Стэфан Жаромскі / Stefan Żeromski



старонка5/11
Дата01.05.2016
Памер1.53 Mb.
#46840
1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11

– Бачыце,– казала яна,– у яго выбіты пярэднія зубы...

– Я яму ўсе выб'ю!

– Перш чым выбіць рэшту гэтых старых зубоў, няхай пан паслухае гісторыю пра тыя, якіх ужо няма.

– Што мне яго зубы!

– О, хораша вы размаўляеце з жанчынай!

– Ага, размаўляю... Дык расказвайце, калі ёсць што важнае сказаць.

– А калі вы не слухаеце, дык як тут гаварыць?

– Слухаю, слухаю, толькі вось вы не чуеце, як ува мне голад бушуе.

– Ну, гэта не доўгая гісторыя,– і голад пацерпіць. Бачыце, было вось так. Калі гэты наш старэнькі быў яшчэ малады, ён служыў тут у гэтым доме за папіхіча пры кухару. Не паспеў ён і аглянуцца, як яго забралі ў салдаты. Шкада яму стала кухні, патэльняў і полівак, дый салдатчына палохала: дваццаць пяць гадоў пад ружжом – не жартачкі. Прыйшоў па яго солтыс – на камісію весці. Наш кухарчук адскочыў за рог дома, падняў з зямлі камень і выбіў ім сабе два пярэднія зубы. А яны ж, як вы ведаеце, патрэбны, каб адкусваць набоі да крамянёвых ружжаў. Сол­тыс схапіў яго за карак, хацеў вязаць пастронкам, а той рагоча і паказвае яму крывавую шчарбіну.

– Ну і што з таго?

– Нічога. Толькі адсюль такая мараль: абы за што не варта тузацца. А стары тут ці мала яшчэ розных штук навырабляў.

– Усякія гісторыі пазволю сабе адкласці на пазней, калі паскрабём ужо тую бульбу. «Primum edere, deinde philosophari»15. Разумееце, што гэта значыць?

– Не ведаю, але, мусіць, нешта пра яду.

– Менавіта! Ну, дык хутчэй! Дзе мех?

Атрымаўшы мех, ён са Шчэпанам рушыў на двор і неўзабаве вярнуўся з бульбаю.

Яны распалілі пліту, падкладаючы дровы, насечаныя з разваленага плота. Усе сышліся абіраць бульбу. У запасах атрада знайшоўся кавалак сала. Шчэпан кінуўся ў цемрыва і прынёс у ражку меха з гарнец круп са свае схованкі. I кашу і бульбу ён пачаў гатаваць з вялікім кухарскім умельствам. Але і раз-пораз выбягаў на двор, каб несці варту – прыслухоўваўся глухімі вушамі, ці не стогне зямля пад пагамі непрыяцельскае пяхоты...
VI
Рана ў бядры паўстанца мала таго, што не гаілася, але нават стала небяспечная. Ніжэй раны ўтварыўся вялікі нарыў, і балела так, што хворы крычаў гадзінамі. Нават небяспека, што пагражала дому, і трывога за сваё жыццё не маглі прыцішыць яго нечалавечых крыкаў і енку. Панна Саламея не толькі не спала начамі, але, баючыся салдатаў, нават галавы не схіляла на падушку. Выносіць князя ў стадолу, калі б пачуўся засцерагальны стук у шыбу яўрэйскай дзяўчынкі, цяпер ужо не мела сэнсу, бо хворы енчыў бы і закапаны ў сене. Было ўжо раз, што, пачуўшы нейкія гукі ў стадоле, цэлы атрад салдатаў на чале з афіцэрам хадзіў па ўсёй старане, глыбока пратыкаючы сена штыкамі. Толькі выключна шчаслівы збег акалічнасцей убярог сховішча паўстанца, а думка, што стадола з сенам якраз прыдасца пад начлег атраду, утрымала афіцэра ад загаду спаліць яе. Было зусім відавочна, што куля апускаецца ўздоўж галёнкі, таму такія нечуваныя пакуты, таму ўсё новыя і новыя нарывы. Панна Саламея зразумела, што другога выйсця няма, як толькі прывезці хірурга.

Аднак як Саламея магла запрасіць доктара, не маючы ні гроша ў кішэні, ні коней, ні саней? Усё, што ў яе было, пазабіралі за зіму прышэльцы. Наймаць фурманку ў вёсцы небяспечна, бо варожа настроеныя мужыкі маглі б выдаць паўстанца. А адправіць хворага з дому яна не магла. Ён сам быў знайшоў верны сродак. Аднаго разу, калі яна карміла яго, ён раптоўна сунуў руку ў кішэню яе сукенкі і выхапіў пісталет, які яна паказвала яму яшчэ ў першыя дні. Яна адабрала ў яго пісталет. Але з таго часу, стогнучы ад болю, ён маліў яе цэлымі гадзінамі, каб выстралам у лоб спыніла яго пакуты. Ён хапаў яе рукі ў свае гарачыя далоні, упіваўся ў іх пальцамі, нібы распаленымі жалезнымі абцугамі, і ўсё прасіў падарыць яму смерць. Якіх толькі просьбаў, якіх довадаў не было дзеля гэтага адзінага стрэлу!

Столькі людзей загінула! Паважаных, высакародных, мужных... Салдацкія боты ўтапталі іх у гразь на дзікіх палях! Яны гінулі ад ран у лясах, без дапамогі, бясслаўна і бескарысна! Святая ідэя скінута са свайго алтара! Польскія мужыкі пасля мехаўскага паражэння звозілі параненых у рускія ведамствы і аддавалі іх у рукі катам! Закасцянелае халопства бага­цеяў і страшэнная бядняцкая нэндза падалі адно аднаму рукі... Якое шаленства, якая жорсткасць у такой небяспецы ратаваць адну знямоглую ад невыносных пакутаў істоту! Памерці! Не бачыць, што робіцца, не памятаць, што адбылося! Забыць усе! Не цярпець больш пякельнай ганьбы, хаваючыся ў сене!

– Сястра! – прасіў ён,– злітуйся! Забі! Дай мне самому забіць сябе! Я не хачу жыць! Вам не цяжка будзе закапаць мяне ўночы, над ракою, дзе я змываў сваю кроў. Ты прыйдзеш туды вясною, пасадзіш кветачку. Я буду шчаслівы...

У роспачы, не ведаючы, што ўжо рабіць, тайна ад Шчэпана панна Саламея аднаго вечара пайшла да сваёй прыяцелькі Рыўкі. У карчме было ўжо цёмна, дзверы зачынены наглуха. Баючыся нападу, карчмар пазабіваў з сярэдзіны вокны дошкамі, пакінуўшы паміж імі шчыліны для дзённага святла. Панна Мія пачала корпацца каля аднаго акна – расхістваць цвікі, якімі была наглуха забіта рама, аддзіраць гліну, і нарэшце адчыніла. Тады, прасунуўшы ў шчыліну паміж дошкамі загадзя падрыхтаваны доўгі кій з плота, яна пачала наўздагад тыкаць ім туды, дзе, як яна ведала, заўсёды спіць на тапчане Рыўка. Доўга не ўдавалася разбудзіць яе, бо яўрэечка, якую часта будзяць сярод ночы, спала моцна. Нарэшце, здагадаўшыся, хто яе выклікае, яна кінулася да акна. Яны шапталіся праз шчыліну – так ціха, нібы гэта вецер шумеў,– каб не разбудзіць нікога з карчмаровай сям'і, якая спала ў гэтай і ў суседніх пакоях. Панна Саламея коратка расказала пра сваю справу. Патрэбны коні! Трэба на адпу ноч дастаць пару коней і санкі! Трэба мігам даехаць да горада, вярнуцца назад і зноў гнаць у горад – і каб ніводная жывая душа пра гэта не ведала. Рыўка павінна ў каго-небудзь наняць фурманку. А паколькі на гэта патрэбны грошы, якіх няма, дык трэба, можа, украсці. Пасля вернем. Што рабіць? Рыў­ка спалохалаея. Што рабіць? Ай-ай! Пару коней і санкі, два разы ў горад і назад за адну ноч... Ай-ай! Што рабіць? Яна чухала сваю кудлатую галаву і разгублена цмокала губамі. Ад холаду і страху ў яе дрыжаў голас і ляскалі зубы.

– Парай жа мне што! – казала панна Мія.

– Што я параю? Я не ведаю.

– Дык навошта я сюды ішла? Каб толькі гэта пачуць ад цябе?

– Я хачу памагчы, але што тут зробіш?..

– А чаго ты так дрыжыш? Баішся?

– Баюся.

– Чаго?


– Бо тут ёсць коні... Тры... Цуганты16.

– Чые?


– Не ведаю.

– Адкуль яны ўзяліся?

– Учора іх прывялі.

– Крадзеныя?

– Не ведаю.

– Ты і не ведаеш! Пытаюся ў цябе, асліха: крадзеныя?

– Ну, а якія? Не дараныя ж!

– Дзе гэтыя коні?

– Стаяць у стайні.

– Іх там перахоўваюць?

– Хіба я ведаю. Навошта мне багата балбатаць. Гэтыя коні ў стайні.

– Кажы праўду! Не ты ж крала, і не ты хаваеш. I мне праўды не скажаш? Вось якая ты цяпер, жыдоўка няверная!

– А чаму мне і не сказаць праўды? Гэтыя коні, напэўна, прыхаваны тут. Але навошта балбатаць пра гэта? Тут на гарышчы спіць адзін, што прыехаў на гэтых конях.

– Калі ён паедзе далей?

– Заўтра нанач.

– У які бок?

– Не ведаю.

– Дай мне гэтую пару!

– Ай-ай! Баюся!

– Ну, дык і бойся! Яны ж вернуцца на досвітку! Рыўка!

– Не магу! Яны заб'юць мяне!

– Хто?


– Бацька і той, што прыехаў.

– Яны не будуць ведаць.

– Як гэта – не будуць ведаць! Яны ды не дазнаюцца пра такі інтэрас!.. Хто патрапіць так зрабіць?

– А я! Санкі ў вас тут ёсць?

– Санкі ёсць, але малыя, нашы, арандатарскія.

– Няхай сабе і арандатарскія. Ідзі! Нясі ключы! Вылазь з нары!

Рыўка з роспачы ціха заплакала. Стаяла за дошкамі і выла.

– Значыць, не дасі?

– Да смерці ж мяне заб'юць? Галаву адарвуць!

– Нічога, сцерпіш!

Гэты аргумент чамусьці пераканаў Рыўку. Яна супакоілася і толькі спыталася:

– А хто паедзе?

– Я сама.

– Значыць, ніхто не будзе ведаць?

– Ніхто! Ты ды я.

– Як яны ўбачаць, як зразумеюць, хто гэта зрабіў, так будуць біць, так будуць...

– Ах, ты мой далікацік!

– У таго, што прыехаў... такі бізун!..



  • Нясі ключы!

Рыўка ціхенька, як прывід, яайшла ў глыб дома і доўга не вярталася.

Панна Саламея падумала, што яна зусім не вернецца. Стаяў мароз. Пацягнула вострым ветрам. Яго парывы скуголілі ў засценні, у завуголлі карчмы, нямой і цёмнай. Ноч была чорная, бяззорная. Нарэшце заднія дзверы, што на сметнік, ціха рыпнулі, і маленькая Рыўка выйшла з дому. Яна асцярожна прычыніла дзверы, прыслухалася, ці не ідзе хто за ёго. Пераканаўшыся, што ніхто не пачуў і не заўважыў, як яна адчыняла дзверы, яна кінулася да мураванае стайні і пачала энергічна дзейнічаць – адным духам адчыніла стайню, пасля вазоўню. Панна Саламея пераступіла парог і смела падышла да коней. Коні ў цемнаце недаверліва захраплі і забілі капытамі. Яна намацала рукамі конскія ілбы і прыкмеціла, што коні ў адмысловай збруі, гатовыя на ўсякі выпадак у дарогу. Коні былі рослыя і, відаць, не загнаныя, яны борзда танцавалі на месцы і храплі. Праверыўшы ўпоцемках спражкі на лейцах і вуздэчках, нашыльнікі і пастронкі, дзяўчына закілзала коней і вывела са стайні. А Рыўка выпхнула ўжо ў двор з вазоўні маленькія, неакаваныя – праўда што яўрэйскія – санкі. Абедзве хуценька запрэглі коні ў санкі, мігам выраўнялі лейцы і знайшлі пугу. Калі панна Саламея ўжо сядзела ў санках спераду, Рыўка прынесла з вазоўні ахапак сена і ўкінула яго ў задок, каб было што даць коням у дарозе. Сама яна адразу ж замкнула стайню і вазоўню і бясшумна, як чорны кажан, пырхнула назад у карчму і ціхенька зачыніла за сабою дзверы.

Панна Саламея асцярожна варухнула лейцамі і выехала з карчомнага надворка ў поле. Пад'ехала пад ганак двара, прывязала коней да слупа і ўвайшла ў дом. Тут яна знайшла Шчэпана і загадала яму спаць каля хворага – перад дзвярыма ў яго пакой – і трымаць вуха! Сама цяплей апранулася, узяла кажух на ногі, дыванок, каб сесці, і пабегла. Ямчэй уселася ў санкі, узяла ў рукі лейцы, сцебанула. Коні рванулі з месца і памчаліся. Аб'ехаўшы полем карчму, яна вылецела на ўезджаную дарогу, раз-пораз ляскаючы пугаю. Коні несліся нястрымным галопам. Саначкі ляцелі па глыбокім снезе, перавальваліся з боку на бок на выбоінах. У горад вялі дзве дарогі. Дальняя – гасцінцам, а пасля шашою, і бліжэйшая, так званая «на лес». Гэтая другая дарога была заўсёды небяспечная праз ваўкоў. Але цяпер яна была спакайнейшая за першую, маючы на ўвазе людзей. «На лес» ездзілі пустэчаю, кустамі і выганамі сярод пашы і, нарэшце, самкнутым, глухім борам. Калі панна Мія праехала бязлюдныя палі і перад ёю стала сцяна густога маўклівага лесу, у яе па скуры пабеглі мурашкі. Яна надзейней уселася на снапках саломы, нагамі ўперлася ў перадок санак, хвастанула крадзеныя коні па нагах і памчалася праз лясныя нетры. Дарога была даволі шырокая – летам, праўда, багністая, але цяпер па снезе зусім добрая. Коні бралі яе рыссю, несучы за сабою саначкі, як пярынку. Халодны жах пранізваў Саламею да самых касцей, марозам скоўваў сэрца. У вушах звінелі нейкія патаемныя гукі... Пагоня! Тупат! Хто ж гэта ляціць за санямі? Войскі, што зжыраюць адно аднаго ў дзікай вайне? Ці слугі пастаўленага над людзьмі якога-небудзь права? Ці разбойнікі, што не шануюць ніякіх правоў? Ці звяры, якія змагаюцца з людзьмі? Яна не ведала... Насуперак усяму, што б там ні было, яна несла ў сабе адно адзінае права – простае пачуццё. Не ўсведамляючы гэтага, яна слепа верыла ў вольную моц сваёй маладой душы і ў сілу вольных коней. Яна імчалася, як віхор, і нават здзівілася, калі знік лес абапал дарогі... Яна пранеслася скрозь яго неверагодна шпарка. Да горада аставалася дарогі не больш за мілю.

Дзяўчына дала коням перадыхнуць – ехала асця­рожней, пільна сачыла за ўсім. За лесам трэба было праязджаць вёскі, масты, платы – зварочваць то ўправа, то ўлева. Вочы, прызвычаеныя да густога змроку, добра арыентаваліся ў гэтай мясцовасці. Яна не памылілася ні на адным навароце. З прыгорка, каля мураванае карчмы, што называецца «Старая вяха», яна ўбачыла гарадскія агеньчыкі. Сэрца яе трывожна забілася. Яна з'ехала з роўнага гасцінца на палявую дарогу і паспяшалася да прадмесця. Прашмыгнула ціхачом паўз бойню, паўз салдацкія казармы, аб'ехала сады, розныя будкі, шопы, склады, цагельні, ветракі, уварвалася на луг непадалёк ад парку і яшчэ кружляла, заварочвала, аж пакуль не пад'ехала пад нейкі частакол каля гарадской брукаванай вуліцы. За гэтым парканам былі чуваць запозненыя крокі гараджан па каменным тратуары.

Панна Мія вылезла з санак, раскілзала коней, накрыла іх дываном і дала ім сена – закусіць пасля такой гонкі. Моцна прывязала да шула лейцы, а сама атрэслася ад снегу, паправіла вопратку і рушыла ў горад. Яна хутка ішла па цёмных бязлюдных завулках да рыначнай плошчы, перабегла яе па самай сярэдзіне і нырнула ў браму, дзе ў доме жыў вядомы лекар, гонар усяе губерні, доктар Кулеўскі. Мабыць, яшчэ было не вельмі позна, таму што брама была яшчэ не зачыненая і святло на ганку не патушана. Панна Саламея пазваніла ў дзверы. Адчыніла старая згорбленая служанка з відавочным раздражненнем. Яна заявіла, што доктар збіраецца ўжо спаць. Панна Мія ўсунула ёй у руку апошнюю сваю манетку і папрасіла дазволіць ёй убачыцца са славутым доктарам. Яе ўпусцілі.

Чакала даволі доўга. Цьмянае святло васковае свечкі ўсё-такі дало ёй разгледзець прыгожае абсталяванне ў кватэры старога кавалера доктара Кулеўскага – канапы і крэслы, усякія старадаўнія рэчы і вышываныя падушкі, прыгожыя шырмы і алеаграфіі ў каштоўных рамах. Нарэшце дзверы адчыніліся, і ў парозе з'явіўся з выразным незадавальненнем на твары сам доктар. Ён глядзеў на прыезджую суровымі вачыма. Гэта быў прыстойны з выгляду, гадоў каля пяцідзесяці дзябёлы мужчына, яўны жуір17, выдатны лекар і знакаміты ў горадзе гурман. Яго некалькі разоў запрашалі ў двор у Няздолах, калі хварэў хто з дзяцей ці дарослых. Панна Брыніцкая ведала яго: у свой час была яго пацыенткаю. Доктар успамінаў яе даволі даўгавата, але ўражаны яе нязвыклаю прыгаясосцю, неяк супакоіўся, падалікатнеў і падышоў з паклонам. Панна Саламея нагадала яму пра сябе і пасля ветлівага запрашэння села ў крэсла. Доктар усё больш мякчэў і быў гатовы ўжо да паслуг.

Яна прыступіла да справы без усякага ўступу. Расказала ўсё, як ёсць. Папрасіла яго надзець кажух, узяць хірургічныя інструменты і ехаць з ёю. Твар у доктара здранцвеў. Ён рашуча і катэгарычна адмовіўся. Паўстанец... дзве мілі дарогі... ноч... мінула ўжо дзесятая гадзіна – ні за што! Ён не паедзе! Праўда, вельмі шкадуе! Яму надзвычай прыкра! Напраўду, уся гэтая справа заслугоўвае спачування. Ён і сам патрыёт і агульную справу адчувае глыбей, чым іншыя, можа, нават так, як ніхто яе не адчувае, але ехаць – ні ў якім разе! У яго ёсць абавязкі – у горадзе многа пацыентаў, магчыма, і не адна падобная справа, магчыма, і не адна важнейшая за гэту, магчыма, у сто разоў важнейшая. Панна Саламея цярпліва слухала ўсё гэта. I раптам яна схапіла руку доктара, што якраз павісла над ёю ў нейкім жэсце, і прыціснула яе да вуснаў. Больш таго – апусцілася на паркетную падлогу і пацалавала яго ў калена.

Ён тузануўся і адступіў.

– Ах, значыць, каханне!..– засмяяўся.– Пані кахае гэтага змагара?

– Не. Толькі выконваю тое, што павінна.

– Праўда? А чаму ж столькі пакорлівай просьбы і такі экстаз у вашых вачах?

– Таму што я так адчуваю.

– Паўстанцы,– павучаў доктар,– выклікалі на вайну вялізную дзяржаву. Малакасосы! Вар'яты! I праз іх гінуць тысячы людзей, бо гэта ж вайна. Вы гэта разумееце?

– Разумею.

– Добра. Але раз гэта вайна, дык адзін чалавек не можа забіраць толькі сабе ўсю нашу ўвагу і спачуванне.

– Пэўна, што так, але я мушу выратаваць чалавека, які аддадзены ў мае рукі. Ён прыйшоў з поля бою над наш ганак і сам не ведаў, куды ідзе.

– Таму ён цяпер адзіны?

– Надзеньце, калі ласка, кажух, вазьміце інструменты і хадземце, бо час бяжыць.

– Дык вы думаеце, што я паеду?

– Я адгэтуль без вас не выйду.

Доктар з усмешкаю глядзеў ёй у вочы – такія шчырыя, такія невыказна прыгожыя,– на яе белы лоб пад белай футранай шапачкай, на пунсовыя вусны і беласнежныя шчокі, паружавелыя ад цяпла ў памяшканні. I доктар збянтэжыўся.

– Пані хоча мяне загубіць! Я не магу. За мною наглядаюць, можа, нават сочаць... Не, не магу!

– Вы мусіце ехаць!

– Праўда? Нават мушу?

– Мусіце!

– Таму толькі, што вы загадваеце?

– Не я. Бог усемагутны патрабуе ад нас ратаваць няшчаснага жаўнера. Усё, што я магла, я зрабіла. Цяпер ужо нічога не магу больш парадзіць. Калі б я сама магла справіцца, дык не цалавала б тут вашы рукі. Вы – доктар, а я простая жанчына. Я прыехала да вас, бо знайсці кулю ў ране можа толькі доктар.

– Ці чуў хто калі такія аргументы! А які ганарар атрымаю я? – спытаўся ён, нахабна гледзячы ёй у вочы.

– Ніякага!

– Вось гэта заахвоцілі!

– Хадземце, пане доктар!

– Пайду пры ўмове, што атрымаю ганарар, прытым, які сам назначу...

Яна мужна і даволі насмешліва паглядзела яму ў вочы і паўтарыла сваё:

– Пойдзем, бо час дарагі!

Доктар паціснуў плячыма і пайшоў у свой кабінет. Мітусіўся там нейкі час, нешта адчыняў, замыкаў, упакоўваў і, нарэшце, выйшаў у пярэдні пакой адзеты ў кажух і валёнкі, адазваўся да панны Саламеі:

– Вы мяне літаральна вырываеце з дому. Калі па дарозе нас зловяць,– я загінуў.

– Я вас вязу да хворае дзяўчыны з яўрэйскае карчмы. Ніхто не можа вінаваціць доктара, што ён едзе да хворага.

– Пэўна! Пры такіх акалічнасцях і ў такі час! Я ведаю, чым гэта пахне – ездзіць цяпер уночы да хворага ў вёску...

Яны ціха выйшлі, праскочылі сенцы, цераз рынак і тымі самымі цёмнымі, як пекла, вулічкамі дабраліся да коней. На шчасце, ніхто не прыкмеціў «цугантаў» і не звёў.

Панна Саламея, узрадаваная, што ўсё ідзе добра, закілзала коней, паслала дыванок і папрасіла доктара сесці ў санкі.

– А дзе фурман? – спытаўся ён.

– Я,– адказала яна.

– Што такое? Не паеду!

– Вы зноў за сваё!

– Вы ж не можаце і не ўмееце кіраваць коньмі.

– Зараз вы возьмеце свае словы назад...

Яна села спераду і спакойна выехала праз луг, завулкамі да прадмесця, а адтуль – у поле. Цяпер яна гнала коней хоць той самаю, але ўжо знаёмаю дарогай. Весела імчалася праз лес, па ўхабінах. Пан доктар Кулеўскі, стары кавалер і славуты донжуан, стараўся скарыстаць гэтую нязвыклую сітуацыю. Ён то хацеў перасесці на перадок і памагаць кіраваць коньмі, то спрабаваў укрыць ад холаду свайго чароўнага фурмана. Але фурман прыгразіў, што выкіне яго з санак і пакіне ў лесе ваўкам, калі ён не будзе ўзорна сядзець на месцы, яму адведзеным і дываном накрытым. Праз няпоўныя паўтары гадзіны сані ўжо былі ў двары ў Няздолах.

Панна Саламся пад'язджала асцярожна: аб'ехала далей карчму, пільна ўглядалася, ці няма ў сядзібе чужых. На шчасце, усюды было цёмпа. Старыя высокія таполі глуха напявалі свае гімны, знаёмыя яе сэрцу і вуху яшчэ з маленства. Яна пастукала ў шыбу. Шчэпан адчыніў і пайшоў пільнаваць распараных, успененых коней. Ён увёў іх у стадолу, раскілзаў, падвёў да стараны з сенам, зачыніў дзверы і вярнуўся ў дом. Доктар адразу прыступіў да агляду хворага. Адну за адною агледзеў раны пад вокам, на галаве, пасля на спіне і між рэбраў і нарэшце спыніўся на няшчасным сцягне. Там ён знайшоў малады яшчэ нарыў і вырашыў, што яго трэба ўскрыць цяпер.

Шчэпан пайшоў вартаваць на двор, і панна Саламея мусіла сама трымаць тазік, падаваць цёплую ваду, ручнікі і корпію. Доктар бязлітасна разрэзаў пухліну і пачаў зондам шукаць у ране кулю. Хворы, якога рэзалі без абязбольвання, віўся ад страшэнных мук. Аперацыя адбывалася пры цьмяным святле лоевай свечкі ў ліхтары. Доктар мучыўся, выбіваўся з сілы, ён інструментам шукаў кулю і вельмі раззлаваўся, не знайшоўшы яе. Паспрабаваў другі раз, трэці, чацвёрты, дзесяты – усё дарэмна. Князь раз за разам млеў ад болю, крычаў пад нажом, нарэшце пачаў абараняцца, біць на твары і доктара і панну Саламею. Урач адступіўся. Пасцель была залітая крывёю, падлога, мэбля, посуд – усё ў крыві. Урач умела перавязаў сцягно і ўсе другія раны і заявіў, што ад'язджае. Сказаў, што трэба чакаць. Хворы павінен ляжаць у пасцелі.

Панна Саламея загадала Шчэпану падаць коні. Яна была засмучаная. Усе яе памаганні пайшлі марна. Яна ўскочыла на фурманскае месца і, як толькі хірург усеўся, пагнала коней галопам па той самай дарозе.

Якая ж прыкрая была гэтая паездка! Колькі ў ёй было безнадзейнасці! У дадатак і доктар не паводзіў сябе карэктна – даволі нахабна дамагаўся свайго ганарару. Стаміўшыся адштурхоўваць яго, перапоўненая гневам, агідаю і душэўнымі мукамі, Саламея даставіла эскулапа ў горад. Ён злез з саней далёка ад шлагбаума, сярод поля, дзеля асцярожнасці, пайшоў пехатою. Панна Брыніцкая развіталася з ім і галопам памчалася назад. Пад ранак, але калі яшчэ цемень была начная, яна вярнула Рыўцы крадзеную пару коней і санкі.

Без яе Шчэпан абмыў хворага, памяняў акрываўленую пасцель і бялізну, вышараваў заплямленыя падлогу і мэблю. Адрованж енчыў у сне. Панна Саламея легла спаць, стомленая целам і душою, поўная нутранога холаду і пагарды.


VII
У адну з наступных начэй стомленая цяжкай працаю і бяссонніцай Саламея спала моцна, як ніколі дагэтуль. Хворы паўстанец, які ад пастаяннага жару мала калі быў пры памяці, драмаў у цемнаце. Яго мучылі трывожныя сны, поўныя жахлівых прывідаў...

З гэтага забыцця паўстанца вывеў цокат конскіх капытоў на дварэ. Князь ясна чуў, як нехта пад'ехаў на кані да дома, вось ужо асцярожна прабіраецца паўз сцены, а пад самым акном гэтага пакоя пераступае з нагі на нагу конь. Кожны ўдар капыта па ўмерзлых грудках адбіваўся ў яго вушах, у мозгу і ў душы. Разгарачанае ўяўленне малявала ў змроку пакоя постаць цёмнага конніка. Раптам пачуўся ціхі стук пальцам у шыбу – асцярожны, але настойлівы. Хворы чуў гэты стук. Пачаў будзіць панну Мію, клікаць яе штораз галасней. Яна моцна спала, і ён устаў і, кульгаючы, дабраўся да яе паспелі. Дакрануўся рукою да звешанай галавы і злёгку пацягнуў за валасы. Яна ачнулася і хвіліну сядзела ў пасцелі, нічога не разумеючы. Ён шапнуў ёй на вуха, што стукаюць. Яна пачала напружана прыслухоўвацца. Адрованж падумаў, што, мабыць, гэта ўжо нешта найгоршае, бо яна, ляскаючы зубамі, шэптам малілася. Потым яна імгненна сарвалася з пасцелі і, усё яшчэ глытаючы словы малітвы, накінула на сябе нешта цёплае і дрыготкімі, ліхаманкавымі рукамі запаліла ў ліхтары свечку. Нібы птушка ўляцела ў халодную залу, адчыніла дзверы і, стрымліваючы крок, выскачыла на двор. Хворы выхіліўся з ложка, цікуючы, што там робіцца,– ці не давядзецца зноў княжацкай міласці хавацца ў стадоле.

Ён пачуў радасны крык паненкі ў сенцах, а праз хвіліну ў святле ўнесенага ліхтара ўбачыў, што яго апякунка павісла на шыі ў высокага старога чалавека. Іх нямы пацалунак доўжыўся бясконца. Калі нарэшце госць паставіў панну Мію на падлогу, Адрованж убачыў яго твар. Гэта быў высокі з сівымі вусамі мужчына ў аблямаванай футрам курце, аўчыннай шапцы і высокіх ботах. Князь здагадаўся, што гэта Саламеін бацька. Стары Брыніцкі, увесь яшчэ заснежаны, з ле­дзякамі ў валасах, глядзеў на дачку. Ён нешта шаптаў ці то ёй, ці сабе і гладзіў яе па галаве рукою, з якой не паспеў яшчэ сцягнуць грубай рукавіцы. Бляск ад ліхтара ўпаў у спальню. Кінуўшы туды вокам, стары раптам на даччыным ложку ўбачыў чалавека і з глыбокім здзіўленнем паказаў туды рукою. Панна Саламея пачала хутка, адным духам, расказваць гісторыю параненага – яго прыход пасля бітвы пад Малагошчаю, усе пераходы і абставіны, вобыскі і пра сваю паездку ў горад.

Стары Брыніцкі слухаў панура, з недаверам і нецярпліва. Ён увайшоў у спальню, зняў шапку, падняў высока над галавою ліхтар і пачаў дапытліва разглядаць параненага. Той, прыпадняўшыся на локаць, неасэнсаванай усмешкаю прывітаў бацьку сваёй апякункі.

– Дзе ж гэта, калега, цябе так паранілі? – спытаўся стары.

– Пад Малагошчаю.

– Дык гэта вас там наш пачцівы суайчыннік Дабравольскі з Галубовым і Чангерам памалацілі? Не вельмі вам там пашанцавала...

– Ой, не!..

– I такія цяжкія раны, што на лячэнне спатрэбіўся дзявочы ложак?


Каталог: storehouse -> authors
authors -> 1547 – пасля 1590 Пра пачатак, паходжанне, адвагу, рыцарскія і дамовыя дзеі слаўнага народу літоўскага, жамойцкага і рускага
authors -> Саламея Пільштынова
authors -> Хітрамудры ідальга Дон Кіхот Ламанчаскі
authors -> Хорас Ўолпал (Horace Walpole) 1717—1797 Замак Отранта
authors -> 1547 — пасля 1590 Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсёй Русі
authors -> Чарлз Кослі (Charles Causley) 1917—2003 Прывіды Мілерз-Энда
authors -> Обры Бёрдслі/ Aubrey Beardsley 1872 – 1898
authors -> Жэрар дэ Нэрваль/ Gérard de Nerval
authors -> Роберт Рос/ Robert Ross
authors -> Хітрамудры ідальга Дон Кіхот Ламанчаскі


Поделитесь с Вашими друзьями:
1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11




База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2022
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка