. Быкава мелі творы Э. М. Рэмарка i Э. Хэмiнгуэя.

«Першай, даволi нерашучай спробай» (В. Быкаў) на шляху праўдзiвага ўзнаўлення мiнулай вайны, у iмкненнi «пакончыць з сачынiцельскай прыгажосцю, эфектнасцю, бесканфлiктнасцю» пісьменнік лічыў аповесць «Жураўлiны крык». В. Быкаў адмаўляецца ад «псiхалагiчна паслабленай эпапейнасцi i панарамнасцi ў паказе ваенных падзей» (М. Тычына) і абмяжоўвае дзеянне адным не самым значным у маштабах вайны эпiзодам. Такім чынам, творам В. Быкава ўласціва не маштабнасць ахопу падзей, а маштабнасць праўды. Галоўным героем пісьменнік зрабіў «радавога вялiкай бiтвы»: «Сталiнград для краiны, – пiсаў В. Быкаў, – быў аднойчы ў вайну, а для салдата на пярэднiм краi ён здараўся куды як часта. I ўсё ж трэба было намагчыся, каб выжыць i – галоўнае – перамагчы, бо пагiбель часта была як здрада жывым» [6, с. 4].

У апавяданнi «Адна ноч» беларуская лiтаратура зрабiла яшчэ адзiн крок у напрамку эстэтычнай эвалюцыi ў паказе вайны. Пісьменнік наступным чынам перадае адчуванні савецкага салдата пасля забойства немца, з якім ён вымушаны быў правесці ноч у падвале і ў якім ён пабачыў не толькі ворага, але і ахвяру: «Узрушаны i змардаваны, ён нечага нiяк не мог сцямiць цi, можа, не мог чагосьцi ўспомнiць – разгарачаным нутром ён толькi адчуваў, што сталася вялiкая, яшчэ не ўсвядомленая да канца несправядлiвасць, перад магутнаю сiлай якой i ён, i Фрыц Хагеман былi бездапаможнымi» [7, с. 185]. І. Афанасьеў пісаў на гэты конт, што ў апавяданні мы маем справу з лiтаратурай пра вайну, якая перастае быць лiтаратурай учарашняга дня [8, с. 27].

1   2   3   4   5   6   7   8


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка