Сяргей Запрудскі (Мінск) Назвы беларускай мовы ў працах даследчыкаў




старонка2/3
Дата канвертавання20.03.2016
Памер407.91 Kb.
1   2   3

Палітычны дзеяч Рэчы Паспалітай, філосаф, педагог Гуга Калантай (1750 – 1812) пісаў, што «на Валыні, Падоллі і ў некаторых ваяводствах літоўскіх гавораць па-руску, але зусім іншым, чым расійскі, дыялектам» (цыт. паводле: Куль-Сяльверстава 2000, 226). Польскі гісторык Т. Чацкі ў працы «Аб літоўскіх і польскіх законах, аб іх духу, крыніцах і сувязі…» (1800 – 1801) неаднойчы пісаў пра рускую мову юрыдычных дакументаў Вялікага княства Літоўскага, аднак часам неўласціва карыстаўся і тэрмінамі царкоўная мова і расійская мова, за што пазней быў крытыкаваны С.Б. Ліндэ (Linde 1816, 12). Ва ўяўленні польскага гісторыка Лялевеля выраз руская мова настолькі трывала асацыяваўся з пісьмовай мовай юрыдычных дакументаў ВКЛ, што ён энергічна пратэставаў супраць любых пашырэнняў гэтага тэрміна тыпу руска-літоўская мова, беларуская мова (Lelewel 1826, 213 і наст.) і захаваў вернасць яму, здаецца, да канца свайго жыцця.

Польская практыка выкарыстання тэрміна руская мова ў XVIII ст., напэўна, уплывала на яго выкарыстанне ў Беларусі або (калі такі тэрмін быў ва ўжытку ў Беларусі) рэзаніравала з ім. Так, у сям’і каталікоў Галамбёўскіх, напрыклад, ведалі, што навучаючы сваіх дзяцей чытаць па-беларуску (у сучаснай тэрміналогіі), яны давалі ім веданне рускай мовы (у тэрміналогіі XVIII ст.) (Мальдзіс 1982, 90).

4.3. У Расіі да 1830-х гг. можна канстатаваць адносна маргінальнае становішча ў лінгвістычнай літаратуры тэрміна русский язык для наймення тагачаснай мовы расійскага народа. Выразнай перавагай валодаў тут тэрмін российский язык. Сярод пералічаных С. Булічам у яго «Очерке истории языкознания в России» 17-ці школьных расійскамоўных граматык расійскай мовы 1810 – 1825 гг. фіксуюцца 16 граматык расійскай мовы («российского языка») і толькі адна – рускай мовы («русского языка») (Булич 1904, 1003 – 1005).

У асобных выпадках з боку расійскіх дзяржаўных дзеячаў можна назіраць не (дастковае) прыманне тэрміна русский – на карысць ужывання тэрміна российский. Так, напрыклад, у 1804 г. Якубовіч выдаў зборнік былін і гістарычных песень Кіршы Данілава канца XVIII ст. пад назвай «Древние русские стихотворения…». Калі ж у 1818 г. здзяйснялася новае выданне гэтага зборніка К. Калайдовічам (адпаведнае даручэнне ў 1816 г. ён атрымаў ад графа Румянцава), то назва была зменена на «Древние российские стихотворения, собранные Киршею Даниловым». Назву змяніў сам Мікалай Румянцаў (Азадовский 1958, 171).

Нягледзячы на тое, што на працягу XVIII ст. у Польшчы і Расіі называлі рускай розныя мовы (у Польшчы – беларускую і ўкраінскую, у Расіі – часам расійскую) гэта не стварала асаблівай праблемы ў лінгвістычнай практыцы таго часу. Па-першае, польска-расійскія лінгвістычныя сувязі ў гэту пару былі неінтэнсіўнымі. Па-другое, у XVIII ст. яшчэ не прыйшоў час сур’ёзных параўнальна-гістарычных мовазнаўчых даследаванняў (уласна кажучы, сучаснай лінгвістыкі) з іх увагай да існуючага рэпертуару моў і іх класіфікацыі.

5. Назва беларуска мова ў XVII – XVIII стагоддзях

Як вядома, назва беларуская мова з’яўляецца экзалінгвонімам, яна засведчана прынамсі з XVII стагоддзя за межамі Беларусі, найперш у Маскоўскай дзяржаве (Карский 2006, гл. вышэй; Жураўскі, Прыгодзіч 1994, 147). Яе пашырэнне і ўмацаванне ў Беларусі і за яе межамі ішло поруч з пашырэннем і ўмацаваннем этноніма беларус(ец), які, паводле сведчання Мыльнікава (1999, 81), упершыню быў уведзены ў навуковы ўжытак Мацеем Стрыйкоўскім у яго «Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» (1582).3

На пазнейшае замацаванне ва ўжытку тэрміна беларуская мова, несумненна, уплывала тая акалічнасць, што ў Масковіі ў XVII ст. надрукаваныя ў Беларусі і Украіне кнігі (на непадобнай да ўжыванай у Масковіі мове) называлі беларускімі. Гэтыя кнігі пакінулі вялікі след у маскавіцкай культуры таго часу, адпаведна, замацоўвалася і асацыяваная з імі назва. Праўдападобна, пад уздзеяннем акурат гэтых акалічнасцяў у сваім творы «Граматично изказанjе об руском jезику» (упершыню ў лінгвістычнай літаратуры) назваў нашу мову беларускай Юрый Крыжаніч (Гл.: Запрудскі 2005).

У пачатку XVIII ст. расійскі лексікограф Палікарпаў-Арлоў у прадмове да свайго «Лексикона» прызнаў самабытнасць беларускай і маларасійскай моў, называючы іх у шэрагу іншых славянскіх (Мыльников 1999, 82). Будучаму (спачатку не вельмі актыўнаму) выкарыстанню тэрміна беларуская мова спрыяла культываванне тэрмінаў Белоруссия, Weissrussland, белорусский у адміністрацыйна-дзяржаўнай і царкоўнай практыцы Расіі XVIII – пачатку XIX стст., у апісаннях падарожжаў замежных аўтараў, у картаграфіі (шматлікія прыклады такога выкарыстання гл.: Лабынцев 2005; Щавинская 2005). Так, прынамсі з 1773 г. існавала Беларускае біскупства (біскупам быў С. Богуш-Сестранцэвіч). З 1783 г. выдаваўся на польскай мове ініцыяваны Богуш-Сестранцэвічам «Каляндар беларускіх намесніцтваў» (у 1784 – 1795 гг.: «Каляндар беларускі»). Існавала Беларуская уніяцкая і праваслаўная епархіі, часта называлі Беларускім генерал-губернатарства з цэнтрам у Віцебску (Токць 2005, 63). У 1796 – 1802 гг. існавала Беларуская губерня (уключала Віцебскую і Магілёўскую). У 1828 г. пасля непрацяглага знаходжання ў Пецярбургскай навучальнай акрузе школы і гімназіі Віцебскай і Магілёўскай губерняў склалі асобную Беларускую навучальную акругу.

Першаму вядомаму ўжыванню тэрміна белорусское наречие ў канцы XVIII ст. мы абавязаны, відаць, акурат адміністрацыйна-дзяржаўнай практыцы, а не этна-культурнай спецыфіцы беларускай мовы: у працы «Описание Кричевского графства» Андрэя Меера (апублікавана толькі ў 1901 г.) «белорусское наречие» было патрактавана выключна як лакальная разнавіднасць «великороссийского языка», якая мае мінімальныя адрозненні ад агульнай расійскай мовы.4

6. Назва літоўская мова ў XVІ – XVIII стагоддзях

Пры тым, што ў працы К. Геснера 1555 г. пад назвай літоўская мова разумеўся продак адной з сучасных балтыйскіх моў (гл.: Dini 1997), нельга сказаць, што ў швейцарскага гуманіста было дакладнае ўяўленне як пра гэту мову, так і пра адпаведнасць ужыванай ім тэрміналогіі (што, зрэшты, было звычайнай практыкай у той час). Спасылаючыся, на геаграфічную карту 1542 г. «народжанага ў Літве» Антонія Вуеда (Vuied), К. Геснер сярод іншага cцвярджаў, што А. Вуед падаў таксама алфавіт, якім карысталіся маскавіты і ліцвіны; гэты алфавіт вельмі падобны да грэцкага, але пашыраны на некалькі літар (etia alphabetum quo Moscouitae et Lithuani utuntur, Graeco no dissimile, sed charakterib. aliquotauctius proponit) (Gessner 1974 [1555], 61r). Геснер таксама сцвярджаў: іншыя аўтары пішуць, што ліцвіны проста гавораць па-ілірыйску (Alij Lituanos simpliciter Illyrice loqui scribunt) (Тамсама, 60r.). Калі мець на ўвазе, што першыя пісьмовыя помнікі на літоўскай мове адносяцца да пачатку XVI cт., а першыя літоўскія кнігі (пратэстанцкі катэхізіс К. Мажвідаса 1547 г.) былі надрукаваны польскім варыянтам лацініцы, то можна прызнаць, што пад «алфавітам літоўцаў» і ілірыйскамоўнымі ліцвінамі ў К. Геснера хаваецца, праўдападобна, алфавіт старабеларускай мовы і беларусы.5

Вышэй была згадана таксама больш позняя практыка XVI – XVIII стст., згодна з якой беларуская мова называлася літоўскай (Зізаній, Бярында, Крман). Што да Зізанія, то ён не быў паслядоўны і ў назве свайго вядомага слоўніка 1596 г. карыстаўся выразам «просты рускій діялектъ». Цікава, аднак, што калі ў 1627 г. у Маскве ў Кніжнай палаце адбылося паседжанне, прысвечанае «Катэхізісу» Зізанія, то ўдзельнікі сходу былі схільны пры разборы мовы гэтай кнігі ўжываць азначэнне літоўская (гл.: Целунова 2000, 89 – 90; Прыгодзіч 2006, 125). У выдадзеным у Кіеве слоўніку Бярынды быў ужыты выраз литовски, верагодна, з той прычыны, што ва Украіне за Беларуссю і беларусамі даволі рана замацаваліся назвы Літва, ліцвіны (да спецыфікі украінскай сітуацыі параўн. хоць бы выкарыстанне героя Ліцвіна ва ўкраінскіх камедыях і інтэрмедыях, гл.: Кабржыцкая, Рагойша, гэты том). Выкарыстанне ў дачыненні да беларускай мовы славацкім падарожнікам Крманам выразу літоўская мова ў пачатку XVIII ст. выглядае ледзь не ізаляваным (пры гэтым на Крмана ўплывала хутчэй адміністрацыйна-дзяржаўная практыка; літоўская мова ў яго азначала, відаць, ‘абыходкавая мова жыхароў Вялікага княства Літоўскага’). З прыведзеных дадзеных вынікае, што лінгвонім літоўская мова ў дачыненні да беларускай, падобна да лінгвоніма беларуская мова, быў экзалінгвонімам.

7. Такім чынам, назвамі руская мова, беларуская мова, літоўская мова пералік ужываных да ХІХ ст. найменняў беларускай мовы вычэрпваецца. На пераломе XVIIIXIX стст. у цэлым пераважала выкарыстанне тэрміна руская мова. Тэрмін беларуская мова быў у гэты час малавядомы і геаграфічна абмежаваны. Здаецца, тым больш малаўжывальны быў тэрмін літоўская мова.

8. З надыходам ХІХ ст., часу, калі ўзнікла мовазнаўства ў сучасным яго разуменні, увагу навукоўцаў і увогуле грамадскасці стала прыцягваць і беларуская мова, пра існаванне якой у пачатку ХІХ ст. у тагачаснай навуковай літаратуры было амаль нічога невядома. Фактычна толькі першыя крокі рабіла навуковая славістыка. Прымяняльна да пачатку ХІХ ст. у 1889 г. Пыпін сцвердзіў, што ў Расіі ў гэты час «не было чалавека (прынамсі нельга яго паказаць у літаратуры), які быў бы ў стане пералічыць правільна славянскія плямёны, паказаць на карце месцы іх пражывання» (цыт. паводле: Гудков 1999, 18). Зацікаўленне рознымі мовамі ў гэты час адбывалася ў значнай меры ў рамках рамантычнага напрамку з яго зацікаўленасцю гісторыяй – у прыватнасці, этнічнай гісторыяй і кніжна-пісьмовай культурай папярэдніх часоў. У пачатку ХІХ ст. беларуская мова стала аб’ектам навуковага зацікаўлення найперш у якасці пісьмовай мовы часоў ВКЛ. У гэты час значна пашырыўся польска-расійскі лінгвістычны дыялог; адпаведна, сутыкнуліся ў тым ліку супярэчлівыя падыходы да таго, штó ў Польшчы і Расіі разумелі пад рускай мовай. У Польшчы і Расіі збор разнастайнай інфармацыі пра розныя мовы ў пачатку ХІХ ст. заахвочваўся адукацыйнымі ведамствамі і навуковымі арганізацыямі. На пераломе XVIIIXIX стагоддзяў папулярнымі былі разнастайныя рэестры, пералікі існуючых моў (у лепшых сваіх узорах яны нагадвалі сучасныя энцыклапедыі), у якіх часам пэўная роля надавалася генеалагічнай класіфікацыі моў. Пачатак ХІХ ст. у славістыцы пазначыўся выданнем фундаментальнага шасцітомнага слоўніка польскай мовы С.Б. Ліндэ; дадзеная праца, зрэшты, мела вялікае значэнне для славістыкі ў цэлым. Гэтыя і іншыя акалічнасці паўплывалі на характар асэнсавання беларускай мовы, яе прадстаўленне ў розных крыніцах, а таксама на суперніцтва паміж рознымі тэрмінамі, якія абазначалі беларускую мову.

9. Першыя працы ХІХ ст. аб беларускай мове

9.1. Згодна з нашымі дадзенымі, у навуковай літаратуры ХІХ ст. першым згадаў моўную спецыфіку беларусаў нямецкі гісторык А.Л. Шлёцэр, які ў сваёй прысвечанай усходнеславянскім летапісам працы (апублікавана па-нямецку ў Гётынгене ў 1802 – 1809 гг. і па-расійску – у 1809 – 1819 гг. у Санкт-Пецярбургу) сярод іншага сцвердзіў, што, перапісваючы летапісы, манахі «переменяли и грамматику: Белорус склонял иначе, нежели Чермнорус, Малорус и Великорус; всякий писал, как говорили в его время в его провинции» (Русские летописи 1809). Таксама Шлёцэр лічыў, што «рускія» летапісы найбольш актыўна пісаліся ў Белай, Малой і Чорнай Русі. Нам невядома, аднак, ці Шлёцэр дакладна ўяўляў, дзе жывуць беларусы, ён не згадваў беларускай (дарэчы, і украінскай) гаворкі сярод пералічаных ім васьмі славянскіх. У выніку яго выказванне аб рэгіянальных адрозненнях пры перапісванні летапісаў, здаецца, не пакінула якога-небудзь следу ў замацаванні ў літаратуры тэрміна беларуская мова. Праца Шлёцэра, аднак, для нас важная, паколькі яна была перакладзена і была добра вядомай у Расіі. Акрамя таго Шлёцэр меў некалькі адданых паслядоўнікаў (напрыклад, М. Качаноўскага), якія пазней ўзялі ўдзел у дыскусіі з нагоды назвы беларускай мовы. У абмеркаванні наймення беларускай мовы пазней удзельнічаў і перакладчык працы Шлёцэра пра летапісы Дзм. Языкаў.

9.2. Беларусы, аднак, не фігуравалі ў другім томе выдадзенай Ёганам Севярынам Фатэрам (J. S. Vater) у 1809 г. у Берліне працы Ёгана Хрыстофа Адэлунга (J. Chr. Adelung) «Мітрыдат, або Агульнае мовазнаўства…» (Mithridates, oder allgemeine Sprachenkunde), дзе ў рамках падраздзела «Дыялекты» раздзела «Агульнаруская мова» пасля гаворкі пра суздальскі, маларускі (іначай: украінскі) дыялекты, а таксама пра руснякоў або рускіх Галіцыі і Букавіны ішла гаворка пры крывічоў. Са спасылкай на візантыйскага гісторыка Х ст. Канстанціна Пурпурароджанага Адэлунг6 напісаў, што крывічы (die Kriwitzen) жылі ў былых Полацкім, Смаленскім і Мінскім княствах. Адэлунг акрэсліў паходжанне крывічоў, заўважыўшы, што яны, відаць, «не належаць ні да вялікарусаў, ні да маларусаў; хутчэй неславяне. Першапачаткова жылі паміж рэкамі Прыпяць і Дзвіна, аднак пашырыліся да рэк Волга, Дзвіна, Ака і Днепр. Пазней трапілі пад Літву і з таго часу называюцца літоўскія рускія (Litthauische Russen). Пасля падзелаў 1773 і 1793 зноў падпалі пад Расію. Яны маюць сваю асаблівую, аднак вельмі мала вядомую, гаворку, якая перамешана з польскай» (Adelung 1809, 630 – 631). У працы Адэлунга выкарыстоўваліся выразы die Kriwitzen, Litthauische Russen, аднак не ўжывалася ніякіх азначэнняў у дачыненні да акрэсленай ім асобнай (несумненна, беларускай) мовы.

9.3. Беларуская гаворка «славяна-рускай» (інакш: «славяна-расійскай») мовы згадваецца (поруч з вялікарасійскай, маларасійскай, нізаўскай) у 1810 г. у выдадзенай у Харкаве працы «Новейшее начертание правил российской грамматики» Івана Арнатоўскага. Падобна да іншых украінскіх аўтараў, аўтар называў беларусаў літоўцамі і сцвярджаў, што ад апошніх «славяна-расійская» мова атрымала «многа слоў, а яшчэ больш канчаткаў», засвоеных з іх мовы «паўночназаходняй часткай Расіі» (Булич 1904, 729). Такая тэрміналогія праз стагоддзе змусіла С. Буліча выказаць сумненне ў яе абгрунтаванасці, які, цытуючы працу Арнатоўскага, пасля слова літоўцаў дадаў рэмарку ад сябе: «беларусаў?» (Тамсама).

9.4. Праблематычнай для дакладнай кваліфікацыі з’яўляецца выказванне аўтара яшчэ адной харкаўскай працы «Опытный способ к философическому познанию российского языка» (1811) І. Цімкоўскага аб тым, што расійская мова мае тры галоўныя гаворкі – наўгародскую, кіеўскую і маскоўскую. Сярод іншага аўтар сцвярджаў, што Руссю называліся Літва, Жмудзь і Падляшша (гл.: Булич 1903, 1005 і наст.). Магчыма, наўгародская гаворка ў Цімкоўскага ўбірала ў сябе і беларускую мову? Або ён уключаў беларускую гаворку ў кіеўскую? Ці ён нічога не ведаў пра спецыфічны характар мовы, ужыванай ў Беларусі і Літве?

9.5. Вельмі вялікае значэнне для папулярызацыі назвы беларуская мова мела праца Васілія Сопікава «Опыт российской библиографии или Полный словарь сочинений и переводов, напечатанных на славенском и российском языках» (ч. 1, 1813). Бібліёграф рускага аддзела Імператарскай публічнай бібліятэкі ў Пецярбургу Сопікаў у першай частцы сваёй бібліяграфіі даў першае падрабязнае апісанне славутай Скарынавай Бібліі і, увогуле, увёў дзейнасць Скарыны ў кантэкст гісторыі славянскага і заходнеславянскага кнігадрукавання. Сопікаў змясціў у сваім даведніку нямала інфармацыі і пра іншыя выдадзеныя ў Беларусі ў XVIXVIII стст. кнігі, назваўшы некаторыя з іх беларускімі. У кнізе сустракаецца і першае на расійскай мове ў ХІХ ст. вызначэнне беларускай мовы: яе ён назваў «гаворкай набожных грэчаскай веры людзей, што жылі ў Беларусі і Польшчы… вучоныя манахі ў гэтых землях аж да канца XVII стагоддзя амаль усе свае тэалагічныя і маралістычныя творы пісалі на гэтай мове; яна ёсць сумесь моў славянскай, рускай, польскай, а часткова і лацінскай» (Сопиков 1813). Прыкладам беларускай мовы для яго была кніга «Лекарство на оспалый смысл человечий», выдадзеная ў Астрогу на Украіне ў 1607 г.

9.6. Аднак ужыты Сопікавым выраз беларуская мова быў зусім новым для навуковага дыскурсу пачатку ХІХ ст., адпаведна ў навуковых працах таго часу ўжывалася і традыцыйная тэрміналогія, згодна з якой беларуская мова называлася рускай. Так, у манаграфіі «Гісторыя кракаўскіх друкарняў» (1815) Е.С. Бантке сцвердзіў, што Скарына пераклаў Біблію на «рускі дыялект, якім карыстаюцца каля Полацка». У тым жа 1815 г. у зборніку «Slovanka» Ёзаф Добраўскі надрукаваў артыкул «Плач Ераміі, перакладзены Ф. Скарынам на рускую мову» (Jeremia Klaglieder, von Franz Skorina in Russische übersetzt).

9.7. Цікава, аднак, што рыхтуючы працу «Літаратура, датычная граматык, лексікі і збораў слоў усіх моў зямлі: выкладзеная ў алфавітным парадку моў…» (Literatur der Grammatiken, Lexica und Wörtersammlungen aller Sprachen der Erdе: nach Alphabetischer Ordnung der Sprachen) (выдадзена ў Берліне ў 1815 г.), Ёган Севярын Фатэр не выкарыстаў дадзеных другога тома адэлунгавай працы «Мітрыдат», які ён сам рыхтаваў да друку ў 1809 г. На адрозненне ад даведніка Адэлунга, у працы Фатэра ўжо не згадваліся крывічы і іх мова і замест трохчасткавага падзелу рускай мовы (падобна да слоўніка 1780 – 1790-х гг. П. Паласа) было дадзена яе чляненне на два, пра гэтым малаадрозныя між сабой маларасійскі (Malo-Rossisch) і суздальскі дыялекты (Vater 1815, 202). Ці беларуская мова тут прысутнічала як складовая частка маларасійскай мовы? Даволі спецыфічным чынам Фатэр патрактаваў літоўскую мову: будучы «сястрой» латышскай мовы, з пункту гледжання лексікі і граматыкі яна была пераважна славянскай, у іншых адносінах – германскай. Літоўская мова мела свае адгалінаванні ў «жамойцкай Літве» і на поўдні Вялікага княства Літоўскага (Vor ihr geht sowohlsüdlichern Grossherzogtum Litthauen) (Тамсама, 132). Фатэр, такім чынам, як і іншыя аўтары ў той час, бачыў у літоўскай мове вельмі моцны славянскі складнік. Здаецца, ён дрэнна адрозніваў моцна «славянізаваную» літоўскую мову ад яе (магчыма, гэтым разам яшчэ больш славянскага?) варыянта, які бытаваў на поўдні Вялікага княства Літоўскага?

9.8. Тым часам у 1815 – 1816 гг. у Варшаве на польскай мове былі надрукаваны дзве працы С.Б. Ліндэ, якія з’явіліся як вельмі важным укладам у беларусістыку таго часу, так і выводзілі на новы ўзровень асэнсаванне фактычна яшчэ не пастаўленай у тую пару праблемы прымальных для беларускай мовы назваў.

Першая праца – гэта вялікі артыкул «Аб славянска-расійскай літаратуры», які ў значнай ступені ўяўляў сабой рэцэнзію на публікацыю Сопікава. У гэтым артыкуле, здаецца, упершыню ў польскамоўнай навуковай літаратуры сустракаецца выраз беларуская, дакладней, беларасійская, мова. Так, Ліндэ звярнуў увагу на тое, што мову не ўсіх прадстаўленых у каталогу Сопікава кірылічных выданняў трэба кваліфікаваць як царкоўнаславянскую: «шмат ёсць напісаных па-маларасійску або па-беларасійску» (Linde 1815 – 1816. Т. ІІІ, 31). Пазней Ліндэ яшчэ раз выкарыстаў тэрмін «бесперапынная» беларуская мова (ciągły język białoruski) – у фрагменце, прысвечаным параўнанню мовы кнігі «Казанне св. Кірылы аб антыхрысце» С. Зізанія з польскай мовай (Linde 1815 – 1816. Т. V, 13).

Аднак Ліндэ карыстаўся і тэрмінам руская мова. Ён напісаў, напрыклад, што першае і трэцяе выданні статутаў ВКЛ «выйшлі на рускай мове; усе Ягелоны аж да Жыгімонта Аўгуста ў Літве пісалі па-руску, давалі граматы і прывілеі, а паводле слоў нашага Бантке (у яго гісторыі кнігадрукавання), здаецца, некаторыя з іх не надта добра ведалі польскую мову і, прынамсі, Казімір Ягелон раней умеў па-руску, чым па-польску...» (Linde, 1815 – 1816). У фрагментах, прысвечаных Скарыне, Ліндэ заўважыў, што ўсходнеславянскі першадрукар пісаў свае творы «на рускім дыялекце, вельмі блізкім да польскай мовы» (Linde, 1815 – 1816. Т. ІІІ, 292) і што ў прадмове да кнігі Эсфір Скарына згадваў пра «сваю прыродную рускую мову» (выдзелена Ліндэ – С.З.) (Linde 1815 – 1816. Т. ІІІ, 293).

Здаецца, пералік усходнеславянскіх моў у артыкуле Ліндэ можна ацэньваць як даволі двухсэнсоўны. З аднаго боку, абвяшчалася існаванне асобнай маларасійскай або беларасійскай мовы. З другога боку, пры разглядзе мовы Скарыны (якая выглядала вельмі своеасаблівай у параўнанні з вядомымі Ліндэ тагачаснай расійскай і царкоўнаславянскай), пры спасылках на адміністрацыйна-юрыдычную практыку ў ВКЛ аўтар не карыстаўся гэтым выразам, а ўжываў тэрмін руская мова. Такім чынам, у артыкуле «Аб славянска-расійскай літаратуры» сярод усходнеславянскіх моў выдзяляліся тры мовы – расійская, маларасійская / беларасійская і руская. Чым адрознівалася беларасійская (маларасійская) ад рускай мовы, было, аднак, незразумела. Сітуацыя была тым больш складаная, калі паспрабаваць дыферэнцыяваць беларасійскую мову ад рускага дыялекта, вельмі блізкага да польскай мовы

1   2   3


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка