Судовая рэформа XVI ст у Вялікім княстве Літоўскім, Рускім І Жамойтскім




Дата канвертавання19.03.2016
Памер65.41 Kb.




Судовая рэформа XVI ст. у Вялікім княстве Літоўскім, Рускім і Жамойтскім.
Судовая рэформа у ВКЛ у XVI ст. уяўляла сабой даволi значныя змены ў судовай сістэме ВКЛ. Яна з’явілася складальнай часткай сістэмнай рэформы, якая праводзілася у ВКЛ у ХVI ст. Адначасова з судовай таксама праводзіліся дзяржаўныя адміністратыўна-тэрытарыяльная рэформа, рэформа сістэмы саслоўна-прадстаўнічых органах і аграрная рэформа (“Валочная памера”).

Можна выдзяліць дзве асноўныя прычыны правядзення судовай рэформы. Першая – літоўская шляхта с сярэдзіны XVI ст. патрабавала тых жа правоў, якія былі ў польскай. Трэба адзначыць, што ўлада у ВКЛ на той час фактычна належала магнатэрыі, а сярэдняя і дробная шляхта у Літве не мела ўлады, і валодала меншымі правамі, чым шляхта ў Польшчы. Для атрымання грамадзянскіх і палітычных правоў шляхта імкнулася да больш шчыльнай уніі з Польшчай, нават на мяжы страты незалежнасці ВКЛ, і гэта безумоўна не задавальняла магнатэрыю, бо пры такой уніі яна страчвала значную частку сваёй улады. Менавіта таму было праведзена некалькі рэформ (у тым ліку судовая) каб ураўняць у правах польскую и літоўскую шляхту і, такім чынам, скасаваць уніяцкія настроі ў шляхецкім ассяроддзі краіны.

Другая прычына – ВКЛ з’яўлялася буйной еўрапейскай краінай, а ў тыя часы ў Еуропе назіралася зараджэнне буржуазных адносін, якое падштурхоўвала да рэформаў, у тым ліку і ў галіне судовага ладу і судаводства. Аддзяленне судовай улады ад адміністратыўнай, незалежнасць і выбарнасць суддзяў, спаборнасць судовага працэсу, стварэнне апеляцыйнай інстанцыі і іншыя буржуазныя прынцыпы пабудовы судовага ладу і судовага працэсу павінны былі стаць складльнікамі судовай рэформы.

Судовую рэформу XVI ст. у ВКЛ можна падзяліць на пяць этапаў. Кожны этап супадае з прыняццем таго ці іншага нарматыўнага акта.

Першы этап адносіцца да прыняцця Статута 1529 года. Гэта быў толькі пачатак судовай рэформы, таму змяненняў у судовай сістэме было зроблена не шмат. Па-першае, уводзілася адвакатура, арт. 9 прадпісваў, што адвакат (пракуратар) абавязкова павінен удзельнічаць у судовым працэсе, калі разглядаюцца справы “о именя, о шкоди, о квалти”. Прычым Статут вызначаў, адвакатам можа быць шляхціц – землеўладальнік, ураджэнец ВКЛ: “... не маеть жаден чужоземец прокуратором быти... адно которы бы был у Великим князьстве оселы”. Паслугі адвакатаў з’яўляліся платнымі. Па-другое, ваяводы, старасты, і дзяржауцы павінны былі абраць двух мясцовых шляхціцаў для сумеснага разгляду спраў: “Людей добрых а годных веры, и ку прысязе привести”. Гэтыя шляхціцы павінны былі ўдзельнічаць у разглядзе ўсіх спраў, другімі словамі ўводзіўся інстытут прафесійных суддзяў.

Другі этап звязаны з прыняццем прывилея Жыгімонта-Аўгуста, выдадзеным ў 1555 годзе. Гэтым прывілеем Вялікі князь, са згоды паноў радных, увеў у судовую сістэму дзяржавы земскія павятовыя суды для шляхты і прызначыў суддзямі мясцовых шляхціцаў, адмовіўшыся пры гэтым ад судовых даходаў на іх карысць, але гэты прывілей тычыўся толькі Слонімскага павета.

Трэці этап – Бельскі прывілей 1564 года. Гэтым прывілеем была ўведзена адзіная падсуднасць шляхты земскаму суду, выбарнасць земскіх суддзяў, роўнасць шляхціцаў перад судом і законам, неўмяшанне адміністрацыі ў судовыя справы. З гэтага нарматыўнага акта ўпершыню ў гісторыі нашай дзяржавы пачалося аддзяленне судовай улады ад адміністратыўнай, прычым гэты прывілей распаўсюджваўся ўжо на ўсі паветы ВКЛ.

Чацверты этап – Статут 1566 года. На гэтым этапе было ўнесена больш усяго змяненяў у судовую сістэму ВКЛ. Статут 1566 года прадпісваў карыстацца толькі пісаным правам пры разглядзе спраў у судзе. У статут таксама быў уведзены шэраг працэсуальных норм и тэорыя ацэнкі доказаў, заснаваная на навуковай логіцы.

Рэгламентаваўся парадак выбрання суддзі, падсудка, пісара, акрэсліваецца іх прававое становішча. Павятовая шляхта на мясцовых сойміках абірала па чатыры кандыдаты на кожную пасаду, а вялікі князь прызначаў па свайму выбару аднаго з іх. Суддзямі земскіх судоў маглі быць выбраныя толькі ўраджэнцы ВКЛ, шляхціцы, землеўладальнікі, дабрачынныя, хрысціянскай веры, якія ведалі права, умелі пісаць, не займалі іншых духоўных, дзяржаўных і судовых пасад. Кожны новаабраны член земскага суда павінен быў прынесці прысягу. Трэба адзначыць, што ў той перыяд прысягалі шматлікія службоўцы дзяржавы. Аднак прысяга членаў земскага суда была першай, якая дакладна вызначалася законам (упершыню – Статутам 1566 года, потым Статутам 1588 года), была абавязковай і прыносілася суддзямі публічна.

Уводзіцца пасада вознага, рэгламентуюцца яго правы и абавязкі. Вызначаецца падсуднасць рознага роду спраў мясцовым судам. Рэгламентуюцца патрабаванні да дзейнасці адваката, вызначаюцца асновы адвакатскай дзейнасці. Паслугі адваката застаюцца платнымі для ўсіх.

Статут 1566 года ўводзіць у судовы лад шляхецкі саслоўны суд спецыяльнай юрысдыкцыі – падкаморскі. Гэты суд ствараўся для разгляду спраў па межавых (справы аб межах зямельных уладанняў) ісках шляхты. У падкаморскім судзе адзначаюцца пасады падкаморыя і суддзі.

Статут 1566 года вызначаў парадак разгляду спраў судамі другой інстанцыі апеляцый на рашэнні мясцовых судоў, а таксама справы, па якіх апеляцыі не дапускаліся:

1) калі справа вырашана на падставе пісьмовага абавязку, сапраўднасць якога не аспрэчваецца;

2) калі адказчык у судзе дабравольна прызнаў іск.

Апошні этап судовай рэформы XVI ст. у ВКЛ – гэта прыняццё Статута 1588 года. У ім рэгламентаваўся парадак дзейнасці і фарміравання Галоўнага Суда (Трыбунала) – найвышэйшага суда ВКЛ.

Трыбунал ВКЛ быў створаны паводле Устава 1581 года для апеляцыйнага перагляду спраў, але асобныя справы ён мог разглядаць у парадку першай інстанцыі. Пастатновы яго мелі сілу пастаноў сойма. Галоўны Суд складаўся з 46 суддзяу-дэпутатаў, якія выбіраліся на сойміках з мясцовай шляхты, па два ад кожнага павета, тэрмінам на адзін год. Пры гэтым трэба адзначыць, што выбраннымі маглі быць толькі шляхціцы, якія мели ўласныя зямельныя ўладанні, дасвечаныя ў праве і мясцовых звычаях.

Галоўны суд разглядаў апеляцыі на рашэнні земскіх, замкавых і падкаморскіх судоў, а таксама скаргі на рашэнні павятовай адміністрацыі. Трыбунал разглядаў скаргі на рашэнні панскіх судоў у адносінах служылых шляхціцаў, прыгавораных да пакарання смерцю, турэмнага зняволення ці буйных грашовых штрафаў.

Толькі з узнікненнем Галоўнага Суда канчаткова афармляецца адзін з асноўных прынцыпаў, уласцівых сучаснаму судаводству – ніхто не можа быць суддзей па сваей справе. Раней Вялікі князь меў права вырашаць усе спрэчкі, у тым ліку і тыя, якія тычыліся яго самаго. І толькі з увядзеннем ў дзеянне Літоўскага трыбунала у ВКЛ завяршаецца працэс аддзялення судовай улады ад адміністратыўнай і заканадаўчай (для шляхецкага саслоўя у першую чаргу).

Па першай інстанцыі Галоўны Суд разглядаў справы, якія раней былі ў кампетэнцыі Вялікакняжацкага суда. Асаблівую катэгорыю спраў складалі скаргі на незаконныя дзеянні і злоўжыванні мясцовых службовых асоб і суддзяў. Галоўны трыбунал разглядаў і тыя справы, якія былі адкладзены Гаспадарскім судом і не разгледжаны да 1581 года.

У працэсуальным праве Статут 1588 года рэгламентаваў парадак удзелу адваката ў судзе. Трэба адзначыць, што ўдовы, сіраты і ўбогія атрымлівалі права на бясплатную дапамогу адваката.

Такім чынам можна зрабіць вывд, што судовая рэформа ХVІ ст. у ВКЛ значна ўдасканаліла судовую сістэму дзяржавы. Яна ўнесла значныя прагрэсіўныя змены ў судовы лад і судаводства. Былі рэфармаваны існуючыя і створаны новыя суды. Яны ствараліся на падставе замацавання прынцыпу падзелу ўлад, былі выбарнымі і дзейнічалі згодна з ідэяй аддзялення судовай улады ад выканаўчай. Судовая рэформа ў большай ступені пашырала правы шляхты, але ж яна таксама закранала і правы шырокіх пластоў насельніцтва. У судовым працэсе быў замацаваны шэраг прагрэсіўных прававых прынцыпаў: прэзумпцыя невінаватасці (распаўсюджваўся і на простых людзей), прынцып галоснасці і публічнасці судаводства.

Спіс выкарыстаных крыніц.


1) Вішнеўскі А.Ф., Юхо Я.А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі ў дакументах і матэрыялах (Са стараытных часоў да нашых дзен) / Пад агульнай рэд. А.Ф. Вішнеўскага. Мн.: Акадэмія МУС РБ, 1998.

2) Доўнар Т.І. Статут Вялікага княства Літоўскага 1566 года. Мн.: Тэсей, 2003.

3) Доўнар Ю.П. Судовая рэформа XVI стагоддзя ў Влікім княстве Літоўскім. Мн.: БДУ, 2007.

4) Статут Великого княжества Литовского 1529 года / Под ред. К.И. Яблонскиса. Мн.: Академия наук БССР, 1960.



5) Статут Вялікага княства Літоўскага 1588: Тэксты. Даведнік. Каментарыі / Беларуская Савецкая энцыклапедыя; Рэдкал.: І. П. Шамякін(гал. рэд), А.І. Жураўскі і інш. Мн.: БелСЭ, 1989.

6) Вялікае княства Літоўскае: энцыклапедыя. У 2т. Т2: К-Я / Г.П. Пашкоў(гал. рэд.). Мінск.: Беларуская энцыклапедыя, 2006.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка