Шаноўныя сябры-студэнты!
Сардэчна запрашаем паўдзельнічаць у віктарыне, прысвечанай роднай alma mater, ВНУ, у якой Вы вучыцеся, дзе раскрываецца гісторыя і сучаснасць першага на Беларусі класічнага універсітэта, заснавальніка вышэйшай адукацыі ў нашай суверэннай краіне.
Віктарына называецца “Папараць-кветка зацвітае для цябе ў БДУ”. Назва гэтая невыпадковая.
На геральдычным знаку-эмблеме БДУ – залацістая галінка папараці на цёмна-сінім фоне. Яна сімвалізуе папараць-кветку, кветку шчасця, якую здаўна шукалі на Беларусі. Згодна з легендай, той, хто зможа адшукаць яе, будзе надзелены незвычайнай сілай розуму, адмысловымі творчымі здольнасцямі, зможа пранікнуць у найвялікшыя таямніцы прыроды і чалавечай душы. Менавіта ў БДУ пачынаецца Ваш шлях у наш заўтрашні дзень.
Дрэва засыхае без каранёў.
Ведаць свой край, яго гісторыю, разумець адметнасць свайго выбару ў вучобе і мець трывалую грамадзянскую пазіцыю – святы абавязак адукаванага маладога чалавека.
Упэўнены, што кожны з Вас прыкладзе ўсе намаганні, каб стаць карысным для сваёй любімай краіны, што толькі тут, на абшарах Беларусі, на родных беларускіх палетках ва ўсёй паўнаце і духоўнай сіле расквецяцца ўсе Вашы шматлікія таленты і Вы зможаце з вялікай аддачай вярнуць усё тое, што дала Вам наша родная беларуская зямля.
Удачы! Поспехаў і шчасця!
Рэктар Беларускага дзяржаўнага універсітэта
акадэмік С.У. Абламейка
В І К Т А Р Ы Н А
"Папараць-кветка зацвітае для цябе ў БДУ"
1. Каму належыць наступны зварот да студэнтаў БДУ: "Захоўвайце сувязь з універсітэтам і вашымі настаўнікамі, абкружайце наш храм сваёй вялікай любоўю ад усяго вашага маладога сэрца"?
а) першаму рэктару БДУ прафесару У.І. Пічэту;
б) народнаму паэту Беларусі Якубу Коласу (з выступлення ў БДУ са зваротам "Сябрам-студэнтам");
в) аўтару трохтомнай працы "Беларусы", прафесару БДУ Я.Ф. Карскаму;
г) рэктару БДУ, акадэміку АН БССР, Герою Сацыялістычнай Працы А.Н. Сеўчанку.
2. Адна з вучэбных аўдыторый механіка-матэматычнага факультэта носіць імя:
а) акадэміка АН БССР Ф.Д. Гахава;
б) Героя Сацыялістычнай працы акадэміка АН БССР М.П. Яругіна;
в) акадэміка АН БССР У.І. Крылова;
г) акадэміка АН БССР Д.А. Супруненкі;
д) акадэміка АН БССР У.П. Платонава.
3. Навая спецыяльнасць "механіка" адкрыта на матэматычным факультэце:
а) у 1975 г.;
б) у 1922 г.;
в) у 2009 г.;
г) у 1958 г.
4. У камандным чэмпіянаце свету па праграмаванні АСМ–IСРС каманда БДУ ў 2004 г. заваявала:
а) бронзавы медаль;
б) залаты медаль;
в) сярэбраны медаль;
г) стала прызёрам.
5. У Інстытуце тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірылы студэнты вывучаюць пяць замежных моў (адзначце кружочкам):
а) старажытнагрэчаскую;
б) царкоўнаславянскую;
в) старажытнаяўрэйскую;
г) дзве сучасныя замежныя;
д) англійскую;
е) кітайскую;
ё) арабскую.
6. Якія спаборніцтвы паміж студэнтамі Оксфарда і Кембрыджа з'яўляюцца традыцыйнымі?
а) арганізацыя рэгаты на Тэмзе;
б) велапрабегі паміж універсітэтамі;
в) лёгкаатлетычныя кросы;
г) "паляванне на ліс".
7. Адзначце чатыры асноўныя мадэлі універсітэтаў свету:
а) Гумбальдскі "даследчыцкі універсітэт";
б) Брытанская мадэль інтэрнатнага тыпу (Оксфард, Кембрыдж);
в) Французская мадэль вялікіх школ (Сарбона);
г) Амерыканская мадэль адкрытага навучання (Гарвард);
д) Італьянскія універсітэты класічнага напрамку (Балонья, Падуя, Рым);
е) Расійская вышэйшая школа змешанага тыпу (МДУ імя М.В. Ламаносава, універсітэты Санкт-Пецярбурга, Казані, Навасібірска).
8. Якія факультэты размяшчаюцца ў філіяле БДУ "Шчомысліца"?
а) біялагічны;
б) гуманітарны;
в) ваенны;
г) геаграфічны;
д) факультэт журналістыкі;
е) факультэт радыёфізікі і электронікі;
ё) фізічны факультэт.
9. Абвядзіце кружочкам асноўныя этапы падрыхтоўкі журналісцкіх кадраў на Беларусі:
а) Камуністычны інстытут журналістыкі (КІЖ);
б) аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ;
в) факультэт журналістыкі БДУ;
г) Інстытут журналістыкі БДУ.
10. Ваенны факультэт БДУ – гэта:
а) асобны факультэт БДУ;
б) кафедра ваеннай падрыхтоўкі;
в) філіял Ваеннай акадэміі РБ;
г) вучэбна-метадычны цэнтр.
11. Назавіце музеі БДУ:
а) музей гісторыі БДУ;
б) музей землязнаўства;
в) заалагічны музей;
г) музей правазнаўства;
д) археалагічны музей;
е) фальклорна-этнаграфічны музей;
ё) "музей згубленых рэчаў";
ж) музей рэдкай кнігі.
12. Назавіце студэнцкія клубы БДУ:
а) ансамбль эстраднага танца "Сёмае неба";
б) вакальная група "Весялята";
в) вакальная студыя БДУ;
г) студэнцкая філармонія;
д) студыя эстраднай песні;
е) клуб аўтарскай песні;
ё) КВЗ — клуб вясёлых і знаходлівых;
ж) клуб выдатнікаў вучобы;
з) клуб выпускнікоў БДУ.
13. Адзначце напрамкі профільнага навучання ў ліцэі БДУ:
а) гісторыя;
б) фізіка;
в) філалогія;
г) хімія;
д) біялогія;
е) матэматыка;
ё) міфалогія;
ж) грамадазнаўства.
14. Абвядзіце кружочкам Дзяржаўныя навукова-тэхнічныя праграмы, у якіх БДУ з'яўляецца галоўнай арганізацыяй-выканаўцам:
а) "Хімічныя тэхналогіі і вытворчасць" (падпраграма "Малатанажная хімія");
б) "Новыя лекавыя сродкі" (падпраграма "Лекавыя сродкі");
в) "Дызельнае біяпаліва";
г) “Лічбавы асцылограф В–423”;
д) “Вітамінізаваныя хлебабулачныя вырабы для прафілактыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў”.
15. Назавіце традыцыйныя фестывалі, конкурсы, святы, якія арганізуюцца ў БДУ:
а) міжнародны форум студэнцкіх харавых калектываў "Папараць-кветка";
б) фестываль-конкурс моды і фота "Мельница моды";
в) міжнародны студэнцкі тэатральны фестываль "Тэатральны куфар";
г) рок-фестываль "Такія пернікі";
д) конкурс "Міс БДУ";
е) конкурс эстраднай песні "Залатыя галасы";
ё) тэатралізаваная дзея "Віват, студэнт" да Дня ведаў 1 верасня (штогод);
ж) "Купалле";
з) "Беларускае вяселле";
і) "Масленіца" – "Праводзіны зімы".
16. Беларускі дзяржаўны універсітэт з'яўляецца адным з заснавальнікаў:
а) Еўразійскай асацыяцыі універсітэтаў;
б) Міжнароднай асацыяцыі ВНУ свету;
в) Сусветнага культурнага таварыства;
г) Еўрапейскага студэнцкага саюза.
17. Якую назву носіць у Галактыцы зорка ў гонар БДУ?
а) "Зорка БДУ";
б) "Універсітэцкая зорка";
в) "Студэнцкая зорка";
г) "Зорка шчасця";
д) "Папараць-кветка".
18. Якія навукова-адукацыйныя цэнтры адкрыты ў апошні час у БДУ:
а) "Цэнтр аэракасмічнай адукацыі";
б) "Цэнтр біяэкалогіі на Беларусі";
в) "Цэнтр бізнэс-адміністравання";
г) "Цэнтр кіравання інавацыйнымі працэсамі".
19. У якіх гістарычных падзеях удзельнічаў паэт Алесь Гурло, аўтар верша "Беларускаму універсітэту"?
а) штурм Зімняга палаца ў 1917 годзе;
б) Лютаўская рэвалюцыя 1917 года;
в) кранштацкі мяцеж;
г) вызваленне Мінска ад захопнікаў летам 1920 года.
20. Што з'яўлялася сімвалам медыцыны ў Сярэднія вякі?
а) ландыш душхмяны;
б) галава змяі над чарай;
в) чырвоны крыж на белым фоне;
г) зялёны лісцік.
21. Хто з вядомых вучоных свету атрымаў званне доктара медыцыны ў Падуі разам з Францыскам Скарынам?
а) Мікалай Капернік;
б) Галілео Галілей;
в) Ян Гус;
г) Джардана Бруна.
22. Каму прысвяціў Мікалай Капернік свой навуковы трактат "Аб руху нябесных сфер (свяціл)"?
а) свайму дзядзьку Лукашу Вачэнроду, епіскапу Вармійскай епархіі Польшчы;
б) Папу Рымскаму;
в) універсітэту ў г. Падуя;
г) вучоным-паплечнікам.
23. Якая колькасць супрацоўнікаў працуе ў вучэбна-навуковым комплексе БДУ?
а) 5 400;
б) 8 500;
в) 2 800;
г) 1 500.
24. Хто з вядомых беларускіх вучоных узначальваў Мінскую камісію па ўтварэнні БДУ?
а) прафесар Ф.Ф. Турук;
б) прафесар М.В. Доўнар-Запольскі;
в) прафесар Я.Ф. Карскі;
г) прафесар К.А. Ціміразеў.
25. Хто ўзначаліў Маскоўскую камісію па адкрыцці ў Мінску універсітэта?
а) прафесар В.П. Волгін;
б) прафесар А.Ф. Фартунатаў;
в) прафесар Д.М. Пранішнікаў;
г) прафесар У.І. Пічэта.
26. На базе якой установы БДУ была ўтворана ў 1929 годзе Акадэмія навук Беларусі?
а) бібліятэкі БДУ;
б) Інбелкульта (Інстытута беларускай культуры);
в) кафедры тэарэтычнай фізікі БДУ;
г) абсерваторыі БДУ.
27. У Дзень нараджэння БДУ 30 кастрычніка 1926 г. першаму рэктару БДУ У.І. Пічэту было прысвоена званне:
а) заслужанага прафесара;
б) заслужанага дзеяча навукі;
в) заслужанага грамадзяніна горада;
г) заслужанага дзеяча культуры.
28. У 1928 г. першы рэктар БДУ У.І. Пічэта быў абраны:
а) правамоцным членам Акадэміі навук БССР;
б) членам Цэнтральнага Выканаўчага камітэта БССР;
в) ганаровым грамадзянінам Мінска;
г) старшынёй археалагічнай камісіі пры Акадэміі навук БССР.
29. Хто з выдатных военачальнікаў працаваў у БДУ?
а) К.К. Ракасоўскі;
б) А.М. Васілеўскі;
в) Г.К. Жукаў;
г) І.С. Конеў.
30. Аднаўленне працы БДУ ў кастрычніку 1943 г. падчас Вялікай Айчыннай вайны адбылося:
а) на станцыі Сходня пад Масквой;
б) у Казані;
в) у Ташкенце;
г) у Навасібірску.
31. Вучоныя БДУ ўдзельнічалі ў распрацоўцы праграм, звязаных:
а) з забеспячэннем касмічнага палёту СССР–ЗША “Саюз” – “Апалон”;
б) з высадкай касманаўтаў на Месяц;
в) са стварэннем касмічнай станцыі "Усход";
г) з палётамі ў космас касманаўтаў-выхадцаў з Беларусі.
32. У БДУ створана ўласная радыёстанцыя:
а) "Юністар";
б) "Зорка БДУ";
в) "На студэнцкай хвалі";
г) "Студэнт life".
33. Хто з вучоных БДУ ажыццявіў некалькі навуковых адкрыццяў?
а) У.І. Пічэта;
б) А.Н. Сеўчанка;
в) У.А. Белы;
г) У.Р. Барышэўскі.
34. Адзначце навукова-даследчыя істытуты, якія працуюць у БДУ:
а) навукова-даследчая ўстанова “Інстытут прыкладных фізічных праблем імя А.Н. Сеўчанкі” (НДІ ПФП);
б) навукова-даследчая ўстанова "Інстытут ядзерных праблем" (НДІ ЯП);
в) дзяржаўная ўстанова "Навукова-даследчы інстытут фізіка-хімічных праблем" (НДІ ПФХП);
г) Нацыянальны навукова-даследчы інстытут прыкладных праблем матэматыкі і інфарматыкі;
д) Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы (РІВШ).
35. Як даўней людзі называлі ляльку?
а) раднуля;
б) жывуля;
в) ігруля;
г) дачуля.
36. Якія словы высечаны на помніку нашаму земляку, рэктару уніветсітэта ў Сант'яга Ігнату Дамейку ў Чылі?
а) "Няма прарокаў у сваёй Айчыне";
б) "Твая слава ў вучнях";
в) "Дзякуй за навуку";
г) "Grande aducator";
д) "Vivat universitas!";
е) "Vivat studiosus".
37. Што з'яўляецца, па словах Анарэ дэ Бальзака, "ключом" для ўсякага роду ведаў?
а) пытальнік;
б) клічнік;
в) слова;
г) шматкроп'е.
38. Які надпіс зроблены на латыні над уваходам у будынак рэктарата БДУ?
а) "Сардэчна запрашаем";
б) "Вітаем студэнтаў і выпускнікоў роднага універсітэта";
в) "Няхай будзе благаславёны кожны, хто ўваходзіць у гэтыя дзверы і хто выходзіць з гэтых дзвярэй";
г) "Сіла чалавека ў ведах і ўменні. Мы вучымся не для школы, а для жыцця".
39. Згодна з легендай, Оксфард заснаваны за сценамі манастыра, у якім схавалася ад каралеўскага жаніха саксонская прынцэса Фрыдэсвіда. У перакладзе "Оксфард" азначае:
а) брод для жывёлы;
б) сцяна кахання;
в) бераг ведаў;
г) мост сяброўства.
40. Якая вуліца ў Мінску ў 1922 г. у гонар адкрыцця БДУ была перайменавана ва Універсітэцкую?
а) Магазінная;
б) Кашарная;
в) Аляксандраўская;
г) Міхайлаўская.
41. У якім узросце паступіў вучыцца ў БДУ ў 1926 г. будучы народны пісьменнік Беларусі Кандрат Крапіва (Кандрат Кандратавіч Атраховіч)?
а) у 30-гадовым узросце;
б) у 15-гадовым узросце;
в) у 18-гадовым узросце;
г) у 40-гадовым узросце.
42. Хто з аспірантаў БДУ заваяваў першы медаль на Алімпійскіх гульнях?
а) Уладзімір Гараеў;
б) Сяргей Ліштван;
в) Аляксандр Мядзведзь;
г) Марыя Іткіна;
д) Камандор Маджыдаў.
43. Пад Статутам ААН пастаўлены поруч з іншымі і подпісы двух прафесараў найстарэйшай у Беларусі ВНУ. Назавіце прозвішчы прафесараў:
а) У.М. Перцаў;
б) Ф.М. Шмыгаў;
в) У.І. Пічэта;
г) Я.Ф. Карскі;
д) М.В. Доўнар-Запольскі;
е) У.М. Ігнатоўскі.
44. Як назвала А.М. Калантай – першая жанчына–пасол СССР – студэнтаў у аднайменным нарысе?
а) "студэнты калматыя і чырвоныя";
б) "студэнты дапытлівыя і гультаяватыя";
в) "студэнты актыўныя і безініцыятыўныя";
г) "студэнты па жаданні" і "студэнты па прымусе".
45. "Калматымі" ў Сярэднявеччы студэнтаў называлі:
а) у процівагу "белападкладачнікам";
б) за звычай хадзіць "з грывай";
в) на зло "распамажаным" багаценькім;
г) праз адсутнасць грошай на цырульню.
46. Які самы стары ў Новым свеце універсітэт стаў alma mater для 8 амерыканскіх прэзідэнтаў?
а) Гарвардскі;
б) Вашынгтонскі;
в) Чыкагскі;
г) Каліфарнійскі.
47. Назавіце два першыя сярэдневяковыя універсітэты, якія ўзніклі на тэрыторыі Еўропы:
а) Балонскі;
б) Парыжскі;
в) Рымскі;
г) Пражскі.
48. Працягніце радок студэнцкай песні позняга Сярэднявечча "От зори до зори, Чуть зажгут фонари, Всё студенты по улицам ____________"
а) "шляются";
б) "гуляют";
в) "шпацируют";
г) "прогуливаются";
д) "болтаются";
е) "чопорно в мантиях ходят".
49. З якога часу існуюць ва універсітэтах інстытуты рэктара, дэкана?
а) недзе з 1240 г.;
б) з ХХ ст.;
в) з’явіліся пасля 1921 г.;
г) з’явіліся пасля 1945 г..
50. Як утварыўся універсітэт у Падуі (1222 г.), у якім пазней вучыўся Францыск Скарына (адказаў можа быць некалькі):
а) сыходам студэнтаў з Балонскага універсітэта;
б) па вышэйшым загадзе імператара;
в) "насаджэннем" свецкай уладай;
г) дзякуючы мабільнасці універсітэта;
д) у выніку канкурэнцыі гарадоў.
51. Выніковая праца студэнтаў сярэдневяковага універсітэта насіла назву:
а) курсавая;
б) дыпломная;
г) магістарская;
д) "сумы".
52. Якая птушка жыве ў насценным гадзінніку?
а) верабей;
б) певень;
в) зязюля;
г) салавей.
53. Што сімвалізуе залацістая галінка на валошкавым фоне на афіцыйным геральдычным сімвале – эмблеме Беларускага дзяржаўнага універсітэта ў адпаведнасці з геральдычным рэестрам Рэспублікі Беларусь за № В–489 ад 19.04.2005 г.?
а) папараць-кветку;
б) гусінае пяро пушкінскай эпохі;
в) пальмавую галінку;
г) галінку бярозы;
д) лаўровую галінку.
54. Каму з маладых пісьменнікаў дапамог абраць жыццёвую дарогу, звязаную з універсітэтам, Якуб Колас?
а) Паўлюку Трусу;
б) Петрусю Броўку;
в) Міхасю Чароту;
г) Пятру Глебку.
55. Якая думка, на ваш погляд, закладзена ў выказванні паэта Я. Баратынскага, які сцвярджаў: "Талент – гэта даручэнне ад Бога"?
а) адказнасць перад народам;
б) адказнасць перад самім сабой;
в) уменне рэлізаваць свой талент;
г) жаданне не размяняць талент на дробязі;
д) магчымасць быць не падобным да іншых;
е) магчымасць ганарыцца;
ё) усведамленне таго, што табе дадзены вялікія задаткі, каб паслужыць свайму народу і краіне.
56. Міжнародная дзейнасць універсітэта. Падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве з:
а) 188 ВНУ і даследчыцкімі цэнтрамі свету;
б) 20 ВНУ свету;
в) 30 ВНУ свету;
г) 50 ВНУ свету;
57. У 1773 г. Ватыканам быў скасаваны ордэн езуітаў, неўзабаве на беларускіх землях утварылася Адукацыйная камісія, якая стала:
а) зародкам першай ВНУ на Беларусі;
б) асновай для стварэння НАН Беларусі;
в) правобразам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь;
г) падмуркам для ўтварэння Віленскага універсітэта.
58. Калі ўзніклі першыя студэнцкія будаўнічыя атрады (СБА) у БДУ:
а) 60-я гады;
б) 30-я гады;
в) 90-я гады;
г) пачатак 2000 г.
59. Назавіце калектывы мастацкай самадзейнасці БДУ, якія носяць званне "народны":
а) студэнцкая харавая капэла;
б) ансамбль танца "Крыжачок";
в) хор выкладчыкаў і супрацоўнікаў "Родніца";
г) фальклорны ансамбль "Тутэйшая шляхта";
д) фальклорна-этнаграфічны ансамбль "Неруш";
е) аркестр народных інструментаў;
ё) дзіцячы ўзорны ансамбль танца "Літарынка";
ж) студэнцкі музыкальна-драматычны тэатр "На філфаку";
з) студэнцкі тэатр "На балконе".
60. У якой мясцовасці размешчаны спартыўна-аздараўленчы комплекс "Брыганціна" БДУ:
а) на возеры Нарач;
б) у лясным масіве бліз пасёлка Радашковічы;
в) у Шчомысліцы;
г) на Мінскім моры.
61. Геніяльны Ф.М. Дастаеўскі, родавае гняздо якога знаходзілася на Беларусі, вызначаючы асноўную мэту і змест мастацтва слова, гаварыў: "Калі б закончылася зямля, і спыталіся там, дзе-небудзь, людзей: "Што вы, ці зразумелі ваша жыццё на зямлі і што вы аб ім заключылі?" – дык чалавек мог бы моўчкі падаць кнігу:
"Вось маё заключэнне аб жыцці, ці можаце вы за яго судзіць мяне?"
(адказ уключае 9 літар, запішыце назву кнігі)
62. "Понеже от прирождения звери, ходящие в пустыне, знают ямы своя, птицы, летающие по воздуху, ведают гнезды своя, рыбы, плавающие по морю и в реках, чуют виры своя; пчелы и тым подобные боронят ульев своих — тако же и люди, где зародилися и ускормлены суть по Бозе, к тому месту великую ласку имеют". Каму з асветнікаў Беларусі, чый помнік, поруч з іншымі, устаноўлены ў дворыку Універсітэцкага гарадка, належаць згаданыя словы?
а) Францыску Скарыну;
б) Міколу Гусоўскаму;
в) Еўфрасінні Полацкай;
г) Кірылу Тураўскаму;
д) Сымону Буднаму;
е) Васілю Цяпінскаму.
63. Каму з першых выпускнікоў выпаў гонар атрымаць дыплом № 1 аб заканчэнні БДУ?
а) Уладзіміру Каракульку;
б) Пятрусю Броўку;
в) Еўфрасінні Полацкай;
г) Кандрату Крапіве;
д) Аляксандру Сядзюшыну.
64. У 1927 годзе было канчаткова вырашана будаваць комплекс новых універсітэтскіх карпусоў у абсягу плошчы імя Леніна, які журналісты “ахрысцілі”
а) Універсітэцкі гарадок;
б) Студэнцкі пасёлак;
в) Студэнцкая вёска;
г) Універсітэцкі дворык;
д) Студэнцкі гарадок БДУ.
Віктарыну падрыхтаваў дацэнт БДУ,
член Саюза пісьменнікаў Беларусі
Уладзімір Аляксандравіч Навумовіч
Умовы віктарыны:
У віктарыне могуць браць удзел студэнты і аспіранты БДУ дзённай формы навучання.
Адказы неабходна прыносіць да 19 кастрычніка ў каб. 205 галоўнага корпуса БДУ (аддзел моладзевых праграм і праектаў УВРМ).
Падвядзенне вынікаў адбудзецца да Дня заснавання БДУ.
Грашовыя прэміі:
I месца – 350 000 рублёў;
II месца – 250 000 рублёў;
III месца – 150 000 рублёў;
Заахвочвальныя прэміі – 100 000 рублёў.
Кантактны тэлефон: 209-52-61.
Аддзел моладзевых праграм і праектаў УВРМ |