Тэма 1 Кампаратывістыка, яе сутнасць




старонка3/8
Дата канвертавання16.03.2016
Памер1.42 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8

4.2 М. Гарэцкі і мадэрнізм

Творчасць М. Гарэцкага сведчыць пра блізкасць эстэтычных пошукаў пісьменніка да новай, мадэрнiсцкай плынi. Так, В. Каваленка адзначае: «Максiм Гарэцкi гаворыць пра беларуса з такой трагiчнай пранiкнёнасцю, «якая нагадвае эмацыянальна-псiхалагiчную танальнасць твораў мадэрнiсцкага кiрунку з iх надрыўна-пакутлiвымi матывамi» [4, с. 116].

В. Максiмовiч падкрэслівае: «Творчасць М. Гарэцкага, як, зрэшты, і ўся беларуская літаратура ў сілу першапачатковай сваёй амбівалентнай запраграмаванасці, унутрана былі гатовы далучыцца да новай, мадэрнісцкай мастацкай парадыгмы» [2, с. 182].

Пiсьменнiк стварыў “новы тып мастацкай прозы, якi… улiчваў набыткi класiчнай прозы ХІХ ст. i арыентаваўся на творчыя здабыткi мадэрнiсцкiх напрамкаў” [5, с. 262]. М. Тычына падкрэслiвае, што М. Гарэцкі, як і Ю. Віннічэнка ва ўкраінскай літаратуры, “адкрыў перспектыву “iншай”, “новай” лiтаратуры, прадэманстраваўшы многiя перавагi i хiбы сучаснага мыслення, якое прадугледжвае ў якасцi абавязковай нормы варыятыўнасць, шматзначнасць, супярэчлiвасць чалавечых паводзiн у свеце i г.д.” [5, с. 267]. Арыентацыя на сусветныя мастацкiя ўзоры спрыяла павышэнню iнтэлектуальнага i мастацкага ўзроўню нашай лiтаратуры, павышала культуру творчасцi. Аўтар падкрэслiвае, што неспрыяльныя абставiны перашкодзiлi плённаму выкарыстанню творчых набыткаў гэтых пiсьменнiкаў, што значна запаволiла мастацкае развiццё нашай прозы.

У свой час Л. Корань слушна заўважыла: «Сапраўды, дамiнанта ў творчасцi М. Гарэцкага выявiлася дастаткова рана i пэўна. Максiм Гарэцкi перадусiм стаў выразнiкам i творцам беларускага духу, беларускага менталiтэту як аднаго з феноменаў агульначалавечай культуры» [6, с. 29]. Максiм Гарэцкi ў сваіх творах наблiжаецца да раскрыцця сутнасцi нацыянальнага характару (выяўленне «раздвоенасці», дваістага стану душы). Для І. Канчэўскага [7], аўтара эсэ «Адвечным шляхам» «раздвоенасць» душы галоўнага героя аповесці М. Гарэцкага «Дзве душы» – метафара спецыфікі нацыянальнага светапогляду, «вагання» паміж Захадам і Усходам. “Наяўнасць «дзвюх душ» – не эгаiстычны стан двудушнасцi. Гэта ўнутранае адлюстраванне вобраза свету, якое ўказвае на цяжкасць i складансць яго пазнання. «Дзве душы» – умоўны вобраз той цякучасцi i няпэўнасцi, якая перашкаджае ўтварэнню схематычных перакананняў. Пісьменнік аддае перавагу такому стану, калi ў душы чалавека адбываецца пастаянны маральны рух, калi чалавек здольны ўлавiць сапраўдную i шматзначную дыялектыку жыцця. Калі для еўрапейскіх мадэрністаў дваістасць была найперш катэгорыяй мастацка-эстэтычнай, то для Я. Купалы і М. Гарэцкага яна набыла сапраўды светапоглядна-філасофскі статус, бо з'яўляецца арганiчнай сутнасцю беларуса» [8, с. 101], – адзначае В. Максімовіч. Даследчык падкрэслівае: «… мадэрнісцкія героі, у масе сваёй, пакладаюцца больш на інтуіцыю, давяраюць пераважна свайму эмацыйна-пачуццёваму комплексу (унутранаму імператыву), – таму, што ідзе знутры, што непасрэдна імі перажываецца» [2, с. 158]. Калі для рамантыкаў чалавек быў сродкам дасягнення нейкіх мэт, то для мадэрністаў чалавек станавіўся мэтай. І далей даследчык працягвае: «І праклятыя пытанні, над якімі б'юцца героі Гарэцкага, сведчаць перадусім пра жаданне дайсці да разгадкі глыбінных асноў, архетыпаў народнай анталогіі. За пакутлівымі разважаннямі герояў яскрава праглядваюцца ўнутраныя пошукі, звязаныя з разгадкай эзатэрызму народнага быцця, сэнсу быцця ўвогуле» [2, с. 170].

Нашы даследчыкi гавораць пра прыналежнасць М. Гарэцкага да экзiстэнцыялiзму. Па-першае, з экзiстэнцыялiзмам М. Гарэцкага лучыць трагiзм светаадчування (апавяданні «Габрыелевы прысады», «Iдуць усе- iду я»). У гэтым плане, напрыклад, С. Дубавец пiша пра Максiма Гарэцкага як пра супольнiка Акутагавы i Камю [9].

Творчасць М. Гарэцкага адыграла выключную ролю ў станаўленні жанру філасофскай прозы. Менавіта дзякуючы М. Гарэцкаму героем беларускай літаратуры становіцца інтэлігент, асноўны абавязак якога – разумовая дзейнасць, асэнсаванне сябе і жыцця (“У чым яго крыўда?”, “Роднае карэнне”, “Меланхолія”, “Дзве душы”). Героі М. Гарэцкага знаходзяцца ў пастаянным духоўным пошуку, разважаюць над адметнасцямі духоўнага жыцця народа, над уласным прызначэннем, над пытаннямі светабудовы, таямніцамі жыцця і смерці.
4.3 “На імперыялістычнай вайне” М. Гарэцкага і літаратура “страчанага” пакалення
Трэба нагадаць, што нашы вучоныя (В. Акудовiч, Е. Лявонава, Л. Корань, М. Тычына) неаднойчы звярталiся да праблемы асэнсавання твораў М. Гарэцкага ў кантэксце твораў заходнiх пiсьменнiкаў, прысвечаных Першай сусветнай вайне (Э. Хемінгуэй, Дж. Дос Пасос, У. Фолкнер, Р. Олдынгтон, Э. М. Рэмарк, А. Барбюс). В. Локун у «Нарысах беларуска-ўкраiнскiх лiтаратурных сувязей” пашырае абсяг даследавання беларускай ваеннай прозы, параўноўвае творы М. Гарэцкага, К. Чорнага, В. Быкава з творамi А. Ганчара, М. Стэльмаха, I. Мiкiценкi, Б. Васiльева, В. Астаф'ева, I. Стаднюка, В. Кандрацьева, Л. Первамайскага. Асэнсоўваючы вопыт вялiкага рускага пiсьменнiка i яго ўздзеянне на лiтаратуру, даследчыца адзначае, што Л. Талстой пазбавiў вайну яе гераiчнага арэолу, што ўласцiва i аповесцi М. Гарэцкага “На iмперыялiстычнай вайне” [10, с. 157]. Аналагiчныя высновы ў свой час былi зроблены i В. Акудовiчам. Разглядаючы беларускую i ўкраiнскую ваенную прозу, В. Локун вылучае тое, “што паядноўвае iх эстэтычныя сiстэмы i што iх раз'ядноўвае” [10, с. 159]. Так, даследчыца адзначае, што i руская лiтаратура, i ўкраiнская не мела такога “глыбокага, эстэтычна значнага твора аб Першай сусветнай вайне, як беларуская” [10, с. 162]. Размова iдзе менавіта пра аповесць М. Гарэцкага “На iмперыялiстычнай вайне”. У творы беларускага пiсьменнiка з'яўляецца “матыў “горкай праўды”, якая спараджалася “суб'ектыўнай” вiной дзяржавы.

Матыў вiны дзяржавы дамiнаваў у еўрапейскай прозе Першай сусветнай вайны – у рамане А. Барбюса “Агонь” i асаблiва ў лiтаратуры “згубленага пакалення” (Э. Рэмарк “На заходнiм фронце без змен”, Э. Хэмiнгуэй “Бывай, зброя”, Р. Олдзiнгтон “Смерць героя”, Д. Пасос “ЗША”). У савецкай лiтаратуры 50-60-х гадоў гэты матыў чытаўся ў падтэксце i толькi часам вырываўся на паверхню – “Мёртвым не балiць” В. Быкава, “Жыццё i лёс” В. Гросмана. Канцэпцыя вайны Л. Талстога такой горкай праўды пазбаўлена” [10, с. 163]. Даследчыца асэнсоўвае спецыфiку выяўлення пачуцця патрыятызму ў творах пiсьменнiкаў, звяртаецца да праблемы Бога “як вышэйшай маральнай субстанцыi”, праблемы вайна i свабода, катэгорый народнасцi, асабiстага i агульнага. Разважаючы аб ролi талстоўскiх традыцый, В. Локун робiць выснову: “Талстоўская гуманiстычная канцэпцыя чалавека i свету, з яе хрысцiянскiм разуменнем дабра i зла, была ўспрынята пiсьменнiкамi ўсходнеславянскага рэгiёна па-свойму, з улiкам нацыянальнай эстэтычнай свядомасцi” [10, с. 219]. Перш за ўсё гэта моцна выражаны нацыянальны пафас у М. Гарэцкага i песiмiстычнае гучанне яго твора ў адрозненне ад талстоўскага. У той жа час “украiнская проза Першай сусветнай вайны цесна звязана з традыцыямi рамантызацыi вобраза гiсторыi” [10, с. 168]. Даследчыца паказвае таксама першынство беларускiх пiсьменнiкаў у пастаноўцы пэўных праблем у сусветным маштабе: “Задоўга да “Чужога” А. Камю М. Гарэцкi з уражлiвай сiлай паказаў адчужэнне чалавека ў новым свеце...” [10, с. 167].

Такім чынам, творчасць М. Гарэцкага валодае выключным крэатыўным патэнцыялам.

Літаратура:


  1. Гарэцкі, М. Збор твораў: у 4 т. Т.2. – Аповесці. Драматычныя абразкі. [Тэкст] / рэд. тома М. І. Мушынскі. – Мн. : Маст. літ., 1985. –– 416 с.

  2. Максімовіч, В. Эстэтычныя пошукі ў беларускай літаратуры пачатку 20 стагоддзя [Тэкст] / В. Максімовіч. – Мн. : Аракул, 2000. – 351 с.

  3. Бергсон, А. Творческая эволюция. Материя и память [Текст] / А. Бергсон. – Мн. : Харвест, 1999. – 1408 с.

  4. Коваленко, В. Трагическая мечта о буйном колошении… Философия национальной жизни в творчестве М. Горецкого [Текст] / В. Коваленко // Нёман. – 1995. – № 3. – С. 198 – 204.

  5. Тычына, М. Драма Адраджэння [Тэкст] / М. Тычына // Нарысы беларуска-ўкраiнскiх лiтаратурных сувязей: Культурна-гістарычны і літаратуразнаўчы аспекты праблемы. – Мн. : Беларуская навука, 2002. – С. 220 – 290.

  6. Корань, Л. Цукровы пеўнік [Тэкст]: Літ.-крыт. арт. / Л. Корань – Мн.: Маст. літ.,1996. – 286 с.

  7. Абдзіраловіч, І. Адвечным шляхам [Тэкст] / І. Абдзіраловіч // Вобраз – 90: Літ. – крытыч. арт. / уклад. С. Дубавец; рэдкал. : Н. Пашкевіч (рэд.) і інш. – Мн. : Маст. літ., 1990. – С. 43 – 86.

  8. Максімовіч, В. Шыпшынавы край: Старонкі беларускай літаратуры 20–30–х гг. 20 ст. [Тэкст]: дапаможнік для настаўнікаў / В. Максімовіч. – Мн. : “ІВЦ Мінфіна”, 2002. – 160 с.

  9. Дубавец, С. Максим Горецкий. Неюбилейное слово [Тэкст] / С. Дубавец // Нёман. – 1993. – № 2. – С. 92 – 94.

  10. Локун, В. «Вайна i мiр» Л. Талстога i развiццё беларускай i ўкраiнскай ваеннай прозы першай паловы 20 стагоддзя: канцэпцыя гiсторыi i чалавека [Тэкст] / В. Локун // Нарысы беларуска-ўкраiнскiх лiтаратурных сувязей: Культурна-гістарычны і літаратуразнаўчы аспекты праблемы– Мн. : Беларуская навука, 2002. – С. 138 – 220.



Тэма 5 Кузьма Чорны і сусветны мастацкі вопыт

Лекцыя І

5.1.1 Гісторыя праблемы

5.1.2 Маштабнасць мастацкай задумы пісьменніка

5.1.3 К.Чорны і літаратура “плыні свядомасці”


5.1.1 Гісторыя праблемы

Надзвычай удзячны матэрыял у плане вывучэння нацыянальнай лiтаратуры ў кантэксце сусветнай – спадчына К. Чорнага. Гэта постаць знакавая для беларускага прыгожага пісьменства. Яго творчасць мела надзвычайны ўплыў на развіццё нацыянальнай мастацкай свядомасці, вербальнай культуры беларускага народа ўвогуле як “самавыяўлення духоўнай субстанцыі быцця” (Гегель). Спадчына К. Чорнага выключная па сваёй філасофскай глыбіні. Пісьменнік не толькі вызначыў новы ўзровень мастацкага мыслення, шмат у чым непераўзыдзены нават да нашага часу, яго творчасць аказала значнае ўздзеянне на фармаванне светапоглядных асноў духоўнага жыцця беларускага народа ўвогуле.

Бадай, няма другога такога беларускага пісьменніка, які б здолеў так выразна выявіць нацыянальную ментальнасць і адначасова ўвабраць сусветныя мастацкія і культурныя каштоўнасці, адгукнуцца на іх і нават у нечым прадбачыць, апярэдзіць развіццё творчай думкі. Вывучэнне названай праблемы дазволiць, як бачым, паказаць не толькi тое, якiм чынам адбывалася засваенне сусветнага мастацкага вопыту нашым прыгожым пiсьменствам, але i тое, што давала цi магла даць наша лiтаратура сусветнай, развiвайся яна ў нармальных умовах.

Выключная роля ў асэнсаваннi праблемы: К. Чорны i сусветны мастацкi вопыт належыць А. Адамовiчу (манаграфія “Маштабнасць прозы: Урокі творчасці Кузьмы Чорнага”). У рабоце “Здалёк і зблізку” даследчык пісаў: “...нiхто з сённяшнiх празаiкаў не “замахваецца” на тое, на што рашыўся Чорны: “пераварыць”, “пераплавiць” самых вялiкiх (пiсьменнiкаў – А. М.)” [1, с. 53]. Сам вучоны блiскуча разгледзеў пераемнасць памiж творчасцю Ф. Дастаеўскага i К. Чорнага, Л. Талстога i К. Чорнага. У далейшым распрацоўкай гэтай праблемы плённа займаўся М. Тычына. У раздзеле “Кузьма Чорны” з "Нарысаў па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных узаемасувязей" (Мн., 1994) вучоны асэнсоўвае творы Чорнага 20-х гг. у суадносінах з развіццём рускай мастацкай думкі, выяўляе блізкасць і адметнасць светапоглядных пазіцый беларускага празаіка і Л. Талстога, Ф. Дастаеўскага, Л. Ляонава, Ус. Іванова, К. Шолахава, А. Платонава [2]. Разважаючы над праблемай “К. Чорны i сусветная лiтаратура”, нашы даследчыкi часцей называюць iмёны Ф. Дастаеўскага, Л. Талстога, Э. Заля, А. Бальзака, К. Гамсуна.

I. Чыгрын, Дз. Бугаёў, М. Стральцоў, Г. Тварановiч, М. Тычына пашырылi кантэкст даследавання, паставiўшы К. Чорнага поруч з М. Прустам, Дж. Джойсам, У. Фолкнерам, Ф. Кафкам, Э. Хэмiнгуэем, Т. Манам, I. Андрычам, А. Камю. М. Тычына, ацэньваючы творы К. Чорнага ваенных гадоў, адзначае: “Гэта быў унiкальны ў нашай культуры выпадак, калi пiсьменнiк iшоў паралельна, а то i апярэджваў у мастацкiм асэнсаваннi 20 ст. сваiх замежных калег, пра многiх з якiх ён нiчога не чуў i не ведаў (А. Камю, Т. Ман, I. Андрыч). Асобныя старонкi чорнаўскай прозы, вобразы, малюнкi, думкi ўспрымаюцца як мастацкае адкрыццё, як “успамiн пра будучыню” [3, с. 22].

Наватарскi характар творчасцi К. Чорнага падкрэслiвае Л. Корань: “Каб быць сучаснiкам 20 стагоддзя, трэба было быць iнтэлектуалам. I Чорны быў iм. Быў iнтэлектуалам у сваёй мастацкай мове, у выяўленчых формах, часта яшчэ грувасткiх, каструбаватых звонку” [4, с. 78]. Даследчыца выказвае цiкавае меркаванне, што “iдэйная блiзкасць К. Чорнага з класiкаю iншых культур больш пэўная, чым з традыцыямi ўласна нацыянальнымi, i гэта не ў апошнюю чаргу тлумачыцца якраз дыскрэтнасцю ў развiццi культуры беларускай” [4, с. 78].

Глыбокія разважанні адносна пераемнасці і адрозненняў у пазіцыях Ф. Дастаеўскага і К. Чорнага зроблены ў артыкуле М. Стральцова "Шырокасць". М. Стральцоў адзначыў “прарочыя моманты” творчасцi К. Чорнага “для ўсёй нашай прозы”. Менавiта М. Стральцоў першым загаварыў пра магчымасць супастаўлення творчасцi Чорнага з творчасцю класiка сусветнай лiтаратуры У. Фолкнера: “Але не трэба баяцца падобных супастаўленняў. Духоўны свет iнтэграваны не менш, калi не больш, чым свет сацыяльны, i ў ягоным глыбiнным “космасе” сапраўды “зорка зорцы голас падае” [5, с. 462].

I. П. Чыгрын у манаграфii "Крокі: Проза "Узвышша" (Мн., 1989). адзначаў, што творчы пошук К. Чорнага «адбываўся ў рэчышчы агульнасусветнага мастацкага працэсу» [6, с. 75]. У гэтым кантэксце вучоны называе iмёны Э. Хэмiнгуэя, Ф. Кафкi, М. Пруста, Дж. Джойса.

Цікава аналізуе раннія раманы Чорнага Дз. Бугаёў у артыкуле "Дасягнутае і страчанае". Даследчык, разважаючы пра блiзкасць паэтыкi рамана “Сястра” да паэтыкi раманаў У. Фолкнера i Дж. Джойса, падкрэслiвае: “…пэўнае падабенства чорнаўскай паэтыкi ў рамане “Сястра” з манерай пiсьма Фолкнера i нават Джойса толькi тыпалагiчнае, не звязанае з непасрэднымi ўплывамi. А гэта азначае, што беларускi пiсьменнiк яшчэ ў пару сваёй маладосцi самастойна намацваў тыя шляхi, на якiх здабылi сусветную славу i Фолкнер, i Джойс. Мы ж свайго класiка некалi найбольш ушчувалi якраз за спробу наблiзiцца да гэтых, як цяпер стала ясна, па-свойму вельмi перспектыўных шляхоў” [7, с. 239].

В. П.Жураўлёў у манаграфii "На шляху духоўнага самасцвярджэння паказвае "першапраходчыцкую, першаадкрывальніцкую ролю" К. Чорнага ва ўсесаюзным літаратурным працэсе. Даследчык, маючы на ўвазе праблематыку рамана “Сястра”, робiць выснову: “…маладая беларуская лiтаратура ў асобе сваiх найбольш яркiх i таленавiтых пiсьменнiкаў здольна была не толькi ўбiраць у сябе плённы вопыт iншых лiтаратур, але валодала магчымасцю самастойна “выпрацоўваць” такi вопыт…” [8, с. 141]


5.1.2 Маштабнасць мастацкай задумы пісьменніка

Неабходна звярнуць увагу на заканамерны характар з'яўлення постацi такога маштабу, як К. Чорны. Працэсы беларусiзацыi спрыялi абуджэнню творчага патэнцыялу нашага народа. Гэтая магутная энергiя выявiлася ва ўсплеску пасiянарнай актыўнасцi, у далучэннi да мастацкай творчасцi цэлай кагорты таленавiтай моладзi.

Асэнсоўваючы творчасць К. Чорнага ў працэсе развiцця сусветнай лiтаратуры, належыць сказаць, перш за ўсё, пра маштабнасць мастацкай задумы пiсьменнiка: асэнсаванне чалавечага жыцця ў кантэксце гiсторыi. Гэта задача яднае беларускага празаiка з такiмi класiкамi сусветнай лiтаратуры, як А. Бальзак ( эпапея «Чалавечая камедыя»), Т. Ман (раманы «Будэнброкi», «Чароўная гара» etc), У. Фолкнер (цыкл раманаў «Сага пра Йокнапатофу»), I. Андрыч («Мост на Дрыне», «Траўнiцкая хронiка», «Пракляты двор» etc). Гэтыя пiсьменнiкi паўстаюць «iнфарматарамi» пра нацыянальнае жыццё для астатняга свету.

Так, у творах А. Бальзака i Т. Мана ўсеахопна адлюстравана жыццё адпаведна французскага i нямецкага грамадства. У цэнтры твораў I. Андрыча – нацыянальнае жыццё ў працэсе гiсторыi. Творы У. Фолкнера – скрупулёзнае даследаванне нацыянальнай гiсторыi, заснаванае на грунтоўным вывучэннi чалавека, суб'екта гэтай гiсторыi, яго характару, учынкаў, паводзiн, душэўных памкненняў, урэшце, забабонаў, прымхаў, iнстынктаў. Аналагiчную задачу ставiў перад сабой i К. Чорны – даследаванне нацыянальнага характару праз аналiз такiх катэгорый, як бацькаўшчына, уласнасць, закон, сваяцтва i г.д.: «нарысаваць у мастацкiх вобразах гiсторыю беларускага народа ад паншчыны i да нашых дзён…» Героi названых пiсьменнiкаў паўстаюць як носьбiты нацыянальнай псiхалогii i свядомасцi, увасабляюць пэўныя рысы нацыянальнага характару.


5.1.3 К. Чорны і літаратура “плыні свядомасці”

Істотная заслуга К. Чорнага – i ў значнай трнсфармацыi мастацкай формы. Паказальна, што пiсьменнiк, якога А. Адамовiч назваў «найбольш беларускiм па мове, быту, створаных характарах» [9, с. 8], пiсьменнiк, якi працягваў традыцыю Я. Коласа на эпiчнае, дакладнае ўзнаўленне рэчаiснасцi, у рэшце рэшт, пiсьменнiк, якога можна лiчыць прадстаўнiком нацыянальнага традыцыяналiзму ў лiтаратуры, быў i найбольшым наватарам у галiне мастацкай формы.

Самыя значныя адкрыццi ў мастацтве слова заўсёды характарызуюцца мадэрнiзацыяй эстэтычнай формы. Найбольш яскрава сказанае пацвярджае творчасць заснавальнiкаў новай лiтаратурнай эпохi М. Пруста i Дж. Джойса, з iмёнамi якiх звязаны кардынальны прарыў у галiне прыгожага пiсьменства. Аб тым, што наша лiтаратура не засталася ўбаку ад названых працэсаў, cведчыць творчасць К. Чорнага. Паказальнымi ў гэтых адносiнах з’яўляюцца апавяданнi са зборнiкаў «Пачуццi», раман «Сястра».

Мастацкiя адкрыццi празаiка звязаны з абнаўленнем тэхнiчнага арсеналу лiтаратуры, зменамi ў прынцыпах стварэння вобраза. Апошнi будуецца шляхам разлажэння прадметаў, з’яў аб’ектыўнай рэчаiснасцi на асобныя ўражаннi, aдчуваннi, перажываннi. Пiсьменнiк звяртаецца да перадачы самых тонкiх, ледзь улоўных, няўстоўлiвых чалавечых пачуццяў, пераменлiвых настрояў, хуткага пераходу ад аднаго псiхiчнага стану да другога.

У агульных рысах гэтая тэндэнцыя ў творчасцi К. Чорнага супадала са зваротам мастацкай лiтаратуры ў асобе яе вядучых прадстаўнiкоў да выяўлення падсвядомага, адкрытага З. Фрэйдам. Афармляецца новая форма пiсьма, дзе рухомыя, ледзь улоўныя настроi i адчуваннi атрымлiваюць права на прапiску. Па сутнасцi, дзеянне ў гэтых творах перанесена ва ўнутраную сферу, а знешнепадзейны план у агульнай плынi займае невялiкае месца. Мастакоў цiкавяць не столькi самi падзеi, колькi iх адбiтак у свядомасцi i псiхалогii герояў. Можна сказаць, што творы М. Пруста, Дж. Джойса – гэта i ёсць сама свядомасць, «вызваленне свядомасцi» (К. Юнг).

З’яўляецца новы тып псiхалагiзму – непасрэднае выяўленне працэсу думак, разважанняў, пачуццяў, фiксацыя асобных момантаў душэўнага стану. Сутнасць названых навацый у лiтаратуры Х. Артэга-i-Гасэт бачыць у «змяненнi перспектывы, пункту гледжання на старыя, манументальныя формы выяўлення псiхалогii, што складала змест рамана, i скрупулёзнай ўвазе да мiкрасвету пачуццяў, сацыяльных адносiн i характараў» [10, с. 245]. Сярод прыёмаў, што выкарыстоўваюцца мастакамi, адзiн з самых распаўсюджаных – прыём свабодных асацыяцый, апiсанне ўнутранай паслядоўнай узаемазалежнасцi разнастайных адчуванняў, меркаванняў. Пiсьменнiкi злучаюць аддаленыя ў часе ўспамiны, спалучаюць час лiрычны з часaм эпiчным, перадаюць суiснаванне ў чалавечай свядомасцi непасрэдных уражанняў i залежаў памяцi.

Па сутнасцi, гэта было працягам вялiкай традыцыi мастацтва слова да усё больш глыбокага, дакладнага, падрабязнага спасцiжэння мiкракосму чалавека. Выключная ўвага надаецца феномену памяцi, якая ўспрымаецца як своеасаблiвы масiў, сховiшча чалавечага мiнулага, што мае самадастатковае значэнне. Самакаштоўным прадметам мастацкага выяўлення становяцца ўнутраныя перажываннi асобы, а не падзеi навакольнага жыцця. Дамiнантай у стварэннi вобраза выступае самасвядомасць героя (раман «Сястра», апавяданнi са зборнiка «Пачуццi»). Мастакоў цiкавяць не столькi самi падзеi, колькi iх адбiтак у свядомасцi i псiхалогii герояў. Такая падрабязная фiксацыя асобных момантаў душэўнага стану герояў, зварот да выяўлення не толькi выразна акрэсленых думак i пачуццяў, але i ледзь улоўных, падсвядомых, былi працягам вялiкай традыцыi мастацтва слова да ўсё больш глыбокага, дакладнага спасцiжэння мiкракосму чалавека. Чорнаўскi псiхалагiзм – гэта нешта грандыёзнае, даводзiцца толькi здзiўляцца глыбiнi спасцiжэння пiсьменнiкам чалавечай душы. Пiсьменнiк шукаў найбольш прыдатныя шляхi выяўлення ўнутранага свету чалавека, i гэтыя пошукi прыводзiлi яго да вельмi цiкавых вынiкаў. Аднак К. Чорны, у адрозненне ад заходніх мадэрністаў (М. Пруст, В. Вулф), не займаецца фiласофскiм цi эстэтычным асэнсаваннем уласнай творчасцi.

Пры ўсёй адрознасцi знешнiх акалiчнасцяў жыцця i спецыфiчнасцi эстэтычных установак досыць вiдавочныя паралелi памiж творчасцю французскага пiсьменнiка М. Пруста (1871- 1922) i К. Чорнага. М. Пруст нарадзiўся ў заможнай сям'i, атрымаў выдатную адукацыю i г.д. Творчыя задачы М. Пруста былi чыста мастацкiмi, лiтаратурнымi, эстэтычнымi. Досвед К. Чорнага iншы: паходжанне з «самага дна беларускага жыцця-быцця», моцны ўплыў сацыяльных фактараў на творчасць.

Тым не менш, можна вылучыць i агульнае. Па-першае, гэта склад натуры абодвух пiсьменнiкаў, што абумоўлiвае пэўныя падыходы да жыцця, людзей, скiраванасць творчых iнтарэсаў. Абодва празаiкi былi надзвычай тонкiмi, ранiмымi людзьмi, з абвостранай пачуццёвасцю. У сваiм рамане «У пошуках страчанага часу» М. Пруст досыць шмат месца прысвяцiў развянчанню жорсткасцi, несправядлiвасцi, эгаiзму. Скразной iдэяй творчасцi К. Чорнага была iдэя чалавечнасцi, сцвярджэнне спагадлiвасцi, дабрынi памiж людзьмi. Пiсьменнiк балюча ўспрымаў любыя захады цiску на чалавека, занядбання яго пачуццяў. Адпаведна, самымi любiмымi персанажамi К. Чорнага, «рупарамi аўтарскiх iдэй», з'яўляюцца Маня Iрмалевiч, «сястра» для герояў, Радзiвон Цiвунчык, «шчыры чалавечнасцю» (раман «Сястра»), Кравец («Трэцяе пакаленне») i iнш.

Падабенства памiж К. Чорным i М. Прустам не толькi ў прынцыпах адлюстравання свядомасцi, але i ў самой канцэпцыi: сцвярджэннi самакаштоўнасцi чалавека, багацця i невычэрпнасцi яго ўнутранага свету. Аднак, калi М. Пруст iмкнуўся перадаць чытачу пэўны эмацыянальны настрой, перадаць адчуванне часу ў яго “чыстым выглядзе”, своеасаблiвае “прасвятленне”, перажытае пiсьменнiкам, то К. Чорны ўвогуле захоплены адкрыццём чалавека, складанасцю яго ўнутранай арганiзацыi. Да таго ж у беларускага празаiка дадавалiся сацыяльныя фактары: усведамленне неабходнасцi супрацьстаяць цiску на чалавека, iмкненню ператварыць яго ў “вiнцiк”, пазбавiць свабоды самавыяўлення, супрацьстаяць утылiтарнаму i прагматычнаму погляду на чалавека. Падобныя матывы гучаць у рамане «Сястра», апавяданнях «Сцены», «Трагедыя майго настаўнiка», «Справа Вiктара Лукашэвiча”.

Па-другое, М. Пруст з'яўляецца аўтарам арыгiнальнай паэтычнай тэорыi, дзякуючы якой пiсьменнiк спадзяваўся пераадолець супярэчнасць памiж рэальнасцю i марай, стварыць з iмгненных адчуванняў, перажыванняў мастацкi твор. Фiласофскiя i эстэтычныя разважаннi М. Пруста – неад'емная частка яго рамана. Французскага пiсьменнiка, як вядома, цiкавiла праблема часу. Празаiку належыць своеасаблiвая тэорыя памяцi, што адлюстравана ў структуры яго твора. Для М. Пруста, у адпаведнасцi з iдэямi А. Бергсона, успрыманне нейкiх з'яў, рэчаў, прадметаў звязана з памяццю, з мiнулым вопытам, бо кожнае ўспрыманне ёсць успамiн. Даследчыкi лiчаць знакамiты эпiзод з пiрожным мадлен iлюстрацыяй duree А. Бергсона, калi сучаснае, мiнулае i будучыня ўспрымаюцца як адно цэлае (дзеля справядлiвасцi трэба зазначыць, што М. Пруст адмаўляў уплыў А. Бергсона на сваю творчасць).

Такiм чынам, раман французскага пiсьменнiка – гэта яшчэ i своеасаблiвы паэтычны, фiласофскi манiфест, адлюстраванне, выяўленне, вытлумачэнне працэсу творчасцi. Сама ж творчасць, згодна М. Прусту, з'яўляецца цалкам iрацыянальнай, iнтуiтыўнай (работа М. Пруста, прысвечаная Ш. О. Сэнт-Бёву).

Для К. Чорнага актуальнымi былi iншыя праблемы. У яго творах адсутнiчаюць фiласофскiя разважаннi адносна прыроды мастацкай творчасцi i г. д. Аднак той жа феномен памяцi цiкавiць i К. Чорнага. Але ў беларускага пiсьменнiка ён разглядаецца ў кантэксце праблемы чалавека ўвогуле, як адно з праяўленняў, сведчанняў складанасцi ўнутранай арганiзацыi чалавека. Тут можна ўзгадаць эпiзод з апавядання «Пачуццi» К. Чорнага, калi варанае шчаўе выклiкае лiтаральна буру ў пачуццях героя. Памяць вяртае яго ў мiнулае, калi памерла сястра i таксама стаяў посуд з вараным зеллем. Герой да драбнiц узгадвае свае тагачасныя адчуваннi, думкi, жаданнi, нават пахi. Мiнулае i сучаснае злiваюцца ў адно цэлае. Падобны прыём досыць часта выкарыстоўваецца К. Чорным.

Такiм чынам, у наяўнасцi як вiдавочная паралель з бергсонаўска-прустаўскай канцэпцыяй часу (пра непарыўнасць часу), так i падабенства ў прынцыпах адлюстравання свядомасцi чалавека. Памяць, успамiн у М. Пруста i К. Чорнага не з'яўляюцца вынiкам работы iнтэлекта. Успамiн, як правiла, носiць выпадковы характар, ён можа быць абумоўлены самымi рознымi знешнiмi фактарамi. Нейкая асацыяцыя выклiкае шквал пачуццёвых, эмацыянальных рэакцый. Вытлумачэнне гэтых рэакцый, эмоцый, iмпульсаў, згодна М. Мамардашвiлi, ёсць «пачатак iндывiдуалiзацыi свету» [11, с. 157].

М. Пруст з'яўляецца адным з самых выдатных прадстаўнiкоў лiтаратурнага iмпрэсiянiзму. Рысы iмпрэсiянiстычнай паэтыкi таксама адчувальныя ў мастацкiм стылi К. Чорнага 20-х гадоў.

Падабенства памiж мастацкай практыкай французскага i беларускага пiсьменнiка i ў тым, што для абодвух актуальным было менавiта iнтуiтыўнае спасцiжэнне рэчаiснасцi (у творчасцi К. Чорнага гэта тэндэнцыя найбольш выразна выяўлена ў 20-х гадах 20 стагоддзя).

Даследчыкi характарызуюць названыя працэсы як iмкненне лiтаратуры да прасторавай формы. Так, Д. Фрэнк сутнасць эвалюцыi эстэтычнай формы сучаснага рамана тлумачыць на аснове аналагiчных працэсаў у паэзii: «Замест iнстынктыўнага, непасрэднага суаднясення слоў i фрагментаў з прадметамi i падзеямi, абазначэннямi якiх яны з’яўляюцца, калi значэнне ўзнiкае як вынiк паслядоўных актаў знешняй рэферэнцыi, сучасная паэзiя прапануе затрымаць гэты працэс знешняга ўпарадкавання, пакуль сiстэма ўнутраных рэферэнцый не будзе ўсвядомлена як адзiнае цэлае» [12, с. 203].

Мастацкiя задачы, што iмкнуўся сцвердзiць К. Чорны пры напiсаннi сваiх твораў, безyмоўна, адрознiвалiся ад творчых установак заходнiх лiтаратараў.

М. Пруст жадаў данесцi адчуванне часу ў яго чыстым выглядзе, перадаць каштоўнасць перажытых iм момантаў пераадолення часу праз духоўныя высiлкi. Пiсьменнiк неаднойчы пiсаў, што яго твор павiнен «увасобiць форму, якая звычайна застаецца нябачнай, форму часу». М. Пруст адыходзiць ад лiнейнай паслядоўнасцi ў апiсаннi. Ён пaказвае сваiх герояў у розныя перыяды iх жыцця, апускаючы вялiкiя часавыя прамежкi. Намаганнi ж Дж. Джойса былi накiраваны на свядомую трансфармацыю раманнай формы (мастак iмкнуўся стварыць сучасны эпас, дзе б прысутнасць аўтара амаль не адчувалася). Беларускi празаiк у сваёй творчасцi кiраваўся жаданнем перадаць багацце i разнастайнасць унутранага свету чалавека, сцвердзiць каштоўнасць любых, нават самых няўлоўных рухаў чалавечай свядомасцi, сцвердзiць самакаштоўнасць чалавека ўвогуле.

Трэба сказаць, што беларускi пiсьменнiк кiраваўся не толькi творчымi задачамi. Да чыста мастацкiх у яго дадавалiся i сацыяльныя: сцвердзiць, насуперак набiраўшай моц тэндэнцыi унiфiкацыi чалавека, ператварэння яго ў «вiнцiк», значнасць, складанасць чалавечай асобы. Гэтыя творчыя ўстаноўкi розных мастакоў прыводзiлi да аднолькавых вынiкаў – пашырэння выяўленчых магчымасцей прозы, навацый у галiне прынцыпаў i прыёмаў адлюстравання.

Такiм чынам, пошукi заходнiх лiтаратараў i К. Чорнага – тыпалагiчна роднасныя з’явы. Пiсьменнiкi iмкнулiся да пашырэння аб’ёму i формаў даследавання рэчаiснасцi.

Навацыi К. Чорнага звязаны i са змяненнем структурнай ролi дыялогу, якi дазваляе перадаць саму плынь жыцця, данесцi яго шматстайнасць, цякучасць. Падобны падыход вылучаў i У. Фолкнера. Скрупулёзнае, падрабязнае ўзнаўленне гаворак герояў – iмкненне пiсьменнiкаў да як мага больш поўнага пранiкнення ў быццё. Падабенства памiж творамi амерыканскага i беларускага празаiкаў – i ў лакальнасцi, аўтаномнасцi дзеяння. К. Чорны неаднойчы паўтараў, што яму ўсё жыццё хопiць апiсваць свае родныя Цiмкавiчы i iх жыхароў. Аналагiчныя прызнаннi выказваў У. Фолкнер.

Мы можам сцвярджаць, што падобныя навацыi К. Чорнага былi вынiкам яго натуральнага мастацкага развiцця, выражэннем унутраных духоўных запатрабаванняў. К. Чорны iнтуiцыйна ўлоўлiваў тэндэнцыi эвалюцыi сучаснай яму лiтаратуры. Падабенства з творамi названых заходнiх пiсьменнiкаў тут тыпалагiчнае.

Сказанае пацвярджае, што ў асобе К. Чорнага айчынная лiтаратура мае пiсьменнiка сусветнага (не пабаiмся гэтага вызначэння) узроўню, мастака надзвычай чуйнага, адоранага, якi iнстынктыўна ўлоўлiваў тыя тэндэнцыi, што вылучалi развiццё сучаснай яму сусветнай лiтаратуры. А ў многiм i апярэджваў свой час.


1   2   3   4   5   6   7   8


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка