Дыялог паміж мінулым і будучым: пасланне "Слова"
Цяперашняе – гэта калі
будучае сустракаецца з мінулым.
Тадэуш Катарбіньскі
"Час вярнуцца да "Слова"…
Так называўся майстар-клас у форме адкрытага інтэграванага занятку, які праводзіўся ў маі 2010 года ў выкладчыцкай і студэнцкай аўдыторыі філалагічнага факультэта вядомымі выкладчыкамі сталіцы – лаўрэатамі конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў "Сталічны настаўнік – сталічнай адукацыі" у намінацыі "Настаўнік".
У творчай садружнасці ля дошкі змянялі адзін аднаго:
Алег Іванавіч Жук – намеснік дырэктара па вучэбнай працы СШ № 83 імя Г. К. Жукава, настаўнік гісторыі, лаўрэат прэміі Мінгарвыканкома (2007 г.), атрымаў грант Мінгарвыканкома за распрацоўку адукацыйнага праекта (2009 г.);
Таццяна Іванаўна Паўлючук – настаўнік рускай мовы і літаратуры, метадыст Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі, лаўрэат прэміі Мінгарвыканкома (2007 г.), старшыня Савета клуба настаўнікаў г. Мінска "Вялікі перепынак";
Эліна Уладзіміраўна Саковіч – настаўнік гісторыі СШ № 157, лаўрэат прэміі Мінгарвыканкома (2004 г.).
Педагогам дапамагалі метадысты Цэнтра падтрымкі і развіцця адукацыйных ініцыятыў педагагічных работнікаў Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі: Наталля Фёдараўна Гарадзецкая і Вольга Уладзіміраўна Назаранка.
Мерапрыемства з'явілася арганічным працягам цэлай серыі падобных сустрэч, якія з поспехам праходзілі і раней на нашым факультэце. Яны ўвасабляюць непарыўнае адзінства, пераемнасць і перспектыўнасць працы ў сістэме "школа – ВНУ". Сярод такіх падзей можна прыгадаць неаднаразовую прэзентацыю і публічную апрабацыю праграмных для настаўнікаў тэзісаў – свайго "метадычнага крэда" – удзельнікамі Рэспубліканскіх конкурсаў прафесійнага майстэрства педагогаў "Настаўнік года" (з удзелам лаўрэата конкурсу 2006 г., настаўніцы-беларусазнаўцы гімназіі № 22 г. Мінска В. У. Бухавец), праблемна-тэматычныя сустрэчы з таленавітымі настаўнікамі і кіраўнікамі адукацыі: "Педагог – асоба, творца, майстар", "Методыка ў маім жыцці" і інш.
Ад імя ўсіх прысутных хацелася б выказаць самую шчырую ўдзячнасць універсітэтскім арганізатарам, якія стаялі ў вытокаў гэтай падзеі: начальніку Галоўнага ўпраўлення вучэбнай і навукова-метадычнай работы Ірыне Пятроўне Латушка і кіраўніку практыкі Людміле Вячаславаўне Тарасевіч. У знак удзячнасці яны ўручылі педагогам спецыяльна падабраныя выданні кніг, сярод аўтараў якіх былі супрацоўнікі гістарычнага факультэта, а таксама выкладчыкі філалагічнага факультэта БДУ: загадчык кафедры тэорыі літаратуры, прафесар В. П. Рагойша, дацэнт кафедры славянскай літаратуры і культуры Т. В. Кабржыцкая, дацэнт кафедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры І. Э. Саўко, дацэнт кафедры рускай літаратуры І. І. Шпакоўскі і інш. |