Стан шляхоў зносін беларускіх губерняў напярэдадні ваеннай кампаніі 1812 Г




Дата канвертавання21.03.2016
Памер40.77 Kb.

powerpluswatermarkobject228440


СТАН ШЛЯХОЎ ЗНОСІН БЕЛАРУСКІХ ГУБЕРНЯЎ НАПЯРЭДАДНІ ВАЕННАЙ КАМПАНІІ 1812 Г.

А.У. Канойка

БДПУ, Мінск
Адразу пасля далучэння тэрыторыі Беларусі да Расійскай імперыі ў канцы XVIII ст. актывізуецца будаўніцтва і рэканструкцыя сухапутных і водных шляхоў зносін. Асабліва вялікае значэнне царскі ўрад надаваў будаўніцтву тых шляхоў зносін, якія адыгрывалі важнае ваеннае значэнне. Так, мінскі губернатар адзначаў у сваім данясенні ад 1802 г. паводле давяршэння будаўніцтва Агінскага канала, які быў распачаты яшчэ пры існаванні Рэчы Паспалітай у 1770 г.: «...Згодна з найвялікшай яго імператарскай вялікасці волі дэпартаменту прадвызначана закончыць дадзены (Агінскі) канал, а таксама і чыстку ракі Шчары і Ясельды абавязкова ў гэтым (1803) г., дабы ў наступным адкрыць па гэтым водам сапраўднае суднаходства, якое найбольш патрэбна для праходжання правіянтскіх суднаў з малой Расіі ў Літоўскую губерню з прадуктамі харчавання для размешчаных там ваенных акруг...» [1; с. 5]. Царскае ваеннае кіраўніцтва добра разумела стратэгічнае становішча заходніх губерняў, але, тым не менш, ваенны патэнцыял не быў выкарыстаны ў тым аб'ёме, які б дазволіў стварыць фарпост на заходніх рубяжах Расійскай імперыі на пачатку XIX ст. У асноўным такое становішча спраў было абумоўлена слабым эканамічным развіццём Расіі, а таксама яшчэ больш адсталым становішчам далучаных беларускіх губерняў. Напрыклад, аб дэфіцыце сродкаў для транспартных патрэб у заходніх губернях гаворыць наступнае данясенне мінскага губернатара ад 16 верасня 1803 г.: «...на будаўніцтва агінскага канала было асігнавана ў 1802 г. 100000 руб., але казначэйствам было выдана ў лютым і сакавіку замест 20000 руб, па 10000 руб з-за недастатковай колькасці фінансавання будаўніцтва канала спынілась...» [1; с. 7].

Тым не менш, так як водныя шляхі зносін адыгрывалі найважнейшую ролю ў транспарціроўцы грузаў як ваеннага, так і грамадскага значэння будаўніцтва новых і рэканструкцыя старых каналаў не спынілася, а яшчэ больш актывізавалась. Аб гэтым сведчыць пачатак будаўніцтва ў канцы XVIII ст. па загаду Паўла I (1797 г) Сергучоўскага (Бярэзінскага) канала, што дазволіла злучыць басейны рэк Дняпра і Заходняй Дзіны. Першая частка канала атрымала назву ад ракі Сергучы. Ён быў выкапаны ў 1804 г., а суднаходства адкрыта ў 1805 г. Ён меў 12 шлюзаў і пачынаўся ў 82 вёрстах ад г. Барысава на захадзе Барысаўскага павета [3; с. 230]. Аб тым, што гэты канал таксама першапачаткова быў арыентаваны на выкананне ваенных патрэб гавораць данясенні мінскага губернатара і земскіх упраў мінскай губерні. Ён павінен быў забяспечыць правіянтам расквартэраваныя войскі ў Віцебскай, Віленскай губернях, а таксама на паўночна-заходніх ускраінах Расійскай імперыі.

Царскае ваеннае кіраўніцтва дзеля састаўлення тапаграфічных карт для ваенных патрэб з канца XVIII ст. пачало праводзіць усебаковае геаграфічнае вывучэнне і апісанне беларускіх губерняў. Так вядома, што афіцэры Генеральнага штаба праводзілі перапіс ваенных дарог, водных шляхоў, уносілі рэкамендацыі па паляпшэнню стана водных і сухапутных шляхоў зносін, складалі тапаграфічныя карты. Аб гэтым сведчыць справа аб аказанні дапамогі майору Гавярдоўскаму ў апісанні ваенных дарог, дзе прыводзіцца наступнае: «...Майор Гавярдоўскі... для апісання вялікіх ваенных дарог прыбудзе ў Магілёўскую губерню, праз Барысаў, Мінск да Нясвіжа і потым да мяжы Гродзенскай губерні, а ад горада Мінска праз мястэчка Краснае і Лебедзева накіруецца да мяжы Віленскай губерні...» [2; с. 5-20]. Усе гэтыя захады дазволілі стварыць дасканалыя ваенна-тапаграфічныя карты заходніх губерняў напярэдадні ваеннай кампаніі 1812 г.

У гэты перыяд на тэрыторыі Беларусі разам з будаўніцтвам і рэканструкцыяй водных шляхоў зносін робіцца шмат захадаў па паляпшэнню сухапутных дарог і трактаў. Калі вадой дастаўлаліся правіянт і рэсурсы для ваенных патрэб, то дарогі сталі асноўным сродкам для манёўраў і перадыслакацыі царскай арміі. Адзначым, што асноўную частку ўзброеных сіл таго часу складалі конніца і пяхота, пагэтаму, зразумела, царскі ўрад асігнуе вялізныя сродкі для рэканструкцыі і будаўніцтва дарог і трактаў. Падцвярджэннем гэтаму можа служыць наступная інфармацыя, так польскі гісторык Т. Корзан адзначаў: «... хто ведаў беларускі край да далучэння яго да рускіх уладанняў, той бачыў там вузкія, забалочаныя, камяністыя, няроўныя дарогі, якія прадстаўлялі тысячы небяспек і нязручнасцей. Цяпер… ад горада да горада ідуць прамыя ў некалькі сажняў шырыні дарогі з мастамі, так што амаль нельга замачыць ногі, па баках у два рады пасаджаны дрэвы, усталяваны слупы для абазначэння вёрст.» [4; с. 45]. Так, да 1811 г. толькі ў Магілёўскай губерні было пабудавана крыху меньш за 1000 вёрст добраўпарадкаваных дарог і трактаў, а з 1805 г. пачалі прымяняцца агульныя дарожныя знакі — галоўным чынам верставыя слупы і ўказацелі накірункаў. [5; с. 132]. Усё гэта сведчыць аб паступовым, але недастатковым развіцці транспартных камунікацый для расійскай арміі напярэдадні ваеннай кампаніі 1812 г. Па гэтых паказчыках Расійская імперыя значна адставала ад краін Заходняй Еўропы. Таксама ваенныя дарогі выкарыстоўваліся і для грамадскіх патрэб, што выклікала іх псаванне, асабліва пад час вясенніх і восеньскіх распуццяў, што патрабавала пастаяннага рамонту, рэканструкцый і дадатковых грашовых сродкаў.



Такім чынам на падставе прыведзеных даных можна зрабіць вынік, што стан сухапутных і водных шляхоў зносін у заходніх губернях Расійскай імперыі напярэдадні ваеннай кампаніі 1812 г. не адпавядаў патрэбам ваеннага часу і характарызаваўся фрагментарнасцю і недавершанасцю транспартнай сістэмы. Дзяржава значна саступала, нягледзячы на станоўчыя захады царскага кіраўніцтва па паляпшэнню шляхоў, а таксама спадарожных камунікацый (мастоў, грэбляў, плацін і г.д.), па гэтаму паказчыку краінам Зах. Еўропы.
Крыніцы і літаратура:


  1. Дело об отправке лесоматериалов, необходимых для строительства Огинского канала. - Нацыянальны Гістарычны Архіў Беларусі г. Мінск (НГАБ). - Фонд 295. - Воп. 1. - Спр.37. - 10 с.

  2. Дело об оказании майору Гавердовскому содействия в проведении работ по описанию военных дорог. - Нацыянальны Гістарычны Архіў Беларусі г. Мінск (НГАБ). - Фонд 295. - Воп. 1. - Спр.86. - 25 с.

  3. Материалы для географии и статистики России, собранные офицерами генерального штаба / И. Зеленский. Ч.1: Зеленский, И. Минская губерния. – 672, [1] с.

  4. Мерзляк, В.И. Внутренняя торговля Белоруссии конца XVIII – первой трети XIX в. / В.И. Мерзляк. – Мн., 1991.- 62 с.

  5. Романовский, Н.Т. Развитие мануфактурной промышленности в Белоруссии / Н.Т. Романовский. – Мн., 1966. – 428 с.




База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка