Сяргей Казлоў вожыкава гара




Дата канвертавання11.05.2016
Памер16.94 Kb.
Сяргей Казлоў
ВОЖЫКАВА ГАРА

Даўно ўжо Вожык не бачыў такога вялікага неба. Даўно ўжо не здаралася такога, каб ён вось так спыняўся і заміраў. І калі б хто-небудзь спытаўся ў яго, з якой такой нагоды ён спыняецца, чаму замірае… Вожык усё роўна ні за што не знайшоў бы адказу на гэтае пытанне.


- Ты куды пазіраеш, Вожык? – запыталася Вавёрка.

- Ааа, - сказаў Вожык. І адмахнуўся лапкай.

- Што ты там угледзеў? – запыталася Мурашка.

- Маўчыць, - сказала Вавёрка.

- Задумаўся, - буркнула Мурашка і пабегла далей па сваіх справах.
А Вожыку раптам падалося, што ён упершыню бачыць гэты лес, гэты ўзгорак, гэтую палянку. Што ніколі-ніколі да гэтага часу нічога падобнага ён не бачыў. “Як жа так? – думаў Вожык. – Я ж столькі разоў бегаў па гэтай сцежцы, столькі разоў стаяў на гэтым узгорку…”.
І дрэвы былі такія незвычайныя – лёгкія, чамусьці амаль празрыстыя, як быццам якія бэзавыя, і пры гэтым поўныя такой унутранай цішыні і спакою, што Вожык не пазнаваў знаёмыя з дзяцінства мясціны.
- Што ж гэта? – мармытаў Вожык. – Раней я не бачыў усяго?
І птушкі, тыя нешматлікія птушкі, што засталіся ў лесе, паўсталі зараз перад Вожыкам незвычайнымі. “Гэта не Варона, гэта нейкі Арол лунае над лесам, - думаў Вожык. – Ніколі не бачыў такой агромністай птушкі”.

- Усё яшчэ стаіш? – запыталася Мурашка. – Я ўжо вунь якую саломіну сцягнула, а ён усё стаіць.

- Не перашкаджай яму, - сказала Вавёрка. – Ён разважае.

- Разважае, разважае, - прабурчэла Мурашка. – Што б сталася ў лесе, калі б усе пасталі ды разважалі…

- Паразважае і ўсё, - сказала Вавёрка. – Не турбуй яго.

- Вы ўсе абібокі, гультаі, - сказала Мурашка. – Вы ўсе адзін за аднога гарою. – І пабегла далей.


А Вожык ціхенька, сам сабе, падзякаваў Вавёрцы. Ён чуў іхнюю размову недзе далёка-далёка, быццам бы гутарылі яны на аблоках, а ён – на дне мора. “Якая яна добрая, - падумаў Вожык аб Вавёрцы. – Чаму я раней ніколі яе не сустракаў?”.
Прыйшло Мядзведзяня.
- Ну, што? – сказала яно. – Што рабіць будзем?
Вожык пазіраў на лес, на ўзгорак, на Варону, якая лунала за ракою, і раптам зразумеў, што яму так не хочацца адказваць, так не хочацца сыходзіць са своёй гары… І ён пачаў думаць па чыёй дабрыні ён апынуўся на гэтай гары.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка