Сымон Брага Доктар Скарына ў Маскве «асабліва цікавае дасьледваньне»




старонка3/4
Дата канвертавання17.03.2016
Памер0.52 Mb.
1   2   3   4

5

Дык на аснове вышэй разгледжанага сяньня стае ведамым напэўна, што ў сваёй нясупыннай жыцьцёвай актыўнасьці доктар Скарына ня толькі зьведаў землі цэнтральнае й заходняе Эўропы, але наважыўся падацца й на эўразійскі ўсход, у Маскоўшчыну. Гэты, цяпер пэўны факт у будучыні давядзецца браць на ўвагу ўсім біяграфам доктара Франьцішка Скарыны, бо маскоўскі эпізод Скарынавага жыцьцяпісу мае вялікую вагу й цікавасьць з колькіх розных гледзішчаў. Каб усьведаміць сабе ўсю ягоную культурна-гістарычную вымову, важна найперш разгледзіць тыя абставіны й прычыны, якія да публічнага аўтадафэ Скарынавых кнігаў у Маскве давялі дый і мусілі да яго давесьці.

Адну зь іх прывёў ужо Жыгімонт Аўгуст у сваёй інструкцыі, адзначаючы тое, што кнігі Бібліі былі спаленыя ў Маскве «дзеля таго, што належыў ён (выдавец) да Рымскае царквы, дый што (кнігі) выдадзеныя былі ў мясцох, што падлягаюць ейнае зьверхнасьці». Што да першае часткі гэтага цьверджаньня, - аб прыналежнасьці выдаўца да «Рымскае царквы», дык, - як перад тым ужо згадвалася, - каб дапушчэньне такое зрабіць, для маскоўскага князя й мітрапаліта дастатковую падставу давала само Скарынава каталіцкае імя «Франьцішак», якое красавала на пачатку й канцы кажнае надрукаванае ім кнігі. Зь цьверджаньнем другім, што кнігі былі выдадзеныя «ў мясцох... рымскае зьверхнасьці», даводзіцца таксама згадзіцца, бо й Прага, і Вільня ў межах гэтае зьверхнасьці тады былі, - Вільня й Вялікае Княства Літоўскае на той падставе, што гаспадар яго, вялікі князь, адначасны й кароль Польшчы, быў каталіцкага веравызнаньня й фармальна падпарадкаваўся рэлігійнаму аўтарытэту папы. Вось гэта давала падставу ўважаць Вільню за места ў межах «рымскае зьверхнасьці», хоць аграмадная бальшыня жыхароў Вялікага Княства Літоўскага, як праваслаўная, зьверхнасьці Рыму й не падлягала. Дый калі Жыгімонт Аўгуст адзначае рэлігійны рымска-каталіцкі мамэнт, зьвязаны з выдаўцом і месцамі друку кнігаў, як адзіную прычыну іхнага спаленьня ў Маскве, гэта ня значыць, што й запраўды была толькі прычына гэтая. Што Жыгімонт Аўгуст толькі аб гэтым піша, гэта зразумела, бо мэта ягонае інструкцыі - даць папу як мага больш пераконлівыя прыклады-довады таго, што Масква й маскоўскі князь да Рыму й каталіцтва запраўды нічога іншага, апрача ненавісьці, ня мае і хоча толькі ашукаць Рым, каб здабыць сабе каралеўскую карону. Усякія іншыя матывы спаленьня ў Маскве кнігаў Бібліі, калі яны й існавалі, для дыпляматычна-палітычных мэтаў інструкцыі Жыгімонта Аўгуста былі няістотнымі.

А тымчасам, калі навет Скарынавыя кнігі й запраўды ў Маскве спалілі за іхнае паходжаньне з-пад «рымскае зьверхнасьці», гэта не павінна закрываць важнага факту, што непажаданымі, і навет няпрыемлівымі, яны былі для маскоўскае князевае й маскоўскае царкоўнае ўлады й з колькіх іншых, дый вельмі істотных, гледзішчаў. Найперш, трэба зьвярнуць увагу на тое, што Скарынавыя кнігі былі выдадзеныя ня толькі на прасторы чужой Маскве рэлігійна-царкоўнай «зьверхнасьці», але й чужой дый варожай зьверхнасьці палітычна-дзяржаўнай. «Апостал» выйшаў у Вільні, сталічным месьце Вялікага Княства Літоўскага, зь якім Масква ад стагодзьдзяў была ў зацятым і палітычным, і ваенным змаганьні за гегемонію й уладу над праваслаўнымі прасторамі народаў усходняе Эўропы. За жыцьця якраз Франьцішка Скарыны між гэтымі дзяржавамі адбылася цэлая чарада цяжкіх, даўгіх, крывавых войнаў, войнаў, закончаных вялікаю, зьнішчальнаю апаразаю маскоўцаў пад Воршаю, але й адначаснаю стратаю на карысьць Масквы важнае цьвярдыні Вялікага Княства Літоўскага - Смаленску.

Да якое ступені ў Скарынавую пару нарасла сярод праваслаўных Літвы варожасьць да Маскоўшчыны й асабліва яе агрэсыўных дэспатычных князёў, можа сьветчыць той факт, што калі апякун праваслаў'я й праваслаўны сам, гэтман Вялікага Княства Літоўскага, князь Канстантын Астроскі, у 1514 г. у крывавым баі пад Воршаю ўшчэнт разьбіў восемдзесяцітысячную армію Масквы й з удзячнасьці за перамогу заснаваў і сваім коштам збудаваў Сьвятатраецкую царкву ў Вільні, дык у ёй загадаў ён выкаваць гэткі напіс: «В лето 1514 церковь сю созда Константин Осторожскій, гетман в. кн. Литовскаго, в память победы под Оршею над врагом і супостатом веры хрыстіянское, православное, князем Московским».

Дык ня дзіва, калі пры атмасфэры безагляднае палітычнае й мілітарнае рывалізацыі, у Маскве заўсёды зь недаверам глядзелі на ўсё, што прыходзіла з варожае й ненавіснае ёй Літвы. А тымчасам, згодна з тагачасным друкарскім звычаем, у канцавой прыпісцы да «Апостала» Скарына адзначыў, што кніга гэтая «Пры держаніи наласкавшего господара Жикгымонта Казімировича, Короля польского, И великого князя Литовскаго, И рускаго, И жомойтьскаго И иных, Во славном месте виленском выложена, и вытиснена, Працею и великою пилностию Доктора Франциска Скорины с полоцка»[38]. Вось, каб ува ўсім «Апостале» навет і не знайшлося нічога, да чаго-б можна было мець засьцярогі з артадаксыйна-царкоўнага маскоўскага гледзішча, дык самая гэтая Скарынава прыпіска пра «найласкаўшага Жыгімонта Казіміравіча, караля польскага й вялікага князя літоўскага і рускага...», для князя маскоўскага Васіля Іванавіча, які сябе тытулаваў вялікім князем «всея Руси» й кансэквэнтна пасягаў на ўсе «рускія землі», улучна зь землямі Вялікага Княства Літоўскага, пашырэньне гэткае кнігі ў сваёй дзяржаве з палітычных меркаваньняў было вельмі непажаданым.

Дый была й іншая прычына, якая чыніла Скарынавыя кнігі ў Маскве чужымі й малапрыймальнымі, - гэта іхняя мова. Задума Скарыны даць кнігі свайму народу - «людзям паспалітым» - моваю даступнаю, зразумелаю была прычынаю перакладу іх на тагачасную беларускую мову. Больш царкоўнаславяншчыны Скарына захоўваў у літургічных кнігах, куды менш у іншых кнігах Бібліі, дзе, як кажа Карскі, «аснова мовы народная беларуская»[39]. Калі гэткі пераклад беларускаму чытачу чыніў кнігі больш зразумелымі й даступнымі, дык для чытача маскоўскага практычна гэта ня шмат мяняла, бо была гэта толькі падмена аднае - царкоўнаславянскае - чужое мовы, моваю чужою іншаю.

Карамзін калісьці ў сваёй «Истории государства Российского» адзначыў, што Скарына «пісаў моваю свае пары й бацькаўшчыны» й што мова ягоная была навет больш падобнаю да «нынешнего русского наречия» за мову царкоўнаславянскую[40]. Дый усё-ж маскоўскаю, расейскаю мова гэтая ня была. А для царкоўна-кніжных колаў тагачаснае Маскоўшчыны, увыклай да пісьма толькі ў ваднэй - царкоўнаславянскай - мове, беларускі Скарынаў пераклад ня толькі нічога не аблягчаў, а быў хутчэй лішняю замінаю. Беларускасьць Скарынавых кнігаў у Маскоўшчыне ня толькі адчувалі, а часта іх там проста й называлі кнігамі «белорусцей». Гэтак, прыкладам, завуць іх стараверы браты Дзянісавы ў сваіх «Поморских ответах» 1723 году. У вадказе на 50-е пытаньне там пададзена: «Сице в древней белорусцей книзе Ісуса Сирахова, печатаны в Празе в лет 1517»[41].

Дык чужымі Скарынавыя кнігі былі для маскоўцаў ня толькі іх паходжаньнем з-пад «рымскае» дый літоўскае зьверхнасьці, але й з прычыны свае чужое маскоўцам беларускае моўнае вопраткі. Быў гэта важны факт яшчэ й таму, бо ішоў ён у разрэз з прынятаю ў Маскоўшчыне догмаю, што перакладаць царкоўныя кнігі на «простую», жывую народную мову наагул ня можна. Вынікам гэтага пагляду было тое, што расейскі пераклад Бібліі быў зроблены й надрукаваны толькі аж у ХІХ стагодзьдзі, больш 300 год посьля беларускага Скарынавага перакладу. Факт выданьня Скарынавых кнігаў не пацаркоўнаславянску, а ў беларускім перакладзе мог іграць важную ролю ў маскоўскім іх паленьні яшчэ й таму, што даваў ён маскоўскім кніжнікам вольнае поле для яшчэ аднаго закіду - закіду ў іх недакладнасьці, што тады было роўназначным гарэтычнасьці. Мы бачылі раней, як строга, саборам, маскоўскія царкоўнікі перасьледвалі дый двойчы судзілі й каралі Максіма Грэка за «еллінскія» дый «жыдоўскія ерасі» з прычыны зробленых памылак пры перакладэе рэлігійных кнігаў з грэцкае мовы. Скарынаў-жа пераклад, роблены не на мову царкоўнаславянскую, а на беларускую, быў перакладам даволі вольным наагул, паколькі галоўнаю мэтаю Скарыны было даць не як мага больш даслоўны пераклад, а як-найбольш прыступны й зразумелы «люду паспалітаму». У такім перакладзе можна было пазнаходзіць колькі хоць мясцоў, якія не згаджаліся з традыцыйным маскоўскім царкоўнаславянскім тэкстам, і гэта, пэўне-ж, было тады дастатковаю падставай для закіду ў іх гарэтычнасьці.

Кардынальна розным ад Скарыннавага было ў Маскве й само разуменьне значэньня й практычнага ўжытку новага друкарскага майстэрства. Скарына бачыў карысьці тэхнікі друкарства найперш у масавай прадукцыі кнігаў дый пашырэньня праз кнігі асьветы, веды й асноваў хрысьціянскае веры й маралі ў народзе. Дзякуючы друку, кнігі пераставалі быць роскашай, даступнаю толькі царкоўнікам дый невялікаму ліку людзей заможных. Дарогу ў народ друкаванай кнізе трэба было толькі шырэй расчыніць, выдаючы яе ў мове зразумелай, найлепш - у жывой мове самога народу. У сваёй выдавецкай дзейнасьці Скарына да гэтага й імкнуўся. У Маскве-ж тымчасам ніякіх азнакаў зразуменьня патрэбы пераходу ў кнігах ад царкоўнаславянскае мовы да мовы народнае тады ня было. А друкарства сярод маскоўскага грамадзтва даўжэйшы час уважалася наагул за рэч падазроную й непажаданую. Довад яскравы гэтага - зьнішчэньне друкарні Івана Хведаровіча дый Пётры Мсьціслаўца й ўцёкі самых друкароў у Літву. Калі грамадзтва маскоўскае яшчэ ня было гатовае прыняць друкарскае майстэрства й у другой палове ХVІ стагодзьдзя, тымбольш ня было сьпелым яно да гэтага ў шмат ранейшую Скарынавую пару. Дык і тое, што Скарынавыя кнігі былі ня рукапісныя, а друкаваныя, магло таксама прычыніцца да таго, што ў Маскве іх зьнішчылі.

Калі ў другой палове ХVІ стагодзьдзя царкоўная й дзяржаўная ўлады Маскоўшчыны патрэбу друку ў канцы прызналі, дык зрабілі гэта галоўна таму, што спадзяваліся праз друк прадукцыю кнігаў манапалізаваць, кантраляваць і гэтак дапілнаваць, каб у іх быў захаваны дакладны й непарушны традыцыйны маскоўскі царкоўнаславянскі тэкст. Было гэта намаганьне пры помачы друку раз назаўсёды адсеч магчымасьць якіх-колечы зьменаў і адхіленьняў, якія заўсёды здараліся ў кнігах рукапісных. Дык кіраўнічым верхавінам Маскоўскага гаспадарства найважнейшаю справаю было замацаваньне праз друк непарушнасьці тэкстаў кнігаў. Пра лепшае-ж іх разуменьне народам - пра што рупіўся найперш Скарына - у Маскоўшчыне ніхто ня дбаў. Выявілася гэта яскрава ў вадпаведных пастановах маскоўскага «Стоглавага» сабору 1551 году. Сьветчыць пра гэта й «Сказание известно о воображении книг печатного дела». Тамака пададзена, што друк у Маскве заводзіўся «крепкаго ради исправления и утверждения»[42]. Мэта, як бачым, наскрозь кансэрватыўная й зусім супроцьлеглая заданьням, якія сваім кнігам ставіў Скарына: «абы людзі паспалітыя... маглі лепей разумеці».

А.Кацпржак зьвярнула ўвагу на яшчэ дзьве істотныя прычыны, чаму маскоўскае кансэрватыўнае духавенства мусіла быць варожым справе пашырэньня Скарынавых кнігаў у Маскоўшчыне: зь меркаваньняў эканамічных і дзеля іх сваеасаблівага мастацкага афармленьня. Паводля яе Скарынавыя кнігі ў Маскоўшчыне мусілі выклікаць недавер таму, што былі яны «аздобленыя арнамэнтам, у якім часам сустракаліся фігуры мітычных істотаў, як, прыкладам, наядаў і сырэнаў. Такія аздабленьні ў маскоўскія царкоўныя кнігі, у якіх тарнаваўся блізу вылучна расьлінны й геамэтрычны арнамэнт, не дапушчаліся. Былі й прычыны характару матар'яльнага: маскоўскае духавенства, якое было манапольным дастаўляльнікам рукапісных царкоўнаслужэбных кнігаў і кнігаў наагул, не жадала ўвозу таннейшых друкаваных кнігаў»[43].

Што эканамічны канкурэнцыйны фактар мог мець сваё значаньне пры нішчэньні ў Маскве Скарынавых кнігаў - пярэчыць гэтаму няма падставаў. А што графічныя аздобы дый арнамэнты-заставіцы гэтых кнігаў не заўсёды падабаліся маскоўскім манахам, на гэта існуюць канкрэтныя довады. Як падае А.С.Зернова, у некаторых перахаваных у Маскоўшчыне экзэмплярах Скарынавых кнігаў непажаданыя часткі іхных арнамэнтаў выскрабаныя маскоўскімі чытачамі[44].

Дык было шмат прычынаў, дзеля якіх Скарынавыя кнігі маглі быць у Маскоўшчыне непажаданымі й шмат каму проста няпрыемлівымі. Маскоўскай царкоўнай і дзяржаўнай уладзе былі яны падазронымі й з прычыны паходжаньня іх з-пад «рымскае» дый «літоўскае» царкоўнае й дзяржаўнае зьверхнасьці, і дзеля зрыву ў іх з царкоўнаславяншчынай, і дзеля заходняэўрапейскіх элемэнтаў у іх графічных аздобах, і, у канцы, магчыма, дзеля таго, што мелі яны няпрывычнае, новае афармленьне, бо былі гэта ня кнігі рукапісныя, а друкаваныя. Прычынаў, як бачым, дастаткова для артадаксыйнае Масквы на тое, каб кнігі гэтыя прызнаць эа нягодныя, небясьпечныя дый іх зьнішчыць.



6

Дык повадаў на тое, каб Скарынавае падарожжа ў Маскву кончылася няўдачаю, хапала. Сам факт адбыцьця, наўсуперак ім, гэтага падарожжа паказвае, што доктар Скарына іх проста ня ўлічаў. Хоць і быў ён чалавекам шырака дазнаным дый бывалым у краёх сярэдняе й заходняе Эўропы, адылі мэнтальнасьці й духовае дый культурнае існасьці эўразійскае Маскоўшчыны ён яўна ня знаў. Накш із сваімі кнігамі да Масквы не падаваўся-б. Скарына, відавочна, не ўсьведамляў, што культурна-духовыя асяродзьдзі тагачаснае Вільні й Вялікага Княства Літоўскага дый Масквы й Маскоўшчыны розьніліся кардынальна. Складалася на гэта шмат прычынаў, але ў васнове ўсяго ляжаў ведамы факт, што ўжо ад пачаткаў свае гісторыі беларускі народ выяўляў выразную й нясупынную цягу да народаўладных дэмакратычных хвормаў грамадзкага й палітычнага ладу, а разамі да дэмакратычных прынцыпаў рэлігійнае, нацыянальнае дый палітычнае талеранцыі, з павагаю й пашанаю да накш верачых, накш гаворачых, накш думаючых. Прынцыпы гэтыя выявіліся выразна ўжо ў пару вечавога народаўладзтва крывіцкага Полацкага княства. Пасьлей яны атрымалі сваё выражэньне ў найбольш стройна ўва ўсей тагачаснай Эўропе распрацаванай сыстэме юрыдычных нормаў, гэтак званых «Літоўскіх статутах». Дэмакратычная ўважлівасьць і пашана да мясцовага ладу й народных традыцыяў адбілася й у прынцыпе князёў, гаспадароў Вялікага Княства Літоўскага, тарнаванага да новадалучаных земляў: «Старыны ня рухаем, навіны ня ўводзім»[45]. Вось гэтыя народаўладныя прыкметы й тэндэнцыі, выяўленыя яскрава ў ходзе гістарычнага разьвіцьця палітычна-грамадзкага ладу дый культурна-духовага жыцьця беларускага народу, стаялі ў поўнай супярэчнасьці з антынародным самадзяржаўем дэспатычнае князевае маскоўскае ўлады дый рэлігійнай і палітычнай нязносьлівасьцяй маскоўскага грамадзтва.

Важнаю асаблівасьцяй культурна-духовага жыцьця тагачаснага Вялікага Княства Літоўскага было й тое, што тамака было месца сутыку дый сужыцьця дзьвюх хвормаў хрысьціянскага веравызнаньня: бізантыйскага праваслаўя й рымскага каталіцтва. Толькі ў другой палове ХVІ стагодзьдзя, з паяваю ў Вялікім Княсьцьве перш рэфармацыі, а посьля вуніі, на тэрыторыю гаспадарства пераносяцца рэлігійныя змаганьні. Але яшчэ на пачатку стагодзьдзя, у Скарынавыя часы, на землях Вялікага Княства Літоўскага ў рэлігійнай галіне, як правіла, панавалі супакой і суладнасьць. Пра гэта сьветчыць нам хоць-бы гэткі зыркі прыклад, што каталіцкія сьвятары ў Беларусі тады ня толькі маглі быць і бывалі сябрамі праваслаўных брацтваў, але, у выпадку непаладкаў там зь іншымі «братамі», падлягалі навет і брацкаму суду. Гавора пра гэта ніжэй прыведзены артыкул статуту брацтва віленскіх купцоў «грэцкага закону» ХVІ стагодзьдзя:

«...которые бы люди духовные якогож кольвек стану, Римской веры и Греческой, будучи вписаные в тое их братство... и придало бы се ему с ким в том их братстве ростырку або зваду почати: тогды о тых делех таковые духовные люди, ако Римской веры до князя бискупа, так и Греческой до митрополита и до врядников их... не мають ся от судов их отзывати, а ни жадной помочи з урядов своих на то собе брати: одно, в том братстве кождому права достояти и розсудку их братского послушными быти»[46].

Як відаць з тых-жа брацкіх статутаў, - падчырквае гэта й Уладзіміраў, - у праваслаўных брацкіх бяседах і банкетах прыймалі тады, як правіла, удзел ня толькі каталікі, але й каталіцкія сьвятары[47], - зьява, бадай, зусім немагчымая ў той самай Вільні пазьней, у стагодзьдзі ХVІІ. Даволі згоднае сужыцьцё між праваслаўнымі й каталікамі ў тую пару ў Беларусі адзначае й ведамы расейскі акадэмік А.І.Сабалеўскі: «Летапісы да канца ХV стагодзьдзя блізу не гавораць пра націск каталіцтва на праваслаў'е і трактуюць літоўскіх князёў каталікоў (Вітаўта й Казіміра) зь любовяй»[48]. Тое самае пацьвярджае й ведамы аўтарытэтны гісторык праваслаўнае царквы Мітрапаліт Макар[49]. Тое-ж кажа й гісторык У.Пічэта аб роднай Скарыне Полаччыне: «У Полацкай зямлі канца ХV й пачатку ХVІ сталецьця ня было ніякага рэлігійнага антаганізму»[50].

Да тагачасных паглядаў у культурна-рэлігійнай галіне мела дачыненьне й тое, што Вільня, як і ўсё Вялікае Княства Літоўскае, было пад моцным цывілізацыйна-культурным уплывам Захаду. А духовая атмасфэра Эўропы ў Скарынавую пару была насычаная лібэральнымі ідэямі гуманізму й адраджэньня. Даходзіла ўжо ў межы Вялікага Княства Літоўскага й жывое рэха шпарка нарастаючага рэфармацыйнага руху. Тагачасная-ж Масква стаяла пастаронь усіх гэтых эўрапейскіх ідэйных і культурных працэсаў дый настойвалася далей у сваіх традыцыях рэлігійнага дагматызму й нязносьлівасьці.

Калі значаньне ідэяў Захаду для культурна-духовага жыцьця Беларусі гэнае пары важка адзначыць, дык усё-ж ня можна іх і перацэньваць. Пра гэта найлепш сьветчыць тое, што дваццаць шэсьць год перад пачаткам Скарынавае выдавецкае дзейнасьці, у 1491 годзе, праваслаўныя літургічныя кнігі былі зьнішчаныя й у сталіцы заходняга суседа Беларусі, Польшчы, пайменна кнігі, выдадзеныя Немцам Швайпольтам Фіёлем у Кракаве, Польшча-ж і дзеля свайго каталіцкага веравызнаньня, і проста ў выніку свайго больш заходняга геаграфічнага палажэньня была эаўсёды пад куды мацнейшымі ўплывамі Захаду за землі Вялікага Княства Літоўскага. Гэта паказвае, што адцемленыя вышэй рысы палітычнае й рэлігійнае талеранцыі тагачаснай Беларусі ў сваёй аснове былі ня нейкага вонкавага, заходняэўрапейскага паходжаньня, а вырасьлі із свае радзімае глебы й традыцыяў, яны вынік найперш мясцовых культурна-палітычных працэсаў і абставінаў.

Беларускае мяшчанства - грамадзкі слой, зь якога выйшаў Скарына, - у тую пару было асабліва верным носьбітам, перахавальнікам і, у патрэбе, гарачым абароньнікам сваіх праваслаўных правоў і традыцыяў. У дзяржаве, у якой вялікі князь і ў вялікай часьці кіруючая верхавіна былі іншага, каталіцкага веравызнаньня, беларускаму мяшчанству, як і ўсім праваслаўным Вялікага Княства Літоўскага наагул, залежыла асабліва на рэлігійнай талеранцыі, бо гэта гарантавала найперш іхную рэлігійную свабоду. Вось дзеля гэтага ў сьветаглядзе Скарыны, які сам вырас зь беларускага меставога асяродзьдзя, ідэі рэлігійнае талеранцыі адбіліся асабліва яскрава й пасьлядоўна. Вырослы з маленства ў атмасфэры пашаны да людзей іншае веры й думкі, доктар Франьцішак Скарына відавочна проста няўсьведамляў сабе, што зусім накшыя пагляды й настроі ў Маскоўшчыне, у якой старая, перанесеная зь Бізантыі, багаслоўская варажнеча з Рымам хутка перарасла ў страх усяго, што ішло ня толькі з лацінскага Захаду, але навет і сумежнае дый у істоце такое самае праваслаўнае, як і яна, Літвы.

Скрайняя нязносьлівасьць да ўсялякае іншае формы веравызнаваньня, як і да ўсякае іншае думкі наагул, была здаўна характэрнаю прыкметаю маскоўскае грамадзкасьці, і ў пару якраз доктара Скарыны выяўлялася яна ў сьмешных навет драбніцах. Яскравы прыклад гэтага прыводзіць гісторык расейскае літаратуры Архангельскі, які падае, што тады ў Маскве «няхрышчаным Немцам» не дазвалялі навет і ўваходзіць у праваслаўную царкву. Калі-ж яны часам нейк туды траплялі, іх адразу выводзілі дый падмяталі за імі падлогу[51]. Падобны факт падае яшчэ ў ХVІ стагодзьдзі й за яго войстра Маскоўцаў асуджае й ведамы беларускі рэфармацыйны дзеяч - арыянін Сымон Будны. Абураўся ён, што «Маскоўцы навет і тое месца, дзе «лаціньянін» сядзеў, сьціраюць ці змываюць, каб не запэцкацца»[52]. Маскоўшчыну тае пары гісторык расейскае літаратуры П.Н.Мілюкоў характарызуе словамі, што «ні ідэя крытыкі, ні ідэя талеранцыі, ні ідэя нутранога духовага хрысьціянства ня былі па плячы тагачаснаму расейскаму грамадзтву; для аграмаднае бальшыні ідэі гэтыя былі проста незразумелыя»[53]. Мы ведаем, што «незразумелымі» дый нейк «не па плячы» ўсе гэтыя ідэі й Маскве сяньняшняй.

Паводля таго самага А.С.Архангельскага, побач зь нязвычайнаю варажынёй да ўсяго чужога ў Маскоўшчыне ўсё глыбей замацоўваўся пагляд, што маскоўская - «руская» - царкоўная старына бяззаганная й беспахібная і што «ні ў водным слове, ні ў водным сказе ні адняць, ні дадаць нічагуткі нельга». У вадваротнасьць гэтаму, на блізкіх суседніх землях тагачаснае Скарынавае Літвы-Беларусі, паводля Архангельскага, «ня было тае сьляпое веры ў аўтарытэт «пісаньняў», «кнігі», якая... піхала... маскоўскіх кніжнікаў «умирать за единую букву аз»[54].

Нязвычайная падозрылівасьць, якая шукала «хулу» дый «ерась» у кажнай драбніцы, у Маскоўшчыне была накіраваная ня толькі супроць таго, што ішло з «лацінскага» Захаду, але, як мы бачылі, таксама й супроць праваслаўнага-ж «елінца» Максіма Грэка дый сваіх-жа суродзічаў. Такі-ж прынцыповы недавер быў тамака й да праваслаўных суседняе Літвы. Факт гэты пазьней дачакаўся навет і свайго сфармуляваньня на пісьме ў «Прывілеі» маскоўскае багаслоўскае акадэміі братоў Ліхудаў другой паловы ХVІІ стагодзьдзя, у якім, між іншым, кажацца:

«А иже имуть в наше царствие из Литовские страны... ученые люди... прыезжать, и о себе говорити яко они благочестивые и от благочестивых родителей рожденные и воспитанные в православной восточной вере... словесам их не верити, - аще бы кто них и писанием правду веры нашое восточное удостоверял... А за хуленне православно-восточное веры... без всякого милосердия да сожжется... И... книги еретические сожигати...»[55].

Хоць правіла гэтае, як паступаць з праваслаўнымі «вучонымі людзьмі» зь Літвы й з «гарэтычнымі» кнігамі, і паходзіць з ХVІІІ стагодзьдзя, але практычна тарнавалася яно ў Маскоўшчыне ўжо й на пачатку стагодзьдзя ХVІ. Адзін з вымоўных прыкладаў гэтага - факт спаленьня ў Маскве Скарынавых праваслаўных кнігаў.

Вось ад падобнае забабоннае нязносьлівасьці й рэлігійнага фанатызму маскоўскага грамадзтва далёкаю была тагачасная Вільня, зь якое да Масквы Скарына ехаў, і асабліва сам доктар Скарына, уся культурная дзейнасьць якога азначаецца абсалютнаю рэлігійнаю талерантнасьцяй. У Скарынавых выданьнях, побач шчырае веры й глыбокае прывязанасьці да традыцыйных хвормаў беларускага праваслаўя, нідзе ня знойдзем і сьледу ані рэлігійнага фанатызму, ані нейкае варажнечы да якое-колечы іншае, не праваслаўнае веры. Ня дзіва тады, што із сваім, вольным ад рэлігійнае абмежанасьці й фанатызму сьветаглядам, у якім адбіліся й радзімыя беларускія дэмакратычныя традыцыі, і эўрапейскія ідэі эпохі Адраджэньня, Скарына ніяк не ўкладаўся ў рамкі артадаксыйнага дагматызму тагачаснага маскоўскага грамадзтва й жорсткага дэспатызму маскоўскага самадзяржаўя. Сутык між гэтымі, кардынальна адрознымі, сьветаглядамі мусіў кончыцца нямінучым канфліктам, аб чым у Маскве доктару Скарыне давялося й пераканацца.

Вось на факт прынцыповае адрозьнасьці культурна-духовых асноваў і традыцыяў Літвы-Беларусі, з аднаго боку, дый Маскоўшчыны-Расеі пачатку ХVІ стагодзьдзя - з другога, і кідае нам сваё яскравае, драматычнае сьвятло тое вогнішча на плошчы Масквы, у полымі якога гарэлі кнігі найбольш выдатнае й зыркае духовае постаці тагачаснае Беларусі - доктара Франьцішка Скарыны з Полацка. Калі дакладнейшыя абставіны маскоўскае Скарынавае прыгоды нам сяньня яшчэ й няведамыя, дык рэч пэўная, што ўсе надзеі й спадзяваньні, зь якімі Скарына кіраваўся на ўсход, у Маскве былі зруйнаваныя дазваньня. Кнігі, каштоўны плод ягонае ахвярнае, руплівае працы «для пажытку й дабра люду паспалітага», загінулі ў вагні. Ён-жа сам варочаўся да Вільні із войстраю сьведамасьцяй поўнае няўдачы падарожжа й панесеных цяжкіх матар'яльных стратаў. Багацейшым затое стаў цяпер доктар Скарына важкім дазнаньнем, што Маскоўшчына - сьвет ня толькі моцна адрозны ад яго роднае Літвы-Беларусі й усяе Эўропы, але й сьвет, месца ў якім ягоным кнігам, ідэям, сьветагляду і яму самому няма.

Сакавік 1962 году

КРЫНІЦЫ І ЛІТАРАТУРА

Аўтар пачуваецца да абавязку выказаць гэтта сваю глыбокую ўдзячнасьць за дапамогу ў расшуканьні патрэбных для гэтае працы матар'ялаў у бібліятэках Эўропы сп.ЯНКУ САДОЎСКАМУ, а ў бібліятэках Амэрыкі д-ру ВІТАЎТУ КІПЕЛЮ.

1   2   3   4


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка