Сяргей ёрш беларуская партызанка




старонка2/2
Дата канвертавання30.04.2016
Памер393.64 Kb.
1   2

КРЫВАВАЯ МАСАКРА Ў БЕЛАРУСКІХ ЛЯСАХ

У справе зьнішчэньня або падпарадкаваньня сабе БНПартызанкі, Масква рабіла стаўку на дывэрсыйныя чэкістоўскія групы. С. Хмара ўспамінае, што ў 1943 годзе ў раёне Ружан, Быценя і Косава было скінута 5 вялікіх дэсантных груп энкавэдыстаў пад галоўным камандаваньнем “палкоўніка сьпецыяльных войскаў НКВД” Льдова, з заданьнем сьпешна зьліквідаваць “беларускую небясьпеку” у лясах.

Хто ж ён такі, гэты Льдоў? Сапраўднае прозьвішча гэтага уральскага расейца — Лінькоў. “Льдоў” і “Баця” — гэта ягоныя псеўды. У 1941-42 гг. ягоны дывэрсыйны атрад дзейнічаў у бярэзінскіх лясах (Менская вобласьць), зрабіў 600-кіламетровы рэйд па нямецкіх тылах на Палесьсі. У студзені 1943 году Рыгор Лінькоў быў выкліканы ў Маскву, дзе атрымаў зорку героя Савецкага Саюза. На Беларусь ён вяртаецца ў траўні 1943 года, атрымаўшы сьпецыяльнае заданьне П. Панамарэнкі.

Капітан Топкін, які камандаваў савецкімі дэсантнікамі на Берасьцейшчыне, быў цяжка паранены й вывезены самалётам у Маскву. Лінькоў пісаў у сваіх успамінах, што “по имевшимся в Москве сведениям, она (група Топкіна — С. Ё.) неплохо действовала, но она обросла тысячами местных партизан, и управление этими тысячами, видимо, было не под силу тем, кто остался замещать капитана Топкина, — время от времени оттуда поступали тревожные сигналы.

В Брестской области еще летом 1942 года возникло несколько крупных партизанских отрядов. Большинство их базировалось в лесах Ружанской пущи и так называемых “Волчьих нор”. Отряды имени Щорса, им. Калинина, “Советская Беларусь” и многие другие сформировались здесь, главным образом, из окруженцев и бежавших из немецкого плена бывших бойцов и командиров Красной Армии. Руководство отрядами осуществляли Иосиф Павлович Урбанович и Иван Иванович Жижко, оставленные ЦК КП(б)Белоруссии на подпольную работу в тылу у немцев. Эти товарищи создали подпольный Антифашистский комитет, который и руководил партизанским движением.

В сентябре 1942 года в Брестской области была выброшена десантная группа капитана Топкина, имевшая радиостанцию. Войдя в сношения с этой группой, Урбанович и Жижко получили возможность установить непосредственную связь с Москвой. С помощью десантников Топкина они вовлекли партизанские отряды в активную диверсионную работу на железнодорожных магистралях немцев.

...Но в некоторых партизанских отрядах Брестской области процветала “партизанщина” в худшем смысле этого слова, а это создавало благоприятные возможности для проникновения в них агентов гестапо.

...Очевидно, влияние ЦК КП(б)Белоруссии ещё не доходило до брестских партизанских отрядов, а Урбанович и Жижко, не имея оперативной связи с Центральным штабом, не проявляли в этом отношении должной решительности”.

Дык якія паўнамоцтвы меў Лінькоў? У сваёй кнізе “Война в тылу врага” ён піша, што “перед вылетом я побывал в ЦК ВКП(б) и у секретаря ЦК КП(б)Белоруссии тов. Понамаренко. Полученные мною руководящие указания содержали в себе ясную политическую установку на организацию всенародной борьбы против немецких оккупантов”. Як бачым, заданьне Лінькоў атрымаў ад вышэйшага савецкага кіраўніцтва, якое прыняло рашэньне аб зьнішчэньні Беларускае Народнае Партызанкі (падобна да такой жа акцыі супраць польскай АК у Зах. Беларусі). Атаман Якуб Харэўскі ўспамінае, што “Льдоў” так акрэсьліў мэту сваёй місіі Урбановічу: “ён меў наказ ад Панамарэнкі, які кіраваў савецкай дывэрсыйнай дзейнасьцю на Беларусі, зьнішчыць любым спосабам Беларускую незалежную партызанку і падпарадкаваць абязгалоўленыя атрады сабе”.

Паплечнік Р. Лінькова А. Брынскі ўспамінаў пасьля вайны: “в мае 1943 года под Брестом появился командир партизанских отрядов полковник Льдов. Фамилия не знакома, но по делам, по почерку, как говорится, узнали мы, возвратившегося в тыл врага Григория Матвеевича Линькова...” Сапраўды, почырк у яго быў асобы, крывавы...

Акрамя дывэрсантаў Лінькова й іншых, у Заходнюю Беларусь з усходу насоўваліся савецкія партызанскія злучэньні генэрала Капусты й іншых вышкаленых савецкіх камандзіраў. Акадэмічная гісторыя Беларусі падае, што летам 1943 г. з усходняй Беларусі ў Заходнюю прыйшло толькі некалькі партызанскіх брыгад і атрадаў, але рэальна ж іх было значна больш. Панамарэнка пісаў, што “да зімы 1943/44 гг. у заходнія вобласьці Беларусі прыбыло 16 буйных партызанскіх фарміраваньняў, у тым ліку адно абласное злучэньне, 8 брыгад, полк, 6 асобна дзеяўшых атрадаў — усяго амаль 8 тысяч вопытных, загартаваных узброеных байцоў, камандзіраў і палітработнікаў. Яны занялі пазіцыі ў Баранавіцкай, Берасьцейскай і Вілейскай абласьцях”.

Рыгор Лінькоў, які 21 траўня 1943 года дэсантаваўся на Ружаншчыне, адразу прыступіў да выкананьня свайго заданьня. У сваіх успамінах ён не піша пра народную партызанку, а прадстаўляе справу так, што ён “змагаўся супраць здраднікаў у савецкіх партызанскіх аддзелах”. У сваіх успамінах Лінькоў так апісвае стан партызанскага руху на Берасьцейшчыне: “Поредевшая группа десантников /Топкина/ (а сначала их было тридцать пять человек) объеденила вокруг себя десять местных партизанских отрядов, в том числе несколько так называемых семейных, мало чем отличавшихся от деревень, переселившихся в лес. Людей в этих отрядах было четыре-пять тысяч, а способных к боевым операциям не было более трети. Десантники растворились в этих тысячах, и влияние их едва ли не сошло на-нет.

Народ в отрядах был разный: одни действительно хотели и умели воевать, другие попросту спасали свою жизнь, третьи , — кто их знает, чего хотели третьи?..”

Р. Лінькоў, пры дапамозе Урбановіча, які й не падазраваў пра намеры энкавэдзіста, зьявіўся са сваімі дэсантнікамі ў раён разьмяшчэньня штаба палкоўніка Івана Шанько й запрасіў яго на перамовы аб пастаўках савецкай зброі. Шанько на гэтую прапанову пагадзіўся.

Атаман Харэўскі, аналізуючы ўжо на эміграцыі прычыны веры палк. Шанько ў “добрыя намеры” энкавэдзістаў, прыходзіць да высновы, што тут “дапамаглі” “бульбаўцы”. Бо было вядома, што падобныя перамовы яны праводзілі з палкоўнікам Мядзьведзевым.

Т. Гладкоў пісаў, што калі палк. Мядзьведзеў прааналізаваў інфармацыю аб “Тарасе Бульбе” й ягонай Палескай Сечы УПА, ён “прыйшоў да высновы, што для пасьпяховага працягу барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі крайне пажадана абязшкодзіць Бульбу”. “Мядзьведзеўцы” пайшлі на перамовы з Бараўцом, спадзяючыся, што пры спрыяльных абставінах ім удасца яго зьнішчыць, але гэтага ім зрабіць не ўдалося, бо ахова атамана была добра ўзброеная і шматлікая. Перамовы праводзіў намесьнік Мядзьведзева А. Лукін. Адбылося дзьве сустрэчы: 16 верасьня й 28 кастрычніка 1942 года, на якіх было заключана пагадненьне аб нейтралітэце, быў прыняты агульны пароль.

Верыў Шанько Лінькову й праз пасярэдніцтва ў перамовах Урбановіча, якога ведалі як былога вучня Віленскай Беларускай Гімназыі й беларускага патрыёта, хоць і камуніста.

Сустрэча павінна была адбыцца ў Ружанскай пушчы, у лесе, і з кожнага боку, акрамя камандзіра, павінен быў быць яшчэ адзін чалавек. Палкоўнік Іван Шанько зьявіўся на ўмоўленае месца ў суправодзе толькі аднаго ад’ютанта — Мікалая Скрундзя (“Ваўкалака”). Лінькоў прыбыў з двума дэсантнікамі, што было парушэньнем папярэдняй умовы. Ён запрапанаваў Шанько пагаварыць сам на сам, адыйшоўшы ад сваіх людзей на некалькі дзесяткаў метраў.

Я. Харэўскі, праўдападобна, са слоў Скрундзя, гэтак апісвае кароткую размову палкоўнікаў: “/Лінькоў/ безцэрэмонна зажадаў, каб ён /Шанько/ падпарадкаваўся яму, як былы савецкі маёр і падпарадкаваў яму атрады. Затое прапанаваў яму месца свайго памочніка ў кіраўніцтве партызанскім рухам Палесься, вызначаючы сябе на кіраўніка гэтага руху. Калі Шанько адказаў яму, што ані ён асабіста, ані Беларускі партызанскі рух яму, як высланьніку СССР не падпарадкуецца, Льдоў выхапіў наган і стрэліў у грудзі палкоўніка Шанька”. Ад’ютант М. Скрундзь быў зтэрарызаваны энкавэдыстамі й змушаны прыбыць разам зь імі ў лягер атрада Шанько і абвесьціць, што атаман... паляцеў у Маскву на самалёце на перагаворы аб зброі, а часовае камандаваньне нібыта перадаў аднаму з падстаўленых Ліньковым энкавэдзістаў. Па іншай вэрсыі, сам Лінькоў заявіў, што заменіць палкоўніка Шанько.

Пачалося апанаваньне іншых атрадаў праз засылаемых у іх агэнтаў Лінькова, праз зьнішчэньне іншых камандзіраў і найбольш дасьведчаных, нацыянальнасьведамых партызанаў, мэтадамі правакацыі. Хмара адзначае, што напачатку забойствы рабіліся скрытна, калі гаварылася пра “вылет у Маскву” прапаўшага або аб ягонай гібелі ад “нямецкай кулі”. Пасьля беларускіх партызанаў забівалі адкрыта. Забітых абвінавачвалі ў сувязі зь нямецкімі сьпецслужбамі. Нярэдка дэсантнікі падкідвалі немцам інфармацыю, з дапамогай якой тыя зьнішчалі “ложных” партызанаў і падпольшчыкаў. Падобным чынам, як і палк. Шанько, быў забіты намесьнік атамана Бокана, а пасьля й сам Бокан ды шэраг іншых камандзіраў і сувязных. Атаман Таўпека піша, што пры адным з такіх забойстваў прысутнічаў і Урбановіч, які жахнуўся. Калі ён закрычаў на Лінькова: Што вы робіце? Той адказаў: Я выконваю інструкцыі штабу.

Язэп Урбановіч, пасьля забойства Шанько й іншых, пасьпеў паведаміць праз сувязную Грамады ў Івацэвічах аб ягонай поўнай нявіннасьці ў той трагедаі, што адбылася ды аб атрыманым шоку, а таксама парадзіў ратавацца “выдатнейшым сябрам Беларускага партызанскага руху”. Сувязная сваю справу выканала, але самая была павешаная па загаду Лінькова... Дзякуючы ёй застаўся жывы ат. Таўпека, які ўжо пасьпеў атрымаць запрашэньне на “перамовы” ў раён Быценя. Засталіся жывыя атаманы Хоміч, Перагуд і Харэўскі.

Некаторыя беларускія партызанскія аддзелы намагаліся арыштаваць і судзіць Лінькова, як крывавага забойцу. Таўпека піша: “Ды хто ж яго мог дасягці, калі ён меў сотні ўзброеных да зубоў дэсантнікаў, а за сабой афіцыйную падтрымку ўсіх савецкіх узброеных дэсантных груп, ды яшчэ, дапамогу кінутых аж зь Меншчыны цэлых брыгадаў пад камандай генэрала Капусты. Аднак, некаторых дэсантнікаў партызаны БНП лавілі, судзілі і вешалі.

Пры таямнічых абставінах загінуў атаман народнае партызанкі ў Белавежскай пушчы Канстанчук. Здарылася гэта напрыканцы 1943 года. Афіцыйна было падана, што ён загінуў ад “нямецкай кулі”. Ад рук энкавэдзістаў ген. Капусты загінуў дзеяч Грамады й сувязны партызанкі Уладзімер Альшэўскі. Ліньковым быў застрэлены 28 траўня 1943 г. камандзір савецкага атрада на Ружаншчыне маёр Канстанцін Нішчанкоў (пра гэта забойства Лінькоў падрабязна напісаў у сваёй кнізе “Война в тылу врага”). Быў зьнішчаны, трапіўшы ў савецкую засаду, аддзел атамана Івана Лясьніка каля Вялікага Балота. Ён дзейнічаў на Кобрыншчыне, Янаўшчыне і Ратненшчыне. Савецкія дыверсанты ліквідавалі атрад ат. Патрубейкі, які дзеяў на Высоччыне. На поўдзень ад Пінска, каля вёскі Нобель, быў забіты ат. Суворы (Лукашук), атрад якога дыслякаваўся ў раёне Пінска, Лунінца, Камень-Кашырска й Давыд-Гарадка. Васіль Вір пісаў ужо на эміграцыі: “Атрад Суворага захоплена такім чынам, што інфільтравана яго сваімі агентамі, якія пад покрыўкай быццам палонных савецкай арміі, прасіліся да нашай партызанкі, а атаман Суворы іх усіх прымаў. Калі іх сабралося больш 20-ці, аднаго дня яны захапілі і зьнішчылі атамана і ад’ютантаў, а на дапамогу ім ужо чакаў “сьпецыяльны” (асобы) чакістоўскі атрад, які скончыў расправу. Так як атрад /Суворага/ быў папулярны ў ваколіцы, яны і далей дзеялі быццам пад старым імем, зьмяніўшы назоў атраду (замест атраду Суворага, на атрад: “імя маршала Суворава”!!!), каб падобным, блізкім гучаньнем, зманіць нашых паляшукоў, што ім ня раз удавалася”. Як раз у гэты час была заплянавана супольная акцыя атраду Суворага й аддзелу бульбаўцаў. Чакісты, даведаўшыся пра гэта, зрабілі засаду на ўкраінцаў. В. Вір піша далей: “Але тыя былі сьмякалістыя! Калі падыйшлі першыя сьледапыты УПА і клікнулі гасла, савецкія дэсантнікі яго ня зналі, а пачалі заклікаць, каб бульбаўцы ішлі, бо іх “чакаюць”. Тыя, знаўшы атамана Суворага, зажадалі здалёк яго выйсьця наперад, а калі яго ня было, украінцы, выкрыўшы правакацыю, кінуліся назад. Сэрыі /чэргаў/ савецкіх аўтаматаў іх не дасяглі, бо і яны секанулі ў адказ”.

Апанаваныя бальшавіцкімі дывэрсантамі НКВД беларускія аддзелы былі змушаныя выконваць загады савецкага кіраўніцтва й выходзіць на “рэйкавую вайну”. Тыя, хто спрабаваў супрацівіцца, расстрэльваліся на месцы. Далейшым крокам у плянах Масквы было адарваньне партызанаў ад іхных сем’яў, якія жылі разам у лягерах. Мужчыны былі прымусам загнаныя ў іншыя акругі за сотні кілямэтраў ад сваіх сем’яў і ад родных мясьцінаў. Уцякаўшыя або тыя, што выказвалі незадавальненьне, расстрэльваліся. Сем’і іхныя ўтрымліваліся як закладнікі й расстрэльваліся пасьля ўцёкаў партызана або ягонага супраціву новым “камандзірам”. Да лета 1944 года ад беларускіх аддзелаў, якія былі падначаленыя савецкаму кіраўніцтву, не засталося і сьляда, бо беларусы перамешваліся ў атрадах з расейцамі й іншымі, якія за імі наглядалі. Толькі адзінкам удалося ўцякчы зь лесу ў гарадскую або вясковую самаахову. Сярод апанаваных чакістамі атрадаў быў і аддзел атамана Лявона, які дзейнічаў на Слонімшчыне, Шчучыншчыне й у Ліпічанскай пушчы. Лёс атамана Лявона невядомы.

Партызанскія аддзелы БНПартызанкі, якія дзейнічалі на Піншчыне й Лунінеччыне (Марочна, Лахва, Давыд-Гарадок) змушаныя былі, пад напорам дэсантных чакістоўскіх групаў і савецкіх рэйдуючых злучэньняў, часткова самазьліквідавацца, а часткова перайсьці на ўкраінска-беларускае пагранічча ў Століншчыне й Камень-Кашыршчыне, дзе падтрымлівалі кантакты з бульбаўцамі ў сутычных пунктах Высацка й Любяшова.

Аддзел ат. Таўпекі (дзейнічаў у раёне Баранавіч, Наваградка і Слоніма) быў заатакаваны савецкімі дывэрсантамі. У баі быў цяжка паранены Юрка Стасевіч, якому ад разрыву чэкістоўскай гранаты адарвала руку. Таўпека вывеў рэшткі свайго аддзелу ў 1944 годзе ў Аўгустоўшчыну. Аддзел атамана Бякеты быў зьнішчаны акоўцамі ў Лідчыне, каля Беліцы.

Частка партызанаў аддзела палкоўніка Шанько, разам з М. Скрундзем выйшла зь лесу й увайшла ў Косаўскую самаахову, у складзе якой пасьпяхова змагалася з бальшавіцкімі партызанамі. Ліпічанскі аддзел Беларускае Народнае Партызанкі уліўся ў 1944 г. у Слонімскі батальён Беларускае Краёвае Абароны. Былі былыя партызаны і ў самаахове Быценя.

Язэп Урбановіч, які абяцаў Лінькову, што той адкажа за свае злачынствы, загінуў перад самым прыходам Чырвонай Арміі ў ліпені 1944 года. Зьвесткі й нават паказаньні сьведкаў пра гэтую трагедыю супярэчлівыя. Па адной з вэрсый, Урбановіч быў забіты двума дэсантнікамі, бо зашмат ведаў.

“Навёўшы парадак” на заходнебеларускім Палесьсі, палкоўнік Р. Лінькоў падаўся далей на захад, у Польшчу, дзе яго чакалі чарговыя “адказныя даручэньні” маскоўскага кіраўніцтва. На грудзях ягоных вісела зорка героя Савецкага Саюза... Прайдуць гады й Божая кара знойдзе гэтага ката — ён загіне ў 1961 годзе ад рукі свайго сына.

Была зьнішчана нацыянальная партызанка ў цэнтральнай і ўсходняй Беларусі. Яшчэ ў 1942 годзе на Барысаўшчыне такі лёс напаткаў партызанку Беларускай Незалежніцкай Партыі, якую арганізоўваў Уладзімер Шавель. Тады беларускія камандзіры былі расстраляны савецкімі партызанамі падчас перамоваў. На Бягомельшчыне, па загаду палкоўніка-чэкіста Ваўпшасава, быў расстраляны, за адмову падпарадкавацца савецкаму кіраўніцтву, атрад атамана Іванова. Шмат атрадаў беларускіх эсэраў было зьнішчана чэкістамі на Смаленшчыне й Браншчыне...

Пасьля таго, як была зьнішчана народная партызанка й загінулі дзесяткі сяброў Беларускай Народнай Грамады, кіраўніцтва арганізацыі вырашае перакінуць рэшту сваіх сяброў на Захад, каб выратаваць іх ад зьнішчэньня новым акупантам, што насоўваўся з усходу.

БНГ падтрымала ідэю скліканьня ў чэрвені 1944 г. у Менску Ўсебеларускага Кангрэсу, бо гэта была адзіная й апошняя магчымасьць сабраць увесь беларускі нацыянальны актыў наагул і грамадоўцаў ў асобнасьці. На кангрэсе Грамада зрабіла першую спробу зкантактавацца з генэралам Езавітавым. Яго спрабавалі правесьці на старшыню кангрэсу, але няўдалося, бо ён быў “не грамадзянін Беларусі, а грамадзянін Латвіі”. Відаць, гэтаму запярэчылі нямецкія сьпецслужбы ды некаторыя беларусы-калябаранты тыпу Астроўскага. На кангрэсе ад імя грамадоўцаў (афіцыяльна, як “прывітаньне зьезду ад дэлегата”) выступіў Андрэй Чэмер (Анішчык). Яго выступ хутка абарвалі, бо гаварыў ён значна больш за “прывітаньне”.

Пасьля кангрэсу ў Менску адбылася кароткая нарада грамадоўскага актыву (Хмара, Таўлай, Анішчык, Трэска й інш.). Абгаворвалася адзіная актуальная справа: надыход савецкай акупацыі й далейшая дзейнасьць грамадоўцаў. Адзінства не было. Большасьць выступала за выезд на эміграцыю й прадаўжэньне там барацьбы. Некалькі грамадоўцаў прапанавалі пакінуць на Беларусі сваіх людзей, якія маюць пэрспэктывы ня быць арыштаванымі й зьліквідаванымі. Пры гэтым некаторыя лічылі, што савецкая ўлада “памякчэе” пасьля вайны й ня будзе прасьледаваць тых, хто застанецца. У выніку, з застаўшыхся ня быў арыштаваны ці не адзін толькі Валянцін Таўлай, у якога было алібі — супраца са сьпецгрупай НКГБ “Буревестник”. Іншыя апынуліся ў лягерах на Варкуце. Некаторыя закансьпіраваліся, а мажліва пайшлі ў антысавецкую партызанку. Частка апынулася на эміграцыі (Хмара, Вір, Стасевіч, Трэска, Зарэцкі, Галейка й інш.). Напрыканцы 1944 года ў Бэрліне яны закладваюць нелегальную грамадоўскую арганізацыю “Двупагоня”. Яе сімвалам была Двупагоня — сімвал змаганьня супраць ворагаў Бацькаўшчыны з усходу і захаду (аўтар Двупагоні — Лявон Лунь). На эміграцыі арганізацыі БНГ былі закладзены ў Канадзе, ЗША, Швэцыі, Аўстраліі, Бразыліі, Нямеччыне, Англіі, Францыі і Аргэнтыне.

БЕЛАРУСКАЯ НАРОДНАЯ ПАРТЫЗАНКА Ў 1944-48 ГАДАХ
Па прыходзе бальшавікоў у Заходняй Беларусі яшчэ дзеялі аддзелы Беларускае Народнае Партызанкі атаманаў: Харэўскага (Новіка, атрад імя ат. Нябабы), Перагуда, Мініча (Хоміча), Бялейкі, Мірона, Таўпекі. Аддзелы Мініча (Кобрыншчына, Берасьцейшчына) і Бялейкі (Століншчына, Дубровіншчына, Давыд-Гарадоччына) самазьліквідаваліся пасьля вайны. Лёс атрада ат. Мірона (Быценшчына, Косаўшчына, Ваўкавышчына) застаецца невядомым. Атрад Я. Таўпекі дзеяў на Аўгустоўшчыне ў 1944-45 гг. ды перайшоў мяжу Цешынскага Шлёнску й Нямеччыны.

“Нябабаўцы” Харэўскага пад час нямецкай акупацыі дзеялі на Піншчыне, Камень-Кашыршчыне і Любяшоўшчыне. Ёсьць зьвесткі, што нібыта атрад Харэўскага вызваліў з Пінскай турмы ангельскага парашутыста, захопленага немцамі, і ўсіх вязьняў турмы. Аднак гэта пакуль не падцьверджана фактамі. Ды й вядома, што гэтую акцыю правялі польскія дэсантнікі з “Вахляжу”. Перагудаўцы да 1944 г. дзеялі ў Кобрыншчыне, Берасьцейшчыне й у Белавежскай пушчы. Гэтыя два атрады прыхаваліся ад савецкіх партызанаў і чэкістаў у глыбіні Палесься (паміж Сьвятой Воляй, Ратнам і Любяшовам). З адыходам немцаў аддзелы папоўніліся людзьмі, якія ўцякалі ў лес ад бальшавіцкіх рэпрэсій.

Успамінае атаман Іван Перагуд: “Калі немцы пакідалі Валынь, пераходзячы за Прыпяць на Берасьцейшчыну і Піншчыну, яны, уцякаючы, пакінулі, ня могучы забраць цераз Прыпяць, аргамадныя запасы зброі ў Ратне і Любяшове, што аўтаматычна сталася нашай партызанскай здабычай да прыходу савецкай арміі. Мой атрад і Харэўскага (імя Нябабы), які дыслякаваўся каля Любяшова, абагаціліся першагатунковай зброяй. Усім хапіла па нямецкім аўтамаце, лёгкія кулямёты, маса гранат, мінамёты...

Калі мы перайшлі потым на другі бераг Прыпяці, мы былі ўзброеныя па зубы, хоць цяжэйшую зброю, як мінамёты, кулямёты і шмат амуніцыі мусілі закапаць у схоўках”.

“Нябабаўцы” дзеялі на Берасьцейшчыне й Піншчыне, у ваколіцах канала Агінскага, ад Косаўшчыны на поўначы, аж да Высацка ў Століншчыне, Лахвы й Камень-Кашырска. Яны супрацоўнічалі з “бульбаўцамі”, якія партызанілі на поўдзень ад Прыпяці. Харэўскі пісаў, што “нашыя аддзелы ад пагоні звычайна хаваліся да “бульбаўцаў”, а яны, калі там напіралі, уцякалі і перасіджвалі ў нашых стаянках”.

У большасьці эміграцыйных крыніц сьцьвярджаецца, што аддзел Якуба Харэўскага ў 1945 г. перайшоў у Польшчу, а ў 1946 — праз Чэхію — у Нямеччыну. Аднак, ёсьць зьвесткі, што легендарны атрад, пасьля моцных карных апэрацый НКВД, быў атаманам часткова распушчаны, а часткова перакінуты ў Польшчу толькі ў 1948 годзе, а адтуль — на Захад, дзе апынулася 18 “нябабаўцаў”. Атаман Перагуд піша, што атрад Харэўскага перайшоў Буг каля Цераспаля ды дзеяў нейкі час на Бялападлясчыне. Сам Харэўскі, праўдападобна, памылкова піша, што “паднішчаны атрад у 50-ых гадах самазьліквідаваўся і сябры ў бальшыні перабраліся ў Польшчу, а адтуль пасьля на Захад”. Справа ў тым, што ў 1949 годзе партызаны Харэўскага й Перагуда выехалі з Заходняй Нямеччыны ў Паўднёвую Амерыку. Таму атрад імя Нябабы партызаніў толькі да 1948 г. Магчыма, што тыя партызаны, якія засталіся на Бацькаўшчыне, яшчэ дзейнічалі малымі групамі ці ў адзіночку.

Атрад Перагуда дзейнічаў у Белавежскай пушчы й Аўгустоўшчыне. У Польшчу ён перайшоў напрыканцы 1945 г. й дыслакаваўся каля Райгорада. Да 1947 года “перагудаўцы” змагаліся з польскімі нацыяналістычнымі партызанамі, якія палілі беларускія вёскі, забівалі беларусаў, прымушаючы іх да выезду ў СССР. Беларускія партызаны супрацоўнічалі з беларусамі-працаўнікамі грамадзянскае адміністрацыі й міліцыі, дапамагалі ім ваяваць з польскімі ляснымі атрадамі. Іван Перагуд пісаў: “Калі… насланыя польскія вайсковыя атрады пачалі наступаць нам на пяты, прыйшлося, каб абярэгчыся ад зьнішчэньня, партызаншчыну канчаць, тым больш, што на месцах у бальшыні паўстала мясцовая адміністрацыя з беларусаў, хоць змусу пад камуністычнай вывескай, але зь якімі мы былі саюзьнікамі, а не ворагамі. Нацыяналістычны польскі вораг ужо дабіваўся імі самымі.

Пры адпаведнай скрытнай дапамозе ўдзячных суродзічаў на адпаведных становішчах і па радах, наш атрад перасякнуўся адзінкамі праз нямецкія граніцы”.

Партызаны Харэўскага, Перагуда, Таўпекі й іншыя пасяліліся ў Бразыліі, Аргэнтыне, Парагваі, Балівіі, Венесуэле, ЗША і Канадзе. Яны арганізавалі ветэранскі Саюз Былых Удзельнікаў Збройнай Барацьбы за Вызваленьне Беларусі, рэгулярна на Купальле праводзілі ў Бразыліі сустрэчы ветэранаў Беларускае Народнае Партызанкі. Яшчэ ў Заходняй Нямеччыне на іх палявалі агэнты савецкага выведу, а ў Бразыліі чэкісты забілі ў красавіку 1968 года атамана Харэўскага і яго ад’ютанта Канстана Гука (была інсцыніравана “аўтакатастрофа”). Сёньня, праўдападобна, на эміграцыі ў жывых з былых партызанаў нікога ўжо не засталося... А тыя партызаны БНПартызанкі, што засталіся на Бацькаўшчыне, яшчэ шмат гадоў ваявалі з бальшавіцкім акупантам у складзе аддзелаў “Чорнага Ката” ды ў атрадах УПА...

ЭПІЛОГ

Беларускі Антыгітляроўскі Рэзыстанс засьведчыў імкненьне Беларускага Народу да незалежнасьці, самастойнасьці. Гэраічныя сыны й дочкі нашага народу паўсталі супраць усіх акупантаў беларускай зямлі й паляглі непераможаныя ў няроўным, але сьвятым змаганьні... Прыйдзе час, і на іх магілах мы ўрачыста ўстановім помнікі, на якіх будуць прозьвішчы усіх змагароў за ВОЛЮ й БАЦЬКАЎШЧЫНУ.
1995 — 1998 гг.


ДАДАТАК
ЛІСТ АПОШНЯГА ПАРТЫЗАНА
Здароў Браце!

...пісьмо хадзіла больш 2-х месяцаў, але дайшло, хоць я ўжо ў тым банку скрынкі ня маю. Усё-ж такі гэта найпэўнейшы адрас. Пастараюся адказаць на ўсе пытаньні, хоць ужо рука дрыжыць, бо скарэла ад працы і старасьці, што сагнуць не магу. Мне-ж ужо 80 мінула. Вы там спраўце мае каракулі, бо я па нашаму пісаць ня вучыўся і выкіньце тое, што ўважаеце друкаваць непатрэбнае...



Усе амаль нашыя дружбакі ўжо паўміралі. Рэдка хто яшчэ жыве з тых, што тады пераехалі ў Бразылію. Маладзейшыя потым перасяліліся ў Парагвай, дзе мелі добрую працу, некаторыя ў Аргэнтыну, але там было цэлы час неспакойна, бо гэтая бандытня чырвоная кідала бомбы і страляла людзей нават у Буэнас Айрэс, пакуль іх ваенныя ня прысьмірылі. Некаторыя паехалі ў Балівію.

Трымаліся мы разам пакуль жыў Харэўскі, ён добры быў камандзер. Пры ім у Порта Алегра была і нашая вэтэранская арганізацыя. Па сьмерці вёў Перагуд, а па яго сьмерці ўсё замерла. Жонка Перагуда мясцовая і зусім з намі не зналася і не гаварыла. Сягоньня калі яшчэ хто і жыў, дык зарос ў іхнае, і нават калі сустрэнесься з кім, дык ламае язык, больш слоў мясцовых, чым нашых. Сілюк даўно памёр. Памёр і Сілівончык, і Гарывада, і Струк. У Аргэнтыне — Кулак, наш лясьнічы Ігнатаў, Перавалоцкі. Некалькі маладзейшых пажаніліся на нашых баптыстах і жылі ўва Фраме. Карповіч стаў баптыстам і яшчэ жыве. Казаў, што ня можа пераслаць грошы, бо Аргэнтына не пушчае за граніцу. У Парагваю, паколькі ведаю, памёр Курэц, Сувой, Гучок і многія другія. Тамашэвіч быў у Балівіі, меў краму, ажаніўся з кечувай. Як быў уладыка Афанасі, дык як праяждалася туды, ён не адмаўляў начоўкі і прытулішча нашым, хоць ягоныя падручныя ўсе пярэкруты нашага роду. Казалі мне аб сыне таго Баранавіцкага Цяўлоўскага, што палякам служыў. Сын тут круціўся такжа каля палякаў, ходзіць у польскі касьцел і піша ў іхныя газэты. У Берысе яшчэ астаткі перадваенных нашых старых эмігрантаў, а больш іхныя сыны: трымаюцца беларушчыны. Праўда, гавораць напалавіну па-беларуску, а напалавіну па-руску, але ў гэтым сваім клюбе даюць часамі беларускія танцы і песьні, побач рускіх і нават выходзяць на парады ў беларускай вопратцы, аднак усе яны дурныя камуністы, бо кажуць: там (у БССР — С. Ё.) воля для беларусаў. Сустрэўся і з прафэсарам Дакіневічам. Ён тут быў палякам і стаў мастаком...

Ня ведаю хто яшчэ жывы ў Балівіі. Не перапісваемся. Ня ведаю нічога і аб Краю. Як хіба ведаеце ў нас была пастанова не пісаць туды да радакоў, каб не нарабіць ім бяды, ды не навесьці на наш сьлед чакістаў, якія за намі ахвоціліся і ў Германіі, і паза ёй. Некаторыя тут пазьмянялі свае імёны на мясцовыя, дык і не пазнаеш, што пад ім наш. Дзеці звычайна не гавораць па нашаму і нават не разумеюць. Але некаторыя, як у Аргэнтыне, паакончвалі ўнівэрсытэты і маюцца нязгорш. Пару ў Курытыбе ажаніліся з палячкамі і проста спалячыліся. Так што з тае соткі, якія тады выехалі, засталося ў жывых хіба пяцёх, мо пару больш, што я знаю, і ўсе ўжо слабыя старэчы. Перадайце прывет Вірку (Васілю Віру — сябру БНГрамады, які жыў у Канадзе — С. Ё.). Яго радак Царук, той, які быў у Перагудавым атрадзе, памёр у Балівіі, падобна меў жонку індыянку, але больш валачыўся па дзікіх мяйсцох, страляючы зьвера, як ваш Таўпека, аб якім Вы ўспомнілі.

Вось хіба адпісаў вам на ўсё. Дык жывіце здаровы!

Сьцяпан Гукалюк


/Беларускі Голас, № 342, сакавік 1988 г./

АБ БЕЛАРУСКАЙ ПАРТЫЗАНЦЫ Ў АПОШНЮЮ ВАЙНУ
Вітаючы зьмяшчэньне “Беларускім Голасам” на 25-я ўгодкі артыкулу аб Беларускім збройным антыгітляроўскім рэзыстансе, хацелася-б дадаць некаторыя падрабязнасьці, ды насьвятліць некаторыя няяснасьці (мо дзеля яго кароткасьці) ўспомненага артыкулу.

Выратаваліся за мяжу па вайне з праведзенай асобнымі дывэрсыйнымі групамі НКВД “асобага назначэньня”, масакры, толькі лічаныя адзінкі з нашага збройнага партызанскага руху. Астатнія, калі ня грызуць зямлі, пагібшыя ад здрадзецкай кулі агэнтаў Панамарэнкі, дык знаходзячыся на тэрыторыі СССР ня могуць падаць сваіх успамінаў да абнародаваньня і таму гэты абавязак ляжыць на нас, якія знайшліся ў вольным сьвеце, перадусім у Бразыліі і Аргэнтыне. Гэта важна для гісторыі і для разаблачэньня маны савецкіх гісторыкаў, якія спрабуюць удаць перад сьветам, што Беларуская партызанка — гэта камуністычная партызанка. Тады, як напраўдзі, толькі па крывавай і падступнай барацьбе, савецкія дывэрсанты патрапілі зьнішчыць Беларускае нацыянальнае кіраўніцтва Беларускай партызанкі і паволі падпарадкаваць подступам і тэрорам беларускія партызанскія масы пад свой провад, абязгаловіўшы спачатку атрады з іх камандзераў і дзейнейшых сяброў.

Па-першае: чаму Галоўны Камандзер Беларускага Партызанскага Руху палкоўнік Шанько гэтак неасьцярожна паддаўся на правакацыю “перагавораў” з высланьнікам Маскоўскага Ураду — палкоўнікам Ільдовым? Ато-ж нам было ведама ад “бульбаўцаў”, што гэтакія самыя перагаворы ўжо вядзе з украінскімі партызанамі другі падобны высланьнік савецкага ўраду, нейкі палкоўнік Мядзьведзеў, і што яны там дамовіліся да некаторай супрацы. Нашыя атрады спатыкаліся за Прыпяцяй каля Ратна і каля Камень-Кашырска і Любяшова з украінскімі партызанамі, якія ад імя свайго атамана называліся “бульбаўцы”. Таму палкоўнік Шанько не лічыў на здрадзецкі напад.

Паводле пазьнейшага разказу прадстаўніка “Антыфашыстоўскага камітэту” ў Берасьці “Юзіка” (Язэпа Урбановіча — С. Ё.), як зьвяраўся пазьней ім Ільдоў, ён меў наказ ад Панамарэнкі, які кіраваў савецкай дывэрсыйнай дзейнасьцю на Беларусі, зьнішчыць любым спосабам Беларускую незалежную партызанку і падпарадкаваць абязгалоўленыя атрады сабе (у сваіх успамінах “Война в тылу врага” Льдоў-Лінькоў піша пра візіт да Панамарэнкі перад вылетам на Беларусь і што ад яго ён атрымаў вельмі важнае заданьне, але не раскрывае якога яно было характару — С. Ё.). Ён, выклікаўшы Шанька на перамовы, безцырамонна зажадаў, каб ён падпарадкаваўся яму, як былы савецкі маёр і падпарадкаваў яму атрады. Затое прапанаваў яму мейсца свайго памоцніка ў кіраўніцтве партызанскім рухам Палесься, вызначаючы сябе на кіраўніка гэтага руху. Калі Шанько адказаў яму, што ані ён асабіста, ані Беларускі партызанскі рух яму, як высланьніку СССР, не падпарадкуецца, Ільдоў выхапіў наган і стрэліў у грудзі палкоўніка Шанька...

Стэрарызаваўшы ягонага ад’ютанта, яны паслалі ў штаб Шанька вестку, быццам палкоўнік Шанько выляцеў самалётам у Маскву на перагаворы, а часова перадае камандаваньне “Баці”, якім і зьяўляўся той-жа забойца камандзера Беларускай партызанкі — палкоўнік Ільдоў. Так пачалася правакацыя, а за ёй нішчэньне ў атрадах нашых дзейных адзінак, ачарняючы іх ў “супрацы з немцамі”, забіваючы з-за вугла, падсылаючы нават даносы да немцаў, нішчылі іх іхнымі рукамі і г. п.

У 1943 годзе нашая партызанка налічвала на Палесьсі больш 5 тысяч. Яна ня была поўнасьцю зьнішчаная як можна было б памылкова ўняскаваць з скарочанага сказу, у артыкуле “Беларускага Голасу”. Адзіночныя нашы атрады праіснавалі ў глыбіні Палесься (між Сьвятой Воляй, Ратнам і Любяшовам) ня толькі да канца панаваньня немцаў, але і па прыходзе савецкіх уладаў і па заканчэньні вайны, папаўняныя новымі ўцякаючымі, ды дзеялі да 1950-х гадоў, калі адбылася астатняя ведамая нам збройная спатычка з савецкімі карнікамі. Гэтыя дробныя нашыя атрады наганялі страху на вясковых прыхвасьняў новых асвабадзіцеляў ад Косава да Берасьця, Камень-Кашырска, Давід-Гарадка і Лахвы. Такія атрады украінскіх “бульбаўцаў” дзеялі па той бок Прыпяці і нашыя аддзелы ад пагоні звычайна хаваліся да “бульбаўцаў”, а яны, калі там напіралі, уцякалі і перасіджвалі ў нашых стаянках.



Наш паднішчаны атрад ў 50-ых гадох самазьліквідаваўся і сябры ў бальшыні перабраліся ў Польшчу, а адтуль пасьлей на Захад.

Харэўскі
Беларускі Голас (Таронта), № 156, студзень 1968 г.
1   2


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка