Тэксты лекцый па курсу «Гісторыя культуры Беларусi» для студэнтаў 4 курса гістарычнага факультэта




Дата канвертавання01.05.2016
Памер104.34 Kb.
Тэксты лекцый па курсу «Гісторыя культуры Беларусi»

для студэнтаў 4 курса гістарычнага факультэта

(спецыяльнасць «Гісторыя айчынная і ўсеагульная»)
ТЭМА 14. КУЛЬТУРА БЕЛАРУСІ Ў 20 – 30-ыя гг. XX ст.: ЛІТАРАТУРА, МУЗЫКА, ТЭАТР, АДУКАЦЫЯ І НАВУКА, КУЛЬТУРА ЗАХОДНЯЙ БЕЛАРУСІ

1. Адукацыя і навука. Літаратура.

2. Тэатр, музыка, кіно.

3. Культура Заходняй Беларусі.


Літаратура

Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. – Мн., 1997.

Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Мн., 1993 – 2003. – Т. 1 -6.
1. Адукацыя і навука. Літаратура.
Народны камісарыят асветы БССР вызначыў меры па стварэнні сістэмы дашкольнага выхавання і школьнай адукацыі, прафесійна-тэхнічных вучылішч і тэхнікумаў. У аснову іх дзейнасці закладваўся прынцып працоўнай школы і роднай мовы выкладання. Для падрыхтоўкі кадраў стваралася шырокая сетка курсаў беларусазнаўства, пачалася распрацоўка падручнікаў і дапаможнікаў на беларускай мове. Надзвычай важным крокам у стварэнні нацыянальнай сістэмы адукацыі і навукі мела адкрыццё ў кастрычніку 1921 г. Беларускага дзяржаўнага універсітэта (першы рэктар - выдатны гісторык-славіст У. Пічэта). У 1925-1926 гг. акрамя БДУ на тэрыторыі Савецкай Беларусі дзейнічалі тры вышэйшыя навучальныя ўстановы: камуністычны універсітэт у Мінску, ветэрынарны інстытут у Віцебску і Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія ў Горках, 23 тэхнікумы, 20 прафтэхшкол і 20 іншых спецыяльных навучальных устаноў.

Станаўленне беларускай навукі адбывалася як у вышэйшых навучальных, так і ў навукова-даследчых установах. У студзені 1922 г. быў створаны Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт) у складзе дзвюх секцый - гуманітарнай і прыродазнаўчай. Сфера яго навуковых даследаванняў паступова пашыралася, і ў 1926 г. у ім меліся лінгвістычная, літаратурна-мастацкая, гісторыка-археалагічная, прыродазнаўчая, сацыяльна-эканамічная секцыі. 31 студзеня 1929 г. на аснове Інбелкульта была створана Акадэмія навук БССР, першым прэзідэнтам якой стаў гісторык, дзяржаўны і грамадскі дзеяч У. Ігнатоўскі.

У 20-я гады XX ст адбыўся росквіт беларускай літаратуры. Побач з вядомымі пісьменнікамі і паэтамі - Я. Колас, Я. Купала, Ц. Гартны, 3. Бядуля паўсталі і маладыя аўтары (К. Чорны, У. Дубоўка, К. Крапіва, М. Лынькоў і інш.). Сфарміраваліся і дзейнічалі некалькі літаратурных аб'яднанняў: беларускія ("Узвышша", "Полымя", "Маладняк"), рускія ("Звенья", "Мннскнй перевал"), яўрэйскія ("Юнгер арбайтер").

У 20-я гг. XX ст. разгортваецца дзейнасць культурна-асветніцкіх устаноў: рабочых клубаў, хат-чытальняў, чырвоных куткоў, дамоў кульгуры, бібліятэк. У 1927 г. у рэспубліцы налічвалася 271 хата-чытальня і 95 народных дамоў. У кастрычніку 1921 г. пачала працаваць Беларуская дзяржаўная бібліятэка.

Беларусізацыя абудзіла да свядомага нацыянальнага жыцця шырокія слаі беларускага народа. За некалькі год было створана тое, што многія нацыі стваралі дзесяцігоддзямі: нацыянальная асвета і навукова-даследчыя ўстановы, нацыянальны тэатр, кіно. Узнікла шматлікая маладая плеяда беларускіх літаратараў і дзяржаўных дзеячаў. Але праводзімая зверху, часам павярхоўная, беларусізацыя залежала ад змен у палітыцы кампартыі.

На мяжы 20-30-х гг. адбыўся пералом у нацыянальнай палітыцы Усесаюзнай камуністычнай партыі (бальшавікоў). Яна лічыла, што працэс беларусізацыі, як напрыклад і ўкраінізацыі, ішоў уразрэз з яе стратэгічнай мэтай - будаўніцтвам сацыялізму і інтэрнацыянальным яднанннем працоўных усіх народаў. Балыпавікі баяліся, што беларусізацыя выкліча ўздым нацыянальнай самасвядомасці і зможа прывесці да аддзялення БССР ад СССР. Таму распачаўся працэс разгрому так званага "нацыянал-дэмакратызму". Спачатку пад ім разумелі правы кірунак у культурным будаўніцтве, а затым яго прыхільнікаў сталі трактаваць як нацыяналістаў і антысаветчыкаў, якія спрабавалі рэстаўрыраваць капіталізм у Беларусі. Такі падыход стаў падставай для масавых рэпрэсій супраць беларускіх грамадска-палітычных дзеячаў, вядомых прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, пэўных слаёў сялянства.

Сярод абвінавачаных у "нацыянал-дэмакратызме" былі такія вядомыя грамадскія і дзяржаўныя дзеячы, як 3. Жылуновіч, У. Ігнатоўскі, М. Гарэцкі, В. Ластоўскі, Я. Лёсік, С. Некрашэвіч, А. Смоліч. Яны былі арыштаваны ў ліку 108 чалавек, якія праходзілі па так званай справе "Саюза вызвалення, Беларусі", якая была "раскрыта" органамі АДПУ у сярэдзіне 1930 г. Амаль усе абвінавачаныя былі асуджаны да пазбаўлення волі на тэрмін ад 3 да 10 гадоў. 18 чалавек былі апраўданы. Аднак у 1937-1938 гг. іх усіх, нават апраўданых, зноў арыштавалі, іх лёс быў трагічным.

Такія рэпрэсіўныя меры засведчылі спыненне працэсу беларусізацыі. Адстойванне інтарэсаў нацыянальнай культуры і нават прыналежнасць да яе пачалі разглядацца як варожыя сацыялізму, а гэта значыць, і народу. У выніку скарачалася колькасць беларускіх школ, хатаў-чытальняў, народных дамоў, змяншалася выданне беларускіх кніг, газет, часопісаў. Пачаўся перавод справаводства на рускую мову. Распускаліся краязнаўчыя арганізацыі, спыняліся этнаграфічныя даследванні.

У пачатку 30-х гг. былі ліквідаваны літаратурныя аб'яднанні. У чэрвені 1934 г. адбыўся I з'езд пісьменнікаў Беларусі, на якім прысутнічала больш за 100 дэлегатаў. Ён канчаткова аформіў стварэнне Саюза пісьменнікаў БССР. Гэта арганізацыя заклікана была цэнтралізаваць працу беларускіх літаратараў, падпарадкаваць яе партыйным рашэнням. Практычна пісьменнікі вымушаны былі працаваць выключна па метаду сацыялістычнага рэалізму, адлюстроўваючы рэчаіснасць толькі ў яе рэвалюцыйным развіцці. Органы цэнзуры пачалі складаць спісы забароненых кніг, якія з ліпеня 1933 г. перадаваліся ў спецсховішчы бібліятэк. Многія з гэтых кніг, а таксама рукапісы твораў арыштаваных літаратараў знішчаліся.

Адначасова, нягледзячы на жорсткі ідэалагічны прэсінг, у развіцці культуры Беларусі з 1929 па 1939 гг. адбыліся істотныя станоўчыя зрухі. Развіццю школьнай адукацыі спрыяў паступовы рост асігнаванняў на народную асвету. На яе ў 1932 г. рэспубліка выдзеліла 119,2 млн. руб., у 1937 г. - 470,3 млн. руб, а ў 1940 г. - 836 млн. руб. Будаваліся новыя школы, узмацнялася іх матэрыяльная база, паступова павышалася паспяховасць вучняў, зніжаўся працэнт іх адсеву са школы. У 1937/38 навучальным годзе на тэрыторыі БССР працавалі 7132 школы, якія ахоплівалі 1015,8 тыс. навучэнцаў.

Разам з рэарганізацыяй агульнаадукацыйнай школы органамі народнай асветы працягвалася праца па ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці дарослага насельніцтва. Найболып актыўна яна ажыццяўлася ў другой палове 30-х гадоў. Паводле няпоўных даных перапісу 1939 г., у БССР пісьменнасць насельніцтва ва ўзросце ад 9 да 49 гадоў узрасла з 53,1 % у 1926 г. ~ да 78,9 % (на 17 студзеня 1939 г.).

У 1930-х гг. пачалася рэарганізацыя ВНУ і тэхнікумаў, мэтай якой было стварэнне адзінай і уніфікаванай сістэмы адукацыі ва ўсіх рэспубліках СССР. Шэраг навуковых напрамкаў атрымаў развіццё ў межах структурных падраздзяленняў ВНУ рэспублікі. 3 БДУ пераважна звязана развіццё фізікі і матэматыкі. Тут у 1934 г. адкрываецца гістарычны факультэт, а на аснове асобных факультэтаў БДУ ўтвараюцца новыя навучальныя ўстановы (медыцынскі, педагагічны, юрыдычны інстытуты і інш.).

У літаратуры таго перыяду пісьменнікі ў асноўным асвятлялі тэмы, звязаныя з адлюстраваннем рэвалюцыі і грамадзянскай вайны, калектывізацыі. Пры гэтым пераважная ўвага надавалася (з пэўнай ступенню гераізацыі) тым, хто прыняў савецкую ўладу, актьгўна змагаўся за яе станаўленне (аповесць Я. Коласа "Дрыгва", раман "Бацькаўшчына" К. Чорнага і інш.). Рэалістычна асвятлялася жыццё вёскі напярэдаддні калектывізацыі ў рамане К. Крапівы "Мядзведзічы" (1932 г.), аднак была напісана толькі першая яго частка. У палітычных умовах наступных гадоў аўтар не бачыў магчымасці завяршыць пачаты твор. Беларускія літаратары звярталіся і да напісання драматургічных твораў. На аснове аповесці "Дрыгва" Я. Колас напісаў п'есу "Вайна вайне", К. Чорны - "Бацькаўшчына" па свайму аднайменнаму раману. Значны талент драматурга выявіўся ў п'есах К. Крапівы. Яго камедыя "Хто смяецца апошнім" была накіравана супраць такіх адмоўных з'яў, як невуцтва, падхалімства, двурушніцтва, і набыла ўсесаюзную вядомасць.
2. Тэатр, музыка, кіно.

Па сутнасці, менавіта ў 20-я гады вызначаюцца сваімі асаблівымі нацыянальнымі рысамі і атрымліваюць дзяржаўную падтрымку беларускія драматургія, тэатр і кіно. У жніўні 1920 г. дэбютаваў беларускі вандроўны тэатр пад кіраўніцтвам Уладзіслава Галубка, які працягваў традыцыі I. Буйніцкага. Пад кіраўніцтвам выдатнага рэжысёра Е. Міровіча з 1921 па 1931 гг. дзейнічаў Бе-ларускі дзяржаўны тэатр (з 1926 г. - БДТ-1). Фундаментам новага беларускага тэатра ў Віцебску, што атрымаў назву БДТ-2, сталі навучэнцы Беларускай драматычнай студыі ў Маскве. Стварэнне нацыянальнага тэатра садзейнічала росквіту нацыянальнай драматургіі. П'есы "На Купалле" М. Чарота, "Каваль-ваявода" Е. Міровіча былі пабудаваны на фальклорных матэрыялах. Складаная грамадска-палітычная сітуацыя і спроба аналізу з'явы нацыянальнага нігілізму знайшлі сваё ўвасабленне ў вядомай зараз п'есе Я. Купалы "Тутэйшыя."

На працягу 1921-1928 гг. адбываўся працэс узнікнення і станаўлення беларускага кіно. Спачатку гэта былі пераважна хранікальныя кінастужкі, якія адлюстроўвалі падзеі грамадска-палітычнага і сацыяльна-эканамічнага жыцця рэспублікі. У 1926 г. быў створаны першы беларускі мастацкі фільм "Лясная быль" (рэжысёр Ю. Тарыч), прысвечаны перыяду грамадзянскай вайны на тэрыторыі Беларусі.

Поспех спектакляў залежаў ад якасці драматычнага твора і майстэрства таленавітых акцёраў, якіх было нямала ў той час у Беларусі. У 1930-я гады не толькі закрываліся тэатры (тэатр У. Галубка, БДТ-3), але і распачыналі сваю дзейнасць новыя тэатральныя калектывы (Тэатр юнага гледача, Тэатр лялек, Дзяржаўны тэатр оперы і балета). У 1932 г. была заснавана Беларуская дзяржаўная кансерваторыя.

Пэўныя поспехі ў 1930-я гг. набыла і беларуская кінематаграфія. У 1933 г. выйшлі першыя беларускія гукавыя фільмы: "Першы ўзвод" рэжысёра У. Корш-Сабліна і "Двойчы народжаны" Э. Аршанскага. Сістэма стацыянарных і перасоўных кінаўстановак давала магчымасць дэманстрацыі кінастужак для насельніцтва самых аддаленых месц Беларусі.

Такім чынам, нягледзячы на надзвычай суровыя і жорсткія рэаліі грамад-скапалітычнага жыцця Беларусі, цяжкія страты сярод нацыянальнай інтэлігенцыі, у развіцці культуры на працягу 1929-1939 гг. былі дасягнуты значныя поспехі. З'явіліся новыя выдатныя творы ва ўсіх жанрах мастацтва, адбыўся росквіт дзіцячай літаратуры, драматургіі. Пачала фарміравацца беларуская музычная школа. Узрос агульны ўзровень адукацыі насельніцтва, павялічылася колькасць навучальных устаноў, даследчых інстыгутаў.

3. Культура Заходняй Беларусі.

У развіцці культуры Заходняй Беларусі таксама можна вьтлучыць два эта-пы - 20-я і 30-я гады XX ст. У той час як справа нацыянальнага адраджэння была ў БССР у 20-я гг. была падтрымана партыйна-савецкім кіраўніцтвам, у Заходняй Беларусі насельніцтву прыходзілася змагацца за магчымасць навучаць сваіх дзяцей на роднай мове. Супраць паланізацыі выступіла Таварыства беларускай школы (ТБШ), заснаванае ў 1921 г., з цэнтрам у Вільні. Як легальная арганізацыя яно мела права адкрываць і падтрымліваць народныя школы, бібліятэкі. У 1928-1929 гг. польскія ўлады пад націскам грамадскага руху вымушаны былі даць дазвол на адкрыццё новых беларускіх і польска-беларускіх школ, амаль у 100 школах увесці беларускую мову як прадмет.

Асаблівае значнне для культурна-асветніцкага жыцця краю мелі беларускія гімназіі. ТБШ аказвала ім матэрыяльную, вучэбна-метадычную дапамогу, наладжвала курсы для настаўнікаў. Найболын аўтарытэтнай была Віленская гімназія, заснаваная яшчэ ў 1919 г., і ў якой выкладалі М. Гарэцкі, А. Луцкевіч, Б. Тарашкевіч, А. Станкевіч, А. Смоліч, I. Дварчанін, Р. Шырма. Пазіцыі беларускіх гімназій увесь час слабелі. Не вытрымаўшы ўціску і фінансавых цяжкасцей, спыніла сваё існаванне беларуская гімназія ў Гродне. У 1924 г. з-за падобных прычын былі закрыты гімназіі ў мястэчку Гарадок Вілейскага павета, у Нясвіжы. У другой палове 1920-х гг. беларускіх гімназій засталося толькі чатыры - у Вільні, Навагрудку, Клецку, Радашковічах.

3 пачаткам у 1929 г. сусветнага эканамічнага крызісу польскі ўрад узяў курс на ліквідацыю беларускай нацыянальнай школы, асіміляцыю насельніцтва "усходніх крэсаў". Калі ў 1921 г. у Заходняй Беларусі налічвалася прыкладна 400 беларускіх школ, то 1934 г. іх засталося толькі 16, а ў 1938/39 навучальным годзе іх ужо не было зусім, за выключэннем Віленскай гімназіі. У той жа час у Заходняй Беларусі працавала 4421 агульная польская школа.

Акрамя арганізацыі школьнай справы заходнебеларуская інтэлігенцыя сур'ёзна займалася навуковым даследаваннем нацыянальнай гісторыі і культуры. На працягу 1918-1939 гг. у Вільні дзейнічала Беларускае навуковае таварыства (БНТ), якое займалася распрацоўкай беларускай навуковай тэрміналогіі, перакладам на беларускую мову педагагічнай, мастацкай і іншай літаратуры. БНТ наладзіла ўрачыстыя мерапрыемствы да 400-годдзя айчыннага кнігадру-кавання, 400-годдзя Статута ВКЛ 1529 г. і інш. Былі выдадзены навуковыя зборнікі: "Гадавік Беларускага навуковага таварыства ў Вільні" (1933 г.), "Запісы Беларукага навуковага таварыства" (1938 г.), кніга А. Станкевіча "Доктар Францішак Скарына - першы друкар беларускі, 1525-1925" (1925 г.) і інш.

Літаратура Заходняй Беларусі вырастала ва ўмовах узмацнення нацыя-нальна-вызваленчага руху і чэрпала ідэі, тэмы і вобразы з жыцця ахопленых вызваленчай барацьбой мас. Ігнат Канчэўскі (I. Абдзіраловіч) сваёй кнігай "Адвечным шляхам" (1921 г.) зрабіў моцны ўплыў на грамадскую думку Заходняй Беларусі. У гэтым невялікім па памерах творы ён раскрыў драматызм гістарычнага лёсу беларусаў і ў той жа час падкрэсліў іх неадольнае імкненне захаваць незалежнасць, "ісці пароўні з іншымі народамі на будоўлю новага агульначалавечагаідэалу".

У 1920-я гг. пераважаў рамантызм (У. Жылка, Л. Родзевіч, Г. Леўчык). Папулярнасць набылі таксама сатыра і публіцыстыка. Яркай старонкай заходнебеларускай публіцыстыкі былі выступленні Б. Тарашкевіча ў польскім сейме. У час турэмнага заключэння ён перапрацаваў сваю "Беларускую граматыку для школ", пераклаў на беларускую мову "Пана Тадэвуша" А. Міцкевіча (выдадзена ў 1981 г.), "Іліяду" Гамера.

У пачатку 1930-х гг. у літаратурным жыцці Заходняй Беларусі адбылося размежаванне паміж рэвалюцыйна-дэмакратычнай плынню паэзіі і той, што арыентавалася на нацыянальныя, агульначалавечыя каштоўнасці, апалітычны эстэтызм (X. Ільяшэвіч, Ф. Грышкевіч, Н. Арсеннева і інш.). У сярэдзіне 1930-х гг. выявіўся паэтычны талент Яўгена Скурко (М. Танка). У яго зборніках "На этапах", "Журавінавы цвет", паэме "Нарач" цэнтральнай фігурай быў прафесійны рэвалюцыянер, утрымліваліся заклікі ісці дарогай праўды, свабоды, служыць змаганню народа. Тэма сацыяльнай барацьбы займала значнае месца ў творчасці В. Таўлая, М. Машары, М. Засіма і іншых аўтараў.

У творчасці заходнебеларускіх мастакоў П. Сергіевіча, Я. Драздовіча, М. Сеўрука, Р. Семашкевіча, М. Васілеўскага адлюстроўвалася прыгажосць роднай прыроды, самабытнасць беларускай культуры. П. Сергіевіч стварыў гістарычныя карціны "Усяслаў Полацкі", "Каліноўскі сярод паўстанцаў", палотны сялянскай тэматыкі. Майстар рэалістычнага напрамку М. Сеўрук вылучаўся дасканалымі партрэтамі. Своеасаблівым гімнам чалавеку зямлі была яго кампазіцыя "Жніво". У пачатку 1930-х гг. Я. Драздовіч карцінамі-цыкламі "Жыццё на Марсе", "Жыццё на Сатурне", "Жыццё на Месяцы" першым паклаў пачатак касмічнай тэме ў беларускім выяўленчым мастацтве.

Развіццё беларускага нацыянальнага тэатра ў Польшчы не толькі не ме-ла дзяржаўнай падтрымкі, але і сустракала на сваім шляху пэўныя перашкоды з боку ўлад. Пачынаючы з 1926 г. Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры (БІГіК) спрабаваў арганізаваць кіраўніцтва мясцовымі сялянхкімі гурткамі, стварыць выязныя трупы. Аднак тэатральныя пастаноўкі з дакладна акрэсленай нацыянальнай тэматыкай былі забаронены.



Музыка. Збіраннем і папулярызацыяй беларускага музычнага фальклору займаліся А. Грыневіч, Р. Шырма. У 1923 г. А. Грыневіч выдаў першы беларускі падручнік па музыцы "Навука спеву", а ў 1928 г. - "Дзіцячы спеўнік". Р. Шырма ўзначальваў шэраг мастацкіх калектываў - хары ў Пружанах, Віленскай беларускай гімназіі, Беларускага студэнцкага саюза ў Вільні. Кампазітар К. Галкоўскі напісаў шэраг беларускіх вакальных твораў.

Такім чынам, галоўным фактарам, які найболын перашкаджаў развіццю культуры Заходняй Беларусі быў нацыянальны ўціск польскіх улад. Такая палі-тыка не дазволіла кардынальна вырашыць праблемы адукацыі ў краі. У той жа час ішоў актыўны працэс насаджэння польскай культуры і асветы. Аднак і ў такіх складаных умовах таленавітыя творцы праявілі сябе ў народным і прафесій-ным мастацтве, паказалі прыклады самааднага служэння свайго народу. Іх намаганнямі былі створаны вялікія культурныя каштоўнасці, якія сталі неад'емнай часткай агульнанацыянальнай культурна-гістарычнай спадчыны Беларусі.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка