Taciana Niadbaj Ruskość? (Cały artykuł w j białoruskim)



Дата18.05.2016
Памер95.48 Kb.
#50377




Taciana Niadbaj
Ruskość?

(Cały artykuł w j. białoruskim)
We współczesnym oficjalnym języku białoruskim, jak również i w rosyjskim, słowa „ruski” – bial. „ruski” (“рускі”), ros. „russkij” («русский») – używa się w innym znaczeniu, niż używało się historycznie. W XVII-XVIII w. Moskowici przywłaszczyli sobie słowo „russkij” i zaczęli nazywać w ten sposób swój język (kulturę i nawet państwo), który do tej pory nazywał się językiem „moskiewskim” lub „moskowickim”. Stało się tak dlatego, że słowo „ruski” miało bogatą i dawną historię i sięgało z jednej strony języka Wielkiego Księstwa Litewskiego, a z drugiej strony etymologicznie wywodziło się jeszcze z Rusi Kijowskiej.

Ewa Thompson (badaczka literatury rosyjskiej) odwołując się do Edwarda Keenana mówi, że wcześniej Moskwa nie uważała siebie za spadkobiercę Rusi Kijowskiej1.


Ewa Thompson, opowiadając o świadomej plątaninie w języku rosyjskim, zauważa:

Anglicy nie nazywali Indii Anglią; kolonie i dominia miały swe własne nazwy, zaś termin „Zjednoczone Królestwo" wskazywał na uznanie tożsamości dawnych „wewnętrznych kolonii" Korony Brytyjskiej. Przeciwnie postępowała Moskwa i państwo po niej dziedziczące — rossijskaja imperija. W miarę jak jego obszar się powiększał, takie terytoria jak Dagestan, Estonia, Ukraina czy Tatarstan zaczynano nazywać Rosją, lekceważąc ich własne realia demograficzne i historyczne. Parafrazując Keenana, można powiedzieć, że owo zawłaszczenie językowe jest jedną z wielkich mistyfikacji całej kulturowej historii Europy.

Przymiotnik russkij może się odnosić do tego, co oznacza zarówno Rossija, jak i Rus’ czy też moskowskoje gosudarstwo. W każdym z tych przypadków znaczenie jest inne. Rzecz komplikuje się jednak jeszcze bardziej, gdyż w wieku osiemnastym wszedł w użycie przymiotnik rossijskij, pokrewny wyrazowi Rossija, który do tego czasu oznaczał już imperium. Zatem słowo russkij odnosiło się do Rosjan, podczas gdy rossijskij – do innych poddanych imperium. Stąd rossijskaja imperija, czy też – już w okresie po-sowieckim – Rossijskaja Fiedieracyja. We współczesnym języku rosyjskim rossijskij dalej odnosi się do nierosyjskich narodów Federacji, podczas gdy russkij wskazuje tylko na Rosjan. Jednak oba te słowa tłumaczone są na angielski jako „Russian". Ponieważ mają one tę samą etymologię, może się wydawać, że rossijskij desygnuje „niepełnych" Rosjan, ludzi stających się Rosjanami czy też osoby jakoś naturalnie związane z Rosją. W ten sposób kolonialny charakter imperium zostaje zatarty za pomocą manipulacji językowej. W Rosji sowieckiej podejmowano próby całkowitego zniesienia różnicy przez ogłaszanie, iż przymiotnik rossijskij jest archaiczną formą słowa russkij2. (Ewa Thompson, Trubadurzy Imperium. Literatura rosyjska i kolonializm, Kraków 2000, s. 24-25)

Biorąc pod uwagę to, że język białoruski znajduje się pod wpływem języka rosyjskiego (jak, zresztą i teraźniejsza – przynajmniej oficjalna – Białoruś znajduje się w sferze kulturowych, politycznych i intelektualnych wpływów Rosji), można zrozumieć dlaczego oficjalny język Białoruski zachowuje tę normę nazywania języka rosyjskiego „ruskaj movaj”. Chociaż białoruskojęzyczni coraz częściej używają słowa „rasijski” lub „rasiejski” w odniesieniu do języka i kultury wschodniego sąsiada, a słowa „ruski” używają wyłącznie w jego znaczeniu historycznym. Oczywiście, dopóki wszyscy użytkownicy języka białoruskiego nie będą świadomi tego znaczenia historycznego i powodów pojawienia się znaczenia „nowego”, taka sytuacja może stwarzać nieporozumienie między mówiącymi dlatego, że jednego słowa używa się po prostu w rożnych znaczeniach.



Нацыянальная гісторыя мусіць быць пазітыўнай і прывабнай для яе носьбітаў. Для таго, каб на ёй узрастала паспяховая і ўпэўненая ў сабе нацыя, ідэальная нацыянальная гісторыя мусіць складацца са сведчанняў магутнасці і развітасці нацыі (і яе папярэднікаў, як правіла – этнічных супольнасцяў). Добрая нацыянальная гісторыя мусіць абапірацца на велічных асобаў, герояў (як рэальных, такі і міфалагічных) – менавіта таму, напрыклад, так апантана часам дзеляць паміж сабой Адама Міцкевіча сучасныя палякі, беларусы, літоўцы і нават украінцы! Добрая нацыянальная гісторыя мусіць складацца з пэўнага джэнтэльменскага набору вартасцяў, каштоўнасцяў, як нематэрыяльных, так і матэрыяльных – таму, напрыклад, беларусы так ганарацца першадрукаром Скарынам і высокамастацкімі слуцкімі паясамі, якія – і пра гэта не забываюцца згадваць, бо гэта выяўляецца важным для масавай свядомасці – падрабляліся ажно ў Парыжы. Добрая нацыянальная гісторыя мусіць сягаць як мага далей у гісторыю, чым больш “гістарычная” нацыя-народ-этнічная супольнасць, чым глыбей яе карані, тым лепш і тым больш упэўнена яна пачуваецца. Менавіта таму калісьці маскавіты “засвоілі” тэрмін “рускі” як сваю гісторыю, убачылі Маскоўскую Русь як працяг Кіеўскай Русі, а сваю, маскавіцкую, мову сталі называць раскручаным ужо брэндам – рускай мовай. Эва Томпсан (амерыканская прафесарка польскага паходжання), спасылаючыся на Эдварда Кінана гаворыць, што раней “Масковія не лічыла, што яна з’яўляецца працягам Кіеўскай Русі”3.
З усяго абшару гістарычных падзеяў “правільныя” нацыянальныя гісторыі выбіраюць для сябе патрэбныя і зручныя падзеі і сімвалізуюць іх. Так, сучасныя літоўскія гісторыкі вельмі дакладна ведаюць дату каранацыі Міндоўга – гэта для іх адно з асноўных дзяржаўных святаў – Дзень незалежнасці. Беларускія ж гісторыкі не надаюць шмат увагі даце, але “дакладна ведаюць”, што каранацыя Міндоўга адбывалася ў Наваградку, бо такім чынам беларусамі актуалізуецца гісторыя пачатку Вялікага княства Літоўскага як беларускай дзяржавы. У літоўскіх школах дзецям рэдка гавораць (калі гавораць увогуле), што мовай статутаў ВКЛ была мова “руська” і што гэтая ж мова была дзяржаўнай у Вялікім княстве. У беларускіх школах намагаюцца згадаць гэты факт, звяртаючы ўвагу школьнікаў на тое, што так калісьці называлася мова беларуская, што насамрэч – гэта старабеларуская мова. Гэта ўсё цалкам зразумелыя і, зрэшты, натуральныя працэсы, здаровыя схемы будавання нацыянальных гісторыяў і – адпаведна – нацыяў.
Гісторыя – гэта інтэрпрэтацыя, якая кшталтуе пэўную супольнасць.
Праблемы пачынаюцца тады, калі супольная гістарычная спадчына пачынае расцягвацца ў розныя бакі, як вузкая коўдра на ложку сужэнцаў, якія спяць ужо не ў цесных абдымках, а кожны – з думкамі пра свой уласны далейшы шлях. Так адбываецца і з нацыянальнымі гісторыямі, якія “вырастаюць” з агульнага кантэксту. Хтосьці паспявае першым “засвоіць” важныя падзеі або значных гістарычных асобаў, праінтэрпрэтаваць іх для сябе як сваіх і – астатнім гэта зрабіць ужо значна цяжэй. Праўда, нематэрыяльная, духоўная спадчына мае тут відавочныя плюсы – напрыклад, Міцкевіч можа існаваць адначасова і як польскі, і як беларускі, і як літоўскі геній – прынамсі для шкаляроў. Хаця сёння ўжо на міжнародных канферэнцыях і семінарах прынята казаць пра Міцкевіча як пра супольнага героя. (З культурнымі артэфактамі і этнічнымі тэрыторыямі сітуацыя больш складаная.)

Даследчыкі прагна ўчытваюцца ў тэксты, дзённікі сваіх персанажаў (аб’ектаў даследавання), у сведчанні іх сучаснікаў у пошуках свядомых або несвядомых, выпадковых або невыпадковых прыкметаў суаднесенасці гэтых персанажаў з той або іншай этнічнасцю, каб пасля на поўным праве ўпісаць яго ў сваю нацыянальную гісторыю. Асабліва гэта становіцца істотным і важным, калі мова творчасці таго ці іншага пісьменніка (або дзеяча іншага кшталту) не тая, якую прынята ўважаць за нацыянальную.


Такая самая схема “засвойвання” спрацоўвае, як падаецца, і з паняткам “рускі”.
На гістарычны тэрмін “рускі” актыўна прэтэндуюць як беларускія і ўкраінскія гісторыкі, філолагі, культуразнаўцы і інш., так і польскія. Зразумела, што дамінантнай схемай, вызначальным стрыжнем гэтага панятку становіцца праваслаўная, “руская” вера (якая кантэкстуальна проціпастаўляецца каталіцкаму веравызнанню), таму, напрыклад, “рускімі” могуць лічыцца і палякі праваслаўнага веравызнання (“рускай веры”). Напаўненне слова “рускі” этнічным зместам таксама тут зразумелае, хаця і не заўжды карэктнае. Зразумелае – бо такія рэчы становяцца цаглінкамі ў справе будавання нацыяў і складання нацыянальных гісторыяў.
Вось жа – часам размаўляем, здаецца, адной і той самай мовай, ужываем аднолькавыя словы, а гаворым пры гэтым зусім пра розныя рэчы. Усё таму, што адно і тое ж слова можа для розных носьбітаў мовы мець розныя значэнні, часам нават узаемавыключальныя. Таму так важна дамовіцца з сурамзоўцам пра значэнне словаў.
Выкарыстанне слова “рускі” ў сучаснай беларускай (зрэшты, і не толькі беларускай, а таксама і ў польскай, украінскай, расійскай4 і больш аддаленых – заходнееўрапейскіх) мове спараджае шмат блытаніны. Гэта звязана з тым, што змест панятка “рускі” змяніўся цягам гісторыі, а нават на розных гістарычных этапах у гэтае слова ўкладаўся розны сэнс.
За савецкім часам менавіта расійская мова (сёння гэта мова Расійскай Федэрацыі) была вызначальнай для беларускай мовы. Так, у савецкай беларускай мове слова “рускі” адпавядала расійскаму слову «русский» і азначала сутнасці, суаднесеныя з этнічным кампанентам метраполіі СССР – прыкладна абшарамі колішняй Маскоўскай дзяржавы. То бок, былі русскія (руская нацыя), беларусы, украінцы, казахі і г.д. Аднак, як пераканаўча даводзяць сёння даследчыкі, слова “русский” калісьці, да ХVIII-ХІХ ст азначала зусім іншыя рэчы, а зусім не мову колішніх маскавітаў, якая тады называлася маскоўскай або маскавіцкай.
Як вядома, сучасная нарматыўная беларуская мова (якую яшчэ часта называюць “наркамаўкай”) захавала савецкую традыцыю ўжытку слова “рускі”. Дзетак у школах вучаць, што руская мова – гэта сённяшняя дзяржаўная мова Расійскай Федэрацыі.

З іншага боку, калі на ўроках гісторыі Беларусі гаворка заходзіць пра статуты Вялікага княства Літоўскага, то настаўнікі, як правіла, паведамляюць сваім вучням, што дзяржаўнай мовай ВКЛ і мовай статутаў была мова “руська”. Зноў-такі, як правіла настаўнікі гавораць вучням, што ў той час так называлася мова старабеларуская.



Вядома, асабліва калі ўлічваць спецыфіку сённяшняй Беларусі, не кожны настаўнік і сам ведае пра гэта, а нават калі і ведае, то не заўжды можа лічыць патрэбным казаць пра гэта сваім вучням. Цяжка бывае патлумачыць, чаму менавіта так здарылася.
Ёсць у гэтага пытання яшчэ адно вымярэнне – украінцы сёння таксама ўважаюць гэтае слова за “сваё” і часта сцвярджаюць, што “руська” мова – гэта стараўкраінская мова. Аднак, калі ва Ўкраіне сярэдняя і вышэйшая адукацыя значна больна праўкраінская (чым у Беларусі – прабеларуская), то і гэтая тэза з малых год знаёмая і большасці настаўнікаў/выкладчыкаў і – адпаведна – большасці вучняў. Больш за тое, “русскую” мову (мову Расійскай Федэрацыі) украінцы называюць “російською”. Не трэба, мяркую, казаць, што гэта здымае шмат якія пытанні ва ўкраінскіх шкаляроў і ўпарадкуе і сістэматызуе інфармацыю ў іх галовах.
У класічным варыянце беларускай мовы, які ў размоўнай мове прынята называць “тарашкевіцай”, таксама захоўваецца падобнае размежаванне. Нацыянальную мову ўсходняга суседа называюць “расійскай”, а слова “рускі” застаецца “зарэзерваваным” для спадчыны ВКЛ і старабеларускай мовы. Праўда, у беларускіх школах дзетак не вучаць на “тарашкевіцы”, а таму такога роду размежаванні застаюцца па-за іх увагай.
Варта, аднак, згадаць, што многія носьбіты нарматыўнай (афіцыйнай) беларускай мовы ўсё часцей пачынаюць ужываць слова “расійскі” ў дачыненні да маскавіцкай мовы (вядома, гэта не датычыцца школьных кантэкстаў – там усё строга). А слова “рускі” ўжываюць пераважна для гістарычнай спадчыны. Падаецца, менавіта такую стратэгію ўжытку словаў расійскі і рускі варта прапагандаваць і распаўсюджваць у сучаснай беларускай нарматыўнай мове – яна шмат што ставіць на свае месцы.
Больш за тое, зыходзячы з тэзы, што менавіта носьбіты мовы і ўзус фармуюць нормы гэтай мовы, а таксама з таго, што мова мусіць адаптоўвацца пад патрэбы грамадства, а не наадварот, выкажу дастаткова непапулярную думку, што беларускія носьбіты расійскай мовы маюць права да фармавання “сваёй” расійскай мовы, не пасягаючы, зразумела, на яе вялікадзяржаўны варыянт. (Не сакрэт, што расійская мова ў Беларусі мае свае адрозненні ад расійскай мовы ў Маскве – хай сабе нязначныя, не такія, які істотна заміналі б дыялогу масквіча і беларуса, аднак – тым не менш).
Нельга не згадаць і пра тое, што да гістарычнага зместу тэрміна “рускі” ў навукоўцаў яшчэ няма адзінага падыходу. Відавочна, што нават у адзін і той жа гістарычны перыяд гэты панятак ужываўся ў дачыненні да розных сутнасцяў, якія вельмі прыблізна можна акрэсліць як супольную беларуска-ўкраінскую спадчыну. Беларускія мовазнаўцы і гісторыкі сцвярджаюць, што ў асноўным тэрмін мае дачыненне да продкаў сённяшніх беларусаў і прыводзяць дастаткова пераканаўчыя доказы гэтага. Украінскія гісторыкі і мовазнаўцы таксама не здаюцца і актыўна заяўляюць пра свае правы на “рускасць”. Праўда, сёння вельмі часта сустракаюцца і меркаванні як беларускіх, так і ўкраінскіх даследчыкаў пра супольныя (хаця і ў рознай ступені) беларуска-ўкраінскія або ўкраінска-беларускія правы на слова “рускі”. У кожным разе пакінем пытанне сепаратызацыі, размежавання тэрміна “рускі” гісторыкам – толькі яны абгрунтавана могуць адказваць на гэтае пытанне і спрачацца пра сэнсавы змест гэтага панятка.
У асяроддзі ж неспецыялістаў такі кампраміс (рускасць – як супольная з’ява, куды сягаюць карані і сучасных беларусаў, і сучасных украінцаў, і, мажліва, прадстаўнікоў іншых нацыяў), мажліва, у цэлым і быў бы слушным. Аднак, трэба таксама ўвесь час памятаць, што тады, калі беларусы, палякі, украінцы і літоўцы жылі ў адной дзяржаве, панятку нацыянальнага не існавала, і нацыянальнай ідэнтычнасці з нацыянальнай свядомасцю таксама не было як такіх. Таму перш за ўсё, на маю думку, не варта разважаць пра тыя, далёкія назвы ў сучасных катэгорыях. Трэба паспрабаваць зразумець, што мелася на ўвазе тады, у той час, калі прамаўлялася слова, напрыклад, “рускі” – калі мы гаворым пра драўлянае дойлідства канца XVIII ст. на Падляшшы, то ці ўкладалася тады ў слова “рускі” адценне нацыянальнага ці хаця б этнічнага? Ці ў гэтым выпадку галоўнай, вызначальнай рысай было праваслаўнае веравызнанне, якое кантэкстуальна супастаўлялася з каталіцкім. А калі і быў культурна-этнічны кампанент, то ці не датычыўся ён толькі канкрэтнай лакальнай культуры насельніцтва Падляшша? Тое, што сёння розныя жыхары Падляшша ідэнтыфікуюць сябе з – як найменш – трыма нацыянальнымі культурамі – беларускай, польскай і ўкраінскай, – наўрад ці дае нам права казаць пра культурную спадчыну Падляшша канца XVIII ст як украінскую, польскую або беларускую ў сучасным разуменні гэтых словаў. Пагатоў, як падаецца, гэты абшар гістарычна быў досыць самадастатковым і, разам з тым, гэта была памежная тэрыторыя з усімі ўласцівымі памежным тэрыторыям характэрнымі рысамі.
Што да часам ужываных словаў русінскі і рутэнскі, то звернемся да артыкула Сяргея Запрудскага: “Тэрміны рускі, русінскі і рутэнскі разглядаюцца намі як этымалагічна тоесныя. Варыянтнасць русінскі / рутэнскі ўзнікла з прычыны сутыкнення ў рамках адной мовы славянскай і лацінскай практыкі: тэрмін рутэнскі мае, несумненна, неславянскае паходжанне. Праўдападобна, і тэрмін русінскі мог выкарыстоўвацца не толькі як спрадвечны, але і пад уплывам неславянскіх найменняў Ruthen /us, /-isch, /-ian.5
У польскай мове слова “ruski” мае на ўвеце перадусім праваслаўны кампанент і ўжываецца пераважна ў дачыненні да ўкраінскіх этнакультурных складнікаў. Пытаюся ў польскіх гісторыкаў:

-- Што вы маеце на ўвазе, калі гаворыце “ruski”?

-- Перадусім праваслаўе. І яшчэ гістарычных ўкраінцаў.

-- А беларусаў? Гістарычных беларусаў залічваеце да гэтага панятку?

-- Ну, і беларусаў таксама. І нават палякаў часам.

Мяркую, гэта звязана ў першую чаргу з тым, што ўкраінскія гісторыкі – у тым ліку мовы, літаратуры і культуры – у параўнанні з беларускімі гісторыкамі больш актыўна прамуюць гэтае слова як “сваё” і ўжываюць яго як “сваё” – дзякуючы размежаванню “рускага” і “російського” ў мове, такое размежаванне значэнняў ёсць і ў актуальнай карціне свету сённяшніх украінцаў. Беларусы ж застаюцца пад культурным і моўным уплывам расійцаў і, адпаведна, расійскай (маскавіцкай) мовы, для якой падобная блытаніна вельмі зручная, таму што “дазваляе” фальсіфікаваць гісторыю мовы, узводзячы яе да “руськай” мовы Вялікага княства Літоўскага.


Мова – гэта, безумоўна, пэўная оптыка, якая дазваляе нам бачаць свет так або іначай. Таму так важна разабрацца за значэннем словаў, якія мы ўжываем.


1 Edward Keenan, «On Certain Mythical Beliefs and Russian Behaviors», The Legacy of History in Russia and the New States of Eurasia, edited by S.Frederick Starr, vol.1 (Armonk, NY: M.E.Sharpe, 1994), 19-40. (Wedlug: Ewa M. Tompson Imperial Knowledge. Russian Literature and Colonialism, 2000, ст.16).

2 Slowar' russkogo jazyka Akadiemii Nauk SSSR, Moskwa 1959.

3 Edward Keenan, «On Certain Mythical Beliefs and Russian Behaviors», The Legacy of History in Russia and the New States of Eurasia, edited by S.Frederick Starr, vol.1 (Armonk, NY: M.E.Sharpe, 1994), 19-40. (Цытата паводле: Ewa M. Tompson Imperial Knowledge. Russian Literature and Colonialism, 2000, ст.16).

4 Тут і далей пад выразам расійская мова разумеецца мова Расійскай Федэрацыі (або, як яе яшчэ называлі раней – маскавіцкая мова).

5 Сяргей Запрудскі (Мінск) НАЗВЫ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ Ў ПРАЦАХ ДАСЛЕДЧЫКАЎ ХІХ СТАГОДДЗЯ. ПРАЦЫ 1800–1810-х ГАДОЎ // Беларусь і беларусы ў прасторы і часе. Зборнік да 75-годдзя прафесара Адама Мальдзіса. Мн., Лімарыус, 2007. с. 252-268.


Поделитесь с Вашими друзьями:




База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2022
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка