Сяргей ёрш беларуская партызанка




старонка1/2
Дата канвертавання30.04.2016
Памер393.64 Kb.
  1   2
Сяргей ЁРШ

БЕЛАРУСКАЯ ПАРТЫЗАНКА
Увесь час камуністычнага панаваньня любыя згадкі пра беларускі нацыянальны партызанскі рух у гады нямецкай акупацыі 1941-44 гг. былі забаронены. Больш таго, рабілася ўсё магчымае, каб зьнішчыць або надзейна прыхаваць дакумэнты, якія сьведчылі б пра дзейнасьць беларускіх партызанаў, каб прымусіць замаўчаць (многіх — назаўсёды) жывых сьведкаў. Камуністычная ўлада прапагандавала толькі савецкі партызанскі рух, які пачала называць “беларускім”. Сапраўдным жа беларускім партызанам не было месца ў афіцыйнай гісторыі...

БЕЛАРУСКАЯ САМААБАРОНА НА ПАЛЕСЬСІ

Напярэдадні нямецка-савецкай вайны нямецкая вайсковая выведка (абвэр) зьвярнула пільную ўвагу на ўкраінска-беларускае Палесьсе. Нямецкае вайсковае камандаваньне меркавала, што палескія балаты й лясы не дазволяць выкарыстаць тут танкавыя часткі й гэта можа прывесьці да доўгіх і крывапралітных баёў. Было вырашана абыйсьці Палесьсе й пакінуць яго ў сваім тыле. Але трэба было падумаць якім чынам нейтралізаваць аддзелы Чырвонай Арміі, якія павінны былі апынуцца ў “палескім катле”.

Для вырашэньня гэтай задачы абвэр наладзіў сувязі з украінскімі й беларускімі нацыяналістычнымі арганізацыямі, што дзейнічалі на акупаванай немцамі тэрыторыі Польшчы. На Валыні найбольшы ўплыў мела вайсковая арганізацыя “Украінскае Нацыянальнае Вызваленьне”, якая нелегальна дзеяла яшчэ пад польскай акупацыяй. Яе кіраўнік, атаман Максім Баравец (“Тарас Бульба”), пасьля перамоваў з абвэрам, нелегальна перабраўся на Валынь і аднавіў структуры сваёй арганізацыі. Баравец знаходзіўся ў апазыцыі да Арганізацыі Украінскіх Нацыяналістаў (ОУН) ды дзейнічаў пад палітычным кіраўніцтвам апошняга прэзыдэнта Заходне-Украінскай Рэспублікі А. Лівіцкага. На Палесьсі існавалі й невялікія ўзброеныя групы ўкраінскіх вайскоўцаў (“Украінскае лазавое казацтва”, “Вовкі” ды іншыя), якія кантактавалі з ОУН.

Абвэр наладзіў сувязь з беларускай групай Шчорса-Гадлеўскага, якая выступала, як нацыяналістычная арганізацыя “Беларускі Нацыянальны Фронт”, а на самой справе разбудоўвала ў Польшчы падпольныя структуры Беларускага Рэзыстансу. “Фронт” спрычыніўся да арганізацыі беларускіх дывэрсыйных груп, якія перакідваліся ў БССР. Сярод беларускіх вайскоўцаў-дывэрсантаў былі й ведамыя нацыяналісты: Родзька, Вітушка, Гугель, Вежан, Контаўт, Зыбайла ды інш. Наколькі пасьпяхова яны працавалі на заходнебеларускім Палесьсі — невядома. Аднак ужо ў першыя дні вайны тут паўсталі аддзелы Беларускае Самаабароны (БСА) па вёсках, якія фактычна перанялі ўладу на вялікім абшары. Немцаў у гэтых мясцовасьцях яшчэ ня было й беларусы сталі гаспадарамі цэлых раёнаў.

На заходнеўкраінскім Палесьсі “бульбаўцы” выйшлі з падпольля 22 чэрвеня 1941 году й утварылі Палескую Сеч Украінскай Паўстанчай Арміі (ПС УПА) на чале з атаманам Бараўцом. Аддзелы ПС УПА захоплівалі склады са зброяй, нападалі на вайсковыя транспарты, разганялі калоны мабілізаваных.

Няма дакладных зьвестак аб кіраўніцтве Беларускае Самаабароны, але можна меркаваць, што ў яго ўваходзілі былыя кіраўнікі антыпольскага паўстаньня ў верасьні 1939 г., якія ацалелі ад рэпрэсій НКВД. Дзесьці на пачатку жніўня 1941 года на беларускім Палесьсі адбылася сумесная канфэрэнцыя прадстаўнікоў БСА і ПС УПА. Дэлегацыю “бульбаўцаў” узначальваў атаман П. Даўмацюк-Налівайка й яна ехала на нараду, каб “устанавіць /з беларусамі/ самы цесны кантакт на цяпер і на будучае”. Ад Самаабароны ў ёй удзельнічалі: Васіль Вір — былы прэм’ер Ураду Заходне-Беларускай Рэспублікі ў верасьні 1939 году, атаман Якуб Харэўскі, Усевалад Родзька і Міхал Вітушка. Беларускі бок поўнасьцю пагадзіўся з прапанаваным украінцамі плянам па ачышчэньню ўсіх палескіх зямель ад “расейска-бальшавіцкага тэрору”. Васіль Вір успамінае, што было заключана пагадненьне “аб сумесных дзеяньнях у пераходных раёнах Ратна, Столін, Дубровіца, Маларыта, Камень-Кашырск супраць пазасталых цэлых камуністычных зьвязаў і проціў мясцовых камуністаў, а нават палякаў, якія перадусім, асаднікі, стварылі свае партызанскія аддзелы ў супрацы з камуністамі”.

Штаб ПС УПА і БСА распрацавалі плян вайсковай апэрацыі. Усе раёны на ўсход ад лініі Слуцак-Лунінец у напрамку Мазыра павінны былі вызваляць беларусы, а ўкраінцы — раёны Столін-Сарны-Олеўск-Зьвяльге-Оўруч. Пачынаючы з 20 жніўня 1941 г. 10 тысяч “бульбаўцаў” і 5 тысяч жаўнераў БСА, разьбітыя на “лятучыя” брыгады, раптоўнымі начнымі налётамі захопліваюць горад за горадам, вёску за вёскай, пакуль, нарэшце, не аб’ядноўваюцца ў раёне Мазыра. Немцы ў гэтай апэрацыі ня ўдзельнічалі, а толькі назіралі за ходам падзей.

Сёньня ўкраінскія гісторыкі шмат пішуць пра падзеі на Палесьсі ў жніўні 1941-га. Яны адзначаюць, што апэрацыя “мела нацыянальны, палітычны і вайскова-стратэгічны характар” і што яна “паказала перавагі слаба ўзброенай, дрэнна арганізаванай, але багатай народным духам і пачуцьцём нацыянальнай годнасьці супольнай арміі ўкраінцаў і беларусаў над яшчэ моцнымі чырвонымі партызанамі і фарміраваньнямі Чырвонай Арміі”.

У кожным вызваленым ад савецкіх акружэнцаў, партызанаў і атрадаў НКВД раёне беларусы і ўкраінцы стваралі свае ворганы ўлады, выдавалі газэты, дзялілі зямлю. Аднак у кастрычніку 1941 года ў раёны Палесься прыбылі прадстаўнікі нямецкай адміністрацыі, якія пачалі ўстанаўліваць свой “новы парадак”. Яны падначалілі сабе мясцовую паліцыю. У адказ на гэта, 15 лістапада 1941-га ПС УПА афіцыйна абвесьціла аб сваім самароспуску і прыхавала зброю. Беларуская Самаабарона, як меньш цэнтралізаваная структура, падзялілася: у многіх вёсках аддзелы БСА функцыянавалі далей, як паліцыя, іншыя самараспусьціліся або адыйшлі ў лясы, а супрацоўнікі абвэра Ўсевалад Родзька і Міхал Вітушка працягвалі працаваць на легальных становішчах. Цікава, што нават вясковая паліцыя не хавала сваіх антынямецкіх настрояў. Гэта пацьвярджаюць успаміны В. Віра, які піша, што “калі немцы, усталяваўшыся, пачалі пасылаць у маёнткі свае атрады, зложаныя з галічанаў-бандэраўцаў, нашыя аддзелы іх выкурвалі. Разам з намі дзеяла і вясковая дапамаговая паліцыя, складзеная з беларусаў (маёнтак Пескі і Марачанскія саўгасы). Толькі пагадзя наш гэты збройны абаронны рух аформіўся ў Беларускую Народную Партызанку...”

Беларуская Самаабарона стварыла сваю вайсковую форму. Васіль Вір цьвердзіць, што “гэта былі ўшытыя з савецкіх, пясковага колеру шынялёў, фрэнчы і шапкі-кэпі (на ўзор аўстрыяцкіх) з Ярылавым крыжом. Мелі савецкія шоламы з гэткім-жа крыжом, намаляваным жоўтым або белым колерам”.

Тыя аддзелы БСА, якія пайшлі ў лясы, арганізавалі беларускую нацыянальную партызанку на Палесьсі. Атаман Язэп Таўпека пісаў на эміграцыі, што “зімой 1941 году ў лесе была амаль выключна нашая партызанка, вядома цесна зьвязаная зь вёскай і больш перахоўваючыся ў вёсках, чым у лесе”.

БЕЛАРУСКАЯ НАРОДНАЯ ГРАМАДА
Вядомы актывіст Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады 1925-27 гг. і Камуністычнай Партыі Заходняй Беларусі Юльян Саковіч на пачатку вайны выратоўваецца з турмы НКВД й вяртаецца ў родныя мясьціны. Але там панаваў тэрор польскай паліцыі, якая дзейнічала пры акупацыйных уладах. Нейкім цудам Саковіч вырваўся ў Менск, дзе ўжо былі створаны беларускія ўстановы й паліцыя. Як былы бальшавіцкі вязень, ён атрымоўвае давер немцаў і ўзначальвае беларускую паліцыю Менскае акругі, адміністрацыйны аддзел Беларускае Народнае Самапомачы (БНС). Ён уваходзіць у кантакт з Усеваладам Родзькам і ўступае ў нелегальную Беларускую Незалежніцкую Партыю, неўзабаве становіцца сябрам ЦК БНП, кіраўніком Менскага акруговага камітэту партыі.

Саковіч лічыў, што ў існуючай сытуацыі ацалеўшым грамадоўцам трэба “уактыўніцца і пайсьці на ўданую (фальшывую) супрацу з акупантам, каб абсадзіць сваімі людзьмі ключавыя адміністрацыйныя пазыцыі, перадусім, кіраўніцтва збройнымі сіламі, якой у той час была створаная немцамі дапамаговая мясцовая паліцыя, і гэтым самым ратаваць перад зьнішчэньнем з польска-гітляроўскіх рук беларускі актыў. А па-другое, паралізаваць знутра гітляроўскіх калябарантаў на ўзор Ермачэнкі і грамадоўскага рэнегата Акінчыца”.

Юльян Саковіч распачаў пошукі сяброў грамадоўскай групы. Навязаўшы зь імі кантакт, ён уладкоўваў грамадоўцаў на працу ў акруговыя камітэты Беларускай Народнай Самапомачы, адзінай у той час легальнай беларускай арганізацыі. Увосень 1941 года ў Менску адбылася нелегальная канфэрэнцыя, якую склікаў Саковіч пад выглядам інструктажа працаўнікоў камітэтаў Самапомачы. Усяго было 9 чалавек: 6 — з Заходняй Беларусі (Хмара, Лукашык, Гелда, Стасевіч, Вір і Трэска), 3 — зь Менску (Саковіч, Галейка й яшчэ адзін чалавек, прозьвішча якога пакуль невядома). Сяргей Хмара ўспамінае: “На патайной канфэрэнцыі грамадоўцаў абмяркоўвалася справа сытуацыі, якая склалася, ацэньваліся міжнародныя падзеі і пэрспэктывы на будучыню, ды выпрацоўваліся накірункі дзейнасьці пад гітляроўскай акупацыяй.

Канфэрэнцыя прыйшла да высновы, што Нямеччына, праўдападобна, захопіць усю цэнтральную частку Эўрапейскае Расеі, але вайны хутка скончыць ня зможа і можна прыпушчаць, што расейска-нямецкая вайна абернецца ў другую “Японска-кітайскую” вайну, і як тая, праўдападобна, будзе цягнуцца доўгія гады, зь няведамым канчальным вынікам. У гэтым палажэньні беларусам трэба дбаць пра стварэньне і захаваньне, як мага, у цэласьці сваіх збройных сілаў, пад якімі колечы формамі гэта ўдасца праводзіць. Збройныя сілы — гэта гарантыя перад палітыкай захопніцкіх імпэрыялістычных драпежнікаў, якія ці ў форме нейкай прышлай “белай Расеі”, Польшчы ці іншых, спрабуюць зноў налажыць ярмо на беларускі народ, пасьля ліквідацыі нямецкай акупацыі, пад ціскам заходніх дзяржаваў ці зь нямецкіх палітычных хадоў. Калі гэтыя ўстаноўкі былі прынятыя аднагалосна (тварыць і апаноўваць пад сваё кіраўніцтва ўсе збройныя фармацыі, складзеныя з беларусаў), дык пытаньне ўваходу грамадоўцаў у паднямецкую беларускую адміністрацыю... ўзьняло гострыя спрэчкі...”

Ю. Саковіч, падтрыманы Лукашыкам, а таксама й Іванам Гелдай, уважаў, што трэба апанаваць усе важнейшыя постані адміністрацыі праз сваіх людзей, што дасьць магчымасьць рэалізоўваць свае нацыянальныя патрэбы праз адміністрацыю й акупацыйныя ўлады, ды мець гатовы адміністрацыйны апарат на выпадак разгрому немцаў саюзьнікамі. Хмара, Вір і Стасевіч выступілі з супрацьлеглай прапановай. Яны лічылі, што грамадоўцы не павінны займаць ніякіх адказных пасадаў у мясцовай адміністрацыі, бо “гэта будзе, хай сабе і паднявольная, але калябарацыя”. Больш таго, бурмістры гарадоў і начальнікі акруг вымушаныя былі б выконваць загады акупантаў, накіраваныя супраць свайго народу. Таму акрамя пасадаў у камітэтах Самапомачы, якія грамадоўцы мусілі апанаваць, дапушчальнымі маглі быць толькі культурна-асьветныя становішчы, як дырэктары тэатраў, музэяў, кіраўнікі мастацкай самадзейнасьці, настаўнікі, інжынеры, аграномы, лекары. Аднак спрэчкі да згоды не давялі, і таму, да наступнай канфэрэнцыі справу супрацоўніцтва або не супрацоўніцтва з акупантамі пакінулі адкрытай на адказнасьць паасобных сяброў.

Прапанова Сяргея Хмары і іншых аб утварэньні сьціслых арганізацыйных рамак з выканаўчым камітэтам сустрэлася з супрацівам Юльяна Саковіча. Ён абаснаваў сваю пазыцыю малою колькасьцю наяўнага актыву, бо грамадоўцаў на месцах было вельмі мала, і ў выпадку правала, уся група была б ліквідавана немцамі.

Такім чынам Грамада была адноўлена пад назовам “Беларуская Народная Грамада”. Дзеля кансьпірацыі назоў “Грамада” або “Змаганьне” было вырашана не выкарыстоўваць, замяняючы яго сынонімам “МЫ”. Было вырашана ні ў якім выпадку не пісаць партыйных улётак і дакумэнтаў. Канфэрэнцыя вырашыла, што арганізацыйнымі адзінкамі будуць “тройкі” — камітэты з трох сяброў. Кожная гэткая “тройка” кантактавала з Саковічам (кіраўніком арганізацыі) і іншымі “зьвеньнямі” праз свайго кіраўніка. Галоўныя нарады абмяжоўваліся да самых неабходных, з вузкім колам. Фактычна, атрымалася так, што кожная “тройка” мусіла дзеяць самастойна, маючы вельмі рэдка кантакты зь іншымі. Арганізацыя была нешматлікай і нават не ва ўсіх заходнебеларускіх гарадах былі грамадоўскія “тройкі”.

Канфэрэнцыя выказала думку, што калі ня ўдасца дабіцца ад акупацыйных уладаў самастойнага беларускага корпусу паліцыі, на чале якога стаў бы Юльян Саковіч, як Галоўны камэндант, тады ён павінен будзе пакінуць паліцыйны пост.



ІВАЦЭВІЦКАЯ КАНФЭРЭНЦЫЯ БЕЛАРУСКАЕ НАРОДНАЕ ПАРТЫЗАНКІ
Калі на Палесьсі ўжо летам 1941 году арганізаваліся паўстанцкія аддзелы Беларускае Самаабароны, дык у іншых раёнах, як Наваградчына, Лідчына, Слонімшчына, Ружаншчына й інш., у першыя месяцы вайны арганізавалася стыхійная партызанка. У лес уцякалі беларускія актывісты перад пагрозаю зьнішчэньня немцамі па польскаму даносу, або нават самой польскай паліцыяй, “як камуністаў”. Напрыклад, у Слоніме летам 1941-га па даносу польскага агента Рымшы, было расстраляна каля 100 беларускіх актывістаў. Стыхійная партызанка арганізоўвалася для самаабароны й не праводзіла нападаў на немцаў. Вясною 1942 году да яе далучыліся шматлікія ўцекачы ад гітляроўскага тэрору. У лес людзі йшлі цэлымі сем’ямі й нават вёскамі. З’явіліся камандзіры, нярэдка з былых савецкіх афіцэраў.

Атаман Язэп Таўпека пісаў: “першыя савецкія групкі з акружэнцаў-жаўнераў і перадусім афіцэраў і камуністаў згрупаваліся па лясах адразу, але сустрэўшы агульнае варожае стаўленьне насельніцтва Заходняй Беларусі, яны ўсе накіроўваліся на ўсход, каб прабіцца да сваіх. Мы зь імі сутыкаліся і пасьля размоваў мірна разыходзіліся. Яны прабіваліся да сваіх, мы зноў сядзелі ў лесе на сваёй тэрыторыі. Паза імі хаваліся ў лесе дробныя групкі з акружэнцаў, па некалькі чалавек — марадзёраў. Гэтыя рабавалі насельніцтва, дамагаліся сала, самагону, забівалі адмаўляючых. Але ў нашых ваколіцах мы іх хутка вычысьцілі. Жаўнеры-акружэнцы з большага, не падаліся разам са сваімі афіцэрамі і камуністамі на ўсход, але папрыставалі ў вёсках за работнікаў да сялянскіх сем’яў. Немцы ня толькі гэта дазвалялі, але і звальнялі ваеннапалонных з лягероў, калі ў лягер прыязджаў селянін і прасіў... Першыя /савецкія/ дэсантныя групы большага памеру /былі/ выкінутыя ў 1942 годзе, і тады вось яны выдалі загад усім “прымакам”, як “ваеннаабавязаным”, з’явіцца ў лес пад пагрозай расстрэлу, як дэзерціраў тых, хто не з’явіцца. Немцы, убачыўшы гэтае, загадалі ўсім палонным, хто яшчэ не пайшоў у лес, з’явіцца на зборныя пункты і адправілі ў лагер, каб і яны не пайшлі. Хто ўцалеў, вядома пабег сам у лес. Але ня ўсе ўліліся і хацелі ўліцца ў савецкую партызанку, многія далучаліся да нашых атрадаў і так паўстаў не адзін мяшаны атрад”.

Неабходнасьць барацьбы з савецкімі марадзёрамі, якія рабавалі сялян, гвалцілі сялянак, правакавалі на карныя меры немцаў, садзейнічала навязаньню сувязі паміж патрыятычнымі атрадамі й групамі. На тэрыторыі Піншчыны, Целяханшчыны, Ружаншчыны, Слонімшчыны ў 1942 г. беларускія атрады налічвалі больш 3000 партызан (разам з сем’ямі). У гэты час савецкая партызанка мела тут значна меншыя сілы.

Нелегальная Грамада праз сваіх сяброў у гэтых атрадах наладжвае сувязь з партызанкаю, з мэтай усталяваньня кантактаў паміж аддзеламі й іх аб’яднаньня пад адзіным кіраўніцтвам. На пачатку ліпеня 1942 г. на хутары, недалёка ад Івацэвіч, адбылася першая нарада камандзіраў беларускіх партызанскіх аддзелаў і трох прадстаўнікоў Грамады (Хмара, Вір, Стасевіч). Была ўтворана “Лава атаманаў”, якая мела быць паразумеўчым ворганам партызанаў і зьбірацца ў разе патрэбы. Па адных зьвестках, на нарадзе было 12 атаманаў, па другіх — 8. Пад Івацэвічы з’ехаліся камандзіры атрадаў з Ружаншчыны (трох), Косаўшчыны (адзін), Целяханшчыны (адзін), Піншчыны (два), з Ліпічанскай пушчы (адзін). Але фактычна кожны зь іх меў уплыў і на некалькі іншых партызанскіх аддзелаў, якія па прычыне “адсутнасьці ў іх людзей палітычна вырабленых, ня выказаліся ясна, але ўсё ж трымаліся больш-менш асноўных палажэньняў беларускага кірунку”.

Лава атаманаў адобрыла пазыцыю палітычнага цэнтру — Беларускай Народнай Грамады — стасаваць у партызанцы “засаду ператрываньня” (г. зн. чаканьня адпаведнага моманту для збройнага выступленьня). Былі прынятыя асноўныя тактычныя й стратэгічныя напрамкі дзейнасьці партызанкі:

“1. Нашай мэтай ёсьць захаваньне боездольнай збройнай сілы ў як найбольшай цэласьці да часу, калі пры развале і абязсіленьні акупанта і ягонага супраціўніка, нам прыдзецца бараніць свой народ і ягоную незалежнасьць ад спробаў захопу нашае бацькаўшчыны іншымі акупантамі.

2. Таму берагчы як мага нашых партызан ад устраганьня ў непатрэбныя збройныя дзеі з акупантам, што можа давесьці да людзкіх стратаў і зьнішчэньня паасобных нашых збройных груп.

3. Збройны супраціў праводзіцца толькі тады, калі акупант нападзе на наш аддзел, або суседні наш аддзел, ці на вёску, зьвязаную з нашымі атрадамі.

4. Суадносіны з падпарадкаванымі савецкаму кіраўніцтву атрадамі: нейтралітэт. Збройны супраціў, калі яны ўвойдуць, ня гледзячы на забарону ў зону аседку нашага аддзелу. Збройная расправа з марадзёрамі, пасьля папярэджаньня, калі яны рабуюць вёскі, ці падводзяць іх пад нямецкую расправу сваімі правакацыйнымі дзеяньнямі”.

Па адных зьвестках, ужо на першай канфэрэнцыі была ўтворана “Беларуская Народная Партызанка” — аб’яднаньне партызанскіх атрадаў на чале з палкоўнікам Іванам Шанько (камандзір партызанскага аддзелу, былы лейтэнанат Чырвонай Арміі, рангу яму падвысіла Лава атаманаў), які ўзначаліў Галоўны Штаб партызанкі. У створанае палітычнае кіраўніцтва ўвайшлі: Сяргей Хмара, Васіль Вір (Пінскі) і Юрка Стасевіч, які стала знаходзіўся ў партызанскім атрадзе атамана Я. Таўпекі. Па іншых зьвестках, на першай нарадзе была ўтвораная толькі Лава атаманаў, а цэнтралізаванае кіраўніцтва Беларускае Народнае Партызанкі арганізавалася на другой канфэрэнцыі Лавы ў лістападзе 1942 года.




БЕЛАРУСКАЯ НАРОДНАЯ ГРАМАДА і БЕЛАРУСКАЯ НАРОДНАЯ ПАРТЫЗАНКА Ў 1942-1943 ГАДАХ

Другая канфэрэнцыя Беларускай Народнай Грамады адбылася ў Менску напрыканцы 1942 году. На ёй прысутнічала 8 дэлегатаў. Канфэрэнцыя дала магчымасьць грамадоўцам больш цьвяроза ацаніць сытуацыю й прыняць праграму далейшай дзейнасьці. Справа цэнтралізацыі паліцыйных і вайсковых аддзелаў пад беларускім кіраўніцтвам няўдалася, бо сустрэла супраціў немцаў. Юльян Саковіч страціў сваю пасаду камэнданта паліцыі Менскае акругі, быў камандантам Менскае паліцыі, а са жніўня 1942 г. працаваў у БНС. Слонімская Брыгада Самааховы, якая за кароткі час арганізавалася, пры ўдзеле грамадоўцаў, летам 1942 года, была раззброеная немцамі і распушчаная.

Сяргей Хмара ўспамінае, што “удзельнікі канфэрэнцыі вымушаны былі заняцца справай іншых збройных беларускіх аддзелаў, а менавіта лясной партызанкі. Беларуская партызанка паўстала, зараз-жа пасьля першай грамадоўскай канфэрэнцыі ў Менску, не як вынік дзеяньняў грамадоўскіх актывістаў на месцах, але стыхійна праз уцёкі ў лес перад масавымі арыштамі грамадоўцаў з вёскі... Найбольш гэтакіх аддзелаў абаснавалася на Палесьсі... На чале беларускіх партызанскіх аддзелаў высунуўся сваёй актыўнасьцю, вайсковай здольнасьцю былы афіцэр савецкай арміі Шанько, які выратаваўся зь нямецкіх рук і ўцёк у лес, ды далучыўся да грамадоўскага партызанскага аддзелу ў Ружаншчыне. Канфэрэнцыя поўнасьцю пацьвердзіла дасюлешняе становішча да партызанскае тактыкі”.

Плянавалася супраца з савецкімі партызанамі ў барацьбе супроць нямецкіх карных экспедыцый, а таксама ў дастаўцы зброі й амуніцыі. Было вырашана ўпаважніць палкоўніка Шанько весьці перамовы ў гэтай справе з кіраўніком Берасьцейскага пракамуністычнага антыфашыстоўскага камітэту Язэпам Урбановічам, а атамана Канстанчука накіраваць у Белавежскую пушчу дзеля скаардынаваньня дзейнасьці стыхійна паўсталых там беларускіх партызанскіх аддзелаў. Было пастаноўлена зьвярнуцца да іншых беларускіх груповак з прапановай супольнага фронту супраць нямецкіх акупантаў, а з тэхнічных пастаноў: спрабаваць зарганізаваць кур’ерскую сетку, якая павязала-б міжсобку грамадоўцаў Менску, Вільні, Беластоку, Пінска, Берасьця, Слоніма.

Канфэрэнцыя даручыла Васілю Віру арганізаваць кансьпіратыўную сетку БНГ на Піншчыне. Падымалася пытаньне арганізацыі свайго замаскіраванага прэсавага легальнага воргану. Гэта было рашэньне яшчэ першай канфэрэнцыі. Але была зробленая выснова, што “пры вострай акупацыйнай цэнзуры легальных магчымасьцяў для грамадоўскай прэсы няма”. Другая канфэрэнцыя БНГ прыняла прапанову Хмары і Стасевіча “аб некалябараваньні зь немцамі ў адміністрацыйнай дзялянцы”.

У лістападзе 1942 г. пасьля таго, як на Палесьсе пачалі масава скідвацца савецкія дэсантнікі й чэкісты ды ўзмацніліся нямецкія карныя акцыі, каля Целяханаў (Берасьцейшчына) прайшла Другая канфэрэнцыя Лавы атаманаў Беларускае Народнае Партызанкі. Канфэрэнцыя пастанавіла ўтварыць Галоўны Штаб Беларускага партызанскага руху на чале з палкоўнікам Іванам Шанько і ягонымі намесьнікамі: атаманамі Харэўскім і Суворым. Такім чынам, Беларускі антыгітляроўскі збройны рух у Заходняй Беларусі стаўся цэнтралізаванай партызанскай сілай, зьвязанай патайнымі сувязямі з беларускімі падпольнымі арганізацыямі і з легальнымі вайсковымі фармацыямі. Атрады народнае партызанкі дзейнічалі на Гарадзеншчыне, Берасьцейшчыне і Піншчыне ды ў 1943 годзе налічвалі больш 5 тысяч чалавек.

Грамадоўцы, выконваючы пастановы 1-й і 2-й канфэрэнцыяў, спрабавалі залажыць легальны часапіс “Барацьба” ці “Покліч”, як ворган Слонімскага камітэту Самапомачы. У Слоніме былі журналісты-грамадоўцы, якія спрабавалі ажыцьцявіць гэты праэкт, але немцы забаранілі выданьне часапіса. Не атрымалася арганізаваць падобнае выданьне ў Баранавічах і Наваградку.

В.Вір, які наладжваў кансьпіратыўную сетку Грамады на Піншчыне, сустрэў супраціў украінскіх нацыяналістаў, якія былі на службе ў немцаў. У Пінскім СД загінулі сябры арганізацыі Дзерваед і Шаламюк.

Скарыстоўваючы працу ў фірме па распаўсюджваньню прэсы, С. Хмара атрымаў прапускі на паездкі па Заходняй Беларусі для нелегальнай Грамады. Як успамінаў Хмара, дзякуючы прапускам, ён сустрэўся ў Вільні з Франьцішкам Аляхновічам, у Беластоку з Тамашчыкам і Ільяшэвічам, у Берасьці з партызанскімі сувязнымі, часта бачыўся з Саковічам у Менску. Пазьней удалося атрымаць прапускі ў Пінск, які падлягаў Украінскаму камісарыяту. Кур’еры перавозілі лістоўкі (шыфры) або перадавалі весткі вусна.

Выконваючы рашэньні 2-й канфэрэнцыі, грамадоўцы наладжваюць сувязь з падпольнай Беларускай Незалежніцкай Партыяй. Кантакты падтрымліваліся праз сябра БНП Уладзіслава Рыжага й старшыню ЦК БНП Усевалада Родзьку. Акрамя таго, нельга забываць, што Ю. Саковіч, тайна ад сяброў Грамады, уваходзіў у Цэнтральны Камітэт БНП. Ён мог наладжваць кантакты й каардынаваць дзеяньні.

Для ўстанаўленьня сувязі з ксяндзом Вінцэнтам Гадлеўскім і ягонай групай (Беларускі Народны (Цэнтральны) Фронт — грамадоўцы ня ведалі яе назову) быў накіраваны Сяргей Хмара. Аднак безпасьпяхова, бо Гадлеўскі “не адазваўся: баяўся, відаць, нас, а мы яго, таму адкрыта гаварыць зь ім не маглі”. Відавочна, нацыяналіст Гадлеўскі з падазронасьцю аднёсься да сацыялістаў і былых камуністаў з Грамады. Ён памятаў іх барацьбу супраць яго “Беларускага Фронту” у 1930-я гады.

Актыўны дзеяч БНГ у Менску Я. Галейка ўспамінае, што была гаворка на адной з нарад пра прыцягненьне да супрацоўніцтва Аўгена Калубовіча, які, праўдападобна, належыў да Партыі Беларускіх Нацыяналістаў (ПБН), але гэтаму супрацівіліся ўсе грамадоўцы з правінцыі, якія “страшэнна не давяралі нікому з падсавецкіх беларусаў, як узгадаваных пры камунізме”.

З БНГ і яе партызанкай спрабаваў наладзіць сувязь старшыня Рады БНР Мікола Абрамчык. У 1943 годзе ён прыслаў сувязную з Бэрліна Кацярыну Грынкевіч, але Хмара ад навязаньня сувязяў ўстрымаўся (адбылося гэта ўжо пасьля сьмерці Саковіча). Хмара дапускае, што Абрамчык даведаўся пра Беларускую Народную Грамаду ад Саковіча або яго сяброў у Менску.

Тым часам загінуў Саковіч. Немцы даведаліся пра ягоную падпольную дзейнасьць і накіравалі яго на працу кіраўніка БНС у Лідчыну, будучы ўпэўненымі, што акоўцы яго хутка заб’юць. 13 чэрвеня 1943 года ў Васілішках ён і Леанід Маракоў былі застрэлены польскімі тэрарыстамі. Некалькі дзеячоў БНГ арыштоўваліся нямецкімі акупантамі й былі закатаваныя... Васіль Лукашык, бурмістр Беластоку, яшчэ ў 1942 г. уцёк у Швэцыю, дзе спрабаваў закласьці Цэнтар Беларускага Вызвольнага Руху.

Незалежныя партызанскія аддзелы, якімі кіравалі беларускія дзеячы эсэраўскага кірунку, паўсталі на Смаленшчыне, Браншчыне і Магілёўшчыне. На Браншчыне партызанскі рух меў назоў “Народнай Сацыял-Рэвалюцыйнай Партызанкі”. Беларуская Народная Партызанка спрабавала зь імі наладзіць сувязь. У далёкі рэйд на Смаленшчыну быў высланы аддзел атамана Кавалёва (былога капітана савецкага войска), які складаўся амаль выключна з “усходнікаў”. Але ён быў зьнішчаны ў Цэнтральнай Беларусі дывэрсыйнымі атрадамі НКВД. Перамовы з эсэрамі ўдалося правесьці ў Віцебску пад “апекай” У. Родзькі, які быў бурмістрам гораду. Была ўзгоднена супраца паміж прадстаўнікамі партызанкі са Смаленшчыны й БНПартызанкай. В. Вір успамінае, што ўсе “усходнікі” гаварылі па-расейску, але лічылі сябе беларусамі й стаялі за незалежнасьць Беларусі. Аднак усталяваньню трывалых сувязей БНП і эсэраў перашкодзілі нямецкія й савецкія сьпецслужбы. Васіль Вір павінен быў выехаць у 1943 г. у Смаленск, як прадстаўнік паліткіраўніцтва партызанкі, але быў схоплены ў Пінску СД (не без дапамогі ўкраінскіх нацыяналістаў, бо Вір перашкаджаў украінізацыі Піншчыны) і быў вывезены ў канцлягер Нямеччыны.

На пазапрыпяцкім Палесьсі, у раёне Высацка, Дубровіцы, Кухоцкае Волі, Камень-Кашырска і Ратна, Беларуская Народная Партызанка супрацоўнічала з ПС УПА ат. Бараўца-Бульбы. Атрады Харэўскага, Перагуда, Патрубейкі й Суворага дапамагалі бульбаўцам у зьнішчэньні польскае прасавецкае партызанкі ў раёне Дубровіцы, Вялікай Глушы, Камень-Кашырска й Любяшова.

Аддзелы Беларускае Народнае Партызанкі прымалі ўдзел у арганізацыі вясковае самааховы на Палесьсі ў 1942-43 гг. На паўднёвай Піншчыне і Камень-Кашыршчыне да гэтай справы прычыніўся атрад ат. Суворага (Лукашука). У Кобрыншчыне і Ратненшчыне дапамагаў стварэньню самааховы атрад ат. Івана Лясьніка.

МАСКВА СУПРАЦЬ БЕЛАРУСКАЙ ПАРТЫЗАНКІ
Праз сваю выведку Масква даведалася пра дзейнасьць беларускае партызанкі й нават пра нелегальную БНГрамаду. П. Панамарэнка, сакратар ЦК КП(б)Б і начальнік Цэнтральнага Штаба Партызанскага Руху, прызнаваў пасьля вайны, што вясною 1942-га Масква ведала пра дзеяньне на Заходняй Беларусі партызанкі, але яшчэ ня мела зьвестак пра яе палітычную накіраванасьць.

Яшчэ ў жніўні 1941 года на Берасьцейшчыну прыбыў з заданьнем ЦК КП(б)Беларусі Язэп Урбановіч (“Юзік”, “Максім”), які распачынае арганізацыю савецкага падпольля ў форме “антыфашыстоўскіх камітэтаў”. У 1942 годзе, карыстаючыся сваімі старымі сувязямі (ён вучыўся ў Віленскай Беларускай Гімназыі ды ведаў многіх грамадоўцаў), Урбановіч прапануе атаману Язэпу Таўпецы й некаторым іншым утварэньне разам зь ім Антыфашыстоўскага камітэту, а таксама каардынацыю дзейнасьці. Таўпека ўспамінае, што атаманы, “паразумеўшыся міжсобку і з прадстаўнікамі Грамады, пагадзіліся на ўтварэньне такога камітэту, але пад умовай: у ім будуць толькі жыхары Заходняй Беларусі, з парытэтным лікам камуністаў і іхніх партызан і столькі-ж нашых партызанаў і Грамады. Мы катэгарычна патрабавалі выдаленьня з Камітэту НКВДыста Афанасьева, слыннага ката, выдаваўшага лістоўкі з “прыказамі” неадкладна расстрэльваць кожнага самаахоўца і тых, хто праяўляў незадавальненьне савецкай уладай. Пазатым мы патрабавалі, каб Камітэт узяў ў рукі атрады савецкіх партызан і катэгарычна забараніў займацца правакацыямі супраць беларускай вёскі, асуджаючы іх на гібель сваімі неасьцярожнымі нападамі на немцаў у вёсках ці падкладаньне мін пад чыгунку пры самых вёсках, за што гітляроўцы распраўляліся з усім насельніцтвам вёскі (кругавая парука). Урбановіч пагаджаўся з намі, што да апошняга пункту, але скардзіўся, што лейтэнант Журба, вызначаны камандаваць савецкімі атрадамі, ня можа зь імі справіцца й яны яго ня слухаюць, і таму ён зьвярнуўся да свайго цэнтру на “большой зямлі” прыслаць больш аўтарытэтных асоб, дзеля гэтага, а таксама ўпаўнаважненых да сьцісьлейшых перагавораў з незалежнай партызанкай. Прычым ён цьвердзіў, што атрымаў указаньні навязаць з усімі процігітляроўскімі сіламі супрацу, дакляраваць дапамогу зброяй і лекамі...”

Старэйшы лейтэнант Журба напрыканцы жніўня 1941 г. узначаліў савецкую партызанку ў Ружанскай пушчы. У гэты час сюды з Гомеля прыбыў Урбановіч, як упаўнаважаны ЦК КП(б)Б. Ён узначальвае антыфашыстоўскі камітэт на Ружаншчыне й арганізуе падобныя арганізацыі ў іншых раёнах. У жніўні 1942 года ў Берасьці быў створаны Камітэт для барацьбы з нямецкімі акупантамі, пазьней перайменаваны на антыфашыстоўскі камітэт. С. Сікорскі адзначае, што камітэт ня меў сувязі з “большой землёй”, бо адсутнічала радыёстанцыя, і яму не ўдалося ахапіць сваім уплывам частку раёнаў вобласьці — поўдзень і паўднёвы-захад, дзе “узьнікшыя партызанскія аддзелы працягвалі заставацца без кіраўніцтва”. М. Крыштаповіч піша, што камітэт быў створаны па ініцыятыве Урбановіча (“Максіма”), Жышко (прыбыў з Гомеля разам зь ім) і Афанасьева (той самы энкавэдыст). У склад камітэта увайшлі: Я. Урбановіч — сакратар і кіраўнік камітэту, М. Крыштаповіч (“Кузьма”) — другі сакратар і кіраўнік агітацыі і прапаганды, Я. Афанасьеў — начальнік асобага аддзелу, А. Журба — інструктар партызанкі й І. Жышко — інструктар камітэту.

У 1943 годзе з антыфашыстоўскага камітэту выбылі Жышко і Афанасьеў, якіх адклікалі ў Маскву. Але гэта не было выкананьнем патрабаваньняў беларускіх партызанаў, бо паляцелі яны на “большую зямлю” ужо пасьля зьнішчэньня й апанаваньня народнае партызанкі. Вядомы факт, калі асабіст Афанасьеў улетку 1943-га “наводзіў парадак” у абезгалоўленых атрадах народнае партызанкі ў Ружанскай пушчы.

Ці ўваходзіў палкоўнік Шанько або хто іншы з партызанкі ў Антыфашыстоўскі камітэт — няведама. Але ж мы памятаем, што 2-я канферэнцыя Грамады ўпаўнаважыла Шанько на гэтыя перамовы і, магчыма, гэткае ж рашэньне прыняла Лава атаманаў.

Пасьля перамоваў з кіраўніцтвам Беларускае Народнае Партызанкі, Урбановіч паведаміў у Маскву, што беларускія партызаны не даюць савецкім партызанам свабоды дзеяньня на Палесьсі й тыя вымушаныя падпарадкавацца. Масква адрэагавала імгненна. У другой палове 1942 г. у раёне Целяханаў была скінута з самалёта дывэрсыйная чэкістоўская група капітана Топкіна. Яна спрабавала падначаліць сабе ня толькі савецкую партызанку, але й беларускія атрады, што аднак не ўдалося зрабіць. За гэтай групай на Палесьсе “пасыпаліся” і іншыя сьпецатрады НКВД і НКГБ.

У студзені 1943 г. ЦК КП(б)Б накіраваў у Берасьцейскую вобласьць групу кіруючых работнікаў “с целью дальнейшего развёртывания партизанского движения и подпольной работы”. У складзе гэтай групы былі члены будучага абкаму камуністычнай партыі: Сікорскі, Баброў, Драздоў, Калібераў, Паплаўскі, Пацеруха, Ромма, Фядосік, а таксама наборшчык Логвінаў і радысты Волкаў і Алераў. У Берасьцейскую вобласьць яны прыбылі напрыканцы красавіка 1943 года.

С. Сікорскі ўспамінае, што “азнаёміўшыся са справамі на месцы, падпольны абкам стварыў штаб партызанскіх атрадаў Берасьцейскай вобласьці”. Яго ўзначаліў Сікорскі (“Сяргей”). Намесьнікамі былі: па агульным пытаньням — І. Баброў, па аператыўнай рабоце — палкоўнік дзяржбясьпекі А. Драздоў, па партыйна-масавай рабоце — батальённы камісар С. Ягораў, па камсамолу — Хв. Ромма, начальнікам штабу — П. Пранягін, былы камандзір атрада імя Шчорса, намесьнікам яго па разьведцы — І. Марыняк. Астатніх прыбылых разьмеркавалі па раёнах.

Сікорскі піша, што “абкам партыі паставіў задачу — умацаваць дысцыпліну ў партызанскіх атрадах, узьняць іх боездольнасьць і баявую актыўнасьць, дамагчыся далейшага разьвіцьця партызанскага руху ў вобласьці”. Сікорскі запэўнівае ў сваіх успамінах, што да чэрвеня 1943 года абкаму ўдалося зьвязацца з усімі атрадамі ў вобласьці, стварыць новыя камсамольскія й антыфашыстоўскія арганізацыі ды пачаць фарміраваньне партызанскіх брыгад (першая была створана 19 чэрвеня 1943 года).

Сікорскі дзейнічаў па інструкцыях ЦК КП(б)Б, пяты пленум якога прыняў 28 лютага 1943 г. пастанову “Об обстановке и задачах работы партийных органов и партийных организаций в оккупированных районах Белоруссии”. У ёй падкрэсьлівалася “важность усиления политической работы в западных областях Белоруссии с целью дальнейшего расширения партизанского движения и вовлечения в него широких слоёв трудящихся западных областей, а также в противовес ведущейся националистической обработке населения со стороны различных польских нелегальных организаций. Поручить Бюро ЦК разработать по этому вопросу тактические указания подпольным партийным органам”.

22 чэрвеня 1943 году была прынята пастанова ЦК КП(б)Б “О мероприятиях по дальнейшему развёртыванию партизанского движения в западных областях Белоруссии” і ліст “О военно-политических задачах работы в западных областях БССР”. Дакумэнты гэтыя цалкам яшчэ не друкаваліся, і зразумела чаму. У пастанове ёсьць і гэткі пункт: “...3. Поручить секретарям ЦК КП(б)Б тт. Калинину, Малину, Эйдинову, Горбунову и Авхимовичу проследить за быстрейшей реализацией утверждённых ЦК мероприятий по Барановичской, Пинской и Вилейской обл.”. Можна толькі здагадвацца, што гэта былі за “мероприятия”...

Больш вядома пра пастанову ЦК КП(б) Украіны ад 15 ліпеня 1943 г. “О состоянии и дальнейшем развитии партизанского движения на Украине”. Па ім можна даведацца, што было ў сакрэтных пунктах пастановы й ліста ЦК КП(б)Беларусі. В. Бегма пісаў, што “ЦК КП(б) Украины внёс ясность в отношении тактики партизан и подпольщиков к украинским буржуазным националистам. Это было крайне необходимо, так как некоторые командиры партизанских отрядов допускали ошибки; кое-кто из них вместо решительного разоблачения украинских националистических банд становился на путь переговоров с их главарями и даже заключали с ними договоры о нейтралитете. Другие же командиры партизанских отрядов, наоборот, сосредотачивали силы партизан на боях с украинскими националистическими бандами, отвлекая от основной задачи — борьбы против немецко-фашистских захватчиков.

В радиограмме Ковпаку и Рудневу (в копиях всем партизанским отрядам Украины) ЦК КП(б)У указал на эти серьёзные ошибки. “В нашем отношении к украинским националистическим “партизанским” отрядам, — говорилось в радиограмме, — мы всегда должны помнить и различать: первое — что руководители украинских буржуазных националистов — это немецкие агенты, враги украинского народа; второе — что некоторая часть рядовых участников этих отрядов искренне желает бороться с немецкими оккупантами, но она обманута буржуазными националистами, пролезшими к руководству этими формированиями.

Исходя из этого, ЦК КП(б)У поставил перед партизанскими отрядами Украины следующие задачи:

всеми способами разоблачать руководителей националистических формирований — буржуазных националистов как врагов украинского народа, как фашистских агентов;

не вступать в контакт с руководителями этих отрядов;

не предпринимать вооруженных боевых операций, если эти националистические формирования сами не нападают на советские отряды”.

  1   2


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка