«старонкі полацкага летапісу»




Дата канвертавання15.03.2016
Памер74.44 Kb.

http://txt.knihi.com/bk/letapisy/letapisy2.html

«СТАРОНКІ ПОЛАЦКАГА ЛЕТАПІСУ»


У год 6624 (1116). Прыходзіў Уладзімір [Манамах] на Глеба [Усяславіча], бо Глеб ваяваў дрыгавічоў і Слуцак папаліў і не каяўся аб учыненым, не скарыўся, а [яшчэ] болей на Ўладзіміра гаварыў, дакараючы яго. Уладзімір жа, спадзеючыся на Бога і на праўду, пайшоў к Смаленску са сваімі сынамі і з Давыдам Святаславічам1 і з Ольгавічамі2. І ўзяў Вячаслаў3 Воршу і Копысь, а Давыд з Яраполкам4 здабылі Друцак. Сам жа Ўладзімір пайшоў к Менску. І зачыніўся Глеб у горадзе. Уладзімір жа пачаў ставіць хату ў сваім лагеры насупраць горада. Калі Глеб убачыў [гэта], то яго апанаваў страх. І пачаў ён прасіць літасці ва Ўладзіміра, пасылаючы [да яго] сваіх пасланцоў. Уладзімір жа зжаліўся, што кроў пральецца ў дні вялікага посту, і даў яму мір. Глеб жа выйшаў з горада з дзецьмі і з дружынаю пакланіцца Ўладзіміру, і гаварылі яны словы пра мір. І абяцаў Глеб ва ўсім слухацца Ўладзіміра.

Уладзімір жа, супакоіўшы і строга папярэдзіўшы Глеба, даў яму Менск, а сам вярнуўся ў Кіеў. Яраполк жа пабудаваў горад Жэлдзі5 для дручанаў, якіх паланіў.

У год 6627 (1119). Уладзімір узяў Менск у Глеба Ўсяславіча, а яго самога прывёў у Кіеў. У той жа год памёр у Кіеве Глеб Усяславіч 13 верасня.

У год 6636 (1127)... У той жа год паслаў князь Мсціслаў6 сваіх братоў на крывічоў чатырма шляхамі: Вячаслава з Турава, Андрэя з Уладзіміра, Усевалада з Гародні7, Вячаслава Яраславіча з Клецка - гэтым загадаў ісці да Ізяслаўля, а Ўсеваладу Ольгавічу8 загадаў ісці са сваімі братамі на Стрэжаў9 да Барысава, Івана Вайцішыча паслаў з торкамі, сына ж свайго Ізяслава з Курска са сваім атрадам паслаў на Лагожск, а другога сына свайго Расціслава паслаў са смалянамі на Друцак. І сказаў ім у адзін і той жа дзень, 11 жніўня (у Лаўрэнцьеўскім летапісе - 4 жніўня) усім пачаць напад. Ізяслаў жа пачаў на дзень раней, чым браты, пераняў людзей ад горада, яны спалохаліся і здаліся [яму]. Ізяслаўцы ж пачалі біцца з Вячаславам і Андрэем. Ізяслаў, пачакаўшы два дні каля Лагожска, пайшоў к Ізяслаўлю да свайго дзядзькі, ведучы з сабою і Брачыслава10, зяця свайго, які пайшоў быў да свайго бацькі, але на паўдарозе збаяўся, і не мог ісці ні наперад, ні назад, і прыйшоў да свайго швагра, і лагажан прывёў, што быў вывеў з Лагожска. Ізяслаўцы, убачыўшы князя свайго і лагажан, якіх без шкоды захапілі, здаліся Вячаславу, сказаўшы яму: «Пакланіся Богам, што не аддасі нас на разрабаванне». Вечарам Вараціслаў, Андрэеў тысяцкі, і Іванка Вячаславіч паслалі сваіх отракаў у горад і так на світанні, увёўшы сваіх вояў, здабылі [Ізяслаўль], ледзьве Мсціслаўны11 набытак збераглі, з вялікай цяжкасцю б'ючыся. І так вярнуліся дамоў з багатым палонам. Пасля і ноўгарадцы прыйшлі з Усеваладам Мсціславічам к Неключу. І тады палачане, змовіўшыся, выгналі Давыда з сынамі, узялі Рагвалода [Усяславіча] і пайшлі з ім да Мсціслава, просячы ўзяць яго за князя. І выканаў іх волю Мсціслаў. Узялі яны Рагвалода і павялі ў Полацак.

У год 6638 (1129)... У той жа год саслаў Мсціслаў полацкіх князёў з жонкамі і з дзецьмі ў Грэцыю за тое, што пераступілі крыжацалаванне.

У год 6648 (1139)... У той жа час вярнуліся з Царграда два [полацкія] княжычы, якіх саслаў быў Мсціслаў, вялікі князь кіеўскі, за тое, што не скарыліся яму і не паслухалі яго, калі клікаў іх у Рускую зямлю на дапамогу, і, больш таго, жадалі здароўя шалудзіваму Баняку12. І з-за гэтага раззлаваўся на іх Мсціслаў і хацеў на іх пайсці, але нельга было, бо тады [моцна] былі налеглі полаўцы на Русь. І калі Мсціслаў вызваліўся ад раці, успомніў ён ранейшае і паслаў па крывіцкіх князёў, па Давыда, Расціслава, Святаслава і двух Рагвалодавічаў [Васіля і Івана], пасадзіў іх у тры лодкі і саслаў у Царград за непаслушэнства, а сваіх мужоў пасадзіў па іх гарадах.

У год 6651 (1143)... У той жа год прывёў Усевалад, вялікі князь кіеўскі, свайму сыну Святаславу [за жонку] Васількаўну, [дачку] полацкага князя.

У год 6652 (1144)... У той жа год Ізяслаў [Мсціславіч] аддаў сваю дачку ў Полацак за Рагвалода Барысавіча, і Ўсевалад, [вялікі] князь кіеўскі, прыходзіў з жонкаю і з усімі баярамі на вяселле. У той жа год прызначылі Полацку епіскапам Кузьму.

У год 6659 (1151)... У той жа год схапілі палачане Рагвалода Барысавіча, князя свайго, і паслалі ў Менск і там трымалі [яго] у цяжкай няволі, а [Расціслава] Глебавіча прывялі да сябе [у Полацак]. І прыслалі палачане [сваіх паслоў] да Святаслава Ольгавіча13 [князя чарнігаўскага], выказваючы сваю дружалюбнасць, і абяцалі слухацца яго, як бацьку, і на гэтым цалавалі яму крыж.

У год 6667 (1158)... У той жа год пайшоў Рагвалод Барысавіч ад Святаслава Ольгавіча шукаць сабе воласці, узяўшы [на падмогу] полк Святаславаў, бо не літасцівыя былі браты яго: [яны] адабралі ў яго воласць і ўвесь набытак. Прыйшоўшы ў Слуцак, ён паслаў [сваіх пасланцоў] да дручан. Дручане ж былі рады яму і, прыязджаючы да яго, вабілі да сябе [у Друцак], гаворачы: «Прыязджай, княжа, не марудзь, [вельмі] рады мы табе: нават калі нам з дзецьмі [сваімі давядзецца] біцца за цябе, з радасцю будзем біцца». І выехалі насустрач яму больш як 300 дручан і палачан, і ўвайшоў [Рагвалод] у горад [Друцак] з вялікай пашанаю, і рады былі яму людзі. Глеба ж Расціславіча выгналі і двор яго разрабавалі і дружыну яго, і прыйшоў Глеб да [свайго] бацькі ў Полацак.

Вялікі мяцеж быў [тады] у горадзе сярод палачан, бо многія хацелі Рагвалода. Ледзьве супакоіў людзей Расціслаў, адарыў многіх падарункамі, прыводзіў іх да крыжа [цалаваць], а сам пайшоў з Усеваладам і Валадаром14 і з усімі братамі на Рагвалода к Друцку. Рагвалод жа закрыўся ў горадзе. І моцна біліся, і шмат з абодвух бакоў палегла. Дручане ж дакаралі [братоў]. І ўчыніў мір Расціслаў з Рагвалодам, і цалавалі яны крыж адзін аднаму, і аддалі воласці Рагвалоду. І вярнуўся Расціслаў з братамі дамоў.

У тое ж лета ўчынілі змову палачане супраць свайго князя Расціслава Глебавіча і пераступілі крыжацалаванне, бо яны [раней] цалавалі яму крыж, [гаворачы], што «ты наш князь і дай нам Бог з табою пажыць, ніякай здрады не ўчыніць аж да крыжацалавання». І так адступілі [ад прысягі на крыжы], як я казаў, і паслалі патаемна да Рагвалода Барысавіча ў Друцак, гаворачы яму: «Княжа наш, саграшылі мы перад Богам і перад табою, што выступілі супраць цябе без прычыны, набытак твой увесь і тваёй дружыны разрабавалі, а цябе самога, схапіўшы, выдалі Глебавічам на вялікія пакуты. Калі ж ты не прыпомніш нам усё тое, што мы, неразумныя, табе ўчынілі, і крыж нам пацалуеш, то мы людзі твае, а ты наш князь. Расціслава ж, схапіўшы, аддамо табе ў рукі, і што ты хочаш, тое і зробіш з ім». І Рагвалод прысягнуў [палачанам] на крыжы, што ён не прыпомніць ім усё тое [дрэннае, што яны яму ўчынілі], і адпусціў іх назад.

Сярод палачан былі прыхільнікі Расціслава, [яны паведамілі яму], што яго хочуць схапіць. І пачалі [палачане] лісліва клікаць Расціслава на братчыну да старой [царквы] святой Багародзіцы на Пятроў дзень, каб там схапіць яго. Ён жа паехаў да іх, схаваўшы зброю пад адзенне, і не пасмелі [змоўшчыкі] напасці на яго. Назаўтра пачалі яго [зноў] вабіць да сябе, гаворачы: «Княжа, прыедзь да нас, ёсць у нас да цябе [важная] справа, прыедзь жа да нас у горад» (быў тады князь у Бельчыцах)15. І сказаў Расціслаў пасланцам іх: «Я ж учора ў вас быў, чаму [нічога] не гаварылі мне, што ў вас была да мяне справа?» І, нічога не падазраючы, паехаў [Расціслаў] у горад. І тут памчаў з горада яму насустрач слуга: «Не едзь, княжа, веча [сабралася] супраць цябе ў горадзе і дружыну тваю збіваюць, а цябе [самога] хочуць схапіць». І тады вярнуўся [Расціслаў] назад у Бельчыцы, сабраў усю сваю дружыну і адтуль пайшоў да брата [свайго] Валадара ў Менск. І шмат шкоды ўчыніў [ён] Полацкай воласці, ваюючы, [забіраючы] жывёлу і чэлядзь. І паслалі палачане па Рагвалода ў Друцак. І ўвайшоў Рагвалод у Полацак месяца ліпеня [8-га дня] і сеў на княскім стале дзеда свайго [Усяслава] і бацькі свайго [Барыса] з вялікай пашанаю, і так былі рады палачане.

Пасля Рагвалод сабраў шмат вояў-палачан, і Расціслаў Мсціславіч [князь смаленскі] прыслаў яму двух сыноў на дапамогу, Рамана і Рурыка, і смалян, ноўгарадцаў і пскавічан, ды і сам [Расціслаў] пайшоў бы, але [яго] вярнуў [назад] Аркадзь, епіскап ноўгарадскі, ідучы з Кіева. І пайшлі [усе] на Расціслава [Глебавіча] к Менску. Спачатку пайшлі да [горада] Ізяслаўля на Ўсевалада. Усевалад жа зачыніўся ў Ізяслаўлі, і аблажылі горад. Усевалад вельмі любіў Рагвалода і, на тую любоў спадзеючыся, выехаў яму пакланіцца. Рагвалод жа аддаў [горад] Ізяслаўль Брачыславу, а Ўсеваладу даў Стрэжаў. І адтуль пайшоў [Рагвалод] на Менск, і стаяў каля горада 10 дзён і ўчыніў мір з Расціславам, і крыж цалавалі. Валадар жа не цалаваў крыж, бо [ён] хадзіў [тады] па лясах каля Літвы.

У год 6667 (1159)... У той жа год Глебавічы Валодшу16 і Брачыслава паланілі ў Ізяслаўлі і пасадзілі Валодшу ў цямніцу, а Брачыслава закавалі.

У год 6668 (1159)... У той жа год хадзіў Рагвалод з палачанамі на Расціслава Глебавіча к Менску. Паслаў Рагвалоду Расціслаў [Мсціславіч] з Кіева падмогу - 600 торкаў [на чале] з Жыраславам Нажыравічам, але яны, знясіленыя голадам, вярнуліся пехатою назад, не дачакаўшыся міру. Рагвалод жа прастаяў каля горада 6 тыдняў і ўчыніў мір з Расціславам па сваёй волі, вызваліў Валодшу з цямніцы, а Брачыслава з аковаў, і цалавалі [яны] крыж адзін аднаму.

У год 6669 (1160)... У той жа год хадзіў Рагвалод к Менску на Расціслава Глебавіча і ўчыніў з ім мір і вярнуўся дамоў.

У год 6670 (1161)... У той жа год прыходзіў Рагвалод з палачанамі на Валадара к Гарадку17. Валадар жа не ўступіў з ім у бой днём, а ноччу [раптоўна] напаў на яго з горада разам з літоўцамі. І шмат бяды ўчынілася ў тую ноч: адных [палачан] забілі, а большасць рукамі палавілі. Рагвалод жа ўцёк у Слуцак і, прабыўшы там 3 дні, пайшоў у Друцак, а ў Полацак не пасмеў вярнуцца, бо вельмі шмат загінула палачан. Палачане ж пасадзілі ў Полацку [Усяслава] Васількавіча.

У год 6675 (1166)... У той жа год хадзіў Валадар Глебавіч к Полацку ваяваць. Васількавіч жа Ўсяслаў пайшоў супраць яго з палачанамі. Валадар жа, уведаўшы, што ідуць супраць яго, не даў ім злучыцца і ўдарыў знянацку і шмат іх пабіў, а іншых рукамі палавіў. Усяслаў жа ўцёк у Віцебск. Валадар жа ўвайшоў у Полацак, цалаваў крыж з палачанамі і пайшоў к Віцебску на Давыда [Расціславіча] і на Ўсяслава. Прыйшоўшы, [ён] спыніўся каля ракі, і пачалі біцца праз раку. Давыд жа не ўступіў з ім у бойку, бо чакаў брата свайго Рамана са смалянамі. І тут дзіва здарылася апоўначы: моцны гул пачуўся, быццам бы воіны пераходзяць раку. І страх напаў на вояў Валадаравых, і сказала яму [яго] дружына: «Што стаіш, княжа, не ідзеш прэч; вось тут Раман пераходзіць раку, а там Давыд». І пабег Валадар з-пад Віцебска. Назаўтра Давыд, убачыўшы, што Валадар уцёк, пусціў за ім пагоню, і не дагналі іх, але па лесе шмат палавілі; Усяслава ж паслаў у Полацак.

У год 6688 (1181)... Змовіліся Яраслаў з Ігарам18 і пайшлі к Друцку, узяўшы з сабою полаўцаў, а Ўсевалада, брата Ігаравага, і Алега Святаславіча пакінулі ў Чарнігаве. На стрэчыны [8-га лютага] прыйшлі і полацкія князі, каб памагчы Святаславу19: Брачыслаў Васількавіч з Віцебска, яго брат Усяслаў з палачанамі, з імі ж былі лівы і літоўцы, Усяслаў Мікуліч з Лагожска, Андрэй Валодшыч і яго пляменнік Ізяслаў і Васілька Брачыславіч. Калі ўсе сабраліся, пайшлі міма Друцка насустрач Святаславу. Давыд жа, князь смаленскі, з усім сваім войскам увайшоў у Друцак і злучыўся з Глебам Рагвалодавічам. І хацеў Давыд Яраславу і Ігару даць бой да [прыходу] Святаслава. Яраслаў жа з Ігарам не рашыліся пачаць бітву з Давыдам без Святаслава. Выбраліся яны на сухія мясціны і стаялі тыдзень абапал Друці насупраць адзін аднаго. Ад Давыдавага войска прыязджалі стральцы, і моцна з імі біліся [нашы]. Затым прыехаў Святаслаў з ноўгарадцамі, і рады былі яму яго браты. Перагацілі Друць, збіраючыся ісці на Давыда, аднак ён зняўся ноччу і ўцёк у Смаленск. Святаслаў жа падступіў да Друцка і папаліў астрог; адтуль адпусціў дамоў ноўгарадцаў, сам жа пайшоў да Рагачова, а з Рагачова паехаў па Дняпры да Кіева.

У год 6694 (1186)... У той жа год зімою пайшоў на Полацак Давыд Расціславіч са Смаленска, а сын яго Мсціслаў з Ноўгарада, з Лагожска Васілька Валадаравіч, з Друцка Ўсяслаў. Уведаўшы пра гэта, параіліся палачане і сказалі: «Не можам мы выступіць супраць ноўгарадцаў і смалян, бо калі пусцім іх у сваю зямлю і нават мір заключым з імі, то яны ўсё роўна шмат бяды нам наробяць, спустошаць нашу зямлю, ідучы на нас, пойдзем лепш да іх на сумежжа». І, сабраўшыся, пайшлі да іх, і сустрэлі іх на паграніччы з паклонам і з пашанаю і паднеслі шматлікія падарункі, і так усё ўладзілася. І разышліся кожны ў свой бок.

Крыніца:
Беларускія летапісы і кронікі.


Менск, МФ «Беларускі кнігазбор», 1997.
ISBN 985-6318-15-7

Беларускі Кнігазбор


http://www.bk.knihi.com


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка