Тэма 1 Кампаратывістыка, яе сутнасць




старонка2/8
Дата канвертавання16.03.2016
Памер1.42 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8

2.2 Трагізм як аснова светаадчування Янкі Купалы

“Я – шлях, якому век няма спакою”. Гэтыя словы найвыразней характарызуюць самаадчуванне Я. Купалы. Дз. Санюк падкрэслівае: “Касмічнае “я” Купалы пазначана асаблівай сілай трагічнага адчування. Яно наскрозь трагіцэнтрычнае… Мастацкую прастору купалаўскага тэксту арганізуюць іменна з’явы высокага экстрэмальнага парадку (страх-жах-пакута-смерць-трагедыя-катастрофа), што сведчыць пра Купалу як пра трагічнага паэта, як пра талент апакаліптычны (Шэкспір і Дастаеўскі). Дыянісізм штурхае яго да богаборства, дэманізму, страснай экзальтацыі. Такога шэкспіраўскага размаху страсці ўвогуле цяжка знайсці ў нашай літаратуры” [4, с. 36]. Свет у творах Я. Купалы малюецца таямнічым, варожым («На прызбе», «Сон», «Званы», “У хорамах», «Млечны шлях»). Трэба адзначыць, што трагічнае светаадчуванне, пачуцці песімізму, нігілізму, расчаравання ў чалавеку ўвогуле былі характэрны ў гэты час для еўрапейскай літаратуры (творы Ф. Кафкі, Б. Брэхта).

«Алагізм, пэўная незразумеласць свету і ўсяго таго, што ў ім адбываецца, складанасць і загадкавасць чалавека з яго прыхаванымі, магутнымі і супярэчлівымі сіламі ў выключнай ступені ўласцівы і творам Я. Купалы “смаленскага цыкла” [2, с. 6], – адзначае І. Штэйнер.

Уражвае выключны трагiзм абставiн i сiтуацый, алагiчнасць учынкаў герояў твораў Янкі Купалы гэтага перыяду («Забытая карчма», «Буслы», «Рунь», «Першы снег»), што дало падставу нашым даследчыкам гаварыць аб незвычайным душэўным крызiсе паэта. І. Штэйнер адзначае: «Творы Я. Купалы, аб'яднаныя ў адзінае цэлае, лёгка паддаюцца не адной, а некалькім інтэрпрэтацыям. Сапраўды, іх з'яўленне ў надзвычай складаны для Радзімы час, нечаканы нават для паэта трагічнага светаўспрымання змест — сын забівае бацьку («Забытая карчма», «Рунь»), брат – брата («Першы снег»), буслы – свайго слабейшага таварыша, які, не ўсведамляючы таго, з'яўляецца сімвалам кахання і надзеі («Буслы»), гісторыя іх стварэння можа абудзіць думкі аб пэўным ідэйным крызісе паэта, яго глыбокім песімізме, страце веры у чалавека. (Дарэчы, аб гэтым гавораць практычна ўсе купалазнаўцы.)» [2, с. 4].

Спрабуючы разгадаць загадку гэтага перыяду творчасцi Я. Купалы, I. Ф. Штэйнер (раздзел «Баладныя пошукi Радзiмы: «Смаленскi цыкл» Я. Купалы i баладыстыка Т. Траянава i М. Крлежы» у манаграфіі “Deja vu, або Успамiн пра будучыню”) звяртаецца да мастацкага вопыту балгарына Т. Траянава i харвата М. Крлежы. Вучоны прыходзiць да высноў, што названыя вершы беларускага паэта з'яўляюцца баладамi, дзе, у адпаведнасцi з трагiчным i катастрафiчным часам першай сусветнай вайны i рэвалюцый, Я. Купалам у пачуццёва завостранай, гратэскавай форме асэнсоўваецца «праблема Радзiмы, яе мiнулага i перспектыў далейшага развiцця» [2, с. 7].

Дз. Санюк гаворыць пра эгацэнтрызм купалаўскай творчасці:

Сярод магіл, на плечы ўзняўшы крыж свой, стану.

Як пасланец з магіл ад спячых там прарокаў.

І ўдаль сягну, дзе толькі можа сягнуць вока,

І скрозь туды, дзе вольнай думкаю дастану [6, с. 17].

Купала – сама бура, ураган, землятрус: “Я – шлях, якому век няма спакою”.

Пра трагічнасць светаадчування паэта сведчыць і тое, што “для Купалы ў многім хаос з’яўляецца дамінуючай катэгорыяй. У паэта шмат няпэўнасцей ў тэксце, нейкай надзвычайнай няяснасці, проста пропускаў аргументацыі… Свет паўстае ва ўсёй сваёй неразгаданай таямнічасці, ва ўсёй сваёй змястоўнай і парадаксальнай шматмернасці” [4, с. 63].

Тэма варожасці сусвету да чалавека – адна са скразных у творчасці Янкі Купалы. Беларускі паэт зрабіў значны ўклад у мастацкую распрацоўку праблемы року (“Адвечная песня”, “Сон на кургане”). Тут мы наглядаем выразныя набліжэнні творчасці Янкі Купалы і заходнееўрапейскіх пісьменнікаў (Г. Ібсен “Прывіды”, С. Пшыбышэўскі “Снег”, А. Камю “Паморак”, Ф. Кафка “Працэс”). Так, С. Пшыбышэўскі ў прадмове да рускага выданя сваіх твораў пісаў: «У «Даліне слёз» – гэта ўся туга і нікчэмнасць жыцця, цэлае пекла пакут, смутку, расчараванняў «бедной юдоли» і зноў усё больш моцная прага вызвалення і сум «не от мира сего», якая тушыць страсці і імкнецца недзе да іншага, незвычайнага жыцця» [7, с. 9].

Пытанні жыцця і смерці ў творчасці Янкі Купалы і пісьменнікаў-экзістэнцыялістаў. Янка Купала і Кнут Гамсун: блізкасць светаадчування, бачання свету.


2.3 Янка Купала і сімвалізм

Сімвалізм – адзін з самых значных літаратурных напрамкаў, станаўленне якога прыпадае на 60-я – 80-я гады 19 стагоддзя. Найбольш поўна пытанне “Я. Купала і сімвалізм» распрацавана П. Васючэнкам. Даследчык адзначае: “Лiтаратурная Беларусь на пачатку 20 стагоддзя апынулася ў цэнтры магутнага ўздзеяння еўрапейскага сiмвалiзму i асвойвала творчы досвед адразу некалькiх сiмвалiсцкiх школ” [5, с. 97].

Перш за ўсё, неабходна адзначыць уплыў скандынаўскага сімвалізму на творчасць беларускіх пісьменнікаў: “Надзвычайная папулярнасць нарвежскiх аўтараў на прыканцы ХIХ – на пачатку 20 ст. праявiлася i ў беларускiм лiтаратурным жыццi. Гiстарычны лёс Беларусi шмат у чым блiзкi цi нават тоесны лёсу Нарвегii. На працягу некалькiх стагоддзяў Нарвегiя знаходзiлася ў стане каланiяльнай або напаўкаланiяльнай залежнасцi ад Швецыi. Нарвежская мова пацярпела ад жорсткай асiмiляцыi дацкай мовай” [5, с. 98]. Так, матыў трансцэдэнтнага, мiстычнага падарожжа ў шэрагу твораў Г. Iбсена перагукаецца з аналагічнымі матывамi ў творах беларускiх аўтараў, у прыватнасцi “Сон на кургане” Я. Купалы. Героі выпраўляецца ў своеасаблівую трансцэндэнтную вандроўку, ідучы ўслед за мiстычным поклiчам, якi, апроч героя, не чутны нiкому.

Гэтае падарожжа завяршаецца вяртаннем. Вяртанне – матыў, які быў характэрны не толькi для лiтаратуры, але i для фiласофii канца ХІХ – пачатку 20 ст. Так Пер Гюнт вяртаецца да сваёй Сольвейг – жанчыны, што сімвалізуе адвечнае чаканне, вернасць, пяшчоту. Купалаўскi Сам, “прайшоўшы ўсе этапы трансцэндэнтнага пошуку (сон-летарга, змаганне з Чорным за закляты скарб, вяселле на пажарышчы, баль у шынкоўнi), знаходзiць кабету, што замерла ля парога шынка, i пазнае ў ёй сваю жонку” [5, с. 98].

Трэба адзначыць, што ў кожнай з названых версiй вяртання вобраз жанчыны як правіла непасрэдна звязаны з Бацькаўшчынай, роднай зямлёй, што ўвасабляе трывалую жыццёвую аснову.

П. Васючэнка падкрэслівае таксама, што значны ўплыў на вторчасць Я. Купалы мелі пошукі прадстаўнiкоў так званай “кракаўскай школы”, лiтаратараў, якiя аб'ядналiся ў суполку “Маладая Польшча” (С. Пшыбышэўскi, С. Выспянскi ды iншыя): “Часам творчыя набыткi гэтых лiтаратараў трактуюцца даследчыкамi як чыстая эстэтычная навацыя, iзаляваная ад грамадскiх працэсаў. Але iдэi польскага месiянiзму пранiкалi i ў творчасць кракаўскiх авангардыстаў. Далейшая iх трансфармацыя i актуалiзацыя назiралiся ў “нашанiўскiм” асяродку” [5, с. 99]. Вядома, які ўплыў на Я. Купалу мела драматургiя С. Пшыбышэўскага, асаблiва яго драмы “Залатое руно” i “Снег”: “У вершы “Снег”, напiсаным Я. Купалам пасля прагледжанага спектакля з аднайменнай назвай, прачытваюцца зашыфраваныя акалiчнасцi асабiстага жыцця беларускага паэта. У “Вяселлi” С. Выспянскага i шэрагу паэм i п'ес Я. Купалы (“Сон на кургане”, “Паўлiнка”, “Яна i я”, “Тутэйшыя”, “Раскiданае гняздо”, “Безназоўнае”) гэта асабiстае, iнтымнае выступае як грамадскае, агульнанацыянальнае. Вобраз-сiмвал вяселля асэнсоўваецца як адменнiк нацыянальнай перамогi, здабыцця Беларуссю-нявестай незалежнасцi” [5, с. 99]. П. Васючэнка піша таксама пра ўздзеянне прадстаўнiкоў рускага сiмвалiзму з “блокаўскага кола” (В. Брусаў, Л. Андрэеў, А. Белы, Ф. Салагуб) на творчае сталенне беларускага паэта. Менавiта названых аўтараў угадвае Я. Купала, калi пiша ў аўтабiяграфiчным лiсце да Л. Клейнбарта пра сваё захапленне дэкадэнцтвам.

Як вядома, найбольш трывалыя мастацкія сувязі склалiся ў Я. Купалы з В. Брусавым. Паэты пазнаёміліся ў Вiльнi. В. Брусаў цiкавіўся ўсім экзатычным. Адпаведна, беларускую лiтаратуру ён разглядаў як нейкі рарытэт. П. Васючэнка піша пра міфалагічныя матывы ў творах абодвух пісьменнікаў, заўважаючы пры гэтым, што “цiкавасць рускага i беларускага паэтаў да мiфалагiчнай даўнiны мела розныя вытокi. В. Брусаў глядзеў на яе вачыма кнiжнiка. Мiфалагiзм Я. Купалы шмат у чым аўтэнтычны, першародны” [5, с. 99].

Творчасць паэтаў “блокаўскага кола” вылучалася эзатэрычнымi пошукамі, суцэльным самаабагаўленнем. Яна была звязана з ідэямі новай рускай фiласофскай школы. “Рускi сiмвалiзм скарыстоўваў артэфакты, абумоўленыя месiянскiм i апакалiптычна-правiдэнцыйным светабачаннем. Такi лад мастацкага мыслення быў далёкi ад беларускай культурнай сiтуацыi” [5, с. 100].

Таксама можна правесці паралелі паміж творчасцю Янкі Купалы і рускага сімваліста Л. Андрэева (“Жыццё чалавека”): “Купалаўская версiя чалавечага жыцця, адлюстраваная ў драматычнай паэме “Адвечная песня”, супадае з андрэеўскай паводле унiверсалiзму канцэпцыi, звязанай з непераадольнасцю абставiнаў, экзiстэнцыйным фатумам. Але Чалавек у Купалы – Мужык, носьбiт зямнога, хтанiчнага пачатку быцця. Ён жыве ў кантакце з iншымi стыхiямi i сiламi Сусвету, мусiць падпарадкоўвацца iм, але на прыканцы твора робiць звышспробу вырвацца з замкнёнага кола” [5, с.100]. Далей даследчык працягвае: “Адбываецца характэрны для Я. Купалы прарыў у сферу трансцэндэнтнага пошуку. “Адвечная песня”, адрозна ад “Жыцця Чалавека”, паводле жанру – не драма-прыпавесць, а драма-мiстэрыя [5, с. 100].

Параўнанне сiмвалiчных твораў беларускiх лiтаратараў з адпаведнымi з'явамi еўрапейскага лiтаратурнага арэалу дазволіла П. Васючэнку зрабіць выснову пра нацыянальную спецыфiку беларускай мадэлi сiмвалiзму, яе сувязь з iдэалагемамi “нашанiўства”, пра яе вiтальнасць i адраджэнства – “антыдэкадансныя” прыкметы стылю.


Літаратура:

  1. Тычына, М. Карані: культуралагічны дыскурс [Тэкст] / М. Тычына // Нарысы беларуска-ўкраiнскiх лiтаратурных сувязей: Культурна-гістарычны і літаратуразнаўчы аспекты праблемы [Тэкст]. – Мн. : Беларуская навука, 2002. – С. 10 – 64.

  2. Штэйнер, І. Deja vu, або Успамiн пра будучыню [Тэкст] / І. Штэйнер. – Мн. : ЛМФ “Нёман”, 2003. – 144 с.

  3. Максімовіч, В. Эстэтычныя пошукі ў беларускай літаратуры пачатку 20 стагоддзя [Тэкст] / В. Максімовіч. – Мн. : Аракул, 2000. – 351 с.

  4. Санюк, Дз. Эстэтыка творчасці Янкі Купалы / Дз. Санюк. – Мн. : “Беларускі кнігазбор”, 2002. – 212 с.

  5. Васючэнка, П. Беларуская лiтаратура пачатку 20 стагоддзя ў кантэксце еўрапейскага сiмвалiзму [Тэкст] / П. Васючэнка // Скарыназнаўства, кнiгазнаўства, лiтаратуразнаўства: матэрыялы Ш Мiжнар. кангрэса беларусiстаў «Беларуская культура ў дыялогу цывiлiзацый» (Мiнск, 21 – 25 мая, 4 – 7 снежня 2000 г.). – Мн. : “Беларускі кнігазбор”, 2001. – С. 96 – 101.

  6. Купала, Я. Поўны збор твораў: у 9 т. Т.4. – Вершы, пераклады 1915 – 1929 [Тэкст] / рэд. тома І. Багдановіч. – Мн. : Маст. літ., 1997. –– 446 с.

  7. Пшибышевский, С. Полн. собр. соч. Т. 1 [Текст] / С. Пшибышевский. – М., 1905. – С. 3 – 9.


Тэма 3 Максім Багдановіч як класічны прадстаўнік паэзіі “чыстай красы”
3.1. М. Багдановіч і сусветная літаратура

3.2 Экзістэнцыяльныя матывы ў творчасці М. Багдановіча

3.3 М. Багдановіч і мадэрнізм
3.1 М. Багдановіч і сусветная літаратура

М. Багдановіч – прадстаўнік паэзіі “чыстай красы”, яго творчасць ад самага пачатку ацэньвалася як паэзія прыгожага, самых тонкіх і інтымных чалавечых пачуццяў, перажыванняў і адчуванняў. А. Лойка адзначае: “Максім Багдановіч сапраўднай ідэяй свайго жыцця, творчага прызначэння свядома выбраў ідэю служэння высокай мастацкасці, прыгожай форме, майстэрству яе стварэння, прывіцця роднай літаратуры эстэтычнага вопыту высокаразвітых літаратур” [1, с. 40].

Менавіта М. Багдановіч першым загаварыў пра неабходнасць вывучэння беларускай літаратуры ў кантэксце сусветнай, што абумоўлівалася патрэбамі нацыянальнага самавызначэння.

М. Багдановіч – пісьменнік высокай мастацкай культуры, яго творчасць мае шмат агульнага з творчасцю сусветных прадстаўнікоў літаратуры 20 стагоддзя. В. Максімовіч падкрэслівае: “Прысутнасць шматлікіх кантэкстаў і культурных эпох у творчасці М. Багдановіча відавочная. Антычная і нацыянальная міфалогія, класічныя традыцыі сусветнай паэзіі, новыя этыка-філасофскія адкрыцці літаратуры памежжа стагоддзяў – усё гэта фарміравала агульную светапоглядную і эстэтычную сістэму беларускага паэта” [2, с. 218].

Калі гаварыць пра “ўплывы” на творчасць М. Багдановіча, то трэба, перш за ўсё, назваць антычную літаратуру, творы рускіх паэтаў А. Пушкіна, Ф. Цютчава, А. Фета, пісьменнікаў “рубяжа” стагоддзяў (В. Брусава, К. Бальманта, А. Блока), П. Верлена, Ш. Бадлера, А. Рэмбо. “Умоўна можна прызнаць, што М. Багдановіч быў вучнем названых паэтаў. Але такім, які ні разу не паўтарыў сваіх настаўнікаў, наблізіўшыся да ідэалу паэта паводле П. Верлена”, – адзначае Ул. Конан [3, с. 103]. Таксама нельга не пагадзіцца з наступным выказваннем даследчыка: “…выдатны мастак слова стварае свой паэтычны свет, сваю непаўторную паэтыку, а вопыт іншых яму карысны хіба што ў сэнсе нейкага “штуршка” для ўласнага паэтычнага ўзрушэння” [3, с. 124].

Тыпалагічныя сыходжанні паміж творчасцю М. Багдановіча і рускіх сімвалістаў падрабязна разгледжаны Ул. Конанам [3], П. Васючэнкам [4], В. Максімовічам [2], Т. Чабан [5].


3.2 Экзістэнцыяльныя матывы ў творчасці М. Багдановіча
У творчасці М. Багдановіча істотнае месца займаюць так званыя “адвечныя” пытанні. Вызначальная тэма зборніка “Вянок”тэма Жыцця і Смерці. Як адзначае Т. Чабан, гэта тэма пранізвае кожную нізку зборніка: прырода і смерць (“У зачарованым царстве”), гісторыя і смерць (“Старая Беларусь”), радзіма і смерць (“Думы”), горад і смерць (“Места”), мастацтва і смерць (“Вольныя думы”, “Старая спадчына”) [5, с. 469].

На мяжы стагоддзяў у літаратуры, культуры ўвогуле асаблівую моц набылі апакаліптычныя настроі, адчуванне трагічнасці чалавечага быцця, хуткаплыннасці часу, “канца веку”. Такія настроі праявілася і ў паэзіі М. Багдановіча. Гэтаму спрыяла і разуменне М. Багдановічам трагічнасці ўласнага лёсу. В. Максімовіч тлумачыць гэта “імкненнем асобы, якая тонка і балюча ўсведамляе сваю зямную планіду, вызначыць свой быццёвы статус” [2, с. 188].

Вершы М. Багдановіча – пра чалавека, яго сутнасць і прызначэнне. Кульмінацыя гэтай праблемы – цыкл “Каханне і смерць”, незакончаны цыкл “Эрас” і блізкія да іх творы. “Па сутнасці, паэзія М. Багдановіча – пратэст супраць смерці, нявечнасці, выклік няўмольнаму часу, прыроднаму парадку светабудовы: (“Жывеш не вечна, чалавек, перыжыві ж ў момант век!”) [5, с. 470].

Ніхто ў беларускай паэзіі так, як М. Багдановіч, не здолеў апісаць адчуванні цяжарнай Жанчыны. Аналагаў гэтаму феномену цяжка адшукаць і ў сусветнай літаратуры: “Пра каханне Жанчыны ў паэта напісаліся не песні, а паэтычныя драмы і трагедыі. У жаночым абліччы трагічная наканавасць чалавечага быцця адкрываецца больш відавочна” [3, с. 130].

Своеасаблівую інтэрпрэтацыю набывае ў творчасці М. Багдановіча і вобраз Мадонны. Мадонна – традыцыйны вобраз мастацтва і літаратуры: “Вобраз Мадонны – адвечны, глыбокі і загадкавы вобраз рэлігіі, мастацтва, літаратуры, ідэал высокай красы, спасцігнуць які імкнуліся Рафаэль і Мікельанджала, Дантэ і Петрарка, Пушкін і Дастаеўскі” [5, с. 511]. Такім чынам беларускі паэт уносіў сваё, індывідуальнае, у тлумачэнне “адвечнага” вобразу: “Каханне і смерць” – гэта своеасаблівае “Евангелле ад Мадонны” – унікальнае ў сусветнай літаратуры духоўна-эстэтычнае адкрыццё М. Багдановіча” [5, с. 515].
3.3 М. Багдановіч і мадэрнізм

В. Максімовіч адзначае: “…беларускі мадэрнізм не ёсць толькі вынік пераапрацоўкі знешніх уздзеянняў, а глыбока ўкаранёны ў сваё прамацернае ўлонне, лагічны працяг усяго папярэдняга развіцця” [2, с.185]. Пра мадэрнісцкія тэндэнцыі ў творчасці М. Багдановіча сведчыць ужо нават выява Лебедзя, змешчаная на вокладцы зборніка “Вянок”. Сімвал Лебедзя – не толькі герб Магдалены Радзівіл, фундатаркі зборніка, але і “знак прыгажосці, адзін з ключавых сімвалаў мадэрнізму, яго эмблематычны вобраз, які сімвалізуе Боскае Натхненне, што параджае Красу-Паэзію. У сусветнай “мадэрнісцкай” традыцыі сімвал Лебедзя мае некалькі значэнняў. Лебедзь Вагнера – гэта лебедзь захаду, змяркання. У М. Багдановіча – сімвал прадвесця, світання, што ўзыходзіць да элінічнай традыцыі, дзе ён звязаны з вобразам святла ўвогуле (Зеўс, Юпітэр). Знак пытання” [2, с. 188].

Карані мадэрнізму – гэта і эстэтыка панэстэтызму, культ Красы, уяўленне аб абсалютнай аўтаномнасці і самакаштоўнасці мастацтва. “Панэстэтызм – гэта ўяўленне аб эстэтычным як аб глыбіннай сутнасці свету, гэта асэнсаванне і ўспрыманне свету ў эстэтычных катэгорыях” [2, с. 188]. Да мадэрнізму творчасць М. Багдановіча набліжаецца па наступных параметрах. Перш за ўсё, гэта абагаўленне Красы. Краса ў беларускага паэта выступае як усеагульная, глабальная катэгорыя. А менавіта эстэтызацыя Хараства – адна з істотных адзнак мадэрнізму. Паняцце Красы, прыгажосці набыло гучанне ўсеагульнай, глабальнай катэгорыі, стала прадметам абагаўлення. І побач з гэтым абагаўленнем красы – матывы скону, красы смерці, спакушэння смерцю. Паказальны ў гэтым сэнсе цыкл М. Багдановіча “Каханне і смерць”. “У паэзii М. Багдановiча навiдавоку матывы эстэтызацыi хворасцi, нямогласцi, завядання. Пранiкнёнае адчуванне крохкасцi ўсяго жывога, хуткага прамiнання красы i разам з тым клопат пра музыкальнасць радка, адмысловую насычаную асацыятыўнасць – усё гэта ўваходзiць у мастацкi свет М. Багдановiча. Цыкл “У зачараваным царстве” выяўляе таксама моманты iрацыянальна-мiстычнага погляду на светабудову. Нiзка “Каханне i смерць” адпаведна сталай традыцыi сiмвалiзму гранiчна зблiжае архетыпы Эрасу i Танатасу”, – адзначае П. Васючэнка [4, с. 97].

Істотнай адзнакай мадэрнізму з’яўляецца супрацьпастаўленне прыроды і культуры. Што тычыцца беларускага паэта, то, як заўважае В. Максімовіч, “у М. Багдановіча мы не назіраем дуалістычнага супрацьстаяння прыроды і культуры, хаосу і космасу. Хутчэй у яго паэзіі адбілася ідэя іх злітнасці, узаемаабумоўленасці, згарманізаванасці” [2, с. 190]. (Нізка “У зачараваным царстве”).

Таксама беларускія вучоныя пішуць пра ўплыў на М. Багдановіча так званых “праклятых” паэтаў Францыi – Ш. Бадлера, А. Рэмбо, П. Верлена, С. Маларме. Найбольш поўна гэта пытанне распрацавана П. Васючэнкам [4]. М. Багдановiча называюць “верленiстам” ужо толькi за пераклад дваццаці двух вершаў П. Верлена на беларускую мову. Універсальнай мадэллю светабудовы выступае ў творах М. Багдановіча Эротыка.

Можна гаварыць пра блізкасць светаадчування П. Верлена і М. Багдановіча. Заўважаючы, што “верленаўскі паэтычны свет як бы балансаваў на трагічнай мяжы разрыву эстэтычнага і этычнага, паміж трагічным гуманізмам і дэкадэнцтвам” [2, с. 203], В. Максімовіч мяркуе, што гэта мяжа няўхільна прыцягвала ўвагу М. Багдановіча, але за якую ён не перайшоў: “Яму (Багдановічу – А. М.) была чужой і ўнутрана непрымальнай пропаведзь сатанінскага амаралізму, ніцшэанства, таму што яны знішчаюць красу” [2, с. 204]. Але, разам з тым, М. Багдановіча і П. Верлена родніць “раскрыжаванасць паміж язычніцтвам і хрысціянствам” (В. Максімовіч).

Вобраз каханай неадлучны ў М. Багдановіча ад вобраза Маці. Як і ў А. Блока. В. Максімовіч заўважыў: “Багдановіч усё жыццё захоўваў сімвалічную вернасць мацеры” [2, с. 207].

Але ў паэзii М. Багдановiча гучаць i бадзёрыя галасы, што здымаюць “праклёны” дэкадансу. Гэта – паэтычны вiталiзм, адраджэнцкi пафас i славутыя рэнесансныя вобразы Мадонаў. “М. Багдановiч, – па словах П. Васючэнкі, – спрычынiўся да стварэння адметнай нацыянальнай мадэлi сiмвалiзму, у якой дэкадансныя настроi пераплятаюцца з рэнесансавымi” [4, с. 97].

Светапоглядная сістэма М. Багдановіча блізкая да “філасофіі жыцця”. Жыццё, згодна беларускаму паэту, спасцігаецца не праз розум, а праз інтуіцыю, а само жыццё – гэта багацце шматстайных адчуванняў i перажыванняў. Культ стыхіі, інтуітыўнага, спантаннага – паказальная рыса мадэрнізму. М. Багдановіч імкнецца перадаць багацце чалавечых настрояў, непаўторнасць непасрэдных уражанняў, разнастайнасць станаў прыроды.

Уплыў неаязычніцтва Ф. Ніцшэ на светапоглядную сістэму М. Багдановіча: “Ідэя высокай эстэтычнай значнасці і жыццёвай самакаштоўнасці “язычніцкага” з’яўлялася важнейшым культурным сімвалам для свядомасці мадэрністаў” [2, с. 204]. Алюзіі да ідэй Ф. Ніцшэ ў вершы “Д. Д. Дзябольскаму” (ідэя “вечнага вяртання”). В. Максімовіч падкрэслівае: “Паэтыка-філасофская сістэма М. Багдановіча, на нашу думку, выяўляе даволі блізкае падабенства з ідэямі “ніцшэанства”, у нечым нагадваючы іх мастацкае пералажэнне. У прыватнасці, цыкл “У зачарованым царстве” ўспрымаецца ў гэтай сувязі як рэпрадуктаваны варыянт міфалагемы ўваскрасення і памірання бога…” [2, с. 192].

Слушнымі падаюцца словы В. Максімовіча: “Выяўляючы генетычную сувязь “міфалогіі” Багдановіча з французскім, з еўрапейскім у цэлым неаязычніцтвам (комплекс ідэй Ніцшэ), варта падкрэсліць, што Багдановічава ідэалогія і эстэтыка неаязычніцтва маюць іншыя сэнс і арыенціры, якія напрамую выражаюць унутраную патрэбу ўласнай культуры” [2, с. 204]. М. Багдановіч выступаў апалагетам нацыянальнай беларускай культуры.

Відавочны ўплыў імпрэсіянізму ў паэзіі М. Багдановіча. У вершах паэта перададзены асабістыя ўражанні ад навакольнай рэчаіснасці, прыродных з’яў, адценні і нюансы чалавечых настрояў.

М. Багдановіч стаў заснавальнікам пэўнай традыцыі ў нацыянальнай літаратуры. Яго набыткі адчувальныя ў вершах Ул. Дубоўкі, Ул. Жылкі, Т. Кляшторнага, Я. Пушчы, Н. Арсенневай, А. Разанава, Э. Акуліна.
Літаратура:


  1. Лойка, А. Паэт нараджаецца не аднойчы [Тэкст] // Багдановіч М. Поўны збор твораў: у 3 т. Т.1. – Вершы, паэмы, пераклады, наследаванні, чарнавыя накіды. – Мн. : Навука і тэхніка, 1991. – С. 7 – 51.

  2. Максімовіч, В. Эстэтычныя пошукі ў беларускай літаратуры пачатку 20 стагоддзя [Тэкст] / В. Максімовіч. – Мн. : Аракул, 2000. – 351 с.

  3. Конан, Ул. Святло паэзіі і цені жыцця: Лірыка Максіма Багдановіча [Тэкст] / Ул. Конан. – Мн. : Маст. літ., 1991. – 208 с.

  4. Васючэнка, П. Беларуская лiтаратура пачатку 20 стагоддзя ў кантэксце еўрапейскага сiмвалiзму [Тэкст] / П. Васючэнка // Скарыназнаўства, кнiгазнаўства, лiтаратуразнаўства: матэрыялы Ш Мiжнар. кангрэса беларусiстаў «Беларуская культура ў дыялогу цывiлiзацый» (Мiнск, 21 – 25 мая, 4 – 7 снежня 2000 г.). – Мн. : “Беларускі кнігазбор”, 2001. – С. 96 – 101.

  5. Чабан, Т. Космас “Вянка” [Тэкст] / Т. Чабан // Максім Багдановіч. Поўны збор твораў: у 3 т. Т.1. Вершы, паэмы, пераклады, наследаванні, чарнавыя накіды. – Мн. : Навука і тэхніка, 1991. – 752 с.



Тэма 4. Творчасць Максіма Гарэцкага і наватарскія тэндэнцыі ў літаратуры пачатку 20 стагоддзя
4.1 М. Гарэцкі і “філасофія жыцця”

4.2 М. Гарэцкі і мадэрнізм

4.3“На імперыялістычнай вайне” М. Гарэцкага і літаратура “страчанага” пакалення
4.1 М. Гарэцкі і “філасофія жыцця”

М. Гарэцкаму айчынныя проза абавязана ўзмацненнем філасофскага гучання, паглыбленнем псіхалагізму, жанраваму і стылёваму ўзбагачэнню. М. Гарэцкі – адзін з тых беларускіх пісьменнікаў, творчасць якіх выдатна суадносіцца з самымі сучаснымі тэндэнцыямі ў развіцці тагачаснай літаратуры.

У аповесці М. Гарэцкага “Антон” гучыць ніцшэанскі матыў бунту супраць маралі, што, у рэшце рэшт, прыводзіць галоўнага героя да забойства, да прынцыпу “ўсёдазволенасці”. Тут мы наглядаем супадзенне з філасофіяй ніцшэанства, з яе ідэяй пошуку новага чалавека – звышчалавека – у той час, калі, па словах Беларускага аўтара, “старыя багі струпехлі, а новых … новыя мала ведамы…” [1, с. 258]. В. Максімовіч заўважае: “Падспудна тут прысутнічае і ўказанне на вырашэнне калізіі “падпольнага” чалавека па Дастаеўскаму. Прычыны падполля, па Дастаеўскаму, гэта знішчэнне веры ў агульныя правілы – “Няма нічога святога”. Падполле з’яўляецца адначасова і метафарай трагічнай адарванасці ад свету, замураванасці ў безвыходнай адзіноце” [2, с. 174]. Антону ўласціва адчуванне сваёй непатрэбнасці, непаўнацэннасці, самаедская рэфлексія, што паралізуе волю да пазітыўнага чынніцтва. Гэта крайняя адчужанасць чалавека ад свету і ад самога сябе.

На думку В. Максімовіча, менавіта ў рэчышчы “філасофіі жыцця” праходзілі дэбаты паміж Маскоўскім дэмакратам, Польскім публіцыстам і Беларускім аўтарам (спрэчкі пра літаратуру): “Беларускі аўтар прызнае перавагу ідэальнага, духоўнага ў жыцці народа” [2, с. 176]. Ён адстойвае першынство духу перад матэрыяй, адмаўляе розум як недастатковы інструмент пазнання рэчаіснасці. Сэнс жыцця, згодна М. Гарэцкаму, спасцігаецца не розумам, а інтуіцыяй. Гэта наблiжае пазiцыю М. Гарэцкага да поглядаў другога прадстаўніка “філасофіі жыцця” А. Бергсона, якi лiчыў, што толькi iнтуiцыя здольная спасцiгаць жыццё ў яго разнастайных праявах, паколькi менавiта iнтуiцыi дадзена пранiкаць ва ўнутраную сутнасць з'яў i прадметаў [3].

М. Гарэцкі сцвярджае важную ролю падсвядомага ў чалавечым жыцці. “Канфлікт асобы разумеецца не толькі ў сэнсе супраціўлення асяроддзю сацыяльнаму, але і біялагічнаму дэтэрмінізму, ракавой спадчыннасці ў духу натуралістычных канцэпцый” [2, с. 177]. У творах М. Гарэцкага выразна гучыць імператыў “жыць!”

“Антон” М. Гарэцкага – узор эпічнай драмы. Відавочныя паралелі з паэтыкай аповесці М. Гарэцкага і творамі Б. Брэхта.

1   2   3   4   5   6   7   8


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка